nashaziamlia.org

Асьветна-адукацыйны, грамадазнаўчы сайт для беларусаў: аналіз, прагноз, сілы, інтарэсы, сьветагляды, ідэі, ідэалогіі, праграмы, мэты.

Запісы

Ці хто дапаможа нам?

29 чэрвеня, 2009 | Няма каментараў

Франц Аўдзей

d090d19ed0b4d0b7d0b5d0b9-d0a4d180d0b0d0bdd1861

Чалавек у крытычнай сітуацыі, кожны на свой лад і ў меру сваіх асабістых уласьцівасьцяў, вырашае свае праблемы. Часта ён зьвяртаецца па дапамогу да сяброў. Значна складаней, калі ў бядзе знаходзіцца краіна, якая, уласна кажучы, ня мае сяброў. Пра так званы ўсходні вектар трапна напісалі Павел Біч і Алег Гаеўскі ў артыкуле “Нашае сёння”, таму няма неабходнасьці паўтарацца. Нацыянальна сьвядомыя беларусы і, перш за ўсё інтэлегенцыя, павінны стварыць новыя сілы супраціву каланізацыі краіны. Гэтаму будзе супраціў як на Ўсходзе, так і на Захадзе. Розныя ваколпалітычныя хаўрусы, каб застацца пры сытнай кармушцы, будуць перафарбоўвацца, перафармоўвацца, словам, рабіць усё, каб не дапусьціць да сьвядомасьці людзей ідэі нацыянальнага адраджэньня Беларусі.


Паколькі ў вышэйпамянянёным артыкуле нічога ня сказана пра Захад, хачу трошкі апісаць назіраемую сітуацыю (хаця на гэтую тэму ўжо многа было сказана на старонках сайта).

Калі верыць выказваньням Яцэка Пратасевіча – старшыні камісіі па Беларусі пры Эўрапарляманце – нешта там, “на версе”, перамянілася. І тое, што “нарадзілася “Ўсходняе партнэрства”, сьведчыць пра гэта. Аднак, выдзеленых сродкаў хопіць толькі на ўтрыманьне бюракратычных структур “партнэрства”. У прыватнай размове (бо публічна ніхто ні выказваецца) з гэтым пагадзіўся польскі эўрадэпутаваны Д.Рассаці. Эўракамісар Эмануэль Бэркк толькі сказаў, што “Ўсходняе партнэрства” – гэта палітычнае ўтварэньне, але не патлумачыў, што гэта за “фрукт” і з чым яго ядуць. Так, што можам сабе ўяўляць, на што скіравана стварэнне новай арганізацыі. Тым больш, што ініцыятарам Праекту з’яўляецца Польшча ў сяброўстве са Швецыяй.

Што да Швецыі, то тут няма сумніву ў добразычлівасьці яе намераў. Аднак, што да Польшчы, тут узнікаюць шматлікія пытаньні, патрабуючыя дакладнага і абгрунтаванага адказу, бо вельмі цяжка патлумачыць яе палітыку ў адносінах да Беларусі. Дарэчы было б сказаць шырока ўжыванымі словамі Л. Валэнсы: “Мы за, а нават супраць”. Чаго вартая падтрымка (і на дзяржаўным узроўні) адной недзяржаўнай грамадскай арганізацыі ў іншай краіне!? [гаворка, відаць, пра “Зьвёнзак палякаў на Беларусі”. – Рэд.] Пры гэтым падзяліўшы “палякаў” на “сваіх” і хіба што ворагаў, толькі за тое, што апошнія не падтрымліваюць асобу, якая [ў Варшаве] вельмі камусьці і чамусьці падабаецца [гаворка, відаць, пра Борыс. – Рэд.]. Пры гэтым не бярэцца пад увагу, хто і што зрабіў для тых “палякаў”, пра каго так непакояцца суседзі. Маўляў, другі “Саюз” пралукашысцкі. А назавіце мне хоць адну афіцыйна дзеючую, у тым ліку і партыйную, арганізацыю ў Беларусі, дзе б не было ўплыву альбо і кантралю дзяржструктур…

Маршалак сэнату Б. Барусэвіч і прэм’ераўскі міністар М. Боні актыўна падтрымлівалі ўдзел беларускай “апазіцыі” ў апошніх парляманцкіх выбарах. А вось, што гаворыцца ў аднім з дакументаў “Салідарнасьці” пра яе легалізацыю: “Рух “Салідарнасьць” спавадаваў, што ў межах усёй краіны былі выяўлены ў натуральны спосаб палітычныя лідары, і цяпер для акупанта было вядома, каго трэба зьнішчыць”.

Калі нехта гаворыць пра ўплывы, альбо іх магчымасьці пад час выбарчых кампаній, дык маем вялікі досьвед тых уплываў. Да дзеянняў (правільней было б сказаць да балбатні каляпалітычных апазіцыйных хаўрусаў) людзі ставяцца скептычна, перш за ўсё таму, што ведаюць, хто чаго варты.

Паколькі Польшча з’яўляецца “адвакатам” Беларусі ў Эўраструктурах, варта трошкі звярнуць увагу, што робіцца ў самой Польшчы. Як вы самі ведаеце з розных СМІ, сітуацыя тут вельмі спрыяльная для развіцьця дэмакратыі. Хаця свабода слова поўная (можна сказаць, аж занадта), але далей слоў справа не ідзе і простыя людзі, звычайныя палякі, нікому ня вераць. Гэта пацьвердзілі вынікі выбараў у Эўрапарлямант, у якіх узялі ўдзел менш за чвэрць выбаршчыкаў.

Якія сапраўдныя мэты Польшчы ў дачыненьні да нас, цяжка сказаць адназначна. З простымі людзьмі ўсё зразумела. Ад іх можна пачуць толькі спачуваньне. Але гэтага ня скажаш пра колы палітычныя і некаторыя дзяржаўныя інстытуцыі. Пра тое, як ставяцца да палітычных уцекачоў зь Беларусі, якія не належаць да польска-беларускіх каляпалітычных хаўрусаў, хачу паказаць на словах аднаго юрыста з Варшаўскага ўніверсітэту. Ён распавядае, што ў час дазнаньня ў дачыненьні да такіх асоб назіраецца: “… значнае парушэньне правілаў правядзеньня дасьледаваньня, што мае ўплыў на вынік справы … няправільнае, няяўнае правядзеньне дасьледаваньня, несабраньне і неразгляд усіх дакументаў, датычных справы, несапраўднае адлюстраваньне справы і прыняцьце неўласьцівага рашэньня з парушэньнямі Кодэксу адміністратыўнага дасьледаваньня і наўмыснае фальшаваньне справы”.

Вось так нас любяць.

З вялікай доляй упэўненасьці можна казаць пра дзейнасьць маскальскай агентуры ў Польшчы, аб чым ужо ня раз спаміналася. Часта жартую, што палякі размясьцілі расейскую амбасаду ў Міністэрстве абароны, таму што знаходзіцца яна адразу за плотам гэтае вельмі важнае ўстановы.

Што да “Усходняга партнэрства”, то пакуль што штосьці асэнсаванае, вартае ўвагі сказаць немагчыма, таму што ніхто ня можа прадбачыць далейшай хады падзей. Расея лічыць саму ідэю гэтага звязу як варожы крок супраць яе інтарэсаў на постсавецкай прасторы, спадчыньнікам якой яна сябе лічыць. Тым больш, што ў гэтым яе адкрыта падтрымлівае Парыж, Рым, Берлін.

Апошнім часам было шмат розных сустрэч, але тэма Беларусі часьцей за ўсё замоўчваецца, а пытаньні, датычныя сітуацыі і палітыкі адносна яе, успрымаюцца без задавальненьня, калі не сказаць непрыязна.

Цяжка спадзявацца на сапраўдную падтрымку і дапамогу таго, хто сам ня ведае, чаго хоча.

Як бачыце, спадзявацца няма на каго. Трэба самім трошкі варушыцца.

Пра дзейнасьць палітычных, калі іх так можна назваць, партый [у Беларусі] проста ня хочацца казаць, бо няма ніякага сэнсу. Праўда, яны вельмі ўдала выкарыстоўвалі даверлівасьць і вялікае жаданьне некаторых добра вядомых польскіх палітыкаў у сваіх, часта, карысьлівых мэтах. Але народ ад іх ніколі не дачакаецца ніякай дапамогі.

Давайце паразважаем: у чым мы патрабуем дапамогі? Дзе нашае самае балючае месца?

Перш за ўсё гэта татальная русіфікацыя і маргіналізацыя насельніцтва. Што патрэбна “саўку”? Работа сякая-такая ёсьць, значыць ёсьць нейкія сродкі на існаваньне. Менавіта на існаваньне, а не жыцьцё. Ён ня ведае і ведаць ня хоча, як жывуць людзі і як мог бы жыць ён, калі б меў хоць трошкі гонару і асабістае павагі. Няхай прабачыць мяне Галіна Арцёменка (ні ў якім разе не хачу яе пакрыўдзіць), але яму, як кажуць, глыбока пляваць на яго карані, бо ён іх ня ведае і ведаць ня хоча. Ён жыве аднім днём і ня мае ўвогуле жаданьня нават думаць пра нейкія змены, тым больш самому ў нечым удзельнічаць. Калі б нехта змяніў яго жыцце на лепшае, дык успрыняў бы ён гэта як належнае і нават не падумаў, чаму і як гэта сталася.

Іншая справа з чыноўніцтвам. Там працуе шмат разумных людзей. Але становішча такое, што вылазіць са сваім разуменьнем таго становішча, у якім усе мы знаходзімся, ім не выпадае, таму што страціць працу нікому ня хочацца. Куды пойдзеш і хто дапаможа сям’і, дзецям? Ніхто!

Ва ўсе часы на негатыўныя з’явы і чалавечыя недахопы вельмі добрым і ўплывовым сродкам была САТЫРА, пра што забыліся і ніхто не выкарыстоўвае. А дарма. Кожны чалавек мае ў сабе штосьці такое, што ніколі не дазволіць яму пагадзіцца з тым, каб яго лічылі нічога ня вартым. Вось гэты сродак і трэба шырока выкарыстоўваць для ўздзеяньня на сьвядомасьць людзей.

Хтосьці павінен узяць на сябе цяжар вельмі складанай і няўдзячнай працы перавыхаваньня “саўка”. Трэба неяк пераканаць яго, што і ён таксама ў нечым чалавек і варты большага, чым мае. Трэба закрануць самае балючае ў чалавека. Зрабіць гэта могуць толькі вельмі адданыя сваёй справе, вельмі патрыятычныя людзі – такія, як супрацоўнікі сайта і арганізатары Беларускага Дэмакратычнага Руху.

Посьпехаў вам у вашай працы на карысьць Беларусі.

 


Пакінуць каментар

  • Старонкі

  • Катэгорыі

  • Апошнія запісы

  • Архівы