nashaziamlia.org

Асьветна-адукацыйны, грамадазнаўчы сайт для беларусаў: аналіз, прагноз, сілы, інтарэсы, сьветагляды, ідэі, ідэалогіі, праграмы, мэты.

Запісы

Ці могуць дапамагчы дэмакратыі крывадушнікі, цынікі, здраднікі?

10 студзеня, 2012 | 3 каментарыя

Рэдакцыя.

Увесь мінулы 2011-й год у сеціве множыліся навіны, якія сьведчылі – заходнія прыўладныя (у асноўным “ліберальныя”) цынікі ды крывадушнікі літаральна на рэгулярнай аснове здавалі інтарэсы дэмакратычных нацый. Прыводзім ніжэй шэраг сьведчаньняў пра гэта. Факты, як кажуць, рэч упартая… (матэрыял ілюструюць фота Бэла, Карымава, Барозу і Асанджа, які ад усіх іх адмяжоўваецца).


Так, кіраўнік Цэнтру польска-расейскага дыялогу і згоды Славамір Дэбскі распавёў у інтэрвю летувіскім СМІ: “У Расеі добра ўсім вядомае імперскае мінулае, імперская традыцыя. І ў многіх людзей у гэтай краіне імперскі склад думкі. Але Расея больш не зьяўляецца імперыяй. Гэта – перыферыйная сіла, якая не мае моцнага ўплыву на працэсы прыняцьця рашэньняў у Еўропе … Для імперскіх сіл больш няма месца ў сучасным сьвеце ” (гл. http://forum.meta.ua/topic/p/5910255.html).


Сьпецыялісты вядомага і ў Беларусі брытанскага PR-агенцтва Bell Pottinger Group, якім кіруе лорд Тымаці Бэл, літаральна адкрыта хваляцца, што ў іх ёсьць магчымасьці лабіяваць інтарэсы і адмываць рэпутацыю сваіх кліентаў – такіх, напрыклад, як Лу-ка – на самым высокім узроўні, уключна з прэм’ер-міністрам Вялікабрытаніі Дэйвідам Кэмэранам і міністрам замежных справаў Ўільямам Хэйгам (гл. http://www.svaboda.org/content/article/24413279.html).


Амерыканскі інтэрнэт-партал Front Page Magazine правёў сеткавы сімпозіўм, прысьвечаны Расеі. Найбольш цікавым быў выступ на сімпозіўме Прэабражэнскага. Ён, у прыватнасьці, сказаў: «Як я бачу будучыню рускага руху за правы чалавека? Я бачу яго пад кантролем ФСБ. Таму што зараз ФСБ адзіная палітычная арганізацыя ў Расеі і яна нікому не аддасьць уладу. І, што вельмі забаўна, няма нікога, хто б мог яе ўзяць. Руская апазіцыя слабая і дэзарганізаваная … Ці можа зараз у Расеі зьявіцца новая Алена Бонэр? Не. Яе застрэляць, як Ганну Паліткоўскую і шматлікіх іншых сапраўдных дысідэнтаў, якія не падтрымлiваюцца ФСБ. І ёсьць яшчэ адна вялікая розьніца – цяперашняя Алена Бонэр ніколі не атрымала б падтрымкі ад Захаду» (гл. http://kavkazcenter.com/russ/content/2011/09/01/84814.shtml).


Партал Wikileaks абвінаваціў у несанкцыянаванай уцечцы сакрэтных матэрыялаў брытанскую газету Guardian – свайго асноўнага партнёра пры апублікаваньні тайнай перапіскі амерыканскіх дыпламатаў. Як сцьвярджае Wikileaks, па віне Guardian ў адкрыты доступ патрапілі больш за 250 тысяч неадрэдагаваных дыпламатычных тэлеграм, у сувязі з чым карумпаванае кіраўніцтва тых ці іншых краін можа пачаць рыхтавацца да таго, каб спыніць магчымую рэвалюцыю і рэформы … Амерыканскія афіцыйныя асобы таксама прызналі, што гэтая ўцечка можа мець сур’ёзныя наступствы для інфарматараў, актывістаўправаабаронцаў й іншых людзей, згаданых у дыпламатычнай перапісцы. «Усе існуючыя з нагоды такіх уцечак небясьпекі цяпер шматкроць ўзмацніліся ў сувязі з тым, што здабыткам галоснасьці сталі дакументы, якія зьмяшчаюць імёны асоб, чыё жыцьцё цяпер апынулася пад пагрозай з-за таго, што іх імёны сталі вядомыя», – сказаў афіцыйны прадстаўнік Пентагона. (гл. http://www.inosmi.ru/europe/20110901/174116441.html).


У артыкуле Яўгена Марозава, вядомага эксьперта па інфармацыйных тэхналогіях, апублікаванага ў The New York Times, распавядаецца пра тое, як рэпрэсіўныя рэжымы атрымліваюць сучасныя тэхналогіі для ўмацаваньня сваёй улады ад… заходніх кампаній. Так, Кадафі атрымліваў шпіёнскае абсталяваньне з Францыі, Паўднёвай Афрыкі й іншых краін. Аналагічнае абсталяваньне пастаўлялася ў Егіпет і Савудаўскую Арабію. На фоне ўзьнёслых аповедаў пра тое, як Facebook і Twitter разносілі свабоду па ўсім сьвеце, ня трэба забываць пра тое, як заходнія кампаніі дапамагалі здушыць гэтую свабоду. Так, змагары за правы чалавека ў Бахрэйне, якія былі арыштаваныя, а потым вызваленыя, распавядалі, што сьледчыя прад’яўлялі ім стэнаграмы іх смс-перапіскі. Перахоп рабіўся пры дапамозе абсталяваньня, набытага ў нямецкай кампаніі Siemens. Раней, калі ў Егіпце пратэстоўцы захапілі штаб-кватэру сакрэтнай службы Мубарака, высьветлілася, што ўлады выкарыстоўвалі тэхналогію, распрацаваную брытанскай кампаніяй, якая дазваляе перахопліваць размовы ў Skype. Амерыканскі ўрад, які гучней за ўсіх кажа пра свабоду Інтэрнэту, таксама мала што гаворыць пра сваю датычнасьць да гэтага. Так Дзярждэпартамент ўзнагародзіў за «грамадзянскую адказнасьць» карпарацыю Cisco , якая пастаўляла элементы для знакамітага кітайскага Файервола … Значная частка абсталяваньня для сачэньня пастаўлялася Мубараку з маўклівай згоды амерыканскіх уладаў. Колькі актывістаў пацерпяць цяпер ад заходніх тэхналогіяў і будуць давяраць заявам заходніх урадаў? (http://www.svaboda.org/content/article/24319836.html).


Партал Wikileaks апублікаваў новую вялікую падборку амерыканскіх дыпламатычных дэпешаў, значная частка зь іх тычыцца Беларусі. З апублікаваных тэлеграмаў, у прыватнасьці, вынікае, што ня толькі Еўразьвяз, але і ЗША ў 2009 годзе вялі інтэнсіўную працу па “нармалізацыі стасункаў” з афіцыйным Менскам (http://www.svaboda.org/content/article/24320172.html).


Экс-камандзір Вучэбнага цэнтру Сіл абароны Эстоніі, палкоўнік эстонскай арміі Урмас Роазімягі папярэдзіў, што … “Вайна – непазьбежны працэс, як і эканамічны крызіс, яна ўсё роўна наступіць. … Аднак ўзброеныя сілы Латвіі й Літвы знаходзяцца амаль на нулявым узроўні. … З НАТА адбываецца тое ж самае, што і з Еўрапейскім Саюзам, – прымаюцца добрыя паперы, але не вырашаецца пытаньне, хто і калі будзе іх выконваць. Бо толькі ў трох краін – ЗША, Вялікабрытаніі і ў Грэцыі – выдаткі на абарону знаходзяцца на патрабаваным узроўні. Грэкі не памяншаюць свае выдаткі на абарону нават у час эканамічнага крызісу, паколькі ў іх ёсьць праблемы з Турцыяй і Кіпрам ” (http://forum.meta.ua/forum/topic/p/5914400.html).


Аглядальнік Дэніэл Генінгер у Wall Street Journal скрытыкаваў адміністрацыю Барака Абамы за яе, на думку аўтара, памылковую зьнешнепалітычную стратэгію. “Мы назіраем ня толькі крах інтэрнацыяналізму. Мы назіраем правал усёй зьнешнепалітычнай эліты сучаснай Дэмакратычнай партыі. Барак Абама сабраў зьнешнепалітычную каманду інтэлектуалаў, якія на працягу многіх гадоў распрацоўвалі погляд на зьнешнюю палітыку. Паводле іх, мы жывем у “пост-амерыканскім” сьвеце, ў якім ЗША павінны адстойваць свае інтарэсы толькі разам зь іншымі дзяржавамі сьвету і ніяк не адзінаасобна. Паўстаньні супраць аўтакратый у 10 краінах Блізкага Ўсходу сталі рэальным тэстам гэтага падыходу. У Егіпце яны спатыкнуліся. У Лібіі яны проста праваліліся. Адзін зь лібійцаў запытаўся: “Колькі людзей павінна загінуць тут, каб міжнародная супольнасьць пачала дзейнічаць? Можа, нам пачаць забіваць сябе, каб дасягнуць неабходнай колькасьці?”. На Блізкім Усходзе ніхто ня робіць крокаў, ніхто не ідзе наперадзе, ўсе чакаюць крокаў Амерыкі. Адзін з лідараў лібійскіх паўстанцаў сказаў: “Рукі міжнароднай супольнасьці ў крыві”. Але паняцьце “міжнародная супольнасьць” ніколі не было нічым большым, чым акадэмічнай абстракцыяй” (http://www.svaboda.org/content/article/2341283.html ад 17.03.2011 г.).


У той час, як Еўразьвяз абмяркоўвае санкцыі адносна Аляксандра Лукашэнкі, лідэры Зьвязу прымаюць у Брусэлі іншага дыктатара – Іслама Карымава. Здаецца, Еўразьвяз павінен адстойваць уласныя дэкларацыі аб абароне свабоды слова і правоў чалавека ў краінах былога СССР. Аднак пакуль абсалютна супрацьлеглыя падыходы Еўразьвязу да аўтарытарных лідэраў Беларусі і Ўзьбекістана пакідаюць вялікія сумневы ў наяўнасьці ў Зьвязу нейкай стратэгіі.

Нагадаем: Рэжым Карымава вядомы сваёй шматгадовай рэпрэсіўнай практыкай супраць крытыкаў уладаў і палітычнага іншадумства. У адрозьненьне ад Беларусі, дзе незалежныя СМІ ўсё ж працягваюць існаваць, незалежны друк і апазіцыя ва Ўзьбекістане даведзеныя да мяжы зьнікненьня. Апагеем рэпрэсіўнай палітыкі Карымава сталі падзеі ў Андыжане ў 2005 годзе – жорсткі разгон урадавымі войскамі грамадзянскага пратэсту. Сотні людзей былі забітыя, калі ўзьбецкія сілы бясьпекі адкрылі агонь па пратэстантах. Узьбецкія ўлады выдалілі з краіны ўсіх замежных журналістаў, заблакавалі незалежныя навінавыя сайты і забаранілі мясцовым журналістам працаваць на замежныя медыі. Нічога не зьмянілася з 2005 году … Хаця ЕЗ увёў эканамічныя і палітычныя санкцыі, уключаючы забарону на выдачу візаў, супраць рэжыма Карымава пасьля падзеяў у Андыжане, у 2009 года гэтыя санкцыі былі скасаваныя. Рада Еўропы канстатавала… паляпшэньне стану правоў чалавека ў краіне. І сёньня Карымава прымаюць у Еўразьвязе. Без рашэньня праблемы жудаснага стану з правамі чалавека і свабодай слова ва Ўзьбекістане Еўразьвяз будзе дэманстраваць Лукашэнку, што і яму зыдуць з рук жорсткія рэпрэсіі. І калі гэта так, то мы ў хуткім часе ўбачым Лукашэнку ў Брусэлі і іншых еўрапейскіх сталіцах (http://www.svaboda.org/content/article/2286992.html).


Сілы сьпецыяльнага прызначэньня ЗША рыхтуюць падраздзяленьні, якія выконваюць пры цэнтральна-азіяцкіх дыктатарах ролю «прэтарыянскай гвардыі». Як вынікае з агучаных WikiLeaks дыпламатычных дэпеш – сілы сьпецыяльнага прызначэньня ЗША рыхтавалі ў Таджыкістане і Кыргызстане асабістую ахову мясцовых прэзідэнтаў-дыктатараў. Згодна з абнародаванымі Wikileaks дэпешамі, амерыканскія вайскоўцы нацэліліся таксама на правядзеньне курсаў навучаньня сьпецыяльных падраздзяленьняў Туркменістана. У 2007 годзе былі запланаваны вучэньні спецназу ЗША з казахскімі калегамі, але мерапрыемства было адменена па віне амерыканскага падраздзяленьня. Чыноўнікі Дзярждэпу ЗША і апарату міністра абароны не далі журналістам ніякіх каментароў. Фармальна заканадаўства ЗША забараняе аказаньне ваеннай дапамогі падраздзяленьням, якія датычныя да парушэньняў правоў чалавека. Аднак фармальнага закона, які б накладаў забарону на аказаньне дапамогі на той падставе, што дадзенае садзейнічаньне арыентавана на аказаньне дапамогі асобнаму «прэзідэнту», а не сістэме бясьпекі краіны ў цэлым, у ЗША няма. Гэтым І карыстаецца цяперашняя адміністрацыя ЗША (http://kavkazcenter.com/russ/content/2011/12/20/87570.shtml).


Ад рэдакцыі:

Думаем, пасьля азнаямленьня з гэтымі фактамі чарговая група тых, хто спадзяецца на “Захад”, будзе выратавана праўдай ад аблуды. А факты паказваюць: высокія палітычныя кабінеты “Захаду” перапоўнены людзьмі, якім абсалютна пляваць на тое, што мы завем сапраўднай беларускай дэмакратыяй. Гэта – цынікі, крывадушнікі, здраднікі. Яны і не за такую “дробязь” гатовыя прадаць любыя прынцыпы, абы атрымаць асабістую карысьць. Калі трэба, знойдуць пад гэта любыя аргументы…

У чарговы раз паўтараем: спадзявацца, спадары беларусы-літвіны, трэба на сябе, на ўласную самаарганізацыю і на інтэр-нацыянальнае супрацоўніцтва з такімі, як мы.

І ня толькі спадзявацца, але і хаця б тое-сёе рабіць.


3 каментарыя

  1. bhajravi кажа:

    цэ ўсё добра вядома. ніякай дэмакратыі на захадзе насамрэч няма. хоць і ё болей вольнасцяў і магчымасцяў за рб. а балем там правіць “залаты цялец”. і трэба быць наіўным дурнем, каб верыць у тое, што захад нам дапаможа..
    але пытанне такое: а дзе і ў якой краіне ёсць мудрыя кіраўнікі? паўсюль у палітыцы крывадушнасць і цынізм. тое і ў нас.
    дый ці вы думаеце беларусь нейкая богам адораная краіна, дзе да ўлады могуць прыйсці выяўнікі агульнародных інтарэсаў? ніхто зверху не будзе клапаціцца пра нацыю. тым больш у рб (дзе такіх людзей, калі не лукашысты знішчаць, дык маскалі, або той жа захад, якому не патрэбна ўмацаванне нашай эканомікі). калі толькі самі людзі знізу не пачнуць гуртавацца нічога не будзе..

    • Рэдакцыя кажа:

      Паважаны bhajravi.
      Вы, вядома, правы, калі пішаце, што “калі толькі самі людзі знізу не пачнуць гуртавацца, нічога ня будзе”. Але толькі на палову.
      Для таго, каб у кола не паўтараць шлях: падонкі пры ўладзе – гуртаваньне людзей і рэвалюцыя – падонкі пры ўладзе – гуртаваньне людзей і рэвалюцыя… – трэба разабрацца ў сітуацыі (1) і вызначыць ідэальную Мэту (2), да якой трэба мікнуцца. Гэтую ідэалагічную справу здольна зрабіць толькі сапраўдная Нацыянальная эліта, а яшчэ лепш – Інтэрнацыянал нацыянальных эліт (напрыклад, беларускай, украінскай, летувіскай, польскай нацыянальным элітам сабрацца і паразмаўляць – цалкам рэальна). Нішто ідэальнае не дасягальнае, але і няма нічаго больш практычнага для ўзьняцьця людскай цывілізацыі на больш высокі ўзровень гуманістычнага разьвіцьця, чым адэкватная ідэальная Мэта, сфармуляваная Нацыянальнай элітай, прысутная ў галаве ўсіх разумных прадстаўнікоў нацыі.
      Гэтым мы і займаемся … па меры сіл. І ўсіх разумных ды прыстойных адкрыта заклікаем далучацца … вось ужо 6-ы год.

  2. Siarhiej кажа:

    Інтэрнацыянал нацыянальных эліт – !!!

Пакінуць каментар

  • Старонкі

  • Катэгорыі

  • Апошнія запісы

  • Архівы