nashaziamlia.org

Асьветна-адукацыйны, грамадазнаўчы сайт для беларусаў: аналіз, прагноз, сілы, інтарэсы, сьветагляды, ідэі, ідэалогіі, праграмы, мэты.

Запісы

Версія, падобная на праўду

26 сакавіка, 2014 | 4 каментарыя

АрэстовічУ апошнія месяцы мы толькі тое і робім, што сочым за сітуацыяй ва Ўкраіне і вакол Украіны. Але, чым далей, тым больш перад намі паўстаюць пытаньні. Напрыклад, чаму дасёньня ня звольнены кіраўнік Нацыянальнай тэлерадыёкампаніі, які ў час рэвалюцыйных падзей у Кіеве працаваў супраць Майдану? (гаворка пра гендырэктара Нацыянальнай телекампаніі Ўкраіны Аляксандра Панцелеймонава) Чаму і сёньня надзейна не закрыта расейска-украінская мяжа? Чаму не арыштаваны тыя януковічаўскія “губернатары” на ўсходзе Ўкраіны, якія арганізоўвалі сепаратысцкія акцыі? Чаму працягвае сваю падрыўную дзейнасьць супраць Украіны фракцыя прарасейскіх камуністаў у ВР? Чаму не арыштованы алігархі, якія паціху падыгрываюць (і гэта вядома) расейцам? Чаму ня вяжуць расейскіх “цітушак” ва ўсходніх абласьцях Украіны? Ды іншыя чаму, чаму, чаму… Лепшы матэрыял, які дае ўцямны адказ на даныя пытаньні, мы знайшлі тут: https://www.youtube.com/watch?v=mtXZPxLdujQ#t=116. Хто хоча, можа паглядзець відэа, хто жадае – прачытаць тэкставую форму інтэрвю. Яго дае чалавек зь беларускім прозьвішчам Аляксей Арэстовіч (гл. фота). Ён украінскі псіхолаг, вайсковы аналітык, выведнік. Гэта ня значыць, што абсалютна ўсё ў яго інтэрвю мы прымаем, але, паўтарымся – гэты матэрыял, пакуль, бесканкурэнцыйна лепшы ў сэнсе тлумачэньня сітуацыі, з усяго таго, што мы знайшлі.

Рэдакцыя.

 

– Што адбываецца з Пуціным і расейскім грамадствам?

– Уключыўся дэман вялікадзяржаўніцтва – такая праграма ў іх ёсьць у калектыўным несьвядомым, імперская. І ён буяніць…

Як гэта праяўляецца? Кожнаму чалавеку ззаду ў патыліцу ўганяецца такі вось электрод [паказвае на сабе, правакуючы алюзію да “Матрыцы”. – Рэд.], па якім гоніцца пачуцьцё патрыятызму, пачуцьцё велічы нацыі, пачуцьцё перамогі, і г.д. У выніку ў чалавека рэзка зьмяняецца стан сьвядомасьці, гарманальны фон. Людзі літаральна шалеюць, у параўнаньні з тым, як яны прызвычаіліся жыць да таго. І трэба мець буйную асабістую волю, каб усяму гэтаму супрацьстаяць.

Як мы бачым, нават біяграфія і званьне народнага артыста Расеі не зьяўляецца гарантыяй, каб гэтаму супрацьстаяць [алюзія да “500 падпісантаў”. – Рэд.]. Ты можаш быць нават акдэмікам, але ўсё роўна страціць розум ад гэтага ўсяго… 

Гэта вельмі смутнае і павучальнае відовішча, на якое нам трэба глядзець ва ўсе вочы [сапраўды, апошняе масавае шаленства прыкладна такога ж маштабу было ў Нямеччыне ў 1930-я. – Рэд.]. Што робіцца зь людзьмі у гэтым стане.

Доўга гэты стан не працягнецца… У патрыятычным чадзе ўсе хутка перагараць… У іх пачнецца зваротны адкат – замест эйфарыі, дысфарыя. Трэба проста перачакаць.

[Затое] ўсім цяпер становіцца зразумелым, што такое “Расея”, што ў расеян гэты дэман заўсёды напагатове і нікуды сам па сабе не падзенецца, пакуль яму не зламаць хрыбет. Але для гэтага патрэбна важная рэч – трэба, каб усе расеяне спынілі такое падтрымліваць, ці хаця б нейкая крытычная маса. Пакуль жа яны вельмі актыўна падтрымліваюць, радуюцца. Каля 80% людзей сапраўды жадаюць пакараць “хахлоў”, “бандэраўцаў”, усё забраць і падзяліць

 

–   Здавалася, што пэўны час таму, расейцы пачыналі разумець, што адбываецца, але потым ўсё адмянілася. Іх нібы нешта накрыла.

Гэта замбаваньне.

Я за што ўдзячны гэтым падзеям? За тое, што звычайным людзям у звычайным жыцьці немагчыма патлумачыць, што ў іх ёсьць падсьвядомасьць, што ёсьць калектыўнае несьвядомае [няма ніякага “калектыўнага несьвядомага”, як і якога-небудзь “Эргрэгара”; ёсьць у кожнага індывідума пласт псіхікі, названы псеўдарацыянальнай (масавай) сьвядомасьцю – гл. https://nashaziamlia.org/2011/12/31/4671/]. Звычайныя людзі думаюць як: “можа ў якога-небудзь няўротыка і ёсьць падсьвядомасьць, але ў мяне – нармальнага чалавека – няма. Я ўсё дакладна разумею і паводзіны свае кантралюю”.

Вось сёньня вы можаце назіраць 150 мільёнаў чалавек [у Расеі й Крыме], у якіх цяпер масавае вар’яцтва. Гэта як чума накрыла Еўропу і траціна людзей “палегла”. Дык сёньня палегла ўся Расея за рэдкім выключэньнем. Напрыклад, дэманстрацыі (70 тысяч чалавек) у падтрымку Ўкраіны і пэўныя знакавыя асобы [называе асоб адсюль  https://nashaziamlia.org/2014/03/13/6692/#more-6692 – Рэд.], якія таксама выказалі падтрымку. Але ў цэлым [у Расеі назіраецца] масавае вар’яцтва.  

Пасьля гэтага немагчыма казаць, што калектыўнага несьвядомага (якое можа ахапіць адзіная хваля) не існуе, ці што ў чалавека няма падсьвядомасьці, якая на самай справе ім кіруе ў значнай ступені.  Гэта добры ўрок.

 

– Што адбываецца цяпер з намі, з украінцамі? Спачатку нас ўсіх вельмі ўсхвалявала, што на нас напалі, а цяпер мы нібы прызвычаіліся…  

– Гэта тое самае. Ёсьць такое [паняцьце] “саборная душа народа” – гэта наш маленькі ўкраінскі дэман. І ён у падсьвядомасьць, якая ў кожнага чалавека “адкрытае рана”, дасылае [сігналы].  У псіхічным “калектыўным несьвядомым” кожнага чалавека [ўкраінца] ёсьць праграма, якая адказвае ва ўкраінскага народу за “накачку” “дзяржаўнай сьвядомасьці”.  У іх [узьнікае непрыемнае пачуцьцё, што] адрываюць кавалак. І ў кожнага жыхара краіны, у сьвядомасьці якога ёсьць гэтыя каштоўнасьці, узьнікае абурэньне і разгубленасьць. Чалавек адчувае гэта як асабістыя страты [хаця і трохі блытана, але ў цэлым верна. – Рэд.].

Я схіляюся перад усімі гэтымі падзеямі, бо ўменьне адрозьніваць, дзе тваё, а дзе наведзенае на цябе – гэта ўвогуле асноўнае ўменьне чалавека ў ХХІ стагоддзі. Калі ты не навучышся раздзяляць, дзе наведзены на цябе стан (няхай нават гэта зрабіла “саборная душа народу”), а дзе тваё – ты проста не зможаш выжыць, не зможаш выстаяць у гэтай плыні.

Цяпер у Крыме пачалі страляць. Расейскія снайперы паранілі нашага вайскоўца і зараз не прапускаюць да яго хуткую дапамогу. Я думаю, пакуль мы закончым інтэрвю, там яшчэ будзе эскалацыя. Магчыма, праз пару дзён будуць уведзеныя войскі. Магчыма, будуць баявыя дзеяньні і т.д., і т. д. У любым выпадку, тыя зьмены, якія адбыліся, – гэта гадоў на дзесяць наперад узрушэньняў (траскі). І людзі не ўтрымаюцца на нагах, яны будуць зьнесеныя, будуць разарваныя ўнутры гэтымі гарманальнымі хваляваньнямі. Трэба разумець, што любы стан сьвядомасьці падтрыманы гарманальна. Калі вы атрымліваеце па дзесяць розных навін, якія кідаюць вас у дзесяць розных станаў на працягу сутак – у вас дзесяць гарманальных кактэйляў мяняецца. Што будзе з вашай эндакрыннай сістэмай праз пару месяцаў?

 

– Ці натрэніруецца, ці памрэ.

– Правільна. Таму я ўсіх заклікаю вельмі добра адрозьніваць, дзе вашае, а дзе  – ня вашае.  

Ізноў жа, як гэта адрозьніваць? Ды па ўзроўні маёй адказнасьці. Што я магу зрабіць цяпер для таго, каб Крым застаўся ўкраінскім?

Магчыма, штосьці можна. Можна паехаць туды, спрабаваць пераконваць, яшчэ нешта. Вось гэта трэба для сябе зразумець і гэтым займацца, калі ёсьць на гэта такое жаданьне. А вось гэтыя ўсе павевы, якія ў сваю чаргу ахопліваюць Украіну, як і Расею, іх трэба вельмі дакладна адрозьніваць і казаць ім: “Ты – гэта не я”.

 

– А як для сябе гэта распазнаць. Мы цяпер глядзім на дзеяньні нашага ўраду, нашых вайскоўцаў – штосьці мы не разумеем, нам хацелася б, каб штосьці было актыўней, хутчэй… Як адрозьніць, дзе наноснае? А чаму нам трэба спачуваць?

– Наноснае ўсё тое, дзе ідзе перадача адказнасьці. Калі вы чакаеце, што тэлекарцінкі прымуць за вас правільнае рашэньне. І у вас зьявіцца вялікая пенсія, добрая зарплата, нармальныя ўмовы, уступленьне ў Еўразьвяз і яшчэ вайсковая перамога над страшным расейскім агрэсарам. І яшчэ вернуты Крым… Так не бывае. Вось гэты новы час, які прыйшоў (дзякуй богу) – гэта час асабістай адказнасьці ды нізавой самаарганізацыі.

Вось вам, каб зьняць гэтае інтэрвю, не патрэбны ні чыноўнік з томам законаў, ні міліцыянер з дубінкай, які будзе нас кантраляваць. Мы ўзялі – і зьнялі. Так працуюць тэлеканалы, а ў Амерыцы і нават у Еўропе касьмічныя караблі запускаюць прыватныя кампаніі. Усё людзі могуць зрабіць самі. Выклік новага часу – антыбюракратычная рэвалюцыя. А мы па-ранейшаму (гэты стары патэрналісцкі падыход, савецкі яшчэ) спрабуем інвеставаць у тэлекарцінкі: такога глабальнага “папу” – прэзідэнта, прэм’ер-міністра, ці “калектыўнага папу” – парламент – які за нас павырашае нашы праблемы. Яны не павырашаюць іх. І мы бачым, што яны іх не вырашаюць. І ў нейкім сэнсе горкі кубак паразы, які мы зараз п’ем: абсалютнай бездапаможнасьці, няздольнасьці ні зразумець, ні ўсё гэта супыніць – для чаго гэта нам дадзена? Для таго, каб мы зразумелі, што не маем патрэбы ў бюракратах. Яны не патрэбныя нам, яны неэфектыўныя.

Мы ў стане вайны з Расеяй. Яна забівае нашых вайскоўцаў, снайперы страляюць – а межы з Расеяй не перакрытыя, расейскія тэлеканалы вяшчаюць, асноўныя сепаратысты не арыштаваныя, партыя рэгіёнаў з партыяй камуністаў не забароненыя (якія не галасуюць за мабілізацыю). Вы заўважце, гэта ваенная здрада. Не ўведзены ваенны стан, не перакрытыя межы, не прымаецца ніякіх захадаў. Мы не аказваем узброены ці хоць нейкі супраціў агрэсару, не створаны інфармацыйны цэнтр ураду, які кожныя чатыры гадзіны тлумачыў бы грамадству, што мы робім, чаму мы робім, і калі мы не страляем, дык чаму мы не страляем.

 

– Так, народ у неразуменьні…

– А гэта адбываецца па адной простай прычыне. Спадары Турчынаў, Яцэнюк і ўся гэтая кампанія ня лічаць патрэбным з намі размаўляць. Яны не набылі гэтых урокаў. Майдан зрабіў нешта: была апазіцыя – была ўлада, а цяпер зьявіўся трэці палітычны суб’ект – грамадства неабыякавых людзей. Вядома, большасьць яшчэ ў сьпячцы, але нейкая частка зьявілася. Яны жадаюць, каб зь імі лічыліся…

 

– Напэўна, нейкія зрухі там ідуць, бо Авакаў робіць ужо трэцюю зьмену галоўных міліцыянераў і пачынае запрашаць грамадскіх актывістаў у сваю камісію, таму што разумее, што ўсёй паўнатой інфармацыі ён не валодае.

– Яны робяць трэцюю зьмену, але пры гэтым хабар на мытні як браўся, так і бярэцца. І ў іншых месцах…

Куды глядзіць Авакаў? Рыба гніе з галавы. Што, так цяжка заехаць на мытню і там прыбраць кагосьці?…

 

– Яму цяпер не да мытні

– А чым трэба займацца?

 

– Цяпер усход адцягвае шмат сіл

– Нічога не адуважвае. Авакаў з Харкава. Яго лепшыя сябры Гепа і Допа, якія наўпрасткі заклікалі да сепаратызму, падтрымлівалі сепаратазм, нядаўна засьвяціліся разам з ФСБ-шным аплотам на падтрымцы штурму офіса патрыётаў Украіны, шчасліва разгульваюць на волі. Што, Авакаў ня ў стане іх арыштаваць? Паслаць аператыўную групу. Што адбываецца?

Да ўлады прыйшоў калектыўны Януковіч. Гэтыя людзі нічым не адрозьніваюцца. Іх кансэнсус палягае вось у чым: Януковіч усё замыкаў на сям’ю. А яны кажуць, што дадуць запрацоўваць усім (у сэнсе “красьці – усім”). І такім чынам захаваюць кансэнсус у грамадстве. Акрамя таго, яны вырасьлі ва ўкраінскім палітычным такім modus operante (спосабе дзеяньня). Гэта значыць, што любы чалавек, зь якім ты хочаш мець справу, павінен быць карумпаваны, на бабкі падсаджаны, каб быць кіруемым, і на яго ў вас павінен быць кампрамат.

А што такое старыя кадры – гэта ж выгадна, на іх двайны кампрамат: мала таго, што ты быў нягоднікам пры старой уладзе, ты яшчэ душыў майдан. А мы, як прадстаўнікі перамогшага майдана, “трымаем цябе за яйкі”. І калі ты паспрабуеш паварушыцца… Карацей, ты – кіруемы.

Але ёсьць нашмат больш балючая рэч, і гэта плата грамадства за эканамічны феціш. Ведаеце, якая? Мы крычым, што галоўнае – гэта эканоміка. Вось сёньня нам падаецца грандыёзны ўрок у тым, што галоўнае ў кіраваньні дзяржавай і грамадствам – гэта зусім не эканоміка. Што мы дапусьцілі эканамістаў да ўлады (хто такія гэтыя турчынавы, яцэнюкі й усе астатнія? Уся іх біяграфія – гэта барацьба за асноўныя фонды, за іх выцісканьне і разбазарваньне, і раскраданьне). Вось яны мысьляць, як бізнэсмэны.

Што такое для іх Крым – цяжкі актыў. Што трэба рабіць з цяжкім нявыгадным актывам? Скінуць!

 

Мне неяк непамысна, што яны з самага пачатку планавалі “скінуць” Крым

– Яны не планавалі, яны проста сьцямілі, што зь ім вельмі цяжка, што яны кадравую палітыку ня могуць правесьці, у іх шмат праблем у Кіеве і пятае-дзесятае. Ды хрэн зь ім, хай забіраюць урэшце!

 

– То бок не таму, што ў нас няма сіл утрымаць, а проста яны прынялі рашэньне?

– Яны не мясьляць так, яны родам з дзевяностых і з новых нулявых. Яны ведаюць вельмі дакладна, у іх пазіцыя такая: страляць даражэй, чым дамаўляцца. Заўсёды мажна дамовіцца. Што ў сучасным сьвеце сур’ёзныя людзі не страляюць. Што ўрэшце, што такое рэкеціры: заўсёды можна купіць, нацкаваць адных на другіх, бла-бла-бла, грошы ўсё вырашаюць. Вось галоўная ўстаноўка – грошы ўсё вырашаюць. Дрэнны актыў – скінь, людзей трэба карміць, да зла не даводзіць (гэта яны разумеюць, у адрозьненьне ад Януковіча), але не перакармліваць. І ўсялякае такое.

Вы ведаеце, што я маю дачыненьне да арміі ўкраінскай нашай любімай. Дык вось, па маіх даных, Турчынаву на пачатку гэтага канфлікту паклалі на стол дзевяць варыянтаў дзеяньня, кожны зь якіх – гэта недзе 10-15 пунктаў. Паклалі вайскоўцы. У нас вельмі добрая вайсковая школа, у нас вельмі шмат ВНУ, Нацыянальная Акадэмія Абароны – там працуюць высокія інтэлектуалы, якія скончылі заходнія навучальныя ўстановы… Яны паклалі планы канкрэтных дзеяньняў – абсалютна рэалістычныя, з улікам таго становішча, у якім зараз знаходзіцца Украіна, украінская армія і так далей – якія даўно б усю гэтую паўзучую агрэсію спынілі б. Там планы ад самага мірнага, спакойнага да самага ваеннага. Дык вось – з самага мірнага выкананы толькі першы пункт з адзінаццаці, які трэба было выканаць месяц таму, як толькі ўсё гэта пачыналася.

Вось я вам патлумачу. У Крым перакідваюцца “зялёныя чалавечкі” – па кропельцы. Гэта прасачваньнем называецца. А ў Крыме 22-тысячная групоўка ўкраінскіх войскаў. Расейцы кажуць: “Чарнаморскі флот праводзіць вучэньні, а гэтыя кліенты – мы ня ведаем, хто яны”. Дык калі вы ня ведаеце – хто гэта, дык выводзьце 36-ю брыгаду зь Перавальнага (гэта самая баяздольная брыгада ўзброеных сіл ва Ўкраіне, у якой больш за ўсё вучэньняў, цалкам укамплектаваная па штаце, падрыхтаваны персанал, які прымаў удзел у міратворчых місіях і сумесных вучэньнях), атачайце расейцаў і абараняйце іх ад невядомых тэрарыстаў.

Трэба было сказаць расейцам: “Вы нашы браты і мы будзем вас абараняць! А раптам гэта тэрарысты! Гэта ж невядомыя людзі са зброяй!” Усё. Гэта ўсё можна было задушыць у зародку. Чаму гэта не зроблена?

Для таго, каб мы набылі ўрок – нам не патрэбна бюракратыя! Галоўны ўрок гэтай рэвалюцыі (адзін з галоўных, сярод іншых) – гэта тое, што павінна быць ва ўсім сьвеце завалена бюракратычная загана, павінна адбыцца антыбюракратычная рэвалюцыя. Мы павінны пазбыцца бюракратыі і навучыцца новым сацыяльным тэхналогіям па арганізацыі й самакіраваньні, якія павінны быць завязаныя на новыя тэхналогіі накшталт электроннай дэмакратыі. Навошта патрэбны бюракрат, калі ёсьць тэлефон у кожнага і ён можа з кожным звязацца. Вось пра гэта гаворка. Гэта гістарычная задача Украіны – заваліць бюракратычны парок.

І менавіта бездапаможнасьць і ганьба, у якія яны кідаюць усю краіну, усіх нас – зьяўляецца лепшым доказам, што надайшоў час зь імі разьвітвацца назаўсёды.

 

– Але якім чынам гэта можна зрабіць? Зараз ідзе вайна.

– А вельмі проста. Яшчэ пару такіх вось “мужных” рашэньняў накшталт “не адкрываем агонь, калі забіваюць нашых” – і іх зьнясуць вайскоўцы. У Генштабе сьпее вялікае і вельмі злоснае лобі…

 

– Гэта нават бачна па адкрытых лістах вайскоўцаў. Прапаршчык запасу, кожны лічыць сваім абавязкам напісаць пісьмо. Таму што вайскоўцы не разумеюць, што адбываецца. Я грамадзянскі чалавек – і я абураюся. А я ўяўляю, што адчувае афіцэр…

Арэстовіч 2– Праблема ў тым, што вайскоўцы – гэта сапраўды патрыёты ўсе. Інакш чалавек ня можа вытрымаць цяжар і нягоды вайсковай службы, калі ён не заклапочаны лёсам краіны і дзяржавы. Гэтыя капейкі, якія яны атрымліваюць… Калі палкоўнік, які ведае чатыры мовы, у маім упраўленьні, які адваяваў тры вайны толькі пры Саюзе і потым яшчэ парачку місій тут, ва Ўкраіне, атрымлівае чатыры з паловай тысячы грыўнаў, жонцы калготкі ня можа купіць, дык ён служыць толькі па адной простай прычыне (кватэра ў яго ўжо ёсьць; заўважце, ён начальнік упраўленьня, у яго, у прынцыпе, някепская пенсія) – ён служіць, таму што ён патрыёт. Чартыхаецца, але служыць. Вайсковы чалавек – патрыёт, у любым выпадку.

Але я вам скажу, што вайскоўцаў трэба вельмі моцна давесьці, каб яны пачалі пісаць адкрытыя лісты. У Генштабе магутнае лобі, вельмі злоснае, і гэта не капітаны, не прапаршчыкі – гэта генералы і палкоўнікі, супраць цяперашняй улады. Яшчэ пару такіх сьмелых рашэньняў па стрымліваньні, па неадкрыцьці агню, па адсутнасьці неабходных захадаў і так далей – яны проста на хр** зьнясуць усё. Возьмуць у свае рукі. Гэта будзе дзіўнае спалучэньне…

Ёсьць жалезнае правіла, якое многія людзі не разумеюць: у гісторыі, а часта і ў жывых, застаецца толькі чацьвертае пакаленьне рэвалюцыянераў. Ленін – трэцяе, Сталін – чацьвертае. Банапарт – якое пакаленьне французскіх рэвалюцыянераў? Вы помніце мантэньяраў, жырардзістаў і так далей? Іх ніхто не памятае. І хто рабіў лютаўскую рэвалюцыю – таксама ніхто не памятае… Вось у нас адбылася лютаўская рэвалюцыя, але насьпявае кастрычніцкая. Мяркуючы па тым, як “тупіць” наш родны ўрад… Мне многія пярэчаць, калі я крытыкую іх жорстка. Яны гавораць, што “пачакай, гэта памылка”.

 

– Гэта заходнія кансультанты гавораць ім, што рабіць?

– Не, не. Захад, англасаксонская традыцыя, заходняя традыцыя, у якой цяпер і Еўропа знаходзіцца, у тым ліку і франкаформная і нямецкая Еўропа, заключаецца ў тым, што яны працуюць з данасьцю. Данасьць ёсьць – я зь ёй працую: Україна супраціўляецца – мы дапамагаем супраціўленьню, Україна не супраціўляецца – ну, тады мы працуем з тымі, хто яе заваяваў. Прабачце – мы працуем з данасьцямі.

Дык вось фішка заключаецца ў тым, што заходнія кансультанты, нават Іларыёнаў наўпрост кажа з Вашынгтона, што “хлопцы, супраціўляйцеся, тады вам будуць дапамагаць”. Мы не супраціўляемся.

А чаго нам не хапае? Чэргі ў ваенкаматы стаяць. Вы ведаеце, колькі на складах толькі вакол Кіева ўзбраеньня і тэхнікі? Баі маглі ісьці ўжо пад Владзівастокам. Дваццаць адна тысяча комплексаў “Малютка” супрацьтанкавых. Няхай гэта першае пакаленьне, думаеце, расейскай тэхніцы іншае трэба? Навучыцца страляць з “Малюткі” – гэта дзьве гадзіны. Мы маглі б пяць разоў спаліць усю тэхніку, якая зараз знаходзіцца на ўзбраеньні расейскай арміі, гэтымі комплексамі, нават схібіўшы кожны трэці раз. І гэта толькі “Малютка”.

Я проста ведаю, пра што гаворка ідзе. Вы ведаеце, колькі кулямётаў ПК на складах толькі вакол Кіева? Кулямётаў розных мадыфікацый – дзевяноста тысяч. Гэта на кожнага расейскага салдата – па кулямёту. Дзе гэта ўсё? Чаму яны заклікаюць здаваць зброю? Чаму не легалізуюць?

Я даю гэтаму ўраду вельмі няшмат часу. Пакуль іх яшчэ трымае толькі адно – Захад стварае дакладна такую ж ілжывую карцінку, як і Расея. Трохі менш ілжывую, але галоўны трэнд там такі, што гэтыя людзі сапраўды прадстаўляюць Майдан і зьяўляюцца адзінымі выяўнікамі яго інтарэсаў. Гэтая карцінка пасьлядоўна стваралася ўвесь час нашай рэвалюцыі (першыя этапы яе) і ствараецца цяпер. Нідзе на Захадзе вы не даведаецеся, што Клічко аблілі з агнетушыльніка, што яго пабілі палкамі на Грушэўскага, што яму пагражалі, што Сеню не пускалі на сцэну, што Сотнікаў выхапіў мікрафон, і так далей… Захад пасьлядоўна праводзіць для сваіх выбарцаў, для ўнутранага карыстаньня карцінку, што яны прадстаўляюць Майдан.

Дык вось, калі Майдан пагоніць гэтых…

 

– Майдан перайшоў у такую фазу

– Сьпячкі.

 

– дынамічную, што ён можа сабрацца па закліку…

– Майдан адыйшоў у сеціва… І атрымліваецца, што калі іх зьнясуць, Захад апынецца ў вельмі няёмкім становішчы. Яго спытаюць: “А што ж вы нам калісьці ўціралі?” Жыць ім засталося пару тыдняў з такімі рашэньнямі – гэтаму ўраду як палітычным суб’ектам, а можа быць і фізічным. Таму што вайскоўцы да сантыментаў ня схільныя. І вуліца іх таксама не прабачыць…

 

– Добра, будзем за гэтым назіраць. Давайце трохі пра іншае пагаворым – пра нацыяналізм, фашызм – рускі, украінскі. Гэтая тэма сёньня вельмі востра паўстае. Калі паказваюць цяпер ветэранаў, якім належыць перамога над фашызмам, скажам так. Гэтыя ветэраны ёсьць ня толькі ў Расеі, а іх ва Ўкраіне вельмі шмат. І фашызм перамагла і Україна. Але цяпер Расея ўсім сваім відам паказвае, што гэта яны спадкуюць славу перамогі ў Другой сусьветнай вайне, а ўсё насельніцтва Ўкраіны – гэта фашысты…

– А дзе палітычная воля на ўсё гэта? Дзе палітычная воля на гэтую шырокую інфармацыйную кампанію? Патлумачце мне.

Пры гэтым вы не забывайце пра нашых [цяперашніх] кіраўнікоў. Яны нам у сьпіну будуць біць…

Вы ведаеце, чаму ўкраінская армія не страляе? Яны баяцца сесьці ва ўкраінскую турму, куды іх пасадзіць Турчынаў і кампанія…  

Глядзіце, ёсьць такая разводка новай улады, якая завецца Нацыянальная гвардзія. У арміі  некамплект, няма элементарнага. Але 60.000 добраахвотнікаў чамусьці накіроўваюць у Нацыянальную гвардзію? А Нацыянальная гвардзія ствараецца на грунце ўнутраных войскаў.

Гэта паказвае, што гэтая кампанія бачыць асноўную пагрозу ў першую чаргу з боку ўласнага народа. Улада ня хоча размаўляць з народам і абірае момант ваеннай агрэсіі чужой дзяржавы для набора людзей ва… ўнутраныя войскі, а не ва ўзброеныя сілы Ўкраіны.

Людзям з дэфіцытнымі сьпецыяльнасьцямі ў ваенкаматах даюць ад варот паварот…  Прызыву няма… І па ранейшаму галоўную стаўку робяць на ўціск унутранага пратэста.

Чаму гэтыя “зайкі” [Турчынаў, Яцэнюк?] ня зьезьдзілі ў Крым адразу? Чаму толькі сёньня Яцэнюк на рускай мове зьвярнуўся да народу на паўднёвым усходзе Ўкраіны? Гэта нельга было зрабіць раней? Чаму б раней не разьвеяць, супакоіць?

Пытаньне мовы – гэта пытаньне ХІХ стагоддзя… [?! – Рэд.]

 

– Як супрацоўнічаць зь людзьмі, якія крычаць “Расея, Расея!”?

– Што значыць, супрацоўнічаць? Любы палітычны працэс – гэта барацьба за меркаваньне маўклівай большасьці! За хатніх гаспадынь, людзей, якія сядзяць у тэлевізараў, ходзяць на выбары і атрымліваюць пенсію. За іх трэба змагацца ў першую чаргу. Нешматлікія кучкі маргіналаў ці наўпроставых агентаў, а там расейскія выведгрупы на месцы, якія ўсё гэта арганізоўваюць – іх можна вельмі хутка схлопнуць сіламі СБУ – армія таксама можа. Гэта не праблема, без адзінага стрэла – як у Херсанскай вобласьці павязалі дзьве групы расейскіх прафесійных выведнікаў.

І вось, глядзіце, які цікавы момант. У Херсанскай, Нікалаеўскай, Днепрапятроўскай абласьцях СБУ арыштоўвае расейскіх шпіёнаў з узбраеньнем, з тэхнікай, з падрыўнымі прыладамі і так далей. А ў Харкаўскай, Луганскай, Данецкай і Марыўпальскай – не арыштоўваюць. Чаму? Адкрыю страшны сакрэт. Таму што ў Нікалаеўскай, Херсонскай і Днепрапятроўскай абласьцях няма Ахметава, Ефрэмава, Гепы і Допы. Вось і ўсё. Чаму санкцыі супраць Медзьведчука, Клюева, Пшонкі і Янукавіча ўводзіць Амерыка і Еўропа? Чаму Ўкраїна іх ня ўводзіць? Чаму не заблакаваныя рахункі тут, не арыштаваная маёмасьць? Чаму гэтыя людзі не арыштаваныя? Клюеў – чалавек, які даваў загад аб расстрэлах, правая рука Суркова, лепшы сябра Пуціна і так далей – ходзіць па парламенту і радасна стварае новую дэпутацкую фракцыю.

Вы што-небудзь разумееце ў падзеях?

 

-Не, гэта цяжка растлумачыць.

– Вось і ўсё, усім усё зразумела.

 

– Ну, добра, зараз шмат людзей, пра якіх мы даведаліся на Майдане і якія зараз уваходзяць ва ўладныя структуры: антыкарупцыйны камітэт, люстрацыі – Дзіндзя, Паўло Шарамет (даволі вядомы эканаміст)… То бок гэтая ўлада не такая маналітная, акрамя Турчынава і Яцэнюка ўжо нейкія іншыя людзі ўвайшлі ва ўладу, ці ўсё ж яны няздольныя зьмяніць штосьці?

– Застаецца маленькая надзея на канвергенцыю. Канвергенцыя – гэта калі не трэцяе пакаленьне рэвалюцыянераў зносіць другое (у нас першае – гэта людзі на Майдане, другое – гэтыя гаўрыкі ва ўладзе, трэцяе – гэта тое, што высьпявае ў Генеральным штабе, на вуліцы…). Але ёсьць момант канвергенцыі, то бок яны могуць адно ў другое прарасьці.

Людзі, якія зараз ва ўладзе, могуць адумацца пад ціскам абставінаў, па-другое туды могуць пранікнуць людзі (ізноў жа пад ціскам абставінаў) – патрэбны хоць хтосьці, хто арміяй можа кіраваць – пранікнуць афіцэры, генералы, і тыя ж Шарамет ды іншыя младарэфарматары пранікнуць у цэнтр прыняцьця рашэньняў. І паступова адбудзецца замена.

Але чым далей тупіць Турчынаў і кампанія, тым менш шанцаў на канвергенцыю, тым больш шанцаў, што іх разьвесяць за ногі на ліхтарах ва ўрадавым квартале.

Няхай цяпер гэтая публіка паспрабуе разагнаць тых людзей, якія іх будуць разьвешваць – той жа Майдан знасіць – у каго яны ператвараюцца? Яны дагуляюцца да таго, што іх зьнясе трэцяе пакаленьне рэвалюцыянераў. А рэальнымі рэфарматарамі будзе чацвёртае. Таму што задача трэцяга пакаленьня будзе здушэньне ўнутранага сепаратызму, то бок вайсковая задача, і адбіваньне ваеннай агрэсіі. А будзе вельмі цяжкае становішча.

Вы не разумееце адной рэчы. Расея робіць моцныя хады і яшчэ праз тры-чатыры хады ўкраінскае грамадства трэсьне. Мы пачнем ненавідзець адзін аднаго (ужо ўнутры – былыя майданаўцы) і адзін аднаго абвінавачваць, і адзін у аднаго страляць.

 

– Так, укідваецца шмат фальсіфікату і нефальсіфікату

– Грамадства нельга выхоўваць паразамі. Вось Маргарэт Тэтчэр, 1982 год, Аргентына заваёўвае Фалклендскія астравы за восем тысяч міль ад Брытаніі. Ад апошняга клерка да начальніка Генеральнага штабу Брытаніі яе адгаворвалі праводзіць гэтую кампанію. Казалі, што асноўныя сіла Брытаніі знаходзяцца на рэйдзе, што ў нас канфлікт у Паўночнай Ірландыі, які трэба здушваць, у нас няма войскаў, у нас няма грошай. Амерыка адгаворвала Брытанію… Але Мэгі ўзяла старую спадніцу і пагнала сваіх генералаў у атаку. Пазычылі грошы і так далей…

Таму што яна, у адрозьненьне ад нашых гаўрыкаў ведала простую рэч: грамадства нельга выхоўваць на паразах. Калі ты пацыфіст, калі ты ня хочаш ваяваць, калі табе сумленьне не дазваляе – не кіруй дзяржавай. Палітык нават у мірны час знаходзіцца ў вібрацыях і ў становішчы, як камандзір на вайне. Ён павінен прымаць непапулярныя рашэньні – аб здушэньні, аб рэформах, аб усім іншым, змагацца з тым і тым…

Увогуле – у жорсткіх вібрацыях, на вайне – ён у падвойна жорсткіх вібрацыях. Калі ты да гэтага не падрыхтаваны – ніякі какаін табе не дапаможа, якім яны там у Вярхоўнай радзе актыўна забаўляюцца, таму што вынікі змываў з прыбіральняў у Вярхоўнай радзе паказалі чысты какаін з дамешкам крэку.

Гэта проста набор выпадковых людзей на тых месцах. А ў такі час нельга знаходзіцца выпадковым людзям, увогуле ніколі нельга, кожны павінен быць на сваім месцы.

Калі ты не гатовы гэта трымаць, не гатовы быць дзяржаўным дзеячам ці хаця б палітыкам (яны ж нават не палітыкі – гэта эканамісты і барацьбіты за кепска прыстроеныя фонды) – цябе адтуль скінуць. Ці ты сам пойдзеш, ці цябе скінуць.

Але мазгоў у іх няма, таму што калі чалавек сядае ў крэсла, у яго мяняецца стан сьвядомасьці. І зь імі адбываецца тое ж самае, што з расеянамі цяпер. Яны проста не разумеюць, што адбываецца. Але гэта скончыцца вельмі дрэнна…

 

– Шараговыя чальцы грамадства, якія вось так жа сама массава адчуваюць нейкае расчараваньне: адцяпалі Кры, а з боку нашага ўраду – такая нейкая  стрыманая пазіцыя.

– Няма ўвогуле ніякай рэакцыі. Пазаўчора ў Крыме пачалі высяляць жонак украінскіх афіцэраў. Там гвалт над жанчынамі й дзецьмі цяпер адбываецца. Іх хапаюць за валасы, выцягваюць з кватэр, забіраюць рэчы…

Дваццацідвухтысячная групоўка стаіць у Крыме. Пра што яшчэ можна казаць?

 

– Штосьці нам ніхто ніколі пра такую групоўку не казаў…

Правільна, яны ілгуць вам, таму што Яценюк – стаўленік Цімашэнкі – і апавядае нам пра суадносіны самалётаў 1:98, двухсотдваццацітысячныя групоўкі на межах Украіны. Гэта брахня поўная. Групоўка вядомая. Галоўнае ўпраўленьне выведкі міністэрства абароны кожныя дваццаць хвілін дакладае ім, што на самой справе – там мізэрныя восемдзесят тысяч. Што такое восемдзесят тысяч, калі ім трэба ўзяць 5-6 буйных абласных цэнтраў – гэта па 5-6 тысяч салдат на абласны цэнтр. Вы самі ў гэта верыце? Іх з рагатак можна адсюль запінаць і прагнаць. Я ўжо не кажу, што кожнаму мужыку проста па аўтамату ўручыць…

 

– І калі нам кажуць, што там нейкія дзьвесьце тысяч на мяжы, і калі лічыш, колькі арміі ў Расеі – іх там ня можа сабрацца дзьвесьце тысяч

У Расеі ўсе сухапутныя войскі разам з усімі інтэндантамі, сувязістамі – усяго дзьвесьце дваццаць тысяч. У Расеі такія ж праблемы. Яны ня могуць зьняць войскі з [мяжы] Кітая. Яны ўсё зьнімаюць. Яны ўсё сюды прывалаклі і гэтага ўсяго апынулася восемдзесят тысяч.

Я кажу, што на ўсю Расею недзе 250 лятаючых самалётаў. Таму што ў іх тыя ж праблемы. Пуцін – чэкіст, ён армію не вельмі любіць, ён ЧК падымае, дык у іх тры самалёты разьбіраюцца, каб два ляталі. Грузіны за пяць дзён (а грузіны – куды больш сьціплыя ваяўнікі, чым украінцы. Нашыя ўкраінскія сьпецыялісты ставілі ім СПА), за пяць дзён вайны завалілі дзевяць самалётаў (толькі афіцыйна прызнаных Расеяй) і каля дваццаці пашкодзілі. Рэальна – больш. Дык вось – мы завалім не дзевяць, а дзевяноста, калі будзем працаваць. Гэта палова расейскага авіяпарку. З чым яны будуць вяртацца пасьля гэтай кампаніі на кітайскую мяжу?

Людзі падманутыя. Яны не разумеюць, што адбываецца. Мы можам вырашыць гэтую праблему, у тым ліку ваенную, даволі хутка, малой крывёй і зь вялікім посьпехам. І нашае грамадства будзе выхавана як параможца.

А цяпер скажаце: ці патрэбныя Турчынаву і кампаніі пераможцы? Зь імі ж невядома, што рабіць. Імі ж цяжка кіраваць.

 

– То бок ім патрэбная пазіцыя пацярпелага боку, які апелюе да міжнародных грантаў

– Плакаць, плакаць, таму што пад гэта даюць грошы, гранты. Ім патрэбнае прыдушанае грамадства, якое ні ва што ня верыць, хапаецца, як за саломінку, за гэтых, і думае: “Ну, навошта мы коней будзем мяняць на пераправе”. Яны сьвядома макаюць нас у гразь і спрабуюць выхоўваць нас на паразах.

Вось цяпер выклік для грамадства, прынамсі, для той яго актыўнай часткі, якая была на Майдане: калі мы зьнесьлі дыктатара Януковіча, няўжо мы не адолеем трусоў, калектыўнага Януковіча, якія тыцкаюць нас у гразь ані трохі ня менш.

Выбар такі. Яны сьвядома хлусяць. Якія 220 тысяч, якія 1:98 суадносіны?

Мы бачым па тэлебачаньні раз’юшаных вайскоўцаў, якія аспрэчваюць усё гэта…

Яны [Турчынаў і К0] кажуць, што ўкраінская армія  – 6 тысяч чалавек. Ды ўжо па тых войсках, якія рушылі і якія рэгулярна здымаюць і выкладваюць у Інтэрнэт – ужо бачна, што іх ня 6 тысяч, а значна больш.

Нічога, выйшла тэхніка, шчасьліва рухаецца сама. Ізноў жа: украінскіх вайскоўцаў у Луганскай, Данецкай абласьцях тармозіць мясцовая пятая калона крамлёўская. Вайскоўцы ня маюць права ні выкарыстаць зброю, ні выкарыстаць проста сілу – нават у паветра стрэльнуць, таму што Турчынаў іх абвінаваціць у правакацыі.

І таму вайсковую калону, дзе ідуць дэсантнікі, тармозяць пяць экзальтаваных бабулек і тры прыдуркі з георгіеўскімі стужачкамі.

Госпадзі, дык у вас жа ваш парламент. Увядзіце асаблівы прававы рэжым.

Дзе гэта бачана, каб калона сваіх войскаў не магла перасоўвацца па сваёй уласнай тэрыторыі? Вайскоўцы ня ведаюць, што рабіць. Яны запытваюць Кіеў – цішыня.

Цяпер расстрэльваюць нашых вайскоўцаў у Севастопалі – цішыня. Расейскія вайскоўцы не прапускаюць “хуткую” да параненага – цішыня. Выкідаюць жонак і дзяцей з кватэр – цішыня. Высаджваюцца ў Херсонскай вобласьці – цішыня. Затое Клюеў, Медзьвядчук, Гепа, Допа, Ахметаў і так далей шчасьліва расхаджваюць тымі ж калідорамі Вярхоўнай рады. Камуністы, якія не галасавалі ні за мабілізацыю, ні за ўсё астатняе, шчасьліва там знаходзяцца.

Вы хочаце паглядзець, як выглядае контррэвалюцыя, сапраўдная “контр”? Не глядзіце паседжаньні Дзярждумы Расеі, паглядзіце паседжаньні ўкраінскай Вярхоўнай рады.

Вось гэта вам контррэвалюцыя ў чыстым выглядзе.

 

– Добра, Аляксей, дзякую за сёньняшнюю размову.

 

4 каментарыя

  1. Вайна – гэта вельмі страшна. І яна пачалася. Калі Пуцін пагнаў наперадзе сваіх войскаў жанчын і дзяцей – гэта ужо лютасць якая перайшла ўсе межы. Нават, гітлераўцы гэтую тактыку рэдка прымянялі. Тут ужо трэба задумацца ўсім. Калі расейскі вайсковец кажа, што заб’ю двух украінцаў, атрымаю медаль і паеду дамоў. То тут таксама патрэбна задумацца. Я зразумела толькі адно дакладна, што калі Пуцін захопіць Украіну, то нам ўсім будуць кранты. Вечнае рабства і вечнае жабрацтва забяспечаны назаўсёды. Крайні негатыў у мяне вызывае то, што Пуцін пайшоў на абарону злодзея Януковіча. Разумееце, злодзея. Атрымліваецца, што з боку Пуціна і ўсёй гэбоўскай клікі, злодзей ва ўладзе гэта нармалёва, а вось справядлівыя патрабаванні народа да такой улады – гэта фашызм. Жах, проста жах. Але больш жахліва тое, што гэта падтрымлівае больш 80% расеян. І чаму яны падтрымліваюць патрэбна разумець, як кажуць, “рускую душу”. У першую чаргу, патрэбна зразумець, што “руская душа” – гэта паразытуючая душа. Рускія не любяць працаваць, а вельмі любяць пагуляць, з размахам. Яны прывыклі за тысячагоддзі толькі грабіць і жыць за чужы кошт. Гэтыя стэрыятыпныя паводзіны перадаюцца з пакаленьня ў пакаленьне. Аднойчы, будучы ў лагеры, я падаравала адной рускай сям’і цёплыя рэчы, бо у мяне было іх шмат, а у іх былі праблемы з адзеннем. На наступны дзень іх дзіцё мне і кажа: “А вы не абіжаецеся, што мы у вас урвалі адзенне?” Вось гэтае слова “урвалі” мяне і разанула па слыху. У нас так не гавораць, а у іх гэта ў парадку рэчаў. Нахабства і рвачэства – гэта іх стыль жыцця, гэта іх рэчаіснасць. Вайна – гэта адраджэнне для рускіх, гэта пад’ём іх духу, ажыўленне і яны будуць ваяваць і будуць забіваць і будуць гнаць жанчын і дзяцей наперадзе сваіх войскаў. Ўсё гэта будзе цягнуцца да тых пор, пакуль гэтая краіна не разваліцца на дробныя часткі. Моцная і вялікая Расея свету не патрэбна. Гэта ёсць патэнцыяльны нахабны і хлуслівы агрэсар.

  2. Siarhiej кажа:

    А можа Крым – гэта сыр у мышалоўцы для Масквы? Вайна ў Аўганістане паспрыяла развалу СССР. Якая імавернасьць, што Расея разваліцца?

  3. Licvin кажа:

    ”— Як вы ацэньваеце здольнасьць цяперашняй украінскай улады ў Кіеве супрацьстаяць стварэньню такіх пляцдармаў ва ўсходніх рэгіёнах?
    — Цяперашняя ўкраінская ўлада працуе сумесна з Пуціным па здачы асобных частак Украіны. У мяне гэтае ўражаньне склалася некалькі тыдняў таму, і з кожным днём яно толькі ўзмацняецца. Я прашу прабачэньня за такі шчыры тэкст, але ў мяне няма іншых словаў, каб ахарактарызаваць тое, як здаваўся Крым. ”
    Іларыёнаў — былы дарадцв Пуціна.

  4. Licvin кажа:

    На сёнішні дзень вельмі важна зразумець, што адбылося і што адбываецца ва Украіне. Сёння Расія імкнецца патлумачыць ЗША, што на самай справе ва Украіне адбылася сацыяльная рэвалюцыя, якую агульнымі намаганнямі ўкраінскай рэвалюцыйнай вярхушкі і ўладаў Расіі ўдалося замакіяжыць і адвесьці ўбок, скарыстаўшы жупел ‘’рускаязычныя’’, таксама Крымскім пытаннем.
    Але калі ўкраінскай рэвалюцыі ўдасцца пайсьці далей і яна пачне рабіць перагляд вынікаў несправядлівай прыватызацыі ў 90-х гадах, таксама возьме на ўзбраенне ідэю аб сацыяльна-справядлівым грамадстве, то гэта можа амаль імгнена перакінуца на Расію, што будзе абазначаць грамадзянскую вайну. Такім чынам госсакратару Керры міністар замежных спраў Лаўроў патлумачыў рэальнасць на Украіне і потым абодва шукалі нейкія варыянты, як пагасіць альбо накіраваць гэтую рэвалюцыю ў бок, каб яна не закранула ні Еўропу, ні Расію. ЗША зразу забылася пра свой Мемарндум аб захаванні тэратэрыальнай цэласнасьці і суверынітэту Украіны, бо сацыяльная рэвалюцыя ў Расіі, Прывід якой ходзіць па Майдану — гэта страшны сон для амерыкосаў.
    Пры гэтакіх абставінах лепшым варыянтам можа быць, як раздзел Украіны, і нават ваены канфлікт Украіны з Расіяй, толькі не разрастанне сацыяльнай рэвалюцыі ва Украіне, якая можа пахаваць усе дасягненні міжнароднай, расейскай і заходняй алігархіі.
    З гэтых пазіцый і трэба мабыць разглядаць падзеі на Украіне і рэакцыю Захада і Расіі на гэтыя падзеі.

Пакінуць каментар

  • Старонкі

  • Катэгорыі

  • Апошнія запісы

  • Архівы