nashaziamlia.org

Асьветна-адукацыйны, грамадазнаўчы сайт для беларусаў: аналіз, прагноз, сілы, інтарэсы, сьветагляды, ідэі, ідэалогіі, праграмы, мэты.

Запісы

Угледземся ў туман вакол адной авіякатастрофы (частка 12: адсутнасьць маральных прынцыпаў спачатку прымушае “палітыкаў” замоўчваць Праўду, а затым ператварае іх у закладнікаў чужой волі, здраднікаў і злачынцаў)

май 31, 2010 | Няма каментараў

Рэдакцыя

23. У папярэдніх частках данай серыі матэрыялаў мы імкнуліся дайсьці да праўды адносна тых падзей, якія адбыліся 10 красавіка пад Смаленскам, а празь іх да той Праўды пра сітуацыю ў сьвеце, якую гэтыя падзеі высьвецілі. Час паразважаць пра палітыку і палітыкаў (матэрыял ілюструецца калажам з выявай польскіх “левых”, якія ўключаюць Туска, Камароўскага, Сікорскага, Кліха, іншых, падпісаным “Пальшавікі”; справа на ўстаўцы пададзена фота Васіля Блахіна, які ў 1940 годзе менш чым за месяц асабіста расстраляў каля 7.000 палякаў і беларусаў пад Катыньню; каб ня вымарацца крывёй, Блахін апранаў скураны фартук, страляў зь нямецкага “вальтэра”, бо той ня так пераграваўся; за сваю працу ён атрымаў званьне генерала НКВД і памёр ў 1955 годзе у сваёй маскоўскай кватэры ў атачэньні блізкіх і паплечнікаў…).

Фонам для данай часткі матэрыялаў можа быць таксама нядаўняя заява Яраслава Качыньскага (гл. фота зьлева), які толькі выпадкова застаўся жывы і цяпер зьяўляецца адным з галоўных прэтэндэнтаў на пасаду прэзідэнта Польшчы на бліжэйшых выбарах (нагадаем, пан Яраслаў ёсьць братам-блізьнюком загінулага прэзідэнта Польшчы Леха Качыньскага). Кандыдат на пасаду прэзідэнта ад партыі “Права і Справядлівасьць (ПіС)” заявіў у пятніцу ў праграме TVP1 “З рэфлексам” наступнае (http://www.wprost.pl/ar/196779/Kaczynski-sledztwo-ws-katastrofy-pod-Smolenskiem-powinno-byc-przekazane-Polsce/): “Маё глыбокае перакананьне, што … мы павінны зьвярнуцца да Расеі аб узяцьці на сябе гэтага сьледства… Лічу, што гэта наш сьвяты абавязак з-за памераў гэтай трагедыі, з-за факту, што загінуў прэзідэнт Рэспублікі, многія іншыя выбітныя людзі, таму што загінула 96 польскіх грамадзян, мы павінны зрабіць гэта… Мы, палякі, маем права на ўстанаўленьне ісьціны ў гэтым пытаньні. Мы маем права ведаць [праўду]“, – падкрэсліў ён.

Вось давайце і паглядзім, як стасуецца Праўда і палітыка.

На пачатак – пара меркаваньняў, якія могуць мець хрыстаматыйнае значэньне.

23.1.

ЗАКЛАДНІКІ СМАЛЕНСКАЙ ХЛУСЬНІ?

Аляксандр Сьціос (“Газета польская”, паводле blogmedia24.pl/node/30197)

У мяне такое ўражаньне, што большасьць палякаў да гэтага часу не разумеюць, што на самой справе адбылося 10 красавіка 2010 года, паколькі цяперашняя сітуацыя ўсё больш пачынае нагадваць стан сьвядомасьці, які на працягу гадоў суправаджаў [першае] катыньскае злачынства. Жорсткасьць таго забойства 70 гадоў таму, калі палова афіцэрскіх кадраў, якія мела да вайны польская армія, была расстраляная, чаго трагічныя наступствы закранулі некалькі наступных пакаленьняў і паўплывалі на ўсю польскую гісторыю. Хаця ў часы ПРЛ большасьць палякаў мелі сьвядомасьць катыньскай хлусьні, у якасьці “базавага закона” яна ў пасьляваеннай Польшчы ўспрымалася толькі нямногімі. Інакш і не магло быць, паколькі катыньскае злачынства неадкладна стала прадметам палітычных гульняў. Ведаем, што заходнім саюзнікам СССР не было патрэбным раскрыцьцё праўды. Калі ў 1943 годзе ўрад Вялікабрытаніі атрымаў сакрэтны даклад амбасадара Вялікабрытаніі ў польскім урадзе ў Лондане Оўэна О’Мэльлі, зь якога станавілася абсалютна зразумелым, што злачынства ўчынiлі Саветы, Чэрчыль утоіў гэты факт, прыняўшы і абвясьціўшы ўсяму сьвету савецкую хлусьню, што здзейсьнілі забойства немцы. Гэтую ж хлусьню пазьней пацьвердзіў Рузвельт, а адміністрацыя Эйзенхаўэра ў 1952 годзе праігнаравала вынікі дасьледаваньняў камісіі Палаты прадстаўнікоў Кангрэсу ЗША, якая прызнала віну Саветаў даказанай.

У адпаведнасьці з прынцыпам, што той, хто сьцірае сьляды злачынства і ўскладняе шлях да праўды, нясе адказнасьць за саўдзел у яго зьдзяйсьненьні,  заходнія лідары сталі памагатымі злачынстваў савецкага рэжыму, прынялі маральную і юрыдычную адказнасьць за катыньскую хлусьню. Такі стан крымінальнай адказнасьці працягваецца і пасёньня, пра што сьведчаць хаця б шматлікія прыклады, калі польскім эмігрантам перашкаджалі агалошваць праўду аб Катыні.

Мы таксама ведаем, што з самага пачатку справу суправаджалі замоўчваньні, фальсіфікацыі й старанна прэпараваная хлусьня. Расейцы, якія заўсёды былі майстрамі дэзінфармацыі, паклапаціліся нават пра боезапасы нямецкай вытворчасьці, справядліва мяркуючы, што першыя высновы з эксгумацыі трупаў будуць указваць на ўдзел немцаў. Дзейнасьць так званай камісіі Бурдэнкі і абвінаваўчае заключэньне ў дачыненьні да нямецкіх ваенных злачынцаў, якое было зачытана ў Бярліне ад імя Вялікабрытаніі, Францыі, Злучаных Штатаў і Савецкага Саюзу, дзе ў зьдзяйсьненьні забойства пад Катыньню абвінавацілі Нямеччыну – дапоўнілі пасьляваенную маштабную хлусьню і дэзінфармацыю.

Хлусьню сьвядома паўтаралі чарговыя ўрады ПРЛ, сфармаваныя на аснове савецкай агентуры – якая называлася камуністычнай партыяй. Паколькі той жа парадак і тыя ж людзі стаялі ў падстаў Трэцяй рэспублікі – краіна, якая была створана пасьля 1989 года, ніколі не выказвала рашучага жаданьня раскрыць кулісы  злачынства, выявіць усіх удзельнікаў і патрабаваць маральнай ды юрыдычнай сатысфакцыі.

Пра сапраўднае стаўленьне Трэцяй рэспублікі да забойстваў у Катыні замест пустых дэкларацый значна мацней сьведчыць прыклад маёра КГБ са Смаленска Алега Закірава, які ў канцы 1980-х і ў пачатку 1990-х, рызыкуючы жыцьцём, знаходзіў жывых сьведак катыньскіх расстрэлаў, а сабраныя доказы перадаваў польскаму консулу Міхаілу Жураўскаму. Гэта дзякуючы Закіраву змог зьявіцца польскі дакументальны фільм “Катыньскі лес”. Калі выкінуты з КГБ і пад пагрозай сьмерці [Закіраў] прыбыў са сваёй сям’ёй у Польшчу ў 1998 годзе, ніхто не дапамог яму. Каб утрымаць сям’ю, на працягу некалькіх гадоў цяжка працаваў на будоўлях, а зімой жабраваў. І гэта Закіраву яшчэ пашчасьціла, што ён пазьбег долі вайсковага пракурора Сьцяпана Радзевіча, які асабіста хацеў перадаць консулу Жураўскаму доказы, атрыманыя ў ходзе катыньскага сьледства, але 17 лістапада 1993 года – у дзень, у які ён павінен быў сустрэцца з консулам, раптоўна памёр ад сардэчнага прыступу.

Адам Македоньскі, апазіцыянер і заснавальнік Інстытута катыньскага, надаўна ўспамінаў у “Газеце польскай”, як у 1979 годзе хацеў перадаць Міхніку і Літыньскаму камплект матэрыялаў на тэму Катыні для далейшага друку і распаўсюду. У той час пачуў ад Літыньскага, што KOR ня хоча ўяўняць справу аб Катыні: “бо то паглыбляе бездань паміж расейцамі й палякамі”. Міхнік адрэагаваў аналагічна, заявіўшы, што “гэта мінулае, і KOR гэтым не зацікавіцца”. Гэты прыклад у 100 разоў лепш, чым разлеглыя аналізы, дае магчымасьць усьвядоміць, што закладнікі катыньскай хлусьні па-ранейшаму вырашаюць лёс польскай гісторыі.

Хаця сёньня ўжо ніхто не спрабуе фальсіфікаваць факты, большасьць г.зв. элітаў Трэцяй рэспублікі між тым лічыць, што катыньская справа павінна быць зачыненая ў імя будучыні й усталяваньня добрых стасункаў з расейскім суседам. Гісторыя, якая павінна “не падзяляць” і стаць закрытай картай, уціскаецца казуістычнай маралістыкай і мутнымі інтарэсамі.

Цалкам ігнаруецца пры тым факт, што расейская дзяржава яшчэ ніколі не прызнала забойства польскіх грамадзян за злачынства людабойства, не раскрыла усіх акалічнасьцяў справы, не адкрыла архіваў, і ў афіцыйнай пазіцыі ўрада Расеі, пададзенай Суду ў Стразбуры, заяўлена, што “Не існуе доказаў таго, што палякі былі забітыя”. Урад жа Пуціна ў красавіку 2010 году адмовіўся ад хоць якой  рэабілітацыі ахвяр, сьцьвярджаючы, што “не атрымалася пацьвердзіць абставінаў захопу польскіх афіцэраў, характару выстаўленых ім абвінавачваньняў і таго, ці з’яўляецца яна [іх віна] даказанай”.

І далей палкоўнік Пуцін павялічвае новую версію катыньскай хлусьні, заяўляючы, што злачынства “было асабістай помстай Ёсіфа Сталіна за паразу ў польска-бальшавіцкай вайне 1920 года”.  Гэты тып махлярства ёсьць асабліва блізкім цяперашнім элітам Трэцяй рэспублікі, якія вырасьлі на “пустой зямлі” пасляваеннай Польшчы. Наўмыснае фізічнае зьнішчэньне тысяч афіцэраў Другой рэспублікі – сапраўднай эліты польскай нацыі, між тым, павінна было па задуме Сталіна адкрыць шлях для будаўніцтва “новай дзяржавы” пад кіраўніцтвам скароных, падданых савецкай волі “правадыроў”. Катыньская элімінацыя павінна была стварыць прастору для крымінальнага пагадненьня зь людзьмі, падпарадкаванымі Маскве, а ў персьпектыве прывесьці да зьнішчэньня польскіх традыцыі й культуры. Не была актам помсты, а сьвядомым і старанна выкананым палітычным забойствам, упісаным ў савецкаю стратэгію экспансіі й заваяваньня Еўропы.

Шмат ужо было напісана пра сімвалічныя і фактычныя аналогіі катыньскага расстрэлу і трагедыі 10 красавіка. Немагчыма іх не заўважыць і замаўчаць. Хачу зьвярнуць увагу на дзьве, бадай, самыя небясьпечныя і відавочныя аналогіі.

10 гадоў таму Ян Новак Езераньскі ў артыкуле “Расея злачынства, Расея праўды” напісаў: “Ёсьць два твары Расеі. Адзін – гэта страшны, нялюдскі й крывавы, які паказаў сябе ў Катыні, Медным і Харкаве, а цяпер зноў аб’явіўся ў Чачні. І ёсьць другі, які бачым ў гераічным пазбаўленьні ад хлусьні ўласнага мінулага і ачышчэньні свайго народу з учыненых злачынстваў […] Калі мы хочам для сябе і для людзей, незалежна ад іх нацыянальнасьці й веравызнаньня,  лепшую будучыню, мы павінны аказваць тым, хто змагаецца за лепшы твар Расеі, наша прызнаньне, падтрымку, удзячнасьць і памяць. Мы павінны дапамагаць ім і абараняць ад небясьпек, якія зьбіраюцца сёньня над іх галовамі. Небясьпека становіцца рэальнай, калі чалавек, выхаваны ў школе злачынстваў і хлусьні, якой быў і ёсьць КГБ, становіцца ўсеўладным над расейскім гігантам“.

Езераньскі пісаў гэта ў той час, калі ўладу ў Крамлі браў палкоўнік Пуцін. І ня цяжка здагадацца, каго ён меў на ўвазе, засьцерагаючы перад “чалавекам, выхаваным у школе злачынства і падману”.

Усё, што адбывалася ў Расеі пасьля 2000 года, магло толькі пацьвярджаць мудрую засьцярогу “кур’ера з Варшавы”. Гэта ў час кіраваньня Пуціна 21 верасьня 2004 году Галоўная вайсковая пракуратура Расеі спыніла сьледва № 159 у катыньскай справе па прычыне “сьмерці вінаватых”. Інфармацыю пра спыненьне рассьледаваньня расейскі бок трымаў у таямніцы на працягу амаль паўгады, падаўшы яе толькі ў сакавіку 2005 года – незадоўга перад сьвяткаваньнем 60-й гадавіны перамогі над Нямеччынай. У той жа час, было вырашана захаваць у таямніцы большасьць папак сьледства, а таксама саму пастанову аб яго спыненьні, што азначала ўтайненьне сьпісу асоб, адказных за забойства палякаў. 24 траўня 2005 г. Галоўная вайсковая пракуратура Расеі пацьвердзіла меркаваньне, што ў забойстве НКВД польскіх афіцэраў не было ніякіх прыкмет людабойства. Урады Пуціна зьдзейсьнілі рэпрэсіі супраць прадстаўнікоў расейскага “Мемарыялу” і прадстаўнікоў апазіцыі, якія патрабавалі адкрыцьця архіваў і прызнаньня катыньскага людабойства ўладамі РФ.

Сёньняшняя Расея зьяўляецца краінай, далёкай ад ідэалаў дэмакратыі й свабоды [сёньняшняя Польшча – таксам! Мы – беларусы-літвіны – выразна гэта бачым… – Рэд.]. Гульня, якую палкоўнік Пуцін вядзе на міжнароднай арэне, не дазваляе забыць, што ставіцца ён да краінаў былога савецкага блоку, як да сьферы ўплыву, якая належыць Расеі. І паколькі [ён] не сустракае супраціву з боку краін Захаду, імперскія памкненьні Пуціна набіраюць абароты.

Галоўнымі стратэгамі расейскай палітыкі на працягу многіх гадоў зьяўляюцца прадстаўнікі савецкіх сьпецслужбаў, цэнтралізаваная і неабмежаваная ўлада якіх пераўтварае Расею ў таталітарную дзяржаву. Выразна пра гэта кажуць расейскія апазіцыянеры, сьцьвярджаючы нават, што сьфера паўнамоцтваў сьпецслужбаў над грамадзянамі перавышае паўнамоцтвы “сілавікоў” у савецкія часы. Палітычныя забойствы, забойствы журналістаў, ціск на свабоду выказваньняў, рэпрэсіі супраць непакорных зьяўляюцца штодзённасьцю пуцінскай Расеі. Злачынствы генацыду, якія адбываюцца ў Чачні, дапаўняюць вобраз постсавецкай “традыцыі”.

Таму сёньня нельга ацэньваць расейскую палітыку праз прызму невыразных дэкларацый і выпадковых жэстаў, а [трэба] ў катэгорыях наступальнай стратэгіі, якая праводзіцца сьпецслужбамі РФ у адпаведнасьці з вялікадзяржаўнымі амбіцыямі палкоўніка Пуціна і расейскіх “сілавікоў”, якія валодаюць Расеяй. Яе інструментамі ў роўнай ступені зьяўляюцца , як нафта і газ, так і ваенная агрэсія і аператыўная гульня. І адзінай годнай увагі традыцыяй расейскіх служб, якія вызначаюць палітыку гэтай дзяржавы, зьяўляецца сіла, гвалт і злачынства, якія выкарыстоўваюцца ў якасьці сродку для дасягненьня мэты.

Трагедыя, якая адбылася ў смаленскім аэрапорце, ня можа быць выпадковай. Ня толькі таму, што ў сьвеце прасунутых тэхналогій, строгіх працэдур і мераў бясьпекі падзея такога маштабу ня мела права адбыцца. Перш за ўсё іншае – сьмерць прэзідэнта Польшчы і дзесяткаў элітных прадстаўнікоў народу занадта дакладна ўкладаецца ў планы крамлёўскіх стратэгаў, каб мець магчымасьць адхіліць рэфлексіі аб сувязях прычына-наступства.

Самым сур’ёзным наступствам гэтай падзеі можа быць новы падзел сілаў у гэтай частцы Еўропы і адданьне Польшчы ў сьферу палітычнага і эканамічнага панаваньня Крамля. У мінулыя месяцы, падчас якіх Польшча адмовілася ад размяшчэньня “проціракетнага шчыта”, была падпісана новая “дамова аб раззбраеньні” і прынята анэксія часткі тэрыторыі Грузіі. Гэта сьведчыць аб маўклівай згодзе Еўрапейскага зьвязу і ЗША на рэалізацыю планаў Пуціна [знаходка, якая пацьвярджае і нашы меркаваньні. – Рэд.].

На борце прэзідэнцкага самалёта былі людзі, чыя дзейнасьць і бачаньне [ролі] Польшчы маглі перашкодзіць намерам Крамля, затрымаць іх і нават вынікова заблакаваць. Гэта нагадвае тое, як 70 гадоў таму патрыятызм польскіх афіцэраў, іх інтэлектуальны і культурны патэнцыял стаў перашкодай у планах Сталіна. Пераадоленьнем той перашкоды стала катыньскае забойства. Ці ня маем мы права лічыць, што смаленская сьмець прадстаўнікоў польскай эліты ўпісваецца ў той самы злачынны сцэнар?

Тым больш, што маштаб дэзінфармацыі, якая была тут жа выкарыстана, каб схаваць сапраўдныя прычыны катастрофы, можна параўнаць толькі з савецкай змовай ў справе Катыні. Многае таксама паказвае, што адсутнасьць жорсткай рэакцыі НАТА і краін ЕЗ нагадвае той самы палітычны механізм, які пасьля 1940 года зрабіў зь лідэраў “вольнага сьвету” закладнікаў катыньскай хлусьні.

Гэтая гістарычная, падмацаваная фактамі аналогія не адзіная.

Рацыянальная ацэнка шматмесячных дзеяньняў Расеі й паводзін цяперашніх уладаў Трэцяй рэспублікі адназначна паказвае на адсутнасць намераў шчырага высьвятленьня прычын катастрофы. Неадкладнае і безумоўнае выказваньне поўнага даверу да палкоўніка Пуціна, адмаўленьне ад ўласнага рассьледаваньня і гарантаваньне, што “трагедыя не прывядзе да пагаршэньня ўзаемных стасункаў і не перашкодзіць аб’яднаньню”, не ўпісваецца ні ў якую логіку польскіх інтарэсаў і не знаходзіць апраўданьня ў паводзінах ураду Расеі да і пасьля 10 красавіка.

Насуперак распаўсюджанаму меркаваньню, што рэакцыі ўраду Дональда Туска былі вынікам слабасьці і няздольнасьці цяперашняй каманды, а ўзяцьце ў стасунку да Расеі падпарадкаванай ролі сьведчыла аб памылковых калькуляцыях, я лічу, што прычына гэтых абуральных паводзін ёсьць значна больш важкая.

Варта было б спытаць: якую ролю ў рэалізацыі стратэгіі Пуціна выконваюць сёньня некаторыі буйныя палітыкі? Якую выконвалі раней, калі шматмесячная камбінацыя аператыўных і палітычных акцый Крамля прывяла да ўсталяваньня “смаленскай пасткі” і закрыцьця прадстаўнікоў польскай эліты ў прэзідэнцкім самалёце?

Ці пасіўныя паводзіны польскага боку сапраўды зьяўляюцца толькі вынікам слабасьці ўраду, падпарадкаванага Расеі – элементам неразумнай прарасейскай палітыкі; ці, можа, хутчэй сьведчыць пра тое, што некалькі чалавекам з вышэйшага кіраўніцтва Трэцяй рэспублікі даверана была роля закладнікаў ведаў аб здарэньні 10 красавіка? Можна сабе ўявіць, што калі хто-небудзь з вышэйшых эшалонах улады меў веды пра мэты расейскай гульні і нічога не зрабіў для прадухіленьня катастрофы 10 красавіка – стаў бы закладнікам гэтых ведаў. Аналагічна, адсутнасьць рэакцыі на адпаведныя “сугестыі” аб прычынах катастрофы, перададзеныя хаця б у асабістай размове, ці ж ня робіць са слухача асобу “паінфармаваную”, і праз гэта саўдзельніка, які нясе адказнасьць за ўтойваньне праўды?

Праз такі механізму савецкія службы шматразова праводзілі свае інтарэсы, ведаючы, што ён гарантуе поўную бясьпеку аперацыі. У адпаведнасьці з гэтай логікай, якая была накінута заходнім краінам, дэпазіт катыньскай хлусьні станавіўся важкай гарантыяй непарушнасьці ўплываў савецкай Расеі ў Польшчы, а хаваньне праўды аб забойстве праз заснавальнікаў ПРЛ стварыла з усіх урадаў  камуністычнай дзяржавы фактычных саўдзельнікаў злачынства.

Той жа прынцып выкарыстоўваўся ў 1980-х гадах, калі таямніцы забойства ксяндза Ежы [Папелушкі? – рэд.], а пазьней кулісаў “круглага стала” былі выкарыстаныя ў якасьці гарантыяў саюзу, які стаў адначасна актам заснаваньня Трэцяй рэспублікі. Удзел выбраных прадстаўнікоў касьцёлу і апазіцыі ў на гады расьпісанай кампаніі дэзынфармацыі аб забойстве капелана “Салідарнасьці” зрабіла зь іх фактычных саўдзельнікаў і закладнікаў планаў савецкай стратэгіі “трансфармацыі палітычнага ладу”.

Тыя ўлады і змова маўчаньня, якія паўсталі тады, сталі [перашкодай] на шляху выяўленьня сапраўдных абставін забойства й выяўленьня яго заказчыкаў. Стан, які абавязвае дасёньня, дазваляе назваць гэтую падзею – забойства для заснаваньня Трэцяй рэспублікі.

Толькі гэтай аб’ядноўваючай таямніцай можна растлумачыць паводзіны дэцыдэнтаў у справе Катыні і тым жа прынцыпам можна абгрунтаваць сістэмны супраціў уладаў Трэцяй рэспублікі што да разьлікаў са злачынствамі камуністычнымі, як і адцісканьне прадстаўнікоў польскай бясьпекі ад ўплыву на дзяржаўныя справы.

Калі палкоўнік КГБ, які знаходзіцца на пасадзе ўсеўладнага прэм’ера Расеі, таксама і сёньня выкарыстаў савецкую тактыку “ўзяцьця закладнікаў злачынства”, ня будзем мець ніякіх гарантый, што дзеяньні прадстаўнікоў органаў дзяржаўнай улады на самой справе служаць польскім інтарэсам.

(канец артыкула)

23.2.

АНТОН МАЦЭРЭВІЧ: «КАЧЫНЬСКІ СУПРАЦЬСТАЯЎ ПАЛІТЫЦЫ ЛІКВІДАЦЫІ ЦЭНТРАЛЬНАЙ ЕЎРОПЫ» (паводле http://dyktatura4rp.blogspot.com/2010/05/macierewicz-pisze-dla-uospa.html).

“Лех Качыньскі разам зь незалежніцкай элітай апынуўся ў віхуры вялікай расейскай аперацый па аднаўленьні ўплыву на тэрыторыі былой імперыі, у дадатак у пагадненьні зь Нямеччынай і са згоды ўрада Дональда Туска. Па сутнасьці гэта была гіганцкая пастка, якая захлопнулась разам са стартам Ту-154 10 красавіка ў 7.20 варшаўскага часу. Правільны аналіз смаленскай трагедыі мусіць ўлічваць увесь кантэкст польскай палітычнай сітуацыі. Я апісваў яе, не ўяўляючы яшчэ будучых падзей, якія нас чакалі, больш за месяц таму на старонках “Газеты польскай” у артыкуле: “Польшча ў сетцы службаў”. Сёньня мы ведаем нашмат больш.

Незалежніцкая польская палітыка

Асноўная тэза гэтага артыкула заключалася ў перакананьні, што прэзідэнт Лех Качыньскі ёсьць сапраўдным дзяржаўным дзеячам, які ёсьць першым пасьля сьмерці Юзэфа Пілсудскага і Рамана Дмоўскага, хто праводзіў сапраўды сувярэнную польскую міжнародную палітыку [і хто засадзіў у сьпіну беларуска-літвінскага народу шмат разоў знаёмы зь гісторыі нож знакамітай польскай здрады! Ніколі не выбачым!!! – Рэд.]. Асноўнай мэтай гэтай палітыкі было імкненьне зрабіць з Польшчы рэальнага гульца на еўрапейскім і сусветным узроўні. Бліжэйшай задачай, якая зьдзяйсьнялася Качыньскім, была канцэнтрацыя вакол Польшчы краін Цэнтральнай і Паўднёва-ўсходняй Еўропы ад Одэра да Дняпра і ад Балтыйскага да Адрыятычнага, Чорнага і Каспійскага мораў [сьведчым яшчэ раз: ад палякаў беларуская дэмакратычная апазіцыя ніякай падтрымкі ніколі ня мела; гэта азначае, што польская палітыка была не дэмакратычная, а імперская; і “карта паляка” гэтьа выдатна пацьвердзіла… – Рэд.]. Такі запланаваны блок здольны, дзякуючы крыніцам каспійскім, да энергетычнай незалежнасьці, моцны вялікім патэнцыялам тэрытарыяльным і дэмаграфічным, падтрыманы саюзам з ЗША і ўдзелам у ЕЗ, мог бы граць самастойную ролю паміж Нямеччынай і Расеяй [мог бы, калі б палякі не паводзілі сябе як яшчэ адны імперыялісты… – Рэд.].

Эфектыўны, нягледзячы на перашкоды

Качыньскі працягваў такую палітыку нават пасьля падзеньня ўраду Яраслава Качыньскага і пераходу ўлады ў ЗША да дэмакратаў, а ў Польшчы – пры капітулянцкіх урадах Туска і Камароўскага. Ён справядліва лічыў, што доўгатэрміновая кан’юнктура вызначаецца з аднаго боку глабальным патэнцыялам ЗША і непазбежнымі зьменамі ў Расеі, а, з другога боку, натуральнай патрэбай інтэграцыі краін Цэнтральнай Еўропы вакол лідара, якім можа быць толькі Польшча. Тое асаблівае месца Польшчы вынікае як з патэнцыялу тэрытарыяльнага, дэмаграфічнага і эканамічнага, так і з-за ўздзеяньня культурна-цывілізацыйнага, у якім польскі каталіцызм адыгрывае ключавую ролю [вось так сабе палякі ўяўляюць рэчаіснасьць! – Рэд.].

Палітыка Качыньскага, якая з посьпехам рэалізавалася ў часе наступленьня ЗША ў Еўропе, аказалася пасьпяховай таксама і падчас адступленьня Амерыкі. Насуперак розным прапагандысцкім воклічам аказалася, што ідэя Цэнтральнай Еўропы працягвала ажыцьцяўляцца і аб’ядноўваць краіны вакол Польшчы таксама і тады, калі ў Еўропе пачынае дамінаваць руска-нямецкае пагадненьне. Перашкоды, такія як эканамічны крызіс, эгаізм вялікіх гульцоў ЕЗ, Лісабонскі трактат і нават узмацненьне ціску з руска-нямецкага боку, пачалі гуляць аб’ядноўваючую ролю, а не разбуральную, як у мінулым. Упартасьць польскай замежнай незалежніцкай палітыкі давала вынікі, так што паўставаў эфект т.зв. сьнежнай кулі, калі нават, здавалася б, негатыўныя акалічнасьці пераварочваліся на карысьць гэтай палітычнай лініі.

Катыньская аперацыя

У гэтай сітуацыі разбурэньне і ліквідацыя незалежніцкай палітыкі стала адной з асноўных задач сьпецыяльных служб, якія дзейнічаюць супраць Польшчы. Дэзынфармацыйна-падбухторвальны ясьпект гэтай дзейнасьці я апісаў у артыкуле, пра які ўзгадваў, канцэнтруючыся на зьдзяйсьнянай у той час “катыньскай аперацыі”. Яе асноўнай мэтай зьяўляецца ліквідацыя бар’ераў, якія аддзяляюць Расею ад Заходняй Еўропы, але так, каб не паддацца і ня страціць спадчыну Савецкага Саюзу. Для гэтага патрэбны быў партнёр, які будзе прымаць жэсты, не пытаючыся пра факты. У гэтым быў сэнс перамоваў Пуцін-Туск, якія прывялі да выключэньня прэзідэнта Леха Качыньскага з катыньскіх цырымоній, якія павінны былі аб’яднаць прэм’ераў Польшчы і Расеі ў Катыні ў 70-ю гадавіну забойства.

Туск на гэтай сустрэчы ня толькі публічна адмаўляўся ад патрабаваньня праўды аб людабойчым характары катыньскай бойні, але, як па іроніі, пагадзіўся стаць сімвалам энэргетычнага падпарадкаваньня Расеі. Падчас катыньскіх перамоваў прэм’ер Польшчы пагадзіўся падпісаць газавае пагадненьне, па якім Польшча на 30 гадоў станавілася залежнай ад паставак газу з Расеі. І гэта ў сітуацыі, калі публічна было аб’яўлена, што Польшча мае самыя вялікія ў Еўропе газавыя радовішчы. Катыньскія перамовы 7 красавіка 2010 г., такім чынам, сталі сімвалам такога пагадненьня з Расеяй, па якім Польшча адмовілася ад праўды пра савецкае людабойства і станавілася энэргетычнай калоніяй Расеі. Цяжка ўявіць больш паказальную дэманстрацыю таго, што азначае адмова ад палітыкі Качыньскага і якая ёсьць альтэрнатыва незалежніцкаму мысьленьню.

Катынь: генезіс драмы

Катыньскія перамовы з’яўляюцца ключом да разуменьня падзей, якія мы перажываем сёньня. Для Расеі элімінацыя Качыньскага з гэтых перамоваў была ўмовай дасягненьня сваіх сапраўдных геапалітычных мэтаў, або выдаленьнем таго чыньніка, які быў накіраваны на інтэграцыю Цэнтральнай Еўропы і аддзяленьне Расеі ад Нямеччыны. Туск на тое пагаджаўся. Качыньскі – не. Так што Туск павінен быў быць вітаны, а Качыньскі – элімінаваны.

Рашэньне Туска аб асобнай сустрэчы з Пуціным у Катыні, без прэзідэнта Качыньскага, з’яўляецца краевугольным каменем у пачатак непазбежнага ходу падзей, якія прывялі да трагедыі пад Смаленскам. Па-першае, таму што было відавочна, што на ўрачыстасьці 10-га разам з прэзідэнтам захочуць паехаць усе тыя, хто гадамі настойваў, каб Расея раскрыла праўду аб катыньскім людабойстве. Пры гэтым прэзідэнцкі самалёт станавіўся своеасаблівай пасткай, у якую накіроўваліся польскія патрыёты, жадаючыя быць 10 красавіка разам са сваім прэзідэнтам менавіта таму, што прысутнасьць на 7 красавіка азначала бы прыняцьце расейскага дыктату.

Па-другое, таму, што Расея, імкнучыся ліквідаваць прэзідэнта, толькі сустрэчы з Тускам надала статус дзяржаўнага візіту. Кожны, хто ведае візантыйскія звычаі расейцаў, можа зразумець, што гэта павінна было мець наступствы таксама і ў сістэме бясьпекі, і ў цэлым у маштабе заангажаванасьці расейскіх уладаў у падрыхтоўцы візіту прэзідэнта. Практычна гэта азначала, напрыклад, што сістэма аўтаматычнага навядзеньня (ILS), [якая дзейнічала] 7 красавіка пры пасадцы Туска і Пуціна, гарантавала бясьпеку самалётам, якія сядалі ў Смаленску. Але адразу ж пасьля ад’лёту прэм’ераў сістэма была разабраная і 10-га яе ўжо, вядома, не было.

Па-трэцяе, пагадненьне катыньскае (пра што Туск ня мусіў, але павінен ведаць) было часткай загадзя падрыхтаванай аперацыі па аднаўленьні ўплываў на пасьлясавецкай прасторы ад Цэнтральнай Азіі да Украіны і Польшчы. Не выпадкова ў той жа час даходзіць да перавароту ў Кіргізіі, падпісаньня пагадненьня з Януковічам аб размяшчэньні Чарнаморскага флоту, пачатку будаўніцтва “Паўночнай плыні” і афіцыйнага пратэсту Расеі што да будаўніцтва ў Польшчы амерыканскай базы СРА.

Нават калі Туск ня ведаў пра ўсё гэта, калі ўвосень 2009 года пачынаў  абмяркоўваць катыньскія сустрэчы (верагодна, праз Адама Ротфельда – свайго галоўнага прадстаўніка на перамовах з Пуціным і асабліва зь Мядзведзевым), то 7 красавіка ён мусіў ужо ўсё зразумець. Лех Качыньскі, вядома, нічога ня ведаў пра сур’ёзныя недагляды ў сьферы бясьпекі. Ляцеў у Катынь, каб рашуча супрацьстаяць палітыцы ліквідацыі Цэнтральнай Еўропы. Яго прамова, падрыхтаваная для той цырымоніі, ёсьць лепшым доказам гэтага. Аналагічным сьведчаньнем ёсьць аналіз, падрыхтаваны BBN па загадзе міністра Аляксандра Шчыглы, які павінен быў быць апублікаваны адразу пасьля вяртаньня з Катыні. Качыньскі разам зь незалежніцкай элітай апынуўся ў віры вялікай расейскай аперацый па аднаўленьні ўплыву на тэрыторыі былой імперыі ў пагадненьні зь Нямеччынай і са згоды ўрада Дональда Туска. Гэта была па сутнасьці гіганцкая пастка, якая захлопнулася 10 красавіка разам са стартам Ту-154 у 7.20 па Варшаве.

Грузінскі замах, смаленскі эпілог

Гэтыя падзеі маюць свае прэцэдэнт і эпілог. І першы, і другі маюць своеасаблівыя, хаця, здавалася б, нябачныя сьляды падрыхтоўкі. Эпілогам дасёньня застаецца загадкавы фільм працягласьцю хвіліна і 24 секунды, які быў запісаны праз тры хвіліны пасьля аварыі. Ён паказвае падзеі вакол зруйнаванага самалёту, сапраўдны сэнс якіх па-ранейшаму не разумеем і ня хочам агалосіць. Хаця ўсе мы разумеем, што азначаюць словы “не ўбівай”. Гэтае відэа ўжо праглядзелі 500.000 гледачоў па ўсім сьвеце [на сёньня – мільёны… – Рэд.], непараўнальна больш, чым фільм Анджэя Вайды аб Катыні. Як паведаміла 27 красавіка бюро Генеральнай пракуратуры, Крымінальнае ўпраўленьне агенцтва ўнутранай бясьпекі прызнала гэты фільм за сапраўдны… у што так цяжка паверыць.

Да прэцэдэнту належыць найперш грузінская аперацыя. Апісваючы месяц таму шэраг падзей, накіраваных на Польшчу, па розных прычынах [я] успамінаў “грузінскую аперацыю”, якой у свой час прысьвяціў больш глыбокі аналіз, які быў прадстаўлены на семінары ў Вышэйшай школе СМІ ў Торуні. Сутнасьць гэтай аперацыі заключалася ў спробе высьветліць, у якой ступені ў Польшчы ёсьць сілы, здольныя акцэптаваць замах на прэзідэнта Польшчы. Ці здольныя яны супрацьстаяць прэзідэнту і незалежніцкаму лагеру, і ці маюць шанцы навязаць грамадству сваю версію падзеяў, нават калі справа даходзіць да пагрозы кіраўніку дзяржавы.

Мы ведаем адказ. Яна была дана нам публічна праз заяву: “Які прэзідэнт, такі й замах, бо каб з 30 метраў не трапіць у машыну, для гэтага павінен быць сляпы снайпер”. Своеасаблівым закрыцьцём гэтай аперацыі ёсьць выступленьні, якія агалошваюцца праз палітыка, які хоча выглядаць Бацькам Айчыны, Patriae Pater, які гатовы падтрымаць і абараніць занепакоеную замахам Польшчу, гарантаваць лад, парадак і найперш спакой. Гэты палітык да гэтага часу ня змог зразумець, чаму яго словы і тон, які ён узяў, гучалі для палякаў велізарным дысанансам. Справа ў тым, што насуперак падрыхтаваным аналізам, у Польшчы не дайшло да хаосу, страху, атмасферы грамадскага жаху. Наадварот, сьмерць амаль усёй незалежніцкай эліты прывяла да таго, што народ пачаў аб’ядноўвацца вакол захаваўшагася спадчыньнікам і правадніка незалежніцкай палітыкі – Яраслава Качыньскага. Месца дробязяў і страху займае гонар з польскасьці й воля вяртаньня нарэшце ўласнай дзяржавы”. (канец артыкула)

23.3.

Прызнаемся, гэты матэрыял, які раскрывае важныя праблемы польскай палітычнай сцэны і, асабліва, ступень насычанасьці НАТАўскай Польшчы агентамі расейскіх сьпецслужб, нас уразіў. Упершыню мы сустрэліся з дакладным аналізам расейскай імперскай палітычнай тэхналогіі, якая дасягае сваіх мэт нават у такіх краінах, як Польшча.

Каротка тэхналогія выглядае прыкладна так: у патрэбнай краіне выяўляецца група палітыкаў зь нізкім узроўнем маральных прынцыпаў, якіх уцягваюць у нейкія агульныя карысьлівыя справы, наўзамен просячы пра “дробязь” – замоўчваць пэўныя асьпекты гістарычнай праўды. Гэтага аказваецца дастаткова, каб палітыкі сталі закладнікамі ў чужой гульні. Затым яны ператвараюцца ў марыянетак чужых сіл, варожых інтарэсам уласнага народу, а затым у здраднікаў й нават саўдзельнікаў злачынстваў…

Адсюль выснова: стаўленьне да гістарычнай Праўды, нацыянальнай і сацыяльнай справядлівасьці, аб’ектыўных інтарэсаў уласнага народу – гэта ўсё важнейшыя крытэры для ацэнкі якасьці палітыка. Пераканыя, гэтыя рысы важнейшыя за ўсё тое, што выстаўляюць на паказ сёньняшнія “беларускія апазіцыйныя палітыкі”, у т.л. і з прэзідэнцкімі амбіцыямі.

У гэтым жа плане – у стаўленьні да Праўды – цікавай выглядае сітуацыя ў Гародні. Ніводны зь вядомых польскіх актывістаў – “змагароў за правы польскай меншасьці на Беларусі (ні Борыс, ні Пачобут, ні Банцар, ні Пісальнік)” – публічна ня выказаў незадавальненьня з нагоды таго, як ідзе рассьледваньне другой катыньскай трагедыі, не запатрабаваў стварэньня аўтарытэтнай міжнароднай камісіі (між тым, некаторыя зь іх асабіста бывалі прынятыя панам Лехам Качыньскім – загінулым прэзідэнтам Польшчы).

Прызнаемся, сітуацыя выглядае дзіўнай. Па-першае, атрымліваецца, што за права палякаў на тое, каб ведаць праўду, у Гародні змагаемся мы – беларусы-літвіны. А, па-другое, адбываецца гэта ў сітуацыі, калі Польшча па-ранейшаму працягвае выкарыстоўваць супраць беларускага народу імперскую акцыю пад назвай “Карта паляка”.

Але, зь іншага боку, да гэтага вядзе нас пошук Праўды. Акрамя таго, магчыма, што нашая пастава калі-небудзь залічыцца на карысьць нашага ж народу…


Пакінуць каментар

  • Старонкі

  • Катэгорыі

  • Апошнія запісы

  • Архівы