nashaziamlia.org

Асьветна-адукацыйны, грамадазнаўчы сайт для беларусаў: аналіз, прагноз, сілы, інтарэсы, сьветагляды, ідэі, ідэалогіі, праграмы, мэты.

Запісы

“Заходнікі” пішчом лезуць дапамагаць Лукашэнку і яго цяперцам утрымацца ва ўладзе. Перад імі зачынілі дзьверы, яны – у вокны…

6 лістапада, 2011 | Няма каментараў

Рэдакцыя.

Мы ўжо, была, думалі, што на доўгі час зачынілі тэму аказаньня “Захадам” істотнай падтрымкі прарасейскаму антынароднаму рэжыму ў Беларусі (гл. папярэдні матэрыял). З-за падзей, якія разгарнуліся на нашай зямлі 19.12. 2010 г. і пазьней, ужо абсалютна ўсім прыстойным людзям стала відавочным, што ў Беларусі няма легітымнай улады, затое буйна квітнее этнацыдна-генацыдная, расейска-імперская, усё больш жорсткая і таталітарная дыктатура. Здавалася, гэта азначае, што “добразычлівы Захад”, які, па словах сваіх шматлікіх прадстаўнікоў, “імкнецца спрыяць усталяваньню дэмакратыі ў Беларусі”, цяпер ужо аўтаматычна спыніць фінансавую падтрымку гэтай дыктатуры. Аргументы ж пра тое, што, маўляў, фінансаваньне “Захадам” цяперцаў “спрыяе лібералізацыі беларусафобскага рэжыму”, што Лукашэнка “вось-вось павернецца тварам на Захад”, адрынутыя канчаткова. Як бы ня так. Эх, якія мы яшчэ недасьведчаныя ў веданьні сілаў, якія вызначаюць сёньня глабальны гістарычны працэс… Спыніць фінансаваньне нелігітымнай дыктатары ў Беларусі паабяцала толькі Нямеччына (гл. папярэдні матэрыял) і некаторыя еўрапейскія банкі (гл. http://www.svaboda.org/content/article/24373231.html). Дый тое зроблена гэта было аж праз 10 месяцаў пасьля гістарычных сьнежаньскіх падзей 2010 г. і пасьля шматлікіх ультыматыўных зваротаў і пікетаў прадстаўнікоў беларускай дыяспары ў краінах Еўразьвязу (гл. перадпапярэдні матэрыял). Іншыя фінансавыя структуры “Захаду” па-ранейшаму гатовыя падтрымліваць этнацыдна-генацыдны рэжым у Беларусі мільярднымі валютнымі ін’екцыямі. Факт гэты настолькі ж ганебны, наколькі варты фіксацыі й аналізу. З фактаў і пачнем.



1.

Паведаленьне Ўладзімера Глода ад  03.11.2011 г.  “Ці дадуць аўстрыйцы грошы беларускай прамысловасьці?” (узята адсюль: http://www.svaboda.org/content/article/24380062.html)


Менскія аўтамабільны (МАЗ) і маторны заводы, а таксама Беларускі металургічны завод (БМЗ) спадзяюцца на інвестыцыі ад аўстрыйскіх банкаў.

“8—11 лістапада адбудзецца візіт у Беларусь дэлегацыі аўстрыйскіх дзелавых колаў. У склад дэлегацыі ўваходзяць і прадстаўнікі банкаўскага сектару, якія зацікаўленыя ў атрыманьні актуальнай інфармацыі пра бягучую сітуацыю на фінансавым рынку Беларусі. Яны плануюць абмеркаваць магчымасьці крэдытнага фінансаваньня, інвестыцыйных праектаў з удзелам аўстрыйскіх кампаній“, – паведаміў прэсавы сакратар Міністэрства замежных спраў Беларусі Андрэй Савіных на брыфінгу.

Сярод патэнцыйных партнэраў аўстрыйскіх фінансістаў Андрэй Савіных назваў МАЗ, БМЗ і маторны завод”.

(канец паведамленьня)



2.

Паведамленьне Валера Каліноўскага ад 17.10.2011 г. Крыс Джарвіс: МВФ не вылучае палітычных умоваў (гл. http://www.svaboda.org/content/article/24361804.html)


Падчас працы місіі МВФ у Беларусі абмяркоўвалася пытаньне пра фінансавую падтрымку з боку МВФ. Але перш чым пачаць перамовы, беларускі бок павінен прапанаваць праграму пераўтварэньняў у эканоміцы і пацьвердзіць дзеяньнямі свае намеры наконт жорсткай эканамічнай палітыкі. Пра гэта паведаміў журналістам у Менску кіраўнік місіі МВФ Крыс Джарвіс па выніках працы місіі.

“Перш чым пачаць перамовы па праграме, у якасьці першага кроку патрабуецца дэманстрацыя цьвёрдасьці намераў улады, у тым ліку на самым высокім узроўні, па забесьпячэньні стабільнасьці і правядзеньня рэформаў. А таксама спатрэбіцца пацьвердзіць гэтыя намеры сваімі дзеяньнямі”, – адзначыў Крыс Джарвіс.

Ён рэкамэндаваў ураду перш за ўсё зьніжаць інфляцыю, стрымліваць дзяржаўныя выдаткі, рост заробкаў, абмежаваць крэдытаваньне дзяржпраграмаў.

“Крайне неабходна скараціць інфляцыю, якая вядзе да паніжэньня жыцьцёвага ўзроўню насельніцтва і падмацоўвае дэвальвацыйныя чаканьні. Тая сітуацыя, якая назіралася дагэтуль, дазволіла скараціць дэфіцыт рахунку бягучых аперацый, што мы вітаем і лічым важным. Аднак гэтыя дасягненьні могуць быць страчаныя пад узьдзеяньнем высокай інфляцыі. Для дасягненьня зьнешняй устойлівасьці і ўнутранай стабільнасьці важна, каб урад і Нацбанк зрабілі цяпер дзеяньні па скарачэньні інфляцыі”.

На пытаньне, як паўплывае на новае крэдытаваньне наяўнасьць у Беларусі палітвязьняў, ён адказаў, што МВФ не выстаўляе палітычных умоваў, але мусіць узгадніць, ці падтрымаць праграму падтрымкі канкрэтнай краіны, з дырэктарамі ад розных краін-сябраў МВФ. Усяго іх 180.

Джарвіс пазітыўна ацаніў палітыку стрымліваньня крызісу, намер уладаў выйсьці на адзіны курс і выказаў упэўненасьць у платаздольнасьці Беларусі па зьнешніх пазыках. Ён сказаў, што МВФ будзе працягваць супрацоўніцтва і кантактаваць зь беларускім бокам, але калі ў Менск прыедзе новая місія, невядома. Памер жа магчымага крэдыту МВФ для Беларусі пакуль не абмяркоўваўся.

Рэальнай размовы пра крэдыт не было, яна пераносіцца на няпэўны тэрмін”.

(канец паведамленьня)



3.

Ад рэдакцыі:

Такім чынам, у чарговы раз (і ў які ўжо!) высьвятляецца, што нягледзячы на ўсё тое, пра што была гаворка ва ўступнай частцы данага матэрыялу, а таксама нягледзячы на самаўсьведамленьне, што сувязь з аўтарытарным рэжымам надзвычай кепска ўплывае на імідж тых, хто ў такой сувязі будзе заўважаны (http://www.svaboda.org/content/article/24373231.html), “заходнікі” і надалей зьбіраюцца ўкладаць гіганцкія грошы ў буйныя менскія заводы, каб не дапусьціць паўстаньня рабочых у беларускай сталіцы. “Заходнікі” праз МВФ і далей будуць выдаваць Лукашэнку мільярдныя сумы, “не выстаўляючы ніякіх палітычных умоў”, нягледзячы нават на прызнаньне рады міністраў Еўразьвязу, што “папярэднія крэдыты МВФ не далі нічога ў плане ўплыву на рэжым Лукашэнкі” (гл. http://www.svaboda.org/content/article/24312356.html).

Нястрымнае імкненьне з боку “Захаду” падтрымліваць беларусафобскі этнацыдны рэжым на чале з Лукашэнкам, які з дапамогай расейскай імперыякратыі апанаваў Беларусь, зьяўляецца настолькі моцным, што выдае літаральна арганічную сувязь паміж гэтым рэжымам і пэўнымі магутнымі заходнімі сіламі, якія дазваляюць сабе ў адкрытую ігнараваць элементарную прыстойнасьць у міжнародных дачыненьнях. Хцівае жаданьне захапіць уласнасьць беларускага народу, а таксама імкненьне  падтрымаць этнацыдна-генацыдны рэжым (хай сабе і нелегітымны), які, разбураючы ў беларускага народу пачуцьцё гаспадара на ўласнай зямлі, рыхтуе глебу пад будучы захоп уласнасьці чужынцамі, пераважваюць ў “заходнікаў” усялякія засьцярогі пра прыстойнасьць, справядлівасьць, шкоду іміджу і да т.п. Адначасна пры гэтым становіцца ўсё больш відавочным, што заявы пра “спрыяньне дэмакратыі ў Беларусі”, якія гучаць з боку “Захаду”, ня больш, чым пустыя словы – прапагандысцкі туман для лохаў, прызначаны схаваць злачынны характар памкненьняў і дзеяньняў “заходнікаў”.

Са свайго боку адзначым, што для сябраў рэдакцыі ўсё пададзенае вышэй не навіна. Мы ўжо некалькі гадоў таму вывелі на гэты конт адпаведныя дактрынальныя прынцыпы. У чарговы раз падымаем тэму толькі таму, каб ва ўсім адзначаным намі канчаткова пераканаліся іншыя зьмястоўныя беларускія дэмакраты, каб яны хутчэй пазбавіліся ад шкодных палітычных міфаў-ілюзій на карысьць усьведамленьня, што будучыня беларускага народу залежыць найперш ад уласнай арганізацыі яго найлепшых прадстаўнікоў (дарэчы, гэта таксама чарговы дактрынальны прынцып, даўно выведзены намі).

На фоне падтрымкі цяперцаў “заходнікамі” вельмі цынічна, нават вычварна цынічна выглядаюць ня толькі заявы з боку “Захаду” пра падтрымку дэмакратычных зьмен у Беларусі.  Ня менш крывадушным зьяўляецца пераважная падтрымка тых асоб і структур у апазіцыі, якія маюць мала дачыненьня да аб’ектыўных інтарэсаў беларускага народу на яго ўласнай зямлі. Падтрымліваюцца толькі тыя, хто ўжо зьяўляецца ці гатовы стаць у будучыні агентамі ліберастычнага ўплыву з боку “Захаду” ў Беларусі. Сапраўдныя беларускія дэмакраты – ігнаруюцца. Гаворым пра гэта, як непасрэдныя сьведкі й удзельнікі грамадска-палітычных падзей у Беларусі ў апошнія дзесяцігоддзі. Больш за тое, зьвяртаем увагу, што афіцыйная апазіцыя, выгадаваная “Захадам”, выконвае пры ўсім тым яшчэ адну задачу, пра якую не гавораць ня толькі афіцыйныя СМІ, а і ніякія апазіцыйныя. Афіцыйныя апазіцыянеры разам са служкамі рэжыму вельмі старанна імкнуцца не дапусьціць зьяўленьня на беларускай палітычнай эрэне сапраўднай дэмакратычнай апазіцыі – той, якая сапраўды магла б стаць ідэалагічнай і кадравай альтэрнатывай цяперашняга этнацыдна-генацыднага і патэнцыйнага ліберастычнага рэжыму на нашай беларускай зямлі.

Але найбольшае абурэньне выклікае меркаваньне “ліберальных заходнікаў”, якое перадаецца ў розных формах і па розных каналах (пераважна празь іх апазіцыйную агентуру ў Беларусі), што, маўляў, увесь беларускі народ у цэлым не гатовы да дэмакратыі, маўляў, ён ня цэніць каштоўнасьці свабоды, гатовы цярпець дыктатуру і не гатовы пратэставаць (гл. гэты кантэкст, напрыклад, тут: http://www.svaboda.org/content/article/24370970.html)…

На справе ж, як мы бачым, сітуацыю вобразна можна ўявіць як прад’яўленьне, напрыклад, вязьням нацысцкага канлагеру Бухенвальд у час Другой сусьветнай вайны прэтэнзіі, што яны – вязьні – самі вінаватыя, што ня могуць арганізаваць паўстаньне, перабіць нацысцкую адміністрацыю і ахову, каб выйсьці на свабоду. Пры гэтым такія прэтэнзіі падаюцца ва ўмовах, калі “Расея” і “Захад” ня толькі не падтрымліваюць паўстанцаў і ня толькі фінансуюць нацыстаў, а яшчэ і перадаюць апошнім даныя ўласнай выведкі пра магчымыя асяродкі супраціву сярод вязьняў…


Рэдакцыя “нашай зямлі” працягвае сачыць за разьвіцьцём падзей у Беларусі й сьвеце ў наш няпросты час.


Пакінуць каментар

  • Старонкі

  • Катэгорыі

  • Апошнія запісы

  • Архівы