Яўген Бяласін, германіст
1. Фонавае
Гэты тэкст не мае быць усеабдымным. Бо каб зразумець з’яву, дастаткова кропкава заглыбіцца ў некалькі ключавых яе месцаў. Таму невыпадкова аснову тэкста склала агульная частка тэзісаў спавешчання на канферэнцыі Таварыства беларускай школы 12 красавіка гэтага года. На жаль, адно да аднаго – кладзецца ў кантэнт і звальненне з Гродзенскага медычнага ўніверсітэта аднаго з прафесароў, які чытаў свае лекцыі на беларускай мове. Так атрымліваецца, што ахвяры і матэрыяльныя страты самых паслядоўных беларусаў, поруч з іншымі рэлевантнымі рысамі, акрэсліваюць этнацыд беларусаў ва ўласнай краіне.
У 1995 годзе быў на стажыроўцы ў Мінску. Тады мне адміністрацыяй Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта быў адведзены месяц на даводку нарыса тыпалогіі нямецкай і беларускай моў. Гэтае даследаванне мела нарэшце аформіцца ў дысертацыю.
Але заняткі навукай апынуліся татальна падважанымі, і вось чаму. У мінскай бібліятэцы імя Леніна, дзе ў асноўным і засядаў я той месяц, мне аб’ёмна стала бачнай другаснасць навуковых набыткаў у беларускім соцыюме. Не таму, што грошай мне вылучылі толькі на дарогу з Берасьця і назад. І не таму, таксама, што апошнія тры дні сілкаваўся з вэнджанай свіной хрыбцінкі, купленай на апошнія свае фінансы… Былі на тое іншыя дзве прычыны.
Па-першае, аднойчы на выхадзе з навуковай залі прагледзеў і адклаў у свой аналізатар інфармацыю са стэндаў, якія стаялі ў холе. Там была выстава падручнікаў, распрацаваных у свой час у Інбелкультце. Для мяне было зусім новым, як шмат напрацавалі невядомыя мне на той час рупліўцы, жыццё якіх амаль безвыняткова абарвалася ў 1937 – 1938 гадах. Тамсама мільгнулі і звесткі пра таленавітага перакладчыка Юлія Таўбіна, паэта Алеся Гурло. Нават мне, прафесійна блізкаму да іх заняткаў, лёс гэтых людзей быў незнаёмым, як і іхні наробак… А што казаць пра беларусаў з больш абмежаваным доступам да такога роду інфармацыі? Я зразумеў, што можна легчы касьцьмі дзеля нейкай працы, але пры савецкім або аналагічным раскладзе ў грамадзтве, калі праца такая некаму не будзе пасаваць у ягоны расклад, – працу гэтую і яе выканальніка(ў) намаганнямі рэпрэсіўных органаў “забудуць” гэтаксама, як па-нялюдзку “страцілі” і закапалі ў пясок няшчасных аўтараў тых Інбелкультаўскіх вучоных кніжак.
Другая прычына акурат разгортвалася ў часе і ў прасторы і мела назоў “зачыстка беларушчыны”. Якраз прайшоў “моўны” рэферэндум, пра сапраўдныя мэты якога разумныя людзі здагадваліся і хай сабе карысталіся ў жыцці расейскай (рускай), але ў фармуляры запісвалі як родную менавіта беларускую мову. Ведалі, што з ёю хочуць зрабіць.
Што гэта менавіта так, пацвярджалі многія рысачкі і карцінкі жыцця. Некалькі такіх згадаю.
За травень 1995 года ўсе аб’явы на тумбах Мінска памянялі на расейскамоўныя. І не (с)толькі па форме, як па зместу. На Беларусь апусціліся выратавальныя дэсанты газманавых, кадышавых, бабкіных, пугачовых і кіркоравых.
Або іду праспектам. Захацелася зазірнуць у Рускі драматычны тэатр. Гляджу: нейкі малады хлапец валачэ вялізны сундук з апаратурай. Як чалавек цікаўны, не прамінуў спытаць, што, хто і куды. Той шчыра так і кажа: “Русское радио отсюда вещать будет“.
Вынікаючы з гэтых падказак жыцця, стостаронкавую працу сваю я дапісаў, але да выдання не стаў даводзіць. Шліфаваў памалу і займаўся больш адэкватнымі сацыяльнымі справамі. Найперш гэта была палітычная дзейнасць, – “першая лінія акопаў”, вобразна выражаючыся. Хоць хацелася, каб гэта адбывалася ў плыні натуральнага, штодзённага жыцця, але нас, той мільён, які свядома прагаласаваў пад час выбараў 1994 года за вяртанне Беларусі ў шэраг цывілізаваных краінаў, літаральна заганялі ў акопы, спраўджваючы абяцанне “дайсці да кожнага”. Таксама рабіў фактычна непалітычныя праекты, якія дазвалялі ўдзельнікам больш кароткім шляхам дайсці да цывілізаванага разумення жыцця. Адным з такіх праектаў быў літаратурна-гістарычны штотыднёвік PRO EUROPA з перакладамі вершаў, кропкавымі даследаваннямі-вяртаннямі гісторыі Берасьця. Выданне было шматмоўным, але беларуская мова займала ў ім належнае ёй месца.
Ці правільнай была ацэнка сітуацыі з беларускай мовай у травені 1995 года? Ці сапраўды яе цяперашні стан і статус праграмаваўся тады? Давайце прыглядзімся да дэталяў гэтага сённяшняга становішча.
Найперш варта тут глянуць на адукацыю, бо ў ёй закладваецца (або не) будучыня грамадзтва.
2. Атавістычны заходнерусізм?
2.1. Паверхневае і глыбіннае (месца беларускай мовы ў адукацыйнай парадыгме)
Сёлета вучні сярэдняй школы №3 горада Бяроза распрацавалі канцэпцыю “Неабеларусізацыя”. Яна мае наўвазе ўвядзенне беларускай мовы ў садках і школах шляхам стварэння музычных класаў, дзе вывучаліся б беларуская народная і новачасная рок-музыка, гурткоў дзеля вывучэння беларускай мовы праз прагляд мультфільмаў, літаратурную працу. Яны прапануюць стварыць завядзёнку штодня няхай сабе і коратка, няхай на мяшанай, але гаварыць на беларускай мове. Пра гэта паведаміла 25 сакавіка 2014 года афіцыйная газета “Маяк”.
З другога боку, назіраем такую цікавую з’яву, як сацыяльныя бігборды з прамоцыяй беларускай мовы. “Маё першае слова “ПОСПЕХ” – Якім будзе тваё першае слова на роднай мове?” – і варыяцыі: “каханне”, “сябар” (гл. фота). Або серыя “Смак беларускай мовы”, дзе вялікімі літарамі падаюцца з расейскім перакладам і асаджаюцца ў памяці рэдкія, адметныя слоўкі “кавун”, “суніцы” і да іх падобныя.
Нібыта, і нізы хочуць, і ніхто ім рот не затыкае, і вярхі спрыяюць (бо кожны бігборд каштуе каля ста долараў, у пераліку).
Але возьмем больш глыбінныя з’явы. Да прыкладу, месца беларусаведы ў вышэйшай школе.
У Гродзенскім дзяржаўным аграрным універсітэце кафедра беларускай мовы дагружаная яшчэ і замежнымі… (!). Яна так і называецца: “кафедра беларускай і замежных моў” (гл. фота). Наколькі мне вядома, такі назоў кафедраў не адзінкавы, у варыяцыях ён сустракаецца ў многіх беларускіх ВНУ. Зацемім: гэта з’ява сістэмнага парадку. Нефілолагам паведамляюцца пэўныя веды беларускай лексікі па іхніх дыпломных прадметах, і дзеля гэтага яшчэ трымаюць нейкі невялікі штат настаўнікаў. Асноўнай мовай выкладання захрасла расейская мова.
Яшчэ больш парадаксальны стан склаўся на філалагічных або звязаных з мовазнаўствам спецыяльнасцях. Адбылася пэўная рэсаветызацыя зместу, духу навучання. Яго варта фіксаваць нават шырэй, чым простае адступленне да стану “голага пацуковага хваста”, калі вобразна гаварыць пра тыповы беларускі савецкі філфак з яго навучаннем рускай і беларускай мовам і спадарожным азнаямленнем з некаторымі іншымі мовамі. Так, у Брэсцкім універсітэце імя Пушкіна паралельна з вяртаннем яму гэтага імені (была дзесьці гадавая паўза, калі Пушкіна прыхавалі і падумвалі надаць імя кагосьці слыннага з мясцовых, Ігнатоўскага або Калесніка) пачалі ўсыхаць адчыненыя аддзяленні і наборы паланістыкі і ўкраіністыкі. Прычыну адміністрацыя падавала такую: “немагчымасць знайсці пасля заканчэння працу з-за адмірання польскіх класаў і неіснавання ўкраінскіх школаў ці класаў”. Цяпер яны коратка перад закрыццём, затое ва ўніверсітэце імя Пушкіна адчынілі яшчэ і рускі Цэнтр імя Пушкіна, які працуе ў цесным кантакце з Генеральным консульствам Расійскай Федэрацыі ў Брэсце.
Дазволю сабе паралель з рынкам. Японцы ўжо шмат гадоў рэалізуюць рынкавую мадэль, у якой рэклама як галоўны рухавік продажаў ставіць мэтай не продаж наяўных тавараў, а стварэнне попыту на новыя тавары, якія толькі вось сыходзяць з канструктарскага стала.
Цяпер правяду сістэмную паралель з беларускай дзяржавай. У аграрным сектары, пры дэклараваным роўным падыходзе да абедзьвюх формаў уласнасці, мы былі сведкамі, калі фермерам у 1990-я – 2000-я гады далі горшыя землі, не падмацавалі крэдытамі на тэхніку, а потым чыноўнікі ўлучна з галоўным разводзілі перад народам рукамі: “Не получилось!”
Сістэмна, тое самае адбываецца ў адукацыі. Замест каб дадаткова вывучаць мову і культуру суседніх краін, чыноўнікі давяршаюць выкарчоўку ўласна беларускіх школ, цынічна разводзячы пры гэтым рукамі: “Не получается! Так родители захотели!”.
Таму, парадаксальным чынам, НАВАТ НАВУЧЭНЦЫ, ЯКІЯ ВЫВУЧАЮЦЬ ФІЛАЛОГІЮ, толкам не ведаюць беларускую мову.
Вось прыклад.
Журналісты, якіх ужо чацвёрты год навучаюць на філалагічным факультэце Брэсцкага ўніверсітэта імя Пушкіна і якія потым у сваёй большасці маюць адпрацоўваць па размеркаванні ў беларускамоўных яшчэ збольшага раённых газетах, сваю факультэцкую газету выпускаюць без аніводнага артыкула на беларускай мове. Пра “чыстых” філолагаў у наступным раздзеле.
2.2. Тыпалагічнае
Яшчэ звузім фокус пагляду.
Пункт а. Замежная мова як дыпломная спецыяльнасць у свой час была адасобленая ў гэтым універсітэце на адмысловы факультэт. Калі на філфаку яна хоць блізка была б ля беларускай мовы і дапамагала б філолагам наблізіцца да еўрапейскай мадэлі (дзве новачасныя і дзве класічныя замежныя мовы), дык на асобным факультэце англійская і нямецкая мовы вывучаюцца выключна ва ўвязцы з расейскай мовай.
Пункт б. Тамсама курс тыпалогіі роднай і замежнай (англійскай, нямецкай моў) мае наўвазе параўнанне замежных моваў з расейскай (рускай) мовай. Такі самы стан і ў Лінгвістычным універсітэце ў Мінску.
Такім чынам, з аднаго боку, заахвочваюць з бігбордаў: “скажы – “поспех”, “кавун”. Нават дазваляюць падыскутаваць дзецям, што зрабіць, каб застацца беларусамі. А з другога, у ключавых, вузлавых месцах шлях беларускай мове жорстка перакрываецца. «Ваш родной язык русский!!»
Да такога нават немцы не апусціліся, пры акупацыі 70 гадоў таму. Наадварот, адчынілі больш за тысячу беларускіх школ. Хай сабе і са сваімі мэтамі, але на этнацыд гэта менш падобна, чым сітуацыя ў адукацыйнай сферы, якую маем сёння.
2.3. Беларуская мова як сродак навучання… замежным мовам
Асобна адзначу прадуктыўнасць пераносу двухмоўнай сітуацыі на методыку навучання замежным мовам. Беларусы таму здольныя да замежных моў, чаму да іх здольныя любыя народы, якія жывуць у шматмоўнай стыхіі. Стыхійна мы ў гэтым сэнсе ўжо еўрапейцы, але вось афармленню гэтага status quo нешта моцна замінае, і ці не заходнерусізм гэта ў асяродку чыноўнікаў адукацыі.
У чалавека, які вольна валодае дзвюмя і больш мовамі, няма псіхічнага парогу перахода з адной мовы на іншую. Па-другое, пераход з мовы на мову стварае ў гэтай галіне прэцэдэнт навучання па аналогіі, якое ўніверсальнае для ўсіх сфер жыцця. Няўцямна, чаму беларуская мова не ўжываецца пры вывучэнні замежных моў няхай сабе нават мінімальна, як мова, на якую ажыццяўляецца пераклад. Хоць псіхалагічна настаўнікаў-моналінгваў зразумець можна, бо тут любы крок прад’яўляе ўзроўневыя патрабаванні найперш да іх, але ці можна адкінуць патрабаванні статусныя? Што ж гэта за філолагі такія, якія за больш чым два ўжо дзесяцігоддзі існавання незалежнай Беларусі не навучыліся мове тытульнай нацыі?
Калі акрэсліць больш дакладна, сярод маладых філолагаў-выкладчыкаў ВНУ з’явілася шмат людзей, якія добра валодаюць і беларускай мовай. Але вось гэтая “таксамасць”, спрычыненая “западноруссистским” кіраваннем, – яна і ёсць адказам на пытанне, чаму абсяг роднай мовы беларусаў звузіўся да ніцага нават ў той частцы сістэмы адукацыі, дзе вывучаюць мовы.
Іншыя абсягі, як для мяне, менш паказальныя. Ну вось робяць аб’явы ў брэсцкіх аўтобусах і тралейбусах па-беларуску. Нібыта ніхто і не супраць, але пры нежыці беларускай мовы ў сістэме адукацыі… сёння робяць, заўтра адменяць.
Тым не менш, зазірнуць у штодзённае жыццё дарослых праз пэўныя пратулінкі варта.
3. Гульбішчы дарослых (з рысамі заапарку)
3.1. Банкі, пошта, тэлеграф…
Пра тое, як адкрываў рахунак у банку на беларускай мове, я ўжо напісаў. Цікава, што аднымі з першых гэты матэрыял даухгадовай ужо даўніны перадрукавалі ўкраінцы. Зразумела – як прыклад, што зробіцца з імі, калі справы ў іх пойдуць так, як яны склаліся ў дулю для народа-гаспадара ў Беларусі.
Таксама пераказвалі пра маю спробу атрымаць банкаўскую картку, падпісаную па-беларуску, іншыя журналісты. Адзін аўтар паслухаўся і не прамінуў цікавую дэтальку. Ключавую, мяркую. Сказаў мне пра яе разумны чалавек з “Беларусбанку” (там трапляюцца кемлівыя, і не дзіва: “тупіць” з грашыма цяжка). Аказваецца, я стаўся другім чалавекам, які ў Брэсцкай вобласці мае падпісаную па-беларуску картку “Беларусбанка”. Не буду называць першага з той сама прычыны, чаму не назваў службоўца азначанага банка. Аксіяматычна зразумела, мяркую.
Пераказвалі дзе-нідзе і пра мае правы на кіраванне аўтатранспартам, выпраўленыя па-беларуску. Раней за мяне займеў такія правы на Берасьцейшчыне Віктар Мезяк, баранавіцкі неабыякавы і небаязлівы беларус.
Быў у мяне яшчэ цікавы досвед з мабільнай сувяззю. Таксама гады з два яму. Маючы падключэнне мабільнага аператара МТС , якое мне адмовіліся афармляць па-беларуску, “потому что нет формуляров”, я схацеў займець яшчэ запасную мабілку. Пытанне палягала: VELKOM або :life?
У офісе аператара :life, які потым прыемна ўразіў рэкламнымі плакатамі на беларускай мове, офісная дзяўчына патлумачыла нешта тое самае, што і ў свой час у МТС. Таму пайшоў да канкурэнтаў. Размова ў офісе VELKOM выпала, на мой погляд, куды як больш паказальнай.
Менеджэр заявіла: – “Мы как иностранное предприятие работаем только на русском языке”. “А што, ваш офіс знаходзіцца пад юрысдыкцыяй краіны паходжання?” – пытаю. Далей сітуацыя развівалася, як амаль заўсёды. Пераканаў дзеўчыну, што не варта ёй браць на сябе груз адказнасці генерала. “Я ж грошы Вам прынёс. Вы ж капіталісты, дзеля грошай тут. Кліента паважаць трэба па ўмаўчанні. Я на Вашым месцы набраў бы нумар свайго непасрэднага начальніка і сказаў бы: “Так і так, тут прыйшоў чалавек, хоча аддаць нам грошы, але толькі наўзамен на фармуляр на беларускай мове”.
У выніку на тым канцы тэлефона пераняліся маёй асобай. Жанчына назвалася юрыстам, сказала, што пакуль гэта першы такі зварот, і што яна просіць мяне пакінуць адрас, каб можна было даць мне пісьмовы адказ. Адказ сапраўды прыйшоў, і аператыўна. Паабяцалі падняць пытанне аб ужытку беларускай мовы перад дырэкцыяй у Расіі і адказаць мне, як толькі “откроется возможность выполнить Ваше пожелание”. Больш мяне VELKOM не турбаваў.
А вось са страхаваннем аўтамабіля паварот у нізавым звяне фірмы-паслугача выйшаў іншы. Больш пакручасты і таксама характэрны для новачаснай беларускай сістэмы сацыяльных каардынат. Супрацоўніца фірмы “Прамтрансінвест”, якая першай выпісвала страхоўку, пайшла на здзелку: яна вырабляе бланк па-беларуску, а я не іду далей шукаць па канкурэнтах. Такое шляхетнае пагадненне трывала 2 гады. Потым жанчына звольнілася, мабыць. Яе зменшчыца выпісала мне страхоўку на расейскай мове. Калі сказаў, каб зрабіла, як было раней, стала пярэчыць. Маўляў, у яе дзве юрыдычныя адукацыі, і яна ведае, што “у нас два государственных языка, так что всё правильно”. Таму давялося мне настойваць. Пра суд нават згадаў. Што магу падаць іск і напэўна выйграю ў яе, двойчы юрыста. Каб не перарабіла фармуляр, верагодна, так яно і сталася б, але …мяне часта стрымлівае філасофія жыцця як абмену.
На жаль, мы ёсць грамадствам, дзе плойма выклікаў, на якія проста шкада мяняць свой час, бо яны нішто іншае, як глупствы, нагрувашчаныя шматгадовай адмоўнай прафесійнай селекцыяй і неадэкватным кіраваннем. Гэтыя “мазаічныя” дробязі іншым разам даюць падставу для здаровага смеху. Што ж, хоць якое псіхічнае адхланне ад антыўтопіі, у якую нас пагружаюць.
3.2. Тыпалагічна-генацыднае
У раздзеле 2.2. згаданая была статыстычная рысачка кшталтавання адукацыі пад нямецка-фашысцкай акупацыяй і пры сённяшніх “беларускіх” уладах. Яна дае выхад на прафесійны лёс свядомых беларусаў. Зноў-такі, не буду ўсеагульным, буду апераваць сённяшнім брэсцкім сегментам сітуацыі. З яго лёгка транспалявацца і на Мінск (белліцэй, да прыкладу), і на так актуалізаваную цяпер савецкім хіба, а можа, і ардынскім гістарычным генам Гародню.
1998-1999 былі гадамі, калі згортванне беларушчыны закулісныя і адкрытыя кіраўнікі працэсаў пачалі пераводзіць у фазу барацьбы з асобамі. Паспрабавалі і мяне на злом цераз калена.
Я быў першым выкладчыкам нямецкай мовы новастворанага факультэта замежных моў Брэсцкага ўніверсітэта. Склалася з часам нейкая сістэмнасць. Традыцыйна забяспечваў дыпломную спецыяльнасць “нямецкая мова + беларуская мова”. Ва ўмовах першапачатковага курсу на беларусізацыю такая камбінацыя была аптымальнай. Але простым у нас нічога не бывае. Прыкладам, на азначаную спецыяльнасць так званыя “блатары” набіралі абітурыентаў, якія… ўвогуле не валодалі беларускай мовай. Пасля абяцання народу не павесці яго за цывілізаваным светам стала яшчэ больш складана. “Вымяжоўванне” вялося рознымі спосабамі, збольшага падступнымі. Прыкладам, аднойчы ўвосень (хоць з вясны вядомае было іншае размеркаванне нагрузкі) мяне паставілі перад фактам, што я не выкладаю ў сваёй групе, якая зусім натуральна ўспрымала беларускую мову як парную да нямецкай.
Мушу тут для непасвечаных зацеміць, што методыка навучання замежным мовам строгая, яна і блізка не “шчыра беларуская” – пачынаючы з другога паўгоддзя пяцігадовага курсу навучання, у аўдыторыі павінная гучаць толькі нямецкая, англійская або іншая адпаведная замежная мова, і так нават пры выкладанні спецдысцыплін, такіх як гісторыя мовы, спецраздзелы граматыкі або літаратура; “свая” мова ў выкладанні замежнай фігуруе толькі пры перакладзе.
Дык вось, “нагрузілі” мяне “англа-немцамі” (з нямецкай мовай як другой спецыяльнасцю) і, у меншай меры, студэнтамі з нямецкай і англійскай мовамі навучання (практыка мовы). І тыя, і тыя паралель з беларускай раней не ўжывалі. Прычына: калегі, якія іх навучалі, хоць і ведалі цераз аднаго беларускую мову дасканала, але вырашылі “не дражніць гусей”, ісці па лініі найменшага супраціву.
Найперш студэнты “маёй” групы абвесцілі страйк – проста ўсталі перад іншым выкладчыкам і выйшлі з аўдыторыі. Тойчасны рэктар Сцепановіч угаварыў мяне замірыць той страйк, папрацаваць год з накінутай мне раскладкай. “Налета памяняюць…” Да прыкрасці закулісераў, стасункі са мною і белмовай у новых маіх студэнтаў склаліся нават лепшымі, чым было ў папярэдняй маёй раскладцы.
Тады пачалі лавіць на іншым. На пяць хвілін спазніўся – пішы тлумачэнне.
Пратрымаўся я, з дапамогай свайго прафсаюза, яшчэ два гады. Прэвентыўна, перад прэзідэнцкімі выбарамі, прыбралі з універсітэта ў 2001 годзе. Фармальная прычына: невыбранне па конкурсу. Карыстаючыся ледзь не прыёмамі бацькі (быў разведчыкам на фронце), перад тэрмінам пераабрання ўдалося даведацца – з кожнай з калегаў правялі працу. Дзвюх прымусілі напісаць заяву на маё месца (хоць яны і так былі ў штаце). “У іншым выпадку пойдзеце з працы Вы”, – са скрухай агучыла тэкст ультыматума, прад’яўленага ёй, больш сумленная.
Галасаванне на кафедры я прайграў з разбегам у некалькі галасоў. На факультэце ды ў прысутнасці “специальнопосланного” з рэктарата галасаванне дало яшчэ больш пажаданыя для адміністрацыі вынікі. Здзівілі дзве рэчы. Першая – гэта поўная адсутнасць тых, хто ўстрымаўся б ад галасавання. Гэта пры тым, што было пяцёра ці шасцёра ўчорашніх студэнтаў. Здавалася б, ты ў прафесіі яшчэ ніхто, як табе ацэньваць кагосьці, варты ён ці не. Другое – гэта тое, што пасля майго звальнення, – напэўна, як удзячнасць за “правільнае” галасаванне, – на факультэт “спусцілі” адразу дзве стаўкі (раўналежныя маёй стаўцы старшага выкладчыка, якая выстаўлялася на конкурс – на большае не замахваўся, хоць ведаў, што прыкладна з маім наробкам калега ў Віцебску працуе на пасадзе дацэнта).
Прыемна здзівілі праз паўгода дзве мае былыя студэнткі. Знайшлі мяне на новым месцы жыхарства і доўга ўпрошвалі вярнуцца да іх, выкладаць нямецкую мову. Маўляў, працаваць няма каму, заняткі або няякасныя, або наўпрост прападаюць. Ну, кавы з імі папіў, паслухаў… Мне ж бачна лепш было, якія перспектывы…
Агулам з Брэсцкага ўніверсітэта неўзабаве пасля майго звальнення ў 2001 годзе выкінулі яшчэ чатырох выкладчыкаў. Адзіную ў краіне ўніверсітэцкую суполку Свабоднага прафсаюза фактычна зачынілі, пазбавіўшы юрыдычнай адрэсы ва ўстанове. А было ў суполцы ў негвалтоўныя часы каля 100 сябраў!
Мы і яшчэ некалькі звольненых з палітычных матываў прафесіяналаў стварылі БССзР – Брэсцкі Саюз Салідарнасці звольненых Рэжымам. Дапамагалі сабе і іншым, як можна было.
Такі сімвалічны назоў абралі таму, што новая рэпрэсіўная палітыка цалкам кладзецца ў савецкія клішэ. Сказаўшы цытатай, яе аўтары “ўзялі ад савецкай сістэмы ўсё лепшае”, у тым ліку і агрэсіўнае людаедзтва. Верагодна, нават і развілі ды ўдасканалілі рэпрэсіўны складнік дастасоўна да новых умоваў. І пераўзышлі ў тым ці іншым спадчыннікаў, бо савецкія камуністы хоць за вонкавую прыстойнасць трымаліся, – каб не тыцкалі ў свеце.
Назоў “БССзР” сцвердзіўся як асацыятыўна адэкватны яшчэ і ў такой дэталі, што звольненыя ў Брэсце кожны па некалькі разоў атрымлівалі негалосны, як правіла, сігнал: тут ім працу знайсці нерэальна. Для гэтага артыкула дэталі пошукаў працы будуць пазбыткавымі. А наступны абсяг, якраз, патрэбны.
У красавіку 2001 г., здабыўшы інфармацыю пра падрыхтаванае “конкурснае неабранне”, я пайшоў да новага рэктара, камуніста Плецюхова. Добрага шахматыста, дарэчы. Можа лічыць хады. На гэта спадзяваўся крыху. Хоць і сядзеў доктар фізіка-матэматычных навук Плецюхоў пад партрэтам Леніна. Як кажуць – што пераважыць.
Каб надаць феномену партрэта аб’ём і карэлятыўнасць – я дык толькі аднойчы патрэт Пазняка павесіў, ды і тое ў час прэзідэнцкіх выбараў 1994 года, у калідоры на дошцы аб’яваў. Дэідэалагізацыю асяродкаў працы ў часы Шушкевіча ўспрыняў з палёгкай. Бо на працы трэба займацца працай. Пра партрэт Леніна аднойчы незласліва так выказаў Плецюхову, але той да ідэі зняць выяву правадыра паставіўся халодна. Праўда, і злосці на мяне, здаецца, не трымаў.
Дык вось, у той красавіцкі мой прыход паклаў я перад рэктарам Плецюховым свае напрацоўкі і зрабіў прапанову: сыходжу з уласнага жадання на чвэрць стаўкі, а яны пакідаюць мяне ў спакоі і даюць магчымасць дарабіць пачатае. Той спытаў толькі, ці забяру працоўную кніжку. Але ў мяне ў той кніжцы дваццаць гадоў працы на адным месцы – у інстытуце, потым, пасля пераўтварэння, ва ўніверсітэце. Шэсць падзякаў і ні воднага спагнання! Дык з якой гэта трасцы мне самому выкідваць гэты, як расцэньваў тады і цаню цяпер, скарб. “Не”, – кажу. Ну дык і Плецюхоў адразу цвёрда як адрэзаў: – “Нет”.
Праз 4 гады Уладзіміра Анесцьевіча Плецюхова панізілі да дэкана фізмата. За тое, што праглядзеў нябачаную карупцыю. Адзін з прарэктараў, ягоны наўпроставы падначалены (і неяк выпадкова, можа, аднаго з ім палітычнага поля), чый сын вучыўся ў ЗША і адначасова лічыўся студэнтам Брэсцкага ўніверсітэта імя Пушкіна, схіліў дзясяткі выкладчыкаў праставіць свайму атожылку ў залікоўку пры адсутнасці яе гаспадара адзнакі за некалькі сесій, у тым ліку за адну… на падвышаную стыпендыю. Пра гэта ў мясцовай афіцыйнай газеце нават выйшаў артыкул за подпісам супрацоўніка КДБ. Вынік – паніжэнне цямістага таты да ўзроўню шэраговага выкладчыка. І, як сказана, адстаўка і паніжэнне рэктара-ленінца.
Дарэчы, дзесьці на той час атрымліваў адукацыю ў Нямеччыне і Плецюхоў-малодшы, і ягоная заклапочаная мама слала яму туды поштай коўдры. “Потому что холодно в студгородке спать” (з яе ўласных словаў, сказаных на перадвыбарным сходзе). Чамусьці людзям з савецкім пакроем мозгу цяжка даецца думка, што лепш стварыць нешта прыдатнае дома, чым трымацца закасцянелымі рукамі за ўладу над не надта каб жылой тэрыторыяй, а дзяцей пасылаць па розум у халоднае замежжа.
Дзеля чаго гэтыя іншым разам агідныя для мяне з этычна-эстэтычных меркаванняў падрабязнасці. Каб усё ж з найменшымі стратамі перайсці ад асобаў да сістэмнасці.
Максімум асабовых санкцый, які патрабавалі апазіцыянеры-выразнікі беларускай нацыянальнай ідэі ў дачыненні да тых, хто не зрабіў крымінальных злачынстваў, але быў калабарантам таталітарнай улады – гэта люстрацыя, забарона на пэўны тэрмін (5-10 гадоў) займаць кіроўныя пасады.
Якім, сапраўды, нецывілізаваным шляхам ідуць тыя, хто трымаецца савецка-сталінскіх мадэляў! Як бачым – “сваім” за чыстай вады крымінальшчыну – паблажлівыя санкцыі, “ворагам”, якімі яны лічаць усіх іншадумцаў – удар на паражэнне з прымяненнем усяго набору інструментаў, якія прадастаўляе дзяржава. І найпершы прыём – гэта пазбавіць кавалка хлеба.
Асабіста ў мяне (і, заўважу, у сям’і) гэты невялікі, часта без масла нават, але мой кавалак хлеба пасля 2001 года забіралі, выдзіралі з рота яшчэ двойчы.
Але вытрываў. І нават пасля выдалення мяне з іхніх, як яны лічаць, аўдыторый выдаў чатыры кнігі літаратурных і філасофскіх перакладаў з нямецкай ды англійскай моваў, адзін часопісавы пераклад нямецкамоўнай лінгвафіласофскай кнігі, два аўтарскія зборнікі тэкстаў і адзін (у суаўтарстве) дапаможнік па граматыцы нямецкай мовы. З выдадзеных кніг толькі палова фінансаваліся замоўнікамі або спонсарамі. Ніколі значна. Да слова, – праца перакладчыка нідзе ў свеце не цэніцца збыт высока, а ў нас дык і аплачваецца з ладным паніжальным каэфіцыентам.
Дзякую тым, хто не гуляе ў заапарк, хто неяк дапамог мне ў гэтай асветніцкай, творчай і прыемнай працы.
І калі ўжо йдзецца пра літаратуру, то працытую тут літаратурна афарбаванае (бо мае метафарычнасць) выказванне аднаго паважанага майго знаёмага пра гарбачоўскую “перестройку”, як яна прайшла ў Беларусі, пра апошнія дваццаць беларускіх гадоў: “Справакавалі, каб раскрыліся тыя, хто шчыры, без двайнога дна, хто зычыць дабра – і вынішчаюць”.
Бо што такое пакінуць чалавека без заробку, без хлеба, як не вынішчэнне, не генацыд.
3.3. Дзве рысы заапарку?
Пра згаданы ў загалоўках раздзела і крыху вышэй тэкстава заапарк. Рысы дзвюх заалагічных сістэмнасцяў праглядваюць у нашым соцыюме.
Адна гэта рысы паводзінаў блізкіх да чалавека шымпанзэ. Тыя ў некалькі разоў больш моцныя за чалавека. У стане ятры рвуць парушальніка тэрыторыі або этасу (калі супрацьстаіш альфа-самцу, прыкладам) на кавалкі. Могуць выкрадаць і з’ядаць чалавечых дзяцей.
Мае дзеці выраслі ў студэнцкім інтэрнаце, бо ў цяжкі пераходны час не здрадзіў прафесіі, сумленна аддаваў час працы, зведваў перагрузкі, часам да стану выціснутага лімона, сляпіўся над навуковымі распрацоўкамі ды перакладамі і яшчэ дбаў пра нейкую цывілізаванасць. Пасля майго звальнення адзін з апанентаў-спачувальшчыкаў спытаў, ці паспеў я атрымаць кватэру. Паспеў. Вось і добра, з палёгкай уздыхнуў той. Правільна, а іначай, на ягоны погляд, перабор выйшаў бы. А так – “хоць дзеці на вуліцы не туляцца”.
Канстатую: гэты найдалей ад тыпалогіі шымпанзэ. Такі сабе сабачы тып. Як шпіц маёй цёткі. Нібыта прыязны, а ззаду ціхмяна падыйдзе, за лытку так прыцісне – назаўтра ўвесь камплект зубоў сінім абазначаны.
Што да дзяцей, дык дах дахам, але ж за мяжу адправіць іх на вучобу, як сваіх нашы распарадцы лёсаў, не мог. І яшчэ многа “але ж…”, пра якія… неяк іншым разам.
Адкуль у моцных нашых “джунгляў” такая сямісіла шымпанзэ? У іх руках дзяржава, рэсурсы. А ў нашых няма нават палкі закона, каб ад гэтых прыматаў адбіцца. Фармальна ёсць, але на справе суды таксама вярнуліся да савецкай сістэмы каардынат. Прыкладам, можаш там пры жаданні ўнадзіцца ў ролю Веры Харужай, якая патрабавала ад польскіх буржуяў судзіць яе па-беларуску… Калі будзеш настойлівым, дадуць перакладчыка.
Другая сістэмнасць праглядвае ў больш біялагізаванай плоскасці. Беларусь месцамі выдае на тэрыторыю ільвіных прайдаў.
Распавялі мне пра аднаго мясцовага начальніка, якому надта спадабалася на канцэрце спявачка аднекуль з раёну, і ён ёй букет са ста ружаў і адной прапановы перадаў. Ну чым не леў! Пагатоў што ў яго і сын заможна жыве, пад горадам, і да асабняка вуліцу яму заасфальтавалі, хоць суседнія тонуць у гразечы… Уся іншая радня галоўнага “ільва” прыстроеная. Унучцы двойку выкладчык ва ўніверы паставіў, дык прабачацца прымусілі. Такое вось панарасказалі. Прайд, ды і толькі. “Забаішся праверыць – бо напэўна парвуць”, – падумалася. І другога разу, іншыя людзі ва ўнісон распавядаюць, як гэты прайд выкінуў з працы аднаго надта паважанага калектывам падпалкоўніка ДАІ. Пайшоў ім упапярок, маўляў. Капаць стаў пад малодшага. А я і пра падпалкоўніка таго не з пераказу, з уласнага ведання ведаю, што ягоны брат на УАЗцы ездзіў, як на танку. Усё роўна “камбат” выручыць. І яшчэ тром дзясяткам правы аддасць, калі папрасіць праз брата. Грошай не браў, праўда – ну вось табе і чалавечая рыса. А так – гэтаксама два ільвы.
Але найбольш з полавай прыкметы мы тэрыторыя прайдаў. Жанчыны ж ідуць да моцных. Да тых, хто кантралюе тэрыторыю, мае даброты, хто забяспечыць гэта ўсё табе, абароніць цябе і дзяцей… Глядзіш у тэлевізіі або ў інтэрнеце – а тыя “ільвіцы” прылюдна, літаральна явачным парадкам адмянілі монагамію, пакінуўшы не пры справах, але і без прыкметаў роспачы праваслаўную царкву… Ну, чым не жыццядайны для гэтых істотаў свет прайдаў?
Але як быць ільвом, калі ты не ва ўладзе? Мусіш схіліць галаву… А тады які ты леў. Найбольшае, не дамінантны.
Ну вось, чыстая літаратура, зацемім, усе фігуранты выдуманыя, як і імёны… І галоўнае – нейкія падставы да гумару і нават усмешкі з’яўляюцца. Асабліва калі падумаеш, што чыстага тыпу не бывае, і пры такой свістаплясцы, як у нас, рысы розных драпежнікаў мяшаюцца, і леў можа апынуцца з голасам гіены (тыпалагічная прыкмета: асцярожны збольшага падлінажэрца, забівае слабых і хворых, на іншых палюе вялікімі зграямі, самкі падобныя да самцоў, калі не тоіцца, робіць шмат галасу) і нават разцамі бабра (летась у Камянецкім раёне бабёр насмерць грызянуў аднаго небараку, калі той зрабіў замах на ягоную тэрыторыю).
А калі ўсур’ёз, дык не прыходзяць такія асацыяцыі на цывілізаваных тэрыторыях. У Францыі вядуць расследаванне аб карупцыі супраць былога прэзідэнта. У Італіі былога прэмьера нават засудзілі на некалькі гадоў. У ЗША на другі тэрмін, але ўжо не турэмны, прэзідэнцкі, абралі чарнаскурага грамадзяніна. На трэці ён напэўна прэтэндаваць не будзе. Такая ў іх тамака традыцыя. Там быў Уотэргейт. Прэзідэнты самахоць сыходзілі ў адстаўку.
Вось што такое цывілізаваны свет.
4. Некалькі агульных развагаў напрыканцы
Сёлета прагучалі два знакавыя паролі – “русская весна” і “русский мир”. Не хацелася б, каб яны ўсплылі з падводнай часткі айсберга, пра які ішлося, калі апісваў тут беларускую вясну 1995 года. Але сказаўшы, што гэта выключана, хіба не будзеш глыбока ў гэтым сумнявацца?
І ці не робяць план выражэння прынамсі слогана “русский мир” рэаліі, якія напэўна паўтараюцца скрозь па краіне і якія зараз назаву? Першая з іх гэта брэсцкая двойня.
У Брэсце ёсць ажно дзве гарадзкія бібліятэкі імя Пушкіна. Адна проста гарадзкая, другая (непадалёку) гарадзкая дзіцячая. На дзіва, нават прырода спрабавала паправіць гэты перасол. Летась вецер адваліў ад шыльды проста гарадзкой менавіта частку “имени Пушкина”. Але з прысудам прыроды бібліятэкаркі не змірыліся. Аднавілі скасаванае цалкам.
Далей. Калі дастасаваць да гэтага згаданы ўжо ўніверсітэт, а таксама гарадзкі ліцэй №1 імя Пушкіна ды вуліцу Пушкінскую, то тым цяжэй знайсці на плане горада заштатную бібліятэку імя Купалы, тым больш выразна зацененымі выглядаюць размешчаныя на перыферыі вуліцы імён дзеячаў беларускай культуровай прасторы. Каб заставацца ў кластэры, назаву тут шчарбатую нядаўна яшчэ вуліцу імя класіка літаратуры, у прастамоўі называную “Ямкі копалы”, – яе замасцілі, але можна смела біцца аб заклад, што з-за не нямецкай па якасці падкладкі і слабога асфальту ямкі праз год-два вернуцца, і параўняецца яна з асабліва шчарбатымі тут дваровымі тэрыторыямі і ямістым пакрыццём завулка непадалёку, які падпісаны “пер. Я.Купалы” (гл. фота).
Другая рэалія …назаву яе “брэсцкая матрошка”. Гэты ўнікум згадваў ужо, цяпер, вось, акрэсліў як такі. Ва ўніверсітэце імя Пушкіна адчынілі Цэнтр рускай мовы і культуры таксама імя Пушкіна.
Дарэчы, пра цэнтры. Днямі ў Брэсце з вялікай помпай (з удзелам Нарышкіна, Касачова ды іншых відных чыноўнікаў ды дзяржаўнікаў Расійскай Федэрацыі) адчынілі Расійскі цэнтр навукі і культуры (гл. фота). Месціцца ён у асобным будынку, пабудаваным на расійскія грошы. Такіх цэнтраў у Беларусі ўжо ёсць, дарэчы, і абяцаюць адчыніць яшчэ больш.
Няхай былі б гэтыя цэнтры, але з дзвюмя ўмовамі. Па-першае, няхай бы хоць дзе ў Расіі, скажам, у Смаленску або Бранску, назвалі вуліцы імёнамі нашых класікаў культуры і літаратуры, а на адной з іх паставілі хоць адзін Цэнтр беларускай культуры. На парытэтных пачатках. Па-другое, нам бы паўнаважкі Цэнтр еўрапейскай навукі і культуры з нямецкай, французскай ды англійскай філіямі займець. Перанесці туды, з розных месцаў Брэста, ужо сёння ёсць што.
А “гульня ў адны вароты” – гэта найперш проста нецікава, панове-таварышы. Акрамя таго, гэта пэўны шлях да некіраваных працэсаў…
Берасце (Брэст), 30.06.2014
–
1. http://www.svaboda.org/content/article/25437873.html
2. Газета “Маяк”. http://www.maiak.by/news/education/razmaulyac-pa-belarusku-modna.html
3. http://domivka.net/content/dietochka_podvinsia_ty_mienia_pritiesniaiesh-2756/
=
Ад рэдакцыі:
Мусім зьвярнуць увагу на адну акалічнасьць: дадаць у гэты тэкст уласную гісторыю звальненьня аўтара, вельмі сьціплага чалавека, упрасілі мы – сябры рэдакцыі.
“Я маўчу, маўчу, трываю… …… …….. …….. …….. ……… ….!”
Самы лепшы сродак зменіць свядомасць челавека гэта змяніць ему імя. Гэта падтвярджае векавая сусветная практыка змены імя пры змене рэлігіі. Паспрабуйце змяніць свой атэізм, або хрысціянства на магаметнства, будызм і г.д. Вам адразу прапануюць новае імя з новай рэлігіі і скажуць што без гэтага вы не прыміце нашую свядомасць. Усяму свету сіла імя вядомая,толькі невядомая нашым апазіцыянерам,. якіе плачуць што народ не хоча іх слухаць, а слухае Маскву. Баяцца быць незразумелымі, смешнымі? Ідыёты. А этнацыд ужо амаль скончаны.
Тут быў каментар “някчэмнасці і КДБэшніка” (калісьці мы даведаемся, хто ён такі) пад нікам “янаў дзень”.
Прынята рашэньне яго выдаліць…
–
Рэдакцыя.
Пэўна, нейкі алкаголік гэты Янаў дзень. Але дзіўны…вярзе мазаічнае нешта, то чыстае трызненне, то нешта з выглядам канкрэтнай праўды ўверне. Ну хоць ясны пень, што няма каго ўспрымаць усур’ёз… Застаецца адно парагатаць, што так сьпецыфічаскі адрабляе.
Але ты напішы што не як з дурдому, пень РБ, апублікуй і кінь сюды спасылку. А раптам замала зацанілі.
Вы оторванные от жизни люди, а еще что-то против Самусевича имеете,вы против меня-никто, бездари вы и пэтэушники. Ваша мова никому не нужна и не навязывайте ее другим. Здесь большинство-русскоязычные
Увага, мутацыя на агародзе троляў!
Мандарын (ефрэйтар), стаў Апельсінам (старшына)!
З новым званьнем вас, Самусевіч!
Да Дуба (генерала) вам, Самусевіч, яшчэ далекавата, але галоўнае пачаць, стаць на верны шлях.
Паважаны спадар Яўген.
Вы магчыма памятаеце мяне яшчэ па 1998 годзе.
Ад шчырага сэрца падтрымліваю Вас.
Аналагічныя праблемы я таксама спазнаю ўсё сваё жыцьцё. Таму разумею Вас, як ніхто…
Час паказаў, хто з выкладчыкаў Берасьцейскага ўніверсітэту аказаўся Асобай!
Трымайцеся!