nashaziamlia.org

Асьветна-адукацыйны, грамадазнаўчы сайт для беларусаў: аналіз, прагноз, сілы, інтарэсы, сьветагляды, ідэі, ідэалогіі, праграмы, мэты.

Запісы

Андрэй Піянткоўскі пра Пуціна, Расею, Крым, Украіну

19 мая, 2014 | Няма каментараў

Піянткоўскі 1

 

Самы час паслухаць аднаго з найаўтарытэтных расейскіх палітычных аналітыкаў, які, на жаль, прытрымліваецца збольшага ліберальных поглядаў, Андрэя Піянткоўскага (гл. фота; на ім пан Андрэй справа). Інтэрвю ў яго дома, на кухні, бярэ маскоўскі журналіст Валеры Адстаўных (гл. фота; Адстаўных зьлева).  Інтэрвю ўзята адсюль: http://www.youtube.com/watch?v=_JC9quM_tts. У даным выпадку з-за яго вялікай працягласьці (больш за гадзіну) мы набіралі тэкст не з абсалютнай дакладнасьцю, а так, каб былі ясна зафіксаваныя ў пісьмовым выглядзе галоўныя думкі пана Піянткоўскага. 

Рэдакцыя.

 

 

Валеры Адстаўных (гл. фота ўнізе): Мы ў гасьцях у Андрэя Піянткоўскага – палітолага, публіцыста – на яго ўласнай кухні.

Піянткоўскі 2Лёс свабоды, дэмакратыі, на жаль, вырашаецца сёньня не ў Маскве, а ў Кіеве. Але я хацеў бы больш паразмаўляць не пра іх, а пра  нас – жыхароў Расейскай Федэрацыі.

Андрэй Піянткоўскі: Пуцін таксама частка нас – Расейскай Федэрацыі, але безь яго немагчыма сёньня разглядаць гэтыя праблемы.

Таксама мы памятаем, як нашы “правадыры” “зьлілі” тую ж Балотную… Я гэта ўсё назіраў у Каардынацыйнай радзе.

 

В.А.: Але я зараз пра іншае хачу сказаць – тое, што многіх уражвае тое, што адбываецца з нашым грамадствам. Ніхто не меркаваў, што людзі могуць быць так замбаваныя празь СМІ. Пры Брэжневе мы ўсе жылі двайным жыцьцём – афіцыйна казалі тое, што трэба было казаць, а на кухнях зь яго сьмяяліся і казалі праўду… Што цяпер адбываецца? 74% расейцаў падтрымліваюць вайну паміж брацкімі народамі!

Піянткоўскі 3А.П. (гл. фота зьлева): Я вельмі ськептычна стаўлюся да г.зв. апытаньняў грамадскай думкі. Прычым, у прынцыпе. Бо ў краіне са стагоддзямі таталітарнага мінулага тэлефонныя апытаньні ня могуць даць аб’ектыўную карціну. Даныя, што за Пуціна ад 25 да 50% яшчэ больш-менш праўдападобныя… Дасьледваньні Міхаіла Дзьмітрыева на фокус-групах паказваюць, што нават тыя, хто галасуюць за Пуціна, дастаткова крытычна да яго ставяцца і галасуюць “за Пуціна” таму, што ня ведаюць, а хто замест яго? Безь яго “краіна можа разваліцца…”

У 74% “за вайну” – я ня веру!

У сербаў была імперская сьвядомасьць, таму Югаславія развальвалася такім жахлівым чынам. А ў расейцаў ня так. Калі ў Белавежы падпісвалася пагадненьне аб разьдзеле СС, адзіны палітык, які вывеў некалькі сотняў людзей для пратэсту, быў Мікалай Траўкін. Расейская сьвядомасьць ня так моцна атручаная імперскімі парадыгмамі.

Памятаеце мітынгі ў Маскве ў пачатку 1991 года ў абарону незалежнасьці Прыбалтыкі? А французы не выхадзілі за незалежнасьць Алжыра.

 

– Чаму людзі вераць ТВ-прапагандзе? Адбываюцца скандалы ў сем’ях, працоўных калектывах…

– Інтэнсіўнасьць прапаганды даўно не была такой. Цяпер прапанаганда стала й інтэнсіўная, і хітрая. Пуцінская прапаганда – гэта спалучэньне сьпецаперацыі савецкага КГБ з амерыканскімі паліттэхналогіямі. Яна б’е па хворых месцах [у псіхіцы] – забіваюць рускіх, зьдзекуюцца з рускіх, фашысты, не дазваляюць размаўляць на рускай мове. Дзе не дазваляюць? У Кіеве палова размаўляе па-руску, а ў Крыме ўвогуле ня чутна ўкраінскай мовы.

Цяпер я бачу страту глузду ў г.зв. палітычнага класу. Гэта бачна няўзброеным вокам на прыкладзе самых розных людзей – і левых, і правых. Нават [лявак] Удальцоў, якому пагражае шмат гадоў турмы, гатовы пайсьці змагацца з “бэндэраўцамі”.

 

– Апазіцыя раскалолася па гэтай лініі. Здавалася б, “Левы фронт” – левакі, павінныя быць інтэрнацыяналістамі, павінныя падтрымаць антыкрымінальную, антыбуржуазную рэвалюцыю ва Ўкраіне, але замест гэтага левакі гатовыя на танках ісьці на Харкаў, Данецк.

– Большасьць левых сапраўды так [сябе паводзяць]. Таму, што гэта савецкасьць [саўковасьць]… Для нашых левых ня столькі ёсьць важнай класічная ідэя левых “сацыяльнай справядлівасьці” [на справе, ураўнілаўка. – Рэд.], колькі нейкі ідэал СС Леніна-Сталіна! Дарэчы, у Дугіна іншая імперскасьць. Гэта ў Праханава -чырвоная імперыя.

Разам [у падтрымцы нападу на Ўкраіну] зьліліся ўсе – адкрытыя нацысты-гітлераўцы (такія, як Дугін) і адкрытыя сталіністы (такія, як Праханаў). Яны – найбольш яркія прапагандысты гэтай імперскай [праграмы для Расеі].

Я ня ведаю, хто пісаў прамову Пуціну [гаворка вось пра гэтую прамову – https://nashaziamlia.org/2014/05/08/7031/ – Рэд.]. Але гэта геніяльная прамова ў сэнсе тэхналагічным. Гэта – гітлераўская прамова. Па структуры, аргументацыі гэта гітлераўская прамова пасьля далучэньня Судэтаў. Усе тыя ж ідэалагемы, якія глыбока пранікаюць [у душу рускіх] – “раз’яднаная нацыя”, “аб’яднаньне рускага сьвету”. Гэта – гатовая матрыца.

Быў добры артыкул аднаго нашага публіцыста пра добрага Гітлера – гэта Гітлер да канцлагераў, “халакосту”, разгару Другой сусьветнай вайны. Зь ім нават Сталін сябраваў. У пачатку 1930-х нават Чэрчыль добра ацэньваў Гітлера, як чалавека, які зьяднаў, арганізаваў нацыю, не дапусьціў камуністаў да ўлады. Гітлер быў геніяльным паліттэхнолагам, працуючы на струнах прыгнечанай нацыянальнай сьвядомасьці пасьля Версальскага міра. У Пуціна той жа самы прыклад прамовы.

Традыцыйныя часткі палітычнага сьпектру – левыя, правыя, нацыяналісты – кожны зь іх раскалоўся [праблемай стаўленьня да нападу Расеі на Ўкраіну]. Тут назіраецца ўзьдзеяньне не на розум, а на падсьвядомасьць, на эмацыйныя цэнтры [раскалолася нават група «Машына часу»; тут Піянткоўскі нават Гардона назваў «гандонам» – Рэд.].

Прапуцінскія прапагандысты кладуць цяперашнюю сітуацыю ў кантэкст найбольш трагічных момантаў расейскай гісторыі.

Цікавым ёсьць семантычны шэраг: нацысты – бэндэраўцы – антысеміты – жыда-бандэраўцы.  У Луганску быў нават лозунг – “Пайсьці на Кіеў, каб біць жыдоў, якія захапілі ўладу!” Маюцца на ўвазе Цімашэнка, Яцэнюк, Клічко.

Адкрыты нацыст Дугін – прыхільнік Гімлера, былы сябра Чорнага ордэну СС – цяпер яны нашы антыфашысты…

Вяртаючыся да прамовы Пуціна. Замах там не на Крым. Замах там на “Трэці рэйх – Рускі сьвет – Пятая імперыя”. Пуцін вельмі канкрэтна сказаў ня толькі пра Крым, а і пра паўднёвы ўсход Украіны.

Дарэчы, не Хрушчоў перадаваў Крым Украіне. У лютым 1954 года ў яго не было яшчэ неабходнай улады. Было сумеснае рашэньне Вярхоўнага савету РСФСР і Ўкраіны. Прычым, быў абмен землямі – Расея атрымала Таганрог. Роля Хрушчова ў перадачы Крыма Ўкраіне – гэта адзін зь міфаў. Проста выкарыстоўваюцца негатыўныя канатацыі ў расейскай сьвядомасьці на прозьвішча “Хрушчоў”.  Але Пуцін яшчэ ўзгадаў пра жыда-бальшавікоў пасьля Кастрычніцкай рэвалюцыі, якія аддалі “нашы данецкія і луганскія землі”.  “І Бог будзе ім суддзя”, – сказаў Пуцін пра Троцкага і Леніна. Гэта была прад’ява ўжо на гэтыя тэрыторыі. Далей Паўночны Казахстан, Нарва, Польшча, Прыбалтыка, Фінляндыя [зноў, зьвярніце ўвагу, пра Беларусь – ні слова! Яе нібы няма… – Рэд.]. Гэта спроба новай мадэлі метафізічнай арганізацыі нашага [расейскага] грамадства. Раскол сем’яў, калектываў – гэта частка агульнага працэсу перазагрузкі аўтарытарна-крымінальнай сістэмы ўлады на мадэль рамантычнага фашызму, з пэўнай вялікай ідэяй.  

[а галоўная прычына ў тым, што] мэм – “Пуцін – злодзей!” – стаў цэнтральным у палітычным дыскурсе. Зь ім доўга не працягнеш, яго трэба нейкім чынам мяняць. Таму мэм – “Пуцін – вялікі аб’яднаўца рускіх земляў!” – гэта цалкам новая праграма. Яна мае буйныя наступствы для нашых вонкавых- і ўнутрыпалітычных паводзін.

Таму я цалкам ня згодны з канцэпцыяй, што, маўляў, “вострая фаза крызісу прайшла, Пуцін пра ўсё дамовіўся з Захадам; на Крым яны заплюшчваюць вочы, а ён паабяцаў далей войскі ня ўводзіць; Україна пачне ўставаць на ногі”.

Але на гэтым фоне адбыўся абсалютна неверагодна вялікі посьпех  поста Арэшкіна на гэтую тэму, у якім той пачаў якраз з фразы, што “ўвядзеньня войскаў на поўдзень Украіны ня будзе” [гаворка вось пра гэты матэрыял: https://nashaziamlia.org/2014/05/16/7083/ – Рэд.].  Потым ён вельмі граматна паказвае, да чаго гэта ўсё прывядзе. А прывядзе да поўнай дыскрэдытацыі Пуціна. І заканчвае: “усё, пастка захлопнулася…”. А ўвесь [“патрыятычны”] парыў будзе марудна згасаць…  

Вельмі добры артыкул. Але я лічу, што калектыўны Пуцін – 5-6 чалавек (а, можа, і няма яго) –  можа таксама прачытаць гэты артыкул і ўбачыць катастрафічны для яго сцэнар! І ён ніколі на яго не пагодзіцца… Бо ў Пуціна сістэма прыярытэтаў такая: пажыцьцёвае ўтрыманьне ўлады!

Пуцін – ня Гітлер, у якога была ідэя Вялікай Нямеччыны. І прамовы Пуціна [пра якую была гаворка вышэй] – гэта жульніцкая гульня ў Гітлера. Удалая. Але для Пуціна гэта толькі тэхналогія.

Яго ж пачатковая мэта была вельмі простая – ня даць Украіне падпісаць пагадненьне аб еўрапейскай асацыяцыі. Чаму? Не таму, што Ўкраіна сыдзе ў Еўропу, а таму, што палітычны клас і алігархі Ўкраіны (у т.л. і Януковіч) дамовіліся, што цяпер, калі ўсё прыхватызавана, яны пачнуць жыць па еўрапейскіх правілах.  Было прынята каля 100 законаў у Радзе – пра празрыстаць эканамічнай, палітычнай дзейнасьці й г.д. (але расейскія алігархі, пуцінская эліта яшчэ ня хочуць пераходзіць на еўрапейскія правілы таму, што яшчэ не нарабаваліся, ёсьць яшчэ грамадныя рэсурсы; навошта еўрапейскія правілы…).  Украіна магла стаць страшным прыкладам для Расеі… Таму гэты прыклад у любым выпадку трэба было не дапусьціць. Ён ні пра які Крым і ня думаў… Адкуль гэты Крым узяўся? Гэта, што, была мара рускага народу? Не.

Пуцін запужаў Януковіча, купіў яго і да лістапада ён сваю задачу вырашыў.

Але потым адбыўся Майдан…

Калі Майдан пачаў перамагаць, зьявілася яшчэ больш страшная пагроза. Алігархі зьмятаюцца ў выніку мірнай антыкрымінальнай рэвалюцыі. Для Пуціна гэта ўвогуле самы страшны прыклад, які трэба было здушыць у любым выпадку…

Таму Крым зьявіўся як прылада для вырашэньня іншых пытаньняў.

Уся постсавецкая гісторыя – гэта зьяўленьне ланцуга паханатаў: пуцінскі, януковічаўскі, сярэднеазіяцкія і г.д. [зьвярнулі ўвагу, лукашэнкаўскага зноў няма. – Рэд.]. Таму што гэта ўсё рабіла наменклатура. Україна аказалася слабым вязьмом у гэтым ланцугу постсавецкіх паханатаў.  

 

– Вы разумееце, што забіраць сабе Крым без паўднёвага ўсходу Ўкраіны ня мае ніякага сэнсу. Ці будзе танкавы кідок для злучэньня з Прыднястроўем?

Піянткоўскі 4 – Ці пойдзе Пуцін далей? Гэтае пытаньне больш буйное, чым пытаньне: як дастаўляць ваду ды электрычнасьць у Крым.

Задача ня Крым і не Прыднястроўе. Задача – здушыць украінскую рэвалюцыю. Задача – Кіеў і прыклад антыкрымінальнай рэвалюцыі.

Вось Пуцін чытае вельмі папулярны артыкул Арэшкіна. Па артыкуле ўсё – Пуцін абдзелаўся…  

Значыць так: калі 25 траўня адбываюцца выбары, абіраецца легітымны прэзідэнт Украіны, які становіцца легітымным, Масква пачынае зь ім нейкія перамовы – гэта ўсё! Цягнік пайшоў. Гэта становіцца прыкладам пасьпяховай антыкрымінальнай рэвалюцыі. Вельмі небясьпечным прыкладам і паразай Пуціна.

Пры гэтым крымскі посьпех абясцэньваецца. Пуцін падаваў сябе як Гітлера ці Сталіна, а тут табе памахалі булавачнымі санкцыямі й ты адступіў. Пасьля гэтага ты ніхто, “цар – несапраўдны!”

Тады – гэта двайны ўдар. Па-першае, прыклад перамогі зусім іншай парадыгмы, небясьпечнай для яго і яго асяроддзя, а другое – ганебная параза пасьля вялікага замаху, калі ўсе крычалі: “у нас зьявіўся правадыр!” І гэта ўсё для чалавека, для якога галоўнае – утрымацца ва ўладзе. А гэта яшчэ на фоне згасаньня эканомікі, санкцый, ганебнай ізаляцыі. Калі Пуцін спужаецца людзей, якія выкінулі яго з G8 – гэта канец палітычнай кар’еры. Ніколі Пуцін на гэта не пагодзіцца.

25 траўня будзе момант ісьціны! Гэта ўсё паказвае Арэшкін, выкарыстоўваючы прыцын “ад зваротнага” – ян абвяргае той тэзіс, зь якога пачынае.

Будзе трэцяя ступень санкцый – яны будуць жахлівымі. Гэта поўная ізаляцыя ад вонкавага сьвету, гэта спыненьне экспарту – у нас проста спыняць купляць нафту, будзе арэст нашых актываў у казначэйстве ЗША. Але ўсё гэта можна перажыць – з дапамогай унутранай парадыгмы асаджанай крэпасьці. Затое ён не адступіў, затое ён рэалізуе вялікую сталінска-гітлераўскую ідэю стварэньня Трэцяга рэйху – Пятай імперыі – Рускага сьвету. Пры гэтым цалкам “зачышчаюцца” нацыянал-здраднікі ў краіне – больш ня будзе ніякіх кухонных размоваў, а, калі будуць, то толькі ў іншых месцах.   

Вы скажаце, што ня будзе разьвівацца эканоміка. А вы зьвярнулі ўвагу, у якім асяроддзі ён апынуўся на Генасамблеі ААН – Кім чын Ын, Мугабэ, Кастра і г.д. [пра Лу-ку зноў маўчок! – Рэд.]. У іх з эканомікай яшчэ горш, але яны ўладу трымаюць па гадоў 50. Сямейка Кімаў – ужо 70 гадоў… Браты Кастра, Мугабэ – па 50 гадоў. І ўсё ў гэтай “гераічнай, рамантычнай” ізаляцыі ад усяго сьвету. У такіх умовах уладу ўтрымаць можна. А ў марудным адступленьні перад Захадам Пуціну ўладу не ўтрымаць. А яго цікавіць толькі ўлада…

 

– Якая верагоднасьць таго, што ён пойдзе да канца?

– Ня буду казаць у адсотках. Буду казаць іншай мовай.

Пастаўце сябе на яго месца – месца чалавека, які бачыў, што зрабілі з Кадафі, калі ён страціў уладу…

І 25 траўня – гэта кропка незвароту. Калі на Ўкраіне абіраецца легітымны прэзідэнт – усё!

Але гэты варыянт непрымальны для Пуціна па рацыянальных прычынах, бо рэзка скарачае верагоднасьць яго знаходжаньня ва ўладзе, а варыянт Кімаў працягвае яго ўладу. Акрамя таго, другі варыянт – “гераічнае супрацьстаяньне Захаду” – больш апелюе да эмоцый  чалавека, напаўняе палітычны клас і грамадства пачуцьцём “годнасьці” й самапавагай, чым адпаўзаньне пад націскам Захаду.

Але ёсьць яшчэ і ядзерны чыньнік…  У Кім чын Ына наўрад ці ёсьць адно вядро зь ядзернымі памыямі. Але ўвесь сьвет таньчыць вакол – дае забесьпяченьне і бясконцыя перамовы. А ў Пуціна буйнейшая ў сьвеце ядзерная сям’я.

Усе гавораць, што ў гэтай новай мадэлі [сьвету] мы ўступаем у новую халодную вайну. Не, гэта нашмат горш. Пасьля карыбскага крызісу 62 года, калі Хрушчоў і Кэнэдзі падышлі да краю ядзернай вайны, абодва яны жахнуліся і прыйшлі да так званай парадыгмы “ўзаемнага гарантаванага зьнішчэньня” – то бок “ядзерная вайна немагчымая, таму што мы зьнішчаем адзін аднаго”.

Сёньня з дакументаў усё вядома. Дзякуючы здрадзе Алега Пянькоўскага, амерыканцы ведалі ўсё пра наш ядзерны патэнцыял – Кэнэдзі ведаў усе нашыя “карты”. Мы мала што ўяўлялі. А [амерыканцам] было ясна, што ў выпадку вайны цалкам зьмятаецца [савецкі] ядзерны патэнцыял і Амерыка атрымлівае абсалютную перамогу з адной маленькай дэталькай: 1-2 баегалоўкі патэнцыйна могуць [даляцець] – то бок Вашынгтон і Ню-Ёрк могуць згарэць цалкам. І Кэнэдзі палічыў гэта непрымальным…

І вось з таго часу і СС пры Брэжневе, і Амерыка пры ўсіх прэзідэнтах, разумеючы гэта, паводзілі сябе асьцярожна, пазьбягалі абвастральных крокаў, напрыклад, у рэгіянальных канфліктах. Так, амерыканцы бамбілі Ханой (гэта эскалацыя вайны ў Вьетнаме ў 1972 годзе) – і літаральна ў гэтыя ж дні Ніксан прыехаў для падпісаньня гістарычнай дамовы пра СРА.

А для чаго адмаўляліся ад супрацьракетнай абароны? Каб пакінуць сябе “голенькімі” – пагроза ўзаемнага зьнішчэньня стрымлівала. Тады не ішлі на абвастрэньне і ў Аўганістане…

СС абрынуўся не таму, што амерыканцы аказвалі нейкі ціск. Я помню сітуацыю ў Вашынгтоне – яны ў жаху былі ад Ельцына, ад персьпектывы распаду СС. Памочнік па бясьпецы прэзідэнта Буша-старэйшага казаў: “А зь кім ў СС я буду размаўляць пра ядзерную зброю?” З другога паўгоддзя 1991 года ролю прэзідэнта Расеі выконваў ня столькі Гарбачоў, колькі дзяржсакратар ЗША, які раз’язджаў па рэспубліках – Казахстан, Україна, Беларусь – і ўгаворваў адмовіцца ад ядзернай зброі. Буша ў Кіеве ў 1991 годзе асьвісталі, калі ён казаў, што ні ў якім разе не павінны думаць ні пра якую незалежнасьць, што Гарбачоў – гэта выдатна.

СС разваліўся ў выніку ўнутранага працэсу, камуністычная эліта сьвядома ішла [на гэты развал]…

 

– Вы лічыце, што Пуцін можа?…

 – А Пуцін будзе весьці справу наадварот, бо гэтую парадыгму [пра магчымасьць самазьнішчэньня] можна трактаваць па-рознаму. Вось савецкія сакратары і былыя амерыканскія прэзідэнты лічылі, што ні ў якім разе ня трэба задзіраць адзін аднаго. Пуцін жа кажа: “А наадварот – менавіта таму, што існуе такая парадыгма, я магу іх задзіраць, як хачу, таму што яны ніколі не рызыкнуць падняцца на ядзерны ўзровень!” То бок ён будзе граць вельмі вялікага Кім чын Ына.

Яны зараз чаму так захваляваліся з Украінай? Яны ж цынікі, увогуле – напляваць ім на Украіну. Гэта наша прапаганда расказвае, што яны нейкія змовы ладзяць, кудысьці пранікнуць хочуць… Ім страшнае іншае: што, калі ён Украіну [забярэ], дык потым успомніць пра Нарву, пра палову рускіх ў Латвіі… [пра Беларусь зноў –  ні слова. – Рэд.] У іх абавязкі перад Украінай па тых дамоўленасьцях, калі яна адмовілася ад ядзернай зброі. Але, тым ня менш, яны не настолькі моцныя, як гарантыі НАТА. А прыбалтайскія рэспублікі – там. Трэба [будзе] ваяваць, а ваяваць зь ядзернай дзяржавай нельга…

 

– Як Вы ацэньваеце словы Ангелы Меркель, якія яна сказала Абаме, паразмаўляўшы з Пуціным: “Уладзімір страціў сувязь з рэальнасьцю” (перакладаючы з нямецкай на рускую: “Валодзя звар’яцеў”?)

 Я ня згодны са спадарыняй канцэлярынай. Я б трошкі адрэдагаваў: Пуцін жыве ў іншай рэальнасьці. Той, пра якую яшчэ ня думалі.

 

–  Але ж вар’ят таксама жыве ў іншай рэальнасьці…

Піянткоўскі 5– Ну, чаму ж вар’ят? Я думаю, што паводзіны трох Кімаў апошнія 50 год – чым жа яны вар’яцкія? Народ памірае з голаду, а ўладзе іх нічога не пагражае.

Вось гэтая парадыгма ўзаемнага зьнішчэньня дазваляе авантурысту рабіць тое, што ніколі не дазвалялі сабе ні прэзідэнты ЗША, ні генсекі СС – шантажаваць іншы бок.

Вось палезуць яны [Пуцін] у Прыбалтыку – страшная дылема будзе ў Захаду… Адзінае, куды ён не палезе, гэта ў паўночны Казахстан, таму што кітайскія таварашы вельмі хутка паставяць яго на месца. Таму што ў параўнаньні зь імі ён проста дробная шпана. Ён можа колькі заўгодна такім чынам шантажаваць усялякіх гарвардскіх… Кітай ён ня зможа, таму што яны пагарджаюць чалавечым жыцьцём, яны ахвотна пойдуць зь ім на ядзерную вайну, калі што…

Акрамя таго, у іх зараз [у руках] выдатная тэхналогія – прыйдуць ветлівыя раскосыя чалавечкі на Далёкі Усход, у Сібір і скажуць: “Трэба правесьці рэферэндум, карэнныя народы тут жывуць, яны стагоддзямі былі падданымі Кітайскай імперыі, давайце, адновім…”.  І, акрамя таго, ён жа стане іх поўным рабом у выпадку эканамічнай блакады… Захад ён адолее: вось гэтая парадыгма нахабнага шантажу і поўная ізаляцыя ад Захаду ў Пуціна пройдзе, але коштам поўнай эканамічнай [залежнасьці ад Кітая]. Усё давядзецца прадаваць у Кітай, ён стане васалам Кітая.

Але, яшчэ  раз паўтараю, у Пуціна асноўны крытэр – працягласьць улады. Вы ведаеце, жонкі ў яго няма; людзі, якія вельмі добра яго ведаюць, кажуць, што да дачок ён ніякіх пачуцьцяў ня мае. Вось ён не хоча паміраць так, як Кадафі.

Чаму так квітнее Чубайс зь яго нанатэхналогіямі? Таму што асноўная тэматыка там – падаўжэньне жыцьця. Пуцін думае, што ён будзе жыць вельмі-вельмі доўга, ну, 20-30 гадоў яшчэ. А ў сцэнары, які так бліскуча апісаў Арэшкін, я ня бачу гэтых 20-30-ці гадоў. Сцэнар абсалютнага выкліку Захаду, разрыву зь ім, гэта значна горш, чым халодная вайна, гэта перакручваньне навыварат канцэпцыі ўзаемнага гарантаванага зьністажэньня. Вы ж бачылі, якія былі ідэалагічныя посьпехі на гэтым шляху на працягу двух тыдняў па тэлебачаньні пасьля яго “гітлераўскай прамовы” 18-га. Поўная зачыстка ўсёй апазіцыі…

 

– Чаму я зрабіў гэты пацыфік і гэтыя дзьве стужачкі, якія сімвалізуюць колеры сьцяга Украіны? Таму што з пэўнага часу хадзіць па Маскве з такімі стужачкамі і такім пацыфікам стала небясьпечна. 15 сакавіка [ў Маскве] быў Марш міру, які адпаведныя СМІ назвалі Маршам здраднікаў. Я атрымліваю па інтэрнэце па 8-10 абразаў і 1-2 пагрозы фізічнай расправы кожны дзень.

– Ну, гэта ўжо “гнеў народу”…

 

– Вось, вы разумееце, ствараецца нейкі вобраз ворага з украінскага народу. Вам не здаецца, што ўжо многія лічаць, што на Украіне скрозь бадэраўцы, нацысты, фашысты і антысеміты?

– Мы ў папярэдняй частцы нашай размовы казалі аб абсалютна новай зьнешнепалітычнай парадзігме нашай улады й існага на вяршыні ўлады чалавека, калі ён будзе зыходзіць (а ён і зыходзіць) з асноўнага крытэра бясконцага працягу свайго знаходжаньня ва ўладзе. Але для яе спатрэбіцца і адпаведнае ўнутрыпалітычнае суправаджэньне: поўная зачыстка нацыяналздраднікаў і апазіцыйнага поля

 

Дарэчы, давайце нагадаем, адкуль гэтае слова зьявілася. З гэтай прамовы Пуціна. Там было ўпершыню вымаўленае слова “нацыяналздраднікі”. А журналіст Муждабаеў знайшоў, адкуль гэтае слова – гэта з “Май кампф”.

– Гэта і шукаць ня трэба. Гэта – гітлераўская класіка.

Увогуле прамова 18-га – гэта гітлераўская прамова, там вельмі шмат запазычана.

Вось я пачаў казаць, што калі рыхтаваўся да гэтай перадачы, усё прадумаў, мне здаваўся адпаведным такі тэрмін, што (улада даволі прагматычная) будуць  кропкавыя рэпрэсіі. Але калі нацыяналздраднікамі сьвядома аб’яўляецца 50 тыс чалавек – гэта, прабачце, ужо не кропкавыя рэпрэсіі, гэта ўжо такія “сістэмы залпавага агню па плошчах” у літаральным і пераносным сэнсах.

Вы ведаеце, мы знаходзімся ў нейкай эксьперыментальнай зоне. Бо два вялікія па-сапраўднаму таталітарныя рэжымы – Гітлера і Сталіна, ну, і практычна Мао таксама – яны ж у поўнай меры яшчэ не выкарыстоўвалі такую зброю масавага зьнішчэньня, як тэлебачаньне. Гітлер выкарыстоўваў прапагандыскае радыё… Пасьлясталінскі СС ня быў у поўнай меры таталітарнай дыктатурай. Напрыклад, сёньняшняе тэлебачаньне, прынамсі, апошніх тыдняў, значна агрэсіўнейшае за любое савецкае. І мы яшчэ ня ведаем, да чаго гэта можа давесьці. Але гэта ўсё ўкладаецца ў агульную маю сьхему, што такая вайна жыцьцяздольная. Мякка-пасіўны ж супраціў санкцыям Захаду і адступленьне ад яго – яно яўна скарачае жыцьцё рэжыму. А вось такое поўнае, абсалютнае супрацьстаяньне пры дапамозе максімальнага выкарыстаньня тэлебачаньня – гэта дастаткова жыцьцяздольная праграма.

 

– Глядзіце, нават ГУЛАГ не патрэбны. Проста ён настроіў масу людзей, узбудзіў у іх нянавісьць…

– Вы яшчэ малады чалавек, а я помню апошнія месяцы Сталіна с антысеміцкай кампаніяй, “справай урачоў”, тады тэлебачаньня яшчэ ў поўнай меры не было, але гэта была першая спроба. І, дарэчы, ён генеральна рыхтаваўся да трэцяй сусьветнай вайны.

Калі мы да чаго і вяртаемся, дык гэта да апошніх тыдняў жыцьця Сталіна ў сэнсе зьнешнепалітычных і ўнутрыпалітычных канцэпцый. Але тады знайшліся “здаровыя сілы” ўнутры сталінскай вярхушкі, якія самога Сталіна проста ліквідавалі… Якраз менавіта таму, што ён захацеў перайсьці на гэтую новую парадыгму. Але для гэтага патрэбны быў канкрэтны чалавек – Берыя, супаставімы па сваёй энергетыцы. Зараз я ня бачу такой магчымасьці ў атачэньні Пуціна. Калі Пуцін абярэ такі шлях, дык хутчэй у яго знойдзецца маса такіх тэлевізійных падпявалаў…

 

– І што рабіць? Падаю факты: Каспараў атрымаў харвацкае грамадзянства, Хадаркоўскі папрасіў від на жыхарства ў Швайцарыі, Бялкоўскі ад’ехаў у Нямеччыну і хоча атрымаць грамадзянства Украіны, Яўген Аляксеевіч Кісялёў, які шмат працаваў на Украіне, наўпрост кажа, што чакае зь нецярплівасьцю новага прэзідэнта, каб папрасіць грамадзянства Украіны…

– Я думаю, ён [Пуцін] зараз ня будзе перашкаджаць такім спробам, але потым скажа: “Хто не схаваўся – я не вінаваты”.

 

– Вось гэта і ёсьць выхад для кагосьці – палітычная эміграцыя?

Піянткоўскі 6– Гэта выхад, калі трэба ратаваць сваё жыцьцё, свабоду… Асабіста я ня бачу для сябе ў гэтай абсалютна таталітарнай стадыі дыктатуры магчымасьці нейкага зьмястоўнага супраціву, акрамя класічнага супраціву Берыі Сталіну ў яго апошнія тыдні жыцьця. Але ніякіх прыкмет  магчымасьці паўтарэньня [гэтага сцэнару] ня бачу.

Адказнасьць на той жа [расейскай палітычнай] эліце. Ня трэба было даводзіць да гэтага, да гэтай абсалютна фатальнай стадыі рэжыму.

Калі б у 2011-м адбыўся раскол эліт, калі б частка іх заявіла пра абсалютнае непрыняцьцё пуцінскага рэжыму, пра сваю адстаўку (у сьнежні 2011 года), мы б сёньня жылі ў іншай краіне… [беларускі досьвед сярэдзіны 1990-х паказвае, што нічога падобнага; тыя, якія засталіся разам з Пуціным, яшчэ мацней кансалідаваліся б вакол яго палітыкі… – Рэд.]. А так, саступаючы ўвесь час, яны прывялі да той стадыі, калі ўжо ўсё ў руках дыктатара [ а вось гэта – так: таму мы больш ругаем цяперцаў, чым Лу-ку. – Рэд.].

 

– Некаторыя людзі разьлічваюць адсядзецца ва ўнутранай эміграцыі. Але сёньня рэжым патрабуе, каб ты ня проста маўчаў, а актыўна падтрымліваў Пуціна.

– А заўтра будуць патрабаваць, каб вы шчыра любілі…

Мы цяпер павінныя ратаваць сваю рэпутацыю. Гэта ўсё, што мы можам сёньня зрабіць.

Праўда, у 1968 годзе 7 чалавек выйшлі на плошчу, цяпер – 50.000. Гэта ўсё ж такі істотная розьніца. Прагрэс.

Але мне здаецца, што гэтую стадыю абсалютнага таталітарызму і ядзернага авантурызму нам, як краіне, прыйдзецца прайсьці

 

– На гэтай смутнай, але шчырай ноце мы заканчваем нашу перадачу.

 

=

Ад рэдакцыі:

Зыходзячы з двух прынцыповых абставін, вынікаючых з гэтага матэрыяла, а менавіта: перакананьня Піянткоўскага, што Пуцін ужо канчаткова стаў на шлях Гітлера-Сталіна, па якім мусіць цяпер ісьці да канца (першая) і адсутнасьці ўзгадваньня Беларусі ва ўсіх выпадках, дзе яна ў яго інтэрвю, здавалася б, мусіла абавязкова быць ўзгаданая (другая) – мы думаем, існуе вялікая верагоднасьць, што, калі Пуцін вырашыць, што Ўкраіна яму не па зубах, ён, палічыўшы Беларусь больш легкай мішэньню для агрэсіі, можа (выкарыстаўшы тую ці іншую палітычную тэхналогію) паспрабаваць анэксаваць нас

Дарэчы, пра гэта мы кажам ужо ня першы раз. Вось, напрыклад, тут – https://nashaziamlia.org/2014/05/14/7062/#more-7062 – было сказана па-сутнасьці тое самае.  

 

 

 

Пакінуць каментар

  • Старонкі

  • Катэгорыі

  • Апошнія запісы

  • Архівы