nashaziamlia.org

Асьветна-адукацыйны, грамадазнаўчы сайт для беларусаў: аналіз, прагноз, сілы, інтарэсы, сьветагляды, ідэі, ідэалогіі, праграмы, мэты.

Запісы

Калекцыянер, навуковец, стваральнік прыватнага музея (да 70-годдзя з дня нараджэння)

6 снежня, 2009 | 15 каментарыяў

Анатоль Валахановіч (пісьменнік, гісторык, журналіст, краязнавец)

d091d0b5d0bbd18b-1

 

Ніжэй мы падаем тры тэксты аўтара, прысьвечаныя жыцьцю і працы вядомага беларускага грамадскага і культурнага дзеяча Анатоля Белага. З радасьцю далучаемся да ўсіх віншаваньняў юбіляру, жадаем здароўя, працягу выніковых працы і змаганьня. З нагоды інфармуем, што 12 сьнежня г.г. у Менску ў Чырвоным касьцёле ў 16 гадзін пачнецца ўрачыстая вечарына, прысьвечаная спадару Анатолю, створаным ім клубу “Спадчына” і Старадарожскаму мастацкаму музею.

Рэдакцыя.


1.

Белы Анатоль Яўхімавіч нарадзіўся 10 снежня 1939 года ў горадзе Старыя Дарогі Мінскай вобласці. Беларускі грамадска-культурны дзеяч, навуковец, калекцыянер, стваральнік прыватнага мастацкага музея ў горадзе Старыя Дарогі.

Скончыў Беларускі дзяржаўны універсітэт (1967). З 1995 года выкладаў у БДУ. Старшыня грамадска-асветнага клуба “Спадчына” (1984). Член Саюза мастакоў Беларусі (1995). Член Саюза беларускіх пісьменнікаў (1999). Прафесар, дыпламант Міжнароднага Кембрыджскага цэнтра (Англія, 1999). Член Міжнароднай Акадэміі навук Еўразіі (Мінск, 2005).

Сабраў вялікую калекцыю твораў жывапісу, графікі, медальернага і дэкаратыўнага мастацтва (каля 3000 адзінак). Арганізатар тэматычных выстаў: “Кастусь Каліноўскі і студзеньскае паўстанне 1863 года ў Беларусі” (Мінск, 1986, 1990, 1991; Магілёў, 1988, 1991), “Францыск Скарына” (Мінск, Яраслаўль, ЗША, 1985, 1986, 1990, 1991), “Максім Багдановіч” (Мінск, 1996), “Дзеячы беларускага замежжа” (Мінск, 1994, 1996), “Уладары старажытнай Беларусі” (Мінск, 1996), “Любіць Радзіму – шанаваць родную мову” (Мінск, 1990, 1991, 1994, 1996), “Гісторыя Беларусі ў мастацкіх вобразах і партрэтах” (Мінск, ЗША, 1990, 1991, 1996), “Медальернае мастацтва Беларусі” (Мінск, 1984).

Выдаў альманахі “Спадчына “Спадчыны” (1994), “Скрыжалі “Спадчыны” (1996, 1998, 2006, 2007), кніга “Прымалі закон аб мовах” (1995, сумесна з Л.Лычом), плакаты-календары “Радавод полацкіх і вялікіх беларускіх (літоўскіх) князёў” (1995), “Старажытная Беларусь часоў Вітаўта Вялікага” (1996), “Яго чакала Беларусь чатыры стагоддзі” – зборнік дакументаў і матэрыялаў да 85-годдзя з дня нараджэння М.І.Ермаловіча (у сааўт. 2007), 5 каталогаў, даведачную літаратуру, звыш 150 артыкулаў пра беларускае мастацтва і яго гісторыю.

Тэмы навуковай дзейнасці: “Францыск Скарына – мастак эпохі Адраджэння” і “Вобраз Кастуся Каліноўскага ў выяўленчым мастацтве”.

На аснове сваёй калекцыі ў 1990 годзе заснаваў, а 11 снежня 1999 года адкрыў на сваёй сядзібе ў горадзе Старыя Дарогі прыватны музей выяўленчага мастацтва. Музей мае 4 будынкі, 8 залаў, плошча экспазіцыі каля 500 кв. м., на якой экспануецца каля 1700 твораў жывапісу, графікі, скульптуры, медальернага і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва Беларусі. У экспазіцыі прадстаўлены партрэты князёў, палкаводцаў, гетманаў, палітычных, дзяржаўных, рэлігійных, культурна-асветніцкіх дзеячоў Беларусі і яе дыяспары, батальныя карціны, краявіды, помнікі дойлідства, гарады і замкі Беларусі, бюсты і медалі, зробленыя ў гонар выбітных дзеячоў Бацькаўшчыны.

А. Белы – ініцыятар і арганізатар усталяваньня помнікаў: М.Багдановіча ў Яраслаўлі (1994, аўтар С.Вакар); А.Я.Багдановіча ў г.п. Халопенічы (1998, аўтар У.Лятун); у дворыку Беларускага дзяржаўнага універсітэта Францыска Скарыны (1988, аўтар С.Адашкевіч), Мікола Гусоўскага (1998, аўтар У.Панцялееў), Кірыла Тураўскага (1996, аўтар А.Прохараў), Еўфрасінні Полацкай (1999, аўтар І.Голубеў), “Дыспут: В.Цяпінскі і С.Будны” (2000, аўтар І.Голубеў); у Мінскай праваслаўнай епархіі Кірыла Тураўскага (1995, аўтар Ю.Платонаў); у Полацку Еўфрасінні Полацкай (2000, аўтар І.Голубеў); у горадзе Зельва Гродзенскай вобласці Л.Геніюш (2002, аўтар М.Інькоў); на сядзібе музея ў Старых Дарогах Л.Геніюш (2001, аўтар М.Інькоў), А.Бярозку (2001, аўтар У.Лятун), М.Багдановічу (2001, аўтар С.Вакар), А.Я.Багдановічу (2001, аўтар М.Несцярэўскі); М.Ермаловічу ў гарадах Старыя Дарогі і Маладзечна (2002, аўтар У.Мелехаў).

Ён удзельнік Устаноўчых з’ездаў Беларускага Народнага Фронту, Таварыства беларускай мовы імя Ф.Скарыны. Сумесна з сябрамі клуба “Спадчына” у 1985 годзе выступіў ініцыятарам звароту ў ЦК КПБ, Савет Міністраў БССР і Вярхоўны Савет БССР аб ушанаванні 125-х угодкаў студзеньскага паўстання 1863 года пад кіраўніцтвам Кастуся Каліноўскага. Адзін з прадстаўнікоў творчай інтэлігенцыі, якія падпісалі ліст ў ЦК КПСС аб стане беларускай мовы і культуры ў Беларусі. Адзін з ініцыятараў пераносу магілы М.Багдановіча ў Мінск. Адзін з актыўных заснавальнікаў таварыства “Бацькаўшчына”. Адзін з заснавальнікаў і Ганаровы сябар рэдкалегіі беларуска-амерыканскага часопіса “Полацак” (1991, Кліўленд, ЗША). Перадаў: Гомельскаму дзяржаўнаму універсітэту імя Францыска Скарыны для музея імя Францыска Скарыны 169 твораў мастацтва (1989); Беларускаму дзяржаўнаму універсітэту – 103 творы графікі (1983); гораду Старыя Дарогі – 104 графічных творы, 17 медалёў, помнік Францыска Скарыны (аўтар С.Адашкевіч) – усе ў 1997 годзе.

Узначальвае Камітэт Ушанавання (заснаваны ў 1996), на рахунку якога ганаравана ордэнамі, кубкамі “Спадчыны”, медалямі звыш 250 дзеячоў навукі і культуры Беларусі.

За сваю дзейнасць на ніве нацыянальнага Адраджэння і захавання нацыянальнай спадчыны Камітэтам ушанавання ганараваны ордэнам “Гонар Айчыны” (25.03.1997); ордэнам Кірылы Тураўскага, двумя граматамі Мітапаліта Мінскага і Слуцкага Філарэта; медалём імя Яна Масарыка Міністэрства замежных спраў Чэшскай Рэспублікі як падзяку за карыснае супрацоўніцтва ў паглыбленні беларуска-чэшскіх стасункаў (14.11.2007). За ўдзел у мітынгах быў неаднаразова арыштаваны. За свае палітычныя перакананні і дзеянні тройчы быў звольнены з працы выкладчыка БДУ.

Напісаў творы: “Вобраз змагара (Да 150-годдзя з дня нараджэння К.Каліноўскага”, Мн. 1988; “Вобраз Кастуся Каліноўскага ў літаратуры і мастацтве”, Мн. 1988; “Да пытання аб аўтарстве гравюр Скарыны”, (“Літаратура Беларусі”, вып. 17, с. 31 – 41, Мн. 1989); “Партрэты Скарыны” (“Полымя” № 1, 1990, Мн. с. 189 – 198); “Уладары старажытнай Беларусі” у сааўт. з А.Грыцкевічам (“Скрыжалі “Спадчыны”, № 2, Мн. 1996, с. 19 – 88).

Што можна прачытаць пра Анатоля Белага: “Францыск Скарына і яго час” энцклапедычны даведнік (арт. Белы Анатоль Яўхімавіч), Мн. 1988, с. 264; “Энцыклапедыя гісторыі Беларусі” т. 2. Мн. 1983 (арт. “Калекцыяніраванне”, с. 625); “Энцыклапедыя гісторыі Беларусі” т. 4, Мн. 1997 (арт. “Календары”, с. 26 – 27); “Энцыклапедыя гісторыі Беларусі” т. 6, кн. 1, Мн. 2001 (арт. “Старадарожскі мастацкі музей”, с. 408; “Спадчына” с. 398); “Гісторыя Беларускага дзяржаўнага універсітэта ў біяграфіях яго рэктараў”, Мн., БДУ, 2001, с. 223, 313 – 314); “2000. Oustranding Scholars of the 20 th Centry”; “International Bioqraphical Centre Cambridge, Enqland, 2000. (Art. Bely Anatol Efimowitc. C.29); “Dictionary of International Biographical Centre Cambrige, Endland. (Art. Bely Anatol. s. 31); “Worlmark Encyclopedia of Cyltyres and Daily Life”. Volume 4: Europe. № 4. 1998 (Art. Belarusans. s. 66).

 

2.

Мінскаму клубу “Спадчына” і надалей трымаць кірунак! (да 25-годдзя клуба “Спадчына”)

Клуб “Спадчына” – культурна-асветны клуб. Створаны ў сакавіку 1984 года ў Мінску з мэтай прапаганды і папулярызацыі беларускай культуры і гісторыі. Кіраўніцтва ажыццяўляе рада на чале са старшынёй А.Белым. На пасяджэнні запрашаюцца навукоўцы, літаратары, грамадскія дзеячы, абмяркоўваюцца іх навуковыя паведамленні і рэфераты. Члены клуба адзначаюць выдатныя падзеі ў грамадскім і культурным жыцці краіны, праводзяць мастацкія выставы: “Кастусь Каліноўскі і студзеньскае паўстанне 1863 года ў Беларусі” (Мінск, Магілёў, 1990, 1991), “Францішак Скарына” (Мінск, Яраслаўль, ЗША, 1985, 1986, 1990, 1991), “Максім Багдановіч” (Мінск, 1993), “Уладары старажытнай Беларусі” (Мінск, 1996), “Дзеячы беларускага замежжа” (Мінск, 1994, 1996) і іншыя

З часу стварэння пачалася мэтанакіраваная дзейнасць клуба па ўшанаванні спадчыны нашага народу. Яна ажыццяўлялася шляхам узвядзення помнікаў выдатным дзеячам Беларусі. За гады існавання БССР улады дазволілі Міністэрству культуры паставіць толькі 8 помнікаў праслаўленым дзеячам беларускай культуры – Францыску Скарыне, Алаізе Пашкевіч (Цётцы), Вінцэнту Дуніну-Марцінкевічу, Янку Купалу, Якубу Коласу, Францішку Багушэвічу, Максіму Багдановічу і Кастусю Каліноўскаму (на яго радзіме ў горадзе Свіслач), што сведчыць аб нежаданні тагачаснага кіраўніцтва спрыяць фарміраванню нацыянальнай свядомасці беларускага народу.

Сябры клуба “Спадчына” паставілі помнікі: Максіма Багдановіча ў Яраслаўлі (1994, аўтар С.Вакар) і шыльда на будынку, дзе ў 1915 – 1918 гадах дзейнічаў у эвакуацыі Мінскі настаўніцкі інстытут (1995, аўтар А.Шатэрнік), Адама Багдановіча (бацькі паэта) у Халопенічах (1998, аўтар У.Лятун). У Мінску ў дворыку БДУ ўстанавілі 6 помнікаў: Францыска Скарыны (1988, аўтар С.Адашкевіч), Міколы Гусоўскага (1998, аўтар У.Панцялееў), “Дыспут. Сымон Будны і Васіль Цяпінскі” (2000, аўтар І.Голубеў), Кірылы Тураўскага (1996, аўтар А.Прохараў), Ефрасінні Полацкай (2000, аўтар І.Голубеў). Вялікую дапамогу аказаў рэктар БДУ Аляксандр Казулін.

Дзякуючы намаганням сяброў клуба ўдалося паставіць помнік Ефрасінні Полацкай у Полацку (2000, аўтар І.Голубеў), Ларысе Геніюш у Зэльве (2002, аўтар М.Інькоў); Кірылу Тураўскаму ў дворыку Мінскай праваслаўнай епархіі (1995, аўтар Ю.Платонаў). Найбольш плённай стала дзейнасць па ўстаноўцы помнікаў на сядзібе музея ў горадзе Старыя Дарогі.

Старыя Дарогі – радзіма Анатоля Белага. Тут яго бацькоўскі дом, які ён прыстасаваў як памяшканне для музея. На сённяшні дзень тут знаходзяцца дзесяткі помнікаў дзеячам нашай гісторыі, культуры, змагарам за беларускае нацыянальнае Адраджэнне. Тут упершыню ў гісторыі нашай культуры ствараецца Беларускі нацыянальны Пантэон. Стварэнне кожнага помніка – вельмі індывідуальная справа, і кожны з іх мае сваю гісторыю. Дарэчы, усе цывілізаваныя народы Еўропы маюць распрацаваную гісторыю сваёй культуры, дзе даецца падрабязнае апісанне таго, кім і як ствараліся тыя ці іншыя помнікі.

Мэтазгодна раскрыць некаторыя моманты “кухні” стварэння помнікаў.

Так, для ўсталявання помніка Ларысе Геніюш у Зэльве А.Белы неаднаразова звяртаўся праз друк з просьбай аказання дапамогі. Адгукнуліся энтузіясты. Ён звярнуўся да беларусаў, якія жывуць за межамі Беларусі. Удалося сабраць 500 долараў. Гэта хапіла толькі на адліўку помніка. Спатрэбілася яшчэ 200 долараў, якія перадала яму дачка Святлана, якая жыве ў ЗША. Камень для пастамента прывёз прадпрымальнік Віталь Каляда (маці яго была сябрам клуба “Спадчына”), калектыў мастакоў Браніслава Скрамблевіча апрацаваў камень. Віталь Каляда адвёз помнік у Зэльву. Яўген Ладуцька і Станіслаў Суднік дапамаглі ўстанавіць яго каля царквы. Трэба адзначыць дабрачынную дзейнасць скульптара Міхаіла Інькова, матэрыяльную дапамогу гісторыка Міхася Чарняўскага.

Грошы на выраб помніка Ф.Скарыне аплаціў рэдактар газеты “Частный детектив” Алесь Усеня – зямляк А.Я.Белага. Транспарціроўку помніка ажыццявіў сябра, які працаваў у адным з міністэрстваў высокім чыноўнікам. На помнік Міколу Гусоўскаму далі грошы прадпрымальнікі.

Эскіз помніка Кастусю Каліноўскаму распрацаваў мастак Анатоль Крывенка. Выразаў скульптуру народны майстар Міхась Небышынец. Транспартам забяспечыў Ігар Курыцын. Міхась Белы і Міхась Небышынец усталёўвалі помнік на 5-метровай вышыні (на франтоне музея). Усё гэта рабілася бясплатна.

Так ствараліся многія помнікі. Дабрачыннасць і ахвярнасць патрыётаў – аснова іх стварэння!

Сябар клуба, мастак Мікола Несцярэўскі стварыў каля 100 медальёнаў, на якіх змешчаны выявы ўладароў Вялікага Княства Літоўскага і Рэчы Паспалітай, дзеячоў беларускага Адраджэння. Усе гэтыя творы ён перадаў у музей бясплатна. На адліўку ў метале гэтых медальёнаў не пашкадавала грошай Святлана. Камяні для помнікаў расшукалі на тэрыторыі Старадарожскага раёна. Дастаўку іх ажыццявілі дырэктары старадарожскіх прадпрыемстваў і камандзіры вайсковых частак, што размяшчаюцца ў Старых Дарогах. Устанавілі адлітыя ў метале медальёны на вялікіх камянях брат спадара Анатоля Міхаіл Белы і яго сын Ягор.

Улады горада Маладзечна далі дазвол на ўстаноўку ў цэнтры горада помніка славутаму гісторыку Міколу Ермаловічу. Сябры клуба “Спадчына” ўсталявалі гэты помнік на дабрачыннай аснове.

Мэтазгодна ўспомніць пра адкрыццё помніка Максіму Багдановічу ў Яраслаўлі. У 1991 годзе А.Я.Белы пачаў збор сродкаў на пабудову помніка. Істотную дапамогу аказала Святлана і беларускі паэт, доктар Анатоль Бярозка з ЗША. Помнік каштаваў на той час 800 рублёў. Ён быў адліты ў чэрвені 1992 года і дастаўлены на сядзібу клуба “Спадчына” ў горадзе Мінску, па вуліцы Адоеўскага, 18. Была думка, што перавозкай помніка ў Яраслаўль зоймецца Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь. У канцы красавіка 1994 года А.Я.Белы патэлефанаваў мэру горада Яраслаўля Віктару Валанчуласу, і той сказаў, што Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь ужо 6 месяцаў не вязе помнік, а 28 мая 1994 года ў Яраслаўлі будзе праводзіцца свята горада, і яраслаўцы хочуць адкрыць помнік у гэты дзень. Аказалася, што А.Я.Белага ў Міністэрстве культуры падманвалі, калі гаварылі, што ў Яраслаўлі помнік прымаць не жадаюць. А.Я.Белы ведаў, што Мінскі аўтазавод завозіць маторы з Яраслаўля і для гэтага накіроўвае туды свой транспарт, і звярнуўся да Міколы Лавіцкага, які працаваў на той час намеснікам старшыні прафкама МАЗа. Той пагадзіўся дапамагчы. Толькі тады Міністэрства культуры напісала афіцыйную просьбу да кіраўніцтва МАЗа аб дастаўцы помніка. І калі ў Яраслаўль адвозілі забракаваныя рухавікі, адначасова А.Я.Белы завёз і помнік Максіму Багдановічу. Чыноўнікі з Міністэрства культуры Беларусі прыехалі толькі на ўрачыстае адкрыццё.

Пра помнік Максіму Багдановічу ў Яраслаўлі А.Белы падрабязна пісаў у альманаху “Скрыжалі “Спадчыны”, у часопісе “Полацак”, іншых выданнях.

Клуб “Спадчына” з 1994 года пачаў выдаваць альманахі навуковых, літаратурных і публіцыстычных твораў сваіх сяброў. Першы з іх меў назву “Спадчына “Спадчыны”, другі і ўсе астатнія “Скрыжалі “Спадчыны”. Выйшла пяць нумароў і тры асобныя зборнікі, дзе расказвалася пра падзеі, звязаныя з дзейнасцю клуба, давалася храналогія яго дзейнасці, імёны тых, каго Камітэт Ушанавання ўзнагароджваў медалямі, кубкамі, сярэбранымі пярсцёнкамі і ордэнам “Гонар Айчыны” (а гэта звыш 300 чалавек). Цяпер заканчваецца афармленне энцыклапедычнага даведніка клуба, які называецца “Дыярыюш клуба “Спадчына”.

Клуб “Спадчына” мае свой сайт. Інтэрнэт – гэта вялікая патэнцыяльная сіла. Яе трэба выкарыстоўваць у мэтах вывучэння і прапаганды нашай нацыянальнай культуры, гісторыі, мовы. Менавіта такую задачу сябры клуба паставілі, калі ў 2005 годзе пачалі ствараць свой першы сайт “Спадчына”. У пачатку 2007 года гэты сайт быў уведзены ў Інтэрнэт. У першага сайта хосцінг быў маскоўскі: www.spadchina.narod.ru. Хутка пачалі рабіць новы сайт “Пакутнікі Беларусі”: www.pakutniki.narod.ru. Пасля яго завяршэння пачалася сумесная работа над новым сайтам “Адраджэнцы Беларусі”, дзе былі размешчаны звыш 400 біяграфій выбітных сыноў і дачок Беларусі й пададзены звесткі пра 700 мастацкіх твораў, прысвечаных гэтым дзеячам: www.adradjency.narod.ru. Калі ў 2008 годзе гэтая работа была завершана, у А.Белага ўзнікла ідэя стварыць Беларускія вялікія Мінэі-Чэцці (кніга для паўсядзённага чытання), дзе падаваліся б на кожны дзень года біяграфіі і мастацкія партрэты ўсіх знакамітых людзей зямлі Беларускай, пачынаючы з сівой даўніны. У такі своеасаблівы каляндар трапіла звыш 600 прозвішчаў дзеячоў Беларусі. Сябры клуба “Спадчына” актыўна працуюць над гэтай праграмай. Вялікая частка сабранага матэрыялу ўжо змешчана ў новым сайце www.spadczyna.org, дадатковая знаходзіцца ў стадыі распрацоўкі.

Сябры клуба “Спадчына” пачалі распрацоўку сайта “Родная мова” (“Мова – душа народа”): www.rodnamova.narod.ru. Паводле задумак, гэта павінен быць сайт са своеасаблівай электроннай энцыклапедыяй роднай мовы. Яго ўжо можна наведаць: www.test.spadchyna.org. Там змешчаны Катэхізіс навукі аб беларускай мове, больш за 500 вершаў аб роднай мове, да 100 артыкулаў выдатных дзеячаў нашай гісторыі, культуры і літаратуры. Тут прозвішчы і біяграфіі змагароў за родную мову, мастацкія партрэты і шмат іншага. Сябры клуба мараць стварыць на гэтым сайце своеасаблівы форум усіх прыхільнікаў і змагароў за родную мову. Гэта звышзадача, і сябрам клуба трэба яшчэ шмат працаваць.

Сайты ўжо заўважаны, і іх актыўна наведваюць не толькі ў Беларусі, але і ў іншых краінах. Міністэрства культуры не стварыла магчымасці для рэпрэзентацыі выяўленчага мастацтва Беларусі ў сусветнай электроннай сетцы. Гэтую місію нясе сайт “Спадчына”, які рэпрэзентуе мастацтва нашай краіны.

Здзейснілі сябры клуба шмат, але маглі б зрабіць намнога больш, каб дапамагалі тыя, хто сёння многа гаворыць, што ратуе і дбае пра беларускую культуру, беларушчыну, нашу спадчыну.

У Беларусі энтузіяст Анатоль Белы не адзін. У вёсцы Гудзевічы Мастоўскага раёна Гродзенскай вобласці стварыў літаратурна-краязнаўчы музей Алесь Белакоз. У горадзе Ветка Гомельскай вобласці ў 1987 годзе заснаваны музей народнай творчасці на аснове прыватнай калекцыі Фёдара Шклярова, які стаў першым дырэктарам адкрытага ў 1987 годзе музея. Шмат помнікаў паставіў інжынер-электрык Анатоль Рогач у Вілейскім раёне Мінскай вобласці. Ён разам з архітэктарам Анатолем Капцюгом ушанавалі памяць многіх славутых землякоў. У горадзе Ліда Гродзенскай вобласці некалькі помнікаў зрабіў скульптар Рычард Груша. І ніхто ім грошы з дзяржаўнай казны не даваў.

А.Белы даўно падштурхоўваў улады Старадарожскага раёна да стварэння ў раёне музея. Дзеля гэтага ён падарыў гораду звыш 100 твораў графікі, 17 медальёнаў, помнік Францыску Скарыне, які ўстаноўлены ў Старадарожскай гарадской бібліятэцы (скульптар С.Адашкевіч), а тутэйшы народны майстар Ігар Лізура – 50 сваіх твораў. Пасля такой аб’явы кіраўніцтва раёна вырашыла апярэдзіць Белага. Кіраўніцтва раёна паехала да сястры мастака Івана Стасевіча (земляка, ужо нябожчыка), дамовілася з ёй аб перадачы твораў І.Стасевіча ў фонд будучага музея і аддзел культуры пачаў работу па стварэнню музея. Адкрыццё раённага краязнаўчага музея адбылося на тры дні раней даты, намечанай А.Белым. На ўрачыстасці, прысвечанай яго адкрыццю, старшыня райвыканкама з нейкім асабістым гонарам сказаў Беламу: “А мы ўсё ж такі наш музей адкрылі раней за ваш”. Спадар Анатоль адказаў: “І слава Богу. Бо каб я вас не падштурхнуў, вы б доўга яшчэ марудзілі з гэтай справай. А цяпер у горадзе будзе два музеі”.

Вялікі ўклад у дзейнасць клуба “Спадчына” ўносяць сябры Л.Акаловіч, І.Антанюк, Р.Барадулін, С.Белая, А.Валахановіч, А.Будзянок, А.Зіменка, М.Карпук, І.Кісялёва, А.Крывенка, Я.Лаўрэль, М.Лавіцкі, У.Ліпскі, А.Ліс, І.Лойка, С.Лойка, А.Мяльгуй, М.Несцярэўскі, У.Пецюкевіч, А.Пухоўскі, П.Русаў, М.Савіцкі, А.Саламонаў, Н.Сармант, А.Саскавец, А.Семеняка, А.Цыркуноў і іншыя.

На працягу гэтага часу ад нас пайшлі ў вечнасць вядомыя постаці, адраджэнцы, якія пакінулі значны след у гісторыі і культуры нашай Бацькаўшчыны: А.Аніська, В.Быкаў, М.Ермаловіч, А.Лісоўская, А.Ляўковіч, Л.Сокал-Кутылоўскі, Я.Ціхановіч, Я.Юхо.

Трэба адзначыць, што нам, сябрам клуба “Спадчына” дапамагалі і дапамагаюць вядомыя беларускія дзеячы культуры, мастацтва, настаўнікі, урачы, інжынеры, прадпрымальнікі і многія іншыя. Гэта П.Адамовіч, В.Аношка, З.Бандарэнка, А.Л.Белая, М.Белы, Г.Быкоўскі, М.Гаравы, Г.Грушавы, Г.Далідовіч, В.Ермаловіч, Л.Ермаловіч, Г.Запартыка, М.Казлоўскі, Б.Каліноўская, А.Кобец-Філімонава, А.Крэчка, А.Марачкін, В.Мазынскі, Г.Матусевіч, У.Мелехаў, Р.Мяжуеў, С.Палівода, А.Родчанкаў, П.Садоўскі, С.Сармант, У.Слабодчыкаў, Л.Собаль, А.Фінскі, А.Ходан, В.Целеш, Л.Целеш, М.Чарняўскі, В.Чаропка, М.Шавыркін і многія іншыя.

Ёсць яшчэ адно вельмі важнае звяно ў жыцці і працы Анатоля Белага. Гэта яго жонка Ала Мікалаеўна Белая (Сурянінава), з якой ён пазнаёміўся ў далёкім ужо 1965 годзе ў Старых Дарогах. Ала Мікалаеўна – сябар і дарадца А.Белага па музею, клубу, хатніх справах. Яна, як чалавек творчы, тонка разумее мастацтва не толькі музычнае, але і выяўленчае, і пры неабходнасці можа правесці экскурсію па залах музея. Спадар Анатоль лічыць, што з жонкай яму проста пашчасціла, бо, будучы рускай па нацыянальнасці, яна поўнасцю падзяляе ідэі і памкненні Беларускага Адраджэння, дапамагае іх ажыццявіць і робіць гэта шчыра і самаахвярна.

Досвед клуба “Спадчына” яскрава сведчыць, што можна рабіць вялікія справы цалкам на дабрачыннай аснове. Дзеля гэтага патрэбна моцнае жаданне, самаахвярнасць, падтрымка адзінадумцаў і дапамога сяброў. Менавіта дзеля гэтага і ствараўся клуб “Спадчына”.

Вось так шчыльна пераплятаюцца ў адраджэнскім руху справы і сяброў клуба “Спадчына”, і старшыні клуба “Спадчына” Анатоля Белага, і Старадарожскага мастацкага музея!

 

3.

Старадарожскі мастацкі музей (да 10-годдзя адкрыцця)

Старадарожскі музей выяўленчага мастацтва быў заснаваны ў горадзе Старыя Дарогі Мінскай вобласці ў 1990 годзе. У аснову музея пакладзена асабістая калекцыя Анатоля Яўхімавіча Белага. Ствараўся музей на працягу 10 гадоў.

d091d0b5d0bbd18b-2

Нараджэнне новага, невядомага – заўсёды цяжкі працэс. Здараецца шмат нечаканасцей, падвохаў і нават здрады. Урачыстае адкрыццё музея адбылося 11 снежня 1999 года, на другі дзень пасля 60-годдзя А.Белага.

Месціцца музей у чатырох двухпавярховых дамах, зведзеных пад адзін дах. Плошча экспазіцыі каля 500 кв.м. Мае каля 4 тысяч экспанатаў. Экспазіцыя размешчана ў 8 тэматычных залах, і помнікі ў дворыку музея. Аснову мастацкай калекцыі складае прыватны збор А.Белага: жывапіс, графіка, скульптура, медальерны збор (каля 600 экз.), нумізматычны збор.

Яшчэ з маладых гадоў Белы актыўна займаўся калекцыяніраваннем, спачатку графічных твораў, потым медальернага мастацтва і жывапісу. Да 1970-х гадоў у яго склаліся добрыя калекцыі. І як кожнаму калекцыянеру яму захацелася не толькі паказаць іх людзям, але расказаць аб ролі мастацтва ў духоўным жыцці краіны. Свае першыя крокі ў гэтым кірунку ён пачаў рабіць, калі працаваў выкладчыкам філасофіі ў Беларускім дзяржаўным універсітэце. Менавіта жаданне праводзіць не эпізадычныя выставы калекцый, а мець сталую сістэматызаваную экспазіцыю па гісторыі Беларусі, пра рэвалюцыйнае змаганне пад кіраўніцтвам Тадэвуша Касцюшкі, Кастуся Каліноўскага, іншых дзеячаў, прывяла А.Белага да думкі атрымаць памяшканне, каб зрабіць там экспазіцыю. Спачатку ён меў намер паказваць яе па месцы жыхарства школьнікам і студэнтам. А пасля задумалася арганізаваць гурток адзінадумцаў і разам з імі праводзіць мэтанакіраваную дзейнасць па вывучэнні і прапагандзе нашай багатай спадчыны, якая ў тыя часы была “совершенно секретной” не толькі для простых людзей Беларусі, але і для большай часткі творчай інтэлігенцыі . А.Беламу ўдалося ажыццявіць сваю задуму напярэдадні “гарбачоўскай перабудовы”. У той час ён быў для ўладных органаў чалавек лаяльны – выкладчык філасофіі, змог расказаць раённаму і гарадскому начальству пра сваю мастацкую калекцыю і паказаць некаторыя экспанаты. Атрымалася зацікавіць чыноўнікаў Партызанскага райвыканкама горада Мінска, і ў сакавіку 1984 года яны далі дазвол і нават выдзелілі памяшканне пры ЖЭСе на вуліцы Мендзялеева для арганізацыі клуба “Спадчына”. “Спадчынай” назвалі клуб таму, што ўсе беларусы – нашчадкі беларускай спадчыны, якую трэба захаваць, адрадзіць і прымножыць.

У канцы 1980-х гадоў у Мінску сябры клуба ўдзельнічалі ў правядзенні народных свят: Гуканне вясны, Купалле, Калядаванне і інш. 6 ліпеня 1986 года сябры клуба адзначылі Купалле ў Вязынцы, на радзіме Янкі Купалы. Адразу пасля гэтага іх пазбавілі памяшкання, але А.Белы змог атрымаць другое на вуліцы Адоеўскага, 18. Пасля таго, як рэзка павысілі арэндную плату, сябры клуба мусілі ад яго адмовіцца. Свайго памяшкання клуб не мае. Збіраюцца дзе давядзецца, дзе дамовяцца.

Вядомы гісторык, археолаг, прафесар Георг Штыхаў, наведаўшы музей, заявіў, што па экспазіцыі гэтага музея можна вывучаць гісторыю Беларусі,

Што тут чынілася

У даўнія гады,

Што думалі, чаго жадалі мы тады,

За што змагаліся, як баранілі веру.

Максім Багдановіч, “Летапісец”.

Дык чаму ж не выкарыстоўваюць такія вялікія і дзейсныя магчымасці нашы грамадскія і палітычныя дзеячы? На гэта пытанне няма адказу. Ёсць пытанне і да дзеячоў беларускай культуры. Сярод іх можна пералічыць па пальцах тых, хто наведаў музей. Гэта – кампазітар І.Лучанок, пісьменнікі Вольга Іпатава, Яўген Гучок, Віктар Хурсік, Анатоль Валахановіч, А.Саскавец. Яны разумеюць ролю выяўленчага мастацтва ў жыцці грамадства. Аднак прафесійная зайздрасць і фанабэрыя не дазваляюць многім іным па-сапраўднаму ацаніць гэтую з’яву.

Асветніцкую дзейнасць сяброў клуба трэба разглядаць у кантэксце агульнай нацыянальнай культурнай работы. У клубе шмат сапраўдных энтузіястаў, такіх як А.Валахановіч, А.Грыцкевіч, Я.Гучок, М.Лавіцкі, Л.Лыч, А.Мяльгуй, М.Савіцкі, У.Содаль, А.Цыркуноў, Г.Штыхаў. Возьмеш газету “Наша слова”, рэдактарам якой ужо доўгі час з’яўляецца С.Суднік. Многія артыкулы напісаны там сябрамі клуба. Гэтыя артыкулы А.Белы выразае, сістэматызуе, складае ў папкі і захоўвае ў аддзеле музея, прысвечанага гісторыі клуба “Спадчына”.

У музеі ёсць асобная зала клуба “Спадчына”, дзе змешчаны алейныя і медальерныя партрэты сяброў, стэнды, дзе размешчаны іх творы (кнігі, газетныя артыкулы, фотаздымкі, дакументы, іншыя цікавыя рэчы). Калі-небудзь гэта ўсё яшчэ спатрэбіцца нашаму народу і нашай гісторыі.

Варта нагадаць, што ў Беларусі зборам старажытных рэчаў і мастацкіх твораў займаліся і да А.Белага. У Лагойску браты Тышкевічы стварылі Музей старажытнасцей, Радзівілы ў Нясвіжы – карцінную галерэю, Храптовічы ў Шчорсах – добрую бібліятэку, Аляксандр Ельскі – Музей старажытнасцей і бібліятэку ў Замосці, графы фон Гутэн-Чапскія – бібліятэку і музей у Станькаве.

Варта адзначыць, што нават у ХІХ стагоддзі ўсё нацыянальнае лічылася другарадным, нізкага гатунку, нечым плебейскім. У савецкі час Міністэрства культуры таксама купляла для сваіх музеяў толькі творы “сацрэалістычнага” кірунку. Аддавалася перавага “ўдарнай працы”, заможнаму калгаснаму жыццю, гераічным дзеянням Чырвонай арміі і партызан. Усё астатняе лічылася лішнім, мала патрэбным.

Першую выставу, прысвечаную Францыску Скарыне і адкрытую ў Палацы прафсаюзаў у 1986 годзе, Мінскі гаркам КПБ забараніў. А калі А.Белы зрабіў выставу “Князі і палкаводцы Беларусі”, то яе забараніла Міністэрства культуры БССР. Цяпер яго калекцыя налічвае каля 5 тысяч твораў жывапісу, графікі, скульптуры, медальернага мастацтва. Зразумела, кошт карцін, напрыклад, Траццякоўскай галерэі нашмат вышэйшы, чым твораў Старадарожскага мастацкага музея. Але справа тут больш глыбінная, а менавіта ў фарміраванні нацыянальнай свядомасці беларускага народа.

Наведванне музея бясплатнае. У імя ахвотна бываюць не толькі тутэйшыя школьнікі, але цэлыя калектывы з розных гарадоў Беларусі, Мінска, Слуцка, Салігорска, Асіповічаў, Бабруйска, Магілёва, Вільні, прыезджыя госці з ЗША, Аўстраліі, Італіі і іншых гарадоў і краін. Нават з Далёкага Усходу прыязджалі нашы землякі, бо бачылі гэты музей па тэлебачанні, і, напоўненыя пачуццём гонару і годнасці, вырашылі адмыслова наведаць яго.

Але калі звычайныя беларусы імкнуцца наведаць музей, каб самім дакрануцца да сівой гісторыі Беларусі, то гэтага не скажаш пра многіх кіраўнікоў сучасных партый і грамадскіх арганізацый. На словах яны вельмі клапоцяцца аб развіцці нацыянальнай культуры Беларусі. А на справе…

У 1-й залі музея “Жывапісная Беларусь” экспануюцца творы беларускіх мастакоў Л.Дз.Шчамялёва (“Ф.Скарына”, 1987; “Ларыса Геніюш”, 1998; “Партрэт мастака Яўгена Куліка”, 1987); У.І.Стальмашонка (“Першы і апошні каралі Рэчы Паспалітай”, 2002; “Слёзы Адама”, 1992); дынастыі Ціхановічаў (5 мастакоў): Я.М.Ціхановіч (“Уладзіслаў Галубок”, 1994; “Партызаны ў разведцы”, 1995), Г.Я.Ціхановіч (“Веру ўваскрэснеш”, 1997), Я.Г.Ціхановіч (“Бітва пад Воршай”, 1983; “Карона Вітаўта”, 1994), Ул.І.Галубок (“Рака Цнянка”, 1927); Г.Х.Вашчанкі (“Беларускі краявід”, 1983); М.А.Карпука (“Асеннія палеткі”, 1992); В.К.Цвіркі (“Краявіды”,1983); М.А.Назарчука (“Партрэт Францыска Скарыны”, 1986); В.П.Ціханава (“Маці касманаўта Клімука”, 1980); І.П.Рэя (“Зялёны краявід”, 1985); У.П.Кульваноўскага (эскіз да оперы Я.Цікоцкага “Міхась Падгорны”, 1953) і іншых.

У 2-й залі “Гісторыя Беларусі ў мастацкіх вобразах і партрэтах” партрэты князёў і палкаводцаў ВКЛ, асветнікаў Беларусі,дзеячоў нашаніўскага перыяду, дзеячоў беларускага замежжа, помнікі архітэктуры старажытных гарадоў Беларусі, карта ВКЛ часоў Вітаўта і радавод полацкіх князёў і князёў ВКЛ – Беларускай дзяржавы (мастак А.І.Цыркуноў), і ў асноўным творы беларускага мастака А.З.Крывенкі. Дэманструюцца творы У.І.Стальмашонка (“Рэдакцыі газеты “Наша ніва” прысвячаецца”, 2006; “Рэдакцыі часопіса “Калоссе” прысвячаецца”, 2005); карціна А.І.Цыркунова (“Пражскім студэнтам прысвячаецца”, 2005); палатно А.С.Пушкіна (“Віленскім студэнтам прысвячаецца”, 2007) і іншых.

У 3-й залі “Творы мастака А.Р.Пятрухны” сабрана каля 150 твораў жывапісу, графікі, акварэлі. Тут жа стэнды і жывапісныя творы, прысвечаныя класіку беларускай літаратуры Васілю Быкаву, яго кнігі, ілюстрацыі мастакоў да яго кніг, асабістыя рэчы пісьменніка, мастацкія творы самаго Быкава (В.У.Быкаў быў таленавітым мастаком) – усяго каля 500 экспазіцыйных адзінак і 10 прыжыццёвых партрэтаў Быкава розных мастакоў Беларусі.

У 4-й залі “Сябры клуба “Спадчына” экспануюцца партрэты сяброў клуба, іх кнігі, артыкулы ў часопісах і газетах, асабістыя рэчы сяброў клуба, афішы, улёткі, дыскі, дыскеткі, запісы іх дакладаў, прамоў, выступленняў і інш. Партрэты сяброў клуба напісаны А.З. Крывенкам, А.І.Цыркуновым, А.І.Зіменкам.

У 5-й залі “Скульптура і медальерная кераміка” экспануюцца творы беларускіх скульптараў і мастакоў медальернага мастацтва: М.І.Кандрацьева, У.К.Лятуна, У.І.Мелехава, М.І.Інькова, М.Л.Несцярэўскага цыклы “Князі ВКЛ (39 партрэтаў – медалёў з керамікі), “Дзеячы нашаніўскага перыяду” і “Дзеячы сучаснага нацыянальнага Адраджэння” (49 партрэтаў), “Сябры клуба “Спадчына” (каля 20 медалёў з керамікі) і іншыя.

У 6-й залі ”Гісторыя Беларусі ў графіцы” падраздзяляецца на тры перыяды: “Старажытная Беларусь”, “Змагарная Беларусь”, “Маладая Беларусь”.

У раздзеле “Старажытная Беларусь” прадстаўлены постаці дзеячоў нацыянальнай культуры і адраджэння Беларусі – Еўфрасінні Полацкай, Кірылы Тураўскага, Міколы Гусоўскага, Сымона Буднага, Васіля Цяпінскага і іншых.

У раздзеле “Змагарная Беларусь” жывапісныя і графічныя партрэты ўдельнікаў паўстання 1794 года Андрэя Тадэвуша Касцюшкі і яго паплечнікаў, удзельнікаў паўстання 1830-31 гадоў, у тым ліку і Э.Плятэр, філарэтаў і філаматаў, Адама Міцкевіча, удзельнікаў паўстання 1863-64 гадоў Кастуся Каліноўскага – звыш 70 твораў.

У раздзеле “Маладая Беларусь” партрэты заснавальнікаў і ўдзельнікаў “Грамады”, урада БНР, Слуцкага збройнага чыну. На асобных стэндах раздзела творы медальернага мастацтва, прысвечаныя Янку Купалу, Якубу Коласу, Цётцы, Карусю Каганцу, Францыску Скарыне, М.Гусоўскаму і іншым, архітэктура Беларусі, дзеячы нацыянальнай культуры – усяго каля 500 твораў мастацтва медальернай керамікі.

У 7-й залі “Любіць Радзіму, шанаваць родную мову” партрэты дзеячоў духоўнага Адраджэння, дзеячоў сучаснага нацыянальнага Адраджэння: Ф.Скарыны каля 100 твораў, М.Багдановіча каля 90 твораў. Творы заходнебеларускага мастацтва – мастакі М.Сеўрук, Я.Драздовіч, М.Сергіевіч. Асобна дэманструюцца творы беларуска-французскага мастака В.М.Жаўняркевіча. Яго творы экспанаваліся ў Версалі, займалі прызавыя месцы, і мастак узнагароджваўся каштоўнымі прызамі.

У 8-й залі экспануюцца творы жывапісу сучасных мастакоў Беларусі Б.Аракчэева, М.Гугеля, П.Драчова, А.Лось і іншых.

У дворыку музея – 77 помнікаў дзеячам беларускага нацыянальнага Адраджэння – ад Ф.Скарыны да нашага часу. Устаноўлены помнікі полацкім князям Усяславу Чарадзею, Міндоўгу, Віценю, Вітаўту, Ягайлу, Льву Сапегу, Ф.Скарыне, К.Каліноўскаму, Ф.Багушэвічу, Альгерду Абуховічу, М.В.Доўнару-Запольскаму, дзеячам нашаніўскага перыяду, заснавальнікам БНР, М. і А.Багдановічам, Б.Кіту, М.Улашчыку, М.Ермаловічу, В.Быкаву, А.Бярозку, Ларысе Геніюш і іншым.

Пра музей змешчаны шматлікія матэрыялы на сайце www.spadczyna.org

Штогод музей наведваюць тысячы жыхароў з розных куткоў Беларусі – настаўнікі, урачы, дзеячы навукі і культуры, мастакі, дзяржаўныя дзеячы і іншыя.

15 каментарыяў

  1. Юрась кажа:

    Так трымаць!

  2. звыклы беларус кажа:

    Шанаванне Спадару Анатолю Беламу! Доўгіх гадоў жыцця!
    Дзякуй рэдакцыі за інфармацыю аб годных Асобах Беларускай Зямлі! Яны – Гонар Беларускай Нацыі!

  3. Уладзімер Русаковіч кажа:

    “змешчана ў новым сайце http://www.spadczyna.orq,”
    “на сайце http://www.spadczyna.orq
    Заўважыў памылку ў спасылцы на сайт клуба “Спадчына”.
    Ён месььціцца па адрасе: http://www.spadchyna.org
    Выпраўце, калі ласка.

  4. Рэдакцыя. кажа:

    Спадар Уладзімер, дзякуй за падказку.
    Выправілі.

  5. Партызан кажа:

    Шчыра кажучы, дзівуюся я рэдакцыі. Бо такі падыход да Белага – гэта супярэчаньне ўсёй папярэдняй сапраўды нацыяналістычнае працы.
    Я ня буду казаць аб ягонай афёры зь дачкой, якая праз шлюб з чалавекам на 60 год старейшага за яе выйхала ў ЗША; прыбрала да рук часопіс і цэнтр; разьвялася (папярэдні адсудзіўшы ў старога беларускага ветэрана маёмасьць); шчыльна супрацоўнічае з БЭ РПЦ – фактычна ўладамі (чаго каштуе грамата лукашэнкі ад 1999 году). Адзін зь ініцыятараў расколаў у асяродку беларускае эміграцыі ў ЗША.
    Але ж паглядзіце на ягоны сайт: Там сярод духоўных адраджэнцаў – мітрапаліт Філарэт (Вахрамееў), сьв. Еўфрасіньня аднесена да “літоўцаў” (як дарэчы і шмат іншых беларусаў). Пры гэтым ў “сьветачы адраджэньня” ён запісаў і сябе, і жонку, і дачку (нават стэнд ёй у сваім музэі прысьвяціў)… Шмат недакладнасьцяў у біяграмах, адсутны змагары за беларусь 1939 -1952 г.г. (яны для гэтага адраджэнца “калябаранты” і “здраднікі”…
    Ці ведае гэта ўсё рэдакцыя? Ці глядзела яна сайт? Ці размаўляла асабіста зь самім Белым?

  6. Рэдакцыя. кажа:

    Сп. “Партызан”, тое, што вы падалі, ёсьць для нас навіной. Па-магчымасьці будзем разьбірацца…

  7. Партызан кажа:

    Для больш поўнае інфармацыі:
    Галёўны сучасны духоўны адраджэнец:
    http://www.spadchyna.org/index.php?option=com_content&view=article&id=164:2009-03-15-15-54-00&catid=7:2009-03-09-13-02-24&Itemid=178
    А паглядзіце кем пачынаецца “нацыянальны пантэон”
    http://www.spadchyna.org/index.php?option=com_content&view=article&id=652&Itemid=431
    І дзе (у правым ніжнім куце) знаходзяцца сьв. Еўфрасіньня Полацкая і кн. Усяслаў Чарадзей…
    Да… нягоднымі пантэону Белы палічыў: Ус.Родзьку, М. Вітушку, ат. Харэўскага, ат. Булах-Балаховіча, Р. Астроўскага ды яшчэ значную колькасьць “здраднікаў па Беламу”.

    Варта паглядзець і сюды:

    http://www.spadchyna.org/index.php?option=com_content&view=article&id=245:2009-03-15-17-49-40&catid=10:2009-03-09-13-03-13&Itemid=259

    Цытата:

    “З 1990 г. жыве ў г. Кліўлендзе … Займаецца дабрачыннай дзейнасцю, з’яўляецца спонсарам … праграм Беларускай праваслаўнай царквы, развіцця Мінскай духоўнай семінарыі ў Жыровічах.

    Занесена ў Кнігу гонару “Рупліўцы твае, Беларусь”. У музеі С.А.Белай прысвечаны стэнд, дзе расказваецца пра яе дзейнасць, прадстаўлены часопісы “Полацак”, плакаты, афішы, буклеты, медалі ансамбля “Неруш” БДУ, салісткай якога яна з’яўлялася, узнагароды за вучобу і артыстычную дзейнасць, фотадакументы, экспануюцца прысвечаныя ёй мастацкія творы:

    http://www.spadchyna.org/index.php?option=com_content&view=article&id=269:2009-03-15-18-20-54&catid=11:2009-03-09-13-03-25&Itemid=283

    Сьведчу, што ў 1988 г. аб С. Белай ніхто і не чуў сярод актывістаў… так дзяўчо за Белым хадзіла. А вось аб члене камітэту камсамолу БДУ С. Белай – шмат хто ведае… але ў лібералістычнае апазіцыі маўчыць…
    Пацікаўціся як яна ў ЗША патрапіла…

  8. Жур-фак кажа:

    А хто кажа, што Белы – зусім белы і ніякай кроплі чорнага на ім няма? Ён хоць ніколі не хаваецца за рознымі там ” партызанамі” і адкрыта гаворыць тое, што думае, а іншым разам і па твары дае. Ну, любіць ён дужа Сябе, Сваю сям’ю, хоча каб ацанілі яго высілкі. Можа занадта? Ня сьціпла? Ды гэта як у каго атрымліваецца. Я дарую яму гэтыя “правіны”, за тую аграмадную РАБОТУ, якую ён ужо зрабіў і дай яму Бог здароўя і часу – зробіць яшчэ многа. Вы кажаце пра Вітушку, Балаховіча… А Вы, увогуле, даўно пра іх ўведалі? А якія яны былі “сябелюбцы” ня ведаеце? Што датычыць “амэрыканскіх справаў”, то там яны ўсё роўна будуць разьбірацца самі. Нават у тым… хто на кім ажэніцца.
    Калі чалавек ня любіць Сябе, ад яго цяжка дачакацца актыўнай дзейнасьці. Каб зразумець гэта, ня трэба глыбокіх псыхалягічных аналізаў. Трэба проста добрым вокам глянуць на гэтую ягоную дзейнасьць. І параўнаць сваю. Усё так проста! У чужым воку заўсягды… А шкада!
    З Юбілеем, Шаноўны Спадар Белы!!!

  9. Партызан кажа:

    Жур-факу
    Нешта Вы таксама “хаваецеся за нікам…
    Але мушу адказаць на некія закіды на маю адрэсу:
    1. Аб Вітушке і Бахаховічы ведаю недзе з году 1987 – 1988.
    2. Дзейнасьць бывае розная і бывае, што на першы погляд і добрая, а калі капнуць глыбей…
    3. Калі малое дзяўчо падманвае і крыўдзіць паважанага чалавека, а ён потым шматлікім людзям скардзіцца – гэта перапыняе быць прыватнае справай.
    4. Усе мы грэшныя, бязгрэшны толькі Ісус Хрыстос. Але ўсяляк спрабуем пакаяцца і больш не грашыць. Самазакаханасьць Белага, які пазыцыянуе сябя як практыкуючага каталіка, ёсьць грэх. Пры гэтым грэх не спакутваецца, а памнажаецца. Узьвялічваньне граху – кепскі прыклад для маладых.
    5. А Вы ведаеце, колькі разоў зьмяняліся погляды Белага на асобныя падзеі беларускае гісторыі? Асабіста я ведаю.

  10. Рэдакцыя. кажа:

    Пану пад нікам “Партызан”.
    Мы высьветлілі адзін з асьпектаў тых зьвестак, якія вы падалі пра спадара Анатоля Белага ў каментары №5.
    Пагадзіцеся, гэта было ня проста і для нас, і для яго сям’і.
    Вы напісалі, што дачка спадара Анатоля “праз шлюб з чалавекам на 60 год старейшага за яе выйхала ў ЗША”, а потым “разьвялася, папярэдні адсудзіўшы ў старога беларускага ветэрана маёмасьць”.
    На справе, дачка Белага (1967 г.нар.) выходзіла замуж адзін раз і яе мужам стаў беларус зь Менску Віталь Мартынюк, 1966 г.нар. Ад свайго адзінага мужа дачка Белага мае сына – 15 гадовага ўнука Анатоля Белага.
    Як вы бачыце, у вашай інфармацыі пра “афёры зь дачкой” спадара Анатоля ўжо прысутнічаюць дзьве вялікія дыскрыдытуючыя яго самаго і яго дачку хлусьні. Гэта ўжо надзвычай кепска ў адносінах да спадара Анатоля і яго сям’і – як мінімум патрабуе прабачэньняў.
    Дадаткова атрымліваецца яшчэ адна прыкрая сітуацыя, і мы думаем вам зразумела якая – УСЯ ІНФАРМАЦЫЯ, якую вы падавалі на наш сайт да гэтай пары, становіцца дыскрэдытаванай…
    Адcюль ёсьць толькі два выйсьця:
    1. Альбо вы больш ня пішыце ніякіх каментароў да матэрыялаў сайта.
    2. Альбо вы падрабязна распавядаеце ў наступным вашым каментары да гэтага ж матэрыялу, хто і як забясьпечыў вас непраўдзівымі, дыскрэдытуючымі сапраўды заслужанага беларуса, зьвесткамі.
    Чакаем вашага адказу.

  11. Партызан кажа:

    Шаноўная Рэдакцыя!
    У тыя гады, калі дачка Белага выйжала ў ЗША быў магчымы толькі адзіны шлях атрымаць візу – праз шлюб. Гэты шлюб і быў узяты (альбо заключана натарыяльназавераная Ўгода аб яго заключэньні ў ЗША) зь адным з прадстаўнікоў белаускай дыяспары ў ЗША. Паколькі гэта ведалі і ведаюць усе “старыя фронтаўцы і талакоўцы” (асабіста я размаўляў са спадаром М. Белямукам, Валяй Якімовіч ды яшчэ як меней 5 прадстаўнікамі старой “гвардыі) лічыў (і лічу) непатрэбным гэта даказываць. Як гэтыя зьвесткі зьніклі з ЗАГСу ў Беларусі (калі яны яшл заключалі ў беларускім ЗАГсе) – асабіста я няведаю… Калі яго (шлюб) заключалі не ў беларускае ўстанове – яго канцоў у Беларусі нязнойдзеш. Ва ўсялякім разе, МНЕ АСАБІСТА ПАКАЗВАЛІ ДАКУМЭНТ АМБАСАДЫ ЗША ТЫМ, ШТО БЕЛАЙ ПРАДСТАЎЛЕНА ВІЗА ЗША ЯК ЖОНЦЫ ГРАМАДЗЯНІНА ЗША. (Было гэта ў маіх асабістых справах, таму вольны не распавядаць падрабязнасьці…) Дакладна такім жа чынам атрымаў візу і сп. Сяржук Сокалаў-Воюш. Сапраўды, па некаторым сьведчаньнем (напрыклад Валі Якімовіч), шлюб Белай быў фіктыўны і патрэбны для выязду ў ЗША (вось толькі стары спадзяваўся – яна будзе яго даглядаць).
    Ужо ў ЗША Белая разьвялася (ці адмовіла старому) і ўзяла шлюб зь Віталям Мартынюком (наколькі ведаю – ужо ў ЗША).
    Дарэчы, паколькі Белая мела ад пачатку Грын-Карт у ЗША, усё гэта высьвятляецца проста – хай пакажа дадатак да першае візы (яна абавязкова ў яе захоўваецца, бо гэта вельмі патрэбны дакумэнт) і там усё пазначана…
    Яшчэ адно і галоўнае(што мне зараз падказаў па скайпу наш беларус з ЗША знаёмы): Для атрыманьня візы ў мантрымантальных справах неабавязкова заключаць шлюб у Беларусі. Дастаткова натарыяльнага сьведчаньня, што па прыезду ў ЗША такі шлюб будзе ўзяты і сьведчаньня будучага мужа (жонцы) аб узяцьці на сябе ўсёй адпавядальнасьці. Шлюб у ЗША фіксуецца толькі асаблівай паперай. Калі ён потым быў разарваны – аб ім магчыма даведацца толькі ў дасье грамадзяніна / эмігранта і ў адваката.

  12. Партызан кажа:

    Дадам, каб не было нейкага непаразуменьня: Сяржук Сокалаў-Воюш сапраўды закахаўся ў беларуску зь ЗША і ажаніўся па каханьню і праўдзіва.

  13. Рэдакцыя. кажа:

    Паважаны спадар пад нікам “Партызан”.
    У нас, натуральна, няма магчымасьці зазіраць у розныя прыватныя дакументы. Затое мы маем магчымасьць арынтавацца на дзейнасьць чалавека. І, зыходзячы з гэтага, лічым, што спадар Анатоль Белы рабіў і робіць вялікую беларускую справу. А таму яму належыць пашана! І яшчэ пры жыцьці!
    Ды й увогуле, мы гатовыя ўшанаваць усіх беларусаў, заслужаных перад беларуска-літвіскім народам і часта пры жыцьці незаслужана забытых. У нас проста сіл на гэта малавата… Але па меры нашых сьціплых магчымасьцяў мы будзем гэта рабіць.
    Таму прапануем: давайце лічыць вашыя заўвагі на адрас спадара Анатоля беспадстаўнымі. Будзем лічыць так прынамсі да той пары, пакуль па ўзьнятых вамі пытаньнях не пажадаюць выказацца сам спадар Белы, яго дачка ці хто-небудзь зь вядомых аўтарытэтных беларусаў, якія ведаюць факты знутры ЗША…

  14. Партызан кажа:

    Шаноўная Рэдакцыя!
    Калі гэтыя заўвагі пакуль абодвы бакі няздольны даказаць – дык давайце сапраўды пакуль пакінем гэтую тэму…
    Але мушу выказаць некалькі словаў уздагон (дарэчы буду ня супраць калі гэты камэнтар прыбяруць), які мусяць крыху пераканаць Вас у маёй абазнанасьці ў некаторых пытаньнях Беларускага руху канца 80-х – пачатку 90-х гадоў.
    Я быў прысутны на 1 і 2 Вольным Сойме Беларускіх Суполак, абароне Верхняга гораду, ведаў і ведаю амаль усех старых Талакоўцаў (некаторых досыць блізка альбо сябрую), быў на акцыі Алеся Пушкіна (зь якім блізка сябрую і сёньня) 25 сакавіка 1989 г… Досыць добра ведаю Міхася Казлоўскага зь Маладзечна, яшчэ з часоў “Беларускай хаткі”. Ён неаднаразова ў мяне дома, а я ў яго. Шмат каго ведаю і да сёньня падтрымліваю адносіны зь Гарадзенскае “Паходні” і Гомельскае “Талакі”.
    Я добра ведаю (гэта няцяжка праверыць), што Сяргея Высоцкага і ягоную БПС дапамагаў ствараць Вадзім Александровіч (гэта мой досыць даўні і блізкі знаёмы); што першым офісам БПСу (калі так магчыма сказаць” была аднапакаёвая кватэра Сяргея Абламейкі на вул. Карла Маркса ў Менску, якую ён здаваў ім у арэнду… Ведаю хто тады дапамагаў БПСу, як езьдзілі на зьезд Бел. нацыяналістаў у Вітэбск і як там усё адбывалася…
    Усё гэта магу падцьвердзіць фатаграфіямі…

  15. Партызан кажа:

    Дарэчы, шаноўная Рэдакцыя, Вам не спадала на думку: як 23 гадовае дзяўчо, не праграміст, не навуковец, не кандыдат альбо доктар навук; ніколі не займаўшая аніякіх пасад у палітычным дысыдэнскім рухе і беларускім маладзёжным таксама; не маючая маці альбо бабцы жыдоўкі; атрымала міграцыйную візу ў ЗША ў 1990 г. Яшчэ пры СССР. Як яе, пры нябыта бацьке-барацьбіце, выпусьцілі…
    Ну, вам жа не 20 і не 30 гадоў, пры СССР пэўна жылі і працавалі…
    Таксама нешта прамаўчалі Вы і адносна “духоўнага лідара нацыі” на сайце сп. Белага і аб “Пантэёне”…
    Але гэта, абяцаю, мой апошні пост на гэтую тэму.

Пакінуць каментар

  • Старонкі

  • Катэгорыі

  • Апошнія запісы

  • Архівы