Імантас Мелянас – этнаканфліктолаг, Вільнюс (артыкул аўтара, які выстаўлены ніжэй, узяты адсюль: https://informnapalm.org/30498-belarus-and-russian-expansionism/; нязначна адрэдагаваны)
“Ёсьць некалькі прычын, якія паўплывалі на выбар тэмы гэтага артыкула, але галоўная зь іх – разуменьне таго, што зло ніколі не бывае статычным. Яно альбо адступае, сустрэўшы рашучы адпор, альбо працягвае свой наступальны рух. Менавіта гэта можна сказаць пра экспансіянісцкую палітыку, якую праводзіць у дачыненьні да сваіх постсавецкіх суседзяў цяперашняе расейскае кіраўніцтва.
Узяты прэзідэнтам У.Пуціным і яго атачэньнем курс і тэмп пабудовы ўнутранай і зьнешняй палітыкі РФ ужо не дазваляе яму расслабіцца, бо насельніцтва, задуранае шматгадовай імперскай прапагандай, паверыла ў “асаблівую місію Расеі” і цяпер можа такога не зразумець. З усімі вынікаючымі наступствамі… Так што працяг тэрытарыяльнай экспансіі перадвызначаны і непазьбежны. Яе аб’ектамі за гады кіраваньня ленінградскага кадэбіста ўжо сталі Ічкерыя, Грузія, Украіна, а з улікам нарыхтовак, зьлепленых яшчэ ў перыяд развалу СССР, – і Малдова з Азербайджанам (апошні – з дапамогай эксплуатацыі ідэі «Вялікай Арменіі»).
На жаль, не застрахаваныя ад гэтай пошасьці і ўсе астатнія дзяржавы постсавецкай прасторы – і тыя зь іх, якія зьяўляюцца членамі НАТА і Еўразьвязу, і тыя, хто ўваходзіць у міжнародныя арганізацыі, у якіх дамінуе Расея, і тыя, хто спрабуе ісьці нейкім асаблівым шляхам. Так ці інакш імперскія апетыты крамлёўскага кіраўніцтва ўжо не задавальняюць такія «літасьцівыя» формы паглынаньня суседзяў, як пераўтвораная ў шлюбаразводнае бюро Садружнасьць Незалежных Дзяржаў, як існуючая нібы ў паралельнай рэчаіснасьці «Саюзная дзяржава Расеі і Беларусі» ці ніяк не жадаючы нарадзіцца «Еўразійскі Саюз».
Як вядома, першапачаткова Расея спрабавала адарваць ад Украіны яе 10 адміністрацыйна-тэрытарыяльных адзінак першага парадку (8 абласьцей, адну аўтаномную рэспубліку і адзін горад рэспубліканскага падпарадкаваньня) – то бок палову адміністрацыйнай структуры гэтай дзяржавы. Але планы ўдалося зьдзейсьніць толькі адносна Аўтаномнай Рэспублікі Крым, горада Севастопаля і часткі Данецкай ды Луганскай абласьцей. Тут Крэмль пацярпеў відавочную няўдачу. Гэтую няўдачу Масква паспрабуе кампенсаваць на іншых кірунках, бо ў адваротным выпадку падведамная [крамлёўцам] папуляцыя можа засумнявацца ва ўсемагутнасьці імперыі й яе «нацыянальнага лідара».
Тут напрошваецца заканамернае пытаньне: на якіх менавіта кірунках можа праявіцца гэтая кампенсаторная дзейнасьць?
Першы кандыдат у новыя суб’екты Расейскай Федэрацыі быў названы яшчэ ў мінулым годзе – гэта так званая Рэспубліка Паўднёвая Асеція. Уся брудная праца ў ёй ўжо зроблена: Цхінвальскі рэгіён адрынуты ад Грузіі, законнай часткай якой ён зьяўляецца паводле міжнароднага права; ён ужо прызнаны Расеяй і яшчэ парай нейкіх бананавых рэспублік у якасьці незалежнай дзяржавы; de facto ён ужо інтэграваны практычна ва ўсе расейскія структуры; большасьць яго жыхароў ужо маюць расейскія пашпарты. Справа засталася за малым – правесьці ў гэтым мікраскапічным рэгіёне псеўдарэферэндум па крымскім узоры, аб’явіць яго “новым суб’ектам федэрацыі” (РФ у рэчаіснасьці зьяўляецца цалкам унітарнай дзяржавай) і, няўмела замятаючы сьляды злачынства, тут жа склеіць яго з Паўночнай Асеціяй у “Адзіную Асецію”.
Акрамя іншага, гэта павінна стаць надзвычай заразьлівым прыкладам для будучага «уз’яднаньня» (зразумела, у складзе Расеі ці яе сатэліта – Арменіі) для ўсіх іншых «раз’яднаных» тэрыторый – у першую чаргу, русканаселеных усходу Эстоніі ды Латвіі, поўначы Казахстана, а таксама армянсканаселеных тэрыторый на поўдні Грузіі, Гагаузска-балгарскіх у малдаўскім і ўкраінскім Буджаку, аварскіх ды лезгінскіх на поўначы Азербайджана, таджыкскіх на поўдні Узбекістана і да т.п.
Калі сьлепа верыць пракрамлёўскім СМІ, наступным суб’ектам імперыі (пасьля Цхінвальскага рэгіёна) павінна было б стаць Прыднястроўе, якое ў такім выпадку можа прырасьці яшчэ і Бельцамі, і Гагаузіяй з Таракліяй. Ды вось бяда – далёка Прыднястроўе ад Расеі і нават ад акупаванага-анэксаванага Крыму. Неяк цяжка сабе ўявіць, што Масква ў хуткім часе адновіць поўнамаштабную вайну з Украінай толькі для таго, каб прабіцца да Ціраспаля, калі яна не змагла прабіцца нават да Харкава або Запарожжа ў перыяд актыўнай фазы баявых дзеяньняў у 2014-15 гадах.
Акрамя таго, цяперашні бунт так званага прыднястроўскага парламенту супраць такога ж, так званага, прыднястроўскага прэзідэнта, які зьяўляецца цалкам пасьлядоўным прыхільнікам ўключэньня Прыднястроўя ў склад РФ, кажа хутчэй пра тое, што прынамсі ў цяперашні час мэтай Крамля зьяўляецца не далучэньне гэтай ідэйна-таксічнай тэрыторыі, а ўвядзеньне яе на федэратыўных пачатках ў палітычнае цела Рэспублікі Малдовы. Гэта ж мы назіраем і ў выпадку з тэрарыстычнымі ўтварэньнямі «ЛНР-ДНР» [ў дачыненьні да Украіны].
Так ці інакш, аднак цалкам відавочна, што нас спрабуюць пусьціць па зманлівым шляху, а гэта значыць, што на самой справе Крэмль рыхтуе паскудствы ў зусім іншым месцы і, магчыма, у іншым выглядзе. Неўзабаве ўбачым, што тое ж самае можна сказаць ня толькі ў дачыненьні да “персьпектыўнай геаграфіі” “русского міра”.
Праблемным было б далучэньне і Абхазіі, нягледзячы на ўсё ўяўнае падабенства абхазскай сітуацыі да сітуацыі Цхінвальскай. Справа ў тым, што пасьля выгнаньня большасьці карэннага насельніцтва (грузінаў) адна з нацыянальных меншасьцяў (абхазцы) ўверавалі ў тое, што Абхазія на самай справе зьяўляецца самадастатковай незалежнай дзяржавай, а яны – абхазцы – зьяўляюцца рэальнымі і адзінымі яе гаспадарамі. Гэта прывяло да таго, што тут пачаўся павольны ўціск іншых мясцовых меншасьцяў – армян і нават рускіх. Так, мясцовыя рускія становяцца тут ахвярамі гвалтоўнага адабраньня ў іх кватэр і дамоў, a цяперашні «прэзідэнт» марыянеткавай Абхазіі Р.Хаджымба (праўда, у той час ён быў яшчэ толькі «віцэ-прэзідэнтам») неяк заявіў, што армяне могуць раскалоць адзінства «абхазскага грамадства і абхазскай дзяржавы».
Цалкам верагодна, што ў Абхазіі ідзе яшчэ адна этнічная вайна, падчас якой Крамлю давядзецца вызначыцца, каго з былых саюзнікаў-выканаўцаў (абхазцаў ці армянаў) яму тут падтрымаць? Тым больш, што зьявілася інфармацыя, што «героя Наваросіі» Арсена Паўлава-Матаролу маглі ліквідаваць баевікі бандфармаваньня «ДНР» «Пятнашка», створанага абхазскімі сепаратыстамі (https://don-news.net/news/zakon-i-poryadok/item/325-motorolu-likvidirovali-abkhazskie-boeviki-s-pozvoleniya-kremlya.html).
Зразумела, што ў такіх умовах паўтарыць у Абхазіі Цхінвальскі варыянт будзе даволі цяжка. Але нават у тым выпадку, калі будзе паглынутая і Абхазія, што рабіць Пуціну далей? І ці атрымаецца надоўга задаволіць імперскі сьверб такімі драбніцамі?
Вядома, можна ўспомніць пра тое, што паводле апытаньня, праведзенага летась Інстытутам Гэлапа, больш за палову жыхароў Арменіі былі за тое, каб іх краіна стала часткай Расеі. Але тады ўзьнікаюць пытаньні: як бы паставілася да такога рашэньня іншая палова жыхароў гэтай краіны; як бы адрэагавалі на гэта рускія нацыяналісты, якія перманентна заклапочаныя праславутым «засільлем каўказцаў у Расеі»; якой была б рэакцыя ўсіх суседніх дзяржаў. Інакш кажучы, ці вартая ў такім выпадку аўчынка вырабу?
Праўда, тут трэба заўважыць, што яшчэ два гады таму былы савецкі, а потым армянскі генерал-маёр і «герой Арцаха» Аркадзь Тэр-Тадэвасян выказаўся ў тым духу, што ўжо надышоў час перанесьці межы «Нагорна-Карабахскай Рэспублікі» бліжэй да Расеі – то бок [выказаўся пра планы] прабіць калідор паміж гэтым марыянеткавым утварэньнем і расейскім Дагестанам. Вось у такім выпадку і «Нагорна-Карабахская Рэспубліка», і сама Арменія ўжо сапраўды змогуць спалучыцца з Расеяй (калі ў Крамлі будзе прынята такое рашэньне).
Спакушальнай здабычай выглядае і Казахстан – добра вядома, што значную частку насельніцтва паўночных абласьцей гэтай краіны складаюць этнічныя рускія, многія зь якіх не хаваюць сваіх ірэдэнтысцкіх настрояў. Дый казахстана-расейская мяжа практычна не абароненая. Усё гэта так, але любыя спробы Расеі анэксаваць Казахстан альбо яго паўночна-заходнюю частку абавязкова прывядуць да таго, што адносіны Масквы зь Пекінам ў такім выпадку стануць нават горш, чым з Бруселем ды Вашынгтонам. А гэтага ў Крамлі ўсяляк спрабуюць пазьбегнуць, бо пры ўсёй уяўнай неадэкватнасьці пуцінскага рэжыму гэтыя хлопцы мыла ўсё ж не ядуць і бензінам яго ня запіваюць. Інакш кажучы, яны ўсё ж такі думаюць, як ім увасобіць у жыцьцё свае злачынныя намеры з найменшымі выдаткамі.
Таму, падобна, найбольш уразьлівай перад абліччам магчымай расейскай экспансіі аказваецца Рэспубліка Беларусь. Крамлёўскія “зьбіральнікі земляў рускіх” разлічваюць на тое, што значная частка беларускага насельніцтва альбо прыхільная да персьпектывы зьліцьця іх краіны з Расеяй, альбо ставіцца да яе не настолькі адмоўна, каб змагацца за свабоду і незалежнасьць сваёй бацькаўшчыны са зброяй у руках.
Беларускім чыноўнікам цэнтральнай і мясцовых адміністрацый [з боку Расеі] пасылаюцца сігналы, што ў выпадку іх лаяльнасьці да ідэі “агульнарускага адзінства” яны могуць разьлічваць на тое, што захаваюць свае пасады і пасьля таго, як Беларусь страціць самастойнасьць. Акрамя таго, робіцца разьлік на тое, што і беларускія вайскоўцы будуць псіхічна не гатовыя страляць “у сваіх расейскіх калегаў”. Інакш кажучы, Беларусь успрымаецца Крамлём як нейкі аналаг Крыму, толькі зь пяцікратна большым насельніцтвам.
Да самага пачатку крымскай авантуры ў лютым 2014 года апрацоўка грамадскай думкі ў Беларусі была пераважна прарасейскай, і толькі цяпер, за апошнія два з паловай гады, у беларускіх уладаў і ва ўсё большай часткі насельніцтва зьявілася досыць яснае адчуваньне таго, што ўсё ж такі ім ёсьць і што губляць, і што бараніць.
Тым больш, ужо даўно не сакрэт, што даволі доўгі час у Расеі вядзецца апрацоўка грамадства – у галовы расейцаў ўбіваецца непрывабны вобраз Беларусі і яе кіраўніцтва. Афіцыйны Менск абвінавачваецца ў тым, што ён пайшоў на змову з Захадам, здрадзіў ідэалы «Сьвятой Русі», зьблізіўся зь беларускімі нацыяналістамі і нават пачаў праводзіць палітыку «беларусізацыі» сваёй краіны [у Беларусі ўсім вядома, што апошняе – поўная лухта; этнацыд і русіфікацыя працягваюцца тымі ж тэмпамі і ў тых жа маштабах, як і раней. – Рэд.“БНЗ”].
Дыстыляваны ўзор падобных абвінавачваньняў і пагроз быў прадстаўлены ў «EurAsia daily» 5 кастрычніка гэтага году прафесійным «беларусалогам» Артурам Грыгор’евым (https://eadaily.com/ru/news/2016/10/05/zachem-belorussiya-provociruet-ocherednoy-konflikt-s-rossiey): «Пошук грошай паслужыў адной з прычын выбару беларускімі ўладамі курсу «шматвектарнай палітыкі», за якім у першую чаргу хаваецца імкненьне займець заступніцтва ЕЗ і ЗША зь непазьбежным пераходам на антырасейскія пазіцыі. Акрамя Захаду «шматвектарнасьць» арыентавана і на Кітай, у якім беларускія ўлады наіўна бачаць патэнцыйнага спонсара. Часткай гэтай новай зьнешнепалітычнай стратэгіі стала ўнутраная палітыка «беларусізацыі» і насаджэньня нацыяналізму з польска-літоўскімі каранямі, якая праводзіцца з 2008 году і атрымала ўхваленьне ды падтрымку Захаду. Жадаючы пагуляць у геапалітыку, беларускія ўлады відавочна не задумваюцца пра магчымыя наступствы. Яны вырашылі ператварыць рызыкоўнае становішча краіны ў буфернай зоне паміж Расеяй і Захадам у выгадны тавар, які можна прадаваць абодвум бакам».
Для грунтоўнага аналізу падобнай прапаганды спатрэбілася б напісаць манаграфію. І не адну. Возьмем таму наўздагад ўсяго толькі чатыры жнівеньскія дні гэтага года.
Напрыклад, 4 жніўня колераўскі партал Regnum.ru [маецца на ўвазе партал, якім кіруе М.Колераў; пра апошняга пазьней. – Рэд.“БНЗ”] даў сваю трыбуну добра паінфармаванаму беларускаму палітолагу Аляксею Дзерманту (https://regnum.ru/news/society/2163476.html), які распавёў чытачам, што «пасьля Лукашэнкі» новым кіраўніком будзе «выхадзец зь сілавых структур (прашу зьвярнуць асаблівую ўвагу на гэтую акалічнасьць. – І.М.), які абапіраецца на падтрымку Расеі», які «будзе падштурхоўваць Беларусь да больш шчыльнай кааперацыі зь Расеяй і ЕАЭС», а бясьпека Беларусі пры ім «зможа быць забясьпечана толькі ў шчыльнай зьвязцы з ВПК Расеі». Мала таго, «задача павелічэньня працэнта ўдзелу Беларусі ў расейскім дзяржабаронзаказе будзе пры ім адной з прыярытэтных».
Як бачым, палітолаг Дзермант нават не крытыкуе Лукашэнку, ён проста кажа пра яго ў мінулым часе. Аб скасаваньні беларускай дзяржавы адкрыта таксама не гаворыцца, але мяркуецца, што яна павінна стаць усяго толькі прыдаткам расейскага ВПК, а значыць, і закладнікам расейскіх ваенных авантур (чаго ўсё ж такі ўдаецца пазьбягаць цяперашняму менскаму кіраўніцтву).
Літаральна на наступны дзень – 5 жніўня – ужо іншы палітолаг (на гэты раз расейскі), былы супрацоўнік Інстытута нацыянальнай стратэгіі Павел Свяценкоў на іншым імперскім партале – у «EurAsia daily» (https://eadaily.com/ru/news/2016/08/06/osnovaniem-dlya-edinstva-rossii-i-belorussii-mozhet-byt-predstavlenie-o-edinom-russkom-narode) – абвінаваціў цяперашняе беларускае кіраўніцтва ў тым, што яно «заўсёды будзе зыходзіць з канцэпцыі, што Беларусь і Расея не зьвязаны адна з адной. І гэтую канцэпцыю яно любой цаной падтрымлівае, нягледзячы на тое, што падтрымка аналагічных канцэпцый ўжо прывяла кіраўніцтва Украіны да заканамернага канца». Такі сабе намёк на жалосны канец палітычнай кар’еры Януковіча. На думку Свяценкова, «падставай для адзінства Расеі і Беларусі можа быць уяўленьне [!!! – Рэд.“БНЗ”] аб адзіным рускім народзе».
І тут ужо ўсім павінна стаць зразумелым, што “адзінаму народу” дзьве дзяржавы не патрэбныя…
Але асаблівую ўвагу я б зьвярнуў на такія словы ў інтэрвю П.Свяценкова: «Беларусь і Расея будуць аддаляцца адна ад адной і далей, калі нічога рэзка ня зьменіцца». Мяркуючы па ўсім, гаворачы пра нейкую «рэзкую зьмену», палітолаг меў на ўвазе ўсё, што заўгодна, але толькі не чарговыя выбары ў Беларусі. Інакш кажучы, ён ня толькі ня бачыць будучыні ў беларускай дзяржавы – ён мяркуе (а можа, і ведае), што існаваньне гэтай дзяржаўнасьці будзе перапынена нейкімі радыкальнымі (хутчэй за ўсё, сілавымі) сродкамі.
Праўда, прэзідэнт ўсё таго ж Інстытута нацыянальнай стратэгіі Міхаіл Рэмізаў, які выказаўся ў той жа дзень, на тым жа партале і на тую ж тэму, ня быў гэтак адкрыта бязьлітасны да персьпектыў беларускай дзяржаўнасьці (https://eadaily.com/ru/news/2016/08/06/osnovoy-rossiysko-belorusskoy-integracii-mozhet-byt-alternativnyy-evropeyskiy-proekt-vo-glave-s-rossiey). Прызнаючы непрывабнасьць еўразійскага праекта для Беларусі (як раней для Украіны), ён прапанаваў пазіцыянаваць расейскі інтэграцыйны праект у якасьці версіі «іншай Еўропы». Кажучы іншымі словамі, гэта было б тое ж самае наддзяржаўнае ўтварэньне, як і Еўразійскі Саюз, які планаваўся раней, толькі пад іншай назвай – гэткая «антыеўрапейская Еўропа» з цэнтрам у Маскве.
У астатнім М.Рэмізаў паўтарае А. Дзерманта і таксама лічыць, што самарэалізацыя Беларусі магчымая толькі «ў прасторы расейскага саюзьніцтва», у якім яна будзе валодаць нейкай «большай аўтаноміяй» і нават «даступным максімумам суверэнітэту». Што маецца на ўвазе пад гэтымі словазлучэньнямі, Рэмізаў не патлумачыў.
(Тут можна ўспомніць, што ў інтэрнэт-выданьні Інстытута нацыянальнай стратэгіі «Агенцтва палітычных навінаў» (якое мае філіялы ў Пецярбургу, Ніжнім Ноўгарадзе і нават у Казахстанe) свае ідэі прасоўваюць не толькі Рэмізаў і Сьвяценкоў, але і віцэ-прэм’ер Расійскай Федэрацыі Дзьмітрый Рагозін, галоўны ідэолаг еўразійства Аляксандр Дугін, кіраўнік «Ізборскага клубу» Аляксандр Праханаў, былы кіраўнік нью-ёркскага прадстаўніцтва Інстытута дэмакратыі і супрацоўніцтва (то бок легальнай рэзідэнтуры РФ у ЗША) і вынаходнік словазлучэньня «добры Гітлер» Андранік Мігранян, дырэктар «Фонду эфектыўнай палітыкі» Глеб Паўлоўскі ды іншыя падобныя дзеячы).
6 жніўня ў Regnum.ru на тэму, якая нас цікавіць, выказаўся кіраўнік інфармацыйна-аналітычнага партала «Імперыя», выканаўчы дырэктар Інстытута інфармацыйных войнаў Юрый Баранчык. Ён паспрабаваў пераканаць чытачоў (https://regnum.ru/news/society/2164093.html), што «эліта ўжо выбрала пераемніка Лукашэнкі» і што ім будзе альбо сын беларускага прэзідэнта і яго памочнік па нацыянальнай бясьпецы Віктар Лукашэнка, альбо цяперашні міністар замежных спраў Уладзімір Макей.
«Баранчыкі» ж разумеюць, што абываталям (нават расейскім) наўрад ці падабаюцца дынастыі постсавецкіх кіраўнікоў, і [таму] наўмысна завастраюць супраць гэтага (а заадно – і супраць самога А. Лукашэнкі) грамадскую думку жыхароў постсавецкай прасторы. Ну, а шэф беларускай дыпламатыі наогул быў паданы ў выглядзе зацятага злыдня, які «зможа лёгка абыйсьці на выбарах сына прэзідэнта», пасьля чаго «пад яго ляжа» (як выказваецца Ю. Баранчык) уся беларуская эліта. Ну, а тая, «ані трохі не хаваючыся ад кіраўніка дзяржавы» (зь яго ведама, ці што?), ужо «рыхтуе свой беларускі Майдан».
«Майдан» – гэта яшчэ што. Аказваецца, падступны Макей таксама прапануе Беларусі «еўрапеізацыю, каталізацыю, адрыў ад Рускага міру, вывад яе з-пад лабавога сутыкненьня Расеі і Захаду” (во гaд! – І.М.) і нават «ператварэньне ў другую (…) Швайцарыю»!
Пільны салдат інфармацыйных войнаў заўважае, што «ў выніку гэтай мяккай гульні ў “суверэнітэт” Беларусь становіцца праз некалькі гадоў элементам польскай (на самай справе амерыканскай) канцэпцыі Міжмор’я з усімі вынікаючымі для яе наступствамі». Далей колераўскі аўтар сувора папярэджвае грамадзян Беларусі, якія ня хочуць скаціцца да ўзроўню нейкай міжморскай Швайцарыі, што «такая сітуацыя будзе ў тым выпадку, калі Лукашэнка ня зможа перадаць уладу пераемніку яшчэ пры жыцьці» (дзякуй Богу, варыянты пасьмяротнай перадачы ўлады ў названым артыкуле не разглядаліся).
Інакш кажучы, мы можам канстатаваць, што куратары Ю.Баранчыка настойліва раяць Лукашэнку:
- сысьці ў адстаўку, пакуль зь ім не адбыўся які-небудзь нешчасьлівы выпадак альбо не напала невылечная хвароба;
- не спрабаваць перадаць уладу свайму сыну, бо Беларусь – гэта не Сярэдняя Азія, дый кіраваная Макеем эліта (ці ўсё ж нейкія зусім іншыя сілы?) неадкладна яго зрыне;
- тэрмінова разьвітацца з гэтым У.Макеем ды іншымі «агентамі Дзярждэпу», якія акапаліся ў прэзідэнцкім атачэньні;
- прызначыць сваім пераемнікам нейкага непрыкметнага дзеяча ў пагонах (гэта ўжо з арсенала рэкамендацый А.Дзерманта).
І, нарэшце, ўжо 7 жніўня ў тым жа «Рэгнуме» яшчэ адзін палітолаг, Мікалай Радаў, абураўся з нагоды неразумнасьці афіцыйнага Менска, апублікаваўшы артыкул пад назвай «Навошта ў Беларусі сталі шукаць «памагатых Рускага міру»?»
Зрэшты, гэтак жа паказальны назвы й іншых артыкулаў гэтага аўтара, напрыклад «Беларусь пачынае сябе паводзіць, як Украіна» (2016/05/16 – https://regnum.ru/news/polit/2132656.html), «Ад каго зьбіраецца абараняцца Беларусь?» (2016/08/20 – https://regnum.ru/news/polit/2146814.html), «Навошта ў Беларусі хочуць ваяваць з Расеяй?» (2016/08/28 – https://regnum.ru/news/polit/2172319.html), «Новая ваенная дактрына Беларусі: зь кім зьбіраецца ваяваць Лукашэнка?» (2016/08/29 – https://regnum.ru/news/polit/2161354.html) і, што асабліва цікава ў нашым выпадку, «Гістэрыка: Беларусь чакае «крымскі сцэнар»?» (2016/06/03 – https://regnum.ru/news/polit/2140913.html).
Заўважым заадно, што на партале «Рэгнум» створаны аж дзьве антыбеларускія рубрыкі – «Нацыябудаўніцтва ў Беларусі» (гэта пра тое, што беларусы зьяўляюцца «штучна створаным народам») і злавесная «Будучыня Беларусі пасьля Лукашэнкі». Ня трэба забываць таксама пра тое, што той жа Н.Радаў разам з вышэйзгаданым Ю.Баранчыкам, Мікалаем Шэляговічам, які спрабаваў штучна распальваць заходнепалескі («яцьвяжскі») сепаратызм, і Кірылам Авер’янавым, які парываўся «вярнуць» Расеі ўсходнія вобласьці Беларусі, маюць сталую пляцоўку на сайце «Верны народ» (http://www.14vn.com/index.php?news=2064; больш падрабязна аб гэтых персанажах гл. у іншым артыкуле аўтара: «Імантас Мелянас: «Расчляненьне Беларусі – запасны варыянт Крамля»; https://informnapalm.org/20623-imantas-melyanas-raschlenenie-belarusi/. – IN).
Між іншым, зусім нядаўна К.Авяр’янаў зноў заклікаў Маскву да ўварваньня (https://eadaily.com/ru/news/2016/10/18/belorusy-protiv-litvinov-ukrainskiy-scenariy-dlya-minska): «…Сёньня, як і ў далёкія часы літоўска-польскага панаваньня на Белай Русі, адзіная надзея беларусаў («беларусамі» К.Авяр’янаў называе толькі прарасейскі арыентаваную частку насельніцтва краіны, а праеўрапейскі настроеных ён кліча «літвінамі» – І.М.) – гэта дапамога з [боку] брацкай Вялікаросіі. Расейскай Федэрацыі варта ўзяць пад сваё крыло беларускую большасьць, якая зьяўляецца стабілізуючым чыньнікам у заходняй частцы Рускага міру. У адваротным выпадку расколатая на дзьве нацыі Беларусь рызыкуе паўтарыць шлях Украіны, дзе ўкраінская палітычная нацыя ва ўсіх сэнсах слова зьнішчае рускую».
Я нездарма згадаў Н.Радава і Ю. Баранчыка на пляцоўцы «Вернага народу» у якасьці злучнага вязьма паміж архітэктарамі (дакладней, чарцёжнікамі) запланаванага развалу Беларускай дзяржавы Шэляговічам ды Авер’янавым (з аднаго боку) і заснавальнікам «Рэгнума» М.Колеравым (зь іншага боку). Справа ў тым, што гэты добра вядомы дзеяч, якому забаронены ўезд у цэлы шэраг постсавецкіх дзяржаў і які ўзнагароджаны ордэнамі трох непрызнаных «дзяржаў», у 2008 годзе заснаваў “Міжнародны інстытут найноўшых дзяржаў» (http://www.iines.org/), філіялы якога разьмешчаны на акупаваных Расеяй альбо яе сатэлітамі тэрыторыях: у Крыме, Прыднястроўі, Абхазіі, Цхінвальскім рэгіёне, Карабаху і нават у пясках «Сахравіі» (Заходняй Сахары). Да нядаўняга часу на сайце гэтага «інстытута», які нібыта закліканы займацца прэвенцыяй этнічных канфліктаў, пералічваліся яго партнёры – такія як іншыя колераўскія сайты: Rex (http://www.iarex.ru/) і Ostkraft (http://ostkraft.ru/).
Акрамя іх, там жа «віселі» сайты «Еўрапейскага цэнтра геапалітычнага аналізу» (http://www.geopolityka.org/) польскага еўразійцаў Матэвуша Піскорскага (сервер у Польшчы), «Рэгіянальнай грамадскай арганізацыі «За дэмакратыю і правы народаў» (http://pravanarodov.ru/) і сепаратысцкія (а можа быць, усё-ткі ірэдэнтысцкія?) сайты «незалежных» Абхазіі (з 2005 г.; http://apsnypress.info/), «Паўднёвай Асеціі» (з 2004 г.; сервер у Вялікабрытаніі http://cominf.org/), Прыднястроўя (сервер у Расеі; http://mfa-pmr.org/) і «Нагорнага Карабаху» (з 2008 г.; сервер у Арменіі; http://www.nkr.am/).
Цікава, што тут жа мы маглі ўбачыць і сайты ня толькі фармальна законнай малдаўскай Гагаузіі (http://www.gagauzia.md/), але і таямнічай «Рэспублікі Падкарпацкай Русі» (http://podkarpatrus.livejournal.com/) ва Украіне (чымсьці нагадвае «Яцьвягію», ці ня праўда?; сервер у ЗША), а таксама «Сахарскай арабскай Дэмакратычнай Рэспублікі» ў Марока (сервер у Швайцарыі; http://www.spsrasd.info/news/ru) і Дэмакратычнай партыі Курдыстана (сервер у Расеі; http://kurdistan.ru/). Думаецца, што гэта яшчэ ня поўны сьпіс – ніхто ж ня ведае, калі яго папоўняць сайты якіх-небудзь Віцебскай, Гродзенскай або Брэсцка-Пінскай «народных рэспублік».
Празь нейкі час куратары М.Колерава, верагодна, намякнулі eму, што настолькі відавочная дэманстрацыя падтрымкі з адзінага цэнтра ўсіх гэтых прарасейскіх «сепаратызмаў» зьяўляецца залішняй, пасьля чаго «партнёры» колераўскага інстытута зь яго сайта ціха зьніклі…
Вышэйпералічаныя «партнёры» Міжнароднага інстытута найноўшых дзяржаў – гэта яшчэ ня ўсё. Вось што пішацца ў «Асноўных напрамках і задачах» аднаго з падраздзяленьняў МІНГA’a – Балтыйскага дасьледніцкага центрa (http://www.iines.org/node/1002): «Ствараючы «Балтыйскі дасьледчы цэнтар», Міжнародны інстытут найноўшых дзяржаў зыходзіў з асноватворнага пастулату зьнешнепалітычнай дактрыны Расейскай Федэрацыі, якая вызначае так званыя постсавецкія дзяржавы – што ўзьніклі шляхам пераўтварэньня савецкіх сацыялістычных рэспублік, якія былі сувярэннымі часткамі СССР – у новыя дзяржавы, якія не зьяўляюцца пераемнікамі або прадаўжальнікамі якіх-небудзь раней існаваўшых дзяржаўных утварэньняў. Гэты пастулат зафіксаваны і на заканадаўчым узроўні, бо Расея прыняла на сябе функцыі дзяржавы прадаўжальніка СССР і РСФСР». Інакш кажучы, усе мы (кажучы пуцінска-колераўскім навамоўем – «найноўшыя дзяржавы») існуем толькі з ласкі «дзяржавы-прадаўжальніцы».
Вось такі «інстытут» і такія вось у ім палітолагі – «сьпецыялісты па Беларусі», якія, па ўсёй бачнасьці, падпарадкаваныя пуцінскаму міністру без партфеля па пытаньнях дэзынтэграцыі суседніх дзяржаў Уладзіславу Суркову.
Але і гэтым далёка не вычэрпваецца ўся разнастайнасьць інфармацыйных дыверсій крамлёўскай прыслугі супраць Беларусі. У яе арсенале – і стварэньне будучай партыі ўлады (ужо і назва правільная прапанавана – «Адзіная Беларусь»; https://regnum.ru/news/polit/2192068.html), і так званая вікіпедычная агрэсія – гэта, калі масаваму карыстальніку «Вікіпедыі» прапануецца падробка, якая паклікана абгрунтаваць і апраўдаць будучыя дзеяньні Расеі ў дачыненьні да суседніх дзяржаў.
Так, зусім нядаўна, 15 жнiўня 2016 года, у рускай версіі вікіпедычнага артыкула пад назвай «Сьпіс актыўных сепаратысцкіх рухаў у Еўропе» (https://ru.wikipedia.org/wiki/%D0%A1%D0%BF%D0%B8%D1%81%D0%BE%D0%BA_%D0%B0%D0%BA%D1%82%D0%B8%D0%B2%D0%BD%D1%8B%D1%85_%D1%81%D0%B5%D0%BF%D0%B0%D1%80%D0%B0%D1%82%D0%B8%D1%81%D1%82%D1%81%D0%BA%D0%B8%D1%85_%D0%B4%D0%B2%D0%B8%D0%B6%D0%B5%D0%BD%D0%B8%D0%B9_%D0%B2_%D0%95%D0%B2%D1%80%D0%BE%D0%BF%D0%B5#cite_ref-3) зьявіўся новы разьдзел, прысьвечаны Беларусі. Паводле яго, у Рэспубліцы Беларусь існуюць аж тры сепаратысцкія рухі – тых, хто імкнецца да стварэньня самастойнай Палескай дзяржавы або далучэньня да Украіны – палескі (у рэгіёне пражываньня Палешукоў); хто хоча ўзьяднацца з Польшчай – польскі (у Заходняй Беларусі); тых, хто жадае ўзьяднацца з Расеяй – рускі (ва Усходняй Беларусі).
Такім чынам, карыстальніку «Вікіпедыі» намаўляецца думка, што Беларусь зьяўляецца «штучнай» і «нежыцьцяздольнай» дзяржавай, якую літаральна разьдзіраюць на часткі розныя сепаратызмы.
У сапраўднасьці ніякага палескага («яцьвяжскага») сепаратызму не існуе наогул, а Польшча і Украіна ня маюць да Беларусі ніякіх тэрытарыяльных прэтэнзій і не падтрымліваюць ірэдэнтысцкіх настрояў сваіх адзінапляменцаў у гэтай краіне (нават калі б такія існавалі). У наяўнасьці чарговая спроба выклікаць сярод беларусаў антыпольскія і антыўкраінскія (а тым самым – і антызаходнія) настроі і паспрабаваць справакаваць такім чынам якія-небудзь выпады з боку польскіх і ўкраінскіх маргінальных радыкалаў.
Але асноўная мэта гэтай правакацыі – прыкрыць падрыхтоўку агрэсіі з боку Расеі і паспрабаваць падзяліць адказнасьць за гэта, калі не з афіцыйнымі Варшавай і Кіевам (яны на гэта ніколі не пойдуць), то хаця б з малалікімі, але крыклівымі купкамі польскіх і ўкраінскіх «нацыянал-патрыётаў» (якія, цалкам магчыма, знаходзяцца на ўтрыманьні Крамля).
Усё гэта вельмі нагадвае патугі пуцінскіх прапагандыстаў у 2014 годзе і іх жаданьне прыцягнуць да дзяльбы ўкраінскіх земляў Польшчу, Венгрыю і Румынію. Тады яны шчыра не разумелі: як гэтыя “тупыя еўрапейцы” не сьпяшаюцца скарыстацца такой магчымасьцю?
А я вось таксама дзіўлюся: як гэта да гэтага часу не заявілі пра свае прэтэнзіі да Беларусі яшчэ і якія-небудзь групы літоўскіх нацыянал-патрыётаў, тым больш што гістарычная падстава для гэтага як бы маецца. Бо згодна з заключанай 12 ліпеня 1920 года расейска-літоўскай дамовай, да Літвы павінны былі адысьці Гродна, Ліда, Смаргонь, Паставы і Браслаў з прылеглымі тэрыторыямі. Зрэшты, не выключана, што, атрымаўшы адпаведную каманду, яны – нашы (?) нацыянал-патрыёты – яшчэ аб’явяцца…
Усё-ткі падобна, што Крэмль далёка ня ўпэўнены, што яму ўдасца праглынуць Беларусь гэтак жа бяскроўна, як і Крым. Таму зь нядаўніх часоў паблізу ад беларускай мяжы пачата фармаваньне злучэньня, асабісты склад якога пры неабходнасьці зможа аказаць «інтэрнацыянальную дапамогу» якім-небудзь цітушкам і «зялёным чалавечкам», якія выпадкова зьявяцца, напрыклад, дзе-небудзь у Віцебску, Магілёве або Гомелі. Я маю на ўвазе 144-ю мотастралковую дывізію ў Ельні Смаленскай вобласьці (каля 10 тысяч чалавек), якая аднаўляецца (https://informnapalm.org/25372-elnya-omsbr/), і мотастралковую брыгаду ў Клінцах Бранскай вобласці (каля 5 тысяч чалавек; https://informnapalm.org/by/klincy-28-amsbr/), якія разгортваюцца ў Смаленскай і Бранскай абласьцях на базе перакідваемых сюды падраздзяленьняў 28-й ОМСБР зь Екацярынбурга, якая мае значны досьвед баявых дзеяньняў на Данбасе.
Спачатку нас спрабавалі пераканаць, што разгортваньне гэтай дывізіі (і яшчэ дзьвюх новых дывізій на ўкраінскай мяжы) – усяго толькі вымушаны адказ Расеі на разьмяшчэньне ў Польшчы, Літве, Латвіі і Эстоніі чатырох натаўскіх батальёнаў.
Вось і Сяргей Шайгу, міністар абароны Расеі, заявіў нядаўна на пасяджэньні ў Менску сумеснай калегіі ваенных ведамстваў РФ і Беларусі (https://eadaily.com/ru/news/2016/11/02/shoygu-ochagi-napryazhyonnosti-vplotnuyu-priblizilis-k-granicam-rossii), што «дзеяньні ЗША ды іншых чальцоў НАТА (…) вымушаюць Расею прымаць меры ў адказ абарончага характару, у тым ліку на заходнім стратэгічным напрамку».
Але ці разумна супрацьпастаўляць 4.000 натаўцаў аж 30.000 «доблесных» расейскіх воінаў? Тут магчымыя толькі два адказы: альбо У.Пуцін ацэньвае баяздольнасьць сваіх войскаў вельмі невысока, альбо гэтыя войскі зьбіраюцца змагацца зусім ня зь сіламі НАТА.
Характэрна, што неўзабаве расейскія гаваруны зьмянілі кружэлку і сталі ўжо вельмі нярвова апраўдвацца і даказваць, што ўзмацненьне групоўкі расейскіх войскаў (Першай гвардзейскай танкавай арміі) на беларускай мяжы прызначана «ўсяго толькі» для ўварваньня ва Украіну, і таму ніякай небясьпекі для Рэспублікі Беларусь яно не ўяўляе.
«Што тычыцца Клінцоў і стварэньня там вайсковай базы, то пры чым тут Беларусь?» – абураўся амбасадар Расеі ў Беларусі А.Сурыкаў, асабліва падкрэсьліваючы (putnik.by/politics/20160609/1023147257.html?utm_source=24smi.info&utm_medium=referral&utm_campaign=2326&utm_content=225752&utm_term=2007), што стварэньне базы «зьяўляецца прэвентыўнай мерай рэагаваньня на рост ваеннай пагрозы ў дачыненьні да РФ з боку Украіны».
Так і ўяўляю сабе, як “украінская ваеншчына” прамацвае штыкамі надзейнасьць расейскіх межаў дзесьці ў раёне Смаленска…
Давесьці нешта падобнае спрабаваў і Руслан Пухаў – дырэктар “Цэнтра аналізу стратэгій і тэхналогій” (http://cast.ru/), які адначасна зьяўляецца сябрам грамадскай рады Міністэрства абароны Расейскай Федэрацыі. Спадар Пухаў заявіў (http://www.vedomosti.ru/opinion/articles/2016/07/15/649326-nasha-karta-afriki), што гэтыя часткі «здольныя ў выпадку неабходнасьці (…) нанесьці імклівы ўдар у кірунку Кіева».
Патураў яму і «незалежны» ваенны аналітык Антон Лаўроў, які проста канстатаваў (http://www.rbc.ru/politics/02/06/2016/5750035d9a7947a4b3b8a2c0?from=main), што ўсё гэта – «узмацненьне мяжы з Украінай».
Тут немагчыма не пагадзіцца з трапнай заўвагай Андрэя Іларыёнава, які зьвярнуў нашу ўвагу на тое (http://www.kasparov.ru/material.php?id=57B6B10369F0E), што адлегласьць паміж, напрыклад, Ельняй і беларускай мяжой моцна саступае адлегласьці (плюс бездарожжа) паміж Ельняй і мяжой украінскай. То бок, з амаль такім жа посьпехам расейскія ваякі маглі б рыхтавацца да ўкраінскага ўварваньня дзе-небудзь у раёне Пскова (Заўвага рэдакцыі IN: упершыню прыярытэтнасьць беларускага напрамку 144-й МСД была паказаная ў нашым матэрыяле (https://informnapalm.org/25372-elnya-omsbr/), адкуль Іларыёнаў запазычыў нават сьхематычную мапу.)
Як бачым, нам хлусяць пра тэрыторыі, на якія ў блізкатэрміновай персьпектыве Крэмль зьбіраецца абрынуць любату «руского міра» (ці ўсё-ткі «рускай вайны»?) – пра сапраўдныя мэты разьмяшчэньня дадатковых сіл на беларускай мяжы.
Гэтак сама нам хлусяць і пра меркаванага «пераемніка» А. Лукашэнкі на пасадзе кіраўніка беларускай дзяржавы. Eсьць важкія падставы думаць, што ў якасьці такога Масква разглядае ў сапраўднасьці зусім не Віктара Лукашэнку і не У.Макея, а былога дэсантнага палітрука, прафесійнага правадыра усерасейскай арганізацыі афганскіх ветэранаў і сябры Палітбюро «Адзінай Расеі» Франца Клінцэвіча. Як і сам Пуцін, Клінцэвіч зьяўляецца кабінетным палкоўнікам, які ўжо мае досьвед працы на зноў далучаных тэрыторыях (у 2002 годзе ён быў прызначаны сакратаром партыйнай арганізацыі «Адзінай Расеі» ў толькі што заваяванай Ічкерыі).
Выхадзец зь беларускай часткі Віленшчыны, паляк па нацыянальнасьці, Франц Клінцэвіч быў заўважаны ў ваколбеларускай палітычнай прасторы ня сёння і ня ўчора. У сьнежні 2011 года ён стаў дэпутатам Дзяржаўнай думы ад беларускай (у этнаграфічным плане) Смаленскай вобласьці; яшчэ празь некалькі гадоў, у верасьні 2015 года, ён стаў прадстаўніком гэтай самай вобласьці ў Савеце Федэрацыі Федэральнага сходу РФ. Акрамя іншага, Клінцэвіч зьяўляецца першым намесьнікам старшыні камітэта Савету Федэрацыі па абароне і бясьпецы, а таксама сябрам Камісіі па бясьпецы і абароне Парламенцкага сходу так званай Саюзнай дзяржавы Расеі і Беларусі.
Да таго часу, пакуль не было прынята меркаванае сакрэтнае рашэньне аб магчымым выкарыстаньні Ф. Клінцэвіча ў якасьці «выратавальніка беларускага народу», ён не вылучаўся ні адмысловым палітычным кругаглядам, ні красамоўствам. Вось узор аднаго з яго тагачасных інтэрвю (травень 2014 году), у якім ён кажа пра свае жыцьцёвыя мэты (http://echo.msk.ru/programs/korzun/1310982-echo/): «У мяне было чатыры патаемных жаданьня. Першае – стаць лётчыкам. Другое – стаць генералам. Трэцяе – стаць заслужаным майстрам спорту. І чацьвёртае – стаць Героем Савецкага Саюзу» (Ф. Клінцэвіч ні лётчыкам, ні генералам, ні заслужаным майстрам спорту, ні Героем Савецкага Саюзу ня стаў). А вось і пра культурныя запыты: «Я гляджу усё, я вельмі люблю тэлевізар. Ну, гэта ўсе ведаюць, хто мяне ведае. Я не магу нідзе – мусіць быць добры санвузел, добрая канапа ці ложак і тэлевізар. Усё астатняе (…) ня мае значэньня. (…) Дома канапы ўсюды, нават на кухні».
Нават А. Лукашэнка выглядае побач з гэтым палкоўнікам проста-такі акадэмікам (вядома, што У. Пуцін моцна стамляецца ад кожнага раўнду зносін з прэзідэнтам РБ). Тым ня менш, з пэўнага часу з вуснаў Ф.Клінцевіча паліліся прамовы, годныя сапраўднага дзяржаўнага мужа. Як аказваецца, ён кампетэнтны ў самых што ні ёсьць розных пытаньнях тэорыі і практыкі быцьця. Напрыклад:
- у пытаньні аб магчымасьцях ўрэгуляваньня карабахскага канфлікту (http://newsader.com/mention/karabakhskiy-front-putina-o-paraziti/);
• у пытаньні аб прычынах спробы перавароту ў Турцыі (http://www.m24.ru/videos/118296?autoplay=1&utm_source=smi2?utm_source=CopyBuf);
• у пытаньні выкарыстаньня Захадам расейскага досьведу ў барацьбе зь міжнародным тэрарызмам (http://politrussia.com/world/terakt-v-nitstse-421/);
• ў пытаньні пра тое, што ў рэчаіснасьці ўяўляе зь сябе G-7 (http://ren.tv/novosti/2016-05-27/klincevich-sravnil-g7-s-otceplennym-ot-poezda-vagonom?utm_medium=referral&utm_source=lentainform&utm_campaign=ren.tv&utm_term=1243288s14746&utm_content=4357709);
• і нават у пытаньні аб злавеснай ролі пакемонаў у разбурэньні рускай духоўнасьці (http://politrussia.com/society/pokemon-go-upravlyaya-588/).
Інакш кажучы, такім чынам абываталя спрабуюць прывучыць да думкі, што на палітычным небасьхіле ўзыходзіць новая незгасальная зорка. Але я б параіў зьвярнуць асаблівую ўвагу на заявы гэтай «зоркі», якія тычацца непасрэдна Беларусі, напрыклад на тое, пра што Клінцэвіч заяўляў яшчэ ў красавіку 2016 года (http://www.camarade.biz/node/21941): «Беларусь дарэмна падлашчваецца да Захаду, бо гэта можа прывесьці да сумных для яе наступстваў».
Ці ж гэта не пагроза?
Або на гэтую, адносна сьвежую фразу (http://www.souzveche.ru/articles/our-union/33396/): «Саюзная дзяржава выканала сваю функцыю – забясьпечыла нашу бясьпеку». Калі так, то яна ўжо не патрэбна. І адразу паўстае пытаньне – якую новую формулу падпарадкаваньня Беларусі задумалі ў такім выпадку ў Крамлі? Чытаем той самы выступ Ф.Клінцэвіча далей: «Сёньня (…) ідзе наймагутная кампанія па дыскрэдытацыі Расеі. Але гэта і спроба на зуб Беларусі». Намёк зразумелі?
Так, у нас на руках пакуль няма падпісанага У.Пуціным дэталёвага плана акупацыі-анэксіі Беларусі альбо яе часткі; няма нават суркоўскіх інструкцый якому-небудзь беларускаму медведчуку. Тым ня менш, уяўляецца відавочным, што небясьпека, якая навісла над Беларусьсю, зьяўляецца цалкам рэальнай. Бо пытаньне заключаецца толькі ў тым, калі менавіта пачнецца расейская агрэсія і папярэдняе ёй «народнае паўстаньне супраць дыктатара, які прадаўся Захаду».
Таму ўжо цяпер палітычнаму і вайсковаму кіраўніцтву заходніх краін і міжнародных арганізацый, якія аб’ядноўваюць гэтыя краіны, неабходна прыняць адпаведныя меры, накіраваныя на захаваньне незалежнасьці і тэрытарыяльнай цэласнасьці беларускай дзяржавы. Гэта зьяўляецца абавязковай умовай прадухіленьня далейшай экспансіі Расеі ў заходнім напрамку”.
(канец артыкула)
=
Ад рэдакцыі:
Найперш жадаем шчыра падзякаваць спадара Імантаса Мелянаса за клопат аб Беларусі і беларусах. Гэты клопат прысутнічае ў самім факце зьяўленьня данага артыкула, не гаворачы ўжо пра яго накіраванасьць і зьмест. Сапраўдная інтэрнацыянальная дапамога – адзін з важнейшых чыньнікаў нашай будучай агульнай перамогі над усімі відамі злачынных соцыяпаразітных зьяў, у т.л. такіх, як расейскі імперыялізм.
Асабліва каштоўнай для сяброў рэдакцыі была інфармацыя з артыкула летувіскага палітолага-этнаканфліктолага пра прапагандовы кампанент гібрыднай вайны расейскай імперыякратыі, якую яна вядзе (так, ужо сёньня вядзе, і даўно пачала!) супраць нас – беларусаў-вялікалітвінаў. З артыкула спарада Імантаса вынікае прыкладна наступная сьхема расейскай беларусафобскай прапагандовай сістэмы ў асобах (гл. ніжэй; паколькі асноўныя дзеячы, прысутныя на гэтай сьхеме, ужо названы вышэй, мы іх не падпісваем):
Цікавым лічым таксама тое, што спадар Імантас вылічыў асобу Лу-кі 2.0, якая, па меркаваньні кіраўнікоў расейскай імперакратыі, павінна прыйсьці на зьмену цяперашняму прарасейскаму правадыру 1.0 (“маўр выканаў сваю справу, маўр можа ісьці…”). У якасьці такой аўтар называе Франца Клінцэвіча.
У свой час у выніку нашага аналізу мы прыйшлі да высновы, што крэмлядзі далі загад Лу-цэ тэрмінова пасадзіць свайго старэйшага сына Віктара ў крэсла, якое амаль чвэрць стагоддзя грэў яго бацька (гл. тут: https://nashaziamlia.org/2016/08/17/8762/).
Вось і паглядзім, чый прагноз спраўдзіцца…
Наша адзіная заўвага па артыкуле – гэта стаўленьне да абхазцаў. Усё ж, у адрозьненьне ад узгаданых аўтарам армянаў, асецінаў ды расейцаў, Абхазія – зямля абхазцаў. Гэта іх адзіны дом на зямлі, й іншага (у адрозьненьне ад прадстаўнікоў іншых названых народаў) у іх няма…
Для Расеі няма страшней ворага, чым рускі нацыяналізм і імперыялізм!
Тав. Літвін, хопіць глядзець на Расею скрозь розавые акуляры і усімі спосабамі апраўдываць яе. У палітыцы ты такой жа прафан як і я. але я гэта разумею, а ты здаецца Не. Расея не можа пакуль існаваць інакш як імпэрыя. Яшчэ здаецца Александр 11 ясна гэта разумеў сказаўы аднойчы – якшто я падпішу Канстытуцыю. заўтра Расея разваліцца. Здаецца ты гібрід розных нацый і да таго ж літератар і таму павінен добра разбірацца ў нацыянальнай псіхалогіі. Пачні з нерускіх Пушкіна (помесь эфіопа з габрэем) і Лермантава (гэтага абруселага шатландца) як яны сваімі стішкамі пеставалі шавінізм які забуяў пры Пуціну..
Паважаны, спадар Павел Біч! Вашае «Расея не можа пакуль існаваць інакш як імпэрыя.» мушу ўдакладніць:
__ Расія = “маскоўскае валадарства” = “Российская Федерация” ня можа існаваць інакш як імпэрыя.”__
Ці відавочна, што такога дзіва як “российско-имперский” ці “российско-федеративный шовинизм” не існуюць? Зь іншага боку, словазлучэньне “русский шовинизм” таксама выглядае бязглузьдзіцаю, бо шавінізм ёсьць прапаганда этнічнае выключнасьці, перавагі, але панятак “русские” — не этнічны. То бок, мо ўзгаданыя вамі Пушкин, Лермонтов — песьняры маскоўскае імпэрыі, а не “шавіністы”? Выглядае бясспрэчным, што бандытам “шавінізм зусім “да лямпачкі””. З улікам таго, што цяпернае кіраўніцтва “Российской Федерацыі” ёсьць гангстарскаю групоўкаю — ці ёсьць падставы трактаваць, што ў Пуцінскай “Российской Федерацыі” буяе якраз “шавінізм”, а не імпэрскі вялікадзяржаўны псыхоз?