nashaziamlia.org

Асьветна-адукацыйны, грамадазнаўчы сайт для беларусаў: аналіз, прагноз, сілы, інтарэсы, сьветагляды, ідэі, ідэалогіі, праграмы, мэты.

Запісы

Ратуйцеся, беларусы!

1 верасня, 2009 | Няма каментараў

Леанід Лыч, доктар гістарычных навук, прафесар

d09bd18bd187Сёньня, 1 верасьня 2009 г., у Дзень Ведаў, мы мусім працягваць жыць 16-год у нашай роднай Беларусі ва ўмовах беларусафобскай дыктатуры. І мы па-ранейшаму маем жахлівую сітуацыю: нашы беларускія дзеткі на іх уласнай зямлі ў абсалютнай большасьці вымушаны зноў пачынаць вучыцца на… імперска-акупацыйнай мове. Рэдкасная па сваім глыбінным сатанізьме зьява. У дадатак напярэдадні 1 верасьня прыйшло чарговае сумнае паведамленьне: у Беларусі яшчэ два буйных горада – Магілёў і Бабруйск – цалкам, пад нуль, страцілі школьнае беларускамоўнае навучаньне (www.svaboda.org/content/article/1811527), далучыўшыся да такіх гарадоў, як і наша Гародня… Гэта поўнасьцю супярэчыць нядаўнім заявам магілёўскага ваяводы Пятра Рудніка адносна яго пазітыўнага стаўленьня да беларусізацыі (www.svaboda.org/content/article/1804477). Тактыка прыкрыцьця злачынства далейшага этнацыду? Цалкам можа быць… Артыкул паважанага прафесара Лыча, які мы падаем ніжэй, выйшаў у некалькіх нумарах “Народнай волі” яшчэ ў лютым г.г. (www.nv-online.info/index.php?c=ar&i=13067; …=13103; …=13331). Мы яго лічым дарэчным падаць і на нашым сайце, і менавіта сёньня – у Дзень Ведаў.

Рэдакцыя.


Так, шаноўныя, ратуйцеся!
Ратуйцеся ад канчатковай асіміляцыі.
Бо ёсць сілы, якія хочуць, каб нас, беларусаў, наогул не было, каб усе мы былі Іванамі бязроднымі. Жорсткая русіфікацыя кожны дзень знішчае наша роднае слова, робіць многіх манкуртамі, вытручвае з душ нацыянальную адметнасць, прыніжае гонар наш і патрыятычнасць.

У сваіх нататках я хацеў бы звярнуць увагу на тыя накірункі, якія ўзялі сённяшнія беларускія ўлады дзеля адной ганебнай мэты — знішчэння беларусаў у беларусах.

 

Чыноўнік ведае, што робіць…

Дзяржаўны чыноўніцкі апарат… Менавіта ён з’яўляецца вынішчальнікам беларушчыны.

Узгадаем ужо далёкі 1990 год. 26 студзеня. Вярхоўны Савет прымае, можна сказаць, лёсавызначальны закон — “Аб мовах у Беларускай ССР”. У адпаведнасці з ім беларускай мове — мове тытульнай нацыі краіны — надаецца статус адзінай дзяржаўнай.

Першыя пяць гадоў ажыццяўлення Закона пераканаўча пацвердзілі яго выратавальную ролю для беларускай мовы. Бальшыня грамадзян успрыняла яго з радасцю. Многія бацькі ахвотна вялі сваіх дзетак у беларускія школы, класы і садкі. Гучней зазвінелі родныя мелодыі. Ускалыхнулася беларуская душа.

Але мала часу яна радавалася. Да ўлады прыйшлі людзі-манкурты. З пераменамі ў палітычным жыцці, арыентацыі кіруючых колаў на ўсход, інтэграцыю з Расіяй замест паважлівага стаўлення да мовы тытульнай нацыі пачалося непрыхаванае ігнараванне яе. Прычым не толькі з-за моцнага нежадання дзяржаўнікаў заняцца яе сур’ёзным вывучэннем, колькі з-за боязі ўздыму нацыянальнай свядомасці і творчасці беларускага народа. Ва ўсіх эшалонах улады, і перш за ўсё ў самых высокіх, занепакоіліся, бо палічылі, што гэта паспрыяе беларусам па-сапраўднаму глянуць на сябе як на гаспадароў роднай зямлі і свайго ўласнага дома — суверэннай, незалежнай дзяржавы Рэспубліка Беларусь. З утварэннем жа сумесна з Расіяй адзінай саюзнай дзяржавы, што будзе суправаджацца далейшай рэалізацыяй імперскіх амбіцый суседкі, беларусы ніколі не захаваюць сваю этнакультурную самабытнасць, ператворацца ў асіміляцыйны пласт для колькаснага папаўнення “рускіх”.

Замест таго, каб строга ўлічваць у сваёй палітыцы дзяржаўны інтарэс — умацаванне незалежнасці — вышэйшае кіраўніцтва краіны, чыноўніцкі апарат узялі дыяметральна процілеглы здароваму сэнсу курс на знішчэнне галоўнага духоўнага апірышча народа, яго роднай мовы.

І робіцца гэта вельмі крута і брутальна з таго сумнавядомага майскага псеўдарэферэндуму 1995 года. Ён уяўляе сабой вартую ўсенароднага пракляцця злачынную акцыю, разлічаную на тое, каб рукамі саміх жа беларусаў, вядома, папярэдне абдураных, ажыццявіць удушэнне іх мовы праз увядзенне афіцыйнага дзвюхмоўя. Памятаеце, як даверліваму электарату абяцалася забяспечыць аднолькавы статус дзяржаўнасці як беларускай, так і рускай мовам? Але ж што бывае з уладнымі абяцаннямі, мы даўно ўжо ведаем. Фактычна новаспечаныя ўлады забілі апошні цвік у накрыўку труны беларускай мовы [не, тут яўны перабор; прыйдзе яшчэ час і гэта мы будзем кой-куды “цівікі забіваць”… – Рэд.].

Масква пляскала ў далоні, спадзеючыся, што ўслед за Беларуссю пойдуць аналагічным шляхам і астатнія былыя рэспублікі былога СССР — іншыя краіны СНД. Тады лягчэй было б захаваць там свой ранейшы ўплыў. Аднак на такі небяспечны і абсалютна стратны шлях не адважылася стаць ні адно з дзяржаўных утварэнняў на постсавецкай прасторы.

Шкада, вельмі шкада, але беларусы ж паддаліся падману гора-палітыкаў, якім яны за год да рэферэндуму-95 дапамаглі прыйсці да ўлады. Паверылі, што “роднае” чынавенства забяспечыць на практыцы роўнасць рэальнага статусу беларускай і рускай моў. Хаця разумныя людзі і тады добра ведалі пра немэтазгоднасць такога кроку: роўналежнага выкарыстання абедзвюх моў не можа быць у краіне з адной тытульнай нацыяй. Беларусь жа — не сённяшняя Бельгія ці ўчарашняя Чэхаславакія.

Ведалі і чыноўнікі, што існаванне дзвюх афіцыйных моў у грамадскім жыцці ў такіх варунках непазбежна прывядзе да жорсткай канкурэнцыі на выжыванне. І пераможа тая, у якой на дадзены час больш носьбітаў сярод актыўнай часткі насельніцтва: галоўным чынам сярод маючых уладу і інтэлігентаў, у якіх больш багатая штодзённая практыка ў абслугоўванні розных сфер дзейнасці чалавека. У гэтых дачыненнях беларуская мова ў выніку заганнай нацыянальнай палітыкі царскай Расіі і СССР нават і блізка не стаяла ў сваіх правах да рускай. І калі ўсё гэта ўсведамлялі ўлады краіны (а ў тым, бадай, цяжка сумнявацца), значыцца, гэта была не проста памылка ад нявопытнасці, недасведчанасці ў моўным пытанні, а мэтанакіраванае знішчэнне самага каштоўнага здабытку нацыі, калі хочаце, абяззбройванне яе.

Майскім рэферэндумам, як і разлічвала кіраўніцтва, быў выкапаны глыбокі дол для нашай мовы. На вачах руйнаваліся зусім не проста дасягнутыя пазітыўныя вынікі ва ўмацаванні яе пазіцыі ў першыя гады незалежнасці закона. Мінула ўжо больш за дзесяць гадоў, як беларускае слова не гучыць з вуснаў прэзідэнта, старшыні ўрада, міністраў, іншых высокіх дзяржаўных асоб. Амаль цалкам вытурана яна са службовых кабінетаў — нават тых, што непасрэдна звязаны з выкарыстаннем мовы ў сваёй прафесійнай дзейнасці: міністэрстваў адукацыі, культуры, інфармацыі і падначаленых ім устаноў. Амаль што выключана родная мова з праграм вядучых тэлеканалаў краіны, чаго не назіралася нават за савецкім часам з яго заганнай, шкоднай палітыкай на “зліццё” нацыянальных культур і моў.

Пасля сумнавядомага рэферэндуму дзяржава не толькі не зрабіла аніводнага практычнага захаду па спыненні катастрафічнага падзення сацыяльнай ролі беларускай мовы, але не выказала нават, у самай сціплай форме, занепакоенасці яе бядотным станам. І смех і грэх. Трэба ж такое: дзеля прысутнасці беларускай мовы ў грамадскім ужытку рэкламныя ролікі ў сталічным транспарце (дзякуючы настойлівым прапановам ГА “ТБМ імя Францішка Скарыны”) робяць непараўнальна больш за ўвесь аграмадны чыноўніцкі апарат!

Высокааплатныя дзяржаўныя ідэолагі стварылі міф, які вельмі часта публічна імі ж і агучваецца: быццам бы руская мова для беларусаў з’яўляецца такой жа роднай, як і свая ўласная. Хаця вынікі апошняга перапісу насельніцтва, калі прыкладна 80 працэнтаў апытаных назвалі роднай менавіта беларускую, сведчаць аб супрацьлеглым. Менавіта таму тыя вынікі так доўга — больш за паўгода — афіцыйна не агучваліся.

Між тым не толькі ў сучасным свеце, а і на працягу ўсёй гісторыі чалавецтва не было выпадку, каб якая-небудзь дзяржава свядома займалася культурна-моўнай асіміляцыяй свайго народа. Беларуская ж дзяржава, якую, так атрымалася, ужо 15 гадоў узначальвае А.Лукашэнка, ажыццяўляе жорсткі асімілятарскі курс, строга патрабуючы не адступаць ад яго ўсе існыя ў краіне ўладныя, грамадска-палітычныя і культурна-асветніцкія структуры [тыя, хто яго ўладкоўваў на працу, паставілі яму такую ўмову. – Рэд.]. Гэта — нонсенс, які чыніць невымерную шкоду інтарэсам нашай дзяржавы, яе будучыні. І дзівіць увесь цывілізаваны свет.

Мова — душа народа. Сэрца абрываецца, калі задумваешся над тым, як знішчаецца душа беларускага народа. Так і хочацца крыкнуць: “Ратуйцеся, беларусы!”

 

Адукацыя без роднай мовы — прафанацыя

Ступеньку ніжэй за чыноўніцкі апарат у ганебнай справе русіфікацыі займае залежная ад яго сістэма адукацыі. Гэта вельмі спрактыкаваны і — страшна казаць — варожа настроены (за некаторымі выключэннямі) супраць беларускага нацыянальнага інтарэсу кіт сучаснай русіфікацыі. Асабліва выразна праявілася яго здольнасць да руйнавання нацыянальных асноў асветы адразу ж пасля згаданага рэферэндуму 1995 года. За нейкія тры-чатыры гады нібыта карова языком злізала ўсе набыткі па стварэнні беларускамоўнай сістэмы адукацыі. Прыцягнутыя да кіравання гэтай сферай асобы надзвычай стараюцца, каб ва ўмовах суверэннай Беларусі ўзгадоўваліся абалваненыя маладыя пакаленні, не здольныя жыць і тварыць у сваім родным культурна-моўным рэчышчы. Заўважу, што ў 1993/94—1994/95 навучальныя гады, якія папярэднічалі правядзенню майскага рэферэндуму, у першыя класы з беларускай мовай навучання прыходзіла ўжо тры чвэрці ад агульнай колькасці першакласнікаў [!!! І ў Гародні былі гэтыя 75%! – Рэд.]. А зараз? Нават на 18 працэнтаў не цягне. Гэта — у цэлым. Па гарадах жа — сорам вымавіць — усяго каля трох!

Працэс, калі агульнаадукацыйная школа ўпэўнена набліжалася да нацыянальнай, быў гвалтоўна перарваны тымі, хто прыйшоў да ўлады ў 1994 годзе. Але ў памяці тых беларусаў, якія не развучыліся думаць, у нашай сучаснай гісторыі застаўся яркі прыклад, калі ўсяго за тры-чатыры гады пры падтрымцы значнай часткі грамадства і звёнаў улады ўдалося дасягнуць вялікага поспеху. Прычым у варунках, калі руская мова працягвала панаваць ва ўсіх сферах афіцыйнага жыцця, у тым ліку ў вышэйшай і сярэдняй спецыяльнай школе, ва ўстановах прафесійна-тэхнічнага навучання. Бо ў людзей было перакананне, што хутка і тут наша мова зойме гістарычна законнае месца і ганаровае становішча [цяпер яны не павераць! Таму чарговую беларусізацыю трэба будзе абавязкова пачынаць толькі з ВНУ!!! – Рэд.].

Аднак такога не здарылася — таму, што з восені 1994 года ў дзяржаўна-чыноўніцкі апарат ўлілося шмат асоб прамаскоўскай арыентацыі, з крайне беднымі ведамі беларускай мовы, а то і з яўнай непавагай да яе. Падобнае ва ўсё большай ступені пачало назірацца і ў складзе кіраўнікоў самой сістэмы народнай адукацыі, у тым ліку і дырэктараў агульнаадукацыйнай школы. Адбылася ў поўным сэнсе “рэвалюцыйная” [дэградатыўная. – Рэд.] ператасоўка кадраў, масавае адхіленне ад працы кіраўнікоў школ нацыянальнай арыентацыі дзеля спынення далейшай беларусізацыі ў навучальных установах. І калі на пачатку 1990-х гадоў настаўнікі адыгралі вырашальную ролю ў пераводзе народнай адукацыі на нацыянальныя рэйкі, дык пасля майскага рэферэндуму ніхто так не дапамог уладам у яе русіфікацыі, як менавіта гэтая катэгорыя інтэлігенцыі. Прычым здаралася, што адна і тая ж асоба спачатку (да рэферэндуму) выступала ў ролі змагара за нацыянальную школу, а затым — у ролі яе далакопа…

Галоўнымі архітэктарамі такой “гістарычнай перамогі па разбурэнні нацыянальных асноў адукацыі выступалі не якія-небудзь прышэльцы з чужых краін, а беларусы — былы міністр адукацыі Пётр Брыгадзін і сённяшні — Аляксандр Радзькоў, абодва з дыпломамі дактароў навук і прафесараў [усё, зафіксаваны як этнацыдчыкі; разам з Лу-кам для будучага суду… – Рэд.]. Выступіць ім у такой незайздроснай ролі, несумненна, дапамог нулявы ўзровень нацыянальнай свядомасці [нічога, гэты ж узровень нулявую дапамогу акажа ім і ў судзе… – Рэд.]. Нават у няпростай сітуацыі на іх жа месцы шараговы настаўнік, але з належным нацыянальным гартам, сыноўскай любоўю да Бацькаўшчыны не разгубіўся б і, апынуўшыся ва ўтульным міністэрскім кабінеце, аддаў бы загад аб выкладанні па-беларуску ў кожнай навучальнай установе 50 працэнтаў прадметаў ад іх агульнай колькасці, што ніколькі не парушала б зафіксаваную ў Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь [праз маніпуляваньне, ашуканцтва, падман. – Рэд.] юрыдычную роўнасць беларускай і рускай моў у афіцыйным выкарыстанні. Наш жа кіраўнічы апарат аказаўся здольны хіба на тое, каб толькі апеляваць да ўшчэнт зрусіфікаваных бацькоў: маўляў, выказвайце пратэст супраць навучання дзяцей па-беларуску. І даапеліраваліся да таго, што сёння ва ўсім свеце маецца толькі адна краіна Беларусь, дзе выпускнікі інстытутаў, універсітэтаў, акадэмій зусім не валодаюць — ці валодаюць вельмі кепска — роднай мовай [мовай уласнага народа! – Рэд.].

Галоўным крытэрыем дзейнасці Міністэрства адукацыі павінен быць менавіта нацыянальны інтарэс, якому цалкам адпавядае арганізацыя навучальна-выхаваўчага працэсу на мове тытульнага народа. Беларускай мове неабходна як мага хутчэй заняць сваю адпаведную пазіцыю гаспадыні, а не Папялушкі ў роднай хаце. На ўсёй постсавецкай прасторы гэты абсалютна заканамерны працэс у сферы адукацыі практычна завершаны. Кітом русіфікацыі маладых пакаленняў застаецца толькі адукацыя ў Рэспубліцы Беларусь з моцна здэнацыяналізаваным [беларусафобскім. – Рэд.] кіраўнічым апаратам Міністэрства адукацыі.

Да тае пары, пакуль у школах па-беларуску будзе ўзгадвацца толькі мікраскапічная частка ўсяго кантынгенту, а ў ВНУ педагагічны працэс наогул будзе весціся па-руску, у нас не будзе падстаў сур’ёзна гаварыць пра сучаснае беларускае нацыянальна-культурнае Адраджэнне.

Што і казаць, ратуйцеся, беларусы!

 

Русіфікацыя… Асіміляцыя… Чаму гэта магчыма ў нашай краіне?

Скажам шчыра: магчыма таму, што ў большасці сваёй мы маўчым, не аказваем моцнага супраціўлення тым антыбеларускім сілам, які робяць сваю брудную справу. Пасля амаль пагалоўнага фізічнага знішчэння ў 1937-38 гадах нацыянальнай эліты беларусы як беларусы па-сапраўднаму так і не акрыялі. Кажу “па-сапраўднаму” таму, што ў канцы 80-х — пачатку 90-х гадоў мінулага стагоддзя ўсё ж рэальна абазначылася гатоўнасць значнай колькасці землякоў да нацыянальна-дзяржаўнага, культурнага Адраджэння. І калі б улады падтрымалі гэтае памкненне, дык ужо сёння магла б быць у вырашальнай ступені знятай з парадку дня праблема выратавання тытульнага народа краіны ад татальнай русіфікацыі.

Такое шчасце абмінула нас! Супрацьстаяць сучаснай русіфікацыі вельмі цяжка, бо праводзяць яе чыноўнікі, якія не саромяцца заяўляць, быццам гэта робіцца выключна на карысць самога беларускага народа, больш таго — у інтарэсах усёй славянскай супольнасці. Але каб беларусы ўсёй грамадой сталі на абарону свайго права на суверэннае нацыянальна-дзяржаўнае, самабытнае этнакультурнае развіццё, то тыя, хто сёння трымае ў сваіх руках уладу, не здолелі б працягваць ганебную русіфікацыю. Таму, мне здаецца, знішчальнікам беларушчыны з’яўляецца не толькі чыноўніцкі апарат. Яму дапамагае нацыянальная бяздзейнасць нашага грамадства (у тым ліку і інтэлігенцыі), яго абыякавасць да захавання сваёй унікальнай у свеце самабытнасці [???!!! Вось зноў паўтараюцца тыя ноткі, якія мы раскрытыкавалі ў папярэднім атрыкуле – Рэд.].

Лічыў і лічу, што найвялікшая наша трагедыя заключаецца менавіта ў тым, што многія з нас, у тым ліку і самыя адукаваныя [адукаваныя ня значыць разумныя, а тым больш – сумленныя. – Рэд.], не бачаць трагедыі рэальнага этнічнага вымірання беларусаў, застаюцца ў палоне беспадстаўных спадзяванняў на нейкае цудадзейнае выратаванне без асабістага ў тым удзелу. Трэба нарэшце прызямліцца і няўхільна зыходзіць з рэальнага стану рэчаў.

Мова — гэта карані любой нацыі, а адукацыя — яе крона [мова – гэта адзін з найважнейшых інтэгратыўных механізмаў нацыі; страчваючы мову, народ аўтаматычна ператвараецца ў біямасу, на якой паразітуюць, якую зьнішчаюць і месца якой займаюць…; крона нацыі – гэта скіраваная ў неабмежаваную будучыню прагрэсіўная мэта; карані нацыі – гэта яе гістарычная мінуўшчына! – Рэд.]. У нашым грамадстве пануюць небеларускія і мова, і адукацыя. Значыцца, дрэва нацыі практычна ўжо і без каранёў, і без кроны, а таму пазбаўлена ўсялякіх перспектыў жыцця. Яшчэ раз сцверджу: да таго часу, пакуль у нас у агульнаадукацыйных школах будзе навучацца на беларускай мове толькі пятая частка агульнага кантынгенту вучняў, пакуль усе вышэйшыя і сярэднія навучальныя ўстановы будуць выкарыстоўваць у сённяшніх аб’ёмах рускую мову, проста несур’ёзна гаварыць пра беларускае Адраджэнне. Дарэчы, падобныя да гэтага паняцця словы можна пачуць і з вуснаў некаторых чыноўнікаў уладных структур. Толькі, на жаль, мяняць наша жыццё ў бок беларускасці яны не жадаюць [пры гэтай этнацыяднай уладзе…; пры нармальнай уладзе ва ўсіх іх раптам жаданьне зьявіцца… – Рэд.].

На генным узроўні, дзякаваць Богу, у многіх беларусаў цяга да нацыянальна-культурнага адраджэння яшчэ захоўваецца. Але ўсё ж часам хочацца ўсклікнуць: “Беларусы, дзе вы? Колькі можна жыць з няроднай мовай, з не сваёй духоўнай спадчынай, абыякавасцю да самага дарога? Такое становішча — сорам і небяспека для самой дзяржавы [для саміх сябе! – Рэд.].

Ачомайцеся, даражэнькія. Не аддавайце на згубу самае дарагое, саміх сябе, унукаў і праўнукаў! Толькі з нашай свядомасцю і адданасцю Беларусь будзе жыць, а мы будзем жыць з ёю!

 

Пакінуць каментар

  • Старонкі

  • Катэгорыі

  • Апошнія запісы

  • Архівы