nashaziamlia.org

Асьветна-адукацыйны, грамадазнаўчы сайт для беларусаў: аналіз, прагноз, сілы, інтарэсы, сьветагляды, ідэі, ідэалогіі, праграмы, мэты.

Запісы

Пачаліся размовы пра беларускі Кландайк? Самы час крычаць: “Рабуюць!!!” (Д пр-п 128)

28 ліпеня, 2010 | 4 каментарыя

Рэдакцыя.


Для таго, каб утрымацца ва ўладзе яшчэ хоць троці, цяперскі рэжым Лу-кі пачаў рыхтавацца да перадачы нашых прадпрыемстваў замежнікам. Справа ўсё больш пераходзіць у практычную плоскасьць. Давайце пабачым яе, а затым абмяркуем. Для затраўкі пададзім артыкул, які ўзяты адсюль: http://www.investar.by/en/news-calendar/46-belarus-news/311-2010-07-09-13-30-51

1.

“БЕЛАРУСЬ МОЖА СТАЦЬ КЛАНДАЙКАМ ДЛЯ НЯМЕЦКАГА БІЗНЭСУ”

У Міністэрстве эканомікі ФРГ адбылася прэзентацыя Менска ў якасьці інвестыцыйнай пляцоўкі для нямецкіх прадпрымальнікаў. Мерапрыемства выклікала нечакана вялікую цікавасьць дзелавых колаў Нямеччыны.

Высокая цікавасьць

“Эканамічны дзень Менска” – так называлася рабочая канферэнцыя, на якой госьці зь беларускай сталіцы распавялі нямецкім бізнэсмэнам аб інвестыцыйных умовах у сваім горадзе і ў краіне ў цэлым.

Як правіла, такога роду мерапрыемствы пачынаюцца ў Берліне з некаторай затрымкай: удзельнікі дапіваюць у кулуарах ранішнюю каву, перагаворваюцца і нетаропка праходзяць у залу. У гэты раз за 10 хвілін да пачатку ўсе ўжо ціхенька сядзелі ў “дубовай залі” нямецкага Міністэрства эканомікі й зь нецярпеньнем чакалі адкрыцьця форуму.

Значна больш, чым чакалі арганізатары, было і нямецкіх дзелавых людзей, якія прыйшлі паслухаць гасьцей з Менска – самага прасунутага эканамічнага рэгіёну краіны. Уздоўж аздобленых цёмнымі драўлянымі панэлямі сьцен давялося расстаўляць дадатковыя крэслы.

Невычэрпны патэнцыял

Аншлаг тлумачыцца тым, што многія нямецкія прадпрымальнікі разглядаюць Беларусь як апошні Кландайк ва Усходняй Еўропе, да якога зь Нямеччыны – рукой падаць. Патэнцыял двухбаковых гандлёва-эканамічных стасункаў відавочна ня вычарпаны і абяцае стаць яшчэ большым.

Як адзначыў намесьнік дырэктара ўпраўленьня Мінэканомікі ФРГ, які курыруе і беларускі кірунак, Вольфганг Герстман (Wolfgang Gerstmann), “Беларусь мае для супрацоўніцтва зь Нямеччынай вельмі выгадныя перадумовы – асабліва ў сьферы разьвіцьця транспартнай і камунікацыйнай інфраструктуры, у галіне энергетыкі”.

У 2009 годзе аб’ём двухбаковага гандлю склаў вельмі сьціплыя 2,1 мільярды еўра. Гэта нават менш, чым было ў 2008. Прычына – глабальны крызіс. Але ў першым квартале бягучага году сітуацыя стала хутка папраўляцца. Крызісны ж спад (17%) у гандлі зь Нямеччынай для Беларусі быў нашмат меншым, чым з Расеяй –  галоўным эканамічным партнёрам Нямеччыны.

Аптымістычна глядзіць у будучыню беларускі амбасадар у Нямеччыне Андрэй Гіро. Ён кажа нават пра якасна новы этап у двухбаковых дачыненьнях, які характарызуецца, з аднаго боку, збліжэньнем Беларусі зь Еўрапейскім зьвязам, а зь іншага – маштабнымі, па ацэнцы амбасадара, эканамічнымі пераўтварэньнямі, што адбываюцца ў Беларусі [першая іранічная заўвага. – Рэд.].

Гэта і вялікая прыватызацыйная праграма, і пераход, які ўжо адбыўся, у прыватнасьці, у будаўнічай галіне, на еўрапейскую стандартызацыю і сертыфікацыю тавараў.

Беларускі бізнэс-клімат

Аб спрыяльным клімаце для замежных інвестараў у Беларусі падрабязна казаў на канферэнцыі першы намесьнік старшыні Менскага гарвыканкаму Аляксандр Барысенка. Усе неабходныя ўмовы, па яго словах, ужо створаны. Так, у краіне адбываецца лібералізацыя эканомікі, спрашчаецца падатковае і мытнае заканадаўства, працэдура ўзгадненьняў і атрыманьня дазволаў.

У мінулым годзе, у прыватнасьці, у Беларусі адмянілі 22 падатковыя плацяжы, усталявалі адзіную стаўку падаходнага падатку ў нечуваныя для Нямеччыны 12 адсоткаў. Паводле агучаных на канферэнцыі даных, краіна ўсяго за два апошнія гады перамясьцілася ў складаемым Сусьветным банкам рэйтынгу дзяржаў з найбольш спрыяльным бізнэс-кліматам з 115-га месца на 58-е. Мэта – увайсьці ў трыццатку краін з найлепшымі ўмовамі для камерцыйнай дзейнасьці.

Сапраўды вычарпальную карціну Менска як аптымальнай пляцоўкі для інвестыцыйнай дзейнасьці нямецкіх прадпрымальнікаў намаляваў першы намесьнік старшыні камітэту архітэктуры і горадабудаўніцтва Менскага гарвыканкаму Аляксей Мартынаў. Ён палічыў ня лішнім распавесьці нават пра тое, што працягласьць трамвайных шляхоў у беларускай сталіцы “складае каля 31 кіламетры, маецца 11 маршрутаў трамвая, якія абслугоўваюць 156 машын” [другая іранічная заўвага. – Рэд.].

Нямецкія бізнэсоўцы, якія ня грэбуюць і грамадскім транспартам, па вартасьці ацанілі такія зьвесткі і з павагай пераглянуліся [зноў іронія. – Рэд.]. Аднак, куды больш важнай для іх стала інфармацыя аб тым, што 6 ліпеня Беларусь усё ж такі стала ўдзельніцай Мытнага саюзу з Расіяй і Казахстанам. Менавіта гэты факт абяцае ператварыць рэспубліку ў сапраўдны Кландайк.

Суседзі-супернікі

У інтэрвю Deutsche Welle кіраўнік прадстаўніцтва нямецкай эканомікі ў Беларусі Уладзімір Аўгусьцінскі патлумачыў, што Мытны саюз Расеі, Казахстана і Беларусі мае агульную колькасьць насельніцтва, а значыць, і патэнцыйных спажыўцоў, у 170 мільёнаў. Рынак жа самой Беларусі – усяго дзевяць з паловай мільёнаў.

“Гэта той факт, які дазваляе дзеючым у краіне замежным, у прыватнасьці, нямецкім фірмам гаварыць аб пашырэньні патэнцыйнага рынку збыту”, – зазначыў Аўгусьцінскі. Прычым, гэта рынак, на які можна будзе пастаўляць тавары, вырабленыя з дапамогай высокакваліфікаванай, але па-ранейшаму адносна таннай беларускай працоўнай сілы і без выплаты мытных пошлін.

Гэтая акалічнасьць стварае дадатковыя канкурэнтныя перавагі для Беларусі ў прыцягненьні замежных інвестараў, напрыклад, у суперніцтве з Украінай. Паколькі, падкрэсліў Аўгусьцінскі, у рамках Мытнага саюзу тавары, вырабленыя ў Беларусі, могуць без дадатковых мытных працэдур і збораў прадавацца ў любой зь дзяржаў Мытнага саюзу.

А стварыць у Беларусі, якую раней называлі зборачным цэхам Савецкага Саюзу, сумесную фірму і зарэгістраваць яе як камерцыйнае прадпрыемства з замежным удзелам, па словах Уладзіміра Аўгусьцінскага, прасьцей простага: для гэтага ў статутны фонд замежнікам трэба ўнесьці ўсяго 20 тысяч долараў.

Пры гэтым некаторыя нямецкія бізнэс-кансультанты, напрыклад, Свэн Хэнігер (Sven Henniger), лічаць, што ўжо цяпер Беларусь прывабней за Ўкраіну для замежных інвестараў – тут больш стабільныя і прадказальныя рамачныя палітычныя ўмовы, празрыстая падатковая сістэма, ніжэй ўзровень злачыннасьці і карупцыі.

(канец артыкула)

2.

Каментар да гэтага матэрыяла ў інтэрв’ю Deutsche Welle даў дырэктар аналітычнага цэнтра “Стратэгія” Леанід Заіка (гл. фота ўверсе). Ён распавёў, якія тавары і паслугі магла б экспартаваць Беларусь у Нямеччыну і Еўразьвяз, і даў характарыстыку бізнэс-клімату краіны. На думку Леаніда Заікі, у Беларусі да гэтага часу няма класу ўласьнікаў. У інтэрвю Deutsche Welle ён заявіў, што адсутнасьць рэальных рэформаў зьяўляецца галоўнай перашкодай для прыходу на беларускі рынак інвестараў зь Нямеччыны і Еўразьвязу.

Deutsche Welle: Што стаіць на шляху разьвіцьця больш шчыльных эканамічных сувязяў Беларусі зь Еўразьвязам і Нямеччынай?

– Сама структура беларускай эканомікі, дзяржаўная ўласнасьць. Яна азначае тое, што любое дзеяньне, зьвязанае са стварэньнем сумесных прадпрыемстваў альбо пакупкай прадпрыемстваў замежнымі кампаніямі ў Беларусі, практычна немагчымае. Калі б беларускія акцыянерныя кампаніі былі б прыватнымі, яны ўступалі б у пагадненьні, прадавалі б свае акцыі, і ўласьнік бы мяняўся.

А так прыходзіць да нас нямецкі інвестар, каб інвеставаць у прадпрыемства, а яму адказваюць: напішыце заяву, будзем размаўляць ва ўрадзе, потым ў аблвыканкаме, потым у райвыканкаме. Бо хто прымае рашэнне ў краіне? Група чыноўнікаў, інтарэсы якіх не ўзгодненыя.

– А як жа каля двух сотняў зьменаў у беларускім заканадаўстве па лібералізацыі эканомікі, пра якіх кажуць улады?

Беларускія ўлады – гэта марксісты, якія затрымаліся яшчэ на першым томе “Капітала”. Яны лічаць, што прыгожымі размовамі можна нешта мяняць. На практыцы павінна быць так – прыходзіць інвестар, вось зямля, яна каштуе столькі-та, калі ласка, купляйце і працуйце з захаваньнем экалагічных і сацыяльных нормаў.

Але пакуль беларуская наменклатура сама не падзяліла гэтую ўласнасьць, яна ня хоча яе нікому аддаваць, а прэзідэнт Беларусі нікому не дазваляе гэтую ўласнасьць разьмеркаваць. Пакуль. Таму няма прыватнага капіталу і няма прыватных уласьнікаў. А чыноўнікі толькі надзімаюць шчокі і кажуць пра нейкую лібералізацыю. Так што да таго часу, пакуль з чыноўнікаў і іх дзяцей не сфармуецца клас уласьнікаў, гэта толькі размовы аб лібералізацыі.

– Дык, можа быць, няхай бы гэты працэс чыноўніцкай прыватызацыі хутчэй пачаўся?

– Такую версію мы часта абмяркоўваем і з расейскімі, і з казахскімі, і з украінскімі эканамістамі. Але тады, баюся, зьявіцца гэткая банда квазі-бізнэсмэнаў. Праблема ў тым, што калі чыноўнікі ўсё разьмяркуюць, яны пачнуць “даіць” бюджэт.

Яны не захочуць канкурэнцыі, не захочуць разарацца і ўвесь час будуць выкарыстоўваць свой адміністрацыйны рэсурс для таго, каб перакласьці хібы й недарэчнасьці сваёй працы на спажыўцоў праз бюджэтныя заказы. Гэта будзе ня рынак, а эксплуатацыя спажыўца і прысваеньне грошай падаткаплатнікаў. Таму я ня думаю, што такі варыянт прыватызацыі зьяўляецца эфектыўным. Гэта будзе гібрыд Савецкага Саюзу з Лацінскай Амерыкай.

– З чым магла б Беларусь выйсьці на нямецкі і еўрапейскі рынак? Які тавар, акрамя прадуктаў нафтаперапрацоўкі, мог бы стаць маторам экспарту?

– Напрыклад, прадукты харчаваньня. Дарэчы, прэзідэнт Лукашэнка запаліўся гэтай думкай. Гэта можа быць таксама праграмны прадукт й інтэлектуальны прадукт Парку высокіх тэхналогій. Я рэаліст і ня думаю, што Беларусь магла б асабліва канкураваць па іншых групах тавараў. Але добрым элементам супрацоўніцтва мог бы быць трансферт працоўнай сілы, трансферт кадраў. Беларускія хімікі, матэматыкі, навукоўцы, інжынеры ў свой час рыхтаваліся добра і нядрэнна працуюць. Я ведаю прыклады, калі беларускія лекары выязджалі ў нямецкія клінікі на аперацыі.

Я мяркую таксама, што ў Беларусі можна было б будаваць добрыя дамы адпачынку і пансіянаты для пажылых людзей, таму што тут столькі лясоў і такое цудоўнае паветра. Я ня бачу асаблівага сэнсу ў вытворчасьці нейкіх новых беларускіх трактараў ці аўтамабіляў – еўрапейцы самі ня ведаюць, куды падзець свае аўтамабілі. А Беларусь б магла пайсьці па шляху экалагічнага разьвіцьця.

(канец інтэрвю)

3.

Ад рэдакцыі.

Калі хутка і павярхоўна пазнаёміцца з гэтым матэрыялам, можа падаcца, што нічога асаблівага ў ім няма. Гэта ня так. У матэрыяле прысутнічае важнейшая інфармацыя пра папярэднія перамовы паміж цяперцамі, заходнімі прадпрымальнікамі (канкрэтна, нямецкімі) і прадстаўнікамі афіцыйнай “беларускай апазіцыі” аб будучай праватызацыі ў Беларусі. Зьвярніце ўвагу, размова адбываецца так, што, як быццам, у краіне нікога больш няма! Нават прадстаўнік “апазіцыі” (дарэчы, пра спадара Заіку мы раней лепш думалі) распавядае пра “трасьферт працоўнай сілы” (чытай, пераезд беларускіх рабочых у Заходнюю Еўропу) і пра адсутнасьць сэнсу “ў вытворчасьці нейкіх новых беларускіх трактараў ці аўтамабіляў” (чытай, пераўтварэньне Беларусі ў аграрны прыдатак Заходняй Еўропы). Але галоўнае: куды падзеліся беларусы-літвіны – адзіныя законныя гаспадары беларускай зямлі? Іх у дыскурсе (а значыць, і ва ўяўленьнях) прадстаўнікоў пералічаных груп проста няма!

Вось гэта – адсутнасьць беларускага народу – і ёсьць самае галоўнае, што прысутнічае ў вышэй пададзеным матэрыяле-прыкладзе, у якім гаворыцца пра будучую прыватызацыю.

Відаць, аналагічна ўяўлялі сабе сітуацыю еўрапейскія каланізатары абедзьвюх Амерык. Індзейцы – карэнныя жыхары – у іх уяўленьнях у разьлік не прымаліся. Амерыкі былі “пустой зямлёй” – проста Кландайкам з рэсурсамі, якія трэба было захапіць і асвоіць. І ўсё. А індзейцы? А гэта нешта з катэгорыі непрыемнай недарэчнасьці.

Вось да якой сітуацыі мы, беларусы-літвіны, дажыліся пад “мудрым кіраўніцтвам” Лу-кі й яго цяперскай зграі, а таксама пры “актыўнай дапамозе” з боку заходніх добразычліўцаў, якія ўсе апошнія 20 гадоў так “шчыра жадалі дапамагчы нам пабудаваць дэмакратыю”.

У сувязі з пералічаным, узьнікае патрэба яшчэ раз нагадаць тыя прынцыпы Беларускай дактрыны, якія распрацаваныя намі й блізкімі да нас людзьмі (па ўсім відаць, больш няма каму!) і якія датычаць стратэгічных прынцыпаў будучай прыватызацыі.

Адмыслова падкрэсьліваем, яны істотна “дапаўняюць і карэктуюць” ідэі ня толькі цяперцаў і заходнікаў, а і ўсіх гэтых вялікіх апазіцыйных “эканамістаў” – усялякіх раманчукоў-заікаў-злотнікавых – паколькі зыходзяць з аб’ектыўных інтарэсаў беларускага народу.

Пачнем з Д пр-пу 126. Ён гучыць так:

У цэлым мы гатовыя прыняць большасьць прапаноў “Антыкрызіснай праграмы АДС” і нават уключыць іх у эканамічную частку нашай дактрыны, але абавязкова з улікам наступных заўваг: па-першае, мы патрабуем, каб будучая праватызацыя і далейшыя рэформы ў эканоміцы Беларусі былі скіраваны найперш на аб’ектыўныя інтарэсы беларускага народу! Бо толькі ў гэтым можа быць зьмест, сэнс і мэта рэфармаваньня беларускай эканомікі; па-другое, у Праграме праігнаравана, што тыя каштоўнасьці, якія зьяўляюцца агульнанацыянальнымі, беларускімі, ня могуць быць перададзены ў прыватную ўласнасьць – лясы, вадаёмы, нетры, транспартныя і транзітныя шляхі; па-трэцяе, мы супраць прыватызацыі зямлі. Зямля для с/г мэт – гэта сродак вытворчасьці. Але гэта такі сродак, якія мае ўсе ўласьцівасьці тэрыторыі, якая ў сваю чаргу заўсёды павінна ўсьведамляцца як базавая каштоўнасьць усяго беларускага народу; чацьвёртае, у “Платформе” АДС няма ні слова пра тое, як зрабіць так, каб у Беларусі не паўтарылася алігархічная прыхватызацыя расейскага, польскага, украінскага ды іншага тыпаў. Такой прыхватызацыі ацэнка не дадзена, пра яе нават не ўзгадваецца. Што насьцярожвае…

Д пр-п 69:

Нашаму беларускаму грамадству найбольш выгадная і патрэбная менавіта нацыянальна арыентаваная эканоміка (а не эканоміка дзеля максімальнага прыбытку нейкіх незразумелых людзей-чужынцаў), бо гэта адзіная эканоміка, якая скіравана на інтарэсы ўсяго грамадства. Паколькі пасьля прыходу да ўлады дэмакратычных сілаў беларуская эканоміка яшчэ доўга будзе заставацца эканомікай даганяльнага тыпу, яна ня можа быць абсалютна адкрытай.

Д пр-п 51:

У эканамічных пытаньнях, як і ў многіх іншых, мы зьяўляемся прыхільнікамі канцэпцыі Залатой сярэдзіны. Г.зн., што мы сьхільныя пазьбягаць скрайнасьцяў агалцелага лібералізму, які вядзе да таго, што ўсё апынаецца ў руках фінансавай алігархіі, як правіла пазбаўленай усялякіх маральных прынцыпаў, як і скрайнасьцяў таталітарнага камунізму, які патрабуе ўсё зрабіць “агульнанародным”, а на справе – аддаць ў паўнаўладдзе бюракратыі.

Таму, у якасьці зыходна-стратэгічнага падыходу, прапануем наступнае: па-першае, прапануем захаваць у агульнанацыянальнай уласнасьці запаведнікі, нетры, транспартныя шляхі, вайсковыя палігоны; перадаць беларусам у пажыцьцёвую арэнду (на ўмове карыстацца па прызначэньні і на строгіх правілах) зямлю для сельскагаспадарчых мэтаў, лясы, рэкі, іншыя вадаёмы з першачарговым правам арэндатара перадаваць іх бліжэйшым нашчадкам; а ўсе іншыя аб’екты, якія ня маюць выразнай тэрытарыяльнай уласьцівасьці і якія не павінны кантралявацца дзяржаўным чыноўніцтвам (фабрыкі, заводы, прадпрыемствы гандлю, жыльлё і г.д.), прапануем прыватызаваць.

Пры гэтым у руках беларусаў павінна апынуцца ня менш за 85-90% усіх капіталаў, якія будуць перададзены ў арэнду ці прыватызаваныя (гэта таксама сярэдзіна паміж скрайнасьцямі псеўда-лібералізму і шавінізму).

У выніку прыватызацыі павінен зьявіцца сярэдні клас, складзены з уласьнікаў і арэдатараў у колькасьці ня менш за 80-85% ад усяго насельніцва Беларусі (альтэрнатывы: прыватызацыя павінна прывесьці да зьяўленьня алігархіі й рабоў-жабакоў; ці прадпрыемствы, зямля, жыльлё і г.д. павінна застацца ў фактычнай уласнасьці бюракратыі – мы катэгарычна адкідаем). Адзін са шляхоў дасягненьня такога выніку заключаецца ў пераўтварэньні ўсіх прадпрыемстваў і гаспадарчых галінаў, прызначаных для прыватызацыі, у Закрытыя акцыянерныя таварыствы (ЗАТы), дзе 55-75% акцыяў павінны перайсьці ў рукі прадстаўнікоў працоўнага калектыву, а іншыя 25-45% акцый павінны быць перададзены выніковым кіраўнікам і ў адкрытае акцыянаваньне для прыцягненьня інвестыцый і тэхналогій з эканамічна разьвітых краінаў.

Калі прыватызацыя адбудзецца не па трох пералічынах прынцыпах, мы выступаем за тое, каб рабіць столькі цыклаў прыватызацыя-нацыяналізацыя-прыватызацыя, пакуль ня будуць атрыманы вышэй апісаныя вынікі (заявы пра “сьвяшчэннае права ўласнасьці”, здабытае нават злачынным чынам, мы не прымаем; дабрабыт беларускага народу, яго права быць гаспадаром на ўласнай зямлі – рэч на парадак больш “сьвятая”).

Нарэшце, прыватызацыя павінна адбывацца планава, пад жорскім кантролем нацыянальнага ўраду, абсалютна адкрыта, у адпаведнасьці з простымі й зразумелымі правіламі і, абавязкова, ва ўмовах выніковага навучаньня шырокіх народных масаў, як карыстацца атрыманымі капіталамі, як іх разьвіваць… (альтэрнатыву пра бюракратычную закрытасьць дадзенага працэсу, пра хуткасьць і г.д. мы адкідаем).

Д пр-п 51а ўдакладняе:

Калі, ня дай божа, Лукашэнка, ратуючы ўласную скуру, прадасьць нашы прадпрыемствы маскалям-імперыялістам [ці заходнікам. – Рэд.], альбо набярэцца даўгоў, пасьля нашага прыходу да ўлады даўгі Лу-кі будуць адмененыя [няхай сам іх і выплочвае. – Рэд.], а прыхватызаваныя прадпрыемсты – нацыяналізаваныя. Пазьней яны будуць зноў пераўтвораныя ў ЗАТы і наноў акцыянаваныя жыхарамі Беларусі – працаўнікамі гэтых прадпрыемстваў. І толькі 10-15% акцый будуць зноў выстаўленыя на продаж на канкурэнтных умовах на цалкам адкрытых аўкцыёнах! Пацьвярджаем: уласнасьць на тэрыторыі Беларусі [мінімум] на 85% будзе ў руках беларусаў!!!

Д пр-п 65 дадаткова тлумачыць:

Тым беларускім людзям, якія хочуць набыць капітал ці ўзяць нешта ў арэнду і ўжо цяпер могуць набытым вынікова карыстацца (ведаюць, як гэта рабіць, маюць веды і навыкі), мы будзем дапамагаць зьдзейсьніць іх жаданьні.

Тым беларусам, якія хочуць набыць капітал, але пакуль ня могуць ім вынікова карыстацца (ня ведаюць, як гэта рабіць, ня маюць адпаведных навыкаў), мы плануем даць адпаведныя веды і навыкі (праз навучаньне), а затым дапамагчы набыць і капітал.

У тых прадстаўнікоў беларускага народу, якія могуць вынікова распараджацца ўласнасьцю ў эканамічнай сьферы, але ня хочуць набываць капітал, мы плануем распаліць адпаведнае жаданьне і дапамагчы набыць капітал.

У тых беларусаў, хто ня можа і ня хоча, але патэнцыйна можа захацець і можа навучыцца, мы плануем распаліць адпаведнае жаданьне, даць адпаведныя веды і дапамагчы набыць капітал.

І толькі ад тых, хто ня можа і ня хоча ды ня зможа і не захоча, мы гатовыя адчапіцца. Але, на сваёй зямлі беларусы пры нашай уладзе будуць валодаць ня менш  як 85-90% капіталаў.

(канец цытаваньня нашых раней сфармуляваных прынцыпаў)

З нагоды тэмы, варта яшчэ ўдакладніць некаторыя моманты, датычныя прыватызацыі.

Каб забясьпечыць стварэньне вялікага і ўстойлівага сярэдняга класу (а не алігархіі), зьвязанасьць людзей са сродкамі й вынікамі іх вытворчай дзейнасьці (а не адчужанасьць ад іх), а таксама максімальна наблізіцца да сацыяльнай і нацыянальнай справядлівасьці й раскрыцьця людзьмі свайго вытворчага і творчага патэнцыялу, прапануецца, каб прыватызацыя ў Беларусі адбывалася па прыкладна наступнай сьхеме (гэтую сьхему прапануем разглядаць, як зыходную для далейшага абмеркаваньня і дасканаленьня).

Уявім сабе прадпрыемства на якім працуе 100-10.000 чалавек. Сёньня яно знаходзіцца ў руках посткамуністычнай бюракратыі й Лу-кі, якія ёсьць яго фактычным уласьнікам. Прадпрыемства паступова, скажам, за 3-5 гадоў, мусіць пераўтварыцца ў прыватнае пераважна Закрытае акцыянернае таварыства (ЗАТ), дзе ўся сума акцый, праз якія ацэньваецца яго вартасьць, дзеліцца на тры часткі (гл. дыяграму зьлева).

Пры гэтым прыкладна 2/3 усіх акцый павінна быць замацаванымі за працоўным калектывам, 1/6 – за кіраўніцтвам (у якое ўваходзяць дырэктар, яго намесьнік, галоўны інжынер-тэхнолаг, галоўны эканаміст, галоўны бугалтар), а яшчэ 1/6 частка акцый пакідаецца для патэнцыйных інвестараў. Адпаведна даным групам акцыі й называюцца – працоўныя, кіраўнічыя, інвестыцыйныя. Акцыі маюць значэньне ня толькі для падзелу дахода, а і для ўдзелу ў вызначэньні стратэгічнай палітыкі прадпрыемства, зь якім зьвязаны ўсе тры групы, як й іх дабрабыт.

Галасуючы колькасьцю акцый, працоўныя разам зь кіраўнікамі абіраюць сабе інвестара, а таксама раз у два гады вырашаюць прынцыпы набора і звальненьня працоўных, умовы аплаты працы і налічэньня дывідэнтаў на акцыі. Працоўныя разам з інвестарамі, галасуючы акцыямі, абіраюць сабе кіраўнікоў.

Усе працоўныя абавязаны быць акцыянерамі. Абсалюная колькасьць працоўных акцый вызначаецца прыкладна па такой сьхеме: суміруюцца бесперапынны працоўны стаж на даным прадпрыемстве (паказваецца ў гадах) усіх працоўных і атрыманая лічба памнажаецца на два. За год працы на прадпрыемстве кожны рабочы абавязаны набыць мінімум адну акцыю (калі не набудзе, яго звальняюць) і мае права набыць максімум тры акцыі. Тыя акцыі, якія працоўныя абавязаны набыць завуцца абавязковымі. Тыя, дадатковыя да абавязковых, якія працоўны мае пра набыць – свабоднымі.

Для набыцьця свабодных акцый раз у квартал праводзіцца ўнутрызавадскі аўкцыён. Кошт свабодных акцый, які атрымліваецца ў сярэднім за год, становіцца асновай для вызначэньня кошту абавязковых акцый на наступны год, які прымаецца, напрыклад, у 2-3 разы меншым за свабодныя (напрыклад, калі за набыцьцё свабодных акцый рабочыя аддавалі ў сярэднім па 100.000 рублёў РБ за акцыю, значыць абавязковыя акцыі будуць каштаваць 33.330-50.000 рублёў РБ).

Колькасьць працоўных акцый у розных людзей можа, такім чынам, быць рознай, але не надзвычай рознай (у разы, але ня ў некалькі парадкаў). Так, калі чалавек бесперапынна прапрацаваў на прадпрыемстве 5 поўных гадоў, але акцыі не хацеў набываць, у яго будзе, мусіць быць, 5 акцый (менш быць ня можа). А, калі іншы чалавек прапрацаваў поўных 10 гадоў і ўвесь час выкупляў максімальна дазволеную колькасьць акцый, у яго можа быць 30 акцый. У выніку, у час вызначэньня “стратэгічных пытаньняў” на прадпрыемстве, а таксама ў час атрыманьня дывідэнтаў долявыя магчымасьці, “вага” другога працоўнага будзе ў 6 разоў большай, чым у першага.

Калі працоўны звальняецца (ці яго звальняюць) ці ён адыходзіць на пенсію, ён вяртае свае акцыі на прадпрыемства і яму паступова (напрацягу года-двух) вяртаюць за іх грошы, колькасьць якіх вызначаецца доляй (напрыклад, у 2/3) ад кошту свабодных акцый на закрытых аўкцыёнах на прадпрыемстве ў год звальненьня чалавека ці ў год выхаду на пенсію.

Уявім сабе, што чалавек прапрацаваў на прадпрыемстве 30 гадоў і накапіў 70 акцый (мог ад 30 да 90). У год выхаду на пенсію, сярэдні кошт адной свабоднай акцыі склаў 1.000.000 рублёў РБ. Значыць, ён атрымае 70 х 1.000.000 х 0,667 = 46.690.000 рублёў РБ.

Заробкі пералічаных вышэй кіраўнікоў прадпрыемства (пачынаючы з дырэктара) будуць вызначацца, зыходзячы зь сярэдняга заробку ўсіх іншых працаўнікоў на даным прадпрыемстве за папярэдні год. Пры гэтым гэты паказьнік будзе памнажацца на 2-12, у залежнасьці ад таго, на колькі вялікім зьяўляецца працоўны калектыў на даным прадпрыемстве – 100 чалавек ці 10.000.

Кіраўнікі прадпрыемства таксама выкупаюць свае кіраўнічыя акцыі на закрытых аўкцыёнах (колькасьць кіраўнічых акцый вызначаецца па тых жа прынцыпах, што і працоўных акцый, і яны таксама дзеляцца на абавязковыя і свабодныя). Адзінае абмежаваньне заключаецца ў тым, што свабодныя кіраўнічыя акцыі ня могуць каштаваць менш, чым кошт свабодных працоўных акцый, памножаны на каэфіцыент, на які памнажаецца сярэдні заробак працоўных, каб вызначыць сярэдні заробак кіраўнікоў (найперш, дырэктара).

Далей кіраўнічыя акцыі выкарыстоўваюцца для галасаваньня па стратэгічных пытаньнях і для атрыманьня дывідэнтаў. Пасьля выхаду кіраўнікоў на пенсію ці звальненьня зь іх акцыямі адбываецца тое ж, што і з працоўнымі акцыямі.

Інвестыцыйныя акцыі, якія разьмяркоўваюцца на адкрытых інвестыцыйных аўкцыёнах і могуць быць толькі свабоднымі, выкарыстоўваюцца для прыцягненьня вонкавых інвестыцый, якія могуць быць у выглядзе грашовых крэдытаў, больш выніковых тэхналогій, забесьпячэньня гарантыяў збыту прадукцыі. Кошт інвестыцыйных акцый вызначаецца ў індывідуальным парадку. Яны таксама выкарыстоўваюцца для галасаваньня па стратэгічных пытаньнях і для атрыманьня дывідэнтаў. Але ў інвестыцыйных акцый ёсьць адно абмежаваньне – яны выкупляюцца прадпрыемствам назад. Прычым,  як толькі дывідэнты (у заранёў вызначанай валюце) у 1,5-2,5 разы (пра больш дакладную лічбу бакі – інвестары, з аднаго боку, і кіраўнікі прадпрыемства разам з працоўным калектывам, з другога – дамаўляюцца заранёў) перавысяць кошт інвестыцый, усе інвестыцыйныя акцыі павінны быць вернуты прадпрыемству назад для арганізацыі чарговага адкрытага інвестыцыйнага аўкцыёну.

Напрыклад, прадпрыемства дамовілася зь нейкай нямецкай фірмай, што тая паставіць на завод новую тэхналагічную лінію, запусьціць яе навучыць працаваць на ёй рабочых. Кошт гэтай інвестыцыі 1.000.000 даляраў. Дамовіліся, што за гэта замежнае фірма набудзе 5% інвестыцыйных акцый прадпрыемства, агульнай колькасьцю 10.000 штук (канкрэтная колькасьць інвестыцыйных акцый будзе вызначацца на грунце агульнай колькасьці працоўных акцый і будзе складаць, як лёгка здагадацца, ¼ частку ад апошніх). Далей адбываецца выплата дывідэнтаў на інвестыцыйныя акцыі. Калі агульная колькасьць выплан складзе 2.000.000 даляраў, лічыцца, што ўсе 5% інвестыцыйных акцый выкуплена на прадпрыемства назад і могуць быць зноў выкарыстаны, як свабодныя інвестыцыйныя акцыі.

Адзін нюанс: увесь калектыў прадпрыемства можа прыняць рашэньне выкупіць інвестыцыйныя акцыі ў паскораным рэжыме, як і ўвогуле не выдаваць іх. Другое магчыма, калі ў прадпрыемства зьявіцца вялікая колькасьць уласных фінансавых рэсурсаў.

І нарэшце апошняе, таксама вельмі важнае. Разьмеркаваньне прыбытку павінна адбывацца ня так, як сабе падажае кіраўніцтва прадпрыемства разам з калектывам, а па строга вызначанай урадам Беларусі сьхеме, напрыклад такой: кіраўніцтва прадпрыемства разам з персаналам атрымлівае 36% прыбытку, 14% ідзе на налогі, а 50% – на разьвіцьцё і мадэрнізацыю прадпрыемства, у т.л. і на паскоранае вяртаньне інвестыцыйных акцый.

Няхай запрапанаваная прыкладная сьхема будучай прыватызацыі ў Беларусі будзе лічыцца нашым чарговым дактрынальным прынцыпам – Д пр-п 128.

(нагадаем, што некаторыя цікавыя і дыскусійныя моманты па данай тэме можна дадаткова паглядзець, напрыклад, тут: https://nashaziamlia.org/2007/08/19/857/#more-857 і тут: https://nashaziamlia.org/2007/08/20/858/).

Ну, што беларусы-літвіны, адчулі розніцу?

Перакананыя, што так.

Рабіце высновы, спадарове.

Жыве Беларусь – Наша Зямля!


P.S.

Дарэчы, а вось і яшчэ цікавыя факты па тэме.

http://www.svaboda.org/content/article/2112141.html

http://www.svaboda.org/content/article/2111894.html


4 каментарыя

  1. Так, сітуацыя ў беларусаў жахлівая, але не безнадзейная.
    Нам доўга ўбівалі ў галаву, што Беларусь развіваючаяся краіна, а аказваецца – гэта Кландайк.
    Паводзіны імперыялістаў жахлівыя, але рэальныя. Тое, што “беларускія” ўлады – крымінальныя, таксама вядомы факт. А цяпер вы павінны зразумець, якія злачынныя паводзіны і апазыцыі.
    Мяне крайне абураюць такія факты, калі збіраецца некалькі невядомых ці малавядомых асобаў і робяць заявы ад імя беларускага народу на карысць каланіяльных захопнікаў.
    Усё што цяпер адбываецца ў Беларусі – гэта перадача маёмасці беларусаў у рукі чужынцаў, а прасцей – каланіяльны захоп.
    На працягу 16 год для беларусаў у сваёй нацыянальнай краіне былі створаны штучныя умовы, каб яны не змаглі стаць багатымі людзьмі – г.зн. канкурэнтназдольнымі бізнесоўцамі. Людзі былі пазбаўлены гэтага права. Нармалёвая праца дырэктарскага корпусу была паралізавана, а іх паводзіны, наўмысна, скіраваны на крымінальны шлях, куды яны і рынуліся, як натоўп бязглуздых авечак. Цяпер кожны з іх падвешаны як лялька на нітачках ў лялечным тэатры. Наўмысна ліквідавана судова-прававая сістэма. Цяпер ўсё, што называлася судова-прававой сістэмай пераходзіць ў рукі КДБ, г.зн. у караючыя рукі. КДБ – гэта караючы меч, гэта кат, а не нешта добразычлівае. Нечага на мяне кэдэбістам гневацца, бо я ніколі не чула, каб кэдэбісты людзей называлі людзьмі. Я чула ад іх толькі такія словы “мразь, быдла, адмарозкі” і г.д. Такім чынам, усё рабілася для таго каб аслабіць беларускі народ, не даць аб’яднацца, зрабіць яго нездольным да абароны сваіх інтарэсаў.
    У Беларусі стварылася невялікая каста, якой дазволена багацець. Гэта зграя, якая абслугоўвае рэжым. Напрыклад, сп. Ярмошына ў адкрытую заяўляе, што яна чалавек Лукашэнкі і фальсіфікуе выбары на яго карысць. Дэпутаты, вертыкаль, КДБ, радыё-тэлебачанне, міліцыя – гэта ўсё людзі, якія стаяць на абароне інтарэсаў злачынцаў і дапамаюць прыйсці на гэтую землю чужым каланістам.
    Калі б загінуўшыя у Другой Айчыннай вайне беларусы змаглі б падняцца з магілаў, яны б разарвалі гэтую зграю на часткі. Бо за што яны ваявалі?
    Акружэнню Лукашэнкі дазволена багацець. Сваё багацце яны набываюць праз адмыванне бюджэтных сродкаў, праз розныя махінацыі. І няхай гэтыя здраднікі не робяць выгляду, што яны не разумеюць, пра што ідзе гаворка. Усе яны знаходзяцца ў змове супраць беларускага народа. Гэта дакладны факт, які бачны без усякіх акуляраў.
    Усе астатнія беларусы – гэта рабы-жабракі, уключаючы і прафесароў, і дырэктарскі корпус, і навукоўцаў. Калі вы марыце пра нейкую будучыню, то вы проста неадэкватны чалавек, хворы, недзеяздольны. Які інвестар не прыйдзе, ён марыць пра прыбытак, пра свой прыбытак, а не пра ваша здароў’е і дабрабыт.
    Да ведама, існуе план дэіндустрыялізацыі усходняй Еўропы. Не разлічвайце і на магчымасці заняць кіруючыя пасады, добрую і якасную адукацыю. Вы яшчэ не сутыкаліся з расізмам. Я не памылілася з гэтым словам. Мы – негры, толькі белыя. Удумайцеся ў прысвоены статус – развіваючаяся краіна. Гэты статус афіцыйна прысвоены на міжнародным узроўні. Гэтым сказана ўсё.
    У цяперашні момант ў Беларусі вядзецца фінансавае разбурэнні краіны. Падрыхтоўка бюджэтнанапаўняючых прадпрыемстваў краіны да прыватызацыі чужымі інвестарамі кажа аб дыверсійнай працы супраць беларускага народу, аб ліквідацыі незалежнай краіны. Не думаю што чужы імперыяліст будзе утрымліваць такую колькасць бюджэтнікаў, медыцыну, адукацыю, пенсіянераў. Тут адбудуцца вялікія змены і, вядома, не на карысць беларусам. Людзі будуць выкінутыя проста на сметнік, медыцына і адукацыя стануць платнымі, а пенсіянеры – папрашайкамі. Не будзе і нацыянальнага бізнесу.
    Калі вам будуць казаць, што яна тут напісала “ерунду”, гэта проста прытупляюць вашу увагу, усыпляюць ваш розум. Я ў агульных рысах абмялявала вам рэальную сітуацыю.
    Нармалёва будзе гучаць пытанне: А ці ёсць выйсце з гэтай сітуацыі?
    Вядома, ёсць.
    Першая, наша мэта – гэта незалежная, свабодная, высокаадукаваная, высокакультурная, шляхетная, заможная, паважаная, бяспечная, годная Беларусь.
    Другое – галоўным прыарытэтам нашай палітыкі будуць нацыянальныя інтарэсы беларускага народа.
    Трэцяе – мы ставім задачу зрабіць беларускі народ суб’ектам міжнароднай палітыкі, а не аб’ектам.
    Чацвёртае – мы лічым, што адзіным гаспадаром на беларускай зямлі павінен быць беларускі народ, пры тым увесь, а нейкая злачынная купка.
    Пятае – мы ставім задачу стварыць усе ўмовы для развіцця інтэлектуальнага патэнцыяла краіны і ўмацавання здароў’я насельніцтва.
    Чаму мы ставім задачу развіцця інтэлектуальнага патэнцыяла краіны? Таму што гэта самы каштоўны патэнцыл. Амерыканскія эканамісты кажуць, што сёння яны патэнцыял краіны вымяраюць не па тым, колькі там фабрык і заводаў, не колькі там сыравінных рэсурсаў, а на колькі там добра адукаваная працоўная сіла, у тым ліку і навукоўцы.
    Мы ставім задачу развіцця нацыянальнага бізнесу, а не жыццё на крэдыты і для чужых інвестараў. Нацыянальны бізнес – гэта ёсць гарант незалежнасці краіны і свабоды народа. І наадварот, крэдыты і чужы інвестар – гэта ёсць каланіяльнае ярмо. Бізнес ёсць прамы шлях для узбагачэння грамадзянаў краіны. Тут не патрэбныя ніякія пасярэднікі паміж працоўным чалавекам і яго багаццем. Любы пасярэднік (чыноўнік, крэдытор, інвестар, крымінальная крыша, звяз) толькі аддаляе працоўнага чалавека ад добрага жыцця, а не набліжае.
    Асабіста я лічу неабходным правесці не прыватызацыю, а дэнацыяналізацыю. Прычына гэтага шляху заключаецца ў тым што беларускі народ – гэта жабракі, пры тым штучна створаныя. Народу патрэбна вярнуць даўгі, павысіць матэрыяльнае становішча і даць стартавы капітал. Без гэтага палепшыць эканамічны стан краіны немагчыма. Тут няма нічога экзатычнага, у нас усё створана працай беларускага народу, з’яўляецца маёмасцю беларускага народу. Я ж прапаноўваю кожнай рэчы з гэтай маёмасці даць гаспадара. Аддаючы маёмасць беларускага народа ў чужыя рукі (інвестара) мы аддаляем магчымасці беларускага народа жыць лепш і наогул, прыбытак ад працы беларусаў будзе ўзмацняць не беларускую краіну, а каланізатараў. Такая палітыка проста шызафрэнічная.
    Мы прыйшлі да высновы, што краінай павінен кіраваць высокапрафесійны урад з рэальнымі магчымасцямі ўдзелу народа ў кіраванні. Для гэтага будзе створаны мазгавы цэнтр нацыі (у маркетынгу гэта называецца венчурная група). Будзе створана такая інтэлектуальная сіла, якая здолее вырашыць пастаўленыя задачы.
    Будзе выключана казнакрадства і карупцыя. Гэтая праблема будзе вырашана рэальна, бо будзе зменена сістэма кіравання, пераразмяркаваны функцыі паміж чыноўнікамі. Будуць ліквідаваны ўсе лазейкі для адмывання бюджэтных сродкаў.
    Будзе значна скарочаны апарат чыноўнікаў. Нам проста не патрэбны такі раздуты і непрафесійны бюракратычны кіруючы апарат. Аднак людзі будуць забеспечаны працай, пры тым новая праца для іх прынясе большыя фінасавыя выгады.
    У Беларусі штучна створаны умовы для беспрацоў’я. Гэта было патрэбна, каб народ трымаць у ярме. З аднаго боку, увелі часовыя кантракты на прадпрыемствах, а з другога – высокае беспрацоў’е. Чым гэта прадыктавана? Клопатам аб інтарэсах краіны? Хлусня. Закон Оўкэна (з падручніка па эканоміцы) кажа, што павышэнне беспрацоў’я на 1%, зніжае на 2,5% даход краіны. Гэта што, такая забота аб народзе? Не, задача прывесці яго ў стан страху.
    У нас ужо распрацавана і яшчэ больш дэталюецца нацыянальная праграма развіцця краіны. Даная праграма – гэта рэальная праграма, накіраваная на абарону інтарэсаў народа. Натуральна, што такую праграму не падтрымаюць ні на Захадзе, ні на Усходзе. Але перамога не можа прыйсці сама па сабе. У палітыку патрэбна ўкладываць грошы, нацыянальныя інтарэсы патрэбна інвеставаць і даваць таленавітым палітыкам магчымасць ператвараць такія планы ў рэальнасць. Без гэтага не будзе нічога.
    І яшчэ, усім нацыянальным палітыкам патрэбна знайсці хоць кроплю мазгоў, каб аб’яднацца. Ніякіх сілаў на выбары, ніякіх сілаў на байкот. Гэта не наша гульня. Мы павінны паўстаць як нацыянальная сіла – суб’ект па абароне нацыянальных інтарэсаў. Нам патрэбна правесці перамовы паміж сабой, а потым аб’яднаўчы сход. Нацыянальная ідэя – гэта самая правільная ідэя для любога народа. І няма ў свеце заможнай краіны, якая б ігнаравала гэтую ідэю. Самыя багатыя краіны – гэта ёсць самыя нацыяналістычныя краіны – Японія, Нямеччына, Данія, Ізраіль, Нарвегія і г.д.

  2. Siarhiej кажа:

    Эканамічныя прапановы Рэд. гэта праект “народнага капіталізму”. У якіх краінах такі праект быў пасьпяховым, нават пры наяўнасці Нацыяналнага Ўраду? А ў нас пакуль урад крымінальны, а не нацыянальны.

    • Рэдакцыя. кажа:

      “Народны капіталізм” – неблагі панятак. Можа вам, Сяргей, што-небудзь яшчэ пра гэта вядома?
      Акрамя таго, толькі народ, які, захаваўшы сваю мову, культуру, мае для сябе ўласнасьць і дзяржаўную ўладу, можа стаць нацыяй.
      Якраз такі падыход кардынальна адрозьніваецца і ад дэгенерацтва “камунізма”, і ад дэгенерацтва ліберастызма. Акрамя таго, калі капнуць глыбей, толькі такі падыход зьяўляецца адзіна легітымным. Усё іншае – розныя формы злачынства супраць людзей, народаў, чалавецтва…

  3. Siarhiej кажа:

    people’s capitalism — “народный капитализм”
    Материал из Википедии — свободной энциклопедии
    Народный капитализм — капитализм, при котором трудящиеся являются акционерами собственных предприятий. Теоретиком народного капитализма был американский экономист Луис Келсо. Иногда рассматривается как альтернатива олигархическому капитализму.
    Среди наиболее известных и успешных примеров проведения политики «народного капитализма» — Великобритания при Маргарет Тэтчер.

    http://www.kelsoinstitute.org/pdf/russian/Kelso_Democracy%20and%20Economic%20Power_RUS.pdf

Пакінуць каментар

  • Старонкі

  • Катэгорыі

  • Апошнія запісы

  • Архівы