Рэдакцыя.
У мястэчку Гарадок, што на беларускай Беласточчыне, якая цяпер, на жаль, знаходзіцца пад Польшчай, 17-18 ліпеня г.г. адбыўся фестываль музыкі маладой Беларусі “Басовішча-2009”. Сёлета “Басовішча” праводзілася ўжо ў 20-ы раз. З нагоды юбілею яно праходзіла без абавязковай конкурснай праграмы. Яе замяніла праграма з прэзентацыяй двух дзясяткаў рок-гуртоў. Сярод іх як вядомыя – напрыклад, “Палац”, “Крама”, “Lao Che”, “Нейра Дзюбель”, “Ulis”, N.R.M., так і маладыя гурты. Юбілейнае “Басовішча” арганізоўвала і новае кіраўніцтва Беларускага аб’яднаньня студэнтаў (БАС; дарэчы, адсюль і назва “Басовішча”) на чале з сустраршынямі БАС Касяй Кузьміч і Мажэнай Саевіч.
1.
З нагоды ад імя рэдакцыі сайта “нашазямля.орг” хочам выказаць вялікую ўдзячнасьць усім арганізатарам і фундарам Басовішча за ўсе 20 гадоў іх працы і ахвяраваньняў (гл. фота ўнізе; на ім паказаны некаторыя з арганізатараў) – як беларусам, так і тым палякам, якія разумеюць значэньне брацкага супрацоўніцтва абодвух славянскіх народаў для іх шчасьлівай будучыні.
2.
Зыходна праграма Басовішча-2009 выглядала так (http://generation.by/news2994.html):
Пятніца, 17 ліпеня 2009 (19.00 – 2.30):
19.00 Жнюв
19.30 Tарпач
20.00 Адкрыцьцё фэстывалю
20.10 SOK [не было. – Рэд.]
20.45 Ban-Zhvirba [не было. – Рэд.]
21.25 B:N
22.15 Rima
23.05 Zero-85
00.00 Znich
00.50 IQ48
01.40 Сьцяна
Субота, 18 ліпеня 2009 (17.00 – 2.30):
Адмысловая праграма з нагоды юбілею (выстава, запісы з ранейшых фэстываляў)
17.00 Rahis
17.35 Боскае Сонца
18.15 Дзеці Дзяцей
19.00 Osimira
19.45 Палац
20.30 Krama + Bonda
21.30 Lao Che
23.00 Neuro Dubel
23.50 Ulis
00.50 NRM + Мроя
Аповед пра тое, што ў выніку атрымалася, можна пачытаць тут: generation.by/news2995.html, а фотарэпартаж зь імпрэзы паглядзець тут: generation.by/news3000.html (некаторыя фота гл. унізе).
У выніку азнаямленьня са справаздачай і фотаздымкі з Басовішча 2009 складаецца ўражаньне, што і ў гэтым годзе імпрэза ў цэлым удалася.
Але мусім прызнацца, што нас каробіць прысутнасьць у лесе пад Гарадком адвязных п’яных твараў. Звычайна такія людзі з задачай напіцца і ўсё, што можна, збэсьціць зьяўляюцца на нашых беларускіх імпрэзах невыпадкова… Мы ня ведаем магчымасьці арганізатараў, але, калі такія магчымасьці ёсьць, раім выстаўляць перашкоды да зьяўленьня на Басовішчах розных п’яных прама́цераных дэгенератаў быдляцкага выгляду і з такімі ж паводзінамі…
3.
Аднак сьпецыфіка працы нашай рэдакцыі прымушае зьвярнуць значна большую ўвагу на іншы асьпект апошняга “Басовішча”, які наўрад ці мае дачыненьне да арганізатараў.
Справа ў тым, што на леташняе і гэтае Басовішча змаглі трапіць, па розных зьвестках, ня больш за 20-30% маладых беларусаў зь Беларусі, якія жадалі пабываць там. Прычым, гэтая колькасьць вызначана не адносна тых, хто ў прынцыпе хацеў бы пабываць на Басовішчы, а адносна тых, хто падаваў у польскія амбасаду і консульствы (у г.г. толькі ў консульства ў Гародні) неабходныя дакументы…
Вось факты.
А) Інфармацыя адсюль http://generation.by/news2994.html:
– “І сёлета польскую візу ня здолелі атрымаць амаль 40% жадаючых трапіць на фэст”;
– “З 1060 заявак на бясплатныя візы польскі кансулят у Гародне здолеў задаволіць толькі 600”; пры гэтым прадстаўнікі руху «За Свабоду», якія ўзяліся дапамагчы аформіць візы, “сітуацыю не камэнтуюць”…
Б) Інфармацыя адсюль http://www.svaboda.org/content/article/1779434.html:
– “Як мінімум 400 чалавек, што падавалі дакумэнты, візы не атрымалі. Таму, баюся, будзе зь беларускага боку ня вельмі шмат людзей, на жаль”.
В) Паведамленьне з боку гарадзенскай філіі Руху “За Свабоду” – якраз той, што ўзялася дапамагаць з візамі; http://ruh-u-hrodna.livejournal.com/11942.html?thread=29350:
– “Выдадзена больш за 800 пашпартоў з візамі … Выбачайце тыя, каму не дасталося візы (прэтэнзіі выключна да сябе)” [навошта выбачацца, калі “прэтэнзіі выключна да сябе”? – Рэд.].
Г) Пытанне з візамі: другі год, а граблі ўсё тыя ж; /community.livejournal.com/basovisca/38019.html?thread=229251
“Можна я запытаюся вельмі ветліва: як называюць тых, хто другі год запар наступае на адныя і тыя ж граблі? Я маю на ўвазе ў прыватнасці арганізатараў Басовішча.
Без крыўдаў. Але ў мінулым годзе я казала тым, хто падаў дакуманты і не атрымаў візу: ай-ай, першы год пасля Шэнгену, можа, ўсё выправіцца. У гэтым годзе, калі мне сказалі, што з 700 візаў тых, хто даехаў да Гародні, атрымалі 400, я падумала – клініка. І працягваю так думаць.
Я, у прыватнасці, ня еду. І даведалася пра гэта ў апошні дзень, за што таксама менавіта арганізатарам вялікі і смачны дзякуй. І самае галоўнае, не трэба:
1. абяцаць таго, што выканаць ня можаце.
2. адсылаць людзей з усёй Беларусі за візамі ў Гародню і не рабіць – свінства ў квадраце.
3. Вельмі актуальнае пытанне будучыні фестывалю пасля такой працы з візамі. Палякам канечне пофіг. Толькі ня трэба казаць, што Басы без мяне не разваляцца.
Іншая справа, што ў мінулым годзе беларусаў было меней, чым у пазамінулым і г.д.
Соры, калі пакрыўдзіла каго, але я вось думаю, што такія рэчы трэба агучваць”.
Д) Аповед нашага рэдактара Алеся Астроўскага.
– “тры мае старэйшыя дачкі вырашылі разам з сябрамі і сяброўкамі (уся кампанія была 10 чалавек) зьезьдзіць у гэтым годзе на Басовішча. Другая дачка ўжо пабывала там некалькі гадоў таму. На гэты раз яна выступіла ў ролі арганізатара – зьбірала пашпарты, фота, дакументы ад усіх і адносіла… Зь 10 чалавек візу далі толькі 4 (сапраўды 40%). Ні старэйшай, ні другой дачкі сярод іх не было, толькі трэцяя. Акрамя таго, падзялілі сяброў і сябровак. З-за гэтага засмуціліся і “шчасліўцы” і на Басовішча не паехаў… ніхто (0%). Такім чынам, вынік такі – 10:0”;
– “у Гародні хадзілі такія чуткі: было пададзена каля 1300 заявак на візы для паездкі на Басовішча; іх атрыла 600 чалавек; паехалі – 300”;
– “асабліва непрыемна адчувалі сябе хлопцы і дзяўчаты, якія прыехалі з розных куткоў Беларусі за візай ў Гародню і толькі для таго, каб даведацца, што яны… нікуды ня едуць”.
Е) Некаторыя камэнтары да паведамленьняў у сеціве:
Szulc у 22:40, 19.07.09
наконт таго, як праходзіць само БАСовішча, нічога сказаць не магу, бо ж я не патрапіла туды разам з большай часткай тых, хто хацей паехаць … з тых, хто атрымаў візы на БАСы, у лепшым выпадку паехала 20-30%. Выдатны юбілей!
канарачка у 18:23, 20.07.09
я так хацела паехаць. І мне не далі візу, а маёй сяброўцы далі. Крыўдна, падавалі амаль у першы дзень разам…
Імя:: Алесь* Горад:: Менск, 17.07.2009 17:37
А на маю думку, даруйце за рэскасьць, зажраліся беларусы халяваю… Візы ім бясплатныя давай, уваход таксама вольны… Можа вам яшчэ і дарогу аплаціць? Дзе вы бачылі ў Эўропе бясплатныя фэсты? Радуйцеся даражэнькія!
4.
Мы папрасілі ад імя рэдакцыі пракаментаваць сітуцыю пана Барыса Керзача.
Вось яго каментар.
Я хацеў бы выказаць тры рэчы.
А) Першае. Польскі бок другі год запар канкрэтна блакуе прыезд многіх соцень (а то і больш тысячы) маладых беларусаў на Басовішча! Гэта факт! І ён з усёй відавочнасьцю азначае, што паміж польскім МЗС і адміністрацыяй Лу-кі існуе змова – абодва бакі не жадаюць росту нацыянальнай сьвядомасьці беларускай моладзі. Першыя, як высьветлілася, па-ранейшаму маюць імперскія віды на “Крэсы всходне”, а другія – не жадаюць, каб беларуская моладзь натхнялася на Басовішчы для будучых вулічных пратэстных акцый ды ўсёй іншай грамадска-палітычнай дзейнасьці ў Беларусі, скіраванай супраць прамаскоўскага этнацыднага рэжыму Лу-кі.
Акрамя стварэньня праблем з візамі для паездкі на Басовішта, тут нагадаю пра нядаўні пратэст Казуліна і Лябедзькі супраць “немаральнага торгу [Польшчы] зь беларускімі ўладамі ў справе польскай меншасьці” (гл. https://nashaziamlia.org/2009/03/26/1994/), пра нядаўнія падзеі вакол БЕЛСАТу (http://www.svaboda.org/content/Article/1514093.html). Нагадваю таксама “Карту паляка”, феномен зьяўленьня якой мы падрабязна аналізавалі паўгады таму (гл. https://nashaziamlia.org/2009/01/08/1712/).
Такім чынам, дэдукцыя кажа: паміж польскімі імперыялістамі й цяперцамі пару гадоў таму, і ў чарговы раз за сьпіной беларускага народу, адбылася дамова па здачы нашых нацыянальных каштоўнасьцяў!
Б) Для зашумленьня відавочнага факта, пададзенага ў п. А, адбываецца аперацыя прыкрыцьця. Так, польска-лукашысцкія структуры другі год запар імкнуцца перакласьці віну за нявыдачу візаў, як мінімум, 1000 беларусам для наведваньня Басовішча на… беларускіх студэнтаў у Польшчы – прадстаўнікоў БАС (гэта ж відавочна, што ня БАСаўцы выдаюць шэнгенскія візы). Менавіта гэтым тлумачыцца прысутнасьць у сеціве дзіўных каментароў – такіх, напрыклад, як сп-ні (ці сп-ні?), якая напісала ў сваім ЖЧ пра паўторнае наступаньне на адны і тыя ж граблі…
В) І, нарэшце, трэцяе. Асабліва хачу адказаць нейкаму Алесю* зь Менску.
Я жадаю вам, сп-р Алесь*, каб палякі, якіх вы бароніце такім арыгінальным нахабным чынам, таксама пабывалі ў такой сітуацыі, у якой пабывала ня менш за 1000 маладых беларусаў: каб Польшчу больш чым на 200 гадоў захапіла нейкая імперская сіла; каб яна ўвесь гэты час праводзіла этнацыд, у выніку чаго палякі амаль страцілі сваю мову; каб польская моладзь для таго, каб паслухаць свае ўласныя польскія гурты, вымушана была ехаць у іншую краіну, напрыклад, у Беларусь; каб для гэтага польскім хлопцам ды дзяўчатам трэба было атрымліваць беларускую візу; каб гэтую візу атрымала ня больш за 20-30% адсоткаў; і каб пасьля ўсяго гэтага тым, хто ня трапіў на Басовішча, беларусы казалі: “Зажраліся палякі халяваю… Візы ім бясплатныя давай, уваход вольны… Можа, вам яшчэ і дарогу аплаціць?!”…
P.S.
І яшчэ, хачу нагадаць, што ўжо менш чым праз паўгады (https://nashaziamlia.org/2009/01/08/1712) наступіць час, калі мы будзем вызначаць: ці запісваць польскіх імперастаў у ворагі беларускага народу…
Усяго лепшага, сябры!
Жыве Беларусь – наша зямля!
Прывітаньне, Сп. Барысу Керзачу.
Падпісваюся пад кожным словам рэдакцыі і Сп. Керзача.
Мэты Лукашэнкі і сп. з Польшчы і не толькі, цалкам супадаюць
З павагай.
Я.Мурашка.
А можа палякі баяцца, што пад выглядам студэнтаў у Польшчу трапяць гэбілы якія маюць заданне выканаць ролю “п’яных прама́цераных дэгенератаў быдляцкага выгляду” і пры гэтым зэканоміць камандзіровачныя грошы? У КГБ, напэўна, таксама недахоп валюты. Ці гэтыя дэгенераты тамтэйшага паходжання?
Згодзен
Я магу нават дадаць факты
Але яшчэ-такі спадзяюся на выкананьне дэклараваных абяцаньняў польскіх палітыкаў