На мінулым тыдні многія маглі назіраць, як Парламенцкая Асаблея Рады Еўропы (ПАРЭ) на сваёй сесіі пазбавіла Расею права голасу і кіраўніцтва ў структурах Асамблеі. Былі й напал абмеркаваньня гэтага пытаньня, і адназначная фармулёўка: “Для таго, каб выказаць сваё асуджэньне-неўхваленьне дзеяньняў Расейскай Федэрацыі ў дачыненьні да Украіны, Асамблея прымае рашэньне … прыпыніць права расейскай дэлегацыі галасаваць да канца сесіі 2014 г.” . Пры гэтым за кадрам засталіся паводзіны прадстаўнікоў Расеі ў сесійнай зале і за яго межамі. Дэлегат Украіны ў ПАРЭ Ірына Герашчанка распавяла аб брудных прыёмах пуцінскай “дыпламатыі” й аб хамстве расейцаў на нядаўняй сесіі Асамблеі. Інтэрвю ў яе ўзяў Яўген Кузьменка (матэрыял узяты адсюль: http://sokrytoe.net/15067-irina-geraschenko-o-gryaznyh-priemah-putinskoy-diplomatii-i-o-hamstve-rossiyan.html).
Я.Кузьменка: Як складаліся дачыненьні з расейскай дэлегацыяй па ходзе сесіі?
І. Герашчанка (гл. фота): Традыцыйна падчас сесій ПАРЭ ўкраінская і расейская дэлегацыі жывуць у адным гатэлі «Себасьцьян Бах», які знаходзіцца непадалёк ад самога будынка Асамблеі. Зразумела, што калі знаёмыя адзін з адным палітыкі сустракаюцца, то яны маюць зносіны, абменьваюцца навінамі, жартуюць.
Нашы ж зносіны з расейскай дэлегацыяй ніколі не былі лёгкімі – ні на афіцыйным узроўні, ні неафіцыйна. Расейцы заўсёды падзялялі ўкраінскую дэлегацыю на родных ім камуністаў ды “рэгіяналаў” і нас – “аранжавых”. У сваю чаргу, і мы не хавалі, што шмат чаго не ўхваляем у пуцінскай палітыцы, але гэты абмен думкамі й зьедлівасьцямі заўсёды праходзіў у рамках прыстойнага. Аднак цяперашняя сустрэча ў ПАРЭ з рускімі пакінула панурае ўражаньне: гэта было сутыкненьне двух розных сьветаў.
Для мяне і маіх калег па ўкраінскай дэлегацыі гэта была першая сустрэча з расейскімі палітыкамі з моманту анэксіі Крыму. Мы не віталіся, бо падаваць руку людзям, якія прагаласавалі ў адзіным бяздумным парыве за вайну супраць нашай Радзімы – было немагчыма. Больш за тое, я ўпэўненая, што гэтыя людзі павінныя адчуваць пагарду навакольнага сьвету, кожную хвіліну ўсьведамляць, што ў прыстойным цывілізаваным грамадстве ім няма месца…
Я ўвогуле ўпэўненая, што ключавая праблема, справакаваная рэжымам Пуціна – гэта нават не адцяпваньне Крыму. Украіна на час страціла Крым, а вось Расея назаўжды страціла Украіну. Яны нам больш ніякія не браты і не сябры, таму што брат на брата не падымае руку – а тым больш аўтамат Калашнікава. Гаворка ідзе пра тое, што паміж двума народамі выкапаны велізарны роў, закопваць які трэба будзе некалькім пакаленьням.
Увогуле, бачыць за сьняданкам людзей, у якіх не завагалася рука прагаласаваць за аб’яўленьне вайны Ўкраіне, было моташна. А мы і не спрабавалі гэта хаваць, называючы іх не інакш як акупантамі.
– Як сябе паводзілі прадстаўнікі расейскай дэлегацыі ў неафіцыйнай, непрацоўнай, абстаноўцы?
– Адным з самых адыёзных персанажаў гэтай дэлегацыі зьяўляецца дэпутат Дзярждумы Расеі Слуцкі – той самы, супраць якога ўжо былі ўведзеныя візавыя санкцыі Еўрапейскага Зьвязу (гл. фота). Аднак, згодна з дыпламатычнымі правіламі, член міжнароднай дэлегацыі мае права прысутнічаць на яе паседжаньнях. Такім чынам, у гэтага адзінаўтробнага брата “нашага ” Царова (гл. фота) сёньня ёсьць адзіны шанец выпіць еўрапейскай кавы і паесьці круасанаў – менавіта з такой вось нагоды. І пан Слуцкі – вельмі грымотны персанаж – усяляк падкрэсьліваў, што ніякая Еўропа Расеі й Слуцкаму, у прыватнасьці, – не ўказ. Астатнія вялі сябе менш гучна, але ня менш цынічна.
– Гэта што, было падобна на паказ савецкіх дыпламатаў у галівудскіх фільмах эпохі халоднай вайны: гучныя хамскія рэплікі, жудасны англійскі?
– Я наогул лічу, што дэградацыя краіны пачынаецца з дэградацыі палітыкаў. Таму што распавядаць анекдоты пра Ўкраіну, выказвацца аб нашай краіне ў нейкіх непрыстойных выразах, рагатаць пры бачаньні ўкраінскай дэлегацыі й бясконца абмяркоўваць па-за эфірам нейкія небыліцы пра “бандэраўцаў” – гэта ярка адлюстроўвае той сталы афект і стан, у якім сёньня знаходзяцца расейскія палітыкі.
Але тое, што яны плялі падчас сесіі самой Асамблеі й, калі на поўным сур’ёзе распавядалі аб тым, што да ўлады ва Ўкраіне прыйшоў нэафашысцкі ўрад, што тут на дзьвярах кабінетаў вісяць плакаты «Уваход толькі для фашыстаў», што ва Ўкраіне забароненая руская мова і прыгнятаюць усіх, хто выходзіць на вуліцу без свастыкі на грудзях, – гэта, вядома, за граньню.
Я як палітычны журналіст у свой час сустракалася і мела зносіны са шматлікімі расейскімі палітыкамі. І, шчыра кажу, нават у страшным сьне не магла сабе ўявіць, што іх палітычная эліта здэградуе да ўзроўню слуцкіх. Цяперашнія дэпутаты Дзярждумы – гэта людзі, у якіх на самой справе адсутнічае мараль, гэта беспрынцыпныя, залежныя, цынічныя і абмежаваныя людзі. Расею з такой элітай шчыра шкада…
– Мы мелі магчымасьць азнаёміцца з праслушкай размовы расейскіх амбасадараў у Эрытрэі ды Зімбабвэ, так што прыкладна ўяўляем сабе сярэдні ўзровень цяперашняй расейскай дыпламатыі [пра што ідзе гаворка, кожны можа азнаёмцца тут: http://www.youtube.com/watch?v=tyurtAJJgrY ці тут: http://informing.ru/2014/04/03/v-seti-poyavilas-zapis-dialoga-mezhdu-poslami-rf-v-zimbabve-i-eritree-16.html; гл. фота расейскіх дыпламатаў зьлева; зьвярніце ўвагу таксама на “шалом”…. – Рэд.]. А якімі прыёмамі расейская дэлегацыя карысталася на самой сесіі ПАРЭ і вакол яе?
– А ў іх усіх адзін, спушчаны зьверху, прыём – гебельсаўская хлусьня.
Ці гаворка ідзе пра дыпламатаў чуркіных, ці пра слуцкіх ды іншых дэпутатаў Дзярждумы. Больш за тое, для абалваньваньня свайго насельніцтва гэтыя дэлегацыі прыязджаюць на падобныя міжнародныя мерапрыемствы зь вялікім пулам журналістаў, і тыя паслухмяна адпрацоўваюць крамлёўскія тэмкі. Прапагандысцкая машына працуе так, што Андропаў і Грамыка пераварочваюцца ў труне ад зайздрасьці.
Праўда, збоку гэта выглядае досыць сьмешна. Напрыклад, калі стала зразумела, што на гэтай сесіі расейскую дэлегацыю цалкам ня вытураць з ПАРЭ – але пазбавяць права голасу, удзелу ва ўсіх маніторынгавых місіях, а таксама магчымасьці прымаць удзел у выбарах кіраўніцтва Асамблеі – яны пабеглі па кулуарах да сваіх журналістаў з крыкамі: “Гэта перамога, гэта перамога!». А тыя паслухмяна паўтарылі ў рэпартажах, што дазвол працягваць, пакуль што, ёсьці круасаны на сесіях ПАРЭ – гэта велізарная палітычная перамога Расеі.
Узгадваецца “Казка аб голым каралі», калі праўду пра сьмешнага і брыдкага голага дзядзечку сказаў маленькі хлопчык. У дадзенай сітуацыі гэтым голым каралём выступіла Расея. І, што характэрна, гэта разумее ўвесь сьвет – прапаганда Крамля ўжо ні на каго ня дзейнічае.
– А як паводзіла сябе на сесіі ўкраінская Партыя рэгіёнаў?
– Дзеючыя члены фракцыі Партыі рэгіёнаў наогул не зьявіліся на сесіі ў крытычны і адказны для Ўкраіны момант галасаваньня па ўкраінскай і расейскай рэзалюцыях. Думаю, гэта не выпадковасьць, а заканамернасьць, якая падкрэсьлівае ключавое: ПР – гэта антыўкраінская па сваёй сутнасьці групоўка, якая дзейнічае ў інтарэсах палітыкі Крамля – пятая калона і сатэліт “Адзінай Расеі”. Гэта ж дакладная тактыка – не падтрымліваць важныя для Украіны рашэньні. Члены гэтай партыйнай групоўкі афіцыйна падтрымліваюць сепаратызм, раскол Украіны, працуюць на падтанцоўцы ў Пуціна. Пра што можна казаць, калі ПР да гэтага часу не разарвала пагадненьні аб партнёрстве з партыяй «Адзіная Расея», якая адзінагалосна прагаласавала за… вайну з Украінай?
– Пры гэтым расейская дыпламатыя – і гэта добра заўважальна па размове двух паслоў [гаворка ўсё пра тых жа расейскіх паслоў у Зімбабвэ і Эрытрэі. – Рэд.] – актыўна спрабуе ўплываць на пазіцыю той ці іншай краіны па цікавай для Расеі тэматыцы…
– Так, гэта і кулуарная праца, і пэўны шантаж – напаміны аб тым, наколькі тая ці іншая краіна або міжнародная арганізацыя залежыць ад Расіі, ад яе газу, членскіх унёскаў і г.д. Але, нягледзячы на тое, што Расея мае ў ПАРЭ некалькі дэпутатаў зь іншых краін – членаў ПАРЭ, якія адкрыта і бессаромна падтрымліваюць палітыку Пуціна і выступаюць адвакатамі ўсіх вар’яцтваў крамлёўскай палітыкі – на гэтай сесіі Асамблеі ўсе звыклыя метады і выкрутасы расейскай кулуарнай дыпламатыі праваліліся. У наяўнасьці гучная міжнародная аплявуха Пуціну: 154 галасы ў падтрымку рэзалюцыі па Украіне, якая жорстка асуджае анэксію Крыма і палітыку РФ па дэстабілізацыі сітуацыі ва Ўкраіне, і 145 галасы – за пазбаўленьне расейскай дэлегацыі права голасу ў ПАРЭ.
– Ці мелі месца прамыя абразы ў адрас украінцаў з боку расейскай дэлегацыі?
– Так. Падчас пасяджэньня ПАРЭ мы жорстка адбівалі ўсе іх папраўкі да рэзалюцыі. Мэта РФ – пераканаць сьвет у тым, што ў Кіеве – нелегітымная ўлада. Для данясеньня гэтага месіджу яны прыцягваюць сваіх адкрытых сатэлітаў, такіх, як малдоўскі камуніст ці вугоскі нацыяналіст з партыі “Ёбік”, якія адкрыта паясьнічалі, заяўляючы, што Украіна – гэта няцалкамдзяржава…
Уся наша дэлегацыя (а гэта быў першы выпадак, калі ўсе прысутныя ў залі ўкраінскія палітыкі адстойвалі адзіную пазіцыю) прыводзіла канкрэтны фактаж адсутнасьці моўных і нацыянальных праблем ва Ўкраіне, легітымнасьці ўраду, працы над новай Канстытуцыяй і т.п. Аднак не сакрэт, што ў Асамблеі ёсьць нямала палітыкаў і нават дэлегацый, якія традыцыйна займаюць прарасейскую пазіцыю і якія заклікаюць да дыялогу з РФ, якая ў сваю чаргу настойвала на нестабільнасьці ва Ўкраіне.
І ўсё ж для ўсяго сьвету, для ўсіх краін ёсьць межы, заступаць за якія недапушчальна. Адна зь іх – антысемітызм. І калі я прывяла прыклад таго, што антысемітызм становіцца часткай афіцыйнай інфармацыйнай палітыкі Крамля, што на расейскіх тэлеканалах выйшлі фільмы пра кандыдатаў у прэзідэнты Пятра Парашэнка і Юлію Цімашэнку, у якіх шукаюцца габрэйскія карані гэтых палітыкаў, зала была шакаваная гэтай інфармацыяй [карта “антысемітызму” такая моцная, што ўсе спрабуюць яе здабыць і выкарыстаць… – Рэд.].
Вось тут рускія папросту ўзьбеляніліся. Кіраўнік дзярждумаўскай дэлегацыі спадар Пушкоў – увесь такі вылізаны, выпешчаны – пакрыўся раптам чырвонымі плямамі, наўпрост падчас пасяджэньня стаў тыкаць у мяне пальцам і патрабаваць зачыніць мне рот…
Увогуле, з расейскай дэлегацыяй трэба размаўляць жорстка, не баяцца называць рэчы сваімі імёнамі: хлусьню – хлусьнёй, прапаганду – прапагандай, фашызм – фашызмам. Прычым, рабіць гэта ня толькі публічна, але і ў кулуарах, даносячы гэтую інфармацыю да ўсіх.
– Захоўваць вытрымку пры такіх хамскіх паводзінах, напэўна, вельмі складана.
– Ня буду хаваць, што эмоцыі сабе дазвалялі і мы. Таму што слухаць такое… Яны некалькі разоў дазвалялі сабе абражаць Украіну ў нашай прысутнасьці. «А ведаеце анекдот? Украіна ўступіла ў Еўразьвяз. Ха-ха-ха!».
– Фу, як пошла. Дзе яны такое казалі?
– У рэстаране, як толькі ўбачылі нашу дэлегацыю.
Хачу ў сувязі з гэтым адзначыць пазіцыю грузінаў, якія як ніхто абаранялі Ўкраіну, нагадваючы сытай Еўропе, што ніякага дыялогу з рэжымам Пуціна няма і быць ня можа, бо ён чуе толькі сябе.
– Як рэагуюць на агрэсіўны прэсінг расейцаў іншыя краіны?
– Не сакрэт, што ў Еўропе, а тым больш у краінах СНД, ёсьць моцнае расейскае лобі [купленае. – Рэд.], і Ўкраіне ня так проста абараняць сваю пазіцыю. Аднак цяпер Пуцін перастараўся ў сваім бразганьні зброяй. Сьвет вельмі напалоханы. Сьвет прызнаецца ў тым, што яшчэ месяц таму ў страшным сьне ня мог сабе ўявіць вайну Расеі супраць Украіны – такога нахабнага і бесцырымоннага зьневажаньня ўсіх міжнародных нормаў.
Краіны ЕЗ і СНД пачынаюць разумець, што калі і гэта сыдзе Пуціну з рук, то ў сваім імперскім вар’яцтве ён ня спыніцца на акупацыі Украіны. Далей будуць краіны Балтыі й г.д. [чамусьці ўсе жахліва баяцца сярод і гэтак далей называць Беларусь… – Рэд.] Яны вельмі напалоханыя. Таму ў іхных дэлегацыях нават прадстаўнікі прарасейскіх партый (якія пакуль што існуюць у Літве, Латвіі, Эстоніі) сёньня бескампрамісна выступаюць супраць анэксіі Крыма і расейскага ўварваньня.
Дэлегацыі Нямеччыны і Францыі, якія традыцыйна больш лаяльныя да Масквы, сёньня таксама займаюць больш жорсткую пазіцыю ў дачыненьні да РФ.
Расея становіцца міжнароднай фурыяй.
Валодзя Ар’еў распавёў гісторыю: яны з калегам Сяргеем Собалевым зайшлі ў кафэ ў аэрапорце ў Франкфурце. Афіцыянт спытаўся ў іх, ці з Расеі яны. На адказ, што з Украіны, афіцыянт ўзрадаваўся і сказаў: “Russia Aufwiedersehen” [Расея, бывай…].
Можна прывесьці дзясяткі падобных прыкладаў, калі таксіст або парцье ў гатэлі пытаецца: «Вы рускія?». І на адказ “Мы з Украіны”, кажа: ” Выбачайце!”
Сьвет адназначна на баку Кіева ў гэтай вайне.
Рускія становяцца міжнароднымі ізгоямі. І шчыра кажучы, часам вельмі цяжка стрымацца, каб не сказаць ім што-небудзь эмацыйнае. Я неяк спрабавала іх прысароміць. Казала: “Вы ж такія публічна набожныя, праваслаўныя, на камеру паклоны б’еце, крыжыкі носіце. Што ж вы ў Праваслаўны пост пачалі вайну супраць нас? Гэта ж да пракляцьця…».
– І як яны адрэагавалі?
– Ніяк. Як гаворыцца, “гарбатага магіла выправіць”. Іх дэлегацыя, адстойваючы пазіцыі Расеі, у сваёй рыторыцы не хавае, што, на іх думку, няма такой дзяржавы «Украіна»… То бок мантрыаб адзінымнародзеі пазіцыяПуцінапра развалСССРяк пранайвялікшуюпамылку ХХ стагоддзя –і ёсьць іхперакананьні дыіх ідэалогія.
– Яны гэта кажуць наўпрост?
– Так. Больш за тое, як вы ведаеце, яны ўжо і адпаведныя пастановы рэгіструюць аб адказнасьці Гарбачова за развал СС.
Плюс іх нанятыя клоўны – у прыватнасьці, венгерскі «Ёбік» – публічна агучваюць ўсе гэтыя гнюсоты. На сесіі ПАРЭ гэты персанаж [гаворка пра Тамаша Гаўдзі-Надзя; гл. фота. – Рэд.] адкрыта заявіў, што Венгрыя будзе прэтэндаваць на частку Ўкраіны [гаворка была пра Закарпацьце; гл. нядаўні матэрыял пра заявы Жырыноўскага. – Рэд.], і што ўвогуле “з гэтай дзяржавай трэба спыняць якшацца – мы ўсе ведаем, што гэта выпадковае фарміраваньне…”.
– Так, мы бачылі гэтую клаўнаду …
– … І вось, калі выступаў гэты тып, які зьдзекаваўся ня толькі з Украіны, але і з міжнароднага права, расейцы не крычалі: “Спыніць!”.
Яны яму пляскалі ў ладкі…”.