nashaziamlia.org

Асьветна-адукацыйны, грамадазнаўчы сайт для беларусаў: аналіз, прагноз, сілы, інтарэсы, сьветагляды, ідэі, ідэалогіі, праграмы, мэты.

Запісы

Міхалевіч публічна адмовіўся ад далейшага супрацоўніцтва з лукашэнкаўскім КГБ

28 лютага, 2011 | 10 каментарыяў

Сёньня ў беларускім грамадска-палітычным жыцьці адбылася неардынарная падзея. Адзін з кандыдатаў у прэзідэнты Беларусі Аляксей Міхалевіч (які чамусьці любіць называць сябе Алесем і пра якога мы ўжо неаднаразова пісалі на нашым сайце) сабраў журналістаў розных апазіцыйных СМІ й аб’явіў, што ён разрывае дамову аб супрацоўніцтве з КДБ, якую нібыта вымушана падпісаў пад уплывам катаваньняў, калі знаходзіўся ў СІЗА (гл. http://www.svaboda.org/content/article/2323421.html; http://nn.by/?c=ar&i=51049).  У сувязі з неардынарнасьцю падзеі мы вырашылі часова зьмяніць нашы рэдакцыйныя планы, каб зафіксаваць яе яшчэ і на нашым сайце.

Рэдакцыя.


1.

Аляксей Міхалевіч, які тыдзень таму быў адпушчаны са сьледчага ізалятара КДБ на падпіску пра нявыезд і неразгалошваньне таямніцы сьледзтва, адну з таямніцаў “амэрыканкі” вырашыў зрабіць вядомай грамадзтву: КДБ катуе вязьняў!

“На сёньняшні дзень сьледчы ізалятар КДБ Рэспублікі Беларусь ператварыўся ў канцэнтрацыйны лягер. Тое, што там адбываецца, цалкам падпадае пад міжнародную канвэнцыю ў пытаньнях катаваньняў” – заявіў ён.

Катаваньнямі Аляксей Міхалевіч назваў фізычныя і маральныя зьдзекі зь вязьняў — так званыя “расьцяжкі” і выкручваньні рук у кайданках, вывад голымі на холад, доўгае стаяньне ля сьцяны амаль у шпагаце, прымусовае знаходжаньне ў памяшканьні са сьвежапафарбаванай падлогай з пахам ацэтону, абразы, пагрозы, маральны ціск.

Адразу пасьля арышту ад Міхалевіча запатрабавалі, каб ён выступіў па БТ з напісаным у КДБ тэкстам з асуджэньнем іншых кандыдатаў на прэзыдэнта. Калі ён адмовіўся, то трапіў пад зьдзекі й катаваньні, сьледчыя дзеяньні зь ягоным удзелам праводзіліся без адвакатаў, з парушэньнем законаў.

“Па выніках гэтага ціску мне быў прапанаваны адзіны варыянт, пры якім я магу вызваліцца і выйсьці пад падпіску пра нявыезд. Гэтым варыянтам было падпісаньне дамовы пра супрацоўніцтва з КДБ, а менавіта, што я павінен быў стаць агентам КДБ. Не пад узьдзеяньнем катаваньняў, а для таго, каб заявіць пра ўсе тыя злачынствы, якія там творацца, я пайшоў на гэты крок. Я падпісаў дакумэнт аб тым, што станаўлюся таемным супрацоўнікам КДБ. Але я хачу сказаць, што я ніколі ня быў і ня буду агентам КДБ. Прашу ўспрымаць маю сёньняшнюю заяву як публічную адмову ад супрацоўніцтва. Прашу лічыць тую паперу несапраўднай і такой, якая ня мае ніякай сілы”.

Міхалевіч зазначыў, што сьледчыя, якія вядуць яго справу, у катаваньнях удзелу не прымалі, але і ніяк не рэагавалі на ягоныя паведамленьні пра зьдзекі.

Ён зазначыў, што поштай падаў заяву пра катаваньні ў КДБ у Генэральную пракуратуру Беларусі й упаўнаважанаму ААН па катаваньнях.

КДБ хоча фізычна і маральна зламаць палітвязьняў – перакананы Міхалевіч – і таму КДБ адмыслова не дапускае да іх адвакатаў, каб схаваць гэтыя катаваньні.

“Я як грамадзянін павінен зрабіць усё магчымае, каб гэтыя катаваньні спыніліся і каб канцэнтрацыйны лягер у цэнтры Менску спыніў існаваньне”.

Спадар Аляксей не выключае, што сёньняшняя заява будзе яму дорага каштаваць: “Ужо сёньня я магу апынуцца зноў у сьледчым ізалятары. Я ўпэўнены, што мой абавязак як грамадзяніна — распавесьці пра тыя ўсе злачынствы, якія робяцца ў сьледчым ізалятары. Таму я спакойна стаўлюся да таго, што магу зноў туды трапіць, і разумею, што ўмовы будуць нашмат горшыя, разумею, што мне будуць помсьціць”.

Міхалевіч выказаў упэўненасьць, што іншым палітвязьням таксама прапаноўвалі падпісаць дамовы аб супрацоўніцтве з КДБ, і заклікаў іх распавесьці пра гэта і тым самым паламаць сцэнар уладаў. Ён заявіў, што застаецца законапаслухмяным і не зьбіраецца пакідаць Беларусь да канца сьледзтва. Ён ня лічыць сябе ні ў чым вінаватым.

Аляксей Міхалевіч распавёў, што ў камэры зь ім не было іншых палітвязьняў, але ён чуў, як катуюць у суседніх камэрах. Распавёў і пра сваё часовае знаходжаньне ў СІЗА на Валадарцы — у самай горшай камэры, дзе на 15 чалавек было 8 спальных месцаў і дзе таксама зьдзекаваліся зь вязьняў.


2.

Падаем тэкст заявы Аляксея Міхалевіча.


Нягледзячы на тое, што я, Алесь Міхалевіч, экс-кандыдат у Прэзідэнты Рэспублікі Беларусь, зьвязаны падпіскай аб неразгалошваньні таямніцы сьледства, я лічу, што мушу распавесьці пра тое, што адбываецца з затрыманымі вязьняміі ў СІЗА КДБ; Галоўная «таямніца сьледства» — гэта метады, якія ўжываюцца для таго, каб змусіць людзей падпісаць вымаганыя ад іх паказаньні і дэкларацыі. Я лічу, што супрацьзаконныя дзеяньні, якія парушаюць ня толькі беларускае заканадаўства, але і міжнародныя дамовы, такія як Міжнародная канвенцыя супраць катаваньняў, нельга прыкрываць «таямніцай следства».

Як вам вядома, я быў адным зь сямі кандыдатаў, затрыманых сьпецслужбамі пасьля падзеяў 19 сьнежня, і адным з некалькіх дзясяткаў дэмакратычных актывістаў, якія патрапілі пад утрыманьне пад вартай у СІЗА КДБ.

Я адмовіўся зачытаць для ТБ заяву асуджэньня іншых кандыдатаў.

Выклікі да супрацоўнікаў КДБ пачаліся зь першых гадзін затрыманьня, вяліся без адваката, пратакола, з парушэньнем усіх працэсуальных нормаў. Прыблізна з 26 сьнежня, у адносінах да мяне пачалі прымяняцца дзеяньні, якія зьяўляюцца катаваньнем.

Пры выхадзе з СІЗА КДБ у мяне канфіскавалі дзёньнік, які я там вёў штодня, але тое, што адбылося, немагчыма сьцерці з памяці. Асобныя факты пералічаныя ў дакуманце ніжэй.

Па ўрыўках фразаў, пачутых з-за дзьвярэй, я зразумеў, што падобныя дзеяньні прарабляюць і зь іншымі актывістамі, якія адмаўляюцца даваць вымаганыя ад іх паказанні; Адвакатаў не дапускаюць толькі таму, каб зьняволеныя не маглі паведаміць пра факты катаваньняў. Я непакоюся пра лёс усіх вязняў, асабліва тых, якія ня мелі сустрэчаў з адвакатамі з канца мінулага году. Я разумеў, што тое, што з намі робяць, скіравана на ламаньне апазіцыйных лідараў. Для мяне выбар быў паміж двума варыянтамі: альбо застацца пад вартай да суду, альбо зрабіць выгляд, што я згодны выконваць патрабаваньні супрацоўнікаў КДБ.

Умовай майго вызвалення стала падпісанне дамовы аб супрацоўніцтве.

Я свядома пайшоў на гэты крок, і гэта было прадыктавана ня ціскам і катаваньнем, але жаданьнем данесьці інфармацыю пра тое, што адбываецца са зьняволенымі.

Я адкрыта заяўляю, што ніколі ня быў і ня буду агентам Камітэта дзяржаўнай бясьпекі!

Сваёй публічнай заявай я здымаю зь сябе абавязак, які быў пазначаны ў паперы.

Я разумею, што ўжо да канца гэтага дня я магу патрапіць назад у СІЗА, і што стаўленьне да мяне на гэты раз будзе непамерна больш жорсткім. Але я хачу зрабіць усё магчымае, каб выратаваць тых, хто яшчэ застаецца за кратамі, каб аблегчыць лёс гэтых людзей, каб спыніць катаваньні. Я хачу, каб у іх была магчымасьць выйсьці на свабоду не зламанымі, не стаўшы на шлях супрацоўніцтва, а перадусім проста жывымі.

У сваім выступе я адмыслова не раскрываю імёнаў супрацоўнікаў й іншых акалічнасьцяў сьледства; Але ўсе незаконныя дзеяньні ў адносінах да мяне, разам з указаньнем канкрэтных фактаў, я выклаў у заяве, якую накіроўваю ў Пракуратуру, а таксама ў форме, якая будзе накіравана сьпецдакладчыку ААН па праблеме катаваньняў.

Лічу, што пракуратура мусіць правесьці праверку і спыніць зьверствы.

Разам з тым, я зрабіў падрабязнае апісаньне ўсяго, што са мной адбывалася, і накіраваў на захаваньне ў надзейнае месца. Гэтыя сьведчаньні зьявяцца ў публічнай прасторы, у выпадку калі мяне зноў затрымаюць і зьмесцяць пад варту.

Я зраблю ўсё магчымае, каб зьнік канцлагер у цэнтры Мінску.

Спосабы здзекаў. «Амерыканка»

1. 10 студзеня «ахоўнікі ахоўнікаў» — людзі ў чорных масках без апазнавальных знакаў –  вывалаклі з камеры, сілай пачапілі кайданкі ззаду, паднялі іх так, каб апусьціць тварам да бетоннай падлогі. Спусьцілі па вінтавой лесьвіцы ў падвальнае памяшканьне. Сказалі, выварочваючы рукі за сьпіной максімальна высока ўверх, пакуль не пачалі хрусцець суставы, што я павінен выконваць усё, што ад мяне патрабуюць.

Трымалі рукі падвешанымі за кайданкі доўга і падымалі вышэй і вышэй, пакуль не сказаў, што буду выконваць усё. Супрацоўнікаў ізалятара пры гэтым не было нават на калідорах.

2. Сістэматычна — па 5–6 разоў на суткі — выводзілі «на обыск» — на асабісты дагляд. Падчас гэтага ставілі голымі «на расьцяжку», падсякаючы ногі амаль да поўнага шпагата. Калі падсякалі ногі, адчувалася, як ірвуцца зьвязкі. Ставілі голымі на адегласьці каля метра ад сьцяны, прымушаючы абаперці рукі на сьцяну, у памяшканьні, дзе тэмпература не перавышала 10 градусаў. Трымалі так па 40 хвілін, пакуль не ацякалі рукі. Некалькі разоў патрабавалі, каб рукі клаў на сьцяну далонямі навонкі і так стаяў.

3. Падчас так званага асабістага дагляду ўсіх выганялі ў халоднае памяшканьне распранутымі дагала і прымушалі выконваць рэзкія прысяданьні па некалькі дзясяткаў разоў. Вязьням са слабейшым здароўем падчас гэтага рабілася кепска, але людзей у масках гэта не спыняла.

4. На ноч не выключалі дзённае святло, патрабавалі класьціся тварам пад лямпу, забаранялі накрываць твар хусткай, «чтоб відеть ліцо». У выніку пачаў псавацца зрок. Загадвалі спаць, павярнуўшыся тварам да «вочка» ў дзьвярах, за гэтым сачылі бесперапынна — калі ты паварочваўся ў сьне, заходзілі і будзілі, прымушаючы легчы, як загадана. Фактычна гэта вылівалася ў катаваньне адсутнасьцю сну.

5. Фарбавалі падлогу ў камеры фарбай на ацэтоне, і патрабавалі знаходзіцца ў памяшканьні, якое фактычна не праветрывалася, да поўнага высыханьня фарбы. Такое ўздзеяньне доўжылася болей за сорак гадзінаў запар.

6. У саміх камерах тэмпература не перавышала 10 градусаў, ацяпленьня практычна не было. На сьцяне была чорная плесьня, якая разрасталася, калі зачынялі фортку.

Паведамілі, што мая камера павінна хадзіць да доктара толькі па чацьвяргах (замест прапісанай у правілах магчымасьці наведваць па запатрабаваньні). Падчас вымярэньня ціску доктар забараняў вязню глядзець на апарат, каб той, каму мераюць ціск, не бачыў паказаньні. Запісваў гісторыю хваробы ў журнал, зачыняючы яго паперкай. Выганялі на прагулку ў мароз усіх, нават тых, хто запісаўся да доктара, не кажучы пра тых, у каго не было цёплых рэчаў.

Не пускалі адваката, хаця вольныя памяшканьні заўсёды былі — мы бачылі пустыя кабінеты па дарозе на ўласныя допыты. (Ніхто з нас не атрымаў магчымасьці сустрэцца з адвакатам сам-насам. Гэта было зроблена адмыслова, каб пазбавіць магчымасьці распавесьці пра катаваньні).

3 камер забралі «Правілы ўнутранага распарадку», бо адміністрацыя парушала гэты дакумент у дзясятках пунктах. «Людзі ў масках» папярэдзілі, што ў выпадку скаргаў ізноў «падвесяць за кайданкі» У перыяд актыўнага ціску мяне выводзілі на так званы вобшук па 8 разоў за дзень.

Грамадзянін Афганістана, які сядзеў у адной камеры са мной і меў досьвед знаходжання ў палоне ў талібаў, сказаў, што там няма такой мадэрнізацыі (паказваючы на пасцель і нары), але абыходзяцца з людзьмі там нашмат лепш.

«Валадарка», куды мяне перавялі для таго, каб спужаць (так сказалі ахоўнікі ў масках у «амерыканцы»).

У пракуранай камеры на 8 спальных месцаў 15 чалавек. Спалі па чарзе. Калі змена спаць выпадала ўдзень, то даводзілася выбіраць паміж сном і прагулкай. Падчас вобшуку выводзілі на гадзіну ўсіх 15 чалавек у карцэр плошчай 5 квадратаў, дзе некаторыя гублялі прытомнасьць. 3 маім з’яўленьнем такія вобшукі пачалі праводзіць кожны дзень, каб настроіць камеру супраць мяне.

(канец заявы)


3.

Трэба адзначыць, што два іншых кандыдаты ў прэзідэнты, якія былі выпушчаны раней за Міхалевіча – Рымашэўскі й Кастусёў – заявілі, што супраць іх катаваньні не выкарыстоўваліся, і што яны ніякіх падпісак аб супрацоўцтве з КГБ не давалі (гл. http://nn.by/?c=ar&i=51054; http://www.svaboda.org/content/article/2323359.html)…

Цікава было б даведацца і меркаваньне на гэты конт такіх асоб, як Дзьмітрыеў і Кобец


Але ў цэлым, што тут сказаць: Падзеі цікавыя. Рэдакцыя будзе сачыць за іх далейшым разьвіцьцём.


10 каментарыяў

  1. Franciszak кажа:

    Паважаная рэдакцыя, а тут няма чаго і казаць. Трэба чалавеку неяк зарабляць палітычныя дэвідэнды.
    Перш за ўсё засьвеціцца ў ААН, стаўшы “велікамучанікам”, заўважце, не дзеля сябе, а дзеля іншых зняволеных. Самае страшнае тое, што каб загнаць нас у маскальскую пастку, будуць выкарыстоўвацца ўсе магчымыя метады, а матэрыялаў, надрукаваных на Вашым сайце, проста баяцца. “Хвалёнаму” Захаду не патрэбна праўда пра этнацыд беларусаў, ім , “абаронцам” дэмакратыі, куды бліжэй мафійны рэжым Масквы. Палітычныя маргіналы добрая страшылка для недасьведчаных звычайных рабацяг сваіх краін, каб у створаных імі хаўрусах з нашымі хрыстапрадаўцамі рабіць ні кепскі фінансавы інтарэс. Сведчаннем таму могуць быць адносіны да людзей,якія сапраўды стаяць у абароне інтарэсаў Беларусі.
    Іх, нават калі калі адкрыта не перасьледуюць, то і нічога літэральна не робяць каб неяк дапамагчы, а наадварот, пры каждай магчымасьці, як гаворыцца, псуюць кроў.

  2. Мікола кажа:

    Пакуль існуе гэтая лёкайска-карніцкая сыстэма ніводзін беларус ня можа пачуваць сябе ў небяспецы. Ня думаю, што сьведчаньне А. Міхалевіча аб катаваньнях першае і апошняе. Спадзяюся на тое, што моцных, сапраўдных лідараў перанесеныя імі цяжкія выпрабаваньні загартуюць і накіруюць да аб’яднаньня на плятформе жыцьцёва-істотных інтарэсаў літвінаў (беларусаў).

  3. Siarhiej кажа:

    Лічу ўчынак Міхалевіча мужным і слушным.
    Але звярніце ўвагу, што ўсе абмяркоўваюць разбітыя шыбы, замест абмеркавання крадзяжу галасоў выбарцаў (арт.192 Крымінальнага кодэксу). То бок, падзеі асвятляюцца па сцэнару Лукі. Гэтым праваабаронцам трэба было б арганізаваць збор фактаў і сведчанняў і наладзіць слуханні па факту крадзяжу. Палова галасоў за Луку украдзена ў іншых кандыдатаў.

  4. Ці катавалі Міхалевіча? Думаю што катавалі. Як палітык асабіста мне Міхалевіч не падабаецца, бо гэта не наш чалавек. Ён лібераст. А для мяне, як чалавека з простага народа, жабрака і без падтрымкі нейкіх высокіх кругоў, лібералізм аблягчэння не нясе. А вось не верыць, што сп. Міхалевіча катавалі, у мяне падставаў няма. А наадварот, толькі умацоўваецца думка, што катаванні ёсць і гэтаму патрэбна пакласці канец. Успомніце, як адносяцца амапаўцы, міліцыя да затрыманых, як ламаюць косці, разбіваюць голавы і г.д. У мяне ужо даўно такое уражанне, што гэта дзейнічае гестапа. Дык гестапа – гэта чужынцы, якія прыйшлі на нашу зямлю і якія праводзілі палітыку фізічнага знішчэння “непаўнавартасных” народаў. Такая была ідэалогія заваёўнікаў. А тут якая ідэалогія? Хто і каго тут знішчаюць? Гэта што грамадзянская вайна? Па ўсім прыкметам так. Беларусы знішчаюць беларусаў. Міхалевіч зрабіў вельмі правільны крок. Сёння ААН звяртае увагу на жыццё ў Беларусі і мы павінны не згубіць шанс: дамагціся разгледжвання пытаньня катаванняў ў Беларусі. Патрэбна сабраць і перадаць сведчанні тых, хто падвяргаўся такім катаванням, ў камітэт ААН па катаваньням. Гэта будзе моцны удар супраць прымянення катаваньняў. Мы, народ, маем права навесці нармалёвае жыццё ў краіне і пакласці канец клану Лу-нак. Гестапаўцы Віці Лу-кі не маюць права на існаванне, бо гэта дзеянні скірованыя супраць чалавека.

  5. Яўген Мурашка кажа:

    Што у Беларусі выкарыстоўваліся катаваньні, вядома даўно.
    Яшчэ у пачатку 90-х, затрыманных, у міліцыі катавалі, а потым, каб схаваць сляды зьдзекаў, давалі па дзесяць сутак, каб прыкметы катаваньняў сышлі.
    Таму тут нічога новага няма.
    Я аб іншым.
    У тым , што сёньня адных судзяць іншых будуць потым, вінаваты “лідары” так званнай апазыцыі. Сеньня есьць маральнае права аб гэтым казаць і рабіць нейкія высновы.
    У свой час я заклікаў адмовіцца ад усялякай Плошчы, бо дзеля чаго зьбіраць людзей?
    Для абароны правоў беларускай нацыі ці для справаздачы перад тымі хто фінансаваў гэты выбарчы фарс? А што былі грошы і ня малыя, я ведаю дакладна, Самым шчодрым, пры зборы подпісаў, быў Някляеў, нездарма да яго пабеглі чальцы іншых партый.
    Мая кропка гледжаньня, што на вуліцу трэба выходзіць толькі адзін раз – каб узяць уладу і плошчай павінна стаць уся Беларусь. Усё іншае прафанацыя і здрада.
    У выніку самі сталі ахвярамі і іншых падставілі.
    Спадарства!
    Вы можа мяркуеце, што яны зрабілі нейкія высновы з гэтых падзей, як бы не так.
    Як толькі пачулі пах новых грошай, у момант стварылі нейкі нацыянальны каардынацыйны камітэт (колькі іх ужо было? – Я.М) дзе у іхняй “праграме” закладзены такі пункт -“падрыхтоўка да парляментцкіх выбароў”.
    Створаны нейкі “беларускі рух” Відаць дзеля таго каб заблытаць грамадства, бо ужо некалькі гадоў існуе АК Беларускага Дэмакратычнага Руху, і не ведаць аб гэтым яны не могуць, бо я некалькі разоў, зьвяртаў іх увагу на гэты факт
    Зноў Свабода “падымае на шчыт” абаронцу рэжыму і калябаранта Мілінкевіча, зноў яго клічуць у Эўропу. Зноў Свабода дае месца на сваіх старонках слова здрадніку Я.Раманчуку, Міжнароднаму аферысту (беларускаму “лорду Бэлу”) Дзімітрыеву.
    Затое не друкуе нават нашы крытычныя заўвагі. Не дае шанцу распавясьці грамадству аб Беларускім Дэмакратычным Рухе, яго праграме, у якой закладзены прынцыпы пабудовы прынцыпова новай Беларусі. І які заклікае кансалідавацца вакол беларускай нацыянальнай ідэі.
    Усе “лідары” павінны сыйсьці з шляху, на якім ляжаць як бярвеньні і перашкаджаюць Грамадства павінна усьвядоміць, што толькі змаганьне за актуяльныя інтарэсы беларускай нацыі прывядзе да перамогі над рэжымам і забясьпечыць нашу незалежнасьць, як з Усходу, так і з Захаду.
    Надзея на тое, што за кратамі яны перагледзяць сваі пазіцыі малаверагодныя, бо для іх галоўным з’яўляецца імкненьні да асабістай улады (дзеля улады) і магчымасьць атрымаць статус “вязьняў сумленьня” а праз гэта і неблагія дэвідэнты.
    Што да мяне, дык я б назваў іх людзьмі “без сумленьня”, бо для іх людзі, як і для Лукашэнкі, толькі “лектарат” і інстумент дзеля дасягненьня асабістых мэт

  6. Яўген Мурашка кажа:

    Санкцыі у дзеяньні

    02.03.2011 17:40
    Радыё Свабода
    Намесьнік міністра замежных спраў Беларусі Валерый Варанецкі 3 сакавіка ў Браціславе возьме ўдзел у сустрэчы міністраў замежных спраў краін-удзельніц Вышаградзкай групы, «Усходняга партнэрства» і Нямеччыны. Пра гэта паведамілі ў прэс-службе беларускага МЗС.

    «На сустрэчы будуць разгледжаны стан і пэрспэктывы разьвіцьця ініцыятывы Эўразьвязу „Ўсходняе партнэрства“, пытаньні аптымізацыі Эўрапейскай палітыкі суседзтва, а таксама падрыхтоўкі да другога саміту „Ўсходняга партнэрства“ ў 2011 годзе», — адзначылі ў зьнешнепалітычным ведамстве.

    Лідэр руху «За свабоду» Аляксандар Мілінкевіч таксама возьме ўдзел у сустрэчы міністраў замежных спраў краін Вышаградзкай групы — Польшчы, Славаччыны, Чэхіі і Вугоршчыны.

    І на гэтым фоне

    Паводле Свабоды
    Толькі што прагучаў вырак у Фрунзенскім судзе:
    Атрошчанкаву – 4 гады калоніі узмоцненнага рэжыму, хаця яго віна не даказана
    Новіку – 3,5 гады такога ж рэжыму, негледзячы на трое што у яго “яўка з павіннай”
    Малчанаву – 3 гады, таксама прызнаў сябе вінаватым
    Затое Мілінкевіч увесь у “шакаладзе”

  7. Siarhiej кажа:

    Яўген Мурашка піша: “на вуліцу трэба выходзіць толькі адзін раз – каб узяць уладу”

    Наіўна. Наадварот, трэба трэніравацца. Мая павага тым хто прымае ўдзел у гэтых “трэніроўках”, але згодзен што трэба лепшая арганізацыя і амуніцыя.

  8. Яўген Мурашка кажа:

    Siarhiej піша
    “…Наіўна. Наадварот, трэба трэніравацца…”
    Спадар, ці не занадта вялікі кошт для такіх “трэніровак”?
    З павагай.

  9. Яўген Мурашка кажа:

    Суайчыньнікі!.
    На мой погляд зьмены у Беларусі, адбудуцца толькі у тым выпадку, калі кожны з вас задасьць сабе пытаньні, параноўвая сваё жыцьцё, з жыцьцём Лукашэнкі і яго сям’і. Ці з умовамі жыцьця любога чыноўніка з вертыкалі..
    І палітычныя погляды, тут не пры чым
    Напрыклад, з Віктарам ці з Зьміцерам Лукашэнкамі, ці з тымі ж дзецьмі таго ж чынавецтва.
    – Яны – маладыя і ты – малады
    – Яны – беларусы і ты – беларус, але ты не гаспадар на сваёй зямлі
    – Іх імя – Віктар, Зьміцер і тваё таксама (але справа не у прозьвішчы)
    – Яны – праваслаўныя і ты – праваслаўны (але і гэта не істотна)
    – Яны – купаюцца у роскашы ( гульнёвы бізнас – казіно , латарэя і інш.), а ты – каб зарабіць грошы, працуеш па паўтары, дзьве зьмены, рызыкуеш сваім здароўем і жыцьцём у Расеі, Афрыцы, ці мала дзе, ідзеш па кантракту у АМАП, ці на вайну, куды заўгодна, абы плацілі. Хутка , з замежжа, прыдзе новы гаспадар і ты будзеш мыць яму боты і есьці рэшткі з яго стала.
    – Яны – пры уладзе, ты – без права голасу – ты раб. І гэта у 21-м стагодзьдзі і у той краіне, адкуль пайшла цывілізацыя у сьвет.
    Беларус (ліцьвін) задай сабе гэтыя пытаньні. І можа пойдзеш шукаць адказы на гэтыя пытаньні, толькі, канешне не па закліку, усялякіх прайдзісьветаў ад палітыкі (Мілінкевічаў, Санікавых, Някляевых, Кастусевых і іншых раманчукоў), а па асабістаму перакананьню, што так жыць далей – немагчыма.
    Яўген Мурашка
    2.03.11г.

  10. moon кажа:

    “Падзеі цікавыя. Рэдакцыя будзе сачыць за іх далейшым разьвіцьцём”.
    …. І вось такі час настаў! Падзеі зашкальваюць…

Пакінуць каментар

  • Старонкі

  • Катэгорыі

  • Апошнія запісы

  • Архівы