nashaziamlia.org

Асьветна-адукацыйны, грамадазнаўчы сайт для беларусаў: аналіз, прагноз, сілы, інтарэсы, сьветагляды, ідэі, ідэалогіі, праграмы, мэты.

Запісы

Галоўнае пытаньне на 2017 год (частка 6: развагі В.Куплевіча)

11 сакавіка, 2017 | 13 каментарыяў

Куплевіч 1

 

 

 

Выстаўляем артыкул Віталя Куплевіча. Сваё бачаньне актуальнай сітуацыі ў Беларусі ды вакол яе, а таксама свае прапановы што да будучыні ён абгрунтоўвае тэарэтычна, хаця і папярэджвае наступным чынам: “я не публічны палітык, ідэолаг ці філёзаф. Я толькі навуковец. Ня буду займацца гаданьнем, бо справа няўдзячная. Буду канстатаваць аб’ектыўную рэчаіснасьць, пісаць толькі цьвярозым розумам, а ня сэрцам”. Арфаграфія аўтара была часткова адрэдагавана.

Рэдакцыя.  

 

 

 

СУЧАСНАЯ І БУДУЧАЯ БАЦЬКАЎШЧЫНА

 

Аб цывілізацыях

Есьць веды, якія невядомыя ня толькі нашым звычайным людзям, але і абсалютнай большасьці навукоўцаў. Гэта сапраўдныя навуковыя веды аб соцыюмах, або агульная сацыялёгія. Усе сацыяпаразітычныя сілы сьвету не дапускаюць аб’ектыўныя дасьледваньні, або фальшуюць іх вынікі, або ўтаямнічваюць, або працаўладкоўваюць псеўданавукоўцаў, якія пішуць розную лухту.

Навука аб традыцыйных гістарычных цывілізацыях дае нам агульныя веды аб генэзісе (паходжаньні) тых ці іншых узораў арганізацыі, якімі карыстаюцца соцыюмы.

Выбітны польскі навуковец Фэлікс Канэчны адрозьніваў традыцыйныя гістарычныя цывілізацыі – побыты, якія адрозьніваюцца адна ад адной. Аб іх я пісаў-перапісаў у камэнтарох на сайце “Наша зямля” шматкроць.

Гэтыя веды аб’ектыўныя, таму я іх не ацэньваю. Кожная цывілізацыя мае свае плюсы і мінусы.

1. У сучаснай Беларусі здамінавала туранская цывілізацыя.

Паколькі паўтарэньне – маці вучэньня, то напомню, што ў еўразійскіх стэпах у першай палове другога тысячагоддзя нашае эры перамог сьпецыфічны побыт, пры якім у сувязі з асядланьнем каня стала магчымай эфектыўная камунікацыя за соткі й тысячы кіламетраў.

Гаспадарча дамінавала жывёлагадоўля. Тэхніка й тэхналёгіі земляробства былі недасканалымі, а клімат – кантынентальным з высокімі амплітудамі хістаньня тэмператур, недахопам вільгаці й г. д. Эканамічна эфектыўнай была экстэнсіўная жывёлагадоўля з асваеньнем і падбіцьцём усё новых і новых абшараў, прыгодных для выпасу жывёл. Нізкая шчыльнасьць насельніцтва ў еўразійскіх стэпах і яго культурніцка-людавая стракатасьць спрыялі падбоям.

Дзякуючы геніям ханаў соцыюмы былі арганізаваны строга зьверху ўніз. Прыватная ўласнасьць хана распаўсюджвалася на прыроду, насельніцтва і гаспадарку татальна. Адзінай крыніцай няпісанага і пісанага права была воля ўладара. Этыкі народаў-этнасаў (няпісаныя ўяўленьні аб дабры/зле, якімі карыстаюцца індывіды ў побыце) рэдукаваліся толькі да прыватнага жыцьця, а публічнае жыцьцё зусім вызвалялася ад этыкі.

Туранская цывілізацыя была экстрамілітарызавана (вайскова-лагернаю). У найлепшыя часы імперыя Джынгісхана мела больш за 700.000 вайскоўцаў раськіданых ад Ціхага акіяну аж да ўсходу Русі. Гэта было найвялікшае войска ў тагачасным сьвеце.

Ханы, арганізаваўшы і навучыўшы эфектыўна ваяваць велізарнейшыя войскі, падбівалі насельніцтва еўразійскіх абшараў.  Утвараліся велізарнейшыя імперыі. Лідэры соцыюмаў заваяваных абшараў павінны былі рабіць дзьве рэчы на карысьць ханаў: плаціць даніну і арганізаваць эфектыўныя войскі. І ўсе.

У астатнім клясычная тураншчына была плюралістычнаю. Дазвалялася практыкаваць любую рэлігію, карыстацца этыкамі і эстэтыкамі, характэрнымі для людаў, фальклёрамі й г. д.

Ханы не перашкаджалі разьвіцьцю навук, але навукі не падтрымлівалі. Падтрымліваліся толькі тыя веды, якія служылі мілітарнай сферы. Былі экстраарганізаваны выведка-контрвыведка. Пры ханах стала дзейнічаў генеральны штаб, функцыянавалі вайсковыя школы, у якіх вучылі будучых дзесятнікаў, сотнікаў, тысячнікаў, цемнікаў. Трэніраваліся вайсковыя падраздзяленьні адмысловай сьпецыялізацыі (спецназы).

Непадпарадкаваньне каралася жорстка. У войсках-ордах каралі сьмерцю кожнага дзясятага, сотага ці тысячнага за індывідуальнае ці калектыўнае непадпарадкаваньне. Адсутнічалі ўяўленьні пра персанальную адказнасьць, пра асобу, яе гонар і годнасьць. Туранская цывілізацыя была полігамнаю, бо мужчыны часта гінулі ў войсках, а жанчыны нараджалі многа дзетак ад розных мужчын. Назіраўся дэмаграфічны выбух.

Вайскова-лагерная арганізацыя пранізвала ўсе сферы жыцьця. Такія дзяржавы жывіліся з падбояў і рабаўніцтваў – у т. л. і суседніх земляробчых людаў. Калі войскі атрымоўвалі суцэльныя паразы, або пасьля сьмерці ханаў і адсутнасьці годнага пераемніка туранскія дзяржавы зьнікалі або расколваліся на больш дробныя. Ф. Канэчны пісаў, што туранцы, калі не ваююць – то гніюць.

Маскоўскі князь Юры Даўгарукі, атрымаўшы ярлык ад Хана на збор даніны з усходнерускіх падбітых земляў, пачаў працэс узвышэньня Масквы (улуса Арды). Пры Іване Жахлівым Масковія сталася тыповай дзяржавай з туранскай традыцыяй кіраваньня соцыюмам (зьверху-уніз) – таталітарнай. Такая традыцыя гістарычна перадалася праз Расейскую імперыю і СССР у сучасную Беларусь.

Загад уладара-правадыра (хана, цара, першага сакратара ЦК ВКП (б), генеральнага сакратара ЦК КПСС, прэзідэнта) лічыцца правам. Правадыр лічыцца справядлівым, бязгрэшным і г. д.

Туранцы выкарыстоўвалі рэлігіі і люды ў сваіх палітычных мэтах. Палітычная сфера агарнула ўсё жыцьцё.  Прыватнае жыцьцё стала часткаю публічнага. У туранскай цывілізацыі не ўзьнікла народаў-нацый, а трансфармацыі – людавыя, рэлігійныя, моўныя ды інш. – былі такіх маштабаў, якіх ня ведала лацінская цывілізацыя.

Цікава, што візантыйскі цэзарапапізм у тураншчыне прыняў форму татальнага цэзарызму. Некаторым уладаром спадабалася нестарыянства – версія хрысьціянства з абагаўленьнем (экстрасакралізацыяй) абсалютовага манарха-хана — правадыра. Іван Жахлівы і Пётар Вялікі па сутнасьці не цярпелі духавенства. Пётар зьліквідаваў інстытут патрыярха, а аднавіў яго толькі… Сталін. Можна зразумець спосаб мысьленьня туранца. Навошта той духоўны лідар, калі ёсьць адзін лідар – правадыр.

Паколькі сёньняшняя Расея – пераемніца туранскай традыцыі кіраваньня соцыюмам, то лагічным было б у Маскве паставіць помнікі ханам: Чынгісхану, Мамаю, Батыю, Мянглі-Гярэю ды інш., а ня князю Ўладзімеру. Дух жа аднолькавы.

У нашай Бацькаўшчыне інстытут Прэзідэнта пабудаваны па ўзоры туранскай цывілізацыі. Паводле Канстытуцыі, Прэзідэнту дадзены велізарнейшыя паўнамоцтвы. Кожнае слова кіраўніка дзяржавы, Дэкрэт – адзіная крыніца права. Больш за тое – нават этыкі й эстэтыкі.

У традыцыйнай даіндустрыяльнай масавай сьвядомасьці нашага люду ў хаце павінен кіраваць адзін бацька. Тураншчына лягла на пажыўную глебу простага люду.

2. Візантыйская цывілізацыя. Разьвілася з Рымскае цывілізацыі пасьля падзеньня Рыму. Характэрызавалася кадыфікацыяй і фармалізацыяй рымскага права. Незьлічоныя люды-этнасы, цывілізацыі кожная мелі свае этыкі й эстэтыкі, але кіраваліся Канстантынопалем амаль выключна з дапамогай права. Візантыйская бюракратыя была ў такой ступені разгалінаванай, што кантралявала выкананьне права там, дзе ў цывілізацыі лацінскай працавала этыка. Візантыя была сапраўднай прававой дзяржавай. Толькі імператары і эліты-бюракратыі не разумелі, што чым больш этыкі ў соцыюме і чым менш тамоў права ды бюракратыі, што кантралюе яго выкананьне – тым лепш ў маштабе вялікай персьпектывы.

Гэта забясьпечыла стабільнасьць Візантыі на тысячу гадоў, аднак прывяло да застою, стагнацыі, негілізацыі ініцыятывы й прадпрымальнасьці, нарэшце — упадку і падбіцьця Візантыі маладым асманскім адгалінаваньнем мусульманскай цывілізацыі.

У Візантыі хрысьціянства паспрыяла манагамізацыі сям’і, негатывізацыі практыкі нявольніцтва-рабства, публічнасьці суду, аднак не аддзяліла царкву ад дзяржавы. Цэзарапапізм спрыяў аўтарытарызму.

У сучаснай Беларусі інстытут вертыкалі ўлады і Адміністрацыі Прэзідэнта – спадчына візантыйскай традыцыйнай класікі. Прытым, уплыў чыноўнікаў вертыкалі й выканаўчай улады заўважна ўзмацняецца.

3. Жыдоўская (габрэйская, юдаістычная) цывілізацыя (слова “жыд” у нашай мове, у адрозьненьне ад расейскай, нейтральнае – не абраза). Адна зь дзьвюх сакральных цывілізацый на сучаснай планеце Зямля (разам з цывілізацыяй Індыі). Характэрызуецца наяўнасьцю ў сьвятарных кнігах разбудаванага права, якое ўпарадкуе этыку, эстэтыку, філасофію, навуку, здароўе, дабрабыт (усе пяць катэгорый побыту паводле Ф. Канэчнага). Таму этыка ў жыдоўскай цывілізацыі атаесамляецца з правам, інакш -этыка = права. Плюралістычная, калектывістычная, экстраарганізавана ў кагалы.

У жыдоў адсутнічае адзіны духоўны лідар (як у хрысьціян-каталікоў). Сетка кагалаў і ешыў па ўсім сьвеце выдатна выконвае свае функцыі. Кожны, хто пройдзе навучаньне на рабіна (юдаістычнага сьвятара), будзе паводзіць сябе аднолькава ці падобна ў аналагічных ці падобных сітуацыях ва ўсіх пяці катэгорыях побыту.

Кожны, хто прымае юдаізм, аўтаматычна становіцца жыдам (габрэем). Хазары, якія прынялі юдаізм, асіміляваліся – сталі жыдамі.

Элемэнты традыцыйнае жыдоўскае цывілізацыі праніклі ў Беларусь дзякуючы дзейнасьці асобных уплывовых асобаў, якія маюць габрэйскія карані і ў штодзённым побыце жывуць па жыдоўскіх сьвятарных кнігах, як у дзяржаўным апараце, так і ў структурах апазіцыі, сярод дысідэнтаў.

4. Традыцыйная лацінская цывілізацыя, што выйшла з рымскай і трансфармавалася ў цывілізацыю Еўропы.

Характэрызуецца плюралістычнасьцю, персаналістычнасьцю (павага асобы, яе гонару, годнасьці, свабоды выбару – адзіная персаналістычная зь вядомых на сёньня гістарычных цывілізацый), надзвычайнай разбудоваю аўтаномных інстытутаў, перавагай этыкі над правам, этызацыяй як публічнага, так і прыватнага жыцьця. Полірэлігійная (каталіцызм, пратэстантызм, праваслаўе, вуніяцтва), полінацыянальная (з разьвіцьцём розных мадэляў еўрапейскіх нацый і г. д., дзе народ-нацыя – этычная надбудова соцыюму), полідзяржаўная. Адзіная цывілізацыя, дзе дамінуе духоўны пачатак над матэрыяльным.

Мае гістарычныя карані. Ад часу прыняцьця хрысьціянства да канца падзелаў першай Рэчы Паспалітай наш народ жыў у цывілізацыі Еўропы. За два апошнія стагоддзі еўразійцамі з туранскай дзяржаўніцкай традыцыяй (у часы Расейскай імперыі й СССР) у Вялікай Літве – Белай Русі быў праведзены выніковы комплексны цывілізацыяцыд (генацыд цывілізацыі Еўразіі-Расеі над паўночнай часткай традыцыйнай Усходнееўрапейскай цывілізацыі з цывілізацыі Еўропы). Гэты працэс – тэма асобнай працы.

Прадстаўнікі цывілізацыі Еўропы працуюць як у афіцыйных інстытутах (утойваючы сваю сапраўдную цывілізацыйную належнасьць), так і ў альтэрнатыўных.

(Дадатковую інфармацыю аб традыцыйных гістарычных цывілізацыях глядзіце ў лекцыях Юзэфа Асоўскага. Набярыце ў пашукавіку: cywilizacja lacinska, cywilizacja bizantyjska, cywilizacja zydowska, cywilizacja turanska. Лекцыі на польскай мове, таму я перакладу асноўныя моманты на нашу мову і буду прапанаваць выставіць іх на гэтым сайце асобнымі артыкуламі. Там ёсьць сучасная соцыякібернэтыка цывілізацый. Я ўпэўнены, што такія веды нам – ліцьвінам-беларусам – стратэгічна важныя).

 

Наша Бацькаўшчына сёньня

Паколькі з другой паловы 1990-х у нас перамог туранскі спосаб кіраваньня соцыюмам, то палітычная сістэма трымаецца на інстытуце правадыра-прэзідэнта. Тры кіты – інстытуты прэзідэнта, яго адміністрацыі і выканаўчай вертыкалі.

Эвалюцыя ідэалогіі ад ніякай – да афіцыйнай расейскай імперскай ідэі. Апошнія гады наша тураншчына набывае рысы клясычнай чынгісханаўшчыны, але элементы расейскай імперскай ідэі застаюцца  – уводзіцца ўсё больш узораў ідэалагічнай талеранцыі. Патрэбна толькі прызнаць уладу правадыра ды не займацца палітыкай. І ўсё.

Расейская імперская ідэя ўсё больш разыходзіцца з рэчаіснасьцю. Афіцыйная філія расейскае праваслаўнае царквы перажывае ўсё большую эрозію. Войска і іншыя сілавыя структуры маюць шмат выхадцаў з усходу і іх нашчадкаў. Інфармацыйная сьфера забіта расейскімі тэлеканаламі, якія транслююцца ў нас паўсюдна, апрацоўваючы голавы пераважна люмпенаў-марыгіналаў расейскай імперскай ідэалагічнай шызафрэніяй. Адукацыя савецка-расейская па зьмесьце і расейскамоўная па форме (у сваёй большасьці). Гуманітарная навука максімальна рэдукавана. Афіцыйная нацыянальная культура выкарыстоўвае элементы людавага (этнічнага) этнаграфізму, таму зьяўляецца найбольш плюралістычнаю галіною.

Сярод суайчыньнікаў, думаючых нацыянальнымі катэгорыямі, пануе паняверка і апатыя. У наяўнасьці глыбокі заняпад духу на фоне ўзвышэньня імперскага духу ў Расеі.

 

Што аб’ектыўна трэба было б зрабіць

  • Адключыць усе правакацыйныя тэлеперадачы ў расейскіх СМІ, у якіх нясецца лухта аб нашым народзе, яго вялікай мове, слаўнай гісторыі, багацейшай культуры й г. д. – адключыць і замяняць перадачамі патрыятычнага зьместу. Заблакаваць правакацыйныя сайты ў інтэрнэце “рускасьветаўскага зьместу”.
  • Перакрыць усходнюю мяжу і накіраваць туды большую частку войска.
  • З новага навучальнага года перавесьці як мага больш школ на родную мову. Правесьці масавую акцыю “Я выбіраю беларускую мову навучаньня”. Арганізаваць беларускі нацыянальны ўнівэрсытэт. Перавесьці ўсе гуманістычныя факультэты ва ўсіх унівэрсытэтах на нашу мову.
  • Сьпецслужбам выявіць экстрэмістых, якія адмаўляюць існаваньне беларускай дзяржавы, нейтралізаваць іх. Перарваць кантракты на працы й г. д. Завесьці крымінальныя справы. Каб іншым была навука.
  • Выселіць асобаў, якія вялі й вядуць антыбеларускую дзейнасьць у самых розных формах, у аддаленыя сельскія рэгіёны, заняць іх цяжкой фізічнай працай і г. д. Асаблівую ўвагу надаць імігрантам з усходу — прыхільнікам імперскіх каштоўнасьцяў.

Сацыяльная і маёмасная піраміда павінна адпавядаць ступені прыхільнасьці народным (нацыянальным) ідэалам. Мы не павінны спыняцца перад фаварытызацыяй ці маргіналізацыяй пэўных груп ды асобаў у залежнасьці ад іх прыхільнасьці да нашых нацыянальных і дзяржаўных каштоўнасьцяў. Так рабілі ў Расейскай імперыі і СССР у дачыненьні да патрыётаў нашага народу. Прыменім іх жа спосабы. Аднак толькі на першым этапе.

Увогуле патрэбна прыняць “Акт аб дэкаланізацыі Беларусі”, у якім ўсё і вызначыць. Яго зьмест – тэма дыскусійная. Бо ў нас дайшло да таго, што звальненьне й непрыняцьце на працу асобаў, арыентаваных на народныя каштоўнасьці, стала нормаю. Часта гэта робяць асобы ва ўладзе, якія паходзяць з усходу, і іх нашчадкі.

Толькі сістэмная пасьлядоўная дзейнасьць нас выратуе – на жаль, спачатку забарончага і рэгламентуючага характару. Потым – прапагандысцкага і навучальнага. Апошняя дзейнасьць павінна ў персьпектыве дамінаваць.

Кіраўнічыя пасады павінны заняць самыя адукаваныя, самыя высокаэтычныя і самыя адданыя ідэі служэньня народу і Бацькаўшчыне асобы.

 

Калі заўтра агрэсія

Разгледзім асноўныя варыянты, бо мы не гадалкі, каб разглядаць дзясяткі варыянтаў. Тым больш, што я не вайсковец.

1. Першы варыянт самы малаверагодны, але самы страшны.

Калі ў атачэньні Пуціна перамогуць скрайнія расейскія імперскія шавіністыя і пачнецца наўпроставая вайсковая агрэсія супроць нашае Бацькаўшчыны.

Нельга адмаўляць варыянту, што калі пераможа логіка аднаўленьня Расеі ў межах былога СССР і, маўляў, мы пойдзем спачатку ў Беларусь, потым ва Ўкраіну, Малдову й г. д. Пакладзем мільёны расейцаў, бо жыцьцё аднаго Івана нішто ў параўнаньні са сьвятой ідэяй “рускага сьвету” і г. д.

Ідэйная тураншчына – гэта не арда Чынгісхана. Тая была неідэйнаю. Гэта можна параўнаць зь бязьлікай бальшавіцай коньніцай, што спрабавала несьці “пралетарускую рэвалюцыю” ў Еўропу.

Куплевіч 2Пуцін сутыкнецца з супрацівам Лукашэнкі. Тое, што апошні, калі яго вынікова не ізалююць, арганізуе абарону, я не сумняюся. Выказваньні Лукашэнкі аб гэтым сьведчаць. Бо інакш страціць усё і адразу…

Адміністрацыя прэзідэнта ўвогуле павінна выконваць усё тое, што той загадае, бо бюракратыя там арганізавана ідэальна па-візантыйску. Ім ёсьць што губляць…

Іншая справа – войска. Колькі будзе здраднікаў і дэзертыраў? Невядома… Падаецца, што прарасейскія настроі ў войску дамінавалі  й дамінуюць. Але, калі твой найлепшы сябар становіцца за хвіліну ворагам і здраджвае табе, то жаданьне яго перамагчы становіцца большым у некалькі разоў. Вырасла пакаленьне маладых афіцэраў, якія павінны быць лаяльнымі да Бацькаўшчыны.

Іншая справа – мясцовая бюракратыя. Які будзе адсотак здраднікаў? Невядома… Трэба тлумачыць бюракратыі, што калі экстрэмісты перамогуць, то вас звольняць і на вашы месцы прывязуць соткі тысяч бюракратаў з Расеі. Вы страціце ўсё: багацьці, уплывы, аўтарытэт і г. д. Думаю, што падзейнічае. Здраднікаў любяць да часу, але ніколі не паважаюць. Так было пасьля паразы Вызвольнага Збройнага Чыну пад кіраўніцтвам Кастуся Каліноўскага.

Іншая справа, што ці атрымаецца хутка правесьці ўсеагульную мабілізацыю? Ці пасьпеем? Прыйдзецца арганізоўваць батальёны дабраахвотнікаў. Думаю, што ў цэнтры і асабліва на захадзе нашай Бацькаўшчыны гэта рэальна. Усё залежыць ад ступені вераломства ворага. Якая яна будзе? Невядома…

Лясоў  і балот у нас шмат. Таму асаблівая надзея на масавую партызанку. Успомнім традыцыі Другой сусьветнай. Масавая партызанка стамляла любога ворага. Тым больш, што перад рэгулярным войскам ці за войскам прыйдуць банды казакоў з усходу, крымінальнікі, люмпэны-марыгіналы, якія будуць рабаваць і забіваць нашых суродзічаў, бо будць лічыць нас “рускімі ніжэйшай катэгорыі”, “нярускімі”, “здраднікамі”, “заходнікамі” й г. д.. Прыйдзе туранская арда, або нелегальныя імігранты – няпрошаныя госьці-прыблуды. Яны сутыкнуцца з хаатычным адпорам нашага народу, які патрэбна будзе арганізаваць.

Якія можна даць парады нашаму звычайнаму суродзічу? Вельмі простыя. У выпадку наўпроставае агрэсіі маем тры варыянты. Калі паспеем правесьці масавую мабілізацыю, то ісьці ў войска (1), калі не – у батальёны дабраахвотнікаў (2), а ў скрайнім варыяньце – арганізоўвацца ў партызанку (3). Трэба выходзіць на адзінадумцаў, атрымоўваць унутраную й вонкавую дапамогу і г.д… У тых патрыётаў, для якіх расейскія імперскія шавіністыя ніколі не былі сябрамі, да агрэсараў ня будзе ніякіх сентыментаў, а тыя, што яшчэ мелі нейкія ілюзіі – расстануцца зь імі імгненна.

Вораг можа выкарыстаць найноўшыя тэхналогіі вайны і найноўшыя ўзбраеньні. Толькі як пракантраляваць кожнага патрыёта? Патрэбна перасяліць мільёны ідэйных расейскіх экстрэмістаў-шавіністаў, каб гэта зрабіць. Але такое амаль немагчыма…

2. Гібрыдная вайна – найбольш верагодны варыянт.

Масавая антыбеларуская шызафрэнія на расейскіх тэлеканалах выдатна вылучаецца, а інтэрнэт – фільтруецца. Заезд і наступныя правакацыі агентуры з Расеі, а таксама мясцовых здраднікаў – нейтралізуецца кантролем усходняй дзяржаўнай мяжы, антытэрарыстычнымі сьпецпадраздзяленьнямі, вайсковым сьпецназам і г. д.

Шмат будзе залежаць ад патрыятычнасьці грамадзян, ад іх гатоўнасьці “здаваць” органам падазроных асобаў, самім прадухіляць тэракты, інфармацыйныя правакацыі й г. д. Магчымасьцяў супрацьстаяць у гібрыднай вайне нашмат больш. Кожны павінен будзе стаць операм. Такія веды мусяць быць масава распаўсюджаны сярод ліцьвінаў-беларусаў. У Беларусі няма ўласных крымаў і данбасаў, дзе сканцэнтравана жывуць мільёны жыхароў нетутэйшага паходжаньня.

Будзе час зарганізавацца ў войска ды батальёны дабраахвотнікаў-патрыётаў.

3. Інфармацыйная вайна.

Нават пры блакаваньні масавай шызафрэніі ў расейскіх мас-медыя ёсьць спосабы атрыманьня інфармацыі. Напрыклад, праз антэны-“талеркі”, якія маюць многія жыхары Беларусі. Іх патрэбна будзе прымушаць дэмантоўваць.

Супрацьстаяць ворагу, які арганізаваны па туранскіх і візантыйскіх цывілізацыйных узорах, можна ягонымі ж спосабамі вядзеньня вайны. Туранцы звычайна добрыя вайскоўцы, таму цацкацца зь імі няма сэнсу.

У свой час у міжваеннай Польшчы крытыкавалі Юзэфа Пілсудскага за туранскасьць у арганізацыі войска ды іншых сілавых структур. Але, калі Польшча два дзесяцігоддзі пасьпяхова супрацьстаяла як Нямеччыне, так і СССР, то гэта здало экзамен. У 1939 годзе ў палякаў не было шанцаў. Найперш таму, што міжваенная Польшча была шавіністычнаю ў дачыненьні да беларускага і ўкраінскага народаў.

Пры нашай сітуацыі, калі адсутнічае арганізаваная нацыянальная супольнасьць па лаціна-еўрацывілізацыйным варыянце, а беларуская дзяржава трымаецца на трох інстытутах: прэзідэньце, яго адміністрацыі і вертыкалі  – даводзіцца найперш тактычна на іх і разьлічваць.

Стратэгічна ж варта разьлічваць толькі й выключна на здольнасьць нашага народу да самаарганізацыі зьнізу. Нават пры арганізацыі дзяржавы зьверху, патэнцыйная здольнасьць да самаарганізацыі зьнізу захоўваецца заўсёды.

Ня цяжка спрагназаваць, як павядуць расейскія імперцы ў Беларусі – яны ў большасьці здрадзяць. Некаторыя атрымальнікі польскіх картаў – таксама зьбягуць у Польшчу. Скрайнія лібералы (ліберасты) зьедуць на першых жа транспартах за мяжу (грошаў хапае). Дыванчыкам ім усім дарожка…

Але ў цэлым я настроены аптымістычна, хоць гэта і цяжка даецца…

 

Бацькаўшчына будучыні

У гісторыі чалавецтва  нават у еўрапейскіх супольнасьцяў спакуса ўсталяваньня тураншчыны-візантыйшчыны была вялікаю. Яна прыносіць эфект на кароткі час. У даўгатэрміновай персьпектыве — толькі шкоду. Трыццатыя гады ХХ ст. – усім навука. У большай чатцы Еўропы ўсталяваліся шавіністычныя рэжымы (найперш фашыстоўскі Мусаліні, нацыянал-сацыялістычны Гітлера, іншыя).

Асноўная наша мэта – вялікалітоўская беларуская народная (нацыянальная) дзяржава.

Асноўны спосаб арганізацыі соцыюму й яго кіраваньня – клясычны лацінска-еўрапейскі (зьнізу ўверх).

Спачатку патрэбны будзе пераходны перыяд (“перыяд нацыянальнай рэгенерацыі” паводле праф. А.Астроўскага).

Злачынцы, якія кіравалі і выконвалі генацыд тысяч і тысяч асобаў, кіруючыся таталітарнай ідэалогіяй, павінны быць пакараныя. Для гэтага трэба распрацаваць адмысловае заканадаўства. Адказнасьць за генацыд павінна быць персанальная і публічная. Не павінна быць тэрміну даўніны. Калі нехта сваімі злачыннымі рашэньнямі ламаў некаму жыцьцё, лёс – да адказу! Каб дзясятым-соткам заказалі такое больш не рабіць. Этыка вышэй права! Яна павінна агарнуць як прыватнае, так і публічнае жыцьцё! Іншая справа – як гэта зрабіць, каб не пакараць нявінных. Патрэбен дыскус…

Трэба распаўсюдзіць тыя зародкі аўтаномных структур, якія існуюць цяпер, на ўвесь соцыюм (партыі, прафзьвязы, NGO  і г. д.). Але толькі пранароднага, пранацыянальнага зьместу дзейнасьці, з праверанымі пранароднымі лідарамі. Антынародныя, сацыяпаразітныя па зьмесьце дзейнасьці – забараніць! Распрацаваць празрыстыя і ясныя крытэрыі пра- і антынароднай дзейнасьці асобы і арганізацыі.

Вельмі важна рэалізаваць падзел уладаў, паўнамоцтваў, пры якім выйграе найбольшая колькасьць нашых суайчыньнікаў. Толькі як гэта зрабіць? Патрэбны сур’ёзны дыскус.

З навукі аб традыцыйных гістарычных цывілізацыях і соцыякібернетыкі цывілізацый найперш зразумела, што наша Бацькаўшчына ў будучыні павінна быць еўрапейскацывілізацыйнаю, народнаю (народ – найперш этычная пабудова соцыюму), пабудаванаю й кіраванаю зьнізу-уверх, з народнай супольнасьцю, плюралістычнаю (у т. л. ідэалагічна), персаналістычнаю.

Патрэбна яшчэ многае, але пра гэта пазьней.

 

13 каментарыяў

  1. Licvin кажа:

    Усё гэта цікава, але сёння пытанне стаіць канкрэтна. Ілюзія партызанкі — толькі ілюзія. Што тыя партызаны ў лесе есьці будуць? Сёння АГ адзін супрацьстаіць экспанссіі РФ, а мы ”стратэгі” гэтага не бачым.
    Масква хоча прыхватызаваць завод колавых цягачоў, два нафтаперапрацоўчых заводы, у будучыні жалезную дарогу, Таксама РФ хоча, каб Беларусь прызнала Абхазію і Паўднёвую Асецію, Новаросію і аншлюс Крыма. Таксама, каб Беларусь падтрымала вайну ў Сірыі. Акрамя таго, каб дазволіла адчыніць вайсковыя базы ў Беларусі. Гэта для пачатку. Таму РФ пахерыла дамоўленасьці ”Таможанага Саюза” і пачала выкручваць рукі АГ. А мы, палітолагі, тэарэтыкі і ”стратэгі гэтага не бачым і разам з электаральнай біамасай крычым ”Далоў!”
    95% электарата не маюць мазгоў, тыя хто працуе ў шапіках на Экспабэле і Ждановічах, таксама на рынках абласных і районых гарадоў, яны не ствараюць ВВП. Яны гэты ВВП праядаюць. Валавы Внутреній Продукт залежыць ад працы прамысловасьці, сельскай гаспадаркі, ад экспарту нашай прадукцыі ў іншыя краіны і Расею. А Расея падняла кошт газа, знізіла пастаўкі нафты і паставіла заслон нашай прадукцыі на сваю тэрыторыю, парушыла тым самым ўсе дамоўленасьці ”Мытнага Саюза”. Такім чынам ”вайна” ужо ідзе: інфармацыйная, эканамічная і фінансавая.
    А мы, ”стратэгі” не тлумачым сёняшняю сытуацыю электарату, а разам гарлапанім ”Далоў”. Вось калі прабалбочым свой эканамічны і фінансавы суверынітэт, то тады пойдзем у лясы і балоты… І што там мы будзем рабіць…?

  2. Павел Біч кажа:

    Быць навукоўцам ў гуманітарнай сферы невыканальная задача. Сп. Куплевіч хоча быць навукоўцам і гэта настаражвае. У палітычнай сферы немагчыма адшукаць істіну заставаючыся не ў цягнутым ў палітычную барацьбу. Інтэлектуалам Захада гэта было даўно вядома яшчэ з часоў бунту студэнтаў 1968 г. Тады ужо структуралізм (вучэнне Канечнага вядом ж адносіцца да яго, і па духу ён з тых часоў) перамагаў экзестынцыялізм, але бунтоўные студэнты вызначылі слабые бакі структуралізма калі пісалі на плотах “структуры не выходяць на вуліцы”. З часоў 2010 году наша апазіцыя знаходзіцца ў перманентным крызісе. Нашые філосафы, аналітыкі і палітолагі не падсказваюць як выйсці з яго. Сыплаць адны канстатацыі – як у нас ўсё кепска і якая у нас дурная улада. Хацелася б каб сп. Куплевіч разам са сп.сп. А..Астроўскім,С.Высоцкім і Я.Мурашкам прапанавалі нешта. У названых трох апошніх асобаў назіраецца, як мне здаецца, адзіндушые адносна апазіцыі. Можа пара ужо даваць свае прапановы. Напрыклад, ці трэба педаліраваць спантанные выступы народа, ці рыхтавацца да адзінай палітычнай акцыі, стрымліваючы людзей? Або, калі і што педаліраваць ў дадзены момант – магчымую агресію Расеі, або падзенне добрабыта людзей? Такіе пытання вырышаюцца палітыкам-геніем, але такога у нас, здаецца, няма. Вучэнне Канечнага-Куплевіча можна было б размесціць на сайце асобна. Але я так слаба арыентуюся ў інтернете, што адназначна да яго не даберуся як толькі яно знікне з відзімой часткі экрана. Сп. Куплевіч, ці пішыце вы свае каментары на іншых сайтах, акрамя дадзенага?

  3. Павел Біч кажа:

    Пакуль пісаў свой каментар, з’явіўся каментар Licvina. Я з ім на 90% згодзен (асабліва пра партызанку ў лесе). Толькі ён крыху перабольвае з “Далоў”. Цяпер апазіцыя не ведае як ставіцца да Лукашенкі. Ну а я ў таком невызначыным выпадку раю выбіраць такую стратэгтю якая бкдзе будзе карыснай ў незалежнасці ад Лукашенкі, Пуціна і Трампа – падымаць нацыянальную свядомасць. Як? Пісаў шмат разоў.

  4. мінак кажа:

    Чытаў у ”Заўтра” адзін каментар расейскага патрыёта, які даў прагоноз будучыні РФ.
    ” seaforce March 8th, 2017, 03:05 pm
    Будущее РФ….. Никакая “русская власть” не появится. Как не появилась в прошлые 25 лет, так и следующие 25 лет ее не будет. … максимум что возможно будет сделать “русской власти” это собрать толпу с оружием и захватить нищий регион, один, ну или может еще парочку и все. Как только это будет сделано эти регионы будут объявлены Новорусским государством… Полностью запертые и отрезанные от внешнего мира “русские регионы” с сумасшедшим руководством которое будет рассказывать сказки про … поднимем промышленность, подъем бизнеса, а на деле будет урод, … где все руководство поубивают, как поубивали “командиров Новороссии”…
    Вся стабильность тут держится на том что Западу пока не нужен тут полный хаос и еще пока есть что грабить тут. Рано или поздно отмашку дадут и Россия исчезнет, как исчезла Сирия. Дальний Восток заберет себе Китай. Регионы Центра и Урала будут населены исламскими фанатиками которые будут лезть миллионами через никем не охраняемую границу как саранча. От России останется только Москва-Питер, которые без поступлений регионов превратятся в криминальные анклавы и будут деградировать. Какие то регионы будут забраны Западом для создания военных баз воевать с Китаем. Миллионы оставшихся русских будут завербованы для будущей бойни с Китаем.
    У России нет вообще никакого будущего и ничего сделать нельзя.”
    І мне, як былому савецкаму чалавеку, зрабілася несцярпіма ”больно” за вялікую краіну! Няўжо нічога нельга зрабіць? Але ж у яшчэ горшых варунках Сталін зрабіў, выратаваў краіну! Як бы то хто ні гаварыў. Значыць справа ў Лідэры, Правадыры!

    • Darafej кажа:

      Нешкада, куды больш клапоціць лёс уласнай краіны. Як і ўсялякая дзяржава Беларусь павінна мець нейкі план развіцця і экспансіі (культурнай, эканамічнай, палітычнай і т.д.). Калі дзяржава імкнецца існаваць незалежнай, то такі план павінен быць. У Лукашэнкаўскай Беларусі такога плана няма. Яны не ведаюць, што рабіць з незалежнасцю, за якую не змагаліся, якая на іх “звалілася”. Нават, калі Масковія здолея анэксіраваць Беларусь, то гадзінік яе распаду ўжо запушчаны. І Беларусі трэба быць гатовай і да такогу сцэнару. Распад Расеі, грамадзянская вайна ў ёй, масавы наплыў бежанцаў. Развал АДКБ, які адбудзецца пры развале РФ, ставіць Беларусь у поўную залежнасць перад НАТА. Небудучы яго чальцом, мы станем безабаронныя, калі хтосьці з нашых суседзяў, чальцоў НАТА пачне заяўляць нейкія тэрытарыяльныя прад’явы.Таяж Польшча.Мне прыходзілася чуць ад палякаў: “Крэсы вяртайце нам, а сабе забярэце Смаленск”.

  5. мінак кажа:

    Палякі ў стратэгіі заўсёды былі слабакамі. Між тым у будучыні напэўна было б някепска стварыць эканамічны саюз: ВКЛБеларусь–Летува –Латвія–Польша–Малдова, калі Украіна навядзе парадак і перойдзе да мірнага жыцця, то і Украіну. Магчыма Славакію. Нават еўрапейскую Расію без Масквы.(Але намагчыма, і палякі і рускія, асабліва масквічы, зразу пачнуць камандаваць..)
    Канечна, мы, былыя савецкія людзі, да гэтага не дажывём. Так верылася, што ў будучым будзе існаваць гуманізм і гармонія сярод людзей. А прыйшлі чорт ведае да чаго
    .Дарэчы Леў Давыдавіч папярэджваў аб гэтым: ” рэцыдыў найбольш жорсткага макіавеллізма здаецца незразумелым таму, хто да ўчарашняга дня сыходзіў з упэўненасьці, што чалавечая гісторыя рухаецца па ўзыходзячай лініі матэрыяльнага і культурнага прагрэсса. Але мы можам зараз засведчыць: ні адна эпоха мінулага не была такой жорсткай, бязлітаснай, цынічнай, як наша эпоха”.
    Узіраюся, гляжу ў будучыню з страхам, насцярожана і недаверліва. Толькі ў мінулым усё ясна і зразумела! Але колькі нескарыстаных магчымасьцяў, колькі прамінулых шанцаў, неспраўджаных,імгненняў і гадоў…

  6. Павел Біч кажа:

    Сп. Мінак, “Мір – такой каким мы его знаем, – в итоге не является простой фигурой, где все события стерты для того, чтобы прорисовывались постепенно существенные черты, конечный смысл, первая и последняя необходимость, но, напротив, – это мириады переплетающихся событий… Мы полагаем, что наше настоящее опирается на глубинные интенции, на неизменные необходимости: от историков мы требуем убедить нас в этом. Но верное историческое чувство подсказывает, что мы живем, без специальных разметок и изначальных координат, в мириадах затерянных событий”- М.Фуко.

  7. Licvin кажа:

    Тое што напісаў Фуко, мы і без яго ведаем і адчуваем. Іншая справа, што Фуко за свае разважанні выкладзеныя ў артыкулах і кніжках, атрымліваў неблагія грошы. І ўсе гэтыя разважанні толькі блыталі нам глузды і мы не жылі ўласным жыццём, а спрабавалі разабрацца ў напісаных дактрынах і вось тут мы траплялі на разумовы кручок гэтай пануючай хеўры.
    А наоогул мне здаецца, што сцэнарый ужо зацверджаны і рэжысёр ВВП і ягоны асістэнт рэжысёра АГ зараз ажыцяўляюць гэты сцэнар Спачатку давядуць да дэфолта РБ. Восенню ўвядуць войскі пад выглядам вучэнняў, пад гэты час разагрэюць пратэстны ”Майдан”, а потым правядуць ”рэферэндум” аб аб’яднанні двух брацкіх народаў у адну дзяржаву РФ.Ідыялісты, як заўсёды трапяць пад расейскі бот, які ідыялістаў раздушыць як жабку… ”… Усё палохаюць народ, што расейскі моцны бот і стальны калючы дрот, пахаваюць наш народ. Наш народ сляпы як крот. Ён не знае — наш народ, ад чаго ён зноў банкрот”
    У кожнага чалавека ёсьць ягонае індывідуальнае ”Эго”, і кожны чалавек перш за ўсё павінен клапаціцца пра самога сябе. Быць эгаістам, не падпадаць пад ідыялагічныя догмы, а лавіць і дамагацца лепшага для сябе родненькага… Ідыялісты ў свой час ехалі на цэліну, на БАМ, на зьвяржэнне дзяржаўных рэжымаў, на Майданы… А чубайсікі рыскалі па кабінетах, налівалі чарку ЕБН, венічкам парылі ягоныя плечыкі і рабіліся міліянерамі, ездзілі і ездзюць па Еўропах…

    • Рэдакцыя кажа:

      Нашае разуменьне сітуацыі, сп. Ліцьвін, вельмі блізкае да вашага (уключна са стаўленьнем да розных фукуямаў-фукаў ды іншых ліберастаў-постмадэрністаў). Істотная розьніца ў тым, што мы ня лічым планы рознай соцыяпаразітнай свалоты наканаваным нам лёсам. Мы ўвесь час думаем, як у гэтых умовах дасягаць нашы агульнанацыянальныя і ўсіх прыстойных людзей мэты. Таму мы ўвесь час прапануем прыстойным беларусам-вялікалітвінам аб’ядноўвацца, арганізоўвацца, а таксама дакладна ўсьведамляць свае мэты-інтарэсы. На пачатак…

  8. Siarhiej кажа:

    Шаноўныя!
    Можна зыходзіць з гістарычнага развіцця, прароцтваў правадыроў і г.д. у разважаньні пра бягучы момант і прышласьць. А можна зыходзіць з сучаснага стану розных цэнтраў сілы, іх канкурэнтназдольнасьці, сучасных і будучых тэхналогій. Трэба прыняцб за аксіёму, што валоданьне навуковымі ведамі і тэхналогіямі, у тым ліку і арганізацыйнымі, даюць перавагу ў канкурэнцыі (вайна таксама від канкурэнцыі). У рэште ўсё вызначаецца IQ этнаса і яго адукацыі. А для рэалізацыі патэнцыя чалавека патрэбна Свабода.
    Дыктатуры ў Беларусі і Расей НЕканкурэтназдольныя ў першаю чаргу таму што душаць свабоду і не даюць людзям “раскруціцца”, рэалізавацца. Кадры варашаюць усё. Трэба рыхтаваць кадры здольныя ўзяць уладу і эфектыўна кіраваць краінай.
    Верагодная агрэсія Масквы, замена Лу-кі на іншага “губернатара” можа стварыць дадатковыя праблемы для Крэмля і ў рэшце прывесьці да развалу РФ.
    Тэхналогіі зменьшылі залежнасьць ад нафты і абрынулі яе кошт, што смяротна для Масквы. Маскву выкідываюць з касмічных праграм, …і адтуль дзе толькі можна. Кітайцы дзейнічаюць больш разумна, а мусульмане навогул адсталі.

  9. Павел Біч кажа:

    И усё ж такі разумных людзей трэба слухаць, а гэта філосафы. Тое што адбываецца у Свеце цяпер яны прадбачыли яшчэ гадоў 30-40 таму а разумные сацыёлагі па следам філосафаў – гадоў 20-30. Кісінджер, паскуда аблажыў Трампа і раіць яму кінуць усходнюю Эўропу (і ахоўваць відаць толькі Ізраіль) Пра Украіну і пісаць страшна – закапываюць жыўцом. Нам, відаць, прапануюць таксама знешнее упраўленне. якое было у нас між двумя апошнімі войнамі. І тут можна пагадзіцца з Мінаком (толькі адкінуў яго (і Рэдакцыі?) алігархаў, таму што глабалізм мёртв (сеткі і плоты якіе будуюцца між краінамі даказваюць гэта). Пачынаецца змаганне за места пад солнцем ужо амаль ў прямым сэнсэ. Я падзеляю таксама пісемізм Мінака, але звязваю яго не з Тэорыяў Змовы кепскіх людзей, а з адсутнасцью у нашага народа Нацыяналізма. Далее магу вам спець маю старую песню што беларусшчына яго не нараджаe).

  10. Licvin кажа:

    Пару цытат: ”Рабочы сцэнар пасля паразы Савецкага Саюза аднолькавы, што ў Расеі – Украіне—Беларусіі, што ў Югаславіі.
    — І што галоўнае ў гэтым сцэнары?
    — Галоўнае ў сцэнары – не даць постсавецкай прасторы кансалідавацца.”

    ‘’Самая галоўная наша мэта: любой цаной мацаваць суверэнітэт і незалежнасьць. З дыктатурай ці без дыктатуры — гэта ня мае значэння. Сёння дэмакратыя нясе значна больш небясьпекі страты незалежнасьці, чым аўтарытарны рэжым. Дэмакратычная прэса, што існуе на грошы сваіх спонсараў, вымушана гэтым спонсарам і служыць. Пэўныя сілы свае намаганні накіроўваюць на тое, каб улада і інтэлектуальная эліта барані Божа не знайшлі агульны грунт і інтэрас… У выніку прайграем мы ўсе: Улада і Народ! Наперадзе нас чакаюць грозныя падзеі. Цяперашні час, магчыма, лепшы ў нашым жыцці.’’ ”Імперскі сіндром”

  11. вершнік кажа:

    Тэхналогіі маюць прыарытэт, ніхто з гэтым не спрачаецца. Таксама маюцца і паліттэхналогіі ў якіх нашы людзі нічога не разумеюць. Не разумеюць і таму ўжо з 1990 года толькі чуем крыкі:’Ганьба” і ”Далоў”.
    Між тым палітыкі, асабліва апазіцыйныя шукаюць саюзнікаў, няхай часовых, на нейкі адрэзак гістарычнага часу, але саюзніка. Калі ў пачатку 90-x збянтэжаныя камунякі выбіралі сабе першага сакратара, ішла зацятая барацьба паміж Малафеявым і Бровікавым. На дапамогу Малафеяву быў з Масквы тэрмінова накіраваны Дзасохаў, які і ўгаварыў тутэйшых артадоксаў выбраць Малафеева, які быў цалкам залежны ад Гарбачова. А дзе былі нашы дэмакраты? Правільна: у дупе! Тутэйшыя дэманкраты нават і не паварушыліся, і дарэмна. Кропкавая дапамога Бровікаву магла даць палітычныя дэвідэнды ў будучыні. Было зразумела, на той момант камунякам было кранты, але яны валодалі кадрамі, сувязямі, баяліся, што іх выражуць, таксама яны мелі ўплыў на чырвоных дырэктараў. Таму на той момант вельмі выгадна было падтрымаць Бровікава, які быў палітычным ворагам Гарбачова. Бровікаў быў талковы мужык і ён бы памог і з нацыянальным пытаннем, мовай, гісторыяй і г.д. У будучыні можна было таксама заключыць саюз з касманаўтам Кавалёнкам. Гэты шанец таксама прамінулі. І шУШКЕВІЧ І Пазняк не адчувалі палітчнага настрою народа і замест палітыкі пачалі рабіць сабе кар’еру гістарычных герояў.
    Тутэйшыя палітычныя інтэлігенты цалкам заглынулі напрацаваныя Захадам гістарычны позірк на падзеі 1917 года, на ролю Правадыра, на 1939 год і прочыя падзеі… У выніку мы апынуліся ў палітычнай дупе! Уласныя паліттэхналогіі не напрацаваныя, маскоўскія куклаводы ўвесь час кіруюць тутэйшымі апазіцыйнымі кукламі, і прыкра, і сьмешна. Папы-гапоны водзяць электарат па аднаму і тому ж колу, і біамаса так нічога і не разумея. Яшчэ 20 год назад людзям можна было нешта тлумачыць, яны разумелі тлумачэнні. Сёння электарат адзічаў і вельмі моцна…

Пакінуць каментар

  • Старонкі

  • Катэгорыі

  • Апошнія запісы

  • Архівы