Алесь Астроўскі
Мой, як і ўсёй нашай рэдакцыі, адказ вельлерам такі: мэта, а зь ёй і сэнс існаваньня Сьвету заключаюцца ня ў сьмерці, а ў неабмежаваным (практычна неабмежаваным з пазіцый часу жыцьця любога чалавека і ўсяго чалавецтва) прагрэсіўным разьвіцьці (запішам як С пр-п 5а). Прагрэс – гэта ўладкаваньне, упрыгожаньне, ўдасканаленьне, падвышэньне ўзроўню арганізацыі (запішам як С пр-п 5б). Дадзеныя палажэньні патрабуюць адмысловага аналізу і канкрэтызацыі.
Цяпер я ня буду губляць час, каб давесьці існаваньне феномену прагрэсіўнага разьвіцьця Сьвету – ён даўно даказаны навукоўцамі. Прапаную закрануць іншую праблему. Давайце паспрабуем зьмястоўна апісаць і азначыць гэты працэс, а таксама паказаць яго кірунак і механізмы.
Так, на малюнку 2, пададзеным у пачатку гэтага матэрыяла, агульнае разьвіцьцё Сьвету раскладзена па дзьвюх асях: першая (вось V) адлюстроўвае павелічэньне памераў Сьвету (ідзе ад чырвонай кропкі, якая пазначае момант узьнікненьня Сьвету прыкладна 13,5 млрд. гадоў таму, управа і ўніз); рост ўзроўню разьвіцьця вядомага нам Сьвету пазначае вось l (ідзе ўправа ўверх; на ёй адкладзены пройдзеныя якасна адрозныя этапы руху матэрыі, якія пры гэтым наслойваюцца адзін на адзін: фізічны – 1, хімічны – 2, біялагічны – 3, рацыянальна-сацыяльны (людскі) – 4; будучы пострацыянальны – 5; інтэрвалы паміж сінімі лініямі, якія пашыраюцца, азначаюць, што кожная форма руху матэрыі з часам працягвае разьвівацца ўнутры сябе). Вось часу пазначана праз t. Шэры колер паміж лініямі l і V азначае Сьвет ва ўсім яго аб’емё-якасьці, які быў, ёсьць, будзе. Белым колем унутры шэрага пазначаны сёньняшнія веды, вядомыя чалавецтву, пра законы існаваньня і разьвіцьця Сьвету; зялёным, блакітным і жоўтым колерам на фоне белага – веды, якія маюць тры асобных чалавекі.
Але, лепш, грунтуючыся на напрацоўках выбітнага беларускага кібернетыка Сьвятланы Новікавай (якая значную частку жыцьця якраз і займалася тэорыяй складаных шматузроўневых сістэм), падаць сьхему вядомага нам сёньня Сьвету так, як паказана ніжэй (малюнак 3).
На гэтай сьхеме сёньняшняму Сьвету адпавядае ўсё, што разьмешчана ў прамакутніках на белым фоне. Прычым, тое, што абведзена сінім і карычневым колерам адпавядае вядомаму нам Сьвету 4 млрд. гадоў таму; тое, што абведзена сінім, карычневым і зялёным адпавядае вядомаму нам Сьвету 2 млн. гадоў таму. “Фізічнае” на сьхеме азначае ўсе фізічныя аб’екты і заканамернасьці; “хімічнае” – усе хімічныя, і г.д. “Узаемадзеяньне хімічнага зь фізічным” – гэта, напрыклад, зьявы і заканамернасьці электрахіміі, утварэньня новых рэчываў у выніку ядзернага распаду ці сінтэзу і г.д.; “фізіка-біялагічнае” – гэта, напрыклад, фотасінтэз, падтрыманьне электрычнага патэнцыялу на клеткавай мембране; “рацыянальна-фізічнае” – гэта, напрыклад, механіка, электратэхніка, атамная энэргетыка і г.д.; “бія-хімічнае” – хімічныя працэсы ў жывым і за яго межамі, дзякуючы жывому; “рацыянальна-хімічнае” – зьявы карыстаньня агнём, металургіі, самыя розныя хімічныя тэхналогіі й г.д.; “рацыянальна-біялагічнае” – сельская гаспадарка, медыцына і г.д.
Таксама на дадзенай сьхеме стрэлка паказвае кірунак прагрэсіўнага разьвіцьця Сьвету. На фоне шматлікіх сьмерцяў і зьнікненьняў, якія, сапраўды, мелі, маюць і будуць мець месца, інтэгральны вынік існаваньня Сьвету відавочна мае станоўчае значэньне і нарастае – ідзе ўверх. Энэргія “першаснага выбуху”, які стварыў Сусьвет, ня толькі проэнтрапійна расьцярушваецца, а й ідзе на стварэньне новых, усё больш інфармацыйна насычаных структур і зьяў. Калі энэргію Сусьвета ў час яго зараджэньня пазначыць як E, яе энтрапію як Э, а інфармацыю (сінонім – структуры, зьявы), якая ствараецца падчас расходваньня энэргіі, праз I, атрымаем формулу:
Е = Э + І.
Калі мы праігнаруем Э, атрымаем, што энэргія з часам існаваньня Сьвету прынамсі часткова ператвараецца ў інфармацыю, якая ёсьць “пабочным прадуктам” энтрапіі:
Е –> І.
Разьвіцьцё Сьвету – гэта яго ўзбагачэньне, якое дадае да таго, што было, дадае ўсё новае і новае – прычым, усё больш дасканалае, высокаўзроўневае, прыгожае. Узьнікаюць і дадаюцца ўсё новыя структуры, зьявы, інфармацыя (прывітаньне Вельлеру). У гэтым і ёсьць зьмест існаваньня Сьвету, як і… сэнс быцьця людзей у ім!
Возьмем прасьцейшы “гукавы” прыклад: у працэсе разьвіцьця Зямлі да шуму ветру, марскіх хваль, перуновых грымотаў, кропель даджу дадаліся цьвіркатаньні конікаў і сьвярчкоў, сьпевы жабаў і птушак, а пазьней да ўсяго гэтага дадаліся гукі барабанаў і дуды, музыка Моцарта, Агінскага, Бітлоў, Песьняроў… Наперадзе цудоўныя музычныя творы, створаныя кампутарамі… Цяпер усе гэтыя гукі існуюць разам, утвараючы якасна больш маштабную, гарманічную і велічную гукавую сімфонію нашай рэчаіснасьці (кожны, хто жадае, можа падаць іншы вобразны шэраг).
У дазенай сітуацыі што да кожнай людскай істоты аб’ектыўна стаіць простае пытаньне: чалавек, ты ўдзельнічаеш у гэтым працэсе – працэсе прагрэсіўнага разьвіцьця Сьвету – ці не? Бо, у якой якасьці й ступені ты ўдзельнічаеш, у такой ступені тваё жыцьцё мае (набывае) сэнс…
Істотнымі што да прагрэсіўнага разьвіцьця ёсьць пытаньні, датычныя механізмаў ўзьнікненьня больш высокай формы руху матэрыі (1-е) і асноўных заканамернасьцяў міжузроўневага ўзаемадзеяньня (2-е).
2.1.
Давайце разгледзім першае з гэтых пытаньняў на прыкладзе механізмаў існаваньня біясьферы і ўзьнікненьня зь яе людскай цывілізацыі (гл. малюнак 4 унізе; паказана, што чатыры галоўныя ўзроўні біялагічнага разьмешчаны паміж фізіка-хімічным і рацыянальна-сацыяльным).
На гэтай сьхеме бачна, што такая складаная сістэма, як жывое Зямлі, мае 4 якасна своеасаблівыя (галоўныя) ўзроўні ў сваёй арганізацыі: клеткавы, арганізьменны, відавы, біясьферны. Галоўны элемент кожнага з гэтых узроўняў здольны праз пэўны час (для кожнага – свой) ня толькі загінуць і зьнікнуць, а і, як правіла, перад гэтым памножыцца (яшчэ адно прывітаньне Вельлеру). Клеткі дзеляцца, утвараючы іншыя клеткі. Арганізмы размнажаюцца. Віды дзівергіруюць. Біясьфера за час свайго існаваньня (4 млрд. гадоў) ня толькі грандыёзна разьвілася, але і таксама падзялілася, утварыўшы дадатковую “біясьферу” – людскую цывілізацыю! (дарэчы, на сьхеме паказана, што інтэграцыя (складаньне) пасьля множаньня зьяўляецца механізмам зьяўленьня сістэмы істотна больш высокага ўзроўню; але пра інтэграцыю будзе пазьней).
Такім чынам, існаваньне і разьвіцьцё біясьферы адбывалася і адбываецца на грунце множаньня яе больш базавых элементаў, а вынікам яе ўласнага множаньня становіцца зьяўленьне новага больш высокага ўзроўню руху матэрыі.
Акрамя множаньня, і часта адначасова з гэтым, кампаненты любой складанай шматузроўневай сістэмы здольны таксама і да заканамернага зьмяненьня – зьявы дыферэнцыяцыі (назапашваньня адрозьненьняў), бо кожны кампанент здольны мяняцца ў сваім кірунку. Так клеткі, арганізмы, віды здольны на працягу часу заканамерна (прычым, накіравана, біялагічна сэнсоўна) зьмяняцца – разьвівацца, эвалюцыянаваць. Іх зьмены штурхае імкненьне да біялагічнай адаптацыі, да біялагічнага прагрэсу, асноўным сэнсам (і паказьнікамі) якога зьяўляецца падвышэньне верагоднасьці выжываньня арганізмаў віду, рост іх колькасьці, пашырэньне арэлу, нарастаньне шчыльнасьці пражываньня, асваеньне новых экалагічных ніш.
Аднак пры гэтым біялагічны посьпех можа быць дасягнуты на грунце розных кірункаў зьмен. Гэтыя кірункі становяцца бачнымі на фоне іншай формы прагрэсіўнага разьвіцьця, якая завецца морфа-фізіялагічнай.
Для таго, каб асэнсаваць апошняе, давайце прыгледзімся да схемы, пададзенай ніжэй на малюнаку 5 (тут паказана практычна тое ж, што я ў свой час прапанаваў як “мадэль росту сасны” – гл. https://nashaziamlia.org/2007/03/01/545 – толькі ў адрозьненьне ад апошняй, вось L і t ідуць у розных кірунках – адпаведна вертыкальна і гарызантальна). На ёй умоўна паказаны 4 галоўных кірункі структурна-функцыянальных зьмен, якія могуць адбыцца з клеткай, арганізмам, відам у працэсе эвалюцыі.
Першы кірунак (пазначаны лічбай 2; стрэлка нібы па прыступках узьнімаецца ўверх) – гэта кірунак стратэгічных прагрэсіўных ператварэньняў (арамарфозаў), якія з часам (t) вядуць да істотнага падвышэньня ўзроўню арганізацыі (гэтыя ўзроўні пазначаны плоскасьцямі L1, L2, L3). Напрыклад, гэта такія зьмены, якія спрыялі ператварэньню рыб у амфібіі, амфібій у рэптыліі, апошніх у млекакормячых. У ходзе такіх ператварэньняў праяўляюцца зьявы нарастаньня суб’ектнасьці арганізмаў (іначай завецца аўтанамізацыяй) – г.зн. павелічэньне ступені іх незалежнасьці ад умоў вонкавага асяроддзя. Усё большую частку таго, што раней арганізм павінен быў артымліваць ад асяроддзя, цяпер ён забясьпечвае сам. Параўнайце: рыбы істотна залежаць ад вады і яе тэмпературы; амфібіі ўжо менш залежаць ад вады; некаторыя рэптыліі ўжо настолькі не залежаць ад вады, што некаторыя віды рэптылій жывуць у тых месцах, дзе за ўсё жыцьцё ня бачаць ніводнай кроплі дажджу (свабоднай вады); а млекакормячыя ня толькі мала залежаць ад вады, а і за кошт гамаятэ́рмнасьці істотна менш залежаць ад тэмпературы вонкавага асяроддзя ў параўнаньні з усімі папярэднімі класамі хрыбтовых.
Другі кірунак – кансерватыўны (пазначаны лічбай 3; стрэлка ідзе наперад). Арганізмы (ці іншае жывое) практычна з часам не мяняюцца, ператвараючыся ў закансерваваныя, рэліктавыя формы.
Трэці кірунак – гэта тактычнае прыстасаваньне – сьпецыялізацыя (лічба 4; стрэлкі разыходзяцца ў бакі). Арганізмы набываюць такія зьмены, якія істотна не мяняюць іх узровень арганізацыі, але дазваляюць адаптавацца да розных экалагічных ніш. Напрыклад, параўнайце па-рознаму адаптаваныя атрады (іх каля 20) прынцыпова аднолькавых млекакормячых.
Чацьверты кірунак (пазначаны лічбай 5; стрэлка падае ўніз) – кірунак морфа-функцыянальнай дэградацыі. Аказваецца, што для мэт выжываньня (біялагічнага прагрэсу) бывае карысным (!) страціць морфа-функцыянальныя дасягненьні продкаў – напрыклад, пазбавіцца вачэй, пігменту, крылаў, канечнасьцяў (ці ўвогуле стаць нерухомым). Бывае, арганізмы пазбаўляюцца нават ад уласнай сістэмы страваваньня (некаторыя паразіты).
З усіх пералічаных кірункаў, натуральна, самым галоўным зьяўляецца першы – кірунак стратэгічных прагрэсіўных ператварэньняў – арамарфозаў. Менавіта ён забясьпечвае самую галоўную рысу эвалюцыйнага прагрэсу – падвышэньне ўзроўню арганізацыі ўсёй біясьферы ў цэлым, г.зн. сапраўдны прагрэс!
Морфа-функцыянальны прагрэс – асноўная тэхналогія забесьпячэньня біялагічнага прагрэсу. Параўнайце колькасьці відаў, масы целаў, сумарныя біямассы розных падтыпаў жывёл, якія належаць да тыпу хордавых (гл. малюнак 6 зьлева), а таксама – хто каго можа зьесьці (на сьхеме прагрэсіўны кірунак разьвіцьця ад перашага хордавага, які зьявіўся на Зямлі сотні мільёнаў гадоў таму, пазначаны лічбай 1, кансерватыўны – 2, дэградатыўны – 3). Так, напрыклад, колькасьць відаў ланцэтнікаў і нерухомых абалочнікаў, якія абралі адпаведна кансерватыўны і дэградатыўны шляхі разьвіцьця, каля 1000. Агульная адносная біямаса іх невялікая. Тады як колькасьць відаў усіх больш высокаарганізаваных хордавых, якія належаць да падтыпу хрыбтовых, перавышае 40.000(!) і агульная біямаса іх непараўнальна большая.
На маё меркаваньне, у чалавецтва сістэмным аналагам біялагічнага прагрэсу, уласьцівага для жывога, зьяўляецца тэхналагічны прагрэс (здольнасьць рабіць матэрыяльныя рэчы ва ўсё большай колькасьці, якасьці й са ўсё лепшымі функцыянальнымі характарыстыкамі), а аналагам морфа-функцыянальнага прагрэсу жывога ў чалавецтва зьяўляецца гуманістычны прагрэс (азначэньне гл. у пачатку артыкула). Такое ж сістэмна-аналагічнае значэньне мае і праблема ўзаемадзеньня розных форм прагрэсу. Так, жывое накіравана на біялагічны прагрэс, але, як паказана вышэй, жывое стратэгічна выйграе, калі біялагічны прагрэс дасягаецца менавіта за кошт морфа-фізіялагічнага прагрэсу, калі апошні становіцца механізмам першага. Так і ў чалавецтва. Я не выступаю супраць яго тэхналагічнага прагрэсу. Але, паўтаруся, персьпектыва ў чалавецтва будзе толькі тады, калі дадзеная форма прагрэсу будзе грунтавацца на істотных гуманістычных дасягненьнях (дарэчы, элементарна бачна, што ўсе краіны, якія дасягнулі посьпехаў – на фоне іншых краін – у эканоміцы, у матэрыяльным узроўні жыцьця сваіх грамадзян, зрабілі гэта найперш дзякуючы лепшай гуманістычнай уладкаванасьці сваіх грамадстваў; калі цяпер некаторыя зь іх страчваюць гэтыя свае дасягненьні – гэта значыць, што такая ўладкаванасьць у іх таксама страчваецца).
Дадаткова варта падкрэсьліць, што прагрэсіўнае разьвіцьцё – гэта ня столькі ўскладненьне арганізацыі (так спачатку можа ўяўляцца, бо дэградацыя – гэта заўсёды спрашчэньне арганізацыі), колькі яе ўдасканаленьне, якое можа быць забясьпечана нават праз пэўнае спрашчэньне (напрыклад, круглыя чэрві арганізаваны больш проста, чым плоскія, але іх будова зьяўляецца эвалюцыйна больш дасканалай; прычынай такога феномену стала зьяўленьне новай структуры – поласьці цела (яе ў плоскіх чарвей няма), якая ўзяла на сябе функцыю транспарту клетак і рэчываў, пазбавіўшы ад гэтай функцыі іншыя сістэмы арганізма).
Такім чынам, у працэсе разьвіцьця за кошт множаньня элементаў складанай сістэмы, іх дыферэнцыяцыі ў розных кірунках сярод іншых зьяўляюцца і больш дасканалыя яе элементы.
2.2.
Час зьвярнуць увагу на працэс узаемадзеяньня новага са старым – яшчэ адзін істотны механізм прагрэсіўнага разьвіцьця складаных шматузроўневых сістэм. Такое ўзаемадзеяньне і элементаў сістэмы, і ўзроўняў арганізацыі вядомага нам Сьвету можна назваць іх інтэграцыяй (дырэчы, сапраўднай інтэграцыі без папярэдняй дыферэнцыяцыі ня можа быць у прынцыпе; калі пра такую “інтэграцыю” ідзе гаворка – як, напрыклад, пра “інтэграцыю” Беларусі й Расеі – гэта будзе не інтэграцыя, здольная забясьпечыць інтэнсіўны працэс разьвіцьця, скіраваны ўверх, а ўсяго толькі банальнае гарызантальнае (экстэнсіўна-экспансіўнае) павелічэньне памераў, распаўзаньне, якое будзе суправаджацца складаньнем недахопаў, што ня будзе мець ніякага дачыненьня да сапраўднага прагрэсу…).
Якая роля будзе ў розных аб’ектаў, калі яны пачнуць інтэгравацца ў адзіную сістэму – таго, які быў раней, і таго, што ўзьнік у выніку морфа-функцыянальнага прагрэсу? (Натуральна, гаворка пакуль пойдзе пра паўнавартасную, здаровую сістэму)
Патлумачу гэта з дапамогай малюнка 7 (дарэчы, гэтая сьхема ёсьць элементам сьхемы 3 і дэталізуе яе).
Больш дасканалыя аб’екты, паўсталыя ў выніку структурна-функцыянальнага прагрэсу, калі яны пачынаюць аб’ядноўвацца з ранейшымі элементамі ў новую больш складаную сістэму, выконваюць у ёй кіруючую ролю (апошняя пазначана стрэлкай зь лічбай 2). Іх задача – вызначаць далейшы кірунак руху ўсёй гэтай сістэмы. Старыя, менш дасканалыя выконваюць ролю, якую можна назваць базавай (пазначана стрэлкай зь лічбай 1). Без базавага кампанента ўся сістэма, у т.л. яе кіруючы кампанент, існаваць ня могуць. Таму і базавы, і кіруючы кампанент у межах аб’яднанай сістэмы патрэбныя адзін аднаму для вырашэньня больш складаных задач, вырашыць якія дзеля агульнай карысьці яны могуць толькі разам!
Так, людзі у даступным ім аб’ёме кіруюць біялагічным, хімічным, фізічным, а не наадварот; жывая клетка вызначае, якія хімічныя працэсы ў ёй павінны ісьці, а якія не; ваеннаначальнікі вызначаюць, калі войску наступаць і калі бараніцца, а не шэрагоўцы. У той жа час не было б людзей, калі б не існавала Зямлі й усіх аб’ектаў і зьяў на ёй; не было б клеткі, калі б не маглі адбывацца хімічныя ператварэньні ўнутры яе; не бывае войска і камандзіраў у ім без салдатаў.
Прывяду яшчэ адзін разгорнуты прыклад (датычны сістэмы: чалавек – народ), каб можна было лепш зразумець сэнс словаў “кіраваньне з боку вышэйшага базавым”. Ясна, што народ складаецца зь людзей адпаведнай этнічнай прыналежнасьці (напрыклад, беларусаў) й іхных сем’яў. Таму апошнія ў адносінах да народу – базавае. Аднак, напрыклад, у абсалютнай большасьці сёньняшніх беларускіх сем’яў (найперш з-за дэструктыўна-некрафільнага інфармацыйнага асяроддзя, а не па эканамічных прычынах, як абвяшчаецца) гадуецца толькі па аднаму-два дзіця (больш дакладная дэмаграфічная зьява апісваецца так: цяпер адна сярэднестатыстычная беларуска за жыцьцё нараджае 1,2-1,4 дзіця). Вядома, што для таго, каб народ не выміраў, нават у мірны час гэты паказьнік павінен складаць 2,2-2,3 дзіця на сярэднестатыстычную жанчыну. Інакш народ паступова вымрэ. Так, асобныя людзі, сем’і, прымаючы рашэньне, колькі дзяцей ім мець, зыходзяць са сваіх (як ім здаецца) інтарэсаў. Але, калі яны ня будуць зарыентаванымі на тое, што для існаваньня народу трэба, каб у семьях было 2-4 дзяцей, праз пэўны час не застанецца ні народу, ні іх саміх… Вось такім чынам вышэйшае (у абранай намі сістэме – інтарэсы народу) кіруе базавым (інтарэсы чалавека, сям’і). Жорстка. Без варыянтаў.
З пададзенага вынікае, што існаваньне любой сістэмы, яе лёс залежыць ад абодвух кампанентаў – і ад базавага, і ад кіруючага. Яны аднолькава важныя! (таму часта пытаньне: хто важней? – зьяўляецца недарэчным).
На іншым прыкладзе хачу зьвярнуць увагу на яшчэ адзін асьпект узаемадзеньня вышэйшага і базавага. Уявіце сабе, што нейкі чалавек (ці нават вы) апынуліся ў ратаўнічай лодцы, але бязь вёслаў, недзе ў моры-акіяне. У вас ёсьць толькі невялікі запас вады і ежы. Што вы маглі б жадаць, каб у вас было яшчэ? Вядома, найперш вёслы, ці матор, каб мець магчымасьць рухацца. А затым? Компас, каб мець магчымасьць устойліва рухацца ў абраным кірунку. А яшчэ? Прыборы, якія дазволілі вам вызначыць вашае месца знаходжаньня і месца, куды лепш за ўсё плыць – мэту вашага самастойнага руху. Такім чынам, вышэйшы ўзровень арганізацыі, зьвязаны з магчымасьцю плыць у кірунку лепшай мэты, уключае ў сябе ўсе папярэднія, больш базавыя ўзроўні арганізацыі – і магчымасьць устойліва рухацца ў абраным кірунку, і магчымасьць проста самастойна рухацца, і ўвогуле сваё існаваньне.
Таксама, калі мы гаворым пра тое, што мы выступаем за гуманістычны прагрэс беларускага народу і ўсёй людскай цывілізацыі, гэта азначае, што мы выступаем і за паляпшэньне жыцьця людзей, і за захаваньне ўсяго лепшага, што накапіла чалавецтва і наш народ за час сваёй культурнай эвалюцыі, і проста іхнае выжываньне…
Такім чынам, калі прысутнічае больш высокі ўзровень арганізацыі, ён ужо аўтаматычна ўключае ўсе папярэднія, больш базавыя ўзроўні, вызначаючы толькі іх накіраванасьць.
Аднак, кіруючы кампанент, як усё эвалюцыйна новае і, як правіла, больш складанае, ёсьць найбольш слабай часткай сістэмы. І зь ім бываюць самыя розныя праблемы. Бывае, што кіраўніцтва дэградуе, як дэградуе здаровая клетка ў злаякасную, а бывае, што кіраўнічую ролю ў сістэме захоплівае (ці, прынамсі, пачынае істотна ўплываць на яе) ня лепшы, а ў той ці іншай ступені недасканалы, нізкаўзроўневы, абмежаваны элемент. Апошнюю зьяву можна назваць сістэмным паразітызмам. Гэтая зьява разнастайная, яна выяўляе сябе ў самых розных сістэмах. У электратэхніцы вядомыя паразітычныя токі, у і-сеціве – вірусы, ёсьць яшчэ біялагічныя і сацыяльныя паразіты…
Так, шырока вядомы розныя біялагічныя паразіты (вірусы, бактэрыі, грыбы, жывёлы), якія імкнуцца жыць, напрыклад, за кошт цела чалавека. Дарэчы, ня менш за палову ўсіх праблем са здароўем у людзей ва ўсім сьвеце выкліканы паразітамі.
Найбольш распаўсюджанае азначэньне біялагічнага паразіта такое: гэта арганізм чужога біялагічнага віду (1-ы крытэр), які выкарыстоўвае арганізм гаспадара (чалавека ці іншы жывы арганізм) як месца жыхарства, крыніцу харчаваньня (2-і крытэр), чым наносіць яму істотную шкоду (3-і). Гэта шкода і ёсьць хвароба. Аднак у гэтым азначэньні адсутнічае яшчэ адзін крытэр: паразіт заўсёды (!) зьяўляецца менш дасканалым, менш самастойным і высокаараганізаваным, чым гаспадар, на якім ён паразітуе. Між тым, гэты крытэр (4-ы) становіцца ключавым, калі мы гаворым пра сацыяльны паразітызм (а 1-ы крытэр, калі не адпадае – бо ўсе людзі належаць да аднаго біялагічнага віду – дык мадыфікуецца: сацыяльныя паразіты не зьяўляюцца ці не адчуваюць сябе часткай адпаведнага народу; для іх чужымі ёсьць і этычныя прынцыпы. З гэтых пазіцый яны таксама ксена-, таксама чужакі).
Такім чынам, сацыяльны паразітызм – гэта зьява, калі сьветаглядна абмежаваны, маральна нізкапробны, эгаістычны чалавек ці група такіх людзей, захапіўшы ў грамадстве тую ці іншую кіроўную пазіцыю (у эканоміцы, палітыцы, ідэалогіі, СМІ), зь яе дапамогай выкарыстоўвае(юць) іншых, чым наносяць асобным людзям ці грамадству ў цэлым відавочную шкоду.
Сацыяльныя паразіты тармозяць гуманістычны прагрэс, разбураюць назапашаныя прынцыпы здаровага сацыяльнага ўладкаваньня, праз што дэградуюць узровень гуманістычнай уладкаванасьці асобных грамадстваў і ўсяго чалавецтва ў цэлым. Усё гэта яны робяць дзеля сваіх прымітыўных мэт – неабмежаванага матэрыяльнага забесьпячэньня і хворых эгаістычных амбіцый. Адсюль відавочна, што сацыяльны паразітызм – зьява абсалютна антыпрагрэсіўная, зь якой любая нацыянальна-гуманістычная эліта мусіць вынікова змагацца.
Абагульваючы ўсё, пададзенае вышэй, можна запісаць, што працэс прагрэсіўнага разьвіцьця любой складанай сістэмы заснаваны на ўзаемадзеньні двух механізмаў – дыферэнцыяцыі яе кампанентаў і іх інтэграцыі, у якой больш прагрэсіўны кампанент сістэмы павінен выконваць кіраўнічую ролю. Зафіксуем гэта як чарговы прынцып Сьветагляднай дактрыны (С пр-п 17).
2.3.
Давайце цяпер абмяркуем некаторыя прыкладны́я феномены, якія ўзьнікаюць з пададзенай тэорыі.
2.3.1. Напрыклад, зьвернем увагу зь псіхалагічных пазіцый на феномен сьмерці, які толькі й бачыць у жыцьці ды сьвядома накідае іншым сп-р Вельлер (трэцяе яму прывітаньне). Зьвярніце ўвагу на малюнак 4. Зь яго бачна, што калі клетка дзеліцца на дзьве дачынныя клеткі, гэта азначае адначасна і сьмерць (зьнікненьне) продкавай клеткі, зь якой гэтыя клеткі ўтварыліся (хаця, натуральна, клетка можа загінуць і зь іншых прычын). У шматклеткавых арганізмаў працэс сьмерці ўжо цалкам аддзелены ад іх множаньня-размнажэньня. Але кожнаму шматклеткаваму арганізму сьмерць наканавана. Ён памрэ-загіне абавязкова, пражыўшы генетычна вызначаны час… Віды патэнцыйна бессьмяротныя, але гэты іх патэнцыял абмежаваны эвалюцыяй іншых відаў арганізмаў, якія могуць выціснуць стары від зь яго экалагічнай нішы – з-за чаго ён вымрэ. Патэнцыял да бессьмяротнасьці ў біясьферы яшчэ большы. Яе зьнікненьне з паверхні Зямлі й з глыбінь акіянаў (“марскія курыльшчыкі”) можа быць выклікана толькі такімі зьменамі ўмоў на нашай планеце, якія зьяўляцца абсалютна несумяшчальнымі з магчымасьцю існаваньня жыцьця на ёй (такія зьмены могуць, напрыклад, адбыцца з-за падзей з Сонцам праз… некалькі мільярдаў гадоў). Але вось зьявілася людская цывілізацыя. І калі чалавецтва само сябе ня зьнішчыць (першае), і калі забясьпечыць свой тэхналагічны прагрэс (другое; які, як я ўжо падаў вышэй, магчымы на грунце гуманістычнага прагрэсу), яно будзе здольна распаўсюдзіцца ў пэўнай частцы нашай галактыкі, забясьпечыўшы сабе большую бессьмяротнасьць, чым на тое здольна нават уся сучасная біясьфера… Карацей, персьпектыва чалавецтва, зноў паўторым, цалкам залежыць ад таго, як у нас будзе адбывацца гуманістычны прагрэс! (дарэчы, працягваючы пададзены шэраг заканамернасьцяў, можна ўбачыць, што лёс усяго Сусьвету яшчэ больш аптымістычны: за трыльёны гадоў яго будучага існаваньня можа быць свораны новы Абсалютна Незьнішчальны Сусьвет; і зноў пытаньне: чалавек, ці ты хочаш удзельнічаць у гэтай неверагодна градыёзнай справе?!)
Так што давайце і далей рашуча адкідаць песімістычна-сьмяротны кірунак мысьленьня і такі ж дыскурс (каму б яны ні належалі), як нешта неадэкватнае, недарэчнае…
Іншая справа, што чалавецтва можа само сябе зьнішчыць альбо здэградаваць. Пра гэта гаворка ўжо была і гэтага нельга дапусьціць ні пры якіх абставінах! – вось і ўвесь адказ…
2.3.2. Варта таксама разгледзець яшчэ адно пытаньне зь філасофскай сьферы. Чалавецтва зьяўляецца вышэйшай формай існаваньня матэрыі ў дакладна вядомай нам частцы Сьвету – нашай рэчаіснасьці. (Што да іншапланетных разумных істот, я лічу, што тут варта заявіць наступнае: яны ня толькі могуць быць, а і найверагодней – ёсьць; 100%-ва навукова-дакладных зьвестак аб іх існаваньні няма (прынамсі, у адкрытай для грамадскага ўжытку форме); большасьць “фактаў”, якія прыводзяцца на карысьць існаваньня пазазямных цывілізацый разумных істот, зьяўляюцца інфармацыйным сьмецьцем, магчыма, ствараемым наўмысна, каб зашуміць сапраўды важкія факты; высокаразьвітым цывілізацыям мы можам быць настолькі малацікавымі, як жыцьцё мурашніка ў лесе – па гэтай прычыне ці па прычыне вышэйшай гуманістычнасьці, якая нагадвае паводзіны сапраўднага эколага ў запаведніку, яны могуць імкнуцца зьвесьці сваё кантактаваньне з намі да мінімуму).
Гэта азначае, што далейшы прагрэс чалавецтва зьвязаны з падпарадкаваньнем тым заканамернасьцям, якія сёньня людзям яшчэ не вядомыя, бо датычаць толькі будучыні. Адсюль пытаньне: ці законы далейшага прагрэсіўнага разьвіцьця чалавецтва, законы яго больш высокага ўзроўню арганізацыі ўжо існуюць (хаця і невядомы нам, але чакаючы свайго адкрыцьця) ці чалавецтва само створыць гэтыя законы напярэдадні пабудовы новага больш высокага ўзроўню сваёй арганізацыі?
Па-першае, мне падаецца, што ў адказе на гэтае пытаньне закладзены тэст на веру ў існаваньне Вышэйшай сілы (Бога), якая кіруе разьвіцьцём Сьвету. Па-другое, я і мае сябры па рэдакцыі прынялі, што мы не ствараем законы прагрэсу, а толькі адкрываем іх…
2.3.3. Кібернетычная сьхема, аналагічная пададзенай на малюнку 3, можа быць пабудавана і на іншым прынцыпе. Там яна складзена на грунце “эвалюцыйнага” падыходу – г.зн. тое, што зьяўляецца больш высокаўзроўневым, па часе ўзьнікла пазьней. Яшчэ адной такой сьхемай, маючай істотнае значэньне, можа быць сістэма псіхікі чалавека. Асабіста я прыйшоў да высновы, што псіхіка людзей таксама мае 4 галоўныя узроўні: падсьвядомасьць, псеўдарацыянальную сьвядомасьць, рацыянальную сьвядомасьць, пострацыянальную сьвядомасьць. Склаўшы гэтыя псіхічныя пласты так, як паказана на малюнку 4, мы можам атрымаць сістэму, якая здольная лепш, чым вядомыя сістэмы Юнга і Сарокіна, тлумачыць псіхічныя і соцыя-псіхічныя заканамернасьці (прыйдзе час і пра гэта я распавяду падрабязьней).
Альтэрнатыўным падыходам да будовы кібернетычнай сістэмы, аналагічнай пададзенай на малюнку 3, зьяўляцца такі, які можна назваць “структурным”. У ім больш базавы ўзровень арганізацыі складаецца з элементаў больш высокага ўзроўню. Усё чалавецтва (як і, напрыклад, усю біясьферу) можна ўявіць такой складанай шматузроўневай сістэмай, пабудаванай на гэтым “структурным” прынцыпе. Для таго, каб далейшая гаворка была больш зьмястоўнай, давайце разгледзім тое, што паказана ўнізе на малюнку 8.
Тут літарай А пазначаны адзін варыянт, больш наглядны, пабудовы сістэмы чалавецтва, а літарай Б – іншы, кібернетычны варыянт (атрымаўся такі ж, як і на малюнку 3). У абодвух выпадках бачна, што ў якасьці галоўных узроўняў арганізацыі ў межах чалавецтва прапануецца прыняць наступныя структуры: чалавек (людскі індывід); сацыяльная група (сям’я, працоўны калектыў, сацыяльная страта, клас); народ-нацыя; чалавецтва.
Далей лепш выкарыстоўваць варыянт Б дадзенай сьхемы – ён хаця і пабудаваны на іншым прынцыпе, чым на малюнку 3, але як кібернетычная сістэма дае той жа вынік. Атрымліваецца, што заканамернасьці існаваньня і прагрэсіўнага разьвіцьця народу падпарадкоўваюцца заканамернасьцям чалавецтва; заканамернасьці існаваньня і разьвіцьця любой сацыяльнай групы ўнутры этнічнай нацыі-дзяржавы падпарадкоўваюцца заканамернасьцям існаваньня дзяржаваўтваральнага народу (як і, натуральна, чалавецтва); заканамернасьці жыцьця асобных людзей падпарадкоўваюцца заканамернасьцям існаваньня і разьвіцьця адпаведнай сацыяльнай групы, адпаведнага народу і ўсяго чалавецтва.
Пададзенае варта зафіксаваць як чарговы прынцып нашай Сьветагляднай дактрыны (С пр-п 18, які ўжо даўно прапануецца рэдакцыяй і ўзгоднены зь усімі яе сябрамі; дарэчы, а тое, што чалавецтва кіруецца законамі Сьвету, ужо даўно адлюстравана праз С пр-п 2).
2.3.4. Так, як толькі што мы склалі кібернетычную мадэль, каб уладкаваць некаторыя прынцыповыя пытаньні, зьвязаныя зь персьпектывай існаваньня чалавецтва, у такім жа выглядзе мы можам падаць і арганізм чалавека. Ён таксама складаецца з 4 галоўных узроўняў: клетка (першы); тая ці іншая біялагічная тканка (другі); сістэма органаў на чале з галоўным органам (трэці); увесь цэласны арганізм (чацьверты). Як і ва ўсіх папярэдніх выпадках, клетка прэзентуе базавы ўзровень арганізацыі, а арганізм – найвышэйшы.
Але, у адрозьненьне ад Сьвету, біясьферы ці чалавецтва, час жыцьця любога чалавека строга абмежаваны. Кожны з нас, на жаль, а мо і не, абавязкова памрэ. Стратэгічная прычына ў тым, што арганізм – гэта моцна цэнтралізаваная сістэма. Усе падзеі, зьвязаныя зь яе існаваньнем, жорстка запраграмаваныя – ад нараджэньня і да сьмерці праз старасьць. Такія сістэмы я прапаную называць антагенетычнымі. У адрозьненьне ад іх, такія сістэмы, як від, біясьфера, зьяўляюцца моцна дэцэнтралізаванымі. Іх разьвіцьцё кіруецца ўмовамі вонкавага асяроддзя. Такія сістэмы я прапаную называць філагенетычнымі. Іх зьнікненьне, сьмерць – не запраграмаваная.
Дык вось, чалавецтва таксама зьяўляецца тыповай філагенетычнай сістэмай. Але, з мэтай яго ўладкаваньня, каб паменшыць колькасьць бедаў, якія суправаджаюць жыцьцё людзей, мы можам імкнуцца яго цэнтралізаваць – г.зн. паступова, магчыма несьвядома, ператварыць чалавецтва з філагенетычнай сістэмы ў антагенетычную (з вынікаючымі адсюль наступствамі ў выглядзе абавязковай сьмерці для любой такой сістэмы). Рухаючыся па вузкай горнай сьцежцы паміж дзьвюмя скрайнасьцямі, у нас ёсьць небясьпека зьехаць у іншы кувет…
На мой погляд, аптымальнае рашэньне, як найчасьцей бывае ў аналагічных выпадках, заключаецца ў тым, каб заўсёды знаходзіцца паміж скрайнасьцямі – на мяжы, на нейтральнай лініі, якая аддзяляе адну форму магчымай дэградацыі чалавецтва (анархія, хаас войнаў на фоне нарастаньня магчымасьцяў зьнішчэньня ўсяго жывога) ад другой (цэнтралізацыя да абсалютнага глабальнага таталітарызму з наступнай поўная дэградацыяй чалавецтва практычна ў жывёльны стан)! Выйсьце – залатая сярэдзіна – выглядае так: чалавецтва павінна быць анта-філагенетычнай сістэмай. Практычнае вырашэньне гэтай задачы цалкам залежыць ад таго, ХТО і ЗЬ ЯКІМІ МЭТАМІ будзе кіраваць нашай людскай цывілізацыяй у будучыні.
Данае палажэньне вартае таго, каб быць прынцыпам нашай Сьветагляднай дактрыны (С пр-п 19).
2.3.5. З усіх разважаньняў, пададзеных вышэй, і іх абагульненьня ў цэлым бачна, што персьпектыва існаваньня і прагрэсу чалавецтва жорстка зьвязана з шэрагам наступных стратэгічных умоў, якія адначасова зьяўляюцца стратэгічнымі механізмамі гуманістычнага прагрэсу і мусяць улічвацца будучымі кіраўнікамі людскай цывілізацыі, якія жадаюць пакінуць прагрэсіўны сьлед у гісторыі й адпаведную памяць пра сябе:
1. павінны быць захаваны й істотна палепшаны ў параўнаньні зь сёньняшнім станам экалагічныя ўмовы на Зямлі – асяроддзе існаваньня людзей і ўсіх іншых жывых арганізмаў, павінна істотна паменшыцца выкарыстаньне неаднаўляльных прыродных рэсурсаў, зьменшыцца памер чалавецтва;
2. павінна захавацца і разьвіцца натуральная ўнутраная разнастайнасьць чалавецтва – г.зн. яго нацыянальна-этнічная дыферэнцаванасьць;
3. павінна перайсьці на якасна іншы ўзровень міжнароднае ўзаемакарыснае супрацоўніцтва – інтэграцыя на грунце стратэгічных гуманістычных прынцыпаў;
4. павінна істотна ўзмацніцца змаганьне з сацыяльнымі паразітамі чалавецтва ў кірунку іх поўнага зьнішчэньня.
Вядома, кожны з гэтых прынцыпаў патрабуе далейшай дэталізацыі. Яна будзе зроблена. Але і тое, што пададзена, варта зафіксаваць як прынцып нашай Сьветагляднай дактрыны (С пр-п 20).