nashaziamlia.org

Асьветна-адукацыйны, грамадазнаўчы сайт для беларусаў: аналіз, прагноз, сілы, інтарэсы, сьветагляды, ідэі, ідэалогіі, праграмы, мэты.

Запісы

РЭЛІГІЙНЫ АСЬПЕКТ ІДЭАЛОГІІ ЗАХОДНЕРУСІЗМУ І “ТРИЕДИНОЙ РУСИ”

Красавік 10, 2016 | Каментары (8)

Акаловіч 1

 

 

 

 

 

Леанід АКАЛОВІЧ, пратаярэй Літоўскай (беларускай) праваслаўнай царквы

 

 

 

 

“Зброя Маскоўскай дзяржавы заснавана на гвалтах і захопах, на злачынствах і каварстве, горшым у сьвеце бяспраўі і неўласьцівым людзям і народам перасьледах, і якая жадае заўсёды папіраць сваю бязбожнасьць з дапамогай сьвятасьці і яе сьвятароў”.

Андрэй-Тадэвуш КАСЬЦЮШКА

(з Адозвы да духавенства, як манахаў, так і сьвецкіх, 7.05.1794 году).

  

Я табе з-пад шыбеніцы кажу, Народзе, што тагды толькі зажывеш шчасьліва, калі над табою маскаля [і ляха] ўжо ня будзе.

Кастусь Каліноўскі

(ліст з-пад шыбеніцы 1864 году).

 

“Белорусская Православная Церковь”, гэтак называная ў Беларусі-Ліцьве і Маскве, часьцей за ўсё лічыцца і пішацца “Белорусским Экзархатом Русской православной церкви Московского Патриархата”. Беларускі экзархат адмыслова перахапіў назву “Беларуская праваслаўная царква” сабе, каб ня даць карыстацца гэтым найменьнем Беларускай Аўтакефальнай Праваслаўнай Царкве і такім чынам не дапусьціць да рэгістрацыі БАПЦ. Таму мы, аўтакефалісты, карыстаемся і старадаўнім нашым найменьнем Літоўская праваслаўная царква, якая існавала  і існуе (хай сабе з перапынкамі і ў розных станах) з часоў Вялікага Літоўскага Княства, Рэчы Паспалітай абодвух народаў (Літоўскага=Беларускага і Польскага) і нават Расейскай Імперыі і пазьней у ХХ і ХХІ стст.

Сучасная Белорусская Православная Церковь – гэта адростак-стварэньне крамлёўскай КГБісцкай праваслаўнай царквы, якая хранічна хворая нязьменным імперскім сіндромам. Сутнасьць сучаснай рускай праваслаўнай царквы амаль што не зьмянілася, і яна такая ж як і ў царскія, імперскія і савецкія часы – захопніцкая, агрэсіўная, вераломная (па-маскоўску кажучы – коварная), без хрысьціянскай любові і брацкай дружбы, без павагі да гісторыі, культуры і традыцыяў іншых народаў і цэркваў.

Замест прызнаньня самастойнасьці, незалежнасьці і роўнасьці народаў і цэркваў Беларусі-Літвы і Ўкраіны-Русі крамлёўска-пуцінска-гундзяеўскую ўладу ў Расеі хвалюе толькі адно – пашырэньне міфічнай ідэі нейкага неіснавалага ніколі “единого русского народа”. Гэтая ідэя [прапагандэма. – Рэд.] “единого русского народа” вар’іруецца і пад іншымі назвамі -–  “единой Святой Руси”, “триединства великоруссов, белоруссов и малороссов”, “русской цивилизации”, “русского мира”, “западноруссизма” ды інш. Крамлёўская праваслаўная царква адкрыта падтрымала маскоўскую агрэсію і захоп украінскага Крыму і дабраславіла забойства брацкага ўкраінскага народу ва Ўсходняй Украіне на Данбашчыне, чым канчаткова пахавала савецкі міф пра брацтва трох усходнеславянскіх народаў, як і міф, што “русский – старший брат” у сям’і беларусаў, рускіх і ўкраінцаў. Але крывавая разбойніцкая захопніцкая маскоўская вайна ва Ўкраіне-Русі паказала гэтым народам і амаль усяму чалавечаму сьвету на Зямлі ўсё падспудства і крывадушша крамлёўска-гундзяеўскай улады, а сястра-Украіна выйшла беспаваротна з маскоўскага “брацтва-сястрыцтва” навекі вякоў і пасьпяхова разьвенчвае ўсе міфы Масковіі і пра бязглуздую ідэю старшынства рускага народу над украінскім народам, і пра” Киев – мать русских городов”, і пра прысабечваньне гісторыі Кіўскай Русі-Ўкраіны да сваёй Россіі ды іншыя.

Захопніцкія сіндромы Масковія магла ўспрыняць ад нарманаў-скандынаваў – гэтых набежнікаў=драпежнікаў, якія сталі сяліцца на шляху з Варагаў у Грэкі ў Ноўгарадзе, Полацку, пад Смаленскам, Тураве і Кіеве – ад Рурыкавічаў. Але найперш ідэя “русского міра” высьвецілася ў паўсталай з Маскоўскага ўлусу Залатой Арды першай маскоўскай дзяржаве Маскоўскім Княстве пад назовам “Москва – Третій Рим”. Як вядома, гэтую бязглузда-недарэчную ідэю-канцэпцыю сфармаваў у 1523 – 1524 гг. старац пскоўскага Алізараўскага манастыра Філафей для вялікага маскоўскага князя Васіля ІІІ: Яко вся христианская царства приидоша в конец и снидошася во едино царство нашего государя …, то есть Ромеиское царство: два убо Рима падоша, а третий стоитъ, а четвертому не быти».

Ды Пётра І разбурыў-зруйнаваў гэтую ідэю “Масква – Трэці Рым”, за што стараверы ўбачылі ў ім Антыхрыста, калі той стварыў свецкую пецярбуржскую Россійскую Імперію, а бальшавіцкі пераварот 1917 г. рассеяў як дым парэшткі ідэі “Третьего Ріма” ледзь не да канца. Але вось зноў у (рас)пуцінскі час у інтэрнэце загуляў сайт пад назовам “Москва – ІІІ Рим”, дзе над гэтымі словамі паўкругам выпісана “С нами Бог” на фоне крамлёўскіх вежаў, сабораў і будынкаў. Пры тым, акрамя іконы Ісуса Хрыста, якая ў цэнтры, яшчэ красуюцца іконы Вседзержітельніцы і “сьвятога” імператара Мікалая ІІ.

6 жніўня 2015 году на адной з старонак сайту “Москва – Третій Рім” вялізнымі літарамі ў загалоўку пішацца: “Президент Белоруссии назвал идею “русского мира” глупостью: Я не понимаю, что такое “русский мир”, вы – тем более, а наш народ вообще не понимает, какой русский мир…”. А рэдакцыя сайту тут жа камянтуе: вот Лукашенко и договорился… Он даже не понимает, что такое “русский”. Он уже отделил русских от белорусов и украинцев”. І далей цытуюць Лукашэнку: Как у нас говорят, мы же русские люди… Россия – это наш брат. Я даже часто говорю – старший брат. Но только вы ведите себя, как старшие братья. Если тяжело младшему, то плечо подставьте (Прим. ред. – денег подбросьте). Мы живём пусть в общем доме, но каждый в своей квартире”.

Тут Лукашэнка, вядома, заігрывае з маскалямі, лавіруе, крывадушнічае, падладжваецца да расейцаў, прыкідваецца, што не разумее небясьпекі “русского мира” і яго філіялу “западнарусізму” ў Беларусі-Ліцьве.

Якраз сам Лукашэнка патурае западнарусізму і “русскому миру” ў нашай дзяржаве, не вытурвае з нашай краіны, а трымае прадстаўнікоў гэтых антыбеларускіх рухаў, прыбышоў і сваіх манкуртаў-здраднікаў, якія заселі на добрыя пасады мусіць ці не ва ўсіх структурах ўлады – адміністрацыях, установах, арганізацыях, універсітэтах, інстытутах, ідэалагічных камісіях, у прарасейскіх цэрквах, духоўных вучэльнях, семінарыях, інстытуце тэалогіі БДУ, духоўнай акадэміі, у сродках масавай інфармацыі, на тэлебачаньні і кіно, ва ўрадзе і палатах… Гэта яны з яго патураньня ўвялі дзьвюхмоўе, што беларуская мова апынулася на задворках, а маскоўская мова пануе амаль усюды. Гэта яны ня ўводзяць беларускай мовы ў набажэнстве праваслаўнай царквы, як у касцёлах. Для прыкладу, хіба А.Лукашэнка ня ведаў, што Вадзім Гігін западнарусіст, прыхільнік асобы віленскага генярал-губярнатара Мураўёва-вешальніка, калі даў яму магчымасьць быць галоўным рэдактарам часопісу “Беларуская думка”, а цяпер зрабіў яго яшчэ і дэканам факультэта філасофіі і сацыяльных навукаў БДУ і той па-ранейшаму вядзе праграмы-дыскусіі на тэлеканале АНТ-БТ?!…

Пра ідэалогію і практыку русіфікатарства беларусаў-ліцьвінаў у Расейскай імперыі напісаў выдатнае дасьледаваньне пад назовам ““Западно-руссізм”: Нарысы з гісторыі грамадзкай мысьлі на Беларусі ў ХІХ і пачатку ХХ в.” вядомы навуковец і былы старшыня БНР Аляксандар Цьвікевіч, якое было выдадзенае ў Менску ў 1929 годзе трохтысячным тыражом, які адразу пасьля выданьня зьнішчылі бальшавікі. Захавалася толькі некалькі аўтарскіх паасобнікаў, з аднаго зь іх у 1993 годзе і было зьдзейсьнена перавыданьне накладам 5000 экз.

Энцыклапедычна вывераную і належную ацэнку сучаснаму заходнерусізму даў наш зямляк з Масквы Аляксей Каўка ў 1996 годзе ў “Энцыклапедыі гісторыі Беларусі” (т. 3, с. 417 і 418): “Заходнерусізм – канцэпцыя адмаўлення гістарычнасці беларусаў як самастойнай і самабытнай этнічнай адзінкі, атаясамлення іх з велікарускім этнасам… Заходнерусізм сёння зьяўляецца рэальнай перашкодай на шляху канчатковай дэкаланізацыі, умацавання суверэнітэту, фармавання нацыянальнай свядомасці і самапавагі беларускага народа”.

Цяперашнія западнарусісты разумеюць пад паняцьцем Западная Русь ня толькі Беларусь-Літву, але і Украіну-Русь – зрэшты, як у час Расейскай імперыі. Толькі Беларусь тады маскоўскія імперыялісты называлі “Северо-Западный край Россійской імперіі”, а Ўкраіну – “Юго-Западный край” або “Малороссія”.

Мэты і задачы для антыбеларускага зборышча “Западная Русь” выразна па-маскоўску акрэсьліў сайт zapadrus: “Во время пастырского визита на Белую Русь в сентябре 2009 года Святейшего Патриарха Московского и всея Руси Кирилла, впервые за почти столетнее преднамеренное забвение на столь высоком уровне было сказано, что нынешняя Россия, Белоруссия (Беларусь) и Украина не просто родственные государства, а неотъемлемые слагаемые великой восточнославянской цивилизации – Святой Руси … Православная страна Белоруссия несёт на себе печать самой западной части Святой Руси”.

Западнарусісты свой сайт “Западная Русь” называюць “научным и просветительским проектом”, які мае і іншыя варыянты найменьняў: “Единая Русь”, “Триединая Русь” ,“Единый народ Руси”, “Мы один народ – Триединая Русь”, “Святая триединая Русь”, “Сьвятая Русь”, “Большой русский народ”, “Общерусский народ”… Усе яны вызнаюць адзіны “русский народ как единую общность великороссов, малороссов и белорусов” канцэнцыяй, якая была “государствообразующей”, якая “вносит посильную лепту в исправление исторческой несправедливости и приобщение заинтерессованной общественности к богатейшему наследству западнорусской общественной мысли… ХІХ – нач. ХХ ст., истории и культуры”. І хаця гэтыя мэты западнарусістаў разбамбіў яшчэ ў пачатку ХХ ст. Аляксандар Цьвікевіч, сённяшнія западнарусісты кормяць сваіх чытачоў “произведениями современных авторов, работающих на ниве западнорусской мысли и продолжающих традиции блестящих ученых-западнорусов прошлых времен” у тым жа русіфікатарскім антыбеларускім духу.

Яны безапеляцыйна і нахабна сцьвярджаюць ды прапагандуюць няпраўду, што “в духовном и культурно-национальным отношении Белоруссия является частью Русского и Славянского мира”.

Ідэалогія западнарусізму нічым не адрозьніваецца, акрамя хіба што назвы, ад “Триединой концепции Российской империи” ХІХ-га – пачатку ХХ ст.

З прыходам да ўлады ў Расеі кадэбоўскай каманды Пуціна найбольш ажывіліся маскоўскія імперыялісты, і канцэпцыя пра адзіны рускі народ апанавала СМІ і кнігадрук перш за ўсё ў самой Расеі, але яна перадалася ў пэўнай меры і ў публіцыстычную і палітычную сьферу Ўкраіны-Русі і Беларусі-Літвы.

І што найбольш небясьпечна, што ў асяродках Русской православной церкви і гэтак званым “сообществе Русского мира” падхапіўся і стаў часта ўжывацца стары расейска-імперскі тэрмін “возсоединение” триединого русского народа, якое прызнаецца “основной задачей на ХХІ век” [! – Рэд.].

(Прывяду тут крыніцы-спасылкі на друкаванае ў Маскве з аднаго Круглага стала і з Інстытута дыяспары ды інтэграцыі:  1) “Воссоединение русского мира – главная задача на ХХІ век” // Золотой лев: Материалы Круглого стола.  2) Крутов А.Н. “Воссоединение должно стать ключевым словом нашей действительности” // Страны СНГ. Русские и русскоязычные в новом зарубежье : информационно-аналитический бюллетень. – Москва, Институт стран СНГ, Институт диаспоры и интеграции, 2008,8.12, вып. 210, с. 25.)

Пачаткам «воссоединения русского мира» сталі ўкраінскія землі Крыму і Данбасу! А як “возсоедіняла” немка Кацярына другая і апошняя нашу Літву-Белоруссію, Польшу, Малороссію-Ўкраіну, мы з вамі добра ведаем. Як затым наступныя расейскія імператары “добровольно прісоедінялі” Закаўказьзе, Крым, Сярэднюю Азію – тамтэйшыя народы таксама не забыліся…

Агрэсіўныя і захопніцкія намеры Масквы відавочна былі спланаваныя Крамлём і РПЦ хутчэй за ўсё неўзабаве пасьля распаду СССР. І гэтыя “воссоедіненія”-анэксіі чужых тэрыторыяў маскоўскія захопнікі ўжо абгрунтоўвалі ў сьпецыяльных інстытутах і публікавалі нават у эцыклапедыях, не хаваючы сваіх планаў. Так, напрыклад, у Санкт-Пецярбургу існуе “Институт истории Русской Цивилизации имени Митрополита Санкт-Петербургского и Ладожского Иоанна (Снычёва)” як грамадская арганізацыя, дзе дырэктарам зьяўляецца доктар эканамічных навук Алег Платонаў, 1950 г. н. Ён вядомы рускі шавіністычны пісьменьнік, публіцыст, грамадскі дзеяч і антысеміт (адмаўляе халакост), стваральнік навукова-выдавецкага цэнтру “Русская Цивилизация” з 1995 г. і галоўны рэдактар праваслаўнага (зьвярніце ўвагу – праваслаўнага!) выдавецтва “Энциклопедия русской цивилизаци” з 1998 г. З 1998 году ён пачаў выдаваць “Большую энциклопедию Русского народа. Святая Русь” з больш як 20 тамоў. Выдаў ужо 10 тамоў. 4 першыя таўшчэзныя тамы зь іх стаяць у вольным доступе ў чытальнай зале Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі на другім паверсе. У гэтай “Святой Руси” праводзяцца наступныя ідэі: священные основы власти великих князей и царей, самодержавное Российское царство, православная монархия, верноподданичество, российская гражданственность ды іншыя.

Вось, што сам напісаў галоўны рэактар Алег Платонаў па нашай тэме і сам надрукаваў у сваёй “Святой Русі” ў 2002 г. Прывяду тут некалькі характарыстычных цытатаў:

РУССКИЙ НАРОД, русские, нация, создавшая Российское государство. Состоит из трех родственных ветвей – великорусов, малороссов и белорусов, произошедших от древнерусской народности (ІХ—ХІІІ вв.), сложившейся из восточнославянских племен: новгородские славяне, кривичи, дреговичи, радимичи, северяне, поляне, древляне, волыняне (бужане, дулебы), тиверцы и уличи, вятичи  Название “русские” восходит к названию одного из славянских племен родиев, россов, или руссов.

К началу ХХ в. русский народ насчитывал 88 млн. чел., включая великороссов, малороссов (украинцев, полещуков), русинов, или галичан (покутян, подолаков, бойков, гуцулов, горал), и белорусов… Среди белорусов выделяются полешуки (полещуки) – жители полесья; наиболее своеобразны среди них пинчуки – население Пинского Полесья.

Вплоть до 1917 года ни один серьезный государственный деятель или ученый не рассматривал великороссов, малороссов и белорусов как отдельные народы [яшчэ б; паспрабаваў бы які б небудзь “серьезный государственный деятель” так зрабіць… – Рэд.]. Разделение их в официальной статистике осуществлялось по чисто географическому, а не национальному признаку. Подобно Сибири и Уралу, Малороссия и Белая Русь (Белоруссия) состовляли единую географию русского народа, целостный братский организм. Некоторые языковые и этнографические различия малороссов и белорусов объяснялись особенностями их исторического развития в условиях многовековой польско-литовской оккупации. Провозглашение русского народа малоросским и белорусским – результат австро-германских спецслужб (а позднее и вообще западных спецслужб) с целью расчленения и ослабления единого братского организма России. Взращенные иностранными спецслужбами “самостийники” являются злейшими врагами Украины и Белоруссии, предателями русского народа. О. Платонов”.  

Гэтыя словы непрызнаньня беларусаў і ўкраінцаў як асобных народаў са сваімі дзяржавамі казаў і публікаваў у канцы ХХ ст. – пачатку ХХІ ст. імперскі шавініст вялікадзяржаўнік-манархіст Алег Платонаў, а разьнесьлі іх па ўсёй Масковіі, Украіне і Беларусі ягоныя прыхільнікі і пасьлядоўнікі – маскоўскія нацысты, гісторыкі-шавіністы, кагэбісты, камуністы-сталіністы, прадстаўнікі ваенна-прамысловага комплексу. Гэта пачалося ўжо адразу пасьля развалу “тюрмы народов” (Ленин), “імперыі зла – СССР”. Яны спарадзілі ў частцы маскоўскага грамадства, у навуковым асяродку, у друку – праз кнігі, газеты, часопісы і тэлебачаньне – масавы імперскі псіхоз у Расеі, з дапамогаю якога былі захопленыя ўкраінскія Крым і Данбас.

Пра падобную зьяву “патрыятычнага” шаленства пісаў яшчэ ў ХІХ ст. Аляксандар Герцан (1812—1870): “Всю Россию охватил сифилис патриотизма”.

І сёньня захопнікі Крыму і Данбасу, такія як Стралкоў-Гіркін, адмаўляюць нам у праве існаваньня самастойных незалежных дзяржаваў Беларусі і Ўкраіны:

“Хочет того Лукашенко или нет, создаёт ли его окружение новую т. н. литвинскую идентичность, на мой взгляд, не менее бредовую, чем украинство, но Белоруссия была, есть и остаётся частью Русского Мира … Я остаюсь сторонником единой России … Украина была, есть и будет частью России. Я мечтаю, чтобы Россия вернулась к своим естественным границам, как минимум – 1939 года”.

А паколькі ўкраінцы-русіны і беларусы-ліцьвіны зьяўляюцца “предателями русского народа” і “злейшими врагами” Расеі і “Русского Мира”, то іх можна сьмела забіваць, расстрэльваць, бамбіць, браць у палон, высылаць ці захопліваць іхную зямлю, як гэта і рабілі іхныя папярэднікі цары іваны ды васілі, імпяратары Пётар, кацярыны, аляксандры, мікалаі ды бальшавікі Ленін са Сталіным.

Сёньняшняя маскоўская праваслаўная царква застаецца такой жа праімперскай, шавіністычнай дзяржаўна-кагэбісцкай царквою, якой яна была і пры дэспаце Сталіне (шырока вядома, што і самыя высокія ярархі і нават святары – агенты КГБ). Маскоўская праваслаўная царква адышла ад спрадвечнай грэцка-візантыйскай царквы і адрозьніваецца ад яе сваім дэспатызмам і жорсткасьцю, непрыняцьцем “инакомыслящих, инородцев и иноплеменников и почитанием себя как рабов царя и самодержца-императора в исламско-азиатском духе”. Маскоўская праваслаўная царква і крамлёўская ўлада ўжо так шчыльна інтэграваліся і зьліліся ў сваім адзінстве, што гэтае “адзінства” цяпер хочуць правесьці з Украінаю і Беларуссю.

На царкоўным узроўні зь Беларусьсю яно амаль што і адбылося. Беларускі экзархат бяз згоды Сіноду РПЦ МП анічога сам свайго і ня робіць. Беларускі экзархат русіфікуе беларусаў-ліцьвінаў, дабраслаўляе маскоўскіх казакоў-разбойнікаў і сьмела пашырае “русскій мір” у Беларусі з патураньнем прамаскоўскай ўлады. Сама ўлада прызнаецца разы два ці тры на год у шчырай любові да “русскіх братьев”. А тыя “братья” ўжо прыбралі да сваіх рук шмат чаго і твораць шмат чаго антыбрацкага і захопніцкага…

Любяць у нас на дзяржаўным узроўні казаць то пра “духовное возрождение”, то пра “великий русский язык”, то пра “великую русскую культуру”… Ці можна мець духоўнае адраджэньне ад маскоўскай царквы, калі яна фактычна не прызнае ані самастойнай беларускай дзяржавы, ані самастойнага беларускага народу, ані асобнай беларускай самастойнай царквы і мовы, а ўсё гэта лічыць адзіным рускім?! Таму няма і ніякага беларускага нацыянальнага адраджэньня на царкоўным і нават дзяржаўным узроўнях! А ёсьць схаваная і яўная маскалізацыя і падлог.

Выпушчана ў сьвет больш за 7 зборнікаў дакументаў “Вяртаньне” пра тое, што вывезла Расея зь Беларусі ў ХІХ-ХХ стст. Што вернута назад? Анічога! Замест арыгіналу Крыжа Сьвятой Афрасіні Полацкай зрабілі муляж! Зрабілі факсімільныя выданьні Тураўскага і Слуцкага Явангельляў на царкоўнаславянскай мове – мове старадаўніх балгараў, якая зьявілася асновай для маскоўска-рускага языка! Чаму не вяртаюцца вывезеныя з замкавых комплексаў Нясьвіжа, Міра, Ружанаў, Дзярэчына і іншых палацаў, маёнткаў, цэркваў ды касьцёлаў рэчы, кнігі, абразы, творы жывапісу і скульптуры? Чаму зьнішчаюцца парэшткі старадаўняй беларускай архітэктуры ці замяняюцца на маскоўска-казанскія цыбуліны і крыжы нашыя цэрквы ў Наваградку, Лагойску і шмат дзе яшчэ? Чаму вывозяцца ў Маскву ці прадаюцца цяпер старыя беларускія іконы? Чаму нават знойдзеныя залатыя крыжы з нашых цэркваў замяняюцца на новыя софрынска-маскоўскія дарагія вытварэньні?!  Калі ж і ствараецца штосьці новае нібыта беларускае, то яно  вельмі часта ўяўляе чужое, не ўласьцівае нам, а маскоўскай школе. Дык пра якое тут беларускае духоўнае адраджэньне трэба трызвоніць?! Узнагароджваецца ж не беларускае, а маскоўскае і зрусіфікаванае! Чаму нам навязваюцца ў цэрквах культы чужых сьвятых, якія ніколі не жылі ў Ліцьве-Беларусі – Аляксандра Неўскага, Сергія Раданежскага, Серафіма Сароўскага ці апошніх расейскіх імпяратараў, іхных жонак ды дзяцей?!

Русский язык у Беларусі стаў сродкам дэнацыяналізацыі і русіфікацыі беларусаў ды некаторых іншых народаў, што жывуць у самой Расеі. А з вайною ва Ўкраіне, якую распачала пуцінская Расея, русскій язык пачаў успрымацца беларусамі-ліцьвінамі яшчэ мовай агрэсараў-захопнікаў, мовай агрэсіўнай маскоўскай ваеншчыны, гатовай захапіць ня толькі Ўсходнюю Беларусь, але і ўсю астатнюю…

Называць русскій язык “великим і могучим” таксама не даводзіцца, бо акрамя саміх маскавітаў, ніхто больш сёньня яго так не заве (за выключэньнем хіба што падлізьнікаў і выхаванцаў з ізаляванага расейскага асяроддзя). “Великим и могучим” русскій язык стаў перш за ўсё толькі для маскоўскіх імперыялістаў. Маскоўска-руская мова ўзьнікла пасьля ўтварэньня Вялікага Маскоўскага Княства на аснове царкоўнаславянскай мовы пры багаслужэньнях у Маскоўскай праваслаўнай царкве з дамешкам словаў балгараў, макядонцаў, беларусаў, украінцаў, а таксама фінскіх, цюрскіх(татара-мангольскіх) і іншых асіміляваных і русіфікаваных народаў Азіі і нават Яўропы. Няма і ня можа быць чыста аднамоўных паходжаньнем дзяржаўных моваў.

Першая маскоўска-руская дзяржава ўзьнікла ў 1480-я гады, калі “Великое Московское Княжество” дабілася сваёй незалежнасьці ад Залатой Арды, выйшаўшы зь яе складу. Московія або яшчэ і Тартарарыя сталася называцца ўпершыню Россіей пры Всероссійском Императоре Пятры Першым у 1721 годзе.

Русская культура ў генных, субстратных і этнаграфічных адносінах перш за ўсё фінская – ад фінскіх плямёнаў мокша, мары, мяры, мурамы, карэлаў, вепсаў, чувашоў, іжоры, комі, водзі, чудзі, эрзі, пярмі, мардвы, удмуртаў… На другім ўзроўні ў маскоўскай культуры знаходзіцца яе азіяцкае (цюрска-татарска-залатаардынскае) напластаваньне. Трэці ўзровень маскоўскай культуры займае расейска-імперская ідэя “Святой единой и неделимой Руси” з культам адной асобы – “Царя-Помазаника Божиего, Самодержца и Императора Всероссийского”, дэспата Сталіна ці новага “Собирателя русских земель” “міротворца”-агрэсара-захопніка Пуціна…

Калі ўжо казаць пра рускую культуру ці “цывілізацыю”, то ў пераважнай большасьці як пра імперскую культуру імперскай Расеі, бо яна (культура) так ці інакш абслугоўвала і абслугоўвае менавіта перш за ўсё гэтую імперскую ўладу, атрымлівае ад яе свае заказы, аплату, маёнткі-сядзібы-кватэры і ўзнагороды. Некаторыя кажуць пра выдатны рускі балет, музыку, жывапіс, архітэктуру, літаратуру, навуку, што несумнеўна ёсьць і што ніхто іх у Масковіі не адбярэ, але ж яны ствараліся ў Расеі, а таксама ў СССР для ўслаўленьня “величия самой России і яе Самодержавия”, “Самодержцев и Императоров Всероссийских”, а таксама савецкіх “вождей” – Леніна, Сталіна, Брэжнева. Цяпер Пуціна.

Вядома, і ў расейска-імперскай культуры можна знайсьці нямала таленавітых прадстаўнікоў творчай інтэлігенцыі, якія стварылі шэдэўры для сваёй Расейскай Федэрацыі і каштоўныя творы для агульналюдскай культуры і цывілізацыі. Дык такіх культурных дзеячоў і іх творы даюць нашаму цывілізаванаму сьвету шмат якія народы, краіны, дзяржавы. Але ж тыя народы не выстаўляюць сябе ў якасьці адметнай цывілізацыі, прызначанай для глабальнага панаваньня сьветам, як гэта некалі рабіў нямецкі гітлераўскі фашызм, а цяпер пуцінскі “русский мир”. Спробы прагрэсіўна-дэмакратычнай часткі рускай культуры сказаць праўду пра рускую экспансію ці выказаць хоць які-небудзь пратэст на антыгуманныя дзеяньні расейскага Самодержавья ў мінулым ці цяпер заканчваліся і заканчваюцца пазбаўленьнем працы ці нават жыцьця, ссылкаю ў Салаўкі, Сібір ці Магадан, на катаргу ці канцлагеры (исправительно-трудовые лагеря ИТЛ). Расея, ці лепей сказаць яе агрэсіўна-ваяўнічая зграя захопнікаў чужога дабра і зямлі (“для ловли щастья и чинов”), ня хоча быць “столбовой дворянкою”, а жадае быць “Владычецею Морскою” аж чатырох акіянаў – ад Ледавітага і Ціхага да Індыйскага і Атлантычнага.

Але, каб жа потым не застацца ля разьбітага карыта…

Маскоўская імперыя дзейнічала і дзейнічае па прынцыпах даўнейшых імперыяў: “разделяй и властвуй”; “хочешь мира – готовь войну”. Хоць у СССРы быў у модзе нягеглы лозунг: “Миру – мир!” (што перакладаецца і азначае “Усяму Сьвету – мір і спакой!”) – які мір і спакой прынёс СССР краінам народнай дэмакратыі ў Яўропе, ці афганскаму народу ў Азіі? Чым ён закончыўся, усім вядома. Які мір і спакой прынесла Расейская Федэрацыя самой Расеі, Ічкерыі, Грузіі, Абхазіі, Украіне?!…

“Русский мир” хацелі ўкараніць з маскоўскага Крамля з дапамогаю адзінага “советского народа” ў СССР і “коммунизма”, каторы “победит во всём мире”. СССР і “всемирный коммунизм” не атрымаліся. Засталася ж у маскавітаў яшчэ апошняя царкоўная ідэя-фікс “Москва – третий Рим”. За яе ажыцьцяўленьне ўзяўся Маскоўскі Патрыярхат на чале са сваім патрыярхам Кірылам (Гундзяевым-мардзьвінам) пры ўдзеле расейскага прэзідэнта Ўладзіміра Пуціна-вепса і ягонай ваенна-пажарнай каманды на чале з тувінцам-манголам Шайгу). Яны ўжо насупраць Крамля паставілі велізарнейшую на ўвесь рост фігуру цёзкі Владимира Владимировича Путина “сьвятаго равноапостольнаго Владимира з Рюриковичей Киевских”, каб перашчагальнуць аналагічны помнік у Кіеве ўкраінскім сваім памерам і каб В.В.Путин паглядаў з Крамля і любаваўся полацкім гвалтаўніком–распусьнікам-забойцам-захопнікам…

Ужо ў Маскве ходзяць праекты перадачы ўсяго маскоўскага Крамля-крепости пад рэзідэнцыю маскоўскага патрыярха Кірылы Гундзяева, каб увесь Крэмаль стаў Маскоўска-Расейскім (а хутчэй і Сусветным) праваслаўным Ватыканам-Канстанцінопалем – Трэцім Рымам. Самому ж Пуціну збудуюць новы Палац-Прэзідэнцыю па-за межамі Крамля. А для высокапастаўленых асобаў (першага і апошняга прэзідэнта СССР Гарбачова ды іншых прэзідэнтаў, патрыярхаў, мітрапалітаў, думцаў, урадоўцаў, маршалаў) будуць адведзеныя новыя сьпецыяльныя могілкі замест Крамлёўскай сьцяны і Новадзявочага могільніка.

Патрыярху Кірылу застаецца толькі перамагчы Бартамалея Першага на Сусьветным Праваслаўным Саборы 2016 году, калі ён адбудзецца, і тады цэнтар сусьветнага праваслаўя можа быць перанесены з Канстанцінопаля–Істамбула турэцкага ў Крэмаль Маскоўскі, пра што і мараць у Крамлі. Таму мо нездарма Расея і ўвязалася ў вайну на мяжы з Турцыяй, а Турцыя зьбіла маскоўскі ваенны самалёт, які заляцеў на турэцкую тэрыторыю сьвядома ці несьвядома, цяпер ніхто не разьбярэцца. Канфлікт гатовы, разьвязаны – і можна разбамбіць Істамбул з рэзідэнцыяй Сусьветнага Патрыярха Канстанцінопальскага, а Сусьветнага Патрыярха Барталамея засудзіць і павесіць, як таго Ісуса Хрыста на Крыжы…

Вось такі рэлігійны асьпект праблемы заходнерусізму і “едзінарусізму” існуе сёньня ў Беларусі-Ліцьве і Яўропе.

Пытаюцца ў мяне, які ж выхад зь яе? У сёньняшніх антыбеларускіх умовах існававаньня пакуль што незалежнай дзяржавы Рэспублікі Беларусь рэлігійны чыньнік ня служыць кансалідацыі нашай нацыі, бо яна падзелена на бязбожнікаў, атэістаў, аўтакефалістаў, адвянтыстаў, баптыстаў, дарбістаў, евангялістаў, лютаранаў, маскалістаў, пратэстантаў, пяцідзясятнікаў, зрусіфікаваных і беларускіх праваслаўных РПЦ, грэка-каталікоў (вуніятаў), беларускіх і спаланізаваных каталікоў…

Частка нашай інтэлігенцыі лічыць, што вуніяцтва грэка-католікаў было ў ХVІ –ХІХ стст. і ёсць сёньня беларускай нацыянальнай канфесіяй і веравызнаньнем. Але ж яно сёньня маласпавядальнае і галоўнае ня мае таго высокага ерархічнага статусу ў Беларусі, які мела ў Ліцьве нашай у мінулых стагодзьдзях – ні мітрапалітаў, ні біскупаў. Кіруюць ўсімі беларускімі грэка-католікамі ўсяго адзін апостальскі візітатар архімандрыт Сяргей Гаек і святары. Папы Рымскія (а мо і той-сёй у Варшаве ці ў Кіеве-Ільвове) ня хочуць, каб беларускамоўныя грэка-каталікі мелі сваю Мітраполію, як гэта было раней, таму і не высьвячаюць для Беларусі ня тое што Патрыярха ці Мітрапаліта, але нават і біскупа…

Між тым, нагадаю, грэка-каталіцкая царква зарадзілася ў Ліцьве-Беларусі – у Берасьці Літоўскім у 1596 г. і існавала да 1839 году, маючы свае кафедры ў Наваградку, Вільні і нават у Варшаве. Грэка-каталіцкая царква сталася пераемніцай Полацкай, Турава-Пінскай, Смаленскай і Берасьцейска-Валадзімерскай праваслаўных япархіяў Вялікага Літоўскага, Рускага і Жамойцкага Княства. Рэшта ж праваслаўных трапіла фактычна пад Маскоўскі патрыярхат. У 1791 –1792 гадах на Пінскай генеральнай кангрэгацыі ў Пінску быў створаны Нацыянальны сінод праваслаўных цэркваў Вялікага Літоўскага Княства і Польскага Каралеўства з царкоўнай ярархіяй для вернікаў грэка-ўсходняга абраду. Менскі архіяпіскап знаходзіўся на правах Мітрапаліта і падпарадкоўваўся канстанцінопальскаму Патрыярху. Але ў выніку маскоўскай акупацыі сувораўцамі і падзелаў Рэчы Паспалітай Абодвух народаў (літоўска-беларускага і польскага) канца ХVІІІ ст. і гэтая створаная аўтакефальная ярархія была захоплена Маскоўскай царквою.

Наступную акцыю абвяшчэньня Беларускай аўтакефаліі ўчыніў быў у час французска-расейскай вайны пры імператары Налявоне-Банапарце ў 1812 годзе архіяпіскап Магілёўскі і Віцебскі Варлам Шышацкі (1749—1823), які ведаў і ўхваляў пастановы Пінскае Кангрэгацыі 1791 г. на стварэньне нават асобнага беларуска-ўкраінскага патрыярхату. Ды сінод Маскоўскай царквы пры імпяратары Аляксандры І 1(13) траўня 1813 году пазбавіў архіяпіскапа і архімандрыта Варлама Шышацкага (яго сьвецкае імя Рыгор) япіскапскае годнасьці і сьвятарства, выслаў у Чарнігаў, дзе ў саборнай царкве 11 ліпеня 1813 г. ганебна абдзёрты быў з архірэярэйскага ўбраньня, публічна дэградаваны на простага манаха, а потым быў замкнёны на 10 гадоў у Ноўгарад-Северскім Збаўца-Зьмяненскім манастыры аж да самай сьмерці.

Вось так распраўлялася і распраўляецца высокая духоўная ўлада РПЦ з “самостийниками”.

Ды беларусы-ліцьвіны хоць і праз сто гадоў, але зноў пачнуць аднаўляць сваё. Так, у Заходняй Беларусі напачатку ХХ ст. ўзьнікла заходнебеларуская аўтакефальная царква, але ўжо пасьля нямецка-савецкай вайны 1939—1945 гг. Варшава з Масквою ператварылі яе на Польскую праваслаўную царкву Маскоўскага патрыярхату, якую палякі паланізуюць, а маскоўская РПЦ фактычна дапамагае палякам дэнацыяналізоўваць беларусаў на Беласточчыне і ва ўсёй Польшчы.

Не прызнае Маскоўскі Патрыярхат і сёньня Беларускай ды Украінскай Аўтакефальных Праваслаўных Цэркваў, а таксма Ўкраінскую Праваслаўную Царкву Кіеўскага Патрыярхату.

Засільле крамлёўскай шавіністычнай ідэі “русского міра” і “тріедіной святой Русі” моцна адчуваецца ў розных сьферах жыцьця сучаснага грамадства, і асабліва балюча і негатыўна выяўляецца ў гістарычнай навуцы, адукацыі, культуры і сродках масавай інфармацыі, а таксама і ў нацыянальна-духоўным выхаваньні і сьвядомасьці беларусаў-ліцьвінаў. Беларускі экзархат РПЦ МП, маючы ў дзяржаўных ворганах улады сваіх уплывовых чыноўнікаў, забараняе дзеячам БАПЦ якую-небудзь адкрытую публічную дзейнасьць на карысьць свайму народу. Так, толькі ў гэтым годзе нашымі памежнікамі быў забаронены ўезд у Беларусь нашаму першаярарху архіяпіскапу Наваградскаму і Паўночна-Амерыканскаму Ўладыку Сьвятаславу (Логіну) з Канады. Ідэалагічная камісія Наваградскага райвыканкаму ў апошнюю хвіліну не дазволіла мне – пратаярэю БАПЦ – праводзіць у Наваградку ўжо падрыхтаваную сьпецыяльна к юбілейным датам міжнародную навуковую канфярэнцыю, прысьвечаную 800-годзьдзю Наваградска-Літоўскай Праваслаўнай Мітраполіі і 600-годзьдзю абраньння яе Мітрапалітам сусьветнавядомага Рыгора Цамблака-балгарына.

Атрымліваецца недарэчнасьць: у Расіі шмат якія ідэі, нават на нашу думку бязглуздыя, ажыццяўляць можна, а ў Беларусі – нельга. Калі ўчытацца толькі ў некалькі строфаў царкоўнага верша “БЛАГОСЛОВЕННА ЗА РОССИЮ ВАША ЖЕРТВА” пад іконаю “в честь Святой Царственной Седмерицы Великомученникам: Царю Николаю, Царице Александре, Цесаревичу Алексею, Царевнам Ольге, Татиане, Марии, Анастасии”, то можна сабе ўявіць, якая антычалавечая, антыгуманная, хваравітая і бязглуздая сутнасьць ідэі “Святой православно-манархической Руси” паўстане ў (не)русского человека:

Государь, грядущий Царь

В России будет как и встарь,

Собой явит Он Симфонию власти

Монаршей и Патриаршей, обуздает страсти

Врагов России и Христа…

Ум Русичей просветится и добродетель на Руси укрепится.

И будет Он для Руси Царем-Победителем!

Освободит Страну от масонского плена,

Очистит Церковь от экуменического тлена…

Он будет сиянием Правды в Великой счастливой Державе,

Народы міра воздадут благодарение и хвалу Божией Славе!

Свет Православия воссияет по всей Земле

И Православные храмы будут строится везде,

Во всяком континенте и во всякой стране!…

Грядущий лик Твой грозный нам предсказан,

Им будут все повержены враги!

И будет Царь на царствие помазан

Святой единой Церкви и Руси!

И Богом данный Русский Венценосец,

Царь-Патриарх всю Русь объединит!

Ревнитель Веры, Государь-Победоносец

Всё превозможет, всех препобедит!…

(Иеросхимонах Рафаил (Берестов), сайт « Москва – Третий Рим»)

Акаловіч 2Маскоўская ўрадавая і царкоўная палітыка ў дачыненьні да іншых народаў – не гуманная, не дэмакратычная, а імперская, агрэсіўная і захопніцкая, бо яна абапіраецца на недарэчную [агрэсіўную, злачынную. – Рэд.] дзяржаўную ідэалогію “русского мира”, у аснове якой ляжыць міф пра “триединый русский народ”. Ідэя “русского мира” нясе людзям самой Расіі ды іншым народам не мір, спакой і дабрабыт, а вайну, гібель людзей і разбурэньні-руіны. Народы сьвету, і перш за ўсё суседнія з Расеяй, вымушаныя шукаць шляхі абароны сваіх дзяржаваў ад наступстваў крамлёўскай ваеншчыны. Захоп украінскіх Крыму і Данбасу ужо разбурыў давер да Расейскай Федэрацыі, веру ў брацтва і дружбу народаў, прывёў да канфрантацыі нават у сьвеце. У Беларусі ідэя “русского мира”, якая вар’іруіцца-хаваецца пад назовам “западнорусизм”, абудзіла супраціўны рух беларусаў-ліцьвінаў за адмену назваў як Белоруссія, так і Беларусь, як найменьняў, навязаных нам у час захопу нашай краіны Расейскай імперыяй у канцы ХVІІІ ст., і за вяртаньне да другой сваёй больш старажытнай саманазвы Літва і ліцьвіны.

Мы даказвалі і будзем даказваць “русскому міру”, “западнорусістам” і ўсяму сьвету яшчэ мацней і шырэй, што :

1) мы, як беларусы-ліцьвіны Рэспублікі ды сёньняшняй дзяржавы Беларусь, і ёсьць нашчадкамі-пераемнікамі нашай другой пасьля Полацкага Княства дзяржавы Вялікага Літоўскага Княства, створанага ў 1253 г.;

2) поўная назва трэцяй нашай супольнай з суседзямі дзяржавы Вялікае Літоўскае (Беларускае), Рускае (Украінскае) і Жамойцкае (Летувіскае) Княства было федэрацыяй трох народаў – ліцьвінаў-беларусаў, русінаў-украінцаў і жамойтаў-летувісаў(1360-ыя // 1450-ыя – 1569);

3) Рэч Паспалітая была федэратыўнай дзяржаваю, створанай для супольнай абароны ад Масковіі, і складалася з Польшчы (Кароны) і ВКЛ (Літва, Княства) для чатырох народаў (1569—1795);

4) дзяржаўнай мовай у Вялікім Літоўскім Княстве была славянская мова ліцьвінаў-беларусаў, якая звалася простай руськай або літоўскай, асаблівасьці якой сталі выразна праяўляцца на пісьме з 1229 году;

5) першы наш горад і сталіца Полацкага Княства – Полацак, з 862 г.;

6) хрысьціянства ў Вялікім Літоўскім Княстве пашыралася ў япархіях Полацкай з 992 г., у Тураўскай з 998 – 1114 г., у Смаленскай з 1136 г., Пінскай з 1241 г;

7) першыя сьвятыя нашай Літоўскай зямлі Афрасіня Полацкая (1101—1173) і Кірыла Тураўскі (1130— 1190);

8) наша Літоўска-Наваградская Мітраполія існавала з 1216 году;

9) наш спрадвечны дзяржаўны герб – Літоўская Пагоня, з 1278 году, а ў жамойтаў-летувісаў – Мядзьведзь з ашыйнікам;

10) Вялікае Літоўскае Княства мела сваю законную Канстытуцыю ў выглядзе Літоўскіх Статутаў 1529, 1566 і 1588 гадоў на нашай мове і карысталася еўрапейскім магдэбургскім правам;

11) гісторыя нашай старадаўняй дзяржаўнасьці зафіксавана ў больш як тысячы тамах Літоўскай Метрыкі (600 тамоў), летапісах, старажытных актах, граматах і дакументах;

12) ганарымся сваім нацыянальна-дзяржаўным Бела-Чырвона-Белым Сьцягам Беларускай Народнай Рэспублікі ад 1918 году;

13) новая сучасная беларуская (літоўская) літаратурная мова, захаваўшы ў сабе шматлікія лексічныя, граматычныя, стылістычныя асаблівасьці пісьмовай і гутарковай мовы ад часоў Вялікага Літоўскага Княства, пачала інтэнсіўна фармавацца ў пачатку 19 ст. на грунце двух сваіх даўнейшых славянскіх дыялектаў – паўднёва-заходняга (літоўскага) і паўночна-ўсходняга (крывіцка-беларускага);

14) Усходняя Беларусь (паўночна-ўсходні крывіцка-беларускі дыялект) называлася ў Масковіі і Расійскай імперыі часьцей за ўсё Белоруссіей, а яе жыхары белорусцамі, а Заходняя Беларусь (паўднёва-заходні літоўскі дыялект) звалася палякамі Літвою, а яе насельнікі — ліцьвінамі (litwinami); маскоўцы і палякі гэтыя назвы круцілі, як хацелі, перасоўвалі туды-сюды і далей пераносілі на іншых – литовцев-litewscew-летувісаў;

15) суседняя з намі дзяржава Летува прыняла сабе такую назву толькі ў 1918 годзе замест даўнейшых найменьняў Жамайція, Жамойць, Жмудзь, Самагіція. Але ж Летува ня ёсьць Літва, гэта розныя назвы двух розных народаў –летувісаў-жамойтаў і беларусаў-ліцьвінаў;

16) альтэрнатывай западнарусізму зьяўляецца ліцьвінізм.

У інтэрнэце мае шырокае хаджэньне перадсьмяротнае ўказаньне Кацярыны ІІ па “Новым землям Литовским”, якое створана адпаведна тагачаснай акупацыйнай палітыкі Расійскай імперыі і яе праваднікоў ў Ліцьве-Беларусі такіх, як генерал-губернатар М. Мураўёў:

Великое Княжество Литовское впредь именовать только Белой Русью, а народ ее белорусами, чем на века привяжем ее к России. Замирить Белую Русь военной силой невозможно. Эту миссию мы возложим на русского чиновника, русского учителя, русского попа. Именно они отнимут у белорусов не только их язык, но и саму память про самих себя.

…Что не доделал русский штык, доделает русская школа”.

В Северо-Западном крае так называемый белорусский язык необходимо свести на нет. Если этого не сделать, он постоянно будет инспирировать мысль об отдельном белорусском народе и о праве этого народа на этническую самостоятельность и национально-государственную суверенность, чего допустить нельзя! (Михаил Муравьёв)

На што Кастусь Каліноўскі адказваў: “У нас, дзедзюкі, адно вучаць у школах, каб ты знаў чытаці па-маскоўску, то для таго, каб цябе перарабіці на маскаля! (“Мужыцкая праўда”, 1863 г.)

Класічны адказ усім асімілятарам і русіфікатарам даў заснавальнік марксізму Караль Маркс: “Не знать языка страны проживания может гость, идиот или оккупант, насаждающий свой язык”.

Такімі акупантамі Ўкраіны-Русі і Беларусі-Літвы былі і застаюцца сувороўцы і мураўёцы, сёньняшнія праваслаўныя гундзяёўцы з “Треединой Руси” і “русскоговорящие” пуцінцы з “Русского мира”, якія і цяпер насаджаюць нам асімілятарскі “русскій язык”, імперскі “русскій мір” – вайну і азіяцкае праваслаўе.

Экспансізм і мілітарызм “русского міра” добра разумеў і чэх Караль Чапак, які казаў 100 гадоў таму: “Рускія ўсё вакол сябе называюць славянскім, каб потым усё славянскае назваць рускім”.

Нарэшце і наша пісьменьніца лаўрэат Нобілеўскай прэміі Сьвятлана Алексіевіч зразумела маскоўскі мілітарызм Крамлёўскай улады і пачала казаць, што Пуцін можа паўтарыць досьвед Афганістана ў Сірыі, бо: “Россия – страна солдат. Или известных солдат, или подпольных. Мы жывём в военном окружении, среди военного мышления. Оно сверху донизу – от правительства до простых людей. Это касается и России, и Беларуси (8.Х.2015 г.).

Незалежныя СМІ пішуць, што сама пуцінская Расія пуцінізмам (русским миром, триединой святой Русью і да т.п.) даведзена да “массового психоза-помешательства” і “оболванивания-зомбирования” значнай часткі людзей маскоўскім рэжымам, СМІ, калянавуковай літаратурай і публіцыстыкай у выніку арганізаванай Крамлём дэзінфармацыйнай, гібрыднай і анэксійна-акупацыйнай вайны ва Ўкраіне.

Каб адвязацца ад агрэсіўнай, захопніцкай і акупацыйнай Расеі і яе такой жа царквы, нам застаецца адно – аб’явіць пра стварэньне сваёй беларускай нацыянальнай царквы, як гэта зрабіў у 1534 г. ангельскі парламянт, абвясьціўшы сваю асобную англіканскую царкву на чале з каралём Генрыхам VІІІ. Так і мы мусім стварыць сваю нацыянальную царкву Літвы-Беларусі, назваць гэтую сваю царкву ЛІЦЬВІНСКАЙ, і каб яна ні ад кога не залежала – ні ад Масквы, ні ад Варшавы, ні ад Канстанцінопаля, ні ад Рыму. Ліцьвінскую веру могуць спавядаць толькі ліцьвіны-беларусы, і ня будуць тады яны кланяцца нікому, а толькі аднаму Богу.

Паколькі наша суседка Расія плануе ў ХХІ ст. аднавіць у сябе праваслаўную манархію і ўсё падбірае сабе ў пакуль яшчэ неаб’яўленую Расейскую Імперыю (сучасную Расейскую Федэрацыю) новага манарха зноў ці ня зь немцаў або аўстрыякаў, то і нам у Беларусі-Ліцьве, якую мы мусім аб’явіць Вялікалітоўскім Каралеўствам як пераемнікам Вялікага Літоўскага Княства са сваім першым каралём Міндоўгам, трэба выбраць на нашае Каралеўства свайго новага Караля! І гэткім чынам мы зможам адмежавацца і ўратавацца ад агрэсіўнай новай Расейскай праваслаўна-манархічнай Імперыі на чале з “Царём-Самодержцем – Императором Всероссийским” – новым азіятам ці новым немцам.

Ідэалогія сёньняшняй пуцінскай і гундзяеўскай Масковіі мала чым зьмянілася за 200 гадоў пасьля паўстаньня 1794 году пад кіраўніцтвам Андрэя-Тадэвуша Касьцюшкі, і яе ацэнка, дадзеная тады кіраўніком паўстаньня застаецца трапнай, актуальнай, надзённай і цяпер (гл. эпіграф).

Сёньня Расея вядзе з Украінай поўнамаштабную рэлігійна-імперскую вайну, якую Маскоўская праваслаўная царква называе “Священной”, а акупацыю тэрыторыі праваслаўнай Украіны “Крестовым Походом Православия!”

Сёньня Расея стала міжнародным жандармам-разбойнікам, але гэтыя разбой, агрэсію і анэксіі выстаўляе ў сьвеце як міратворства, пасярэдніцтва і ўлагадняльніцтва спрэчак паміж народамі і дзяржавамі, хоць на самой справе маскоўскі Крэмаль рыхтуе ўсё новыя і новыя правакацыі, інтэрвенцыі і захопы пад выглядам “інтэграцыі”, што азначае асіміляцыю і ліквідацыю народаў ды іх дзяржаваў.

Беларускі народ, яго царква, мова, гісторыя, навука, адукацыя, асьвета, культура, СМІ ў выніку маскоўска-імперскай экспансіі і асіміляцыі трапілі ў найцяжэйшы стан свайго існаваньня, што патрабуе і кардынальных мераў з боку як цяперашняй ўлады ў Беларусі-Ліцьве, так і самога грамадства.

Прычыны магчымай нацыянальнай трагедыі Беларусі-Літвы ў існаваньні і ў нас гэтак званай “нашей Русской православной церкви” (Аляксандар Лукашэнка) Маскоўскага патрыярхату і яе прыхільнікаў, узброеных агрэсіўнымі імперскімі шавіністычнымі тэорыямі “Русского (русскоговорящего) міра”, “Триединой Святой Руси” і маскоўскага “западноруссизма”, якія ўжо давялі Яўропу да мяжы сусьветнай братазабойчай вайны ў праваслаўнай Украіне-Русі, да захопу Крыму з Данбасам. На чарзе стаіць “процветающая русским миром Белоруссия». Успомніце, як “абскублі” Беларусь з усходу русскоговорящие православные и большэвікі-акупанты амаль сто гадоў таму, як мы страцілі тады беларускамоўныя тэрыторыі на Пскоўшчыне, Смаленшчыне, Браншчыне і Чарнігаўшчыне, а пасьля апошняй вайны беларускамоўныя Беласточчыну і Віленшчыну на захадзе.

Прыняты ў нас закон аб дзьвюхмоўі прывёў да дыскрымінацыі карэннага насельніцтва, да лінгвацыду і вядзе да этнацыду, страты цэласнасьці і нават поўнага суверэнітэту Беларусі як самастойнай і незалежнай еўрапейскай дзяржавы.

Таму дзеля захаваньня суверэнітэту ды незалежнасьці Рэспублікі і дзяржавы Беларусі-Літвы і супрацьдзеяньня царкоўна-імперскай шавіністычнай антыбеларускай ідэалогіі “русскоговорящего мира”, “триединой святой Руси и заподнорусизма” неабходна тэрмінова:

  • выйсьці з розных антыбеларускіх “союзов” з Масквою, вывесьці маскоўскія вайсковыя часткі з тэрыторыі Беларусі-Літвы, заявіўшы пра нейтралітэт;
  • узнавіць мытную мяжу на ўсходзе з Расеяй, каб не дапускаць на нашу зямлю ісламістаў, тэрарыстаў, дывярсантаў, “зелёных человечков” ды іншых казакоў-разбойнікаў;
  • нейтралізаваць усе прамаскоўскія імперскія шавіністычныя яўныя і тайныя арганізацыі, структуры і СМІ, якія дзейнічаюць у нас на карысьць агрэсіўнай Маскве, не прызнаюць беларусаў як асобную нацыю і Беларусь як самастойную сувярэнную Рэспубліку, яе мову і культуру, выступаюць супраць незалежнасьці Беларусі (адкрыта гавораць і пішуць, што няма такога народа як беларусы і яго мовы), чым парушаюць Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь;
  • ліквідаваць у Беларусі-Ліцьве праявы маскоўскага імперыялізму, агрэсівізму, анэксізму і западнарусізму з боку прарасейскага лобі ў дзяржаўных і грамадскіх структурах Беларусі, пазбавіць іх дзяржаўнай і зьнешняй падтрымкі; прамаскоўскія западнарусісты і ім падобныя засланцы з Масковіі не павінны займаць адказныя дзяржаўныя пасады і ўвогуле мець месцы працы ў нашай Дзяржаве;
  • замяніць прамаскоўскую наменклатуру і адміністрацыю новымі беларускімі кадрамі;
  • неадкладна прыняць закон аб адзінай дзяржаўнай беларускай мове і найхутчэй увесьці яго ў дзеяньне і шырокае ўжываньне яе ва ўсіх сьферах жыцьцядзейнасьці;
  • прызнаць Рэспубліку Беларусь дзяржаўнай правапераемніцай Вялікага Літоўскага Княства, Беларускай Народнай Рэспублікі, ЛітБелу і БССРу;
  • прызнаць за гербам Пагоня яго правамоцнасьць як гістарычнага герба нашай нацыі беларусаў-ліцьвінаў;
  • прызнаць Бела-Чырвона-Белы Сьцяг таксама нацыянальным сімвалам незалежнай Рэспублікі Беларусь.

Пакуль ня позна, абаронім сваю мову і краіну, мір і спакой на сваёй зямлі, захаваем на вякі незалежнасьць Айчыны – нашай Беларусі-Літвы!

 

 

 

 

 

 

 

 

Каментары (8)

  1. Павел Біч says:

    У апошні час ў непрыуладным друку (патрыятычным) з’явілася шмат артыкулаў у якіх на гістарычным матэрыяле малююцца вялікія палотны -Декларацыі – як павінны быць ў нашай краіне з рэлігіяй, мовай . культурай. палітыкай.Нешта падобнае надрукаваў сп.Якавенка на сваім сайце,сп. Астройскі і вось цяпер і а. Акаловіч. Такое чтіва, адназначна карыснае для юнацтва і рабацяг. Шкада толькі што цікаваць да падобнага матэрыяла катастрафічна падае. І гэта зауважылі сучасные філосафы. Да старых выразаў кшталту што “Гсторыя есць сучаснасць апракінутая ў мінулае”, і т.п. дабаўляюцца новые, яшчэ больш вострыя выразы, напрыклад “Самавобраз і вобраз мінулага ствараюцца разам”
    Я не знаўца рэлігій. Але думаю што усё ж такі вастрыня рэлігійных спрэчек адышла ў мінулае. Теаалагічные тонкасці (аб прыродзе Хрыста…) простых людзей цяпер не цікавяць. Цяпер рэлігіі вяжуцца з нацыянальным менталітет нацый і ладам жыцця, які нейкім чынам ад рэлігій залежыць.
    І што мы тады маем? А маем мы тое, што праваслаўье гэта Вера усходне-паўднёвых еўрапейскіх народаў, а іх менталітет зусім не адпавядае металітету паўночных народаў да якіх належым і мы. А лад жыцця гэтых праваслаўных народаў далёкі ад справедлівага, і спакойнага. І да таго ж гэтые народы чамусць-ці увесь час адсталые ў палітычным, навуковым і тэхналагічным аспектах. На каго нам раўняцца? Можа на грекаў, сербаў, украінцаў , рускіх?
    Апазіцыя хоча ў Еўропу. У якую? Есць пратэстанская і каталіческая. Католікі меньш дзікія чым праваслаўные, але і ім далека да справедлівасці і спакою пратэстантаў..
    Мы стагоддзямі гібелі і гібеем дагэтуль ў цісках між праваслаўем і каталіцтвам. Можа хопіць? Тым больш мы былі адно стагоддзе пратэстантамі і пры гэтым наша культура і мова квтнелі. Адкінем шызоідную пагружоннасць ў Гісторыю – усіх гэтых праваслаўных і каталіцкіх святых. Спынімся быць верблюдамі, якія стогнуць і падаюць пад цяжарам старых скріжалеў (па выразу Ф. Ніцше). “Самавобраз і вобраз мінулага ствараюцца разам”. Мне здаецца што наша гістрыяграфія , культуралогія, адраджэнства гэта якраз як верблюды. Яны ужо даўно не рухаюцца наперад.
    І яшчэ, аб тым як мала важуць словы і як цяжка важуць справы.. Нацыская, фашыстская ідэалогія ранжыравала усе народы свету, і большасць іх папала ў катэгорыю людзей другога гатунка. Аднак гэта не перашкодзіла прадстаўнікам гэтых “недачелавекаў” змагацца на баку немцаў. Словакі былі на баку немцаў каб дабыць незалежнасць ад братоў чэхаў, харваты былі таксама на баку нацыстаў каб дабыць незалежнасць ад братоў сербаў і г.д. і г.д. І так па усей Зямной Кулі. Так няўжо мы будзем цепляцца да гістарычны хлам, калі стаіць пытанне аб выжыванні нашай нацыі?

    • літвін з Полацка says:

      Ці абавязкова быць праваслаўным,каталіком,пратэстантам ды біцца галавой аб падлогу,калі ўсе мы і так ўсе веруючые людзі. Ўсе мы вернікі ў сусветную сілу ,якае кіруе светам.Вось што гэта за сіла няхай кожны вызначыць сам дзеля сябе. Што тычыцца астатніх тэм,то асабіста я даўно за тое каб павярнуць гістарычную назву краіне,але не каралеўства,а сапраўднай назвы,за якую ляглі мільёны лепшых. Зрабіць заяву на ўвесь свет,аб тым што толькі наш народ можа звацца літвінамі і сцяг ВКЛ – пагоня на чырвоным полі. Нажаль пакуль гэта не магчыма,але трэба папулізаваць гэтую ідэю паўсюды. (і ні якіх Вялікалітва,каралеўстваў і іншых акрым Вялікага Княства Літоўскага).

      • літвін з Полацка says:

        Дадам на конт РПЦ. Гэтай антычалавечай,антыдзяржаўнай царквы ўвогуле не павінна быць на нашай зямлі.

  2. Siarhiej says:

    “Москва – третий Рим”? Неее, Масква – другі Пхеньян!

  3. Павел Біч says:

    Сяргей, а ты не чуў пра планы Кіріла. У выніку вайны з Турцыяй знішчыць Стамбул і разам з Афонам і , а сусветны центар праваслаўья перанесці ў Маскву; свецкую уладу з Кремля выселіць, а увесь Кремль перадаць пад новы Сусветны центр праваслаўья. Можа атрымалі згоду ад Ватыкана. Стваралі ж яны разам Унію ў 16 ст., каб разам прыдушыць пратэнстантызм на землях Усходняй Еўропы.

  4. Валянцін says:

    Хотят ли Русские войны – спросите Вы у тишины, спросите Вы у тех ребят, что в Лугандонии лежат – и Вам ответят их сыны : хотят ведь Ирода сыны …

  5. Праваслаўны беларус says:

    Можна багата чаго пісаць, казаць і нават спавядаць…. Але рэальна можна выявіць сваё неўцтва ды прафанацыю адным фота.
    Для чаго ў сп. Акаловіча ў руках Чаша? Яна патрэбна толькі пад час Сьв. Літургіі, але цалкам непатрэбная ў часе мітынгаў ды нават малебнаў. Апрача таго, Чаша НІКОЛІ не трымаецца разам з напасадным крыжом у руках сьвятара.
    Такім чынам, сам сьвятар БАПЦ дыскрэдэтуе яе ў вачах практыкуючых праваслаўных вернікаў.

Пакінуць каментар

*

  • Старонкі

  • Рубрыкі

  • Апошнія запісы

  • Архівы