nashaziamlia.org

Асьветна-адукацыйны, грамадазнаўчы сайт для беларусаў: аналіз, прагноз, сілы, інтарэсы, сьветагляды, ідэі, ідэалогіі, праграмы, мэты.

Запісы

“АБСЭ не плануе зьмяняць мэтады працы ў Беларусі”

23 снежня, 2009 | 2 каментарыя

Рэдакцыя

d090d091d0a1d095Так супала, што на наступны дзень пасьля выстаўленьня нашага папярэдняга матэрыяла Менск наведала група ПА АБСЕ па Беларусі й фактычна пацьвердзіла нашы найгоршыя меркаваньні, выказаныя ў канцы папярэдняга артыкула. Нагадаем, там былі прыведзены аргументы да гіпотэзы, што цяперскі рэжым Лукашэнкі выгадны “Захаду” і падтрымліваецца ім, бо першы робіць для “Захаду” тое, што той і сам бы хацеў рабіць у Беларусі. Падаем новыя факты ў падтрымку гэтага меркаваньня й іх кароткае абмеркаваньне.


1.

ПА АБСЭ – апазыцыя: “дыялёг з элемэнтамі крытыкі” (21.12.2009; матэрыял Уладзімера Глода, паводле www.svaboda.org/content/article/1909447)

“Дзьве гадзіны доўжылася сёньня сустрэча дэлегацыі спэцыяльнай рабочай групы па Беларусі Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ, якая знаходзіцца зь візытам у Менску, з прадстаўнікамі палітычнай апазыцыі. Ачольвае дэлегацыю дэпутатка са Швэцыі [гэта ж трэба, каб так супала – зноў Швецыя. – Рэд.], баранэса Сэсылія Вігстрэм (гл. фота ўверсе). Разам зь ёй знаходзяцца яшчэ два чальцы групы: з Польшчы і Італіі.

Апазыцыю на сустрэчы прадстаўлялі Юрась Губарэвіч, Зьміцер Дашкевіч, Аляксандар Казулін, Сяргей Калякін, Анатоль Лябедзька, Анатоль Ляўковіч, Віталь Рымашэўскі.

На агульную думку, сустрэча атрымалася “канструктыўнай, з элемэнтамі крытычнага дыялёгу”. Пачаткам дыскусіі стала прапанова апазыцыі падсумаваць вынікі той стратэгіі, якой Парлямэнцкая асамблея АБСЭ пачала прытрымлівацца з 2000 году. Менавіта тады ПА АБСЭ прызнала Нацыянальны сход Беларусі паўнавартасным парлямэнтам. Мэта выглядала абнадзейвальнай – навучыць беларускіх дэпутатаў дэмакратыі. Але, як падкрэсьлівалі апазыцыянэры, найбольш жорсткае рэпрэсіўнае заканадаўства было прынятае Нацыянальным сходам якраз падчас гэтага навучаньня. І таму, на думку гаспадароў сустрэчы, Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ трэба ўносіць карэктывы ў гэтую стратэгію.

Сёньня дэлегацыя з Капэнгагэну наведае таксама Міністэрства юстыцыі, Палату прадстаўнікоў і Цэнтральную выбарчую камісію. Наведваньне Міністэрства замежных справаў і выніковая прэсавая канфэрэнцыя адбудуцца заўтра ў першай палове дня”.

2.

С.Вігстрэм: “Група АБСЭ не плянуе зьмяняць мэтадаў працы ў Беларусі” (22.12.2009; Уладзімер Глод, паводле www.svaboda.org/content/article/1910880)

“Беларусі трэба яшчэ прыкласьці шмат намаганьняў, каб дасягнуць высокіх стандартаў дэмакратыі і свабодаў. Пра гэта казалі на выніковай прэсавай канфэрэнцыі чальцы дэлегацыі групы па Беларусі Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ. Яны паведамілі, што й надалей будуць прыяжджаць у Менск, каб даведацца, якія зьмены адбываюцца.

Дэпутатка са Швэцыі Сэсылія Вігстрэм, якая ачольвае дэлегацыю, згадала, што апошнім разам рабочая група была ў Менску сёлета ў сакавіку. Мэта гэтага прыезду застаецца ранейшай — спрыяць разьвіцьцю дыялёгу паміж беларускімі ўладамі і разнастайнымі палітычнымі сіламі: “Мы высока цэнім інтэнсіўны дыялёг, які вядзе Беларусь з АБСЭ ды іншымі адпаведнымі структурамі ў падвышэньні дэмакратычных працэсаў. Але мы ведаем: патрэбна зрабіць яшчэ шмат. Асабліва хвалюе нас свабода мэдыяў, грамадзкіх арганізацыяў, магчымасьць для палітычных партыяў і грамадзянскай супольнасьці напоўніцу ўдзельнічаць у палітычным жыцьці краіны”.

Такія магчымасьці рэалізуюцца звычайна праз выбары. Таму журналістаў цікавіла, як міжнародныя парлямэнтары ацэньваюць зьмены і дапаўненьні да выбарчага заканадаўства Беларусі. С.Вігстрэм адмовілася ад камэнтароў. Яна спаслалася на тое, што АБСЭ дагэтуль не атрымала поўнага тэксту адкарэктаванага выбарчага заканадаўства з усімі зьменамі і дапаўненьнямі. Аднак сябра групы Павал Панцыліюш (Польшча) сказаў, што яшчэ ў 2008 годзе рабочая група зьвяртала ўвагу беларускіх уладаў на праблемы ў дзьвюх сфэрах рэгістрацыі кандыдатаў і падліку галасоў: “Нам прыемна адзначыць, што ў выніку ўнясеньня зьменаў, падобна, знайшлося разьвязаньне першай праблемы. Але мы лічым — яшчэ трэба працаваць, каб вырашыць і праблему падліку галасоў”.

 

На яшчэ адно пытаньне нашага Радыё – ці будзе рабочая група карэктаваць сваю стратэгію адносна Беларусі, пра што яе прасіла ўчора апазыцыя, – спадарыня Вігстрэм адказала:Група не плянуе зьмяняць сваіх мэтадаў працы.



Палітычны аглядальнік Аляксандар Класкоўскі адзначае: цяжка патрабаваць, каб у АБСЭ была цьвёрдая палітыка датычна Беларусі: Эфэктыўнай палітыкі няма нават у Эўразьвязу. Таму й так званы прагматычны дыялёг з Эўропай ідзе на ўмовах афіцыйнага Менску. У Эўразьвязе вядуць рэй краіны Заходняй, старой Эўропы. А АБСЭ — гэта ж арганізацыя панэўрапейская, куды ўваходзяць і постсавецкія краіны. З наступнага году старшыняваць у АБСЭ будзе Казахстан. Ён мае рэпутацыю краіны аўтарытарнай. І таму тут будзе добрае паразуменьне паміж афіцыйным Менскам і Астаной”

.



3.


Ад рэдакцыі.

Давайце цяпер з абодвух рэпартажаў, якія апісваюць паверхню падзей, вылучым ключавыя факты.

У 2000-м годзе ПА АБСЕ прызнала нелігітымную палатку дыктатара-этнацыдчыка Лу-кі ў якасьці паўнавартаснага парламенту Беларусі, матываваўшы гэты ганебны ўчынак імкненьнем “навучыць дэпутатаў палаткі дэмакратыі” (факт 1-ы).

За амаль 10 гадоў такі падыход да дыктатуры ў Беларусі прывёў у выніку да таго, што заканадаўства ў РБ стала яшчэ больш дыскрымінацыйным, антыдэмакратычным (факт 2-і)

Справа стала выглядаць настолькі непрыстойна, што нават прыкупленыя “Захадам” “апазіцыянеры” (відаць адчуўшы набліжэньне ГІСТАРЫЧНАЙ АДКАЗНАСЬЦІ за папярэднюю падтрымку такой заходняй палітыкі) паднялі “бунт на караблі” – нясьмела намякнулі пра неабходнасьць “унесьці карэктывы ў стратэгію” (факт 3-і).

На гэта яны ад прадстаўніцы Швецыі ў ПА АБСЕ пачулі: сядзець ціха і не рыпацца, ПА АБСЕ не зьбіраецца нічога мяняць у сваёй палітыцы ў адносінах да этнацыднай дыктатуры ў Беларусі! (факт 4-ы).

Высновы:

Усё гэта яшчэ раз пацьвярджае, што ліберальны “Захад” падтрымлівае (ціха, падступна) дыктатарскі рэжым у РБ, заяўляючы на публіку аб адваротным…

Адсюль становіцца зразумелым, напрыклад, чаму яшчэ ў 2001-м годзе на прэзідэнцкіх выбарах ад апазіцыйных сіл удзельнічаў не мацнейшы кандыдат (Домаш), а… правальны (Ганчарык); чаму ў час выбараў 2006 года абодва апазіцыйныя кандыдаты (Мілінкевіч, Казулін) аказаліся не падрыхтаванымі ні арганізацыйна, ні ідэалагічна; чаму на прэзідэнцкую кампанію пачатку 2011 года складаецца такая ж сітуацыя…

Вось так нам – беларусам-літвінам – “дапамагае” сёньняшні “Захад”.

Зрэшты, ён так дапамагае ня толькі нам. На сайце на сёньня найбольшую колькасьць праглядаў набраў матэрыял, у якім паказана, што цяперашнія “лібералы” наўмысна спрыяюць множаньню і ўмацаваньню дыктатарскіх рэжымаў па ўсім сьвеце (гл. https://nashaziamlia.org/2008/11/30/1641). Так яны праз тэхналогію наўмыснага стварэньня штучнай сітуацыі “выбару бяз выбару” плануюць ліберастызаваць увесь сьвет.

 

2 каментарыя

  1. Siarhiej кажа:

    Дыктатура вядзе да аслаблення краіны па ўсіх паказчыках: культурных, дэмаграфічных, эканамічных… Паколькі на Зямлі мала месца, дык палітыка “меньш народу – больш кіслароду” выгадна ўсім іншым краінам, асабліва суседзям.

  2. Рэдакцыя. кажа:

    Сяргею.
    Вы напісалі: “Дыктатура вядзе да аслаблення краіны па ўсіх паказчыках: культурных, дэмаграфічных, эканамічных…”
    Дададзім: да таго ж (плюс яшчэ да палітычнай і экалагічнай дэградацыі) вядзе расейскі імперыялізм, заходні псеўда-лібералізм, кітайскі імперыялізм, сіянізм, ісламізм і шмат яшчэ якой халеры.
    Ва ўсіх гэтых варыянтах адхіленьня-дэвіацыі ад нармальнага прагрэсіўнага разьвіцьця чалавецтва бессэнсоўна шукаць станоўчае выйсьце. Гэта ўсё роўна, што на сьметніку шукаць што-небудзь чыстае, новае, сьвежае, каштоўнае.
    Сапраўднае выйсьце на сайце названа, і яно адно (гл. мадэль роста сасны) – гэта зьмястоўная дэмакратыя для народаў і сістэмны гуманізм для ўсёй людскай цывілізацыі.
    Іншая справа, што за змаганьне за прагрэс ніхто грошаў не дае… Наадварот, патрабуюцца ахвяры. Наўзамен чалавек атрымлівае сэнс жыцьця.
    На жаль, на такі абмен ідуць далёка ня ўсе. Хаця гэта самы выгадны абмен…

Пакінуць каментар

  • Старонкі

  • Катэгорыі

  • Апошнія запісы

  • Архівы