nashaziamlia.org

Асьветна-адукацыйны, грамадазнаўчы сайт для беларусаў: аналіз, прагноз, сілы, інтарэсы, сьветагляды, ідэі, ідэалогіі, праграмы, мэты.

Запісы

Чаму “Расея” і “Захад” надалей пакінуць нам Лукашэнку (частка 3: адкрытым тэкстам – чаму)

31 жніўня, 2010 | Каментары (1)

Рэдакцыя


Нечакана адкрыты матэрыял па тэме, якую мы разглядаем, зьявіўся яшчэ тыдзень таму на сайце радыё “Свабода” (http://www.svaboda.org/content/transcript/2134577.html). Адзін з журналістаў гэтага радыё вырашыў апытаць трох палітолагаў на тэму, ці зьбіраецца Еўразьвяз неяк выкарыстоўваць канфліктную сітуацыю паміж “Беларусьсю” і “Расеяй” у сувязі з будучымі “выбарамі” ў Беларусі. Адказы атрымаліся на дзіва вочараскрывальныя і мозгапрасьвятляльныя літаральна для ўсіх, хто цікавіцца зьместам падзей у Беларусі, а таму асабліва важныя для нас – актывістаў Беларускага дэмакратычнага руху.


5.

ЕЎРАЗЬВЯЗ ПЕРАД ВЫКЛІКАМ БЕЛАРУСКА-РАСЕЙСКАГА КАНФЛІКТУ

Дракахруст (гл. фота №1): У віхуры беларуска-расейскага канфлікту – жорсткага газавага сутыкненьня і бягучай інфармацыйнай вайны, “Хросных бацек” і ўзаемных абвінавачваньняў прэзідэнтаў у хлусьні – неяк на другім плане апынуўся яшчэ адзін гулец – Еўрапейскі Зьвяз.

Ці пойдзе Зьвяз на альянс з Расеяй супраць Лукашэнкі? Ці ёсьць імавернасьць [адваротнага -] новага збліжэньня паміж Менскам і Брусэлем?

Над гэтымі тэмамі ў “Праскім акцэнце” разважаюць: зь Менску – палітолаг Сяргей Богдан (фота №2), з Варшавы – эксьперт Цэнтру міжнародных дачыненьняў Войцех Бародзіч-Смалінскі (фота №3), зь Берліну – кіраўнік цэнтру імя Бэртольда Бейца Нямецкай рады зьнешняй палітыкі Аляксандар Рар (фота №4).


Рар (гл. фота №4): Еўразьвяз у гэтай сітуацыі можа толькі чакаць, глядзець, як будзе разьвівацца сітуацыя паміж Менскам і Масквой у будучыні. Я асабіста лічу, што мы маем справу з асабістым канфліктам паміж Лукашэнкам і Пуціным зь Мядзьведзевым. Я мяркую, што Расея чакала ад Лукашэнкі крокаў да больш шчыльнага збліжэньня, да стварэньня ўнітарнай дзяржавы [чытай, “анэксіі Беларусі”; ведаюць заходнікі (у т.л. і Рар асабіста), што “Расея” чакае ад Лу-кі!!! – Рэд.]. Лукашэнка супраць гэтага і таму Расея размаўляе зь ім жорсткай мовай, той жа мовай, якой размаўляюць зь ім Злучаныя Штаты Амерыкі [калі мова аднолькавая, можа, і яе прычыны аднолькавыя? – Рэд.].

Трэба ўзброіцца цярпеньнем й імкнуцца разьвіваць усе магчымыя формы супрацоўніцтва ў межах Усходняга партнэрства, якое прадстаўляе Беларусі шмат магчымасьцяў. Хутка ці павольна, але [варта] прагматычна ісьці ў бок Еўразьвязу. Я думаю, што Еўразьвяз будзе вывучаць, аналізаваць канфлікт паміж Менскам і Масквой, але паглыбляць яго, улазіць у яго ня будзе. У ЕЗ няма ў гэтым геапалітычных інтарэсаў. У той жа час Еўразьвяз спадзяецца на тое, што энэргетычная бясьпека, ад якой залежыць наш дабрабыт у Еўропе ў сьферы энэргетыкі, ня будзе пастаўленая пад пагрозу [якая дэмакратыя? Найперш скурныя інтарэсы. – Рэд.].

З гэтага пункту гледжаньня Еўразьвяз будзе прапаноўваць Беларусі тую форму супрацоўніцтва, якую ў свой час Заходняя Нямеччына прапаноўвала Савецкаму Саюзу. Сэнс яе – праз гандаль і эканоміку спрабаваць зрабіць палітычныя зьмены ў Беларусі [гістарычная практыка паказвае, што гэта выдатны спосаб падтрымаць, захаваць дыктатуру. – Рэд.]. Такая тактыка, я мяркую, будзе абраная ЕЗ. Я думаю, што яна прывядзе да больш канкрэтных вынікаў і дапаможа разьвіцьцю двухбаковых дачыненьняў лепш, чым размахваньне дубінкай [што лепш за гэтыя абодва варыянты, мы ўжо неаднаразова тлумачылі – нават у папярэднім атыкуле:  https://nashaziamlia.org/2010/08/30/3584/#more-3584. – Рэд.].


Дракахруст: Ці сапраўды Еўразьвяз у гэтай сітуацыі можа толькі чакаць? Бо сітуацыя ж унікальная. Гадамі здавалася, што беларускі рэжым трымаецца адно на расейскіх датацыях і на палітычнай падтрымцы Крамля. І вось і датацыі неяк скарачаюцца, і сёньняшнюю інфармацыйную вайна ну ўжо ніяк не назавеш падтрымкай. А Еўразьвяз можа толькі чакаць? Хіба? Сяргей, як вы мяркуеце?

Богдан (гл. фота №2): Ці толькі чакае Еўразьвяз і ці толькі Еўразьвяз чакае? Я не хацеў бы зводзіць пазіцыю Захаду толькі да пазіцыі Еўразьвязу. На Захадзе ўсталяваўся кансэнсус – Лукашэнку пакуль мяняць ня будзем, гэта прыймальны часовы варыянт для ўпарадкаваньня Беларусі [дакладна так!!! За выключэньнем няўдалага кантэксту словаў “ўпарадкаваньне” і “часовы” (нічога сабе часовы – ужо хутка будзе на чвэрць стагоддзя гэтая часовасьць!!!) – Рэд.].

Яскравы паказьнік гэтага кансэнсусу – тое, што Аляксандар Мілінкевіч, хутчэй за ўсё, ня выступіць на гэтых выбарах, бо, як кажуць у апазіцыйных асяродках, грошай на сваю кампанію на Захадзе ён не знайшоў[гэта цікава; акрамя таго, дадаткова паглядзім, чаго варты Мілінкевіч бяз грошай. – Рэд.]. Гэта найлепшы падарунак для Лукашэнкі – прыбіраецца адзін з самых важных праціўнікаў улады на гэтых выбарах [пра “самага важнага праціўніка” – яўны перабор; цікава іншае, што “Захад” сьвядома прыбірае нават такога праціўніка Лу-кі. – Рэд.].

Так што я не сказаў бы, што тут ёсьць толькі чаканьне. І апрача таго, што ўсталяваўся такі кансэнсус, што хай застаецца Лукашэнка, апазіцыя мае праблемы з падтрымкай на Захадзе і актыўна шукае падтрымкі ў Расеі. Апазіцыя агучвае многія ідэі, якія хоча пачуць Масква, і вядзецца на многія расейскія крокі [вось і паглядзім на гэтую апазіцыю – вынік шматгадовай селекцыі “Захадам” – ва ўсёй яе прыгажосьці; не дарма мы заўсёды пра яе пісалі так: “беларуская” “дэмакратычная” “апазіцыя”. – Рэд.].

Для Захаду цяпер сапраўды важная ідэя, пра якую сказаў спадар Рар – зьмяніць беларускую палітыку праз гандаль і эканоміку. І гэта прымальны варыянт і для самога Лукашэнкі [вядома, бо тут прысутнічае галоўнае – этнацыдчык Лу-ка застаецца на пасадзе прэзідэнта Беларусі; гэта і ёсьць  ПОЎНАЯ ЯГО ПЕРАМОГА!!! – Рэд.]. Бо ён жа не адмаўляецца мяняцца [у чым не адмаўляецца?! – АА]. Калі мы паглядзім на палітычную гісторыю яго рэжыму з самага пачатку, то ўбачым, што Лукашэнка насамрэч гнуткі да поўнага апартунізму [нешта гатага ў адносінах да БЕЛАРУСКІХ ІНТАРЭСАЎ зусім ня бачна; мы якраз гэта ўвесь час падкрэсьліваем… – АА].


Дракахруст: Войцэх, ці згодны вы з такімі трактоўкамі? Гэтая палітыка – размываньне, разьмягчэньне рэжыму праз гандаль і супрацоўніцтва, разьлічаная на гады і нават дзесяцігодзьдзі [!!! Рэд.]. Калі нашы калегі маюць рацыю, то атрымліваецца, што належнага бягучага адказу на бягучы выклік у Еўразьвязу проста няма. Магчыма, чаканьне было б пасьпяховай палітыкай, калі б Еўразьвяз і ў разгар беларуска-расейскага канфлікту проста працягваў палітыку, якая паказала свой плён у папярэдні пэрыяд. Але наконт гэтага плёну ёсьць пэўныя сумневы [дакладна так. – Рэд.]. “Мядовы месяц” адносінаў паміж Еўразьвязам і Беларусьсю застаўся ў мінулым. На думку многіх, палітыка дыялёгу і ангажаваньня афіцыйнага Менску зайшла ў тупік. Яскравымі праявамі гэтага тупіку сталі канфлікт вакол апальнага Саюзу палякаў [на] Беларусі і як заўжды элегантныя вынікі мясцовых выбараў у Беларусі [а ў дачыненьні да беларускай дэмакратыі “вынікі, плён” яшчэ больш уражвальныя… – АА]. Наколькі плённай выглядае ў новых варунках вернасьць тупіку? Ці гэта не тупік, а правільны, толькі даўгі шлях?

Бародзіч-Смалінскі (гл. фота №3): Можна пагадзіцца са словамі спадароў Рара і Богдана. Але трэба памятаць, якія мэты па змаўчаньні мела ініцыятыва «Ўсходняга партнэрства» – наблізіць 6 постсавецкіх краінаў да ЕЗ не праз дэмакратыю і рэформы, а праз эканоміку і гандаль [адкрытым тэкстам: “набліжэньне” РБ да ЕЗ больш важнае для “ЕЗ”, чым дэмакратыя ў Беларусі. – Рэд.]. Еўразьвяз, зразумела, будзе чакаць, бо ён ня мае механізмаў, каб паскорыць ці стрымаць зьмены [ЕЗ сьвядома адкідае такія “механізмы”! – АА]. ЕЗ атрымаў досьвед падчас “аранжавай рэвалюцыі” ва Ўкраіне, які паказаў, што мы можам ангажавацца ў хуткія зьмены, але калі ў грамадзтве няма адказных палітыкаў, то вынікі гэтых зьменаў доўга не пратрываюць [у любым грамадстве заўсёды ёсьць АДКАЗНЫЯ ПАЛІТЫКІ, толькі ліберастыі яны якраз і не патрэбныя, бо яны будуць адстойваць інтарэсы не яе, а ўласнага народу!!! Што, нагадаю, і ёсьць Дэмакратыяй… – АА].

Еўразьвяз ведае, што Аляксандар Мілінкевіч ды іншыя кандыдаты ня маюць вялікай падтрымкі з боку грамадства. Ведае таксама, што падае рэйтынг і Аляксандра Лукашэнкі. Але таксама ведае, што яму няма альтэрнатывы [???!!! Вось гэта заляпон! Ну, і глупства, ну, і лабуда… Чувак байку Эзопа пра лісіцу і вінаград хаця б чытаў калі-небудзь? – АА].

Таму і было прынятае рашэньне, зразумела, неафіцыйнае, факусавацца на гандлі і на ўводзе ў Беларусь еўрапейскіх стандартаў, каб спрыяць зьменам [удумайцеся, што кажа гэты паляк: “паколькі сярод беларускага народу няма ПРЫСТОЙНЫХ, АДКАЗНЫХ ЛЮДЗЕЙ, якія маглі б стаць сапраўднымі прэзідэнтамі Беларусі (усе іншыя горш за Лу-ку), таму было “Еўразьвязам” прынята рашэньне захаваць Лу-ку пры ўладзе (бо яму няма альтэрнатывы), гандляваць зь ім, і праз гэта дамагацца ад яго палітычных зьмен – натуральна, ліберастычных, не дэмакратычных; больш нахабную шавіністычна-пагардлівую гнюсь, чым ад гэтага паляка, нам рэдка ад каго даводзіцца чуць… – АА].


Дракахруст: Назіраючы сёлета за імклівым пагаршэньнем стасункаў афіцыйнага Менску зь Еўропай, цяжка было пазбавіцца думкі, што беларускі бок упарта рубіць сук, ці прынамсі адзін з сукоў, на якім сядзіць. Прыхільнік кансьпіралогіі мог бы падумаць, ці не расейцы акуратна штурхаюць Лукашэнку на шлях канфлікту з Еўропай, каб пазбавіць яго свабоды манэўру на выпадак магчымага канфлікту з Масквой [прымітыў; ёсьць значна больш рэалістычная версія, пра якую Дракахруст, як агент ліберастызму, нізавошта ня скажа; затое даўно кажам мы: расейская імперыякратыя разам з заходняй фінансавай алігархіяй – гэта адзіны глабальны соцыяпаразітны монстар, які займаецца разбурэньнем нацыянальных дзяржаў і хаатызацыяй народаў. У нашым выпадку гэты монстар проста выкарыстоўвае Лу-ку як прыладу гэтай палітыкі ў Беларусі. – АА]. І вось гэтая магчымасьць стала рэальнасьцю і кім Лукашэнка можа збалансаваць расейскі ціск? Адносіны зь Еўропай загадзя “абачліва” сапсаваныя.

Ці магчымасьць манеўру захоўваецца і разьбітыя гаршчкі яшчэ можна склеіць? Ці можа зараз Лукашэнка аднавіць дыялог, нешта прапанаваўшы Еўропе? Ці можа Еўропа прапанаваць нешта Лукашэнку? А можа і нічога не прапаноўваць, а проста кінуцца абараняць яго ад «расейскага імперыялізму» [гэтыя дзьвюкосьсі паставіў сам Дракахруст; лічыць, што расейскага імперыялізму няма… – Рэд.] і пагрозы паглынаньня Беларусі Расеяй?

Рар: Усе карты ў руках Аляксандра Лукашэнкі і ягонага атачэньня [картаў у Лу-кі мала, у яго ёсьць магчымасць хадзіць ці не хадзіць… – АА]. Ня трэба параўноўваць сітуацыю ў Беларусі зь сітуацыяй ў Паўднёвай Асетыі ці Прыднястроўі [вельмі нават трэба!.. – АА]. Цяперашні канфлікт паміж Менскам і Масквой не вядзе ні да якой ваеннай пагрозы [ёсьць і такая. – АА]. Пакуль гэта вайна словаў і ня болей за тое [зьвярнулі ўвагу на слова “пакуль”? – Рэд.]. Мне здаецца, што Еўразьвяз гэта добра разумее. І ня будзе ніякай сакрэтнай дамовы з Масквой адносна Беларусі, як і з Беларусьсю супраць Расеі [сакрэтныя дамовы паміж ЕЗ + ЗША і “Расеяй” адносна “Беларусі” 100%-ва  ўжо ёсьць!!! – АА]. Усе будуць глядзець, што будзе рабіць Лукашэнка [цяпер ужо ўсе будуць глядзець і бачыць, як “ЗША+ЕЗ” разам з “Расеяй” будуць забясьпечваць пакіданьне беларусафоба Лу-кі на пасадзе прэзідэнта Беларусі; бо беларусафоб, этнацыдчык на гэтым месцы – гэта тое, што ім трэба!!! – АА].

Натуральна, што на яго будуць ціснуць. Лукашэнка павінен адкрыць сваю краіну [для фінансавай алігархіі Захаду? – Рэд.]. Ён пакуль ня вырашыў, зь кім ён хоча супрацоўнічаць і куды ён хоча з’арыентаваць Беларусь [ну, і Рар практычна адкрытым тэкстам гаворыць: што Лу-ка пакуль ня вырашыў, каму ён будзе здаваць Беларусь! – Рэд.]. Калі ў бок ЕЗ, то трэба адпавядаць інтарэсам заходніх інвестараў [ну, вось бачыце? Канкрэтна, адкрыта… – Рэд.], трэба мяняць законы, трэба запрашаць заходніх інвестараў да больш шырокага ўдзелу ў прыватызацыі, трэба даваць ім пэўныя гарантыі, стварыць трывалы фундамент для функцыянаваньня заходняга бізнэсу [вось-вось; ну і Рар – тупа і канкрэтна… – АА], найперш сярэдняга бізнэсу ў Беларусі. Мне здаецца, што гэта няцяжка зрабіць, для гэтага патрабуецца толькі палітычная воля [так, няцяжка; прыдушаны этнацыдам беларускі народ супраціўляцца ня будзе… – АА].

Але Беларусь дагэтуль ня вырашыла [няўжо Беларусь?! Ну, проста чысты Оруэл. – Рэд.], ці хоча яна выходзіць з саюзнай дзяржавы з Расеяй. Фактычна яна ў ёй яшчэ існуе, па меншай меры ў ваенным пляне Беларусь разглядаецца ўсімі як самы блізкі, можа, нават адзіны саюзьнік РФ. Пакуль гэтыя сувязі не разбураныя. Беларусь пакуль ня выйшла з СНД, з АДКБ, не адмовілася ад Саюзнай дзяржавы. Размовы пра тое, што Беларусь трэба хуценька прымаць у Еўразьвяз, каб уратаваць ад Расеі – гэта спекуляцыі й амбіцыі геапалітычнага кшталту. Пра гэта могуць гаварыць палітолагі, але ніяк не адказныя палітычныя дзеячы з абодвух бакоў.


Дракахруст: Апрыёры кажучы, магчымы й іншы паварот еўрапейскай палітыкі, хаця спадар Рар і яго лічыць немагчымым. Я прыгадваю, як падчас выбарчай кампаніі ў Польшчы ў дэбатах паміж Браніславам Камароўскім і Яраславам Качынскім была закранутая беларуская тэма. Прычым, палітыкі тады нібыта памяняліся ідэалагічнымі ролямі: кансэрватар Качынскі намякнуў на тое, што палітыку Варшавы ў некаторых аспэктах варта каардынаваць з Масквой, а ліберал Камароўскі горача пярэчыў такой палітыцы. Але перадвыбарчая рыторыка кандыдата ў прэзідэнты не заўсёды супадае з рэальнай палітыкай кіраўніка дзяржавы.

Ці магчымае ў цяперашняй сітуацыі нейкае ўзгадненьне палітыкі Масквы і Еўразьвязу адносна Беларусі? Раней Масква фактычна была гарантам status quo ў Беларусі, а Еўропа дамагалася пераменаў, хай і зь невялікім імпэтам. Цяпер, так выглядае, пераменаў у Беларусі дамагаюцца і Ўсход, і Захад. Падобных ці розных? Ці засталася сітуацыя “гульні з нулявой сумай”? Войцэх.

Бародзіч-Смалінскі: Па-першае, трэба вызначыць, якія мэты маюць Еўразьвяз і Расея. Ці яны хочуць зьмяніць Аляксандра Лукашэнку на іншага ці яны хочуць захаваць цяперашняга кіраўніка дзяржавы, мяркуючы, што ён будзе зьмяняцца. Зразумела, выбіраць будуць беларусы [няўжо?! Недзе апошні брантазаўр памер, ці што?.. – АА], але ніколі няма ўпэўненасьці ў сумленным падліку галасоў.

Мне здаецца, што Расея ня хоча зьмены кіраўніка дзяржавы, яна хоча, каб цяперашні кіраўнік Беларусі быў больш добрым суседам Расеі [няўжо менавіта гэтага? – АА], гэта значыць, каб пагадзіўся на ўсе расейскія ўмовы што да мытнага саюзу і АДКБ, каб прызнаў незалежнасьць Абхазіі й Паўднёвай Асэтыі, каб выдаў Бішкеку Курманбэка Бакіева [вось што значыць “быць добрым суседам Расеі”. – Рэд.]. Расея ня мае кандыдата на зьмену Лукашэнку, яна ведае, што яго зьмена можа прынесьці ёй больш стратаў, чым выгадаў [гэта так! Навошта мяняць добрага агента на горшага? Ад “дабра” дабра не шукаюць… – АА].

Ня выключана, што ў Лукашэнкі ёсьць выхады з гэтай сітуацыі, ён спасылаецца на добрыя палітычныя стасункі зь Кітаем, з Вэнесуэлай. Але калі глядзець на эканамічныя чыньнікі, то сітуацыя выглядае крыху інакш. Днямі міністэрства статыстыкі і Нацбанк Беларусі абнародавалі дадзеныя аб замежных інвэстыцыях. Больш за 70% гэтых інвэстыцый – з Расеі [мы ўжо гадамі кажам пра здачу беларускіх эканамічных каштоўнасьцў расейскай імперыі… – АА]. Еўрапейскія інвэстыцыі складаюць невялікую частку. Гэта паказвае рэальную эканамічную сітуацыю Лукашэнкі, паказвае, адкуль прыходзяць грошы [гэта паказвае, хто захоплівае нашу ўласнасьць. – Рэд.].


Дракахруст: А новае збліжэньне Беларусі зб Еўразьвязам, як контрбалянс расейскаму ціску, новае дыханьне «Ўсходняга партнэрства» – наколькі імаверным уяўляецца яно вам?

Бародзіч-Смалінскі: Брусэль ніякіх новых прапановаў рабіць ня будзе. Усе прапановы, якія Брусэль мог зрабіць, зробленыя. Яны знаходзяцца ў межах «Усходняга партнэрства» і ў гэтых межах Беларусь можа рухацца.

Зразумела, калі Еўропа палічыць, што ціск Расеі на Беларусь занадта моцны і па еўрапейскіх стандартах недазволены, Еўропа можа сказаць, што ёй гэта не падабаецца [чысты Оруэл. – Рэд.]. Але я не лічу, што гэта будзе больш дынамічная палітыка ЕЗ адносна Беларусі.


Дракахруст: Сяргей, Войцэх сказаў, што для вызначэньня палітыкі варта зразумець, чаго хоча, чаго дамагаецца Расея сваёй новай палітыкай адносна Беларусі. Гэта безумоўна важна, але больш важнай падаецца самая наяўнасьць канфлікту. У свой час, калі СССР сварыўся зь цітаўскай Югаславіяй і мааісцкім Кітаем, заходняя, найперш амерыканская, дыпламатыя скарыстоўвала сам факт канфлікту, яна на гэтым гуляла, яна пашырала свае магчымасьці.

Богдан: У аснове стабільнасьці рэжыму Лукашэнкі ляжыць такі чыньнік, як раўнавага паміж Усходам і Захадам. Лукашэнка не хацеў бы пераключацца на адзін з бакоў. Балансаваць паміж Еўропай і Расеяй і менш дробнымі варыянтамі кшталту рэгіянальных сувязяў – гэта сакрэт захаваньня рэжыму[усё было б проста цудоўна, калі б пры гэтым рэжым быў зьмястоўна-дэмакратычным, а не беларусафобскім; “Захад” глядзіць на сітуацыю супрацьлеглым чынам: ён згодны, каб рэжым і далей заставаўся беларусафобскім, але хацеў бы зрабіць яго залежным ад сябе… – Рэд.]. Зараз ягоны рэжым аднолькава не падабаецца Ўсходу і Захаду, хаця і з розных прычынаў. Таму пры любой празьмернай арыентацыі на адзін з бакоў узьнікае праблема. Справа ў тым, што рэжым несумяшчальны з мадэлямі, якія лічацца прымальнымі ў Маскве і ў Брусэлі. Занадта моцны крэн азначае зьмену рэжыму, што цягне за сабой пазбаўленьне ўлады. Ён проста ня можа дазволіць сабе ўвайсьці ў Еўропу на нармальных варунках.

Я думаю, што Беларусь зможа дамагчыся лепшых стасункаў зь Еўразьвязам, але яна будзе ўспрымацца як краіна на мяжы Еўропы, але не як частка Еўропы, аднак дастаткова прыязная, стабільная, якая не стварае праблемы. Гэта ў прынцыпе прымальна і для Лукашэнкі, і для Еўропы. Бо што б мы ні казалі, для большасьці еўрапейцаў, апрача хіба Ўсходняй Еўропы, Беларусь – гэта не Еўропа [нічога сабе!!! зноў польская шавіністычная фанабэрыя палезла… – АА].

Рэжым Лукашэнкі яшчэ летась здолеў правесьці гандаль з Еўропай, у межах якога пытаньні дэмакратыі і правоў чалавека былі адсунутыя ўбок, а галоўным пытаньнем стала геапалітычная лаяльнасьць, хаця б мінімальная [вось, аказваецца, што!!! вось гэта адкрыцьцё!!! Сп-р Богдан адкрытым тэкстам кажа пра частку “Захаду” – прадажны, беспрынцыпны ЕЗ, які купіў лаяльнасьць Лу-кі, прадаўшы яму нашу дэмакратыю… – Рэд.]. І гэта зразумелая пазіцыя [нічога сабе “зразумелая пазіцыя”. – Рэд.], бо Еўразьвязу галоўнае – ня мець праблемы на сваіх межах [а мы пра што ўвесь час кажам? Ну, і дзе ўсе тыя, хто крычаў, што “Захад” увесь час толькі й думае, як нам, беларусам-літвінам, дапамагчы пазбавіцца ад прамаскоўскай, беларусафобскай этнацыднай дыктатуры, а затым дапамагчы будаваць дэмакратыю?! .. – Рэд.].


Дракахруст: І практычнае пытаньне – ў кастрычніку Рада Еўразьвязу павінна вырашаць, што рабіць зь візавымі санкцыямі адносна беларускага кіраўніцтва, якія прыпыненыя, але не скасаваныя. Скасаваць? Аднавіць іх дзеяньне? Працягнуць прыпыненьне? Вось прагноз Аляксандра Рара.

Рар: Калі ЗША і ЕЗ прыйдуць да высновы, што Лукашэнка не зьбіраецца праводзіць дэмакратычныя выбары, што ён хоча сілавымі мэтадамі захаваць сваю ўладу – то будзе больш жорсткі падыход. Калі місія АБСЭ, еўрапейскія назіральнікі ўбачаць, што ёсьць пазітыўныя зрухі, што апазіцыйныя партыі атрымліваюць доступ да СМІ і да грошай [а гэта што такое?! што гэта за “апазіцыйныя партыі”, якія павінны атрымаць доступ да грошай? Да якіх грошай? – Рэд.], і калі будзе пэрсьпектыва больш дэмакратычных выбараў, чым яны былі ў мінулыя гады, то больш жорсткіх санкцыяў ня будзе. Так што пакуль рана рабіць высновы, трэба пачакаць, як будуць разьвівацца падзеі ў бліжэйшыя 3 месяцы [папярэдніх 16 гадоў не хапіла. – Рэд.].


Дракахруст: Сяргей, Войцэх, а якія вашыя ацэнкі – які з трох шляхоў на кастрычніцкім раздарожжы абярэ еўразьвязаўскі рыцар? [рыцар? дзе тут хаця б нешта рыцарскае? – Рэд.]

Богдан: Я мяркую, што будзе працяг замарожваньня. Я хацеў бы падкрэсьліць, што адмова ад скіданьня рэжыму як мэты – гэта вельмі істотны момант [мы гэта ведаем, самі пралічвалі! Але мы ўражаны першым адкрытым, настолькі цынічным  паведамленьнем пра гэта з боку “заходнікаў”… – Рэд.]. Гэта прарыўны чыньнік, зьняты адзін з галоўных галаўных боляў [чый галаўны боль? Відаць, ваш? Бо нашым галаўным болем вы ніколі не цікавіліся… – Рэд.]. Праўда, застаўся яшчэ такі боль, як палітыка Расеі адносна Беларусі [але і гэта ня “ваш боль”; нічога, яшчэ стане вашым!.. – Рэд.].

Але чакаць, што ЕЗ выкажа занадта гучную падтрымку Менску, таксама не выпадае. Прадстаўнікі Еўразьвязу, якія адказваюць за палітыку адносна Беларусі, разумеюць, што беларуска-расейскія стасункі – гэта ня проста міждзяржаўныя стасункі, дзе прысутнічаюць эканамічныя і палітычныя складнікі, гэта і шмат гістарычных, сантымэнтальных, у рэшце рэшт імпэрскіх амбіцыяў Расеі [во-во, найперш апошняе, а то “сантыменты”… – АА]. Любы занадта гучны крок ЕЗ адносна гэтых стасункаў можа стварыць вялікія праблемы ў яго адносінах з Расеяй. Расея разглядае Беларусь як унікальнага саюзьніка і як бы мы ні хацелі, але для многіх і зараз, у тым ліку і ў Еўропе, Беларусь – гэта адарваная частка Расеі [вось, аказваецца, пад якімі лозунгамі адбываецца здача “Захадам” Беларусі ў Расею… – Рэд.].

Так што гучных ініцыятываў ня будзе, але прарыўныя крокі ўжо адбыліся. Вы, Юры, кажаце пра пагаршэньне адносінаў зь Еўразьвязам. Так, гэта ёсьць, часткова наўмысна, каб захаваць раўнавагу, дакладней, каб знайсьці новую раўнавагу, бо ранейшая раўнавага робіцца занадта небясьпечнай для беларускага рэжыму. Патрэбны новы эквілібрыюм, трэба мяняць вагі на розных канцах шаляў [так. Яшчэ паспрабуй на каленках перад Лу-кам поўзаць і ў попку цалаваць; можа, такая “раўнавага” падыдзе? – Рэд.].

Бародзіч-Смалінскі: Ня думаю, што адносна Беларусі будуць уведзеныя нейкія санкцыі. Еўразьвяз безумоўна выкажацца наконт таго, што яму не падабаюцца некаторыя рашэньні беларускіх уладаў, але санкцыяў ня будзе. Я ня думаю, што адносіны Беларусі зь ЕЗ будуць замарожаныя, гэта ня будуць такія адносіны, якія былі 3 ці 4 гады таму [! Вы бачыце, як Лу-ка падабаецца “Захаду”? “Рабі, што хочаш, санкцыяў ня будзе!” – Рэд.].

Я не магу пагадзіцца з меркаваньнем спадара Богдана, што для часткі еўрапейцаў Беларусь – гэта адарваная частка Расеі. Мапа Еўропы зафіксаваная, тут ніякіх зьменаў ня будзе і ніхто ў Еўропе ня будзе іх адаптаваць [рамантычны наіўняк; цябе ж сказалі, што Еўропа зноў дэградавала настолькі, што і пальцам не паварушыць для абароны Беларусаў; усё гэта яўныя прыкметы набліжэньня новай вайны!!! – Рэд.]. Людзі ў Еўропе лічаць, што Беларусь – гэта асобная дзяржава, на жаль, вельмі прывязаная да Расеі й вельмі залежная ад Расеі. Але тым ня менш гэта незалежная дзяржава.

(канец інтэрвю)

Ад рэдакцыі:

Многае, што варта было, ўжо пракаментавана ў квадратных дужках па ходу тэксту. Таму выдзелім толькі галоўнае:

Падзеі апошніх гадоў у Беларусі й вакол яе ня могуць не прывесьці ўдумлівых аналітыкаў да думкі, што паміж глабалісцкай фінансавай алігархіяй, якая фактычна кіруе блокам заходніх краін, і расейскай імперыякратыяй існуюць пэўныя патаемныя дамоўленасьці аб правядзеньні сумеснай палітыкі супраць палітычных сіл і ўладаў, якія б жадалі забясьпечыць сваім народам мірнае і квітнеючае жыцьцё ў іх нацыянальных дэмакратычных дзяржавах. Лёс нашай Беларусі за апошнія 16 гадоў, а таксама адносна нядаўнія падзеі ва Ўкраіне, Грузіі, даўнія ў Чачні, больш чым таямнічая сьмерць значнай часткі польскай кансерватыўнай эліты ў зусім ужо нядаўняй авіякатастрофе пад Смаленскам, адназначна пацьвярджаюць гэтую ўжо дастаткова даўно выказаную намі думку. Арыентуючыся на ўсё гэта, мы пасьпяхова прагназуем чарговыя палічыныя хады і “Расеі”, і “Захаду” ў дачыненьне да нашай Беларусі й нашага беларуска-літвінскага народа.

Асаблівасьць цяперашняга моманту ісьціны толькі ў тым, што сэнс усёй гэтай гульні з “дапамогай Захаду ў пабудове дэмакратыі ў Беларусі” становіцца зразумелы МНОГІМ!

Пасьля чарговай дапамогі прарасейскаму дыктатару-этнацыдчыку і далей застацца ва ўладзе ў Беларусі (у апошнім матэрыяле пра гэта сказана ўжо проста адкрытым тэкстам!), спадзяемся, што гэта павінны зразумець нават малазаангажаваныя ў палітыцы людзі.

P.S.

Учора на сайце радыё “Свабода” зьявілася дадатковая інфармацыя з боку “Расеі”, датычная аналізуемай тэмы. Яе стратэгічны сэнс дакладна той жа, пра які мы кажам – Лу-ку нам хутчэй за ўсё пакінуць! Каму цікавыя нюансы, гл. «С. Кара-Мурза і Г. Паўлоўскі пра беларуска-расейскі канфлікт” –  http://www.svaboda.org/content/article/2141427.html


Каментары (1)

  1. Siarhiej кажа:

    Мяне цягне перакласці разважанні “палітолагаў” і “аналітыкаў” на блатную феню, але кепска валодаю гэтай “мовай”.
    Паханы ды іхнія шасцёркі дамаўляюцца/спрачаюцца аб кантролі над быдлам, маёмасцю і грошамі. Быдла ж, зразумела, ня можа мець сваіх інтарэсаў. Пры гэтым адныя крычаць аб “еднасці народаў”, а другія – аб “дэмакратычных каштоўнасцях”.

Пакінуць каментар

  • Старонкі

  • Катэгорыі

  • Апошнія запісы

  • Архівы