nashaziamlia.org

Асьветна-адукацыйны, грамадазнаўчы сайт для беларусаў: аналіз, прагноз, сілы, інтарэсы, сьветагляды, ідэі, ідэалогіі, праграмы, мэты.

Запісы

Памёр Генадзь Бураўкін

31 мая, 2014 | Няма каментараў

 Бураўкін

 

 

Учора раніцай на 78-м годзе жыцьця ў Менску ў сваёй кватэры памёр паэт і грамадска-палітычны дзеяч Генадзь Бураўкін. Прычынай сьмерці стала злаякасная пухліна. Некаторыя сябры нашай рэдакцыі ведалі спадара Генадзя асабіста і могуць засьведчыць, што сваю паэтычную творчасьць ён цаніў больш за ўсе свае іншыя дасягненьні. Ніжэй падаем інфармацыю пра спадара Генадзя, якую мы ўзялі ў асноўным адсюль: http://nn.by/?c=ar&i=129285

 

 

Генадзь Мікалаевіч Бураўкін нарадзіўся 28 жніўня 1936 года ў вёсцы Шуляціна (цяпер Тродавічы) Расонскага раёну Віцебскай вобласьці.

Скончыў аддзяленьне журналістыкі філфаку БДУ (1959 г.). Працаваў у часопісе «Камуніст Беларусі», у газеце «Літаратура і Мастацтва», быў карэспандэнтам «Правды» па Беларусі, галоўным рэдактарам часопіса «Маладосьць», дзе друкаваў творы Васіля Быкава, Уладзіміра Караткевіча, а таксама кнігу Алеся Адамовіча, Янкі Брыля і Ўладзіміра Калесьніка «Я з вогненнай вёскі».

Зьяўляўся старшынём Дзяржтэлерадыё БССР (1978—90 гг.). У студзені 1990 г. у Вярхоўным Савеце Беларусі 11-га скліканьня быў адным з дэпутатаў, якія дамагаліся прыняцьця Закона аб мовах.

За падтрымку дэмакратычных сіл і прадастаўленьне эфіру лідарам БНФ быў вызвалены ад пасады і накіраваны на дыпламатычную працу. У 1990 г. атрымаў прызначэньне пастаяннага прадстаўніка Рэспублікі Беларусь пры ААН, моцна паспрыяў збліжэньню беларускай эміграцыі й метраполіі.

У 1993 г. зьвярнуўся да старшыні ВС Рэспублікі Беларусь з просьбай аб вызваленьні ад гэтай пасады. Пасьля вяртаньня, у 1994-95 гг., быў намесьнікам міністра культуры і друку.

Першыя свае вершы спадар Генадзь надрукаваў у полацкай абласной газеце ў 1952 г. Пазьней выйшлі яго кнігі «Майская просінь» (1960 г.), «З любоўю і нянавісьцю зямною» (1963), «Дыханьне» (1966), «Жніво» (1971), «Выток» (1974), «Варта вернасьці» (1978), «Гняздо для птушкі радасьці» (1986). Аўтар зборнікаў паэзіі «Узмах крыла» (1995), «Паміж зоркай і сьвечкай» (2000), кніга «Выбранае» (1998).

Генадзь Мікалаевіч — аўтар многіх кніг паэзіі. Песьні на словы ягоных вершаў сьпявае не адно пакаленьне беларусаў, а пад «Калыханку» Бураўкіна маленькія беларусы засынаюць ужо больш за 20 гадоў…

 

Пакінуць каментар

  • Старонкі

  • Катэгорыі

  • Апошнія запісы

  • Архівы