nashaziamlia.org

Асьветна-адукацыйны, грамадазнаўчы сайт для беларусаў: аналіз, прагноз, сілы, інтарэсы, сьветагляды, ідэі, ідэалогіі, праграмы, мэты.

Запісы

Дзьве версіі аднаго інтэрвю

24 студзеня, 2011 | 2 каментарыя

Рэдакцыя.

Адразу скажам: мы не зьяўляемся прыхільнікамі Барыса Абрамыча Беразоўскага. І таму што ён былы расейскі алігарх (а гэта значыць, грошы ў яго вялікія і… крадзеныя), і таму што ён зьяўляецца вядомым кампаньёнам Лукашэнкі, і таму што ніколі не бараніў інтарэсы беларускага народу. Але і гэтага чалавека, бывае, карысна паслухаць з мэтай глыбей разабрацца ў сёньняшняй рэчаіснасьці.

Нядаўна 65-гадовы Беразоўскі (БАБ), які цяпер жыве ў Лондане ў якасьці палітэмігранта, даў інтэрвю ўкраінскай газеце “Сегодня”, у якім выказаў важкія думкі вакол падзей Крывавай нядзелі. Гэтае інтэрвю таксама падала радыё “Свабода”.  Параўнаньне інфармаваньня нас гэтым незалежным СМІ дае магчымасьць тое-сёе дадатковае даведацца.

Пачнем з поўнай свабодаўскай версіі.


1.

БЕРАЗОЎСКІ: СУПРАЦОЎНІКІ БЕЛАРУСКІХ СЬПЕЦСЛУЖБАЎ ПРАЦУЮЦЬ НА РАСЕЮ

(матэрыял за 22.01.2011 г., гл. http://www.svaboda.org/content/article/2284188.html)

“Падзеі 19-20 сьнежня ў Менску былі сьпецаперацыяй расейскіх сьпецслужбаў, а супрацоўнікі беларускіх сьпецслужбаў працуюць на Расею.

Пра гэта ў інтэрвю ўкраінскай газеце “Сегодня” заявіў апальны расейскі бізнэсмэн Барыс Беразоўскі.

Ён адзначыў, тое, што адбылося ў Беларусі, “выгадна Расеі і катэгарычна ня выгадна ні Беларусі, ні Захаду”.

“Расея атрымала неабмежаваны ўплыў у гэтай краіне і, па сутнасьці, загнала беларускія ўлады ў кут. Лукашэнка тры гады вельмі пасьлядоўна рухаўся ў бок дэмакратычных пераўтварэньняў”, — адзначыў бізнэсмэн.

“Але ў ноч пасьля выбараў было перакрэсьлена ўсё, што рабілася тры гады. І я лічу, што гэта, безумоўна, пасьпяховая аперацыя расейскіх сьпецслужбаў, якія, выкарыстоўваючы сваю пятую калону ў Беларусі, змаглі перавярнуць сітуацыю”.

На яго думку, “ніякай спробы захопу дома ўраду не было“.

“Галоўнае, што трэба было зрабіць, — гэта выставіць ахову для кандыдатаў у прэзідэнты, якія прыйшлі на гэты мітынг. Сьпецслужбы Лукашэнкі павінны былі іх ахоўваць, а не біць па галаве. Гэта і была б перамога Лукашэнкі”, — сказаў расейскі алігарх.

Беразоўскі не сумняецца ў тым, што Аляксандра Лукашэнку “падставіла бліжэйшае атачэньне”.

“Я нават больш-менш уяўляю, хто гэта рабіў — яго ўласныя сьпецслужбы, якія давалі яму падманную інфармацыю пра падзеі, што адбываліся на плошчы 19 сьнежня. І гэтыя супрацоўнікі — безумоўна, супрацоўнікі адначасова расейскіх сьпецслужбаў. І ў першую чаргу размова ідзе пра старшыню КДБ Беларусі“, — заявіў бізнэсмэн.

Атрымаць каментарый у КДБ Беларусі на гэты конт БелаПАН пакуль не здолела” (канец тэксту).


2.

А цяпер больш поўная версія гэтага ж інтэвю (узята з http://www.segodnya.ua/interview/14215330.html). У яе ў асноўным улучаныя пытаньні, датычныя Беларусі (але ня толькі), а ў адказах на іх падкрэсьлена тое, што ня трапіла ў версію, пададзеную “Свабодай”.

– – –

Барыс Абрамавіч быў відавочна ва ўдары:

даў зьнішчальную характарыстыку практычна ўсім расейскім, украінскім і еўрапейскім палітыкам (акрамя, што характэрна, Аляксандра Лукашэнкі, што збольшага пацьвярджае чуткі аб іх шчыльных сувязях). Вядома, пры ўспрыманьні сказанага трэба ўлічваць палітычную пазіцыю Беразоўскага. Добра вядома, што ён з’яўляецца ворагам Уладзіміра Пуціна. І наўрад ці БАБа радуе той факт, што, нягледзячы на яго 10-гадовую барацьбу з крамлёўскім рэжымам, пазіцыі Пуціна ў Расеі па-ранейшаму трывалыя…


– Давайце пагаворым пра Ўкраіну: у які бок пойдзе краіна, улічваючы нашы няпростыя стасункі з Расіяй па газавых ды іншых пытаньнях і пагаршэньне дачыненьняў з Захадам? Нядаўна, калі вы чулі, Чэхія дала палітычны прытулак Данілішыну…

– У вас складаныя адносіны з Расеяй не з-за газу. Газ гэта другаснае. У вас складаныя стасункі з Расеяй таму, што Крэмль хоча, каб Украіна была васалам Расеі. Рычаг, які для гэтага выкарыстоўваецца – у дадзеным выпадку газ.

А што тычыцца стасункаў з Захадам – яны не маглі не пагоршыцца пасьля прыходу да ўлады Януковіча: ён абсалютна такі ж бандыт, як і Пуцін. Яны блізняты-браты. Але бандыты – яны ж не заўсёды могуць дамовіцца паміж сабой. Наадварот – яны заўсёды знаходзяцца паміж сабой у разборках.

Вядома, Януковіч не еўрапеец. Але ён разумее, што яму гэтую ролю гуляць неабходна, каб абараніцца ад Пуціна. І гэтая гульня можа доўжыцца доўга. Еўрапейскія палітыкі – скончаныя б*дзі. Але тое, што яны далі палітычны прытулак Данілішыну – гэта, вядома, сігнал. Яны па прастаце душы лічаць, што такія сігналы ў стане пераканаць у чымсьці Януковіча. Абсалютна атлусьцелы тупы Захад лічыць, што такімі дзеяньнямі ён прастымулюе Януковіча не руйнаваць тыя асновы дэмакратыі, якія былі закладзеныя Юшчанкам.

Мне здаецца, што Ўкраіна перажывае складаныя часы, тым больш з улікам палітычных рэпрэсій. Узяць хоць бы кампанію супраць Юліі Цімашэнкі, якая, я лічу, сама стварыла вось гэтую сітуацыю, у якой жыве Ўкраіна. Сваімі амбіцыямі быць каралевай, а зусім не клопатам аб украінскім народзе. Яна цяпер сама пажынае плады сваіх амбіцый. Але жыцьцё працягваецца. Я не лічу гэта трагедыяй. Украіна назаўсёды зьмяніла вектар разьвіцьця і будзе арыентавацца на Еўропу, а не на Расею. І ніякі Януковіч павярнуць Украіну назад ня зможа.


– У сьнежні вы нам казалі, што прыклалі шмат намаганьняў, каб не дапусьціць Януковіча да ўлады. Але вы тады ж сказалі, што вашыя горшыя прагнозы па Януковічы не апраўдаліся. Чаго вы чакалі і чым ён вас парадаваў?

– Я, можа быць, недаацаніў, наколькі зацьвердзіўся еўрапейскі вектар ва Ўкраіне. І тое, што Януковіч не кінуўся ў абдымкі Расеі – гэта добра. За ім стаяць магутныя фінансава-прамысловыя групы са сваімі інтарэсамі, далёкімі ад расійскіх. Яны хочуць быць легітымнымі на Захадзе, ня хочуць, каб іх уносілі ў чорныя сьпісы. І Януковіч сам ня хоча. Мае прагнозы па ім не апраўдаліся ў тым сэнсе, што я не чакаў, што яму важна езьдзіць па сьвеце, а ня жыць у ізаляцыі ў залатой клетцы.


– Пяройдзем да сітуацыі ў Расеі. Хто ў 2012 годзе пойдзе на выбары – Пуцін ці Мядзьведзеў. Вы як думаеце?

– Я ведаю адно. Не існуе ніякага дуумвірату. Не існуе ніякага чалавека Мядзьведзева: існуе таблічка з назвай «прэзідэнт Расійскай Федэрацыі Д. А. Мядзьведзеў». Існуе, на жаль, хворы чалавек – практычна расьліна, якая і ёсьць Мядзьведзеў Дзьмітрый Анатольевіч. Я вам адказна кажу: Мядзьведзеў – клінічна хворы. У яго карлікавая хвароба.

Што такое карлікавая хвароба? Гэта не пытаньне росту. Напрыклад, Пуцін таксама маленькага росту, але ён не хварэе карлікавай хваробай. Так, у хваробы ёсьць зьнешнія праявы – невысокі рост, непрапарцыйна вялікая галава, пукатыя вочы. Але гэта зьнешнія прыкметы. Але вельмі мала людзей задумваецца над тым, што карлікавая хвароба мае глыбокія псіхічныя наступствы. І Мядзьведзеў на гэтае ў поўнай меры хворы. Самая галоўная асаблівасьць карлікаў – яны не ідэнтыфікуюць сябе як асоба. Яны заўсёды знаходзяць кагосьці, хто імі кіруе.

Так што няма ніякай барацьбы паміж Мядзьведзевым і Пуціным – ёсьць гаспадар (Пуцін) і карлік (Мядзьведзеў), якога ён эксплуатуе.


– Гэта значыць, на выбары пойдзе менавіта Пуцін? Ці ўсё захаваецца, як сёньня?

– Ды ня ведаю я. Гэта ня важна, у якім крэсьле сядзіць Пуцін – прэзідэнцкім або прэм’ерскім. Усё роўна менавіта ён руліць Расеяй.


– Як вы ацэньваеце сітуацыю ў Беларусі пасьля выбараў? Ня думаеце, што Еўропа сваімі дзеяньнямі і заявамі супраць Лукашэнкі штурхае бацьку ў абдымкі Расеі?

– Тое, што адбылося ў Беларусі, безумоўна, выгадна Расеі. І катэгарычна не выгадна ні Беларусі, ні Захаду. Расея атрымала неабмежаваны ўплыў у гэтай краіне і, па сутнасьці, загнала беларускія ўлады ў кут. Я лічу, што беспарадкі пасьля выбараў – гэта сьпецаперацыя расейскіх сьпецслужбаў.

Вы ведаеце, што перад гэтым Лукашэнка тры гады вельмі пасьлядоўна рухаўся ў бок дэмакратычных пераўтварэньняў. Ажыцьцяўляў дэмакратычныя рэформы на беларускі лад. Акрамя таго, Лукашэнку атрымалася захаваць усё лепшае, што было зроблена ў гады савецкай улады – здаровае насельніцтва, дах над галавой ва ўсіх грамадзян. І працуюць прадпрыемствы – не ўсе эфектыўныя, але працуюць, і людзі не губляюць розум ад безвыходнасьці. У гэтым і заключаецца яго заслуга. Беларусь менш за ўсіх перажыла шок ад развалу СССР. Няма бандытаў, мафіі, няма паўсюднай фантастычнай карупцыі, якая разьядае ўсе краіны постсавецкай прасторы.

Але ў ноч пасьля выбараў было перакрэсьлена ўсё, што рабілася тры гады. І я лічу, што гэта, безумоўна, пасьпяховая аперацыя расейскіх сьпецслужбаў, якія, выкарыстоўваючы сваю пятую калону ў Беларусі, змаглі перавярнуць сітуацыю.


– А Лукашэнка мог зрабіць інакш? Не разганяць дэманстрантаў?

– Я лічу, што ніякай спробы захопу дома ўраду не было. Яшчэ раз кажу – гэта была сьпецаперацыя расейскіх сьпецслужбаў.

Галоўнае, што трэба было зрабіць – гэта выставіць ахову для кандыдатаў у прэзідэнты, якія прыйшлі на гэты мітынг. Сьпецслужбы Лукашэнкі павінны былі іх ахоўваць, а не біць па галаве. Гэта і была б перамога Лукашэнкі.

А што да Еўропы, то яна вядзе сябе зусім крывадушна. Усе гэтыя санкцыі супраць Лукашэнкі цалкам бессэнсоўныя, яны штурхаюць Беларусь у абдымкі расейскай бандыцкай улады.

Але Эўропа – асобнае пытаньне. Цяпер адбываецца інтэлектуальная дэградацыя палітычнай эліты Захаду. Яна працягваецца ўжо, як мінімум, 10 гадоў. Калі Буш прыняў рашэньне без санкцыі Рады бясьпекі ААН пайсьці ў Ірак. Ён разбурыў фундаментальныя асновы дэмакратыі. Гэта ўсё пачалося з Буша і працягваецца па сёньняшні дзень.

Самы галоўны вынік дзейнасьці пуцінскага рэжыму на сусьветнай арэне – гэта стварэньне татальнай сістэмы карупцыі на Захадзе. Вазьміце той жа «Норд Стрым» (газаправод “Паўночная плынь” па дне Балтыйскага мора. – Аўт.). Гэта бессэнсоўная, разбуральная для эканомікі Ўкраіны і Беларусі труба фантастычнага кошту, экалагічна небясьпечная, уразьлівая для тэрарыстаў – найярчэйшы прыклад карумпаванасьці Захаду. Ну, і, вядома, рашэньні па футболе: 2022 і 2018 гады ў Катары і ў Расіі. Гэта ж сьмех. Сёньня галоўная праблема – гэта нават не Расея. Гэта проста татальнае прастытуяваньне палітычнай эліты Захаду.


– У Лукашэнкі яшчэ ёсьць магчымасьць павярнуць сітуацыю? Або яму шлях у Еўропу назаўжды зачынены?

– Я ўпэўнены, што не бывае бязвыхадных сітуацый. Сітуацыю, у якой апынуўся Лукашэнка, можна павярнуць на 180 градусаў. І стварыць зусім новую палітычную рэальнасьць у Еўропе, дзе Беларусь будзе гуляць адну з самых ключавых роляў. Але вось як гэта рабіць – я цяпер казаць на гэтую тэму ня буду.


– А чаму Лукашэнка паверыў, што гэтая правакацыя менавіта Захаду?

– Я з Лукашэнкам ня маю зносінаў, таму я не магу сказаць, што Лукашэнка паверыў. Я бачыў розныя заявы МЗС Беларусі – там былі спасылкі і на правакацыі Расеі, і на правакацыі Захаду – таму я ня думаю, што Лукашэнка для сябе вырашыў, што гэта правакацыя з боку Захаду. Хаця, не сумняваюся, што і Захад, і Расія давалі грошы апазіцыянерам. Але ў мяне такое ўражаньне, што Лукашэнка сам не чакаў, што сьвет надасьць такое значэньне таму, што адбылося 19 сьнежня. Не сумняюся, што яго падставіла бліжэйшае атачэньне. Я нават больш-менш ўяўляю, хто гэта рабіў – яго ўласныя сьпецслужбы, якія давалі яму ілжывую інфармацыю пра падзеі, якія адбываліся на плошчы 19 сьнежня. І гэтыя супрацоўнікі – безумоўна, супрацоўнікі адначасова расейскіх сьпецслужбаў. І ў першую чаргу, гаворка ідзе аб старшыні КДБ Беларусі.


– Як вы ацэньваеце персьпектыву Лужкова?

– Шчыра – не магу сказаць, што мне Лужкова шкада. Ён заслужыў у поўнай меры тое, што зь ім адбываецца.

Але мяне хвалюе іншае: Лужкоў на працягу многіх гадоў быў расейскай суперэлітай – у першым шэрагу. І ён дэманструе такое самапрыніжэньне, выпрошваючы від на жыхарства ў Латвіі! Ну, чмо! Ну, так прыніжацца!

Ну, так, ён, вядома, Пуціну вылізаў усё, што можна было вылізаць. І сваю цацачную партыю, якая называлася «Айчына – уся Расея» кінуў да яго ног. Ну добра: гэта, вядома, усё прастытуцыя палітычная відавочная. Але вось так самаго сябе таптаць, на вачах усяго сьвету – прыніжацца, прасіць – спачатку візу ў Англію яму не далі, потым адмовілі ў відзе на жыхарства ў Латвіі, якую ён калісьці аплёўваў, распавядаў, якія яны фашысты, якія яны нацыяналісты. Гэта жудасна з пункту гледжаньня характарыстыкі ўсёй палітычнай эліты Расеі.


– А што яму трэба было рабіць?

Павесіцца. Або застрэліцца. Высакародныя людзі Расеі пускалі кулю ў скронь, калі ўставалі перад выбарам: адрачыся ад сябе ці сябе захаваць. Вось Юры Міхайлавіч павінен пусціць сабе кулю ў скронь.

Яму ўсё роўна ў пекле гарэць.


– Ня думаеце, што Лужкоў можа цяпер супрацьпаставіць сябе Пуціну і Мядзьведзеву як апазіцыянер?

– Ды які Лужкоў апазіцыянер? Як быў гандляр, так і застаўся. Вось і складзік прыкупіў у Латвіі і, напэўна, ведае, што будзе складаваць.

(канец цытаваньня інтэрвю)


3.

Ад рэдакцыі:

Цікавае, даволі адкрытае інтэрвю, ці ня так?

Але пяройдзем да справы.

Беразоўскі, вядома, сьлізкі чалавек – украінскім палітыкам ён раіць клапаціцца аб народзе, выказвае жаданьне, каб захавалася ўкраінская дэмакратыя, але ў дачыненьні да беларусаў выказвае ўсялякую падтрымку беларусаненавісьніку, садысту-дыктатару! Яшчэ і парады нейкія яму прыпас…

Але зь іншага боку, ён абсалютна дакладна, ды яшчэ ў некаторых асьпектах больш трапна, чым мы, апісвае сітуацыю на Захадзе – “еўрапейскія палітыкі – скончаныя б*дзі”, “абсалютна атлусьцелы тупы Захад”, “Еўропа крывадушная”, “інтэлектуальная дэградацыя палітычнай эліты Захаду”, “Буш разбурыў фундаментальныя асновы дэмакратыі”, “на Захадзе створана татальная сістэма карупцыі”. І  пад завязку: “Сёньня галоўная праблема – гэта нават не Расея. Гэта проста татальнае прастытуяваньне палітычнай эліты Захаду”.

Падвядзем вынікі:

Па-першае, толькі што адзначанае – гэта розьніца, якая адрозьнівае адно і тое ж інтэрвю ў двух СМІ.

Па-другое, дадзеная розьніца – гэта якраз тое, пра што ўсе апошнія гады сістэматычна кажам мы і некаторыя нашы чытачы (дарэчы, адзіныя ў Беларусі). Менавіта тупасьць, крывадушша і сапраўдныя соцыяпаразітныя мэты, якія хаваюцца пад “дапамогай Захаду ў барацьбе за дэмакратыю ў Беларусі”, зьяўляюцца адной з галоўных прычын таго, што беларуская дэмакратыя ўсё ніяк ня можа перамагчы (і ўжо 17 гадоў!) прымітыўную калгасную дыктатару.

Як бачыце, зь нядаўняга часу гэта ня толькі наша меркаваньне…

Па-трэцяе, гэтая розьніца выкрывае самую “свабодную” радыёстанцыю ў сьвеце, паказваючы пальцам на тое, што яна з усіх сілаў імкнецца схаваць – дарэчы, вельмі істотную для беларусаў Праўду імкнецца схаваць!

Вось вам і “свабода СМІ пры лібералізьме”…

Усяго лепшага, сябры.

Жыве Беларусь – наша зямля!


2 каментарыя

  1. Siarhiej кажа:

    “беларуская дэмакратыя ўсё ніяк ня можа перамагчы (і ўжо 17 гадоў!) прымітыўную калгасную дыктатару”

    “скончаныя б*дзі” напэўна чакаюць калі стан мазгоў беларусаў палепшыцца, а гэта павольны эвалюцыйны працэс звязаны з фізічнай смерцю саўкоў, хаця часта на замену прыходзіць генерацыя “запалоханых” і прыстасаванцаў да калгаснай дыктатуры. Але калі ў Лукі скончыцца “бабло”, праблема можа вырашыцца на працягу некалькіх месяцаў. Але і пасля Лукі могуць узнікнуць таксама вельмі складаныя праблемы.

  2. Margarita кажа:

    Сумна, але факт,тое што Захад заплюшчвае вочы на дзеяннi Крамля, таму што ЭЗ паглядае на Злучаныя Штаты, а Абама кiруецца свёй палiтыкай пераЗАгрузкi. Так званая зона уплыву нягласна прызнаная за Масквой, таму pасейская ўлада ўмела карыстаецца беспрынцыповасцю і цынізмам ўсёй цяперашняй сусветнай палітыкі.

Пакінуць каментар

  • Старонкі

  • Катэгорыі

  • Апошнія запісы

  • Архівы