nashaziamlia.org

Асьветна-адукацыйны, грамадазнаўчы сайт для беларусаў: аналіз, прагноз, сілы, інтарэсы, сьветагляды, ідэі, ідэалогіі, праграмы, мэты.

Запісы

Данясеньні, якія абнародаваў сайт WikiLeaks, паказваюць Расею як таталітарную, клептакратычную, мафійную імперыю

2 снежня, 2010 | 6 каментарыяў

Яшчэ некалькі дзён таму мы зьбіраліся заканчваць з аналізам сучаснага стану  расейскай імперыякратыі (а яна стала яшчэ больш злачыннай) і пераходзіць да нашых беларускіх праблем. У нас, якія б ні былі, але ўсё ж выбары… Аднак тут зноў заявіў пра сябе сайт WikiLeaks, паабяцаўшы абнародаваць вялікую плынь сенсацыйных матэрыялаў (на гэты раз – данясеньні амбасадараў ЗША з усяго сьвету ў Дзярждэп). Мы вырашылі пачакаць зь пераходам да іншай тэмы і… не памыліліся. Праз некалькі дзён WikiLeaks пачаў падаваць грамадскасьці (праз розныя інфармацыйныя каналы) тэксты данясеньняў амбасадараў ЗША, якія датычылі Расеі й Беларусі. Літаральна ўчора брытанскае выданьне Guardian выдала серыю такіх сенсацыйна-выкрывальных матэрыялаў. Як кажуць – якраз у тэму. Ніжэй мы падаем наш пераклад адпаведнага артыкула з Guardian (гл. http://www.guardian.co.uk/world/2010/dec/01/wikileaks-cables-russia-mafia-kleptocracy). Матэрыял ілюструецца фотакалажом “У якую Расею верыць?”

Рэдакцыя

***

ДАНЯСЕНЬНІ WIKILEAKS ВЫКРЫВАЮЦЬ РАСЕЮ ЯК “МАФІЙНУЮ ДЗЯРЖАВУ”

Крэмль абапіраецца на злачынцаў і ўзнагароджвае іх палітычным патранажам [тут і далей тоўстым выдзелена намі – Рэд.], а вышэйшыя службовыя асобы зьбіраць хабар, “нібы [карыстаюцца] персанальнай сістэмай падаткаабкладаньня”. У адпаведнасьці з “выцекам” WikiLeaks, дыпламаты ЗША ды іншых заходніх краін успрымаюць урад Расеі як карумпаваную “мафійную дзяржаву”.

У адпаведнасьці з тайнымі дыпламатычнымі данясеньнямі, у якіх падаюцца забойчыя амерыканскія ацэнкі гэтай звышдзяржавы – яе былога суперніка – Расея зьяўляецца карумпаванай, аўтакратычнай клептакратыяй, адцэнтраванай пад лідарства Ўладзіміра Пуціна, на якім завязаны разам чыноўнікі, алігархі й арганізаваная злачыннасьць, каб стварыць “віртуальную мафійную дзяржаву”.

Гандаль зброяй, адмываньне грошай, асабістае ўзбагачэньне, абарона бандытаў, вымагальніцтвы і хабар, валізкі, поўныя грошай, і таемныя афшорныя банкаўскія рахункі на Кіпры – данясеньні малююць змрочную карціну палітычнай сістэмы, у якой толькі хабарніцтва ацэньваецца каля $ 300 млрд у год, і ў якой часта цяжка адрозьніць дзейнасьць ураду і арганізаваную злачыннасьць.

Найбольш яркімі выказваньнямі, якія зьмяшчаюцца ў данясеньнях, якія прасачыліся на інфармацыйны вэб-сайт WikiLeaks, зьяўляюцца наступныя:

– Расейскія шпіёны выкарыстоўваюць вялікіх мафійных босаў для зьдзяйсьненьня такіх злачынных аперацый, як гандаль зброяй.

– Праваахоўныя органы, такія як паліцыя, шпіёнскія ўстановы і пракуратура дэ-факта бароняць злачынныя сеткі рэкеціраў.

– Буйное хабарніцтва дзейнічае як паралельная падатковая сістэма для асабістага ўзбагачэньня [служачых] паліцыі, чыноўнікаў і пераемніцы КДБ – федэральнай службы бясьпекі (ФСБ).

– Сьледчыя, якія выяўляюць расейскія мафійныя сувязі ў Гішпаніі, склалі сьпіс расейскіх пракурораў, вайскоўцаў і палітыкаў, якія супрацоўнічаюць з арганізаванымі злачыннымі сеткамі.

– Пуцін абвінавачваецца ў прысваеньні вялізных “незаконных даходаў” за час знаходжаньня на пасадзе прэзідэнта, якія, як сьцьвярджаюць розныя крыніцы, схаваныя за мяжой.

Вось інфармацыя, якая прыйшла за гадзіну да таго, як Пуцін павінен быў выступіць перад выканаўчым камітэтам ФІФА у Цюрыху, каб падтрымаць заяўку Расеі на правядзеньне чэмпіянату сьвету 2018 года [па футболе]: Пуцін учора ўвечары раптам адмяніў сваю паездку, паскардзіўшыся на паклёпніцкую кампанію, скіраваную на “дыскрэдытацыю” членаў FIFA. У гнеўным інтэрвю ўжывую з Лары Кінгам на CNN, запісаным яшчэ да апошняй выкрывальніцкай інфармацыі, Пуцін таксама асудзіў данясеньні [амбасадараў ЗША] і папярэдзіў ЗША, каб тыя не сунулі свой нос у расейскія справы.

Ён даў зразумець, што ён быў не ў захапленьні ад апісаньня яго амерыканскім дыпламатам, як “Бэтмэна”, і прэзідэнта Дзьмітрыя Мядзьведзева – як “Робіна”. “Шчыра кажучы, мы не падазравалі, што гэтая [крытыка] магла быць зробленая з такой фанабэрыяй ды грубіянствам, і вы ведаеце – так неэтычна”, – заўважыў Пуцін [Пуцін – вядомы этык… – Рэд.].

Асноўныя абвінавачваньні ідуць ад гішпанскага пракурора Хасэ Грында Ганзалеса (José Grinda González), які больш за 10 гадоў спрабуе выкрываць дзейнасьць расейскай арганізаванай злачыннасьці ў Гішпаніі. Улады гэтай краіны арыштавалі больш за 60 падазраваных, у тым ліку 4 вядучых мафіёзі, якія знаходзіліся за межамі Расеі.

Падчас бліскучага брыфінгу для амерыканскіх службоўцаў у студзені [г.г.] Грында заявіў, што Расея – гэта “віртуальная мафійная дзяржава”, у якой “ніхто ня здольны адрозьніваць дзейнасьць ураду і АЗ [арганізаваных злачынных] груп”.

Грында заявіў, што мае доказы – тысячы стужак праслухоўваньня тэлефонных размоў былі запісаныя за апошнія 10 гадоў – што некаторыя палітычныя партыі ў Расеі шчыльна супрацоўнічаюць з мафійнымі групамі. Ён сцьвярджаў, што супрацоўнікі выведкі [Расеі] арганізоўвалі пастаўкі зброі курдскім групам, каб дэстабілізаваць Турцыю, і кіравалі выпадкам з грузавым суднам Arctic Sea ў 2009 годзе, якое, як падазраецца, перавозіла ракеты, прызначаныя для Ірана.

На вышэйшым узроўні таго, што вядома ў Расеі як ўлада крамлёўскай “вертыкалі”, прэм’ер [Пуцін] зьяўляецца бенефіцыярам укаранёнай сістэмы адкатаў, хабару, адмыўкі грошай і падазроных кантрактаў.

У падрабязным і, мабыць, праўдападобным аналізе таго, як працуе машына карупцыі ў сталіцы, амбасадар ЗША Джон Бэерлі цытуе адну крыніцу, у якой сьцьвярджаецца: “Усё залежыць ад Крамля … Лужкоў [былы мэр Масквы Юры], а таксама шматлікія мэры і губернатары, плацяць інсайдэрам у Крамлі”.

Пад Крамлём знаходзіцца шырокі пласт высокапастаўленых чыноўнікаў – мэраў і губернатараў, якія зьбіраюць грошы, выкарыстоўваючы хабар амаль як сваю ўласную сістэму падаткаабкладаньня. На наступным узроўні зьнізу ФСБ, МУС і паліцыя зьбіраюць грошы за пратэкцыю ад бізьнесоўцаў, законным і незаконным [чынам].

“Крымінальныя элементы атрымліваюць пратэкцыю ад “крышы” [тэрмін з крымінальна-мафійнага сьвету, які літаральна азначае дах або абарону], якая ідзе праз паліцыю, ФСБ, МУС і пракуратуру, а таксама скрозь ўсю бюракратыю Масквы“, – адзначаў Бэерлі. “Наўпроставыя сувязі ўраду Масквы са злачыннасьцю прымушаюць некаторых называць яго “дысфункцыянальным” і дазваляюць сцьвярджаць, што ўрад дзейнічае больш як клептакратыя, чым урад“.

Грында заявіў, што ФСБ мае два шляхі ліквідацыі “лідэраў АЗ, якія ня робяць тое, што сьпецслужбы хочуць, каб яны рабілі”. Першы – забіць іх. Другі – засадзіць у турму, каб “прыбраць іх, як канкурэнтаў за ўплыў”.

Часам ФСБ саджае злачынных аўтарытэтаў у турму для іх ўласнай абароны. Больш удачлівыя зь іх могуць у канчатковым выніку трапіць у парламент. “Урад Расеі й далей падтрымоўвае дачыненьні зь лідэрамі арганізаваных злачынных груповак, даючы ім прывілеі ў палітыцы, з тым, каб даць ім імунітэт ад абвінавачваньняў у рэкэце”, – адзначыў Бэерлі.

ЗША не адныя ў сваіх ацэнках. У адным данясеньні Майкл Давенпорт – дырэктар Міністэрства замежных спраў па Расеі – цытуе выказваньне пра Расею, як “карумпаваную аўтакратыяю“.

Данясеньні таксама паказваюць, што амерыканцы лічаць, што Пуцін хутчэй за ўсё ведаў аб аперацыі па забойстве Аляксандра Літвіненкі ў Лондане ў 2006 годзе.

Крэмль адмаўляе сваю датычнасьць [да гэтага забойства], але заўвага іншага амбасадара ЗША ў Маскве, Уільямса Бэрнса, падсумоўвае стаўленьне ЗША да новай Расеі: “Якой бы ў канчатковым выніку ні была праўда [аб Літвіненка] – і гэта можа быць ніколі невядома – тэндэнцыя тут такая, што амаль аўтаматычна дазваляе меркаваць, што нехта ў межах або блізка да ўнутранага кола Пуціна ёсьць аўтарам гэтых сьмерцяў, [што ў сваю чаргу] кажа пра чаканыя паводзіны Крамля”.

Глава зьнешняй выведкі Расеі ўчора заявіў, што ён загадае яго шпіёнам вывучаць данясеньні, зьвязаныя з Расеяй. Міхаіл Фрадкоў, кіраўнік Службы зьнешняй выведкі Расеі (СЗВР), паведаміў агенцтву ІТАР-ТАСС: “Ёсьць шмат пытаньняў, якія паўсталі з-за выкрыцьцяў WikiLeaks – гэта матэрыял для аналізу. Мы будзем дакладаць нашы высновы кіраўніцтву краіны”.

(канец перакладу артыкула з брытанскай “Гардыян”)


Ад рэдакцыі:

Мы лічым гэты матэрыял сенсацыйным. Упершыню прарваліся ў сусьветныя СМІ настолькі годныя даверу зьвесткі пра тое, што думаюць заходнікі (ды яшчэ прадстаўнікі афіцыйных уладаў) пра Расею.

Яшчэ больш важным зьяўляецца тое, што ўсе гэтыя зьвесткі цалкам супадаюць з той крытычнай, але аб’ектыўнай інфармацыяй пра расейскую імперыякратыю, якая падавалася на нашым сайце раней. Аказваецца, мы – сярод тых, пакуль нешматлікіх, хто хоча мець сапраўдныя веды аб падзеях у сьвеце, хто жадае грунтаваць свой сьветагляд на фактах.

Вядома, мы не наіўныя, каб верыць, што недзе ў сьвеце ёсьць усяго толькі аматарскі сайт, на якім свабодна і ўжо дастаткова шмат часу можа выстаўляцца суперважная інфармацыя (пра гэты сайт мы ўжо пісалі; гл. напрыклад тут: https://nashaziamlia.org/2010/07/31/3454/#more-3454). За спадаром Эсанджа напэўна стаяць нейкія магутныя, хутчэй за ўсё амерыканскія, сілы, якія маюць нейкія свае мэты. Вельмі хочацца верыць, што гэтыя сілы высакародныя. Пасьля падачы вельмі крытычных матэрыялаў, датычных стану расейскай імперыі, хочацца таксама верыць, што пэўныя амерыканскія сілы абралі сабе мэту паставіць на месца расейскую імперыякратыю, якая ў апошнія гады сапраўды распаясалася… І дзейнасьць  WikiLeaks – гэта толькі першы крок у рэалізацыі нейкай далёкасягальнай і выніковай стратэгіі. Таму спадзяемся і на наступныя порцыі выкрывальніцкіх дакументаў, і на нейкія дзеяньні.

Калі гэта сапраўды так, можна сказаць: дапамажы ім Божа!


6 каментарыяў

  1. Сапраўды сайт “Беларусь – наша зямля” падаваў аналітычныя матэрыялы аб тым, што адбываецца ў Расеі.
    У задачы рэдакцыі сайта не ўваходзіць кагосьці абражаць, але ў задачы рэдакцыі сайта ўваходзіць аналізаваць дзейнасць сілаў унутры і вакол беларускага грамадства.
    Спадарства, мы не чарада бараноў, для якіх патрэбны пастух, які б намі кіраваў. Мы – людзі, надзеленыя розумам, і павінны думаць пра свой лёс, самі вырашаць сваю будучыню.
    Кожны з вас павінен ясна ўсведамляць, што такое Расея сёння, і як залежыць наша жыццё ад палітыкі Расеі. Расея – вельмі небяспечная краіна, і рускія тут ні пры чым. Рускім у Расеі нічога не належыць – ні ўлада, ні багацці. У рускіх няма нават зародка нацыянальных сілаў, якія б адстойвалі інтарэсы рускага народу, былі б разумнымі і справядлівымі. Расеяй сёння кіруе жахлівая крымінальная каста. Пуцін-Мядзведзеў – гэта жахлівае ўтварэнне.
    Сёння Беларусь поўнасцю кантралюецца расейскай бандыцкай уладай. Усе праблемы нашага народу ствараюцца ў Маскве, усе нашы беды, наша жабрацтва, наша рабства – вынікі крамлёўскай палітыкі.
    Сёння некаторыя кандыдаты ў прэзідэнты (Някляеў, Саннікаў ды інш.) нават не хаваюць, што яны прарасейскія. Іх нават не засмучвае той факт, што ўся сусветная палітычная эліта занепакоена дзейнасцю расейскай улады. Усё, што вы прачыталі ў гэтым артыкуле сказана не рэдакцыяй гэтага сайту. Гэта – даклады дыпламатычных і шпіёнскіх службаў наймагутнейшых краінаў свету і высновы ўсёй палітычнай эліты свету. Не гледзячы на гэта прарасейскія кандыдаты і пятая калона ў грамадстве на карысць расейскіх уладаў працягвае нахабна дзейнічаць. Некаторыя з беларусаў за грашы працягваюць іх падтрымліваць.
    Па-здрадніцку супраць беларускіх інтарэсаў выглядае адбельванне прарасейскага кандыдата Някляева сп. З. Пазняком. Але асабліва па-здрадніцку выглядае дзейнасць Лукашэнка, які 8 снежня едзе падпісываць дакументы з Расеяй аб адзінай эканамічнай прасторы пры тым на фоне, калі Расея забараніла Ўкраіне, Літве і Латвіі прапускаць нафтапрадукты ў Беларусь. Гэта ёсць варожыя дзеянні ў адносінах да беларускага народа – не супраць “нацыяналістаў”, а супраць ўсіх.
    І вы пасля гэтага будзеце галасаваць за гэтых людзей? І далей будзеце сядзець па сваіх норах?

    • Міхасёк кажа:

      І вы пасля гэтага будзеце галасаваць за гэтых людзей? І далей будзеце сядзець па сваіх норах?
      _____________________________________________

      Вяртайся хутчэй, бо змагацца няма каму!

  2. Яўген Мурашка кажа:

    акупацыя
    Пакуль калябаранты гуляюць у “выбары”, з новага 2011 года, у Беларусі ( без адзінага стрэлу ) пачнецца акупацыя з боку іншаземнага крымінальнаг капіталу.
    Вось вам і суверынітэт і незалежнасьць
    (сайт “Белпартызан” ад 3.12.2010г)

  3. Сп. Міхасёк, а вы для якой мэблі? Ці вы думаеце, што за вас павінны ісці на барыкады жанчыны? Мне ўсёроўна, хто вы па поглядах, але вы абавязаны выконваць свой грамадзянскі і мужчынскі абавязак.
    Але гледзячы па вашых каментарах, вы поўны злобы супраць беларускага народа. Таму было б лепш, каб вы не пісалі свае мярзотныя каментары.

    • Міхасёк кажа:

      Грамадзянскі і мужчынскі абавязак выконваю, але на барыкадах. Буду галaсаваць за Ярэка.

      А Вы калі галосіце пра барыкады, то й пакажыце прыклад. Мо Астроўскі далучыцца, каб выканаць абавязкі?

  4. Виталь кажа:

    адзины нацыянальны кандыдат – Касусёу!

Пакінуць каментар

  • Старонкі

  • Катэгорыі

  • Апошнія запісы

  • Архівы