Экс-прэзідэнт Грузіі й былы кіраўнік Адэскай абласной адміністрацыі Міхаіл Саакашвілі адрэагаваў на паведамленьні ўкраінскіх уладаў аб пазбаўленьні яго грамадзянства Украіны. Ён зрабіў адпаведную відэазаяву на ўкраінскай мове (гл., напрыклад, тут: https://www.youtube.com/watch?v=9dj5qpngVk4). Падаем ніжэй тэкст завы паважанага спадара Міхаіла ў перакладзе на нашу мову.
Рэдакцыя.
“Дарагія сябры.
Я адчуваю сябе простым украінцам! Са мной сёньня намагаюцца зрабіць гэтак жа, як пракуроры або бюракраты робяць са звычайнымі ўкраінцамі – плююць на іх правы.
Я жыву ва Украіне ўжо больш за 13 гадоў. Я прымаў удзел у трох рэвалюцыях: як звычайны студэнт у рэвалюцыі на мяжы і ў двух Майданах! У мяне толькі адно грамадзянства – украінскае, і ў іх не атрымаецца мяне яго пазбавіць!
Цяпер мяне хочуць прымусіць атрымаць статус уцекача. Гэтага ня будзе! Я не зьбіраюся нідзе заставацца і атрымліваць ніякі статус! Я буду дамагацца законнага права вярнуцца ва Украіну і я вярнуся ва Украіну!
…. То [пазбаўленьне Саакашвілі грамадзянства] адназначны і наўпросты сігнал украінскай супольнасьці: больш ніякіх гульняў у дэмакратыя [з боку ўладаў] ня будзе.
Парашэнка езьдзіў у Грузію яшчэ нядаўна не для таго, каб наладжваць сувязі [паміж краінамі], а дзеля чарговага дагаварняку двух алігархічных рэжымаў: украінскага Парашэнкі й найбуйнейшага прыватнага акцыянера расейскага “Газпрому” грузінскага алігарха з расейскім праектам Іванішвілі, які на жаль сёньня кантралюе Грузію.
Яны прыдумалі, што падалі Генеральнай пракуратуры Украіны новыя доказы па маёй справе. Гэта – чарговая хлусьня і напарсткі. З таго часу, як мне далі грамадзянства, ні адной новай справы супраць мяне ў Грузіі распачата не было! А тыя надуманыя справы, якія ўзбуджаны – ні адна краіна ў сьвеце не прызнае і Україна таксама афіцыйна раней не прызнала!
Два дні таму прэзідэнт, на якога калісьці ўскладаў надзею Майдан, зьмяніў склад Камісіі па грамадзянстве. 24 ліпеня ён увёў у склад Камісіі новых людзей, каб цалкам марыянэткавая камісія была здольная пайсьці на любую прыхамаць Парашэнкі.
Што ж, Пётар Аляксеевіч, дрэнныя у вас дарадцы. Гэтым сваім указам вы падпісалі сабе і сваёй уладзе немінучую паразу. Прычым, калі раней вы яшчэ маглі спадзявацца “дацягнуць” да выбараў, то цяпер яны вам могуць толькі сьніцца.
Сёньня вы, Пётар Аляксеевіч, пераступілі мяжу. Сёньня ўся краіна зразумела, якая цана вашым абяцаньням “жыць па-новаму”. Цяпер, напэўна, у вас, як і ў вашага папярэдніка, зьявіцца жаданьне ўтрымаць уладу любым коштам. Што ж, можаце паспрабаваць, толькі памятайце: у Расеі вас не чакаюць! Украінцы ўжо двойчы справіліся з гэтай чумой і не спыняцца, пакуль не прывядуць да ўлады сапраўдных новых палітыкаў!
Я прыняў украінскае грамадзянства, каб змагацца за рэформы, змагацца за паспяховую будучыню Украіны, ад якой залежыць будучыня і маёй роднай Грузіі. Для мяне грамадзянства – не пусты гук. Кожны дзень валоданьня пашпартам грамадзяніна Украіны я працаваў для таго, каб Украіна перамагла і стала сапраўднай еўрапейскай дзяржавай!
Маё сэрца належыць Украіне незалежна ад вашага [сп. Парашэнка] подпісу. Я большы ўкраінец, чым большасьць цяперашніх дэпутатаў. Я люблю Украіну ўсім сэрцам, і я працягну барацьбу, тут, у нашай Украіне, нягледзячы ні на што!”