nashaziamlia.org

Асьветна-адукацыйны, грамадазнаўчы сайт для беларусаў: аналіз, прагноз, сілы, інтарэсы, сьветагляды, ідэі, ідэалогіі, праграмы, мэты.

Запісы

З.Пазьняк: “Калі зьнішчыць культуру, ня будзе ані дэмакратыі, ані правоў чалавека, ані незалежнасьці”

7 мая, 2009 | 2 каментарыя

d09fd0b0d0b7d18cd0bdd18fd0ba

Сваё інтэрвю з нагоды сустрэчы з прэм’ерам Чэхіі й “Усходнім партнэрствам” даў Зянон Пазьняк. Інтэрвю ён даваў карэспандэнту радыё “Свабода” В.Цыганкову падчас круглага слала (гл. http://www.svaboda.org/content/article/1622960.html). Інтуіцыя нам падказвае, што гэтае інтэрвю нам яшчэ прыдасца, таму мы вырашылі яго падаць і на нашым сайце.

Рэдакцыя.


Цыганкоў: Спадар Зянон, пасьля сустрэчы з чэскім прэм’ер-міністрам Мірэкам Тапаланкам вы заявілі нашаму Радыё: “Мы абмяркоўвалі праграму “Ўсходняе партнэрства” і па ўсіх пунктах знайшлі паразуменьне”. Ці не падалося вам сэнсацыйным такое паразуменьне, улічваючы ўсе абставіны апошніх тыдняў?

Пазьняк: Мне не падалося гэта сэнсацыйным. Мне дастаткова добра вядомая пазыцыя палітыкаў Чэхіі, Польшчы, увогуле краінаў былой савецкай зоны. Яны добра ведаюць, што такое Расея, што такое акупацыя, палітыка Масквы. Быў трошкі непакой, што ўзьнікнуць некаторыя пытаньні. І я вельмі ўсьцешаны, што чэскія палітыкі разумеюць праблемы нашай культуры. Культура зьнішчаецца ўжо 14 гадоў гэтым рэжымам, зачыняюцца школы, выдавецтвы, творчыя саюзы, зьнішчаецца мова. І гэта вельмі небясьпечны працэс, бо калі зьнішчыць нашу культуру, то ня будзе ані дэмакратыі, ані правоў чалавека, ані незалежнасьці. Наша культура – гэта найважнейшы чыньнік сувэрэнітэту і дэмакратыі. І чэскія палітыкі гэта разумеюць.

Цыганкоў: Як вы ацэніце апошнія зьмены ў палітыцы Эўразьвязу што да Аляксандра Лукашэнкі? Кіраўнік Беларусі быў запрошаны ў Рым, сустракаўся з прэм’ер-міністрам Італіі, Папам рымскім, эўрапейскія палітыкі сталі прыяжджаць у Менск? Як вы ацэньваеце гэтыя перамены, чым вы іх тлумачыце?

Пазьняк: Перамены ў стратэгіі адбыліся таму, што тая стратэгія, якая была ў 1990-х, пачатку 2000-х аказалася памылковай, не дала ніякіх вынікаў. Эўразьвяз тады рашыў зрабіць сваё лёбі ў Беларусі, сваю апазыцыю, зьнішчыць нацыянальна-дэмакратычную апазыцыю – а ў выніку аказаўся пшык [можна падумаць, што цяпер “Еўразьвяз” засаромеўся сваіх ранейшых паводзін і вырашыў назаўсёды адкінуць свае драпежніцка-паразітніцкія інстынкты… – Рэд.]. Калі пачаліся газавыя войны і канфлікт з Грузіяй, Эўразьвяз зразумеў, што ёсьць пэўная небясьпека на беларускім накірунку. Таму была прынята стратэгія на зьбліжэньне з Беларусьсю, не зважаючы на сытуацыю з правамі чалавека і рэжымам. Гэта вельмі небясьпечная палітыка. І разумеючы яе небясьпечнасьць, мы, людзі розных поглядаў, знайшлі паразуменьне, каб пазьбегнуць кепскага разьвіцьця падзеяў. Мы паставілі перад сабой задачу давесьці сваю аргумэнтацыю палітыкам Эўразьвязу, што нельга Лукашэнку запрашаць у Прагу. Фактычна гэта ўдалося зрабіць [паглядзім, колькі пратрымаецца гэтае дасягненьне. – Рэд.]. Гэта ня значыць, што гэта толькі мы зрабілі – але атрымалася тое, што мы хацелі. Тое, што Лукашэнка атрымаў магчымасьць наведаць Папу Рымскага — гэта быў прынцып дыпляматычнага разьмену. Гэта яму далі ясна зразумець, і ўсё было зроблена, каб ён атрымаў магчымасьць ехаць у Рым, але каб ужо не прысутнічаў у Празе. Гэта таксама было рызыкоўна, бо Лукашэнка такі чалавек, што не трымае сваіх словаў. Але на сёньня відавочна, што гэтая тактыка ўдалася. Гэта быў вельмі важны аспэкт для беларусаў – магчымая прысутнасьць Лукашэнкі ў Празе. Нашай моладдзю, неабыякавымі людзьмі гэта ўспрымалася б вельмі нэгатыўна, пэсімістычна, як здрада інтарэсаў Беларусі. Нават візыт у Рым паказаў, што многія вельмі балюча гэта ўспрынялі. А Лукашэнкам гэта было б успрынята як карт-блянш для яго палітыкі, ён пачаў бы лічыць, што можна працягваць рэпрэсіі. Ня ўсе гэта разумелі – задачай было гэта давесьці. Дзякуй Богу, гэта ўдалося.

Цыганкоў: Нядаўна Аляксандар Лукашэнка ўхвальна выказаўся пра Аляксандра Мілінкевіча, які не падпісаў той ліст. Спадар Пазьняк, вы часта і даволі рэзка крытыкуеце беларускую “статусную” апазыцыю. Як вы ацэніце тыя разыходжаньні, якія ёсьць у пяцёркі палітыкаў, якія зараз у Празе?

Пазьняк: Нягледзячы ні на што, я прыехаў у Прагу, і нават узяў на сябе шмат ініцыятывы з людзьмі, якія ёсьць маімі палітычнымі апанэнтамі. Бо ёсьць інтарэсы Беларусі, якія павінны аб’ядноўваць усіх. Калі б, напрыклад, здарылася вайна, мы павінны спыніць усе спрэчкі і бараніць Бацькаўшчыну. Мы сабраліся разам, людзі розных поглядаў, і я лічу, што гэта прайшло даволі пасьпяхова. Бо па асноўных пытаньнях – культура, ацэнка “Усходняга партнэрства”, ацэнка рэжыму, неабходнасьць падключаць грамадзянскую супольнасьць — дасягнута поўнае разуменьне. Ёсьць шэраг пытаньняў, якія вымагалі кампрамісу. Усе мы на яго ішлі і зрабілі агульную заяву. Ёсьць людзі, які больш схільныя ісьці на кампрамісы – іншым нешта перашкаджае. Ня варта гэта асуджаць. Факт ёсьць факт, што ў нейкіх аспэктаў не ўдалося ўзяць адзін подпіс. Гэта не бяда, гэта сытуацыя на сёньня, яна разьвіваецца. Я думаю, што ў будучыні будзе дасягнута больш паразуменьня. …Раней у многіх беларускіх палітыкаў адсутнічала разуменьне палітыкі Расеі. Маскву імкнуліся не крытыкаваць. Сама сытуацыя з Усходнім партнэрствам дала магчымасьць геапалітычнага мысьленьня ў палітыцы. І гэта вельмі важна, бо тут крыецца сэнс нашага выжываньня ў Эўропе. Таму працэс “Усходняга партнэрства” дае стымул ня толькі для разьвіцьця тых людзей, якія ўжо ўключаныя ў палітыку – ён можа ўключыць і новых людзей.

 

Ад рэдакцыі:

Такім чынам, інтэрвю дакладна ілюструе, што Пазьняк таксама яднаецца сваёй пазіцыяй што да “Усходняга партнэрства” і з еўрабюракратамі, і з чацьвёркай іншых беларускіх палітыкаў (Казулін, Шушкевіч, Мілінкевіч, Сурвіла), а таксама спадзяецца на пазітыўны ўплыў з Захаду на грамадска-палітычныя працэсы ў Беларусі…

 


2 каментарыя

  1. Siarhiej кажа:

    Мяне цікавіць адказ на пытанне: ці будуць эўрачыноўнікі абмяркоўваць з лукашыстамі праблему этнацыду? Ці іх цікавяць толькі ўласныя “скурныя” інтарэсы
    на Беларусі?

  2. Уладзімер Русаковіч кажа:

    “Пазьняк таксама яднаецца сваёй пазіцыяй што да “Усходняга партнэрства” і з.. Мілінкевіч”
    Не яднаецца, бо Аляксандар Мілінкевіч робіць выгляд, быццам ня бачыць супрацы Лукашэнкі й Пуціна паводле чарговага 2-гадовага “плану ўзгодненых дзеяньняў у галіне замежнай палітыкі” прынятага вясною 2008 года (Артыкул Міколы Бугая “Казулін і Пазняк падпісалі зварот да Еўрасаюзу, Мілінкевіч адмовіўся”, http://www.nn.by/index.php?c=ar&i=26089).
    __
    Siarhiej “ці будуць эўрачыноўнікі абмяркоўваць з лукашыстамі праблему этнацыду?”
    Не.
    __
    Siarhiej “Ці іх цікавяць толькі ўласныя “скурныя” інтарэсы на Беларусі?”
    Так.

Пакінуць каментар

  • Старонкі

  • Катэгорыі

  • Апошнія запісы

  • Архівы