nashaziamlia.org

Асьветна-адукацыйны, грамадазнаўчы сайт для беларусаў: аналіз, прагноз, сілы, інтарэсы, сьветагляды, ідэі, ідэалогіі, праграмы, мэты.

Запісы

УКРАЇНА: момант ісьціны набліжаецца… (частка 3: магчымы лёс Украіны пры Януковічу і пры Цімашэнцы)

24 студзеня, 2010 | 5 каментарыяў

Рэдакцыя

d0a3d0bad180d0b0d196d0bdd0b0-d0b2d18bd0b1d0b0d180d18b-53.

Што чакае Ўкраіну пасьля канчатковай перамогі аднаго з кандыдатаў? Хутчэй за ўсё, пры Януковічу – прарасейства і “дзьвюхмоўе”, але напэўна меншыя, чым у Беларусі пры Лукашэку. Цімашэнка – гэта ўсё яшчэ вялікае невядомае, але пытаньня пра “дзьвюхмоўе” зь яе боку напэўна ня будзе, як і наўрад ці будзе працяг той лініі па аднаўленьні гістарычнай справядлівасьці, па стварэньні Адзінай украінскай праваслаўнай памеснай царквы, якую праводзіў апошнія пару год пан Юшчанка. Давайце паспрабуем прадказаць варыянты будучыні Ўкраіны на грунце выняткаў з абвешчаных прэтэндэнтамі праграм, якія сталі даступнымі нам дзякуючы радыё “Свабода” (паводле www.svaboda.org/content/article/1930541).


3.1. ПРАГРАМЫ ЯНУКОВІЧА і ЦІМАШЭНКІ: ПАДАБЕНСТВА І АДРОЗЬНЕНЬНІ

Галоўныя прычыны цяперашняй сітуацыі ва Ўкраіне кандыдаты ў прэзідэнты тлумачаць наступным чынам:

Віктар Януковіч: “Сёньняшнія кіраўнікі краіны ня здольная выкарыстаць дадзеныя ім паўнамоцтвы на карысьць дзяржавы і чалавека. У запале ўзаемных сварак і абвінавачаньняў яны забыліся пра дзяржаву, давялі краіну да банкруцтва, ператварылі яе ў палітычныя і эканамічныя руіны, прынесьлі ў ахвяру сваім асабістым амбіцыям будучыню Ўкраіны, дабрабыт яе грамадзянаў.

Веру ў тое, што народ Украіны дасьць сваю катэгарычную ацэнку ўсёй “аранжавай” уладзе, гэтым бяздарным палітыканам, праз выбары ачысьціць украінскую ўладу ад папулістаў, палітычных авантурыстаў і карупцыянэраў”

Юлія Цімашэнка: “Перш за ўсё – татальнае панаваньне алігархіі, якая глыбока карумпавала палітыкаў, сродкі масавай інфармацыі, значную частку сілавых структур і судоў. Алігархія зарабляе несумленныя грошы на дзяржаўных рэсурсах і магчымасьцях. Гэта – несумяшчальная з дэмакратыяй ракавая пухліна сучаснай Украіны.

Яшчэ адной прычынай зьяўляецца разбураная вэртыкаль улады, поўны хаос, некіраванасьць краіны. Гэта – трагічнае наступства безадказнага ўнясеньня зьменаў у Асноўны закон у сьнежні 2004 году.

Геапалітыка

Януковіч: Галоўнай задачай нацыянальнай замежнай палітыкі лічу захаваньне пазаблёкавага статусу Ўкраіны. Улічваючы сучасныя геапалітычныя рэаліі, перакананы ў тым, што пазаблёкавы статус Украіны зьяўляецца ключавым элемэнтам нацыянальнай бясьпекі, гарантам павышэньня яе міжнароднага ўплыву і аўтарытэту. Аднаўлю дружалюбныя і ўзаемавыгадныя адносіны з Расейскай Фэдэрацыяй, краінамі СНД, забясьпечу стратэгічнае партнэрства з ЗША, Эўразьвязам, краінамі “вялікай дваццаткі“.

Цімашэнка: “Я веру, што мы здольныя падняцца на ўзровень эўрапейскіх стандартаў у пытаньнях дэмакратыі, правоў чалавека, умоваў жыцьця, палітычнай культуры. І калі мы пабудуем Эўропу ва Ўкраіне, Украіна стане сябрам Эўрапейскага Зьвязу. У аснову дружалюбных адносінаў з Расеяй і іншымі краінамі СНД пакладзем патэнцыял існуючай каапэрацыі і ўзаемавыгаднага эканамічнага супрацоўніцтва. Адносіны з усімі краінамі будуць будавацца прагматычна на прыярытэце нацыянальных інтарэсаў з істотным павышэньнем канкурэнтаздольнасьці Ўкраіны на сусьветнай арэне. Далучэньне Ўкраіны да любых сыстэм калектыўнай бясьпекі будзе вырашацца толькі на рэфэрэндуме”.

Абарона

Януковіч: “Гарантую пераход на кантрактную армію з 2011 году. Забясьпечу пераўзбраеньне арміі сучаснымі відамі ўзбраеньня, выкарыстоўваючы айчынныя распрацоўкі, высокія тэхналёгіі і вытворчыя магутнасьці абароннага комплексу краіны. У першачарговым парадку будуць забясьпечаныя жытлом бескватэрныя афіцэры”.

Цімашэнка: “Як Вярхоўны галоўнакамандуючы я буду спрыяць павышэньню аўтарытэту вайсковай службы і павагі да людзей у пагонах. Мы выдзелім дастатковыя матэрыяльна-тэхнічныя і фінансавыя рэсурсы для ўмацаваньня баяздольнасьці арміі, сацыяльнай абароны вайскоўцаў і іх сямейнікаў. Армія стане прафэсійнай, сфармаванай на кантрактных прынцыпах, тэрміновы прызыў у войска будзе скасаваны.

Рэформа дзяржаўнай улады

Януковіч: “Забясьпечу ўдасканаленьне мэханізмаў дзяржаўнай улады, умацаваньне асноваў парлямэнтарызму і дэмакратыі, рэфармаваньне сыстэмы правасудзьдзя. Працягну рашучую барацьбу з карупцыяй і ценевай эканамічнай дзейнасьцю. Мясцовае самакіраваньне павінна стаць надзейным і трывалым падмуркам народаўладзьдзя. Прынцыпова важна пашырыць паўнамоцтвы мясцовых саветаў. Выступаю за дэцэнтралізацыю ўлады, рэфармаваньне міжбюджэтных адносінаў у інтарэсах мясцовага самакіраваньня.

Цімашэнка: “Я веру, карупцыйны саюз улады і алігархіі будзе зьнішчаны. Улада карумпаваная, таму што яна бескантрольная. Стане няўхільнай адказнасьць улады за парушэньне Канстытуцыі і законаў, за карупцыю. Апазыцыя будзе прызначаць старшыню Падліковай палаты і кіраўнікоў кантрольных парлямэнцкіх камітэтаў, яна атрымае права прыцягваць да крымінальнай адказнасьці асобных службовых асоб – праз суд па матэрыялах парлямэнцкай сьледчай камісіі. Усеўкраінскі і мясцовыя рэфэрэндумы я ператвару ў сапраўдны, дзейсны мэханізм народаўладзьдзя. Органы мясцовага самакіраваньня атрымаюць права фармаваць свае выканаўчыя органы”.

Агульная і нацыянальная культура, мова, інфармацыйнае асяроддзе

Януковіч: “Выступаю за наданьне расейскай мове статусу другой дзяржаўнай. Я – пасьлядоўны прыхільнік цывілізаванага вырашэньня гэтага пытаньня, ажыцьцяўленьня збалянсаванай дзяржаўнай моўнай палітыкі, якая адэкватна рэагуе на моўныя патрэбы грамадзтва, адпавядае агульнапрызнаным нормам міжнароднага права, Эўрапейскай хартыі рэгіянальных моваў або моваў меншасьцяў”.

“Імкнучыся да грамадзкага прагрэсу, і надалей буду абараняць канстытуцыйнае права грамадзянаў на свабоднае выказваньне сваіх поглядаў і перакананьняў”.

Цімашэнка: “Перадумовай выкананьня місіі зьяўляецца ў першую чаргу ўздым духоўнасьці нацыі. Гаворка ідзе аб выхаваньні цьвёрдай веры ў Бога, аб духоўнай адукацыі дзяцей і моладзі, аб наданьні роўнага статусу духоўнай і сьвецкай адукацыі, аб адраджэньні ўкраінскай мовы і разьвіцьці культуры, аб аднаўленьні нацыянальных сьветаглядных традыцыяў і нашай праўдзівай нацыянальнай гісторыі”.

“Для журналістаў будуць створаныя ўмовы незалежнасьці ад улады і палітызаванага капіталу алігархіі. Прынцыпы рэдакцыйнай палітыкі, якія зробяць журналістаў незалежнымі, атрымаюць статус закону. Будзе створана высакаякаснае грамадзкае тэлебачаньне і радыёвяшчаньне, забясьпечаны доступ да інтэрнэту для ўсіх бяз вынятку грамадзянаў”.

Рэфармаваньне эканомікі

Януковіч: “Украіна павінна за 10 гадоў ўвайсьці ў дваццатку найбольш эканамічна разьвітых краін сьвету (G 20). Першачарговай задачай найбліжэйшых гадоў зьяўляецца маштабная мадэрнізацыя нацыянальнай вытворчасьці, укараненьне энэргазьберажэньня, рост прадукцыйнасьці працы, умацаваньне канкурэнтных пазыцыяў айчыннага вытворцы на замежных таварных рынках. Пачынаючы з 2010 году, гарантую штогадовы рост ВУП, павелічэньне долі інавацыйна- актыўных прадпрыемстваў, рост наўпроставых замежных інвэстыцыяў ва Ўкраіну да 50 млрд. даляраў у 2014 годзе”.

Абяцаю дамагчыся прыняцьця новага Падатковага кодэксу, зраблю Ўкраіну найбольш інвэстыцыйна прывабнай ва Ўсходняй Эўропе. Абяцаю наступныя меры: падатковыя канікулы для малога бізнэсу на 5 гадоў; зьніжэньне ПнДВ да 17% з 2011 году; зьніжэньня падатку на прыбытак да 19% з 2011 году, з наступным штогадовым зьніжэньнем на 1% да 16%”.

“Забясьпечу прыярытэтнасьць стымуляваньня прадпрыемстваў малога і сярэдняга бізнэсу шляхам доступу да крэдытных рэсурсаў, зьмяншэньня падатковай нагрузкі, у тым ліку значнае зьніжэньне падатковых выплат для прадпрыемстваў, якія ствараюць новыя працоўныя месцы. Малы і сярэдні бізнэс маюць патрэбу ня толькі ва ўвазе, але і ў абароне з боку дзяржавы”.

Цімашэнка: “Інвэстары пры стварэньні новых вытворчых магутнасьцяў будуць вызваленыя на 10 гадоў ад падаткаў пры імпарце абсталяваньня, тэхналёгіяў і камплектацыі, аналягі якіх не вырабляюцца ў Украіне. Чыноўнікі будуць пазбаўленыя права даваць лішнія ліцэнзіі, даведкі, дазволы, ажыцьцяўляць беспадстаўныя праверкі. У сацыяльна-дэпрэсіўных рэгіёнах будзе прадугледжаны спрошчаны парадак інвэставаньня і дзесяцігадовыя поўныя падатковыя канікулы”.

“Будуць укаранёныя энэргазьберагальныя тэхналёгіі, зьніжана залежнасьць ад зьнешніх паставак энэрганосьбітаў. Наш галоўны энэргарэсурс – вугаль. Мы укаранім экалягічна чыстыя тэхналёгіі яго спальваньня – водна-вугальную сумесь і тэхналёгію кіпячага слою.Створым уласны замкнёны ядзерна-паліўны цыкль. Павялічым здабычу нафты і газу, у прыватнасці на шэльфе Чорнага і Азоўскага мораў. Будзем спрыяць разьвіцьцю нетрадыцыйных і аднаўляльных крыніц энэргіі”.

“Будзе заснавана сістэма падатковых ільгот для банкаў у залежнасьці ад аб’ёму выдзеленых доўгатэрміновых крэдытаў для пачатку бізнэсу. Дзяржава возьме на сябе частку рызык выдзяленьня “стартавых” крэдытаў. Крэдытныя стаўкі будуць зьменшаныя да эўрапейскага ўзроўню, крэдытаваньне бізнэсу пяройдзе на доўгатэрміновую аснову – ад 5 да 10 гадоў. Будзе скарочаная падатковая нагрузка, адменены асобныя падаткі, у тым ліку і рынкавы збор”.

Нацыянальная справядлівасьць

(зьвесткі адсутнічаюць)

Сацыяльная справядлівасьць, сацыяльная абарона, умовы жыцьця

Януковіч: “Забясьпечу фармаваньне на заканадаўчым узроўні і забесьпячэньне цэнавай стабільнасьці і даступнасьці для кожнага чалавека: дзяржаўнага “антыкрызіснага” харчовага кошыка – пераліку прадуктаў харчаваньня, абароненых дзяржавай ад цэнавых ваганьняў (хлеб, гародніна, алей, малочныя прадукты, цукар, крупяныя вырабы); дзяржаўнага “антыкрызіснага” мэдычнага кошыка – пераліку жыцьцёва важных лекавых сродкаў і мэдычных паслуг (якасная хуткая мэдычная дапамога, жыцьцёва важныя мэдычныя прэпараты)”.

“Сярод прыярытэтных напрамкаў маёй дзейнасьці – павелічэньне жыльлёвага фонду Украіны, забесьпячэньне грамадзянаў даступным жыльлём. Ствару ўмовы для адраджэньня іпатэчнага крэдытаваньня зь фіксаванай стаўкай, ня большай за 7% у год. Дзяржава павінна сфармаваць магутны заказ на будаўніцтва сацыяльнага жытла. За 10 гадоў будзе пабудаваны 1 млн. кватэр для моладзі, работнікаў бюджэтнай сфэры, малазабясьпечаных сем’яў, людзей з абмежаванымі фізычнымі магчымасьцямі.

“Гарантую: устанаўленьне мінімальных памераў пэнсіяў, якія будуць забясьпечваць базавыя патрэбы кожнага чалавека: жыльлё, харчаваньне, лячэньне; павышэньне сацыяльных стандартаў для задавальненьня культурных запатрабаваньняў і магчымасьці набыцьця тавараў доўгатэрміновага спажываньня; абарону правоў пэнсіянэраў, якія працуюць; скасаваньне льгот пры налічэньні пэнсіяў для чыноўнікаў”.

Цімашэнка: “Без стварэньня сумленных судоў ніякія пазітыўныя зьмены ў краіне немагчымыя. Бязь іх немагчымая і справядлівасьць. Суды будуць выведзеныя з-пад палітычнага, адміністрацыйнага і карупцыйнага ўплыву. Мы зробім іх фінансава незалежнымі ад выканаўчай улады. Людзі беспасярэдне будуць абіраць і адклікаць судзьдзяў. Грамадзяне атрымаюць права ініцыяваць дысцыплінарныя справы супраць несумленных судзьдзяў. Крымінальная адказнасьць за карупцыйную дзейнасьць будзе ўзмоцненая да пажыцьцёвага зьняволеньня”.

Будзе заканадаўча павялічаная мінімальная частка заробку ў структуры сабекошту да ўзроўню сусьветных стандартаў. Уладальнікі дробных пакетаў акцыяў прадпрыемстваў атрымаюць штоквартальна выплату дывідэндаў у поўным аб’ёме. На раскошу будуць уведзеныя спэцыяльныя падаткі”.

“Пенсія будзе адкладацца на асабісты рахунак чалавека на працягу ўсяго жыцьця, нявыкарыстаныя пэнсійныя грошы можна будзе перадаваць у спадчыну. Памер пэнсіі будзе складаць ня менш за 60% сярэдняга заробку, які грамадзянін атрымліваў да выхаду на пэнсію”.

“6,5 млн. людзей ужо атрымалі па 1000 грыўняў ашчаджэньняў. Праграма вяртаньня ўкладаў Ашчадбанку Савецкага Саюзу будзе прадоўжаная да поўнага завяршэньня на працягу трох гадоў.

Дапамога сем’ям з інвалідамі будзе складаць ня менш за 2000 грыўняў у месяц.

Я аднаўлю выкананьне праграмы “Тэрыторыя якаснага жыцьця”, якая прадугледжвае правядзеньне комплекснай рэканструкцыі гарадоў з сучаснай сацыяльнай інфраструктурай і дарогамі эўрапейскага ўзроўню.

Адразу пасьля завяршэньня крызісу мы адновім доўгатэрміновае іпатэчнае крэдытаваньне куплі жытла пад 2-4% гадавых на 10-30 гадоў.

Памер стыпэндыі ня будзе меншы за ўзровень пражытковага мінімуму”.

Дэмаграфічная палітыка

Януковіч: “Мая мэта – пяцьдзесят мільёнаў грамадзянаў Украіны ўжо ў 2020 годзе. Гарантую сістэмную і доўгатэрміновую падтрымку ўкраінскай сям’і. Ужо з 2011 году пры нараджэньні першага дзіцяці ўкраінская сям’я атрымае 25 тыс. грыўнаў, другога – 50 тыс. грыўнаў, трэцяга і кожнага наступнага дзіцяці – па 100 тыс. грыўнаў. Гарантую штомесячныя сацыяльныя выплаты на кожнае дзіця: пры дасягненьні ім 3-гадовага ўзросту і да 13 гадоў сям’я будзе атрымліваць штомесяц па 250 грыўняў, а з 13 да 18 гадоў – па 500 грыўняў. Кожнаму дзіцяці – гарантаванае месца ў дзіцячым садку”.

Цімашэнка: “Будуць працягвацца пачатыя мной дзяржаўныя выплаты пры нараджэньні дзяцей”.

Ахова здароўя

Януковіч: “Забясьпечу паэтапнае павелічэньне аб’ёмаў бюджэтнага фінансаваньня сыстэмы аховы здароўя да агульнаэўрапейскага ўзроўню (10% ВУП). Раз і назаўсёды пакончу з пачатай уладамі ганебнай практыкай пабораў з хворых за атрыманьне мэдычных паслуг. Узмацню дзяржаўны кантроль за якасьцю мэдычных паслуг і прэпаратаў. Абараню грамадзянаў ад цэнавых скачкоў на рынку лекавых сродкаў. Гарантую якасную бясплатную экстраную мэдычную дапамогу. Інстытут сямейнага доктара стане асновай сучаснай сыстэмы мэдычнай дапамогі”.

Цімашэнка: “Права на ахову здароўя ня можа залежаць ад партманэта або пасады, таму кожны чалавек гарантавана будзе мець мэдычную страхоўку за кошт працадаўцы або дзяржавы, а заможныя грамадзяне – за ўласны кошт. Будзе ўкаранёна сыстэма бальнічных касаў, якія зробяць мэдыцыну якаснай і даступнай для ўсіх грамадзянаў. На працягу трох гадоў лячэбныя ўстановы будуць цалкам аснашчаныя самым сучасным мэдычным абсталяваньнем і аўтамабілямі хуткай дапамогі. На працягу году будзе наведзены поўны парадак зь якасьцю лекаў і цэнамі на іх. Будзе створаная сетка лябараторыяў для кантролю за генна-мадыфікаванымі арганізмамі, якасьцю харчовых прадуктаў і вады”.

Ахова навакольнага асяроддзя і біялагічнай разнастайнасьці

(зьвесткі адсутнічаюць)

 

Ад рэдакцыі.

Нам вядомы кошт перадвыбарчых абяцаньняў большасьці палітыкаў. Але як бы там ні было, пададзенае вышэй дазваляе атрымаць пэўныя зьвесткі аб істотных адрозьненьнях у намерах двух пазасталых прэтэндэнтаў на пасаду прэзідэнта Ўкраіны. Сярод найважнейшага мы ўбачылі наступнае:

1. Януковіч заяўляе (прынамсі, цяпер), што Ўкраіна не павінна быць ні ў НАТА, ні ў АДКБ (!). Цімашэнка пра НАТА маўчыць, затое выступае за сяброўства Ўкраіны ў Эўразьвязе. Януковіч ня супраць апошняга.

2. Цімашэнка галоўнай унутрыпалітычнай праблемай Украіны называе татальнае панаваньне алігархіі, аб’яўляючы апошнюю ракавай пухлінай сучаснай Украіны (дарэчы, яно так і ёсьць, у глабальным маштабе – тым больш! нечакана і цудоўна, бо як найлепш адпавядае і нашым ўяўленьням), і поўны хаос у палітычнай сістэме краіны, абумоўлены вымушанымі дамоўленасьцямі 2004 года. Януковіч па гэтых пытаньнях не выказваецца.

3. Януковіч выступае за наданьне расейскай мове статусу другой дзяржаўнай (як нам гэта знаёма, разам з наступствамі…). Цімашэнка ні пра якое дзьвюхмоўе ня кажа.

4. На жаль, у праграмах абодвух кандыдатаў адсутнічаюць пытаньні нацыянальнай справядлівасьці й аховы навакольнага асяроддзя. Да элементаў сацыяльнай справядлівасьці (калі гаворку весьці па зьмесьце) можна аднесьці толькі выказанае Цімашэнка ў сваёй праграме абяцаньне “наехаць” на ўкраінскіх алігархаў (як у палітычным, так і эканамічным асьпектах) і абяцаньне антыкарупцыйна рэфармаваць судовую сістэму.

Натуральна, пры такім раскладзе геапалітычны неўтралітэт, да якога заклікае Януковіч (і які мы лічым істотным пазітыўным момантам яго праграмы), аніяк не кампенсуе яго здрадніцкую пазіцыю па мове і адсутнасьць пазіцыі па алігархіі. Таму вымушаны прызнаць яго большым злом, чым Цімашэнку. Хаця, вядома, такая выснова не надае асаблівага задавальненьня…

І апошняе. Наш неспакой за лёс Украіны істотна ўзмоцніў учорашні факт. Прэзідэнт Юшчанка яшчэ раз папярэдзіў (kavkazcenter.com/russ/content/2010/01/23/70210), што кандыдаты ў прэзідэнты – і Януковіч, і Цімашэнка – не спадкавалі курс, які ён праводзіў. «Відавочна, што гаворка ідзе аб зьмене курса», – сказаў ён. Па яго словах, у гэтым заключаецца «пагроза нацыянальнаму адраджэнню, дэмакратычнаму станаўленьню, свабодзе слова і выбару». Па яго словах, «іх курс больш залежны», «гэта выйгрыш палітыкі маларасійства» (аналаг “заходнерусізму” ў адносінах да нас – беларусаў).

Прыстойных беларусаў, як і, напэўна, такіх жа украінцаў, усё гэта вельмі турбуе…

5 каментарыяў

  1. Звычайная дэмагогія, што ў аднаго, што ў другога. Калі будзе Януковіч, гэта будзе дыктатарскі рэжым, можа нават больш жорсткім, чым ў Беларусі. Не забывайце, што Януковіч крымінальнік-рэцэдзівіст. Януковіч меў крымінальную справу за згвалтаванне. Цімашэнка яго так і называе “крымінальнік”. Цімашэнка сапраўды возьмецца за алігархаў, але, каб разчысціць дарогу сабе, свайму бізнесу. Усё астатняе пустыя словы.
    Усё, што яны кажуць, патрабуе вялікіх грашовых укладанняў. А дзе яны іх возьмуць, з якіх даходаў? У іх няма ні аднаго слова, якім чынам яны павысяць даходы краіны?

  2. Siarhiej кажа:

    Цімашэнка – кепскі варыянт, але Януковіч вельмі кепскі. Нажаль, такі выбар паміж кепскім і вельмі кепскім прыходзіцца рабіць даволі часта, асабліва ў палітыке.

  3. Siarhiej кажа:

    Цікава, які кандыдат з 18-ці меў праграму прыблізна адпавядаючую нацыянальным інтарэсам Украіны (з пазіцыі Рэд.)? Можа Цягнібок? І чаму ён не атрымаў істотную падтрымку?

  4. Yanka кажа:

    Тая сітуацыя, якая склалася сёння ва Ўкраіне перад другім турам прэзідэнцкіх выбараў, мне нагадвае становішча Беларусі падчас выбараў 1994 году. Тады ў Беларусі таксама быў другі тур. Яшчэ больш цікавае – гэта нейкая схожасць кандыдатаў, якія выйшлі ў гэты тур. У нас былі Кебіч і Лукашэнка. І ні адзін з іх не адпавядаў нацыянальным інтарэсам краіны, увогуле гэтыя абодвы кандыдаты задавальнялі Маскву, як і зараз у большай-меншай ступені кандыдаты ва Ўкраіне. Януковіч заўсёды адкрыта добра ладзіў з Масквой, Цімашэнку прыемна сустракалі ў Маскве напрыканцы 2009 года. Той жа Януковіч травіць байкі пра барацьбу з карупцыяй, як і Лукашэнка ў 1994 годзе. Паўстае пытанне: няўжо Цімашэнцы адведзена роля, падобная да Кебіча? Але гэта можа і не мець нейкай агульнай ролі, бо ніхто з гэтых кандыдатаў не трымаецца за нацыянальныя каштоўнасці, у адрозненні ад тых жа Цягнібока ці Юшчанкі, у нас гэта былі Пазьняк і Шушкевіч. Чым усё закончылася ў Беларусі – вядома, гэты рэжым трымаецца і сёння, пакуль мы самі без аніякіх Захадаў ці Расей не пачнем абараняць нацыянальныя каштоўнасці і змагацца за ідэю і сапраўдную дэмакратыю.
    Калі казаць пра Ўкраіну, то трэба спадзявацца толькі на новыя судовыя справы ды майданы. Цікава будзе колькі адсоткаў набярэ варыянт – “супроць ўсіх”. Можа ўсе ж украінцы змогуць не зрабіць тых памылак, якія былі падчас выбараў у Беларусі ў 1994 годзе.

  5. Каб народ не рабіў памылак на карысць каланізатараў, патрэбна каб ў краіне быў развіты нацыяналізм, бо толькі нацыяналізм ёсць імунная сістэма народа. Нацыяналізм – гэта ёсць адстаіванне нацыянальных інтарэсаў народа. Мы на сваёй зямлі, гэта наш лёс, наша жыццё. Гэта вялікі абсурд, каб нехта вызначаў як нам жыць. Ну ідзіце і пакамандуйце немцамі ў Нямеччыне, японцамі ў Японіі. Паспрабуйце. Вось прыклад, як абараняць свае інтарэсы.

Пакінуць каментар

  • Старонкі

  • Катэгорыі

  • Апошнія запісы

  • Архівы