Міхаіл Падаляк
Набліжаецца чарговая правальная (і гэта ўжо бачна цяпер) прэзідэнцкая выбарчая кампанія. У апазіцыі ажывілася традыцыйная валтузьня, зьмет якой ня мае ніякага дачыненьня да інтарэсаў беларусаў, а зьвязаны ў асноўным з перахопам рэсурсаў і выкананьнем агентурных заданьняў прарасейскіх імперскіх ці празаходніх псеўдаліберальных сіл. Відаць, пачаткам гэтай валтузьні варта лічыць артыкул вядомага правакацыйнага журналіста М.Падаляка, які “Народная воля” надрукавала 19 траўня г.г. у №75-76 (адрас у сеціве: http://www.nv-online.info/index.php?c=ar&i=14390). Мы вырашылі зафіксаваць падзею. З гэтай мэтай мы падаем артыкул і Падаляка, і рэакцыю на яго А.Мілінкевіча. Як звычайна, у канцы мы пададзім наш кароткі каментар на абодва матэрыялы.
Рэдакцыя.
Разумеем, што артыкул “Адбяляльнік “М.” скрайне непрыемны як для галоўнага ўладара Беларусі, так і для лідара грамадскага руху “За свабоду”. Але не пазнаёміць нашых чытачоў з версіяй вядомага журналіста ня маем маральнага права. Закулісна яна ўжо які тыдзень абмяркоўваецца ў апазацыйных колах. Праблема ж выходзіць далёка за рамкі палітычнага бамонду, гаворка ідзе пра заўтрашні дзень краіны, пра лёсы мільёнаў беларусаў. І “Народная воля” ня лічыць мэтазгодным маўчаць у гэты выключна няпросты час. Мы ня хочам, каб нехта калісьці нам сказаў: а чаму вы пра гэта раней не пісалі, не казалі, не абуджалі грамадскую думку? Публікацыю Міхаіла Падаляка падаем як інфармацыю для разважаньня, як пачатак для сур’ёзнай дыскусіі ў грамадстве аб незвычайнай сітуацыі, якая склалася ў краіне. Спадзяемся, што на артыкул “Адбяляльнік “М.” адгукнецца і Аляксандр Мілінкевіч. Знойдзецца месца і для аўтараў ад улады. [гэта быў уступ рэдакцыі “НВ”. – Рэд.]
АДБЯЛЯЛЬНІК «М.»
Еўропа прыдумала гульню, у выніку якой “апазіцыянер” Мілінкевіч будзе ўцягнуты ва ўладу, а Лукашэнка атрымае новы легітымны прэзідэнцкі тэрмін. Нешта дастанецца і самім еўрапейцам…
Гледзячы па ўсім, старая-Еўропа трывала і надоўга закрыла вочы на назалелыя праблемы з дэмакратыяй у слаўнай Беларусі. Вы ўсё яшчэ хочаце паразмаўляць аб дэмакратыі? Тады вам да прафесійнага псіхіятра. Беларусь жа і на самой справе нітрохі не зьмянілася. Абсалютна не зьмянілася. Бадай што навучылася правільна зьвяртацца ў міжнародныя фінансавыя інстытуцыі з мэтай атрымавньня антыкрызісных даляравых траншаў. У астатнім жа ўсё па-ранейшаму: “хто не з намі – той супраць нас. А значыць, падлягае неадкладнаму зьнішчэньню. Ці хаця б публічнай абструкцыі. Ці, на скрайні выпадак, выгнаньню на беспрацоўна-бязгрошавую пераферыю”. Мясцовую апазіцыю працягваюць трымаць у сіня-чорным целе – ніякіх ідэйных паслабленьняў, ніякіх пратэстных правоў і ніякіх канструктыўных дыялогаў. Ці ж апазіцыя (чытай – ідэйная, ідэалагічная альтэрнатыва) атрымала шанц паўплываць на беларускую грамадскую думку? Ці ж яна можа растлумачыць гэтай “Грамадскай думцы” свой шматпакутны пункт гледжаньня? Толькі ня трэба дурыць і распавядаць казкі, што апазіцыя нічога ня можа. Хто-небудзь спрабаваў даць ёй шанц? А калі чагосьці не было (напрыклад, апазіцыя ніколі не ўдзельнічала ў кіраваньні постсавецкай Беларусьсю), дык чаму мы думаем, што ў іх нічога не атрымаецца. “Я Гросмана не чытаў, але ведаю, што гэта жахліва, дрэнна і падлягае неадкладнай забароне”. Ці ж апазіцыя мела хаця б найменшы шанц за апошнія пятнаццаць гадоў паўдзельнічаць у паўнавартасных выбарах, дзе рэальна галасуюць і рэальна падлічваюць галасы? Калі вы гатовы адмоўна адказаць хаця б на адно з вышэйазначаных пытаньняў, тады вам наўпроставая і неадкладная дарога да няўзрушных нямецкіх псіхіятраў. Яны дакладна ведаюць, што ўсё гэта – свабоды, дыскусіі, правы – у сёньняшняй Беларусі ёсьць. А калі вы пачнеце адмаўляць нямецкую ўпэўненасьць у найпоўным дэмакратычным здароўі “Беларусі Лукашэнкі”, значыць, вы або шызафрэнік, або аўтыст, які жыве ва ўяўленым сьвеце. “Гэй, беларусы, ня верце, што ў вас няма свабодаў”, – з усьмешкай на ўсе трыццаць два зубы паведамляюць нам еўрапейскія дэлегаты. “Проста вы занадта шмат хочаце. Навучыцеся задавальняцца малым. І перад усім навучыцеся трымаць языкі за зубамі, моўчкі хадзіць уздоўж лагернага кола і правільна ўсхваляць стабільнасьць”. Еўропа ж навучылася абыходзіць сьлізкія тэмы праз выкарыстаньне панятка “паліткарэктнасьць”. Паліткарэктнасьць што да Беларусі – калі робіш выгляд, што чорнага колеру ў краіне проста няма. Усё накшталт шэрага, але ўжо бліжэй да белага. Лукашэнка, вядома ж, пакуль дрэнны. Але ўжо не такі дрэнны, як учора. А што будзе заўтра?
Зрэшты, не кідайце камяні ў Еўропу. Ёй так нашмат лягчэй жыць. Укормленым, сытым бюргерам, якія заўсёды могуць падаць скаргу на ўласную дзяржаву і атрымаць важкую кампенсацыю нават за касы позірк паліцэйцскага. Што ёй Беларусь? Невядомае “глухое валадарства”, якое схавалася недзе ў дрымучых палескіх лясах-балотах, дзе няма нават цывілізаваных дарогаў. Стамілася ўжо Еўропа ад дэкаратыўных санкцыяў, бясконцых кітайскіх папярэджаньняў й іншых нядзейных “сьпісаў невыязджальных”. А можа быць, справа не ў стомленасьці? Можа, ёсьць нешта, што ўжо заўтра зламае сітуацыю? Ня так, як хочуць нармальныя людзі, якія слепа вераць, што прагрэс любога грамадства, любой цывілізацыі – гэта сталая ратацыя кіраўніцтва, дзяржаўных мэнэджэраў, кіравальніцкіх ідэй. Лукашэнка напэўна ўжо не адсунецца назад у сьпіс апошніх дыктатараў сьвету. Застанецца недзе пасярэдзіне паміж нармалёвымі хлопцамі і хваравітымі тыпамі з празмерна раздзьмутым эга, шматлікімі месіянскімі комплексамі й іншымі начнымі страхамі. Аляксандру Рыгоравічу зараз нашмат лягчэй – ён як бы дыктатар, але ўжо свой (еўрапейскі) дыктатар, а сваіх “сукіных сыноў” ужо ж ня так моцна б’юць. Агулам кажучы, чалавек трапіў у палітычны мэйнстрым. Але нешта падказвае мне, што ў некаторых спрытных еўрачыноўнікаў зьявіўся вельмі нават прываблівы “беларускі план”, які хутка зьменіць наша ўяўленьне аб сучаснай цынічнай інтрызе. Ім жа ўжо мала проста закрываць вочы на грахі Лукашэнкі (што яны пасьпяхова рабілі на працягу мінулага дзесяцігоддзя) – цяпер яны хочуць сядзець з Аляксандрам Рыгоравічам за адным сталом, піць-есьці з адной талеркі, байкі адзін аднаму пра дурны электарат распавядаць і дзяліцца запаветнымі сакрэтамі ўстойлівай улады. Часам падкідваць выгадныя кантракты. А часьцей проста сустракацца ў маляўнічых месцах, бавіць час за моднымі забавамі і шчасьліва ўсьміхацца адзін аднаму: “мы – моцныя гэтага сьвету – па-заліхвацку прымушаем дрыгаць ножкамі ўсіх гэтых пігмеяў, якія называюцца грамадзянамі працоўных лагераў”.
Так ці інакш, у новасьпечаным “беларускім плане” галоўныя ролі, апроч зубатых акулаў-пасярэднікаў (Салана, Сікорскі, Цапф ды іншыя) й іншай еўрапейскай масоўкі, якая будзе штодзённа блукаць па калгасных закутках Беларусі і ўголас заяўляць пра небывалую дэмакратызацыю, выканаюць яшчэ і два беларусы. Што ня дзіўна і што апраўдана. Чаму? А таму, што еўрапейскія прагматыкі нарэшце зразумелі банальную ісьціну: Лукашэнка – гэта татальная стабільнасьць. Так – паліцэйская. Так – часам крывавая. Так – абавязкова турэмная. Але стабільнасьць. З Лукашэнка – калі яго трошкі падрэтушаваць і прыкрыць яму рот у асабліва адказныя моманты – можна мець справу. Грошы, асабістая выгада, “свой” бізнэс, прыбыткі без накладаньня падаткаў, белы афшор – вось новая міждзяржаўная семантыка, якую Аляксандр Рыгоравіч вельмі добра разумее. Гэтыя ж словы добра і прывабліва пахнуць для многіх еўракамісараў. Мараль? Правы чалавека? Вам ізноў трэба зьвярнуцца да псіхіятраў. Калі вы шчыра лічыце, што пры іншых роўных той ці іншы ўмоўны “еўрарот” выбярэ абарону абстрактных (для яго) беларускіх палітзьняволеных замест канкрэтнай тлустай пайкі для сябе, вы глыбока хворы. І на гэтым кропка. Так што праблема не ў Лукашэнку – ён жыве так сама, як жыў 10-15 гадоў таму. Чалавек, які ня бачыць і баіцца іншых людзей. Праблема ў цыніках з еўрапашпартамі-усюдыходамі. Да іх усе пытаньні. Праўда, пытаньні гэтыя ні да чаго добрага не давядуць – у іх жа таксама ёсьць досьвед поўнага ігнараваньня альтэрнатыўнага пункту гледжаньня. У іх таксама ёсьць рэсурсы на PR-падтрымку. І яны таксама працуюць з медыя. Карупцыя вечная. І ня важна, палітычная яны, эканамічная ці ўсяго толькі медыйная.
А вось другі суб’ект вытанчанага еўрапейскага плану, гэта, гледзячы па ўсім, “любімец бунтарскіх плошчаў (іронія), “палымяны трыбун” (ізноў іронія) і, галоўнае, нябачаны сьмяльчак (поўная іронія), які “парваў” усіх у 2006 годзе, – Аляксандр Мілінкевіч. Пра яго абавязкова пазьней. А пакуль яшчэ некалькі слоў пра Еўропу і Лукашэнка.
Усьмешка Саланы. Кошт у еўра?
Толькі на першы погляд Лукашэнка не зьмяніўся. На самой справе ён зрабіўся нашмат хітрэйшы. І неяк адразу паружавеў, аджыў. Нават у “Бакулеўку” (цэнтр сардэчна-сасудзістай хірургіі ў Расеі) ня езьдзіць. Цяпер ён ня робіць гучных антыеўрапейскіх і, па магчымасьці, антыамерыканскіх заяваў. Цяпер ён не гаворыць аб аўтарытарнай адметнасьці Беларусі. Яго бліскуча навучылі агучваць толькі тое, што хочуць пачуць стомленыя і абыякавыя еўрапейцы. А дакладна, еўрачыноўнікі. А што яны хочуць пачуць? Правільна. Хлусьню, выказаную патрэбнымі словамі. Хлусьню, якая дакладна патрапляе ў іх мараль. А яшчэ Аляксандра Рыгоравіча нарэшце навучылі маўчаць. Часам крытыкаваць Расею. Мякка, някрыўдліва. Часам хваліць Еўропу. І Лукашэнка напраўду стаў відушчым (амаль як мытнік Левій Матфей пасьля сустрэчы з Ісусам). Сапраўды – навошта жорстка і агідна біць сваіх апанентаў і казаць пра гэта ўголас? Навошта зьневажаць правы ды свабоды і выхваляцца такімі “геройствамі”? Хто ацэніць такія марныя негераклавы “вычыны”? Толькі такія ж марныя і амаральныя дыктатары, якія хаваюцца ва ўласных бункерах дзе-небудзь у Зімбабвэ ці Паўночнай Карэі. Навошта ўсе гэтыя складанасьці? Калі можна тых жа апанентаў біць яшчэ больш балюча, даводзіць да самазабойства, але называць усё гэта лібералізацыяй. Ці дэмакратызацыяй. Ці нават еўрапеізацыяй Беларусі. Лукашэнка паспрабаваў, і ў яго атрымалася – сёньня ён робіць тое ж, што і ў 2000 годзе, але гаворыць зусім іншыя словы. І яго тут жа пачалі гладзіць па галоўцы, даваць смачныя цукеркі (у выглядзе стабілізацыйных крэдытаў) і нават запрашаць на агульнаеўрапейскія дэмакратычныя бяседы. І наш правінцыйны бука на пятнаццатым годзе свайго буянства сапраўды зразумеў першаступенную ісьціну. Усё ж проста! Кідай у вязьніцы, зьбівай на мітынгах, даводзь да самазабойства, заганяй у армейскія казармы, забараняй партыі, фальсіфікуй выбары, але галоўнае – кажы аб тым, што ўсё гэта самы сапраўдны рух да прагрэсу. І табе павераць. І ня толькі павераць, але абдымуць, аблашчаць, накормяць-напояць і спаць пакладуць у раскошных аўстрыйскіх гатэлях.
Сёньня – калі слухаць застольныя прамовы шэрагу ключавых еўрапейскіх чыноўнікаў – флагман дэмакратычных зьменаў ва Ўсходняй Еўропе менавіта Лукашэнка і “яго Беларусь”. Аўтарытарызму больш няма. Калі вы сьцьвярджаеце зваротнае, дык хутчэй за ўсё вы – вораг Еўропы, яе недобразыцліўца, якому трэба закрыць шлях туды. Не Лукашэнка і чальцы яго “групоўкі” сёньня павінны быць неўязджальнымі ў Шэнген, а толькі ўсе гэтыя хлусьлівыя беларускія апазіцыянеры й іншыя праваабаронцы. Так будзе справядліва. Засталіся два апошнія крокі, і можна будзе распавядаць аб “беларускіх прарывах Лукашэнкі” на агульнасусьветных дэмакратычных семінарах. Не забудзьце толькі ўспомніць (на тых семінарах) дзіўнага такога чалавека – Хавьера, “мілага сябра Лукашэнкі”, Салану. Зрэшты, пра гэтага чалавека і яго “беларускія жарсьці” я распавяду як-небудзь іншым разам. А пакуль – Лукашэнка. І Мілінкевіч.
Менавіта гэты некалі былы “адзіны апазіцыйны кандыдат” (вось ужо быў парадокс), а на самой справе бліскучы майстра закуліснай інтрыгі, павінен даіграць другую частку “еўрапейскага плана”. Агульная задумка такая: Лукашэнка паступова легалізуецца як рэальны, адзіны і персьпектыўны (на гады наперад) гаспадар Беларусі на еўрапейскіх палітычных рынках. Вастрыня “беларускай праблемы” хутка і непазьбежна зьніжаецца. Санкцыі адмяняюцца. Не адразу. Але абавязкова. Сам Лукашэнка перастае выступаць з крыклівымі і абразьлівымі заявамі. Між іншым, нешта падобнае трошкі раней зрабіў іншы адыёзны персанаж – лівійскі лідар Муамар Каддафі, які праз лічаныя месяцы з глыбокага ізгоя ператварыўся ў наймілейшага сябра старой Еўропы.
Дык вось, першы этап данага “еўраплана” завяршыўся поўным трыюмфам. Шайба трапіла ў самую дзявятку варотаў. І тут дазволю сабе ўзяць пад сумнеў, што справа толькі ў прыроджанай хітрасьці самога Лукашэнкі. Сам бы ён да ўсяго гэтага не дапёр. Занадта правінцыйны і занадта прымітыўны. Хаця і на самой справе вельмі хітры і мае да таго ж неверагодную інтуіцыю што да папераджальнага прадбачаньня якіх-небудзь асабістых праблем. Хутчэй за ўсё справа ў тым, што Лукашэнка нарэшце цалкам абнавіў штат сваіх нефармальных дарадцаў. І выгнаў адтуль усіх гэтых тупаватых і неразмоўных правінцыялаў, якія сядзелі там дзесяцігоддзямі – маёраў, якія сталі генераламі, прапаршчыкаў, якія сталі палкоўнікамі, і проста дробных аферыстаў, якія сталі нефармальнымі беларускімі алігархамі. Ды і, дарэчы, сапраўдным лабістам Лукашэнка ў Еўропе аказаўся зусім ня Бэл. Гэты персанаж занадта слабы і занадта нарцысічны, каб вырашаць сапраўдныя задачы. Але місія Бэла (дэтальна прапісаная Барысам Абрамавічам Беразоўскім) у тым і заключалася, каб знайсьці прафесійную і магутную лабісцкую кантору са сталай прапіскай у Лондане/Берліне/Брусэлі. Гэтая кантора хутка правяла палітыка-эканамічны і кіравальніцкі аўдыт Беларусі. Ацаніла прывабнасьць актываў краіны. Ацаніла таксама і тое, што ў Беларусі сапраўды можна дамаўляцца з адным чалавекам – усё проста і ніякай дэмакратыі. Ніякага гандляваньня. Ніякіх зьліваў. Ніякіх падступнасьцяў.
Пасьля гэтага хлопцы, па-першае, сабралі пул уплывовых еўрачыноўнікаў, якім намовілі (грошамі і абяцаньнямі) новую стратэгію па Беларусі. Па-другое, цалкам зьмянілі рыторыку Лукашэнкі, каб ён больш нікога не пужаў. Цяпер наш “герой” зрэдку і толькі для вузкага ўнутранага выкарыстаньня вымаўляе свае стандартныя нафталінавыя фразы. А дзеля вонкавага спажыўца ён практыкуе зусім іншыя моўныя звароты – дэмакратычныя. Трошкі пазьней Лукашэнка і сам канчатковак зразумеў – “ня важна, што ты робіш. Але важна, што ты гаворыш пра гэта”. І нарэшце, па-трэцяе, лабісты дапрацавалі праграму максімальнага (а галоўнае – юрыдычна больш-менш канкрэтнага) працягненьня паўнамоцтваў Лукашэнкі. Або, калі хочаце, праграму кансервацыі сьпецыфічнага палітычнага рэжыму ў адной асобна ўзятай краіне. Навошта патрэбна кансервацыя? Усё проста і нават наіўна – калі вы – сумленны і цынічны еўрабізнэсмэн, хочаце ўкласьці грошы ў якую-небудзь краіну, дык вам абавязкова патрэбна гарантыя (прыкладна на дзесяцігоддзе) першай ночы, каб адбіць свае бабкі. Як я ўжо сказаў, ніякіх сантыментаў, чысты бізнэс. Няхай і на сьлязах беларускіх бацькаў і маці.
Па сутнасьці, гэтая “новая еўрапейская стратэгія што да Беларусі” (нідзе не прэзентаваная, але ўжо амаль зрэалізаваная) не патрабуе ніякіх кардынальных зьменаў у архітэктуры беларускай улады. Улада гэтая застанецца аўтарытарнай, нерухавай, неадэкватнай, неканкурэнтнай і безаблічнай (калі не лічыць самога Лукашэнкі). Але ж усё гэта і ня важна. Якое значэньне мае зьмест беларускай улады, яе гатовасьць да ўнутранай канкурэнцыі, калі чужаземцам патрэбны канкрэтныя гарантыі пад канкрэтныя праекты. Ці горш за тое. Як я ўжо сказаў, новыя дарадцы Аляксандра Рыгоравіча добра ведаюць ментальнасьць цяперашніх еўрапейскіх палітыкаў. Апошнія зусім ня хочуць ваяваць. Палітычна. Ня хочуць працаваць з нясьпелымі рэжымамі. Ня хочуць браць на сябе адказнасьць. Яны лянотныя і абыякавыя. І яны спадзяюцца, што іх не будуць трывожыць усялякімі там разважаньнямі аб “парушэньнях нечых правоў у Беларусі”, пакуль яны добра сядзяць у рэстаранчыку на Елісейскіх палях. Набіты чэраў – адзіны стымул сучаснага еўрачына.
Ах, так, забыў. Невымяральны нават у дэкалітрах апломб – другі стымул. І калі іх (еўра-як-іх-там) не правакаваць грознымі заявамі, калі ім часам няшчыра ўсьміхацца і калі ім абяцаць шмат бізнэс-масла на іх жытнёвы хлеб – яны цалкам раскісаюць. Лукашэнка ўсё гэта зараз і робіць. Майстра, нічога ня скажаш.
Два твары Мілінкевіча. Ведае ці ня ведае?
Але гэта (вялікая Лукашэнкава хлусьня) толькі першая частка вядомага “палітычнага балета”. Другую – і больш вытанчаную – складовую падступнага плана “Саланы-Лукашэнкі” павінен выканаць… арол апазіцыі, агульнапольскі ўлюбенец Аляксандр Ўладзіміравіч Мілінкевіч. Магчыма (вельмі ўжо хацелася б у гэта верыць, бо тупасьць – не загана), ён і сам не падазрае, што яго актыўна выкарыстоўваюць у якасьці пракладкі дзеля стварэньня доўгатэрміновай юрыдычнай легітымнасьці Лукашэнкі. Мілінкевіч увогуле чалавек вельмі сярэдніх інтэлектуальных здольнасьцяў. Што, яшчэ раз падкрэсьлю, ня грэх. Тым больш, што ў сучаснай палітыцы такіх пераважная колькасьць. Відавочна, сярэдні інтэлект і нарастаньне амаральнасьці – абавязковая ўмова для пасьпяховага залічэньня тэсту на паліт-прыдатнасьць. Ён жа і не сьмяльчак. Што ўжо горш – бо ж у аўтарытарных краінах лідары апазіцыі павінны ў літаральным сэнсе кідацца на амбразуры (хочуць яны гэтага ці не, але гэта абавязковая плата за лідэрства). Ён і не харызмат, што таксама скрайне дрэнна. Бо Лукашэнку можна перамагчы і прымітыўна – проста перабрахаць яго.
Зрэшты, я вельмі сумняюся, што Мілінкевіч ня ў курсе яго новай ролі. Пра якую роль гаворка ідзе? А як вам такая “еўрапейская ідэя”: Лукашэнка атрымае сваю легітымнасьць (роўна як і чарговы легальны прэзідэнцкі тэрмін), але дзеля гэтага трэба будзе правесьці добра дэкараваныя выбары, на якіх абавязкова павінен выступіць бліскуча раскручаны ў заходніх медыя “беларускі апазіцыйны кандыдат”. І гэты кандыдат павінен будзе мець адносныя свабоды для правядзеньня кампаніі й паказаць прыстойны працэнтны вынік. Другі, вядома. Мілінкевіча актыўна рыхтуюць менавіта да гэтай ролі: актыўна “надзьмухаюць” яго ў медыя і паступова падцягваюць да каманды… Лукашэнкі. Яны ж павінны неяк давяраць адзін аднаму (хаця б трошкі). Сам Аляксандр Рыгоравіч, вядома, у курсе, што і як адбываецца – бо гэтым праектам займаюцца яго “дарадцы”.
Дык вось, Мілінкевіч, ужо выдатна надзьмуты медыйны пузыр, абавязкова становіцца адзіным кандыдатам-дублёрам (знакавым для соннай Еўропы) на чарговых выбарах (навошта Лукашэнку ганіцца праз выстаўленьне карыкатурных персанажаў накшталт незабыўнага С.В.Гайдукевіча), атрымлівае свае гарантаваныя 20-25%, каб усё выглядала вельмі праўдзіва, і пасьля выбараў, на якіх ізноў жа трыюмфальна перамагае Лукашэнка, гарантуе сабе месца… віцэ-прэм’ера па гуманітарцы. Еўропа пляскае ў ладкі двойчы – Лукашэнка праўдзіва выйграў у праўдзівай і канкурэнтнай выбарчай кампаніі, але і яркаму апазіцыянеру, які паказаў прыстойны вынік, запрапанаваў уладу. Лукашэнка падзяліўся ўладай з апазіцыянерам Мілінкевічам – ці ж можа быць яшчэ больш пераканаўчы доказ поўнай дэмакратызацыі Беларусі? Што яшчэ трэба будзе старой-Еўропе, каб пусьціць сьлязу замілаваньня? Ідэальная гульня.
Ёсьць, праўда, маленькія, агідненькія закавыкі. Тая ж рэальная апазіцыя (няхай яна і дыхае на ладан і ўжо дастала ўсіх сваёй схільнасьцю да заўчаснай імпатэнцыі), якая ўлады не ўбачыць, як сваіх вушэй. Тыя ж рэшткі трэцяга сектару. Тыя ж праваабаронцы, якіх афіцыйны Менск купляе, запужвае, прыніжае, але ўсё ніяк ня можа пазбавіцца ад іх. Але ці ж гэта невырашальныя задачы? Уся справа ў правільных тэхналогіях. А якая тэхналогія найбольш правільная ва ўмовах вечна надакучлівай і вечна прабуксоўвальнай беларускай апазіцыйнасьці? Толькі адна – грошавая. Дастаеш з кішэні грошы і плоціш людзям. За давер. За няўдзел. За ўдзел. За саўдзел. Дастаеш шмат і купляеш амаль усіх. Бо людзям (шараговым апазіцыянерам і проста сацыяльным актывістам) не абавязкова расказваць праўду пра тое, адкуль грошы і навошта ім плоцяць казачныя паводле беларускіх мерак ганарары? Яны ж могуць працягваць верыць, што Мілінкевіч – сапраўдны лідар апазіцыі, але ніяк не траянскі конь ці дублёр.
Пытаньне толькі ў тым, адкуль у Мілінкевіча грошы на ўсё гэта? Мяркую, праўдзівы адказ зьбянтэжыць многіх. Можа быць, і самога Аляксандра Уладзіміравіча. Шмат хто адразу не паверыць маім словам. Але пазьней, калі стане зусім невыносна, яшчэ раз прачытаюць гэтыя радкі і зразумеюць усю глыбіню той бездані, куды ўпаў Мілінкевіч. Ён жа думае, што грошы (на яго гульні, правакацыі, медыяпраграмы) ідуць ад яго ж еўрапейскіх сяброў. Праз польскіх пасярэднікаў. Ён проста і абсалютна ўпэўнены ў гэтым. А на самой справе грошы ідуць… ад Лукашэнка. Не наўпрасткі, вядома. Праз Еўропу. Праз лабістаў Аляксандра Рыгоравіча яны праходзяць двайную ці нават трайную “адмыўку”. Прабягаюць па нумарных рахунках пары-тройкі сумленных фондаў. І толькі нашмат пазьней – праз штатных еўрапейскіх пасярэднікаў – яны трапляюць да Мілінкевіча. А ўжо Аляксандру Ўладзіміравічу трэба толькі правільна траціць іх. На арганізацыю расколаў у партыях (і без гэтага распухлых ад нематываваных амбіцый). На купляньне лідараў другога-трэцяга эшалону. На правакацыі ў грамадскіх арганізацыях. На арганізацыю штабаў. На скупляньне больш-менш спраўных мэнэджэраў. На скупляньне журналістаў. Чым больш грошай выдзяліць Еўропа (ці ўсё-такі Лукашэнка?), тым больш трывалімі будуць пазіцыі Мілінкевіча.
А зараз яшчэ раз пытаюся ў вас: ці ж не ідэальная гульня прыдуманая і распачатая Еўропай? У Мілінкевіча будуць грошы і штабы, астатнія – застануцца на глухім узбоччы. Мілінкевіч атрымае добры вынік і стане часткай улады Лукашэнкі, астатняя “апазіцыя” абмыецца рэшткамі сваёй крыві й адыдзе ў нябыт. Лукашэнка застанецца яшчэ на адзін поўны тэрмін. Але з гэтага часу ён будзе абсалютна легітымны і дзеяздольны. Хто будзе ў выігрышы? І колькі каштуе такі выігрыш?
І, дарэчы, чаму вы ўсё яшчэ верыце хлопцу з прозьвішчам Мілінкевіч?
***
А. Лукашэнка:
“… У апазіцыйным шматгалосьсі Мілінкевіч займае прагматычную, узважаную палітыку”.
(Зь інтэрвю А.Лукашэкі агунцтву “Рэйтар”, 5 траўня 2009 г.)
“… апазіцыя вые і піша лісты на Захад, патрабуючы ад Еўразьвязу: давайце Лукашэнку ў Прагу не пускаць, туды яго ня трэба, ён такі-сякі… Ну, а калі мы яшчэ і апублікуем гэты ліст, які яны нядаўна накіравалі, па-мойму, у Прагу з мэтай блакаваць Беларусь па “ўсходнім партнэрстве”, Лукашэнку туды не пускаць і гэтак далей? Ну, якая ж гэта будзе тады апазіцыя?
Праўда, ня ўсе. Павінен адзначыць, што такі палітык, як Мілінкевіч, не падпісаў гэты ліст, кажа: як жа я буду падпісваць, калі гэта гібель для краіны? Чым жа тады ў Беларусі займацца будзем? І апазіцыя затым не патрэбная будзе”.
(З пасланьня беларускаму народу і Нацыянальнаму сходу 24 красавіка 2009 г.).
Міхаіл Падаляк
Тое, што спадар Мілінкевіч, даўно ўжо не з’яўляецца самастойнай палітычнай фігурай зразумела. Свой шанец ён упусціў, і таму на сённяшні дзень не мае ніякай сапраўднай палітычнай вагі. Тым больш сваімі сувязямі з праімперскімі польскімі палітыкамі і еўракратамі дыскрэдытаваў сябе, як палітыка адстойваючага нацыянальныя інтэрсы. А што да адсутнасці харызмы – гэта бачна ўсім. Памылкова будзе выстаўляць Мілінкевіча “адзіным”, толькі па той прычыне, што ён прымялькаўся еўрабоссам. Сапраўды, ці ёсць сярод апазіцыі палітык роўны па харызме Лукашэнку? Нажаль.. няма! Здзіўляюсь яго, амаль інстынктыўнаму, таленту ўтрымання улады, папулізму.
Што застаецца рабіць у становішчы адсутнасці сярод нацыянальных сіл сапраўднай кансалідуючай фігуры? Адказ: трэба аб’ядноўваца не вакол канкрэтнай асобы, а вакол самой ідэі – ідэі САПРАЎДЫ НАЦЫЯНАЛЬНАЙ ДЗЯРЖАВЫ!
Другой вялікай бядой з’яўляецца далёкасць большасці апазіцыі ад уласнага народа, яго надзённых інтэрэсаў. Большасць гэтых палітыкаў варацца ва ўласным катле сярод “сваёй тусы”, ставячы ў прыярытэт палітычныя пытанні, забыўшыся пра тое,што для простага чалавека на першым плане заўсёды будуць яго сацыяльна-бытавыя пытанні (што вельмі паспяхова выкарыстоўвае папуліст Лукашэнка). Трэба не баяцца ісці да народу, на заводы, у вёску – і весці там прапаганду. І тут мала акцый накшалт “МФ-супраць абортаў” (прывітанне Шалёнаму), трэба, каб гэта ішло ад самога народу, а не ад дзесятка актывістаў. А вось, каб гэта было, трэба весці асветніцкую дзейнасць – чым і займаецца гэты сайт. За што яму ВЯЛІКІ ДЗЯКУЙ!
На выбарах (лахатроне) 2011 г. людзі (электарат) будуць галасаваць за асобу, а не за ідэю і, нават, не за партыю. Патрэбна асоба якая ўвасобіць чаканні і растлумачыць сутнасць нацыянальных інтарэсаў. Ідэальнага новага правадыра мы не знойдзем (не паспеем за 1,5 года), таму застаецца 1-Мілінкевіч ці 2-Пазняк, нажаль.
Siarhiej, 1 ці 2,-а ніякіх шанцаў, праваляць.( Калі між 1 ці 2, то мне бліжэй 2)
Не хвалюйцеся сябры. Асоба такая будзе. Набывае веды і практычныя навыкі. Асабліва ў плане эканомікі. Нам патрэбен такі прэзыдэнт, якія б:
1. Мог сам арганізаваць міжнародны бізнес ў самых цяжкіх умовах без пастаронняй падтрымкі.
2. Быў высокамаральным і адукаваным чалавекам.
3. Паважаў свой народ і прытрымліваўся народных традыцый, культуры.
4. Размаўляў на беларускай мове і разумеў яе каштоўнасць, як носьбіта цытульнай нацыі.
5. Быў таленавітым сучасным арганізатарам.
6. Быў ужо дастаткова заможны.
7. Быў добрым сем’янінам без шкодных прывычак і быў прыкладам ў быту.
8. Быў здольным вырашаць праблемы ў грамадстве, умець прынімаць на сябе адказнасць.
9. Без комплексаў.
10. Псіхічна здаровы.
11. Для якога б інтарэсы народа былі вышэй асабістых.
А калі сказаць больш коратка – сапраўдны беларускі шляхціч.
Галіна Арцёменка, вы маеце некага асабіста на ўвазе ці не?
Так, ёсць такі чалавек, але пакуль прозвішча не агучваем, бо шмат будзе праблемаў.