nashaziamlia.org

Асьветна-адукацыйны, грамадазнаўчы сайт для беларусаў: аналіз, прагноз, сілы, інтарэсы, сьветагляды, ідэі, ідэалогіі, праграмы, мэты.

Запісы

Расейцы пачалі патрабаваць ад Лукашэнкі тэрмінова прызначыць пераемніка (частка 4, заключная)

17 жніўня, 2016 | 5 каментарыяў

Рэдакцыя.

Пераемнік 3в

 

Лічым артыкул Зьміцера Панкаўца (гл. папярэдні матэрыял) у цэлым правільным, але трохі павярхоўным, у стылі фармальнай справаздачы, напісанай у сьпешцы (напрыклад, пад ціскам абмежаванага часу) ці перад адпачынкам, калі ўсе твае жаданьні нястрымна накіраваны на іншае. Таму хочам запрапанаваць нашым чытачам некалькі дадатковых меркаваньняў, якія паспрабуем падаць у больш-менш сістэматызаваным выглядзе.

 

Пачнем з аналізу артыкула Аляксея Дзерманта, пра які Панкавец не сказаў ні слова (і дарэмна, бо той ня проста чалавек-перабежчык у лагер прарасейскіх лукашыстаў-цяперцаў, а і фактычны ініцыятар аналізуемай інфармацыйнай заварушкі; безь яго тэкста цэласнай карціны падзеі не скаладзецца).

Бачна, што, выстаўляючы свой артыкул на расейскім імперскім сайце, сп. Дзермант ставіў перад сабой у якасьці адной з галоўных задач спробу данесьці да розуму расейцаў пару-тройку думак, распаўсюджаных у яго сёньняшнім цяперскім асяроддзі й датычных умоў далейшай “інтэграцыі Беларусі й Расеі”.

 

Праект “будучыні” імя А.Дзерманта.

Так, на сайце REGNUM ён заклікае сваіх расейскіх калегаў да фармуляваньня значна больш персьпектыўнага ды цывільнага праекту будчыні Беларусі “ў брацкіх абдымках Расеі”, чым той, што прапануецца расейскімі “чарносенцамі ды белагвардзейцамі”,  а таксама “недаробленым праектам ДНР-ЛНР”. Замест апошняга ён прапануе расейскай імперыякратыі – галоўнаму суб’екту-выгадаатрымальніку ад існаваньня Расейскай імперыі – наступны вобраз беларуска-расейскага “саюзу”, які, на яго меркаваньне, “адкрывае будучыню”:

– грунтам тут Дзермант бачыць гарманічнае ўзаемадзеяньне таго, што зьяўляецца важным для цяперцаў (а гэта, як фармулюе ён, “трывалыя эканамічныя падставы і ясныя мэты”) з тым, што патрэбна расейцам-імперцам (“прагрэс у інтэграцыйных працэсах і выхад у іх на новыя ўзроўні”);

– як лічыць аўтар, тут для дасягненьня кампрамісу Расеі варта вярнуцца да савецкага праекту, “лепшыя рысы якога якраз захоўваюцца ў Беларусі”; прагназуе, што “беларускі” досьвед захаваньня ды трансфармацыі савецкага мінулага будзе ўсё больш запатрабаваны ў Расеі, і Беларусь гатовая падзяліцца ім;

– у будучым саюзе Расеі й Беларусі эканомікі дзьвюх краін, на меркаваньне сп. Дзерманта, павінны быць зьвязаныя наднацыянальнымі [дзяржаўнымі] карпарацыямі, працуючымі ў сьферах біяінжынерыі, сельскай гаспадаркі, машынабудаваньні, ваеннай і касьмічнай;

– у гэтых карпарацыях не сьпекулянты-прыватнікі, а абедзьве дзяржавы (на справе, іх бюракратыі – больш няма каму) павінны забясьпечыць свой справядлівы ўдзел, а таксама справядлівы падзел выдаткаў і прыбыткаў паміж “дзяржавамі”;

– пры гэтым для таго, каб беларускай эліце (маюцца на ўвазе цяперцы – прыкладна такія, як на двух фота зьлева) адкрыць перад сабой “такую будучыню”, неабходна канчаткова адмовіцца ад нацыянальнага суверэнітэту, бо, маўляў, у сучасным глабальным сьвеце “гэта ўжо архаічна” і вядзе да страты “стратэгічнага бачаньня”; у сваю чаргу расейскай эліце (маюцца на ўвазе імперыякраты – прыкладна такія, як на фота справа) трэба падумаць, што ёй такога варта ўключыць у агульны праект, што б зацікавіла “беларускую эліту” яе саўдзелам у падзеле прыбыткаў наднацыянальных карпарацый” (вядома ж, справядлівым!);

Пераемнік 3б

– сп. Дзермант перакананы, што дадаткова давядзецца вярнуцца да прыняцьця Канстытуцыйнага акту т.зв. “Саюзнай дзяржавы”, увесьці адзіную валюту і рэвізаваць усё, што было зроблена і што планавалася зрабіць; пры гэтым трэба нацэліцца на тое, каб абноўленая Саюзная дзяржава “стала лабараторыяй палітычнай, ідэалагічнай і культурнай інтэграцыі Новай ЕўрАзіі”, –  досыць амбітна і на поўным сур’ёзе заключае аўтар (праўда, тут жа шчыра прызнаецца, што ўсё гэта само па сабе ня пойдзе і ўсім адзначаным беларускаму боку давядзецца найактыўна займацца як з Расеяй, так і… ўнутры яе).

– і яшчэ Дзермант запэўнівае расейскі бок, што тут, у Беларусі, калі ў будучыні што і здарыцца з Лу-кам, то “пасьля яго будзе толькі чарговы Лукашэнка”, хай і зь іншым прозьвішчам. Маўляў, ні беларускае грамадства, ні беларуская эліта (т.б. усё тыя ж цяперцы) не дазволяць прыйсьці да ўлады нікаму іншаму. Калі ж, барані божа, усё ж здарыцца што-небудзь ня тое, краіна арганізуецца так, як у 1994 г. (калі “абрала” Лу-ку І), каб абраць Лу-ку ІІ. Карацей, “скрайні варыянт” у выглядзе развароту ад Расеі зьяўляецца ня толькі бесперсьпектыўным, а і неверагодным.

Здаецца, мы сумленна перадалі асноўныя прынцыпы канцэптуальнага бачаньня будучыні “беларускім філосафам” Дзермантам. Праз што, спадзяемся, дадаткова зарабілі сабе маральнае права зрабіць крытычны аналіз яго артыкула. Да гэтага і прыступім.

 

Наш аналіз

Канцэпцыя аўтара фармальна выглядае цэласнай, пасьлядоўнай (асабліва ў нашым выкладаньні). Аднак у яе ёсьць недахопы. Галоўны зь іх – штучнасьць ды ўтапічнасьць. Прычына апошняга простая і літаральна кідаецца ў вочы: у канцэпцыі Дзерманта эгаістычныя інтарэсы вузкай праслойкі расейскіх (у Расеі) і прарасейскіх у Беларусі чыноўнікаў-бюракратаў бяруцца за аснову прынцыпаў, прызначаных, як заяўлена, уладкаваць палову людскага сьвету (усю “Новую ЕўрАзію”). Такі падыход у прынцыпе ня можа забясьпечыць гуманістычны прагрэс, бо ня ўлічвае аб’ектыўныя інтарэсы абсалютнай большасьці людзей. Калі ж на яго аснове пачаць праводзіць палітыку, то яна зможа рабіцца толькі з дапамогай сілавога кампаненту – шляхам бесперапыннага выкарыстаньня “пугі”, ламаньня “праз калена”. Пакуль такая “палітыка” будзе праводзіцца ў Беларусі, на Расеі ды на тэрыторыях “Новай ЕўрАзіі”, усе іншыя дзяржавы, якія будуць разьвівацца на грунце больш натуральных ды прагрэсіўных гуманістычных прынцыпаў, у сваім культурным ды эканамічным разьвіцьці абгоняць чарговую “ня бачаную ў сьвеце Саюзную дзяржаву-імперыю”. На практыцы гэта будзе азначаць, што такая дзяржава абавязкова зноў апынецца ў… сістэмным крызісе.

Такім чынам, сваімі інтэлектуальнымі вычудамі сп. Дзермант фактычна падкладае міну з гадзіньнікавым механізмам, заведзеным на гады і дзесяцігоддзі, пад усё тое, што ён заклікае “кааперыраваць-інтэграваць-суразьвіваць” (пры гэтым, нагадаем, Беларусь Лу-кі й расейская імперыя Пуціна і так ужо знаходзяцца ў глыбокім крызісе; а можа, мы зьяўляемся сьведкамі, як ствараюцца ўмовы для працягу і паглыбленьня гэтага крызісу?!). Кожны мала-мальскі аб’ектыўны філосаф ня можа адзначанага ня бачыць.

Каб канчаткова пазбавіцца сумненьняў, давайце зьвернем увагу на некаторыя дадатковыя дэталі канцэпцыі-міны, якую прапануе падкласьці пад будучыню Беларусі (й Расеі) Аляксей Дзермант зь яго “неархаічным стратэгічным бачаньнем”.

Бярэм першы сказ: “Амаль усіх суседзяў турбуе тое, якім жа шляхам пойдзе Беларусь пасьля сыходу дзеючага прэзідэнта з палітычнай арэны”. Далей аўтар разглядае магчымасьць толькі аднаго шляху – працягу “інтэграцыі Беларусі ў Расею”. Аднак наўрад ці гэты шлях адпавядае жаданьням большасьці грамадзян яшчэ чатырох краін непасрэдных суседзяў Беларусі з агульнай колькасьцю насельніцтва пад 100 мільёнаў, трое зь якіх зьяўляюцца сябрамі ЕўраЗьвязу і НАТА, а чацьвёртая туды імкнецца!

Па-другое, а самі беларусы чаго жадаюць?!  З чаго гэта сп. Дзермант так перакананы, што ўсё беларускае грамадства толькі й марыць пра працяг вонкавай палітыкі Лу-кі? Былі праведзены сумленныя сацыялагічныя апытаньні? Перад гэтым беларусам далі магчымасьць выслухаць і падумаць над аргументамі прадстаўнікоў сапраўднай нацыянальнай эліты? Калі такое было? Ніколі?.. Таму, з чаго гэта аўтар перакананы, што на новым гістарычным вітку “беларускае грамадства арганізуецца так сама, як і ў 1994 годзе”? Няма для такога меркаваньня ніякіх аб’ектыўных падстаў… Іншая справа, што беларускае грамадства зноў могуць прымусіць “арганізавацца” пад чужыя інтарэсы.

Па-трэцяе, калі сп. Дзермант марыць пра неабходнасьць прыходу да ўлады Лу-кі ІІ, які працягнуў бы ўнутраны палітыка-эканамічны курс Лу-кі І, ён гэтым ускосна заяўляе, што, на яго меркаваньне, Беларусь пад паўнаўладдзем апошняга ішла верным курсам (іншы варыянт логіка не дапускае). Аднак, на сёньня абсалютная большасьць звычайных грамадзян Беларусі з уласнага досьведу ўжо ведаюць, што беларуская дзяржава заведзена Лу-кам у тупік, прычым практычна ва ўсіх сьферах жыцьцядзейнасьці – экалагічнай, дэмаграфічнай, эканамічнай, культурна-інфармацыйнай, палітычнай, ідэалагічна-сьветагляднай. Стабільнасьць у Беларусі трымаецца на страху людзей страціць і тыя рэсурсы для існаваньня, якія ёсьць, на прапагандзе ўсіх дзяржаўных СМІ і на “шчыльнай сувязі ўладаў зь сілавым апаратам” (што, дарэчы, прызнае і сам аўтар). Аднак плачэўны вынік палітыкі Лу-кі І нічога ня значыць для новага “беларускага” філосафа. Гэта таксама, як мінімум, дзіўна…

Чацьвёртае. Хвалячы палітыку Лу-кі, абапіраючыся на яе ў сваіх развагах і патрабуючы яе працягваць, сам аўтар тут жа патрабуе і… яе поўнай замены (цырк!): маўляў, трэба “прыняць Канстытуцыйны акт Саюзнай дзяржавы”, “увесьці адзіную валюту”, “рэвізаваць усё, што было зроблена і што планавалася зрабіць”, “адмовіцца ад нацыянальнага суверэнітэту” (нагадаем, нават лукашэнкаўская канстытуцыя 1996 года гарантуе незалежнасьць Беларусі – арт. 1: “Рэспубліка Беларусь валодае вяршэнствам і паўнатой улады на сваёй тэрыторыі, самастойна ажыцьцяўляе ўнутраную і зьнешнюю палітыку … абараняе сваю незалежнасьць і тэрытарыяльную цэласнасьць”). Так Аляксей Дзермант у сваёй падтрымцы курса Лу-кі дайшоў да… антыканстытуцыйных заклікаў, супярэчных нават Канстытуцыі апошняга.

Пятае, у вонкавай палітыцы аўтар імкнецца ня толькі захаваць каланіяльную залежнасьць Беларусі ад Расеі, як ужо адзначана,  а і падштурхнуць Беларусь да яшчэ больш шчыльнай “інтэграцыі-кааперацыі” з усхордняй імперыяй (зь яе палітыкай, эканомікай, ВПК). У той жа час ён ня можа ня ведаць як пра гістарычна далёкія, так і зусім сьвежыя злачынствы гэтай імперыі ў дачыненьні да суседзяў – чачэнцаў, малдаван, грузін, украінцаў, пра пагрозы ў бок прыбалтыйскіх народаў. Больш за тое, ён і сам, аказваецца, ведае, што на Расеі ёсьць тыя, хто патрабуе ад яе кіраўніцтва, “каб ня страціць Беларусь”, “эканамічна задушыць краіну, скінуць Лукашэнку і замяніць яго расейскім генерал-губернатарам”. І тут філосаф чамусьці ня бачыць праблемы. У яго ўсё гладка, усё супадае… Аднак унутраная супярэчнасьць канцэпцыі сп. Дзерманта набывае ўжо зусім гратэскныя формы, калі ён адначасна з падлашчваньнем да расейскай імперыякратыі, спрабуе пужаць яе “непазьбежным хаосам”, “грамадзянскай вайной”, “выбухам усёй прасторы паміж Балтыйскім і Чорным марамі”, “гарачай вайной на ўсім працягу заходніх межаў Расеі” у выпадку, калі тая паспрабуе… дэстабілізаваць Беларусь (?!).

Нарэшце, шостае і апошняе (з прынцыповага). Дзермант заяўляе, што ў сёньняшняга Лу-кі здароўе як у быка – пражыве да 100 гадоў, прынамсі, будзе прэзідэнтам Беларусі яшчэ, як мінімум, дзьве пяцігодкі, ня лічачы цяперашнюю. І тут жа раптам заяўляе: “Пытаньне, хто будзе пасьля Лу-кі?” – зьяўляецца хвалюючым. А далей і ўвогуле сьпяшаецца падабраць нам пераемніка – маўляў, той мусіць быць “выхадцам зь сілавых структур”, павінен “абапірацца на падтрымку Расеі, магчыма, Кітая”. Зь якога бадуну гэтае пытаньне раптам стала такім актуальным?! Што такога здарылася, каб зьявілася неабходнасьць уводзіць аж такую ўнутраную супярэчнасьць у тэкст?! Гэтага мы так і не зразумелі. Можа, мы чагосьці ня ведаем? Затое ведаем іншае – выпадкова такое здарыцца не магло…

У цэлым, думаем, мы давялі, што прааналізаваны праект ня столькі “адкрывае будучыню” перад нашым беларускім народам, колькі наадварот – закрывае яе…

Пазнаёміўшыся з тэкстам Дзерманта, мы былі падумалі, што ўжо такі ўзровень нізкапаклонства, які быў прадэманстраваны “беларускім філосафам” з НАН Беларусі, ня можа не задаволіць яго калегаў на Ўсходзе – расейскіх філосафаў ды палітолагаў – ідэалагічных ахоўнікаў інтарэсаў расейскай імперыякратыі. Але, як высьветлілася, мы памыліліся. З Масквы прыйшоў вялікі адлуп (пахвала была, але мізэрная і супярэчлівая). Яго пасьпяшаўся накідаць і хуценька выставіць на тым жа імперскім сайце REGNUM іншы перабежчык (але ўжо з лагера прарасейскіх цяперцаў у лагер расейскай імперыякратыі) сп. Юры Баранчык. Праўда, апошні ганіў сп. Дзерманта далёка не за тое, за што крытыкавалі мы…

 

Патрабаваньні да “беларускай будучыні” імя Ю.Баранчыка.

Найперш адзначым, што сп. Юрый (Баранчык) у сваім удвая большым, чым у Дзерманта тэксьце, прафесійна адкінуўшы усё малаістотнае слоўнае шалупеньне, адразу “ўзяў быка” за самае галоўнае месца – з парогу выказаў катэгарычную нязгоду з заявай сп. Аляксея (Дзерманта), што ў Беларусі пасьля Лукашэнкі аўтаматычна будзе новы Лукашэнка (зьвярніце ўвагу, ніякі іншы тэзіс у тэксьце Дзерманта так не ўсхваляваў Баранчыка; акрамя таго, ён ня стаў пярэчыць, што Лу-ка І можа хутка кудысьці падзецца – мог бы напісаць, што для гэтага няма ніякіх падстаў, а, наадварот, адразу пачаў аналізаваць, як забясьпечыць прыход да ўлады Лу-кі ІІ).

Маўляў, Лу-ка ўсім вядомы дыктатар (вы бачыце, так лічыць нават яго прыхільнік – прарасейскі ідэолаг), а гісторыя Еўропы апошніх стагоддзяў “ня ведае выпадкаў, калі аднаго дыктатара  зьмяніў бы іншы дыктатар”. Акрамя таго, Лу-ка настолькі старанна зачысьціў беларускую палітычную паляну, што на ёй не растуць ужо ня тое што моцныя лідары, а і ўвогуле мужыкі (дарэчы, гэта агульная памылка ўсіх дыктатараў – пазьней спрабуе абяляць Лу-ку Баранчык). Нарэшце, самае галоўнае – кладзе другі ўдзельнік дыскусіі казырны аргумент на стол – “чыноўніцкая эліта зьбярэцца і зьядзе пераемніка”, бо ў палітыцы рэспублікі й нават сярод сілавікоў няма людзей з харызмай Лу-кі. Дый цяперашнія беларускія сілавікі “не разумеюць прыроды палітычнай улады”, бо жывуць на ўсім гатовенькім, зробленым для іх Лу-кам.

Але (і гэта другое), нягледзячы на ўсё вышэйадзначанае, далей Баранчык пачаў таксама актыўна абмяркоўваць, як ён піша, “галоўных канкурэнтаў на беларускі прастол пасьля А.Лукашэнкі” (нешта з логікай у сучасных расейка-беларускіх “філосафаў” зусім ня тое – адныя супярэчнасьці…). Назваў двух – Віктара Лукашэнку і Ўладзіміра Макея (аказваецца, усё ж ня ўсе прадстаўнікі мужскога полу ў Беларусі – еўнухі). Каротка адзначыўшы перавагу першага, далей аўтар накінуўся з крытыкай на другога, прычым, з такой, якая мела ўсе рысы палітычнага даносу разам з палітычным уплывам.

Было сказана і пра падрыхтоўку Макеем беларускага Майдану з дэсакралізацыяй цэнтру Менска, і пра тое, што ўся рэспубліканская эліта ўжо сёньня ляжыць пад ім, пра тое, што “праект Макея прадугледжвае еўрапеізацыю Беларусі, адрыў яе ад Рускага сьвету, каталізацыю, вывад з-пад лабавога сутыкненьня Расеі з Захадам”, і нават, о божа, “ператварэньне Беларусі ў другую ​​Швайцарыю” са сваім наборам усялякіх карысьцяў як для беларускага народу, так і для… цяперцаў (не было толькі патлумачана, што ў апошнім кепскага?).

Па-трэцяе, у сваіх “прапановах” сп. Баранчык распярэзіўся настолькі, што стаў патрабаваць ад Лу-кі прызначыць пераемніка яшчэ пры яго жыцьці (прычым, зрабіў гэта двойчы – у пачатку і ў канцы свайго тэкста: “толькі сам Лукашэнка, калі пасьпее”…). Маўляў, у іншым выпадку “страх у чыноўнікаў зьнікне, і яны папросту лягуць пад Макея”. Аўтар падмацаваў гэтае сцьверджаньне заявай пра веданьне таго, што робіцца “ва ўладных кабінетах Менска і абласных цэнтраў”.

Гэтыя пералічаныя намі тры пункты складаюць стрыжань артыкула Баранчыка – адзінае цэласнае, што ў ім ёсьць. Усё іншае, напісанае гэтам аўтарам, таксама, як і ў Дзерманта перапоўнена ўнутранымі супярэчнасьцямі.

 

Супярэчнасьці палітычнага сьветагляду Ю.Баранчыка.

Так, сп. Юры заяўляе, што Лу-ка, на яго меркаваньне, зрабіў Беларусь (нягледзячы на “супраціў цяперашняй, цалкам кіраванай эліты”) стабільнай у палітычным і эканамічным плане краінай, што ён падтрымоўвае яго дзеяньні па “ўпісваньні” Беларусі ў расейска-кітайскі еўразійскі праект. Гэта з аднаго боку. А з другога – усё той жа Баранчык заяўляе, што “кадравай лавы [каля Лукашэнкі] наогул няма – чысткі зрабілі сваю справу”, што зь 5 мільёнаў грамадзян рэспублікі, якія знаходзяцца ў працаздольным узросьце, ужо каля 1 мільёна (каля 20%) яўна не ад добрага жыцьця на захопленай Лу-кам і цяперцамі іх Бацькаўшчыне ператварыліся ў беларускіх гастарбайтэраў за мяжой, што ў Беларусі няма легальных умоў для выказваньня “народнага меркаваньня”.

Баранчык таксама неаднаразова заўляе, што нічога ня ведае пра прапанаваньне “беларускім бокам” сваёй мадэлі інтэграцыі з Расеяй – маўляў нам, расейцам, не паступае ніякіх канструктыўных прапаноў адтуль. Тады як нават у артыкуле Дзерманта, які ён несумніўна чытаў перад тым, як пісаць свой, пэўная канцэпцыяй прысутнічае (і ў гэтым можа пераканацца кожны; пытаньне, наколькі яна канструктыўная – іншае).

А як разумець такое. З аднаго боку, расейскі палітолаг падпісваецца пад кожным словам свайго беларускага калегі, калі той кажа, што “ў Беларусі захоўваюцца лепшыя рысы савецкага праекту, які і ў Расеі будзе запатрабаваны ўсё больш і больш”, а ў іншым месцы заяўляе, што Лу-ка абсалютна правільна зрабіў, што “даў магчымасьць чыноўнікам і бізнэсмэнам легалізаваць свае капіталы ў абмен на палітычную лаяльнасьць”.

З аднаго боку, Баранчык заяўляе, што страхі жыхароў Беларусі аб магчымасьці агрэсіі з боку Расеі “ня маюць нічога агульнага з рэчаіснасьцю, зьяўляюцца альбо наўмысна распаўсюджваемымі міфамі, альбо адкрытай хлусьнёй”, а з другога – сам пагражае “нацыянальнай бясьпецы [нашай] рэспублікі”, лёсам Украіны, якую “хутчэй за ўсё чакае хуткая ліквідацыя”…

Напэўна, многія чытачы нашага сайта скажуць: як можна быць філосафам ці  палітолагам, калі твае мазгі знаходзяцца ў настолькі неўпарадкаваным, мазаічным стане? Між тым, бачыце, можна…

Аднак мы пару дзён працавалі над гэтым матэрыялам ня толькі для таго, каб надаць больш прычэсаны выгляд думкам двух чалавек. Галоўнае, мы ўбачылі ў перапалцы Дзерманта і Баранчыка тыя знакі, якія ў сёньняшнай інфармацыйнай прасторы звычайна хаваюцца, і зь іх пастараліся скласьці карціну валтузьні “двух бульдогаў” (“беларускіх” цяперцаў і расейскіх імперыякратаў) “пад дываном” (беларуска-расейская палітыка).

 

Рэканструкцыя падзеяў пад дываном расейска-беларускай палітыкі.

Ня будзем больш губляць час і пяройдзем непасрэдна да апісаньня бою.

Раўнд 1.

Расейская імперыякратыя, канчаткова змучаная чаканьнем даўно абяцанай Лу-кам поўнай “інтэграцыі” Беларусі ў Расею, рэзка абвостраным актуальным палітычным і эканамічным крызісам расейскай імперыі, апошнім часам актыўна і надакучліва наязджае на цяперскую бюракратыю ў Беларусі з патрабаваньнем выканаць нарэшце свае ранейшыя абяцаньні. У адказ на гэта цяперцы ня вытрымалі й далі загад НАН Беларусі падрыхтаваць пісьмовы агульна-туманны адказ. У НАН вырашылі спусьціць задачу Інстытуту філасофіі (каму ж яшчэ?), а там, у сваю чаргу (і на ўсялякі выпадак), “даручылі справу”… маладому філосафу Аляксею Дзерманту. Апошні напісаў такі-сякі тэкст, яго з большага праверылі й у выглядзе пробнага шара закінулі на сайт REGNUMа.

Раўнд 2.

Тэкст фармальнага аўтарства Дзерманта, напісаны даволі хаатычна, на справе ўтрымліваў дзьве-тры стратэгічныя думкі. А, менавіта, узамен на адмову ад беларускага суверэнітэту, прыняцьце Канстытуцыі Саюзнай дзяржавы, увядзеньне адзінай валюты (натуральна, расейскага рубля) і згоду на далейшую інтэграцыю ў “Новую ЕўрАзію” цяперцы хацелі бы:

– каб паміж Беларусьсю і Расеяй былі створаны наднацыянальныя карпарацыі (працуючыя ў сьферах біяінжынерыі, сельскай гаспадаркі, машынабудаваньня, ваеннай і касьмічнай), у якіх абедзьве дзяржавы забясьпечылі справядлівы падзел прыбыткаў для зацікаўленай “беларускай эліты”;

– дазволіць самім цяперцам абраць сабе прэзідэнта, які – пакляліся яны – будзе далей праводзіць палітыку інтэграцыі ў Расею, якую вось ужо 23 гады праводзіць усё яшчэ палаючы здароўем Лу-ка.

Раўнд 3.

Расейскія імперыякраты адрэагавалі па-баксёрску імгненна, хаця таксама трохі хаатычна, вуснамі свайго байца (Юрыя Баранчыка), адмыслова падабранага ў той жа вагавай катэгорыі. Маўляў, што да першай просьбы, дык мы яе цалкам разумеем (самі “справядліва” дзелім прыбыткі карпарацый). А вось па другой просьбе баец-Баранчык нанёс некалькі моцных удараў – не, мы ня згодныя, каб у Беларусі ўвогуле хто-небудзь абіраў прэзідэнта (удар); Лу-ка павінен сам прызначыць свайго пераемніка (другі ўдар); прычым, яшчэ пры жыцьці (трэці ўдар); зрабіць гэта ён павінен… тэрмінова (чарговы ўдар)! А яго пераемнікам можа быць толькі старэйшы сын – Віктар (накдаўн і, на шчасьце для байца-Дзерманта – гонг)!

Як будзе праходзіць бой у наступных раўндах, будзем сачыць. Але за межамі рынгу ёсьць яшчэ, як мінімум, тры істотныя гульцы, якія могуць зрабіць свае стаўкі на той ці іншы вынік бою…

Першы – гэта Лукашэка. Наколькі мы памятаем, ён ужо шмат гадоў таму прэзентаваў усёй Беларусі й сьвету свайго пераемніка (гл. фота ўнізе).

Пераемнік 4

Лукашэнка трымаецца ў сваім “царскім” крэсьле моцна, у адстаўку ісьці не зьбіраецца. Коля расьце, вучыцца, сталее. Усё ідзе добра… У чым тады справа? Адкуль вэрхал?..

А, можа, на Лукашэнку напала нейкая цяжкая хвароба (як у яго былога сябра Чавэса), пра якую мы ня ведаем, а цяперцы ды імперыякраты ведаюць? Інакш як патлумачыць тую абсалютна неэтычную атмасьферу, якая ствараецца ў абодвух артыкулах з-за пытаньня пра пераемніка пры… жывым і дзеючым прэзідэнце? А, можа, з Лукашэнкам нехта запланаваў нешта кепскае зрабіць?

Штосьці тут ня тое…  Але пры ўсіх абставінах наўрад ці Лу-ка пачне скакаць пад маскоўскую дудку. Ужо даўно ня вельмі скача – наеўся “супрацы” з маскоўцамі…

Другі гулец па-за рынгам – так званы Захад. Думаем, яго ўжо канчаткова абудзілі “ядзерныя ініцыятывы” Масквы. Наўрад ці ён захоча бяз бою аддаць расейцам “беларускі балкон”.

І, нарэшце, трэці “гулец” – беларускі народ. Як кожны можа пераканацца, яго ўсе ігнаруюць – і тыя, хто прадстаўляе інтарэсы цяперцаў, і тыя, хто выступае ад імя расейскіх імперыякратаў. Аднак па справядлівасьці беларуска-літвінскі народ – гэта адзіны законны гаспадар Беларусі як тэрыторыі і як дзяржавы.

Таму адсутнасьць уліку аб’ектыўных інтарэсаў нашага народу ва ўсёй аналізуемай валтузьні паміж цяперцамі ды імперастамі – гэта найвялікшая несправядлівасьць, дзяржаўнае злачынства. І, адначасна, найвялікшая памылка іх разьлікаў. Бо са злачынствам-несправядлівасьцю заўсёды ёсьць так, што раней ці пазьней знаходзіцца нейкі волат-мсьціўца, які прыходзіць, вяртае справялівасьць і карае злачынцаў.

Часам такім волатам-мсьціўцам сам жа народ і становіцца!..

Усяго вам лепшага, сябры. І будзем сачыць за падзеямі.

 

5 каментарыяў

  1. Siarhiej кажа:

    Лу-ка, у асноўным, адпавядае вобразу дыктатара, які склаўся на працягу мінулага стагоддзя, а вось Пуця больш падобны на (па)хана ці цара пазамінулага стагоддзя. І чаму пытаньне пра прыемніка Пуці не ставіцца?
    З гэтай цяперскай-імпэрскай бздуры можна выцягнуць толькі адну рэальную інфу: “Зь якога бадуну гэтае пытаньне раптам стала такім актуальным?! …А, можа, на Лукашэнку напала нейкая цяжкая хвароба … А, можа, з Лукашэнкам нехта запланаваў нешта кепскае зрабіць?”. Што і робіць Рэдакцыя. Усё астатняе шматразова пракручаны трындёж.

  2. Adaš кажа:

    На Рэд. «беларуска-літвінскі народ – гэта адзіны законны гаспадар Беларусі як тэрыторыі і як дзяржавы.»
    ++++++++++++++++++++++
    Так-та-яно-так… Але існуе пытаньне: «беларуска-літвінскі народ» — ці існуе? Калі існуе — якую частку ён складае ад бальшыні жыхароў Беларусі сёньня — “насельніцтва”? Бо “насельніцтва” гаспадаром быць ня можа аніяк.

    • Рэдакцыя кажа:

      1. Беларуска-літвінскі народ існуе аб’ектыўна. Ён складае ня менш 90% ад усіх жыхароў Беларусі.
      2. З суб’ектыўным самаўсьведамленьнем сітуацыя не такая аптымістычная, бо ўсім захопнікам, усім сацыяльным паразітам (якія тут тапталіся не адно стагодзе, працягваюць злачыніць і сёньня) як раз ня трэба, каб кожны беларус-літвін усьведамляў сябе сапраўдным гаспадаром Вялікалітвы-Беларусі. Сёньня мы маем такія наступствы палітыкі ўсіх гэтых злачынных сіл, якая нават у вас выклікаюць пэўныя пытаньні.
      3. Каб суб’ектыўнае ўсьведамленьне кожнага беларуса-літвіна пачало супадаць зь яго аб’ектыўнай генетычна-этнічнай прыналежнасьцю найперш трэба, каб да ўлады ў Беларусі прыйшлі лепшыя беларусы-літвіны. Што ім трэба рабіць, відавочна.

  3. Adaš кажа:

    На “Siarhiej” (Жнівень 19, 2016 у 21:46) «Лу-ка, у асноўным, адпавядае вобразу дыктатара»
    +++++++++++++++++++
    Азначаць цяпернага “начальніка Беларусі” як “дыктатара” — няслушна. Адным з падмурковых камянёў улады-палітыкі-дзеяў усіх дыктатараў у гісторыі быў НАЦЫЯНАЛІЗМ. У ППРБ — гэтаго й паху няма. Ён відавочны вораг нацыяналізму. Ён выглядае на такого самага «больш падобнага на (па)хана ці цара пазамінулага стагоддзя», як і начальнік «Российской Федерации» Пуцін. Дзе вы пабачылі адрозьненьні?

  4. Рэдакцыя кажа:

    “Адным з падмурковых камянёў улады-палітыкі-дзеяў усіх дыктатараў у гісторыі быў НАЦЫЯНАЛІЗМ”.
    – – –
    1. Лу-ка – тыповы дыктатар па метадах сваёй дзейнасьці.
    2. Па кірунку сваёй дзейнасьці ён дыктатар антынацыянальны, прамаскоўскі, беларусафобскі – т.б. удвайне злачынца.
    3. Калі такіх дыктатараў сьвет яшчэ ня бачыў, значыць наш будзе першым. Можа ён нешта такое меў на ўвазе, калі 23 гады таму казаў, што “пабудуе нябачаную ў сьвеце дзяржаву”.

Пакінуць каментар

  • Старонкі

  • Катэгорыі

  • Апошнія запісы

  • Архівы