Пакуль адныя шчыра змагаюцца за свабоду Ўкраіны ці добраахвотна выконваюць свой інтэрнацыянальны абавязак, іншыя піярацца. Такое цяпер жыцьцё. Што зробіш… Вось толькі, калі апошняе адбываецца на фоне сьмерці тысячаў сапраўдных герояў ці іх цяжкага калецтва, піяраўская валтузьня ў СМІ спыняе быць бяскрыўднай забавай. Яна ператвараецца ў цяжкае злачынства блюзнэрства ды крывадушнасьці… Нешта падобнае намячаецца зь вядомым атарадам “П”, пра які мы ўжо пісалі (спачатку тут: https://nashaziamlia.org/2014/07/08/7267/ – затым тут: https://nashaziamlia.org/2014/07/08/7277/). Нядаўна піяраўскі вэрхал меў працяг. Мы вырашылі таксама зафіксаваць яго. Для гісторыі…
Рэдакцыя.
1.
На пачатак, падаем матэрыял радыё “Свабода”, узяты адсюль http://www.svaboda.org/content/article/26593735.html
ІГАР ГУЗЬ: “БЕЛАРУСКІХ ДОБРААХВОТНІКАЎ У ДАНБАСЕ ВЫЛІЧЫЛА КДБ”
Беларускія сьпецслужбы ідэнтыфікавалі некаторых байцоў добраахвотніцкага атраду «Пагоня», і тыя, хутчэй за ўсё, ужо ня вернуцца ў Беларусь, бо апасаюцца рэпрэсіяў. Пра гэта радыё “Свабода” паведаміў намесьнік старшыні Валынскай абласной рады Ігар Гузь (на фота ўверсе зьлева) – адзін з арганізатараў атраду «Пагоня» з украінскага боку.
Паводле Ігара Гузя, на сёньняшні дзень на фронце ў Данбасе застаецца частка байцоў «Пагоні», але большасьць добраахвотнікаў выведзеныя ў Заходнюю Ўкраіну. Некалькі чалавек — у шпіталях зь лёгкімі раненьнямі, некаторым патрэбная псіхалагічная рэабілітацыя пасьля ўдзелу ў цяжкіх баях, у тым ліку пад Ілавайскам. Яшчэ некалькі беларусаў зьехалі за мяжу, дзе стала пражываюць [нагадаем, што ў атрад “П” запісалася 5 беларусаў http://www.svaboda.org/content/vituska/25448640.html – Рэд.].
Але ўсе байцы «Пагоні» гатовыя зноў адправіцца на фронт, калі перамір’е захаваць ня ўдасца, кажа спадар Гузь.
Тыя беларускія байцы, зь якімі меў зносіны Гузь, нэгатыўна ўспрынялі замірэньне і прыняцьцё закону аб адмысловым статусе Данбасу.
«На фронце і беларусы, і ўкраінцы, тыя, хто з аўтаматам у руках ваюе, — яны лічаць, што гэта не зусім правільны падыход. Але тут ёсьць дыскусія: украінцы падзяліліся, ёсьць розныя меркаваньні. У прынцыпе, калі казаць пра людзей, якія не на фронце, яны хутчэй падтрымліваюць, таму што гэта мір. Але тыя байцы, якія знаходзяцца там, яны крытычна ставяцца да гэтага пытаньня», — кажа Ігар Гузь.
Спадар Гузь апавёў, што беларускія добраахвотнікі былі ў «катле» пад Ілавайскам і там змагаліся з кадравымі расейскімі вайсковымі часьцямі:
Акрамя „Пагоні“, ёсьць яшчэ шмат беларусаў, то бок людзей, якія запісваліся ў батальёны
«Усе тыя, хто быў там у „катле“, яны мелі кантакт з расейскімі войскамі ў той ці іншай ступені. Нават калі цябе там б’юць з „Градаў“ — гэта таксама кантакт, таксама сутыкненьне канкрэтна з расейцамі, а не з тэрарыстамі-сэпаратыстамі», — падкрэсьлівае Гузь.
Ахвяраў сярод байцоў «Пагоні» на сёньняшні дзень няма, ёсьць толькі параненыя. Але беларусы ваююць ня толькі ў атрадзе «Пагоня», і ці ёсьць загінулыя сярод іх — невядома, кажа Ігар Гузь:
«Акрамя „Пагоні“, ёсьць яшчэ шмат беларусаў, то бок людзей, якія запісваліся ў батальёны, у асноўным добраахвотніцкія, з уласнай ініцыятывы. Ёсьць тыя, хто жыў ва Ўкраіне, ёсьць грамадзяне Ўкраіны, але беларусы па нацыянальнасьці. Такіх людзей шмат. Але яны не задзейнічаныя ў сетцы „Пагоні“».
На фронце добраахвотніцкі атрад «Пагоня» не існуе ў выглядзе асобнага падразьдзяленьня. Беларускія байцы падзеленыя сярод розных часьцей. Але сярод іх ёсьць агульная каардынацыя, кажа Ігар Гузь:
«Яны аб’яднаныя, у іх ёсьць камандзір, але як асобнай структуры іх няма. Вы разумееце, мы баімся, што агентура КДБ можа пракрасьціся ў структуру „Пагоні“, і калі гэта будзе група, скажам, 30 чалавек, якія ваююць адным атрадам, то іх вельмі проста вылічыць. Сьхема Ўкраінскай паўстанцкай арміі была вельмі простая: гэта былі групы 3-7 чалавек, якія былі аўтаномныя, якімі кіравалі камандзіры, і толькі яны ведалі гэтых людзей. Вось такую сістэму мы зараз адаптавалі пад атрад „Пагоня“. Гэта правільна. І, скажам, байцы з аднаго міні-атраду могуць ня ведаць іншых хлопцаў — ведаюць толькі камандзіры».
Падзел байцоў «Пагоні» на асобныя групы мае сэнс яшчэ і таму, што беларусы на фронце нясуць дадатковую прапагандысцкую місію: яны дэманструюць, што супраціў расейскай агрэсіі — гэта праблема ня толькі Ўкраіны, але і сумежных краін, — кажа спадар Гузь:
«Зразумела, што некалькі дзясяткаў байцоў „Пагоні“ надвор’я на фронце не рабілі і ня зробяць [нагадаем яшчэ раз, што ў атрад “П” запісалася 5 беларусаў http://www.svaboda.org/content/vituska/25448640.html – Рэд.]. Але з пункту гледжаньня прапаганды, з пункту гледжаньня салідарнасьці паміж нашымі народамі гэта вельмі добра», — падкрэсьлівае Гузь.
Ігар Гузь адзначае, што цяпер, у сувязі зь ціскам беларускіх спецслужбаў, атрад «Пагоня» стараецца не даваць амаль ніякай інфармацыі пра сваю дзейнасьць, а байцы не згаджаюцца на інтэрвію нават на ананімнай аснове.
Гэта цяжка — разумець, што ты тут ваюеш, а там засталіся твае родныя, і заўтра ты можаш ня ўехаць у Беларусь
Апошнім часам адбыліся кібератакі на акаўнты «Пагоні» ў сацыяльных сетках, электронную пошту ўзламалі, а рахунак атраду на PayPal заблякавалі.
«Ёсьць байцы, якіх вылічылі, калі яны перасякалі мяжу з Украінай, ёсьць байцы, да якіх дамоў прыходзілі супрацоўнікі міліцыі, ёсьць факты ўзломаў іхніх старонак у інтэрнэце. Ну вось такія дзеяньні: з мэтай ня столькі лакалізаваць гэты працэс, колькі выявіць удзельнікаў „Пагоні“ і далей рэпрэсаваць іх», — адзначае Гузь.
На тэрыторыі Ўкраіны беларускія сьпецслужбы ніякіх дзеяньняў супраць байцоў «Пагоні» не рабілі. Пра затрыманьні ці арышты ў Беларусі добраахвотнікаў або тых, хто ім дапамагае, інфармацыі таксама няма. Але сітуацыя ўсё роўна застаецца напружанай.
«Некалькі байцоў, якія ўжо засьвяціліся, трапілі пад такі прэсінг псіхалагічны. Гэта цяжка — разумець, што ты тут ваюеш, а там засталіся твае родныя, і заўтра ты можаш ня ўехаць у Беларусь, будуць крымінальныя справы… То бок гэта вельмі складана», — распавядае Гузь.
Некаторыя байцы «Пагоні» ўжо, хутчэй за ўсё, ня вернуцца ў Беларусь, кажа ён:
«Ёсьць хлопцы, якія ня тое каб баяцца, але ня хочуць падстаўляць сваіх родных і пасьля гэтай сітуацыі на доўгі час застануцца ва Ўкраіне або ў заходніх краінах. Таму што ў нас ужо ёсьць інфармацыя, што іх выявілі, ідэнтыфікавалі, і ім вяртацца сёньня ў Беларусь немэтазгодна», — кажа Ігар Гузь.
–
2.
А цяпер падаем другі матэрыял, узяты адтуль жа: http://www.svaboda.org/content/article/26595735.html
ПРАДСТАЎНІЦА АТРАДУ: “БАЙЦЫ «ПАГОНІ» НЯ ВЫКРЫТЫЯ КДБ, ХОЦЬ СПРОБЫ БЫЛІ”
Пасьля публікацыі на сайце Свабоды інтэрвю з Ігарам Гузём з рэдакцыяй зьвязалася грамадзкая актывістка Тацяна Елавая, назваўшыся прадстаўніцай атраду «Пагоня», які ваюе на ўкраінскім баку ў Данбасе.
Адзін з арганізатараў атраду «Пагоня» з украінскага боку Ігар Гузь у інтэрвію «Свабодзе», cярод іншага, паведаміў, што беларускія спецслужбы ідэнтыфікавалі некаторых байцоў гэтага добраахвотніцкага атраду, і тыя, хутчэй за ўсё, ужо ня вернуцца ў Беларусь, бо апасаюцца рэпрэсіяў.
Елавая папрасіла апублікаваць удакладненьні да гэтай інфармацыі.
«У чытача можа ўзьнікнуць памылковае ўражаньне, што „Пагоня“ цалкам выкрытая спецслужбамі. Ад імя „Пагоні“ я адказна заяўляю, што на даны момант сітуацыя зь бясьпекай нашых людзей знаходзіцца пад кантролем. У КДБ ёсьць інфармацыя, што пэўныя людзі зь ліку беларусаў могуць мець дачыненьне да „Пагоні“. Моцны ціск на нашых людзей ідзе зь першага дня, як было абвешчана пра стварэньне атраду. Аднак на даны момант ніхто з нашых байцоў ня вылічаны, у КДБ ёсьць толькі здагадкі альбо ўскосныя пацьвярджэньні датычнасьці тых ці іншых людзей да справы. Гаворка ідзе пра некалькіх чалавек, якія з-за ўласнай недысцыплінаванасьці далі падставы так меркаваць. Гэта адбылося празь неабачлівую актыўнасьць гэтых людзей у інтэрнэце. На даны момант яны на свабодзе. Калі будзе патрэбна, яны і іх родныя атрымаюць ад атраду ўсю неабходную дапамогу».
Спадарыня Елавая зазначае, што ў атрадзе кіруюцца прынцыпамі кансьпірацыі:
«Мы ўсьведамлялі, што так можа адбыцца, таму розныя групы „Пагоні“ паміж сабой не перасякаюцца, кожны баец валодае абмежаванай інфармацыяй пра іншых. Людзі з розных групаў могуць ня ведаць іншых у твар альбо па імені. Аналягічна на ўзроўні арганізацыі працэсу — зоны адказнасьці і доступ да інфармацыі строга падзеленыя. У сітуацыі рэпрэсіяў альбо вярбоўкі кагосьці з байцоў альбо арганізатараў спецслужбы ня змогуць атрымаць інфармацыю пра ўсю структуру».
Таксама Елавая абвяргае зьвесткі Гузя, што была ўзламана электронная пошта «Пагоні»:
«Гэта ня так, хаця спробы ўзлому нашых акаўнтаў зьдзяйсьняліся неаднаразова. Асобы, якія пісалі нам на пошту ці плануюць гэта зрабіць, на гэты конт могуць не хвалявацца».
Елавая прызнае, што частка байцоў атраду цяпер сапраўды на ратацыі:
«У мэтах бясьпекі я не магу каментаваць інфармацыю пра тое, што людзі з „Пагоні“ вярнуліся на тэрыторыю Беларусі ці плануюць тое зрабіць».
Елавая «ад імя атраду» просіць журналістаў не шукаць кантактаў байцоў дзеля публічных інтэрвю:
«Даваць канкрэтную інфармацыю пра месцазнаходжаньне і канкрэтную дзейснасьць нашых людзей мы будзем толькі ў скрайнім выпадку. Калі будзе вырашана, што нейкія факты вартыя публікацыі, мы зробім гэта праз Фэйсбук альбо самі зьвернемся да журналістаў. Усяму свой час. Так, гэта відавочна шкодзіць нашаму іміджу. Многія чакаюць гераічных гісторыяў, фатаздымкаў, відэаролікаў. Але ж вайна — гэта не дзіцячы садок. Людзі могуць быць забітыя, параненыя, выкрадзеныя спецслужбамі, кінутыя ў турму ў Беларусі.
Дакладна вядома, што сепаратысты яшчэ ўлетку ад сваіх крамлёўскіх кіраўнікоў атрымалі ўстаноўку вылічваць беларусаў ва ўкраінскіх батальёнах. Хто б што ні казаў, ні крытыкаваў, мы ня будзем падстаўляць нашых людзей дзеля здабыцьця дадатковага сімбалічнага капіталу за кошт рэклямы.
Часам даходзіць да камічнага. Так, „Укантакце“ людзі абмяркоўваюць адзін з фатаздымкаў „Пагоні“, абураючыся: маўляў, людзі ў масках на фота — гэта ніякая не „Пагоня“, а таварышы па службе зь іх баявой сотні. Вядома, ніхто на гэтыя абурэньні адказваць ня будзе, але тэндэнцыя зразумелая», — зазначыла Тацяна Елавая.
–
3.
Ад рэдакцыі:
Як бачым, піяраўскі праект лібералаў “атрад П”, які пачынаўся так шумна, праз унутраны раздрай прыходзіць да свайго лагічнага завяршэньня.
Чым гэта можна патлумачыць?
Мы, натуральна, ня ведаем сапраўдных фактаў, баімся каго-небудзь незаслужана пакрыўдзіць, але мусім выказаць меркаваньні, каб усё гэта неяк зьвязна патлумачыць. Тым больш, што з гэтым праектам мы ўжо былі інфармацыйна зьвязаныя.
Найбольш верагоднай на наш погляд выглядае наступная гіпотэза.
Ігар Гузь, які зразумеў усе небясьпечныя для сябе наступствы працягу гульні ў праект “атрад П”, вырашыў выйсьці з гульні, закрыўшы гэта праект. Таму ў яго байцы “атрада П” – усе 5 чалавек – хто “зьлёг у шпіталь з раненьнямі”, хто “псіхалагічна рэабілітуецца”, хто “зьехаў у Заходнюю Ўкраіну”, а хто і ўвогуле – “за мяжу”. Дый да таго “атрад П” “не існаваў у выглядзе асобнага падразьдзяленьня” і яго байцы “не згаджаліся даваць нтэрвію нават на ананімнай аснове”. А, каб “атрад П” не ўваскрэс, Гузь заявіў, што “беларускія сьпецслужбы ідэнтыфікавалі некаторых байцоў добраахвотніцкага атраду, і тыя … апасаюцца рэпрэсіяў”.
Тым часам удзельніца праекта “атрад П” тацяна Елавая, якая знаходзіцца ў пакуль адносна бясьпечнай Вільні, мае свае планы што да гэтага праекта. Самастойныя дзеяньні Гузя яе абсалютна не задаволілі й яна вырашыла ўсё адкруціць назад. У выніку атрымалася, што спадарыні Елавой дакладна вядомы факты з самых глыбокіх нетраў КДБ:
– “у КДБ ёсьць інфармацыя, што пэўныя людзі зь ліку беларусаў могуць мець дачыненьне да „Пагоні“ … Аднак на даны момант ніхто з нашых байцоў ня вылічаны. У КДБ ёсьць толькі ўскосныя пацьверджаньні датычнасьці тых ці іншых людзей да справы”;
– «асобы, якія пісалі на пошту [атрада] ці плануюць гэта зрабіць, могуць не хвалявацца».
Як кажуць, бес каментароў…
Заклікаем чытачоў сайта не пакідаць па-за ўвагай яшчэ адзін факт, узгаданы самой спадарыняй Елавой: „Укантакце“ людзі абмяркоўваюць адзін з фатаздымкаў „Пагоні“ і абураюцца: людзі ў масках – гэта ніякая не „Пагоня“, а таварышы па службе зь іх баявой сотні”…