nashaziamlia.org

Асьветна-адукацыйны, грамадазнаўчы сайт для беларусаў: аналіз, прагноз, сілы, інтарэсы, сьветагляды, ідэі, ідэалогіі, праграмы, мэты.

Запісы

Краіна, якая выйграла таргі, кіруецца ашуканцамі, бандытамі, шпіёнамі

4 снежня, 2010 | 6 каментарыяў

Эдвард Лукас

З нагоды нядаўняга абнародаваньня праз WikiLeaks сакрэтнай дыпламатычнай перапіскі ў СМІ пачалі зьяўляцца артыкулы тых, хто і раней папярэджваў пра небясьпеку новай хвалі расейскага імперыялізму для цывілізаванага сьвету. Ніжэй падаецца пераклад артыкула аднаго з буйнейшых адмыслоўцаў па Расеі на Захадзе Эдварда Лукаса (гл. фота зьлева), узятага з папулярнага заходняга выданьня Дэйлі Мэйл (гл.  http://www.dailymail.co.uk/debate/article-1335193/World-Cup-2018-Ruled-crooks-thugs-spies–country-won-bid.html). Нашыя ўяўленьні па ўзьнятых пытаньнях шмат у чым супадаюць з пазіцыяй гэтага дасьледчыка, таму гэта ня першы артыкул спадара Эдварда, які выстаўляецца на нашым сайце.

Рэдакцыя.


Амерыканскія дыпламаты зьнялі накрыўку з Расеі пад уладай Уладзіміра Пуціна, намаляваўшы бесстаронную карціну каласальнай карупцыі й жорсткага беззаконьня.

Матэрыял у дыпламатычных дакладных, раскрыты на гэтым тыдні WikiLeaks, варты працы самых бясстрашных журналісцкіх рассьледаваньняў. Зроблены аналіз зьяўляецца бліскучым і дакладным.

Расея ёсьць “мафіёзнай дзяржавай”, дзе страшная ФСБ – пераемнік савецкага КДБ – мае магутную ўладу і дзейнічае як дзяржава ў дзяржаве, у якой карупцыйныя даходы [бюракратыі] складаюць больш за 200 мільярдаў фунтаў у год [гэта больш за 300 млрд. даляраў. – Рэд.].

Зь сенсацыйнага выцеку дэпешаў вынікае, што спадар Пуцін, магчыма, узбагаціўся асабіста ў памеры мільярдаў фунтаў – яны ўтрымоўваюць надзвычайныя абвінавачваньні пра вялізны асабісты капітал, які ён і яго вярхоўныя сябрукі, верагодна, назапасілі.

На фоне таго, як Расея адзначыла перамогу сваёй заяўкі на правядзеньне чэмпіянату сьвету па футболе ў 2018 годзе, гэтыя данясеньні служаць карысным напамінам пра тое, чым стала Расея Пуціна.

Пасьля нядаўніх абвінавачваньняў аб шырока распаўсюджаных хабарніцтве і карупцыі сярод чыноўнікаў ФІФА, якія вырашаюць, дзе павінен адбыцца Кубак сьвету [па футболе], ня ёсьць дзіўным супадзеньнем, што перамогу атрымала краіна, якая рабуецца і “кіруецца” клікай ашуканцаў і злодзеяў – мабыць, самым вялікім і магутным гангстэрскім сіндыкатам, які сьвет увогуле калі-небудзь бачыў.


(гл. фота; мяркуецца, што прэм’ер-міністар Уладзімір Пуцін скалаціў асабістую фартуну за час знаходжаньня ва ўладзе; рэакцыя расейскай дэлегацыі на навіну, што Расея заваявала права на правядзеньне Кубка сьвету [па футболе ў 2018 годзе]).



Любое меркаваньне, што Расея рухаецца да эпохі рэформаў і мадэрнізацыі пад кіраўніцтвам Дзьмітрыя Мядзведзева ў якасьці прэзідэнта і намінальнага боса Пуціна, варта адкінуць.

Пуцін апісаны ў данясеньнях WikiLeaks, як “альфа дог”, Мядзведзеў названы тым, хто “грае Робіна пры Пуціне Бэтмэне” [выкарыстаныя вобразы амерыканскай культуры зь фільмаў пра Бэтмана. – Рэд.].

Аднак гэта несправядліва ў адносінах да Бэтмэна, які вядомы па барацьбе са злачыннасьцю і тым, што не атрымліваў даходаў ад сваёй дзейнасьці. Але гэта цалкам справядліва ў дачыненьні да карыкатурнага, нікчомнага і неэфектыўнага Мядзьведзева.

Ён марыць аб рэфармаваньні прававой сістэмы, барацьбе з карупцыяй і аб пераўтварэньні Расеі ў сучасную, цывілізаваную дзяржаву. Але нічога не адбываецца.

Мы павінны памятаць пра шматпакутнае расейскае грамадства, якое зьяўляецца галоўнай ахвярай ва ўсім гэтым, у той час калі яго карумпаваныя лідары набіваюць свае кішэні.

Мы павінны таксама мець на ўвазе цяжкае становішча суседзяў Расеі, такіх, як нашы адважныя саюзьнікі ў краінах Балтыі – у Эстоніі, Латвіі й Літве, а таксама пра адзінокую Грузію – адзіную свабодную рынкавую дэмакратыю на паўднёвай ўскраіне Расеі [на жаль, аўтар забыў пра іншыя народы побач з Расеяй – у т.л. і пра беларска-літвінскі народ. – Рэд.].

Яны папярэджвалі нас аб небясьпецы расейскага крымінальнага, ксенафобскага і аўтарытарнага рэжыму на працягу многіх гадоў.

Публічна мы на Захадзе адмахваліся ад іх страхаў. Прыватна ж, калі гэтыя дэпешы [амбасадараў] хоць нечага вартыя, мы згаджаліся з кожным іх словам.

Такім чынам, дакладныя запіскі агалілі сапраўдны кошт нашай баязьлівасьці й самазадавальненьня – расейская карупцыя тлее ня толькі ў Расеі. Яна выцякае за межы, даючы цьвёрдым мужчынам у Маскве магчымасьць заключаць зьдзелкі й цёгаць за ніткі. Гэта закранае будучыню гэтых краін [у т.л. Вялікабрытаніі], іх бясьпеку і свабоду.

Адкрыцьці з дэпешаў датычна Італіі асабліва кідаюцца ў вочы. Адна з найбуйнейшых эканомік у ЕЗ і, як мяркуецца, верны член НАТА, знаходзіцца пад кантролем Расеі дзякуючы надзвычайным і асабістым сувязям паміж Пуціным і італьянскім лідарам Сільвіё Берлусконі.

Дакладны́я паказваюць на цьмяную асобу рускамоўнага пасярэдніка Валянціна Валянціні, які рэгулярна наведвае Расею з нагоды таямнічых даручэньяў, зьвязаных, як сцьвярджаюць дыпламаты, зь бізнэсовымі інтарэсамі містэра Берлусконі там. Ён таксама дастаўляе шчодрыя падарункі паміж двума лідарамі.

Яшчэ больш сенсацыйна, як вынікае з дэпешаў, выглядае тое, што Берлусконі быў абяцаны асабісты даход з прыбытку любога трубаправода, пабудаванага сумесна гіганцкай расейскай газавай кампаніяй “Газпром” й італьянскай ENI.


(гл. фота; прэм’ер-міністр Расеі Уладзімір Пуцін і яго італьянскі калега Сільвіё Берлусконі атрымліваюць асалоду ад шчыльнага супрацоўніцтва; расейскі дысідэнт Аляксандр Літвіненка быў [сьмяротна] атручаны ФСБ)


Яны [дэпешы] паказваюць, што Італія разам зь іншымі пра-расейскімі краінамі Еўропы сабатавалі намаганьні па фармаваньні агульнага фронту супраць расейскіх зьдзекаў.

Жменька сьпецыялістаў па Расеі ў міністэрстве замежных спраў Італіі дэмаралізуюцца й ігнаруюцца. Расея зьяўляецца асабістым праектам пана Берлусконі. Нішто і ніхто [яму] не замінае.

У Гішпаніі расейскі ўплыў яшчэ больш злаякасны, хоць прынамсі некаторыя бясстрашныя чыноўнікі спрабуюць змагацца з гэтым. Паводле дэпешаў, ёсьць адзін гішпанскі пракурор, які заяўляе, што Расея стала выкарыстоўвае сваіх мафійных босаў для спансуемага Крамлём незаконнага абароту зброі.

Гішпанія стала гняздом расейскай мафіі, дзейнасьць якой у гэтай краіне ўключае адмываньне грошай ад “незаконнай дзейнасьці, якая праводзіцца ў розных краінах і ўключае заказныя забойствы, гандаль зброяй і наркотыкамі, вымагальніцтвы, прымус, шантаж і выкраданьні“.

Брытанскія чыноўнікі выглядаюць на гэтым фоне даволі добра. Калісьці я абвінавачваў іх ў даверлівасьці й наіўнасьці, але дакладныя запіскі дазваляюць бачыць іншае, прынамсі, вачыма амерыканцаў.

Галавасты Майкл Давенпорт, дасьведчаны ў маскоўскіх справах, які цяпер зьяўляецаа палітычным дырэктарам міністэрства замежных спраў, распавядаў амерыканскаму дыпламату, што Расея – гэта краіна “карумпаванага самаўладдзя”.

Гнеў брытанскіх чыноўнікаў у сувязі з забойствам у Лондане расейскага ўцекача Аляксандра Літвіненкі, у чым была замешана ФСБ, таксама зафіксаваны ў дэпешах.

Тое, што менш ясна – чаму нашы лідары ў Лондане, Вашынгтоне і Брусэлі да гэтага часу публічна падтрымліваць уяўленьне, што ўрад Расеі заслугоўвае лічыцца цывілізаваным кіраўніцтвам нармальнай краіны.

Гадамі я папярэджваў, што экс-КГБшны рэжым у Расеіе стварае небясьпеку там і тут. Звычайная рэакцыя, якую я атрымліваў ад службовых асоб, была ветлівай, заступніцкай і… грэблівай.

Так – кажуць яны – Расея хутчэй ёсьць складаным месцам. Але мы павінны быць разам. Ёсьць пэўныя прыкметы прагрэсу. Давайце разьлічваць на іх.

Цяпер, аказваецца, што амерыканскія (а таксама брытанскія, французскія, нямецкія ды гішпанскія) службовыя асобы на самай справе былі згодныя з найбольш ваяўнічымі поглядамі на Расею.

Тады чаму нашыя палітыкі ня дзейнічаюць у адпаведнасьці зь інфармацыяй, якую яны атрымліваюць ад сваіх чыноўнікаў?

Чаму амерыканская адміністрацыя вядзе фарсавы “дыялог па правах чалавека” са сваімі расейскімі калегамі – тымі, хто, у адпаведнасьці зь меркаваньнямі іх уласных дыпламатаў, вядомы, як сапраўдныя бандыты?

Дарэчы, а што думаў Пітэр Мандельсон, калі ён гасьцяваў на яхце Алега Дзерыпаскі ў 2008 годзе?

Адзін з найбагацейшых людзей Расеі й вядучы стаўленік пуцінскага рэжыму, Дзерыпаскі мае сур’ёзныя цяжкасьці ў атрыманьні нават амерыканскай візы, настолькі цёмнай і праблемнай зьяўляецца яго мінулая дзелавая практыка.

Чым думаў Тоні Блэр, калі ён запрасіў містэра Пуціна ў 2005 годзе ў сьвятая сьвятых брытанскай моцы – у сакрэтны падземны бункер пад Даўнін-стрыт?

Што цяпер мусіць сказаць дэпутат [Брытанскага парламенту] ад ліберальна-дэмакратычнай партыі, старшыня ўсе-партыйнай групы Вэстмінстэра па Расеі, крыкун Майк Хэнкок аб сваёй падтрымцы пуцінскага Крамля?

А як наконт іншых каментатараў? Як наконт тых людзей у навукова-дасьледчых інстытутах, універсітэтах і СМІ, якія заўсёды мелі добрае слова для Крамля і выстаўлялі яго крытыкаў як параноікаў і несур’ёзных людзей?

Дыпламатычная служба ЗША, маючы доступ да сапраўды сакрэтнай інфармацыі, прыйшла да адназначнай высновы ў гэтых сваіх данясеньнях. Яе прадстаўнікі лічаць, што палітычная сістэма ў Расеі цалкам прагніла зьверху да нізу. Яна прагная, жорская і грунтуецца на беззаконьні. І яе згубны ўплыў ужо праціскаецца праз нашыя ўласныя парадныя дзьверы.

Амерыка, магчыма, і была прыніжаная ўцечкай сваіх прыватных дыпламатычных паведамленьняў. Але затое Расея і яе абаронцы аказаліся прылюдна выстаўленымі ва ўсім іх звыродлівым абліччы.


P.S.

З нагоды варта дадаць, што спадару Джуліану Асаджу (гл. фота зьлева) пачалі пагражаць забойствам. Гэтыя пагрозы ідуць як ад некаторых заходніх сіл, так і расейскіх. У адказ заснавальнік WikiLeaks заявіў, што абнародуе яшчэ большы кампрамат на сусьветныя ўрады, калі яго забьюць – для гэтага ён ужо распаўсюдзіў адпаведны архіў сярод вялікай колькасьці людзей, у т.л. журналістаў.

Тым часам сайт WikiLeaks перамясьціўся на адрасную прастору Швайцары і цяпер зноў стаў даступным па наступных адрасах: www.wikileaks.ch ;  http://213.251.145.96/


6 каментарыяў

  1. Вось гэта і ёсць сапраўдны твар і Расеі, і Захада, аб чым папярэджваў БДР (Беларускі дэмакратычны рух). Гэта ўжо не словы сп. А. Астроўскага, Г. Арцёменкі, Я. Мурашка ды іншых, а словы самых моцных ў свеце спецслужбаў, аналітыкаў, палітыкаў. Гэта ёсць адказ тым, каго мы крытыкавалі і хто на нас за гэта крыўдзіўся…
    Думаю, што гэтыя факты прымусяць шматлікіх прыйсці да ўсведамлення, што абарона аб’ектыўных інтарэсаў беларускага народа ёсць найважнейшая задача для кожнага беларуса. Бо рабства і жабрацтва – гэта далёка не лепшая перспектыва для кожнага з нас.

  2. Siarhiej кажа:

    Цікавы эканамічны аналіз, які можа тычыцца і нашай краіны: http://gosudarstvo.voskres.ru/parshev/pars_cnt.htm

  3. Міхасёк кажа:

    Гнеў брытанскіх чыноўнікаў у сувязі з забойствам у Лондане расейскага ўцекача Аляксандра Літвіненкі, у чым была замешана ФСБ, таксама зафіксаваны ў дэпешах.

    _________________________________________-

    Падонка забілі правільна.

    • Рэдакцыя кажа:

      Спадар пад нікам “Міхасёк”.
      Мы вас папярждвалі, каб вы больш ня тролілі. Таму больш троліць мы вам не дадзім.
      Да пабачэньня.

    • михась кажа:

      тых,хто яго забиу усих трэба пазабиваць нават з усими родственниками, каб не здеквалися з рускага и иншых народау

  4. Рэдакцыя кажа:

    Тут была абраза з боку нейкага “Міхайлы” ў адрас нашага рэдактара, якая ня мае ніякага дачыненьня да задачаў сайта, таму мы яе выдалілі.

Пакінуць каментар

  • Старонкі

  • Катэгорыі

  • Апошнія запісы

  • Архівы