nashaziamlia.org

Асьветна-адукацыйны, грамадазнаўчы сайт для беларусаў: аналіз, прагноз, сілы, інтарэсы, сьветагляды, ідэі, ідэалогіі, праграмы, мэты.

Запісы

Хто тут фашыст? Каго “віньціць” і судзіць?

сакавік 16, 2014 | Каментары (1)

Рэдакцыя.

Яраш 1аПасьля правалу спробы разавага і татальнага захопу Ўкраіны з дапамогай Януковіча, расейская імперыякратыя перайшла да захопу Ўкраіны па частках. Але пра тых, хто ёй “сапсаваў танцы”, не забыла. Галоўны герой Майдана – Яраш – быў аб’яўлены “Расеяй” злачынцам, які падлягае затрыманьню (у т.л. з дапамогай сіл міжнароднага вышуку). Праз расейскія СМІ заяўлялася, што Яраш –  “нацыяналіст, бандэравец, экстрэміст, тэрарыст, вораг”, які нібыта папрасіў Доку Ўмарава “пачаць тэрарыстычныя акцыі па ўсёй Расеі”. Некаторыя асабліва барзыя ветэраны-сьпецназаўцы, натхнёныя ўсім гэтым, выступілі ў запале нават з публічнымі пагрозамі ліквідаваць Яраша (гл. http://www.youtube.com/watch?v=na1KymyIGpM). Але мы, нягледзячы на ўсю скандальнасьць сітуацыі, вырашылі пільней прыглядзецца да матывацыі расейскага боку. З доказаў віны Яраша, прыведзеных у расейскіх СМІ афіцыйнымі асобамі ды адстаўнымі сьпецназаўцамі, давайце і пачнем наш аналіз.

 

1.

На відэа пад назвай “Яраша – да адказу” (гл. па ўказаным вышэй адрасе) голас расейскай дыктаршы за кадрам сцьвярджае:

“… Лідара “Правага сектара” сьледчы камітэт [Расеі] аб’явіў у міжнародны вышук.  Супраць яго ўзбуджана крымінальная справа па артыкуле “Аб закліках да тэрарыстычнай дзейнасьці праз сродкі масавай інфармацыі”.   

Затым паказаны выступ афіцыйнага прадстаўніка Сьледчага камітэту Расеі Ўладзіміра Маркіна:

Яраш 1“На меркаваньне сьледства, Яраш у сваіх выступах публічна заклікае антырасейскія сілы да экстрэмісцкіх дзеяньняў і тэрору на тэрыторыі Расеі. … За гэта прадугледжана пазбаўленьне волі тэрмінам да 7 гадоў” [пры гэтым ніякіх доказаў такіх заклікаў не паказваецца. – Рэд.].  

Голас дыктаршы:

“Якое выказваньне Зьмітра Яраша паслужыла прычынай для ўзбуджэньня крымінальнай справы – НЕ ПАВЕДАМЛЯЕЦЦА[яшчэ будуць шукаць! – Рэд.]. Нацыяналіст заклікаў да рэпрэсіяў супраць рускамоўнага насельніцтва на Ўкраіне і да агульнай мабілізацыі [дзе? Калі? Не гавораць і не паказваюць. – Рэд.]. Таксама ён зьвяртаўся да прадстаўнікоў радыкальных рухаў унутры Расеі з просьбай актывізаваць сваю дзейнасьць” [зноў: дзе? Калі? Не гавораць і не паказваюць. – Рэд.].

Паказваюць Яраша, які кажа:

“Галоўная задача Правага сектара заключаецца ў барацьбе зь Пятай калонай і абясшкоджаваньне дзейнасьці прарасейскіх сіл [улічыце – гэта адбываецца ва ўмовах вайны Расеі супраць украінскага народу. – Рэд.]. Трэба стварыць штабы Правага сектара ва ўсіх без выключэньня абласьцях Украіны. Зьвяртаюся да ўсіх грамадзян, годных для вядзеньня вайсковай службы: далучайцеся да нашых шэрагаў! [абсалютна нармальная патрыятычная заява! – Рэд.]”.  

Затым голас дыктаршы апавядае пра фальшыўку, закінутую ў блог Яраша. Нібы ў ёй быў зварот да Доку Ўмарава, у якім “украінскі  нацыяналіст заклікаў падтрымаць антырасейскія сілы”. “Ветэраны расейскага сьпеназу ўпэўнены: сваімі заявамі ўкраінскі радыкал падпісаў сабе сьмяротны прысуд”.

Затым новая дыктарша, грунтуючыся ўжо на ФСБшнай фальшыўцы, заявіла пра тое, што пасьля асабістага звароту да Доку Ўмарава, “Яраш стаў ворагам усёй расейскай дзяржавы”.

Яраш 2Далей на відэа зьявіўся Кадыраў (?!) зь нейкімі пагрозамі, а затым ветэран расейскага сьпецназу Алег Урбанюк, які якраз і пачаў разважаць, грунтуючыся на практыцы Масада (?!),  што Яраш “сам падпісаў сабе сьмяротны прысуд сваімі заявамі ў сацыяльных сетках” (гл. фота абодвух зьлева).

Затым у відэа пайшла інфармацыя пра дзейнасьць Масада, якая “накіравана на зьнішчэньне тэрарыстаў”, пра забойства расейскімі сьпецамі экс-прэзідэнта Чачні Зелімхана Яндарбіева, а амерыканцамі – Бен Ладэна ды іншых тэрарыстаў.

(канец аповеду пра відэа).

Такім чынам, прагледзеўшы расейскае відэа, дарэчы, расьпіяранае па поўнай, адразу скажам: ніякіх доказаў злачынстваў Яраша, з-за якіх яго трэба прызнаць тэрарыстам-экстрэмістам, у расейскай імперыякратыі… няма. Замест іх мы бачым гістэрыку і прапаганду, “зшытую тоўстымі белымі ніткамі”, як цяпер прынята казаць…

 

2.

Паколькі расейскія тэлевізійнікі й пракуроры яўна ня справіліся з задачай, якую ім паставілі з Крамля, мы вырашылі самі пашукаць хоць які крымінал у публічных выступах Зьмітра Яраша.

Яраш 3На першы погляд гэта здавалася няцяжкім, бо на Ютубе сёньня можна знайсьці вялікую колькасьць відэа з выступамі спадара Зьміцера.

Вось найбольш паказальныя зь іх:

– Супольная праўда №113. Уся праўда пра “Правы сектар” – http://www.youtube.com/watch?v=cQpOYdl9t1Q ; http://www.youtube.com/watch?v=p1h8onXnW0k  (35,5 хвілін);

–  Дзьмітро Яраш: “Крым не аддамо!” – http://www.youtube.com/watch?v=GbHeB9_9Euo (3 хв.);

 – Правы сектар Майдану вылучыў свае патрабаваньні да ўлады, 27.01.14 – http://www.youtube.com/watch?v=_Nc7gGnSHjk (23 хв.);

– Прэс-канферэнцыя. Яраш. Правы сектар. Поўная версія. http://www.youtube.com/watch?v=byk-JpBBSeM (32,5 хв.);

– Лідар Правага Сектара Дзьмітро Яраш пра ворагаў і лёс Украіны http://www.youtube.com/watch?v=lotdWn0b4VM (7 хв.);

– Украіна, Майдан. Яраш бярэ адказнасьць за ревалюцыю на сябе http://www.youtube.com/watch?v=27QNMNNeQa4 (2.5 хв.).

Калі іх скласьці ў адну стужачку, атрымаецца разам больш за 1,5 гадзіны публічных выступаў Яраша у самых розных абставінах і па розных пытаньнях, уключаючы самыя вострыя.

Уважліва праглядзеўшы ўсе гэтыя відэа (а таксама перачытаўшы матэрыялы, выстаўленыя на нашым сайце, якія датычаць Яраша – https://nashaziamlia.org/2014/03/10/6667/; https://nashaziamlia.org/2014/02/06/6373/) мы нідзе не знайшлі ні нацызму, ні фашызму, ні тэрарызму, ні экстрэмізму, ні якой іншай  халеры… Наадварот, мы ўбачылі вялікага Патрыёта Ўкраіны, сапраўднага ўкраінскага Дэмакрата, буйную людскую Асобу, чалавека, які ўсё сваё сьвядомае жыцьцё ахвярна паклаў на абарону аб’ектыўных інтарэсаў свайго народу, будзе змагацца і далей. Перакананыя, што і вы ў асобе Яраша ўбачылі тое ж!

А, можа, мы кепска глядзелі? Тады паглядзіце вы – нашы чытачы… Калі нехта знойдзе  хоць нешта “ня тое”, калі ласка, пішыце ў каментарах з указаньнем е-адраса відэа і хвілінаў, на якіх Яраш кажа нешта нядобрае…

 

3.

Але, зь іншага боку – падумалі мы – няўжо на сёньняшняй палітычнай арэне няма сапраўдных экстрэмістаў, тэрарыстаў, фашыстаў, нацыстаў, імперыялістаў – сапраўдных ворагаў людскай цывілізацыі? Напэўна, ёсьць, бо, калі б іх не было, людзі жылі б мірна і шчасьліва. А вось з гэтым у нас сёньня якраз нелады.  

Гледзячы па выніках толькі што праведзенага дасьледваньня, стала зразумелым, што ў пошуках такіх асоб першае, што трэба рабіць – гэта ня слухаць расейскія СМІ, а думаць і шукаць самастойна. Як толькі мы так падумалі, дык адразу ўспомнілі пра вельмі паважанага ў Расеі чалавека, які рэгулярна сьвеціцца на самых розных расейскіх СМІ. Гаворка пра шматгадовага лідара адной з уплывовых расейскіх думскіх партый, намесьніка Дзярждумы Расеі… Ну, вы, напэўна, здагадаліся, пра каго мы падумалі. Так, гэта Ўладзімір Вольфавіч Жырыноўскі.     

Гледзячы па ўсіх рэгаліях і абласканасьці расейскай уладай, гэта, вядома, ніякі не экстрэміст, тэрарыст, фашыст, нацыст, імперыяліст.

Ну, а цяпер давайце паслухаем самі гэтага чалавека.  Вось, хаця б тут: http://www.youtube.com/watch?v=RiqVg9AmIBU

 Яраш 5

Падаем ніжэй наборчык выказваньняў гэтай істоткі, узяты толькі з гэтага выступу, які якраз прысьвечаны апошнім падзеям ва Ўкраіне:

– “Тысячы маладых людзей па ўсёй Расеі хацелі б паехаць на Ўкраіну, каб дапамагаць нашым рускім баратам у выкананьні Канстытуцыі, абароне правоў нашых грамадзян”;

– “Дэпутат Курдзюмаў – кіраўнік першага атрада добраахвотнікаў, якія едуць у Харкаў і далей…”;

– “Захад рыхтуе баевікоў у Летуве, Польшчы, Нямеччыне”;

– “На Ўкраіне крымінальны перасьлед за размовы па-руску”;

– “Такіх, як Цягнібок, мы зробім глуханемымі, каб ні на адной мове больш не размаўлялі”;

– “Заходняя Ўкраіна заўсёды была ў складзе Польшчы. Гэта мы забралі ў Польшчы незаконна захопленыя ў сярэднія стагоддзі землі. Гэта, што, мы Цягнібоку павінны аддаваць? Гэта савецкія салдаты пралівалі кроў!”;

– “Большасьць у складзе нашай арміі былі рускія, а ў тылавых службах выкарыстоўваліся прадстаўнікі іншых народаў. Гераізм праяўлялі рускія салдаты. Так было і ў Першую сусьветную вайну”;

– “Нацыянальныя меншасьці здраджваюць нас да вайны, у час і пасьля вайны…”;  

– “Мы павінны прымяніць усе сілы, каб у суседніх дзяржавах не было нават думкі зьдзекавацца з рускіх, прэтэнзіі прад’яўляць”;  

– “Тыя, хто кажа, што іх акупавалі – гэта зусім вар’яты, хворыя людзі”;  

– “Калі б палякі вырэзалі ўкраінцаў, гэта было б верна! Мы дарма вас ратавалі. Трэба было дазволіць палякам выразаць вас усіх[чутны галасы і воплескі падтрымкі з боку прысутных на мітынгу. – Рэд.];

– “Захад вечна ненавідзеў прыўкрасную Расею”;

– “На Алімпіядзе мы перамаглі. Нашы спартоўцы самыя лепшыя[у свой час мы прааналізуем апошнюю Алімпіяду. – Рэд.];

–  “Нам Захад падклаў сьвіньню, захопліваючы незаконна ўладу ў горадзе Кіеве”;

– “У Кіеве мяняюць уладу кожныя паўгады”;

– “Такой дзяржавы, як Україна – няма, і не было”;

– “Ва ўкраінцаў ніколі не было сталіцы”;

– “Усё, што парадзіла Ўкраїна – гэта Махно, Пятлюра, Бандэра, Шухевіч. Банда на банду”;

Яраш 4– “Няма ніякай украінскай мовы!”;

– “Украінскую мову прыдумалі аўстрыйцы разам з палякамі – частка слоў рускіх,  частка – польскіх. Суржык-муржык яе называюць, дзе словы польскія і рускія”;

– “Прымушалі размаўляць на ёй, вучыцца ў школе, газеты выпускаць…”;

– “У Закарпацьці ёсьць людзі, якія паміралі, але не жадалі размаўляць на гэтым дыялекце польскай мовы”;

– “У Закарпацьці альбо рускія, альбо венгры”;

– “Польшчу трэба было пакараць, бо Польшча – арганізатар і правакатар Другой сусьветнай вайны”.

Ну, і так далей… (нас хапіла на 10 хвілін прамовы Жырыноўскага, а ёсьць яшчэ 20)

Жырыноўскі – гэта буйны і вядомы ўсім правакатар, які ня раз рабіў заявы адкрыта шавіністычнага, імперскага і нават фашыстоўскага характару – як у адрас еўрапейскіх краін (Україна, Прыбалтыйскія краіны, Беларусь), так і ў адрас Казахстана, Узбекістана, Таджыкістана, народаў Паўночнага Каўказу. Жырыноўскі (на пару з Дугіным) зьяўляецца ўсім вядомым ідэолагамі расейскага імперскага тэрарызму. Ён адкрыта пагражаў ядзернай тэрактам нават ЗША

Але, зьвярніце ўвагу, Расея – а таксама ЕЗ ды ЗША! – чамусьці не аб’яўляюць яго ў вышук па лініі Інтэрполу як міжнароднага тэрарыста, ня ўнесьлі ў адпаведныя сьпісы…

Загадка. Ці ня праўда?…

Паспрабуйце паразгадваць яе, нашы чытачы.

Што да канкрэтнага пытаньня, якое мы тут закранулі, давайце зробім заключныя высновы:

1) Расейскія афіцыйныя і блізкія да іх асобы цынічна хлусяць, абвінавачваючы ўкраінца Яраша ва ўсіх сьмяротных грахах.

2) Прыкладам сапраўднага шавініста, імперца, фашыста, буйнога правакатара і г.д. зьяўляецца Ўладзімір Жырыноўскі. Але яго расейскія ўлады ня толькі не караюць, а і, наадварот, чамусьці дужа любяць

3) На грунце 1 і 2 пунктаў можам заявіць: У расейскай імперыякратыі з-за імперскай хваробы ў галаве цалкам заблыталіся ўяўленьні аб рэчаіснасьці. І гэтыя памылковыя ўяўленьні яна накідае ўсяму расейскаму грамадству.

4) Як разблытаць зьвіліны ў галавах расейцаў? – найактуальнае пытаньне сёньняшняга этапу гісторыі людскай цывілізацыі. Асабліва для тых народаў, якім “пашчасьціла” жыць побач з Расеяй.

Апошняе пытаньне трэба вырашаць тэрмінова. І ня толькі ўкраінцам, беларусам, іншым, а і ўсім людзям. Бо ўсяму чалавецтву з-за расейскай імперскай хваробы пагражаюць страшныя беды, а то і поўнае зьнішчэньне…  

  

Каментары (1)

  1. Яўген кажа:

    Вельмі просты рэцэпт міру і сяброўства навекі гэта афіцыйна прапанаваць Расеі вылучыць “братам”, калі ўжо так настойліва нас у браты залучаюць, канцэсій на распрацоўку Сібіры, з таго што яшчэ не раскрадзена 19-цю мультымільярдэрамі, збольшага нярускімі, дарэчы. І гэта, падкрэсліўшы, ЗАМЕСТ палітыкі анексіі, запалохвання і гнаблення праз спецслужбы і стаўленікаў у дачыненні да сваіх “братоў”.

    Дарэчы, добры проста сусед так сваю пазіцыю ўмацоўваў бы. Але ж бачна, што тут іншы інтарэс у рабоце.

Пакінуць каментар

  • Старонкі

  • Катэгорыі

  • Апошнія запісы

  • Архівы