nashaziamlia.org

Асьветна-адукацыйны, грамадазнаўчы сайт для беларусаў: аналіз, прагноз, сілы, інтарэсы, сьветагляды, ідэі, ідэалогіі, праграмы, мэты.

Запісы

«Памятай, маскаль, 1514 год!»

8 верасня, 2009 | 2 каментарыя

Рэдакцыя.

809-1Сёньня гадавіна славутай Аршанскай бітвы. Віншуем усіх наведвальнікаў сайта са сьвятам! 8 верасьня 1514 года нашы продкі перамаглі ў Аршанскай бітве – адной з найбуйнейшых у сярэднявечнай Еўропе. Дата 8 верасьня сімвалізуе ў беларусаў імкненьне да свабоды і незалежнасьці – такой, да якой імкнуліся беларускія ваяры ў далёкім 1514 годзе, калі пад Оршай войска Вялікага Княства Літоўскага пад камандаваньнем праваслаўнага гетмана Канстанціна Астрожскага (гл. малюнак) нанесла сакрушальную паразу маскоўскім захопнікам. Прычым, колькасна войска ВКЛ саступала ворагу ледзь ня ў тры разы — 30 тысяч супраць 80 тысяч. Перамога пад Оршай была самай значнай у шматвекавым супрацьстаянні ВКЛ і Маскоўскага княства. Сёння гэтая дата лічыцца ў нас Днём беларускай вайсковай славы.


З нагоды сьвята ў многіх месцах Беларусі беларускія патрыёты вывешвалі нацыянальныя сьцягі.

Вялікая імпрэза – ужо традыцыйны бардаўскі фэст – была запланаваная на Крапівеньскім полі на вечар-ноч 5 верасьня (www.nn.by/index.php?c=ar&i=29203; гл. уверсе фота абвесткі). Аднак міліцыя РБ, якая ўсё яшчэ служыць не народу, а каланіяльна-паразітным цяперскім уладам, зрабіла ўсё магчымае, каб ня даць правесьці гэты фэст.

Паводле арганізатараў “Аршанскай бітвы-2009”, на імпрэзу маглі б сабрацца некалькі соцень удзельнікаў. Аднак перашкодзіла міліцыя і дрэннае надвор’е (www.svaboda.org/content/article/1816011.html). Сабралася да сотні ўдзельнікаў.

Першыя сутыкненьні зь міліцыянтамі ў ахвотных трапіць на бардаўскі фэст, які традыцыйна праводзіўся ў першыя выходныя верасьня, пачаліся яшчэ на аршанскім аўта- і чыгуначным вакзалах. Каля аўтобусаў, што ішлі ў бок вёскі Гацькаўшчына, дзе фэст “Аршанская бітва” адбываецца з 1991 году, міліцыянты спачатку перапісвалі пашпартныя даныя ва ўсіх, хто выглядаў на патэнцыйных удзельнікаў. Некаторых маладых людзей з заплечнікамі і намётамі прымушалі здаваць ужо ўзятыя білеты і “ня раілі” ехаць на “забароненую” імпрэзу.

Тыя, хто прыехаў на аўтамашынах, даведваліся пра “прычыны” забароны ад супрацоўнікаў ДАІ, што дзяжурылі на кожным скрыжаваньні ўсьцяж шашы (гл. фота 1 унізе). Дарогу на павароце ў бок Гацькаўшчыны ў час заезду на імпрэсу цэлыя суткі вартавалі міліцыянты, якія тлумачылі, што на ўзбярэжжы Крапівенкі “знайшлі міну”.

809-2

Гэтая інфармацыя, вядома, аказалася дэзай: яе не пацьвердзілі нават супрацоўнікі абласной управы МУС, якія таксама ўвесь вечар патрулявалі тамтэйшае навакольле. Але маючы досьвед 2007 году (калі на месцы правядзеньня фэсту нібыта знайшлі снарады і з тае нагоды затрымалі дзясяткі людзей), арганізатары запрапанавалі перайсьці на іншую пляцоўку паблізу ад традыцыйнага месца.

Тым часам, нягледзячы на дзеяньні міліцыі й на тое, што распачаўся моцны дождж, на пляцоўку прыбывалі госьці – з Магілеву, Гомлі, Віцебску (фота 2).

Алесь Пушкін прэзэнтаваў сваю новую карціну (фота 3), прысьвечаную беларусаму супраціву: дзьве моцныя рукі трымаюць занесеную ўгару сякеру. Гэтая карціна аздабляла фэст цягам усяе ночы. Недалёка ад яе й распачалі свае выступы барды Андрэй Мельнікаў, Ігар Мухін і некалькі сьпевакоў-пачаткоўцаў.

Міліцыянты затрымалі аўтамашыну, у якой везьлі электрычны генэратар ды іншыя прылады. Сьледам затрымалі яшчэ адну машыну, дзе ехаў каардынатар фэсту Юрый Копцік. Да 10-й вечара чацьвярых чалавек пратрымалі ў Аршанскім РАУС. Паводле праваабаронцы Алега Граблеўскага, які прыехаў да затрыманых, міліцыянты імкнуліся зрабіць усё, каб генэратар не давезьлі ў патрэбнае месца і канцэрт быў сарваны. Супрацоўнікі міліцыі казалі, што апарат скрадзены, і не аддалі яго нават… законнаму гаспадару, калі той прывёз неабходныя дакумэнты.

У Аршанскі РАУС трапілі яшчэ больш за дзесяць чалавек, якія кіраваліся на фэст. Іх затрымалі зусім побач з канцэртнай пляцоўкай: без усялякіх тлумачэньняў загадалі сядаць у падагнаны “аўтазак”. У пастарунку затрыманым паведамілі прычыну: у іх нібыта не было флікераў. Празь дзьве гадзіны ўсіх – і аршанцаў, і іншагародніх – ізноў некуды вывезьлі ў “аўтазаку”. Міліцыянты сказалі, што іх павязуць на чыгуначны вакзал. Насамрэч хлапцоў і дзяўчат вывезьлі за 25 кілямэтраў ад гораду ў бок Менску і пакінулі на чыгуначнай станцыі Коханава.

Уначы, з 5 на 6 верасьня, Алесь Пушкін частаваў усіх крупнікам з арыгінальных конавак, зробленых адмыслова да сёлетніх 495-х ўгодкаў бітвы пад Воршай (гл. фота 5). А зранку некаторыя з прысутных усё-такі рушылі на месца самой бітвы – туды, куды ўвечары не прапусьцілі міліцыянты. У гонар Аршанскай перамогі на Крапівенскім полі ўсталяваны помнік-камень і крыж, пад якім звычайна праходзіць паніхіда па загіблых беларускіх ваярах (фота 4).

Сёлета традыцыйны сцэнар быў парушаны – міліцыянты ахоўвалі Крапівенскае поле ўсю ноч і нават раніцай. Атрымалася кругласуткавая ганаровая варта ў гістарычным месцы, – як жартавалі некаторыя ўдзельнікі.

Аднак самае годнае адзначэньне славутай перамогі беларусаў-літвінаў, на наш погляд, зладзілі сябры “Маладога фронту”. Яны 8 верасьня непасрэдна перад расейскай амбасадай у Менску разгарнулі расьцяжку з надпісам «1514 год. Памятай, маскаль!» (гл. фота ўнізе 6).

809-3

Праўда, сьпецназ міліцыі тут жа затрымаў маладзёнаў (www.svaboda.org/content/article/1817973.html). Героямі дня, якія супраціўляліся і не адразу аддалі расьцяжку, сталі сябры Маладога фронту” Маргарыта Кароль (фота 7) і Мікола Дземідзенка (фота 8).

Мікола Дземідзенка пасьпеў паведаміць “Свабодзе”, што мэта акцыі — прыцягнуць увагу грамадзкасьці, нагадаць пра Дзень беларускай вайсковай славы, а таксама пра стасункі Беларусі і ўсходняга суседа.

 

2 каментарыя

  1. Слава героям продкам і слава героям сёняшнім!!!!! Ганьба уладзе, якая плюе ў твар народу!

  2. Жур-фак кажа:

    Толькі нашая моладзь уратуе наш Край ад ганьбы. Жыве Беларусь!!!

Пакінуць каментар

  • Старонкі

  • Катэгорыі

  • Апошнія запісы

  • Архівы