nashaziamlia.org

Асьветна-адукацыйны, грамадазнаўчы сайт для беларусаў: аналіз, прагноз, сілы, інтарэсы, сьветагляды, ідэі, ідэалогіі, праграмы, мэты.

Запісы

Колькі слоў з Майдану

10 лютага, 2014 | Каментары (1)

Сяргей Высоцкі

Высоцкі 1

 

 

Лідар АК Беларускай Партыі Свабоды і адначасна аўтар гэтага тэксту цяпер знаходзіцца ў Кіеве. Ён адрэагаваў вялікім каментаром на адзін з нашых апошніх артыкулаў, які прысьвечаны падзеям ва Ўкраіне. З нагоды актуальнасьці гэтых падзеяў і даверу да зьвестак Сержука як іх непасрэднага сьведкі, мы вырашылі перааформіць яго каментар у артыкул, які й выставілі ніжэй.

Рэдакцыя.

 

“Знаходзячыся ў Кіеве, на многія рэчы адразу адкрываюцца вочы. Бо нават робячы сістэмны аналіз за шмат кіламетраў ад эпіцэнтру падзей — дапускаеш памылкі. Падаецца ў гэтым артыкуле [гаворка пра матэрыял, які знаходзіцца па наступнаы адрасе: https://nashaziamlia.org/2014/02/06/6373/#more-6373 – Рэд.]  — збольшага можна пагадзіцца з рэдакцыяй. Аднак так катэгарычна пра амерыканскіх журналістаў я б не казаў… І ня ўвесь Захад – ліберальныя фашысты… Так, гэты спадар Шустар сапраўды тэндэнцыйны, але ёсьць розныя заходнія журналісты ды розныя заходнія палітыкі…

Цяперашняя амерыканская адміністрацыя — слабая, і ў цэлым самі амерыканцы характарызуюць прэзідэнцтва Абамы “як самае паразнае ў зьнешняй палітыцы за некалькі дзесяцігодзьдзяў”. Аднак, калі на Захадзе нехта і дзейнічае — дык гэта амерыканцы… Еўразьвяз вось упершыню зрэагаваў толькі на мінулым тыдні. А дагэтуль заклікаў бакі “ўстрымацца ад гвалту…”

Спачатку “радыкаламі” называлі Кангрэс Украінскіх Нацыяналістаў (КУН), потым — “Свабоду” [Цягнібока. – Рэд.], потым — “Самаабарону”. Вось цяпер узяліся за “Правы сектар”.  Паглядзіце рэпартажы Euronews. Яны часам такія ж прадузятыя, як і расейскія… Захаду, а найбольш палітыкам з сытых еўрапейскіх краін цяжка ўспрымаць зацятую ды гераічную барацьбу ўкраінскай нацыі за сваю незалежнасьць і свабоду.

Так, да краінаў нашага рэгіёну зь іх боку дамінуе павярхоўнае, крыху пагардлівае стаўленьне – “абы нам не перашкаджалі спакойна атрымліваць асалоду ад жыцьця…”  У выказваньнях таго ж Фюле скразіць такое ж фанабэрыста-павучальнае стаўленьне… Але сёньня, калі ва Ўкраіне зьявіліся элементы Грамадзянскай вайны, на Захадзе пачалі ўсьведамляць, што можа рвануць па самы Люксембург…

Аднак чым нельга не захапляцца — гэта ўзроўнем украінскіх СМІ ды пазіцыяй тых жа простых кіяўлян. Абсалютная большасьць жыхароў сталіцы — на баку пратэстоўцаў… Любы думаючы чалавек павінен разумець, што ў такой сітуацыі, з такім супрацьстаяньнем – сотнямі параненых, зьбітых, памарожаных, тых, хто адбіваецца ад арыштаў у шпіталях, а таксама без масавай падтрымкі грамадства – пратрымацца нельга і тыдзень!… Людзі нясуць усё — грошы, медыкаменты, вопратку, ежу. Учора на Майдане бачыў сцэну, калі жанчыны са сьлязьмі на вачах угаворвалі байцоў “Самаабароны” “стаяць да перамогі…”

Можна сказаць, што Ўкраіна цяпер узьняла лепшых сваіх сыноў на абарону краіны.

Украінскія СМІ маюць розныя пазіцыі, але ў асноўным ад нейтральнай да сімпатыяў да паўстанцаў. Прадстаўнікі ўсіх палітычных сілаў маюць магчымасьць данесьці сваю думку. Грамадскі актывіст, які эфектыўна дзейнічае — можа хутка набыць папулярнасьць большую за бязьдзейнага прапіснога аўтарытэта… Гэта і ёсьць дзеяньне непасрэднай дэмакратыі – палітык ацэньваецца  па заслугах, а не па нікому нецікавых рэгаліях ды пасадах…

Няма гэтых падлючых падыходаў, якія дамінаюць на паразных мітынгах “беларускай аб’яднанай дэмакратычнай апазіцыі”, “вялікія дзеячы” якой здатныя толькі выпіхваць канкурэнтаў… Сапраўды палітыкі тут – не “правадыры”, а пасярэднікі, якім народ можа наўпрост і жорстка паказаць іхнае месца… І гэта вельмі здаровая зьява. Нацыяналізм, дэмакратыя – гэта і ёсьць тое, што нараджаецца з волі нацыі… Можа падацца неэстэтычным, калі Яцэнюку надавалі пад зад, калі Клічко апылілі з агнетушыльніка, а Цягнібока грамагласна сагналі з трыбуны, скандуючы: “на х…” Вырашаецца лёс нацыі, і тут не да сантыментаў… Патрабуецца адказнасьць, рэальныя дзеяньні, да палітыкаў вылучаецца самы высокі ўзровень патрабаваньняў.

Не сумняюся, калі б беларусам хапіла сьмеласьці, каб наўпрост з трыбуны сьцягнуць зажраўшагася аля-правадыра апазіцыі ды яшчэ надаваць высьпяткаў, другі б раз адкінуў пыху.

Калі стала відавочным, што палітыкі ня могуць абараніць маніфестоўцаў — паўстала Самаабарона! Калі пачалося ціхае мардаваньне рэвалюцыі рэжымам з адсутнасьцю ўсялякіх персьпектываў на зьмены — выбухнала назапашаная энэргія пратэсту, паказаў сябе “Правы сектар”. А цяпер стала відавочным, што бяз гэтага ахвярнага чыну моладзі — не было б ні адстаўкі ўраду, ні пачатку перамоваў.

Цяпер улады ізноў цягнуць час, сабатуюць рэальныя перамовы… Людзей выпускаюць вельмі марудна, канкрэтных рашэньняў па вяртаньні дэмакратычнай Канстытуцыі таксама няма. Але ў рэвалюцыянераў ужо ёсьць “Правы сектар”, дзе, дарэчы, галоўная сіла не “Трызуб”, а УНА-УНСО, спартовыя фанаты ды ветэраны розных войнаў… З-за гэтага ўлады мусяць вымяраць меру свайго садызму, бо гэтыя хлопцы будуць паміраць за Незалежнасьць…

Усіх актывістаў Майдану ўжо запісалі, сістэматызавалі. Узбуджаны тысячы спраў, дзясяткі ўжо па турмах. Шмат парэзаных. Дакладна вядома, што 5 чалавек — забітыя. Забойствы некаторых іншых цяжка даказаць, але 36 чалавек (!) ужо не адзін тыдзень ніхто ня можа адшукаць…

Улада тут неарыгінальная. Кажа як і ў нас: “можа яны пазьязджалі да каханак?…” А пры гэтым адзін з лідэраў цітушак, Яўген Жылін — кіраўнік “Аплоту”, распаліўшыся ў адкрытым эфіры, прама заявіў: “яны, вядома, забітыя…

Забойствы ды катаваньні некаторых можна разглядаць як злачынствы супраць чалавечнасьці. Таго ж Вярбіцкага параненага, бяз вопраткі ды яшчэ зьвязанага выкінулі ў люты мароз у бязлюдным месцы…

А яшчэ не даводзіцца сумнявацца: калі ўладам удасца здушыць супраціў — будуць ня проста рэпрэсіі. Будуць масавыя расправы…

Таму, калі які-небудзь заходні недавумак, прыехаўшы на пару дзён, каб зрабіць танную сенсацыю, пачынае лухцець: “нацыяналісты ідуць…” – гэта ўспрымаецца ва Ўкраіне адэкватна. Украінцы спадзяюцца найперш на ўласныя сілы…

Для Беларусі тое, што тут адбываецца, мае фундаментальнае значэньне… Параза Ўкраінскай Рэвалюцыі можа і для нас скончыцца рабскім стойлам ў Азіёпскім саюзе на доўгія гады… Дастаткова паглядзець на тую “суперграницу”, якую цяпер будуе Лукашэнка разам з Масквой на мяжы з Прыбалтыйскімі краінамі. Гэта проста паноптыкум. Катлаваны, высокі дрот пад токам, вышкі для аўтаматчыкаў… Такую будучыню рыхтуюць КГБэшныя тыраны нашаму народу.

Таму фактычна ўкраінцы ваюююць і за нашую свабоду! Кожны беларускі патрыёт сёньня мусіць быць у антыімперскім фронце — у шэраг Беларускіх Народна-Патрыятычных сіл…

Пра ўзьнікненьне праяў ліберальнага фашызму на Захадзе — гэта ня толькі мае словы… У наш час амаль адначасна гэтую зьяву заўважаюць прадстаўнікі ці ня большасьці еўрапейскіх нацый. Паглядзіце, пісьменьнік у Францыі спаліў сябе, каб грамадства пачула ягоную пазіцыю!.. Зло заўжды мяняе аблічча, а чалавецтва проста не пасьпявае пазнаваць чарговае ліха… 

У свой час камунізм лічыўся “цудоўным і прагрэсіўным рухам” “перадавой інтылігенцыі” — а скончылася такой турмой народаў, такім маштабам забойстваў, што чалавецтва яшчэ стагоддзямі будзе з жахам прыгадваць гэтую ідэалогію… Нацызм на пачатку ўспрымаўся на Захадзе досыць паблажліва, а скончылася вядома чым… Цяпер гэтыя плыні ўжо глабальна не ўсплывуць, але не дапусьціць магчымага глабальнага канцлагеру — гэта новы выклік для сучаснага пакаленьня. Бо калі пачынаецца дыктат над асобай і нацыяй, калі ізноў пад абсалютна “гуманнымі ды ліберальнымі матывамі” адбіраюць у добрай сям’і дзяцей — значыць, зло ізноў паўстала, і чарговыя ка́ты ўжо будуюць новы глабальны ГУЛаг для чалавецтва!..

Мы – беларусы-літвіны – несумніўна частка еўрапейскай цывілізацыі. Магчыма, наш унёсак у гэтую цывілізацыю большы, чым многіх іншых народаў. Але адстойваць сваю свабоду, сваю адметнасьць, сваю еўрапейскасьць, абараніць сваё права быць гаспадарамі на ўласнай зямлі, уратавацца ад любых тыраній можна толькі так, як гэта робяць сёньня ўкраінцы — цьвёрда, зацята, да скону!

І толькі гэта яшчэ пакідае надзею для еўрапейскай цывілізацыі ды і ўсяго сьвету!

 

Каментары (1)

  1. Litvarus кажа:

    Украінцы пад клічам “Слава Украіне” сталіся нацыяй. Мы пад назвай “белые рускіе” пару тыдняў змагаліся супраць расейскіх бальшавікоў пад Слуцкам, а за апошніе 20 гадоў пад клічам “Жыве Белая Россія” (Жыве Беларусь) прыйшлі да поўнай дэградацыі і народа і апазіцыі. Паміранне нашага народу відавочна. Аб чым артыкул сп. Высоцкага не зразумеў. Трэба думаць чаму у нас не так як у украінцаў і прыбалтаў паміж якімі мы жывём. Меньше пафаса ў роздумах пра челавества і Сусветнае Зло.Канчайце сваю вечную песню аб тым што у нас свалачная апазіцыя. А чаму яна у нас такая – вось аб чым трэба думаць.

Пакінуць каментар

  • Старонкі

  • Катэгорыі

  • Апошнія запісы

  • Архівы