nashaziamlia.org

Асьветна-адукацыйны, грамадазнаўчы сайт для беларусаў: аналіз, прагноз, сілы, інтарэсы, сьветагляды, ідэі, ідэалогіі, праграмы, мэты.

Запісы

Правы сектар трымае слова і ставіць новыя задачы

27 ліпеня, 2015 | Няма каментараў

Рэдакцыя.

Правы сектар 1

 

 

Апошні наш матэрыял, прысьвечаны выключна ўкраінскім падзеям, заканчваўся абяцаньнем Дзьмітрыя Яраша ў сувязі з надзвычайнай сітуацыяй, якая склалася ва Ўкраіне з-за падзей у Мукачава, правесьці ў цэнтры Кіева зьезд Правага сектару. На ім мусілі быць прынятыя рашэньні пра далейшую дзейнасьць арганізацыі (гл. тут – https://nashaziamlia.org/2015/07/17/7699/#more-7699). Зьезд, а за ім і народнае веча, былі праведзены – абяцаньне выканана. Для ўсіх, хто цікавіцца грамадска-палітычнай сітуацыяй ва Ўкраіне, кіраўніцтвам ПС была патлумачана пазіцыя, пастаўлены новыя задачы. Ніжэй інфармуем чытачоў пра некаторыя дэталі.

 

Найперш пра веча.

Рэпартаж пра яго мы ўзялі зь вядомай украінскай нацыянальна-дэмакратычнай крыніцы (https://www.facebook.com/partyrightsector?fref=photo).

 

“ПРАВЫ СЕКТАР” ПРАВЁЎ НА МАЙДАНЕ НАРОДНАЕ ВЕЧА [пад лозунгам] “ДАЛОЎ УЛАДУ ЗДРАДНІКАЎ!”

На Майдане 21 ліпеня ўвечары было вельмі шматлюдна… [Прыйшло] мноства кіеўлян нацыянальных перакананьняў, прадстаўнікі ўсіх арганізацый “Правага сектару” (ПС), байцы і камандзіры Добраахвотніцкага Ўкраінскага Карпусу (ДУК).

 Правы сектар 2

Веча пачалося з малітвы пад кіраўніцтвам ваенных капеланаў ДУК “Правы сектар” за адзінства Ўкраіны, за перамогу ў Вызвольнай вайне.

Затым сябар “Паляк” зь кіраўніцтва ПС аб’явіў хвіліну маўчаньня ў памяць аб загінулых украінскіх воінах. Далей [,выступаючы,] ён зьвярнуў увагу грамады на важны момант: палітыканы праводзяць мітынгі для таго, каб проста пагаварыць, але данае веча сутнасна іншае – гэта захад, мэта якога накіраваць волю грамадства на калектыўныя дзеяньні! 

Правы сектар 2а 

Далей выступалі кіраўнікі руху і сам Дзьмітры Яраш.

Кіраўнік заявіў аб планах ПС не балатавацца на выбарах у мясцовыя рады, а замест страты [часу і] велізарных грошай на выбары, выкарыстаць інструмант прамога народаўладдзя – ініцыяваць рэферэндум па наступных пытаньнях:

1. Выказваньне народнага недаверу ўраду і прэзідэнту.

2. Прызнаньне факта вайны, а не “антытэрарыстычнай аперацыі”.

3. Поўная блакада акупаваных тэрыторый.

4. Легалізацыя ДУК ды іншых добраахвотніцкіх падраздзяленьняў.

Правы сектар 3Рух не зацыклены на сілавым супрацьстаўленьні сістэме, а замест гэтага робіць стаўку на шырокамаштабную актыўнасьць грамадства ў адстойваньні гэтых патрабаваньняў. Без агульнай волі й без дасягненьня лепшага ўзроўню самаарганізацыі ўкраінцаў, нацыянальную Ўкраінскую дзяржаву не пабудаваць.

Абвешчана пра перайменаваньне Ваенна-палітычнага руху “Правы сектар” на Нацыянальна-вызвольны рух “Правы сектар”.

На веча выступілі таксама сябры ПС: знакаміты нардэп Уладзімір Парасюк, палітвязень савецкіх канцлагераў Ляўко Лук’яненка, прадстаўнік Саюзу афіцэраў Украіны Аляксандр Башта, праваабаронка і актывістка Автомайдану Кацярына Квіт ды іншыя верныя паплечнікі руху.

Адмаслова адзначым выступ Мікалая Каханоўскага, які зьяўляецца камандзірам батальёна “АУН” і старшынём Камітэта вызваленьня палітвязьняў, які адзначыў праблему наяўнасьці палітвязьняў. Сумеснымі намаганьнямі несправядліва асуджаныя будуць вызвалены!

Веча завяршылася словам і малітвай духавенства традыцыйных украінскіх цэркваў. “Без Бога не да парога,” – як заўсёды гаварылася ва Ўкраіне.

Аджа, заклікаем і вас – чытачоў данага матэрыялу:

– Ня будзьце абыякавымі!

– Падтрымайце “Правы Cектар” у нацыянальна-ратавальных ініцыятывах!

– Далучайцеся!

Наша задача ў дзейнасьці – стварыць годную Альтэрнатыву ўсяму таму хаосу, што адбываецца на нашых родных землях.

Нацыянальнай рэвалюцыі быць!

(канец цытаваньня матэрыяла).

Хто жадае, можа паглядзець кароткі відэарэпартаж зь веча тут: https://www.youtube.com/watch?v=AKJ2Wa2gLuE#t=20

Правы сектар 4 

Паслухаць выступ спадара Яраша на вечы можна тут: https://www.youtube.com/watch?v=MeJgodeXpBs&feature=youtu.be

Веча было 21 ліпеня ў вечары.

Тады як перад ім, раніцай, таксама ў цэнтры Кіева ў палацы “Жовтневий” (Кастрычніцкі) прайшоў закрыты зьезд Вайскова-палітычнага руху “Правы сектар” (http://pravyysektor.info/news/news/414/zyizd-pravogo-sektora-v-centri-stolici.html).  

Цытуем з адзначанай крыніцы:

“Туды з’ехаліся прадстаўнікі Добраахвотніцкага Ўкраінскага Карпусу, прадстаўнікі ўсіх абласных цэнтраў палітычнага крыла руху, кіраўніцтва структуры.

Члены кіраўніцтва па чарзе выступалі з дакладамі аб палітычнай сітуацыі ва Ўкраіне і Вызвольнай вайне.

Затым кіраўнік руху Дзьмітры Яраш паставіў на галасаваньне наступныя пункты:

1. Пазіцыю аб няўдзеле партыі “Правы сектар” у мясцовых выбарах у сувязі зь немагчымасьцю зьмены сітуацыі праз пануючую алігархічных сістэму.

2. Аб пачатку працы па арганізацыі рэферэндуму, які адбудзецца па такіх пытаньнях:

– аб недаверы народа да ўраду і прэзідэнта;

– аб адмене “Менскіх пагадненьняў”;

– аб блакаваньні акупаваных тэрыторый;

– аб адмене нядаўніх фактычна сепаратысцкіх зьмяненьняў у Канстытуцыю;

– за стварэньне сістэмы самаарганізацыі насельніцтва.

Пасьля зацьвярджэньня праз галасаваньне гэтых пазіцый, ПС-аўцы рушылі на антырэжымнае веча на Майдане.

Рэвалюцыйныя зьмены [ўлады], перамога ў Вызвольнай вайне, [пабудова] нацыянальнай дзяржавы – гэта тое, чаго мы павінны дасягнуць сваёй барацьбой!”

(канец цытаваньня матэрыяла).

Правы сектар 5

 

Каб больш дакладана перадаць зьмест падзей на зьездзе таксама падаем выступ  кіраўніка ПС Дзьмітра Яраша (узята адсюль:  https://www.youtube.com/watch?v=WNKIEwoRQdo#t=21).

“Напраўду сітуацыя дужа складаная.

З аднаго боку, мы маем трансфармаваны рэжым унутранай акупацыі цяпер ужо на чале з сёньняшнім прэзідэнтам, а з другога боку, мы маем Усходні фронт. Магчыма адкрыецца Паўднёвы фронт і Паўночны. Прымаць рашэньні ў такой сітуацыі надзвычай складана…

Я нацыяналіст і адначасна рэвалюцыянер. Але яшчэ і дзяржаўнік. І таму я цудоўна разумею, што мы маем сёньня добра распрацаваную, актыўную, сістэмную барацьбу на два фронты. Я намагаўся ўнікаць гэтага. Я аддаваў увесь свой час для таго, каб пабудаваць якасна іншую сілавую структуру, якой стаў ДУК ПС.

Але мы бачым, што гэтага замала. Мы бачым па падзеях у Мукачава, якія сталі дэтанатарам пэўных працэсаў,  што немагчыма не зьвяртаць увагу на тое, што робіцца ў тыле. Мы бачым, як г.зв. “Менскія ўгоды” і таемныя пратаколы, якія таксама пад гэтымі ўгодамі падпісаны, як яны ўжо цяпер гамуюць нашу абароназдатнасьць. Не зважаць на гэта мы, як нацыяналісты-дзяржаўнікі, таксама ня можам.

Вось двуадзінае заданьне, якое цяпер стаіць перад Правым сектарам:

мы абавязаны зьберагчы дзяржаву, бо калі мы яе страцім, нічога новага не пабудуем. Будзе яшчэ некалькі пакаленьняў украінцаў, якія будуць мець бездзяржаўнае жыцьцё. А гэта рэпрэсіі, дарогі ды ўсё іншае;

– але зь іншага боку мы мусім прыбраць гэтую ўладу здраднікаў. Украінцы маюць права на нацыянальнае жыцьцё.

Я не прарок і мне цяжка ўявіць, якой будзе гэтая барацьба, але мы ўбачылі пэўныя слабыя месцы гэтай улады. Мы доўга аналізавалі, раіліся, кансультаваліся зь кіраўнікамі Правага сектуру. І мы бачым, што калі б мы далі сёньня загад на выступ ПС, [то адкрылася б, што] мы яшчэ ня маем дасканалай сістэмы, якая магла б замяніць тую прагнілую карупцыйную зладзейскую сістэму, якая ёсьць сёньня. І гэта вялікая праблема. Нам трэба падрыхтаваць такія кадры, за якія потым было б ня сорамна глядзець людзям у вочы, якія б далі ўкраінскаму народу персьпектыву.  Без падрыхтоўкі такіх кадраў ня будзе нічога.

Было правільна заўважана, што ў нашых шэрагах шмат прыстасаванцаў, якія прыліпаюць да нас. Нельга гуляць па іх правілах.

Я перакананы, што правакацыя ў Мукачава была спланавана Мядзьведзьчуком і кампаніяй. Бо Мядзьведзьчук абяцаў нашым хлопцам адпомсьціць яшчэ за працэсы, якія там адбываліся падчас Майдану. Лайнё – гэта ж шасьцёрка Мядзьведзьчука, а Мядзьведзьчук – кум Пуціна. Разумееце?

Ланцужок добра зразумелы. Але ж мы з вамі ня рыбы, каб хапацца за гачыкі…

Калі мы праводзім нейкія аперацыі на фронце, мы да іх рыхтуемся. Праводзім выведку, вырашаем якія сілы і рэсурсы нам патрэбныя для перамогі ў канкрэтным баі, і г.д. І толькі таму страты ў Правым сектары нашмат меншыя, чым ва Ўзброеных сіл Украіны. Бо мы маем цьвярозы розум і дакладнае планаваньне нашай дзейнасьці.

Яшчэ раз аб’яўляю. Пакідаць усё так, як ёсьць, мы ня маем права. Людзі чакаюць ад нас дзеяньняў.

Я бачу сітуацыю наступным чынам: мы не выкарыстоўваем адзін дужа важкі аргумент – гэта [механізмы] наўпроставага народаўладдзя.  Мы забылі, што ёсьць такія паняцьці, як плебесцыт, рэферэндум і г.д. Таму, калі мы абмяркоўвалі гэтую сітуацыю, мы на кіраўніцтве прынялі рашэньне ініцыяваць усеўкраінскі рэферэндум па некалькіх пытаньнях:

1. Недавер прэзідэнту, Вярхоўнай Радзе, ураду.

2. Нарэшце павінен быць агалошаны ва Ўкраіне ваенны стан. Для таго, каб з расейскім агрэсарам мы ваявалі, а не правадзілі нейкую АТА.

3.  Мы мусім вынесьці пытаньне пра дэнансацыю здрадніцкіх менскіх угод. Пакуль мы будзем гуляць па правілах Расеі ці Еўропы, мы ніколі не пераможам на нашай зямлі гэтую пачварную расейскую імперыю.  Гэта адназначна.   

4. Мы маем вынесьці на рэферэндум пытаньне поўнай блакады акупаваных тэрыторый. Бо бачна, як [уладумаючыя] карыстаюцца [адпаведным станам].

5. Нарэшце пра, дабравольчы рух, які зьмяншаюць планамерна кожную гадзіну. У нас ёсьць магчымасьць абаперціся толькі на народ. Больш няма ніякіх апораў. Таму на рэферэндуме мусіць быць пытаньне пра легалізацыю і структурызацыю дабраахвотніцкага руху. Тым больш, што мы зарэгістравалі законапраект пра дабравольчы ўкраінскі корпус у Вярхоўнай Радзе (ВР). І мы з дапамогай народу можам яго праштурхнуць. Бо ў ВР мы ня будзем мець большасьці, як казалі мае калегі. Але перад ВР мы можам мець большасьць…

Я гляджу, што цяпер робіцца зь мясцовымі выбарамі. Вы ж бачыце, па ўсёй Украіне купа білбордаў, купа ўсяго… Укладаюцца шалёныя грошы ў выбарчую кампанію і г.д. Але гэтыя выбары рэальна не вырашаюць нічога. Абсалютна. І я буду прапанаваць шаноўнаму сходу прыняць рашэньне пра адмову ад удзелу ў выбарах у мясцовыя рады. Бо калі мы гаворым пра антысістэмную барацьбу, уваходзячы ў клінч (тым больш, хоць-якія выбары падчас вайны – гэта нонсэнс), мы можам такім чынам пачысьціць нашы структуры ад тых людзей, якія прыйшлі дарвацца да карыта на славе нашых загінулых хлопцаў, і павінны паказаць усяму грамадству, што, ведучы работу па падрыхтоўцы рэферэндуму, мы не піярымся, а рэальна хочам зьмяніць гэтую дзяржаву. Правы сектар неаднаразова даводзіў, што піяр для нас – на дзясятым месцы…  

Я ня супраць, каб мы “мачылі” ўсіх запар – Гасподзь разьбярэцца. Зрэшты на фронце мы робім тое з дапамрогай зброі. Але сёньня ў ХХІ стагоддзі для нас галоўнейшай ёсьць інфрамацыйная барацьба. Бо [сёньня] інфармацыйнае стагоддзе. І нам зараз проста неабходна разгарнуць аператыўныя штабы ва ўсіх абласных і раённых цэнтрах. Дайсьці да кожнай вёскі, пачаць прапагандовыя рэйды па ўсёй Украіне.

Мы маем людзей. Паглядзіце на гэтую залу. Мы за пару дзён бяз грошай сабралі столькі людзей. А колькі на перадавой, а колькі ў тыле ў нас пабрацімаў… Мы з вамі сіла, якая здатная зьмяніць гэтую дзяржаву. Я хачу, каб вы былі ў гэтым перакананыя, бо так яно ёсьць.  

Наша рэвалюцыя трывае. І наша рэвалюцыя абавязкова завершыцца нашай перамогай.

Слава Ўкраіне!

Героям слава!”

 

=

Ад рэдакцыі:

Калі сказаць пра самае на наш погляд галоўнае з таго, што адбылося, дык на наша меркаваньне – гэта тое, што кіраўніцтва Правага сектару знайшло верагодна адзінае вернае выйсьце з той крытычнай сітуацыі, у якой апынулася арганізацыя, яе прыхільнікі дый увесь украінскі народ.

З аднаго боку – вораг вонкавы (войскі расейскай імперыі стаяць на межах Украіны, гатовыя да ўварваньня ў любы момант), з другога боку – як кажуць правасектараўцы, вораг унутраны, які здрадзіў каштоўнасьцям Рэвалюцыі Годнасьці, напляваў на памяць тысяч забітых ды пакалечаных украінцаў і зноў узяўся за старое – рабаваньне Ўкраіны. Калі Правы сектар і яго прыхільнікі пачалі б шукаць выйсьце з сітуацыі, грунтуючыся на звыклых для іх рэфлексах, зьвязаных з прымяненьнем зброі, магла б пачацца грамадзянская вайна. І расейская імперыякратыя тут жа ўвяла б войскі, захапіўшы як мінімум усю тэрыторыю запланаванай ёй і ўжо абвешчанай на ўвесь сьвет “Новороссіі”

У гэтым раскладзе правакатыўныя падзеі пад Мукачава сапраўды выглядаюць запалам, які павінен быў запусьціць гэты сцэнар… Яраш добра патлумачыў, як стрэляніна па правасектараўцах на захадзе Ўкраіны і ад тых бандытаў праз Лайнё вядзе да Мядзьдзьчука, а ад таго наўпрасткі да яго кума – Пуціна…

У пацьверджаньне гэтай версіі мы са свойго боку знайшлі наступныя факты.

Правы сектар 6Вось тут – https://www.youtube.com/watch?v=1XO4T16tUKI – можна паглядзець, як вядомая расейская тэлепачвара (гл. фота зьлева), якая здрадзіла свайму народу, а затым (і таму) вырадзілася ў скрайняга цыніка, старанна правакуе Яраша на сілавы сцэнар разьвязаньня крызіса, як заклікае “ўзяць Кіеў”.

А вось тут –http://apostrophe.com.ua/article/world/ex-ussr/2015-07-26/rossiya-gotovitsya-k-bolshoy-mirovoy-voyne-datyi-opredelenyi—voennyiy-ekspert-iz-rf/2007 –  кожны можа пачытаць, як адзін расейскі ваенны эксьперт адкрытым тэкстам кажа, што расейская імперыякратыя ў гэтае лета чакала, што будзе зьдзейсьнены гэты ж яе сцэнар.

Правы сектар 7Вось словы пана Фельгенгаўэра (гл. фота зьлева), на якія мы зьвяртаем увагу: “Казалі, што Украіна разваліцца зімой, што не перажыве гэтую зіму. Потым казалі, што вясной, потым – летам. Калі зімой Сяменчанка і Яраш пачалі ствараць паралельны Генштаб, усе [ў Расеі] ўзрадаваліся... Але нічога з гэтага штаба не выйшла. Цяпер зноў паспадзяваліся на Яраша [пасьля падзей у Мукачава. Рэд.], і зноў выйшаў пшык“.

Таму, відаць, рашэньне кіраўніцтва ПС прымусіць улады правесьці рэферэндумам па ўзьнятых украінскімі патрыётамі-нацыяналістамі пытаньнях сапраўды зьяўляецца найлепшым выйсьцем зь сітуацыі.

Ну, і вядома, нам – рэдакцыі Нашайзямлі – вельмі спадабалася, што Яраш разумее, што галоўнае ў сёньняшніх умовах – гэта інфармацыйная барацьба, і што неабходна назапашваць кадры для кіраваньня будучай сапраўды вольнай, нацыянальна-дэмакратычнай Украінай. Аднаго ўзяцьця ўлады з такімі “суседзямі” навокал, як цяперашнія, будзе яўна недастаткова.

 

 

Пакінуць каментар

  • Старонкі

  • Катэгорыі

  • Апошнія запісы

  • Архівы