nashaziamlia.org

Асьветна-адукацыйны, грамадазнаўчы сайт для беларусаў: аналіз, прагноз, сілы, інтарэсы, сьветагляды, ідэі, ідэалогіі, праграмы, мэты.

Запісы

На 108-м годзе жыцьця памёр Барыс Кіт

люты 4, 2018 | 14 каментарыяў

 

 

1 лютага ў Франкфурце-на-Майне (Нямеччына) на 108-м годзе жыцьця памёр славуты беларус настаўнік і навуковец Барыс Кіт. Пра сьмерць сп. Барыса паведаміла ягоная жонка Тамара Казевіч. Барыса Кіта пахаваюць на праваслаўных могілках у нямецкім горадзе Вісбадэне, дзе 30 гадоў таму сам Барыс Кіт выкупіў участак. Дата пахаваньня пакуль невядомая.

 

1. Спачатку кароткія біяграфічныя даведкі:

(https://nn.by/?c=ar&i=204209)

Барыс Кіт нарадзіўся 6 красавіка 1910 году ў Санкт-Пецярбургу ў сям’і беларуса. Пасьля рэвалюцыі выехаў на радзіму бацькі ў вёску Агароднікі Карэліцкага раёна, закончыў Навагрудскую беларускую гімназію, Віленскі ўніверсітэт. Паводле адукацыі быў настаўнікам, працаваў дырэктарам Віленскай і Наваградскай беларускамоўных гімназій, настаўніцкіх семінарый у Паставах і Маладзечне.

У 1930-я двойчы арыштоўваўся польскімі ўладамі. У 1944 быў арыштаваны нацысцкім гестапа і прысуджаны да сьмерці, але яго цудам уратавалі яго былыя вучні. Пасьля вайны эміграваў у ЗША.

У ЗША ён працаваў на касьмічнае агенцтва НАСА, распрацоўваў паліва для ракетных рухавікоў.

На пенсію Кіт пераехаў з ЗША ў Нямеччыну, у Франкфурт-на-Майне, каб быць бліжэйшым да Бацькаўшчыны.

Многім беларусам ён дапамог!

(https://nn.by/?c=ar&i=204211)

Барыс Кіт нарадзіўся 6 красавіка 1910 у Пецярбургу.

Пачатковую адукацыю атрымаў у Навагрудскай гімназіі. Скончыў фізіка-матэматычны факультэт Віленскага ўніверсітэта. З 1933 г. выкладаў матэматыку ў Беларускай гімназіі ў Вільні, а ў 1939 г. стаў яе дырэктарам. У 1940 г. заняў пасаду акруговага інсьпектара Баранавіцкай навучальнай акругі, арганізаваў пачатковыя і сярэднія школы ў Баранавіцкім, Слонімскім, Валожынскім і Ваўкавыскім раёнах. Аднавіў Беларускую гімназію ў Навагрудку.

У часы гітлераўскай акупацыі быў дырэктарам школы ў Лебедзеве, гімназіі ў Паставах і гандлёвай школы ў Маладзечне, навучаньне ў гімназіях ратавала моладзь ад вывазу ў Нямеччыну. Многія вучні былі ўдзячныя яму за настаўніцкую дзейнасьць. Быў у нямецкай турме…

Улетку 1944 г. выехаў у Нямеччыну, у 1947 г. прыехаў у ЗША. Адзін са стваральнікаў беларускага асяродка ў Саўт-Рыверы. Кіт разам з Франакам Шаўроўскім, Лангінай і Уладзімірам Брылеўскім, Міхасём Сенькам запрашалі беларусаў з Нямеччыны ў Саўт-Рывер, шукалі ім жыльлё, працу. Такім чынам паўстаў беларускі асяродак з царквой, які пасьпяхова дажыў да нашага часу.

У 1950 г. Кіт пераехаў у Лос-Анджэлас, дзе таксама спрычыніўся да арганізацыі беларускага жыцьця.

З сярэдзіны 1960-х удзельнічаў у касьмічных праектах, у выніку чаго пакінуў грамадскую дзейнасьць.

З’яўляецца акадэмікам Сусьветнай акадэміі астранаўтыкі (Парыж), членам Амерыканскага астранаўтычнага таварыства.

=

 

2. Успаміны, запісаныя Аляксандрам Адзінцом для кнігі «Паваенная эміграцыя: скрыжаванні лёсаў» (Менск, 2007). Узята адсюль: https://nn.by/?c=ar&i=204212

 

Тры арышты, настаўніцтва, астранаўтыка: успаміны Барыса Кіта

Я нарадзіўся 6 красавіка 1910 г. у Пецярбурзе. З родных Карэлічаў у расейскую сталіцу мой бацька Ўладзімер прыехаў у пошуках адукацыі й працы. Здабыўшы асьвету ў галіне тэхналогій сувязі, працаваў на высокай пасадзе ў Міністэрстве сувязі, езьдзіў у камандзіроўкі ў Фінляндыю. Каб трапіць на працу, бацька штодня мусіў пераходзіць праз Аляксандраўскі мост. Калі пачаліся крывавыя падзеі Лютаўскай рэвалюцыі 1917 г., на гэтым мосьце трывалі бойкі паміж казакамі й рэвалюцыянэрамі. Бацьку, каб патрапіць на іншы бераг Нявы, даводзілася наймаць баржу.

У адзін з халодных дзён сакавіка я — маленькі хлопчык — убачыў вялікае шэсьце на адным з гарадскіх прасьпектаў.

Мама прапанавала паглядзець, што адбываецца. Бачым: тысячы чалавек з чырвонымі сьцягамі рухаюцца на Марсава поле, каб пахаваць ахвяраў рэвалюцыі, і гучна сьпяваюць «Вставай, проклятьем заклейменный». Праўда, хутка ў мяне замерзьлі ногі, і я пацягнуў маці дадому.

Мая мама, Ксенія Дзьмітрыеўна Зурава, паходзіла зь Цьвярской губерні — адкуль і ўсе героі «Анны Карэнінай». Пазнаёміліся і ажаніліся бацькі ў Пецярбурзе.

У 1919 г. наша сям’я мусіла пераехаць на радзіму бацькі, на Карэліччыну, у вёску Агароднікі — жыць далей у Пецярбурзе было абсалютна немагчыма, бо рэвалюцыя прынесла страшэнны голад.

Маці езьдзіла на сваю радзіму, адкуль патаемна прывозіла харчы, зашываючы ў вопратцы, бо за ваенным камунізмам за хаваньне харчоў ад дзяржавы чалавеку пагражала сьмерць. Памятаю, як мы з бацькам хадзілі ў пецярбурскія рэстараны, якія да рэвалюцыі былі поўныя далікатэсаў. Падавалі ў іх сушаную тарань і вараную рэпу. Я бачыў людзей, якія паміралі ад галоднай сьмерці проста ў рэстараннай залі…

Нашую сям’ю ратавала рыбалка — карпы, якіх мы з бацькам выцягвалі ў фінскіх рэках і азёрах.

У Пецярбурзе я пачаў сваю адукацыю, паступіўшы ў падрыхтоўчую класу гімназіі імя Пятра Вялікага, а ўжо на Наваградчыне, тады ўжо акупаванай палякамі, запісаўся ў 4-ю класу польскай (іншых жа не было!) народнай школы, у якой не правучыўся і двох гадоў.

Жыцьцё ў Беларусі было таксама цяжкае. Па-першае, дабрабыт людзей зьнішчала вайна — непадалёк ад нашых мясьцінаў акурат праходзіла лінія Гіндэнбурга. Па-другое, мы мелі мала зямлі. Пасьля таго, як мой дзед Аляксандар (дарэчы, пражыў ён 110 гадоў!) падзяліў зямлю паміж сваімі сынамі, нам дасталася толькі адна дзесяціна. Часам галадалі, выкопвалі на панскай зямлі гнілую бульбу, варылі суп зь лебяды й крапівы. Часам нас ратаваў дзед, вельмі здольны чалавек, які ў мястэчку Шчорсы дайшоў ад парабка да адміністратара памесьця графа Храптовіча. Аднойчы перад Вялікаднем паехаў у Шчорсы і вярнуўся з цэлай торбай страваў, якімі мы частаваліся на сьвята.

Мая маці памерла вельмі рана, калі ёй было ўсяго толькі 30 гадоў. Яна мела цяжкую сьпецыфічную хваробу сэрца і мусіла пазьбягаць усякіх хваляваньняў. Але аднойчы расхвалявалася праз дробязь. Заказала мне боцікі, а яны былі кепска зробленыя.

Увесь вечар маці хвалявалася, ноччу білася ў агоніі й хутка памерла. Праз два гады бацька ажаніўся другі раз, зь беларускай жанчынай Аленай. Яна была добрай мачыхай, але маці ўсё роўна мне ніколі не замяніла. Ад мачыхі маю паўсястру Ірыну і паўбрата Лява, яны абое жывуць у Беларусі.

Увесь час мне прыходзілася дапамагаць бацьку ў гаспадарскіх справах. Штораніцу хадзіў пасьвіць карову і, пакуль яна скубла траву, чытаў кнігі, здабываў веды. Наша цудоўная Беларуская наваградская гімназія ня мела свайго будынку, заняткі праходзілі ў габрэйскай школе. Габрэі вучыліся раніцай, мы — пасьля абеду. Часта вучні зьбіраліся на гутаркі ў кухні, каля вялікай печкі.

Бацька, бедны чалавек, за 24 кіламетры давёз мяне на фурманцы ў Наваградак і сказаў: «Гэта ўсё, сынок, што я магу табе даць, выбачай».

Вучоба была платная, і гімназія была прыватнай установай. Але з той прычыны, што я выдатна вучыўся, атрымліваў найлепшыя адзнакі, гімназія плаціла мне стыпендыю.

Вы не ўяўляеце, якая прага да ведаў была ў нашага пакаленьня! Мы былі гатовыя вучыцца дзень і ноч, абы толькі выбіцца ў сьвет.

У гімназіі выкладалі найвыдатнейшыя настаўнікі: дырэктар Пётра Скрабец, Данілевіч, гісторык Чатырка, які любіў выклікаць мяне да дошкі, каб пачуць правільны адказ. Мастацтва выкладаў знакаміты Язэп Драздовіч. Вось дзе дзіўны быў чалавек — з доўгай барадой, увесь у сваіх касьмічных думках, ціхі, маўклівы. Такі пах ад яго заўсёды сыходзіў… Іншыя настаўнікі яго недалюблівалі, і доўга ў Наваградку Драздовіч не пратрымаўся.

Я кіраваў у гімназіі літаратурным гуртком, адным з найздольнейшых членаў якога быў Лявон Барысаглебскі, які стаў за саветамі вялікім фізікам. Тагачасны Наваградак, хоць і складаўся на 70% з габрэяў, па сваім духу быў чыста беларускім горадам, жыхары якога размаўлялі толькі па-беларуску! У родны Наваградак, ганаровым грамадзянінам якога я зьяўляюся, я закаханы і па сёньня. Горад быў ціхі й спакойны, аніякіх злодзеяў у ім не было. Толькі аднойчы ў габрэйскім раёне я быў абстраляны камянямі за тое, што сустракаўся зь дзяўчынай з артадаксальнай габрэйскай сям’і.

Гімназія сьпярша была пазбаўлена правоў, яе абсальвэнты ня мелі магчымасьці паступаць у польскія вышэйшыя ўстановы. Таму беларускіх хлопцаў і дзяўчат гасьцінна прымаў Карлаў універсітэт у Празе. Але потым гімназіяй пачаў апекавацца наваградскі ваявода Зыгмунт Бэчковіч. І мы мусілі здаваць экстэрнам іспыты па ўсіх прадметах, здабыўшы разам і малую, і вялікую матуру! Цягнуліся гэтыя іспыты два тыдні, потым змучаныя вучні адпачывалі, набіраючыся сілаў на гары Гедыміна. Усе іспыты мы пасьпяхова здалі, пераканаўча даказаўшы, што й беларусы — здольная нацыя!

Стаўшы студэнтамі Віленскага ўніверсітэту, мы былі на сёмым небе ад шчасьця! Хадзілі па Вільні з кіёчкамі — была такая традыцыя. Кожнага беларуса, які прыязджаў вучыцца ў Вільню, сустракаў нехта са старэйшых студэнтаў. Мной апекаваўся Стась Станкевіч, зь якім я сябраваў да апошніх дзён ягонага жыцьця.

Вадзіў мяне па горадзе, усё паказваў, расказваў, нават завёў у госьці да свайго дзядзькі Яна Станкевіча, «дзікага» пасла. Памятаю, што ўся ягоная кватэра была завалена кнігамі й паперамі. Пасяліўся я каля Вострай Брамы, непадалёк вуліцы Піўной. Уступіў у Беларускі Студэнцкі Саюз. Акрамя яго, існавала ў Вільні й студэнцкая карпарацыя на ўзор сярэднявечных. Яна мела свае сьцягі, вопратку, законы, але асноўным іх заняткам было расьпіцьцё піва.

Правініўся — выпі вялікі келіх піва. Добра не праглынуў — яшчэ адзін!

Беларуская карпарацыя называлася «Скарынія». Я да яе не належаў, бо быў ужо чалавекам салідным, настаўнікам, але прыходзіў на іх сходы, каб весела бавіць час разам зь сябрамі. Старэйшыя сядзелі за сталамі, а новапрыбылыя, «фухсы» (яны насілі шапкі зь лісінымі хвастамі), — стаялі за іх сьпінамі. На адным з такіх сходаў я пазнаёміўся з Чаславам Ханяўкам, які потым прадаў мяне пры канцы вайны, выпісаўшы мне сьмяротную паперу «остарбайтэра», будучы сакратаром Беларускага камітэту ў Варшаве.

Будучы студэнтам матэматычнага факультэту, я быў арыштаваны польскімі ўладамі. Першы раз за краты мяне кінулі, калі я вучыўся яшчэ ў сёмай класе гімназіі.

Студэнты езьдзілі па вёсках і закладалі гурткі Беларускай Сялянска-Работніцкай Грамады. Я заклаў гурток у родных Агародніках, старшынём якога выбралі майго бацьку. У адзін дзень былі арыштаваны адразу некалькі дзясяткаў маіх калегаў. На мяне палі асноўныя падазрэньні. Вучні часта прыходзілі да мяне ў хату (у Наваградку я жыў у аднаго татарына разам з Гоцкам і Вярбіцкім; першага, які хаваўся ў хаце ў яме, як камуніста расстралялі немцы, а другі яшчэ да вайны ўцёк на ўсход Беларусі), я дапамагаў рашаць ім задачы па матэматыцы, будучы першым матэматыкам у класе. І паліцыя, пабачыўшы на сьнезе масу сьлядоў, напэўна, падумала, што тут месьціцца нейкая штаб-кватэра палітычных ворагаў. Дзён дзесяць прасядзеў я ў няволі, зь мяне крыкам і пагрозамі спрабавалі выбіць паказаньні, але я маўчаў, нікога ня здаў. Гэта, дарэчы, даказвае пратакол допыту, які захоўваецца ў Карэліцкім музеі.

Другі раз мяне арыштавалі вось за што.

Юльлян Саковіч, які быў заўзятым прыхільнікам камуністычнай партыі (у 1943 г. яго, члена Беларускай Незалежніцкай Партыі, забілі ў Лідзе байцы Арміі Краёвай), паклікаў студэнтаў на нейкі сход. У нас, юнакоў, звыклых да розных сходаў і мерапрыемстваў, і думкі ня ўзьнікла, што гэта можа быць… правакацыя. Як потым высьветлілася, сходам гэтым кіраваў польскі агент і пасьля яго заканчэньня нас усіх, усяго трыццаць чалавек, арыштавалі й кінулі ў Лукіскую турму. Але прыкладна праз два тыдні, калі высьветлілася, што аніякай небясьпечнасьці для польскай дзяржавы я не ўяўляю, мяне выпусьцілі. Сядзеў у адной камеры з сенатарам Васілём Рагулем, зь якім мы абгаварылі ўсе магчымыя беларускія тэмы.

Сваю настаўніцкую дзейнасьць я пачаў студэнтам ІІІ курсу ўніверсітэту. Як гэта сталася?

Настаўнік матэматыкі беларускай гімназіі Ральцэвіч быў чалавекам зь мінулага, са слабымі ведамі. Калі палякі пачалі трэсьці настаўніцкія кадры, сваю кваліфікацыю змог пацьвердзіць ня кожны. Я, напрыклад, у Ваўкавыску даваў прыватныя ўрокі матэматыкі свайму былому дырэктару Пётру Скрабцу, а ў Любчы, начуючы ў гумне на беразе Нёмана, — Чатырцы.

Тагачасны дырэктар Віленскай гімназіі Міхалевіч выклікаў мяне да сябе ў кабінет: «Пан Кіт, вы такі малады настаўнік, глядзеце, каб студэнты ня селі вам на плечы. Будзьце як мага больш сур’ёзным». Дысцыпліна на маіх занятках была жалезная, казалі, што ў аўдыторыі Кіта муху чуваць. Памятаю, як у першы свой працоўны дзень прагульваўся па калідоры. Падыходзяць да мяне нейкія студэнты і пытаюцца: «У якую класу паступаю?» Якое ж было іх зьдзіўленьне, калі ў класу ўвайшоў дырэктар і прадставіў мяне: «Знаёмцеся, гэта ваш новы настаўнік матэматыкі — Барыс Кіт».

У 1939 г. мяне абралі (не прызначылі!) дырэктарам «калыскі беларускага адраджэньня», як назваў Віленскую гімназію Васіль Быкаў.

Дырэктар Кавалевіч вельмі не падабаўся вучням (абсалютна ўсе мае вучні былі палымянымі беларускімі патрыётамі!) за свае прапольскія настроі, за што яго і скінулі.

Аднак зь Вільні хутка давялося зьязджаць: ані вучні, ані настаўнікі не хацелі працаваць у Літве. А так як большасьць вучняў паходзіла з Наваградчыны (кожнае лета я агітаваў хлопцаў і дзяўчат, каб ехалі вучыцца ў Беларускую гімназію ў Вільні), вырашылі перабірацца ў Наваградак, тады ўжо савецкі.

Нам вярнулі будынак гімназіі, які ў свой час адабралі палякі, я набраў першакласны настаўніцкі склад і распачаў працу ў новай-старой гімназіі. Я меў 1000 вучняў, 100 настаўнікаў, дзесяць інтэрнатаў. Моладзь літаральна хлынула вучыцца!

Данос на мяне зрабіў мой жа прыяцель Уладзімер Панько, загадчык інтэрнатаў, які хацеў заняць маё крэсла. Аднак зь Менску выпісалі іншага дырэктара, прасавецкага Баржэмскага, мяне ж зрабілі завучам. Каб высьветліць сітуацыю, я паехаў у Баранавічы да абласнога начальніка Саўчанкі. Той аж загарэўся: «Што яны там нарабілі?! Прызначаю вас школьным інспектарам на Баранавіцкую вобласьць». У мае абавязкі ўваходзіла інспекцыя школаў, адкрыцьцё новых навучальных установаў, арганізацыя дырэктарскіх канферэнцый.

Аднойчы чую: у Наваградак прыязджаюць Купала, Колас, Глебка! Я, вядома, ня мог прапусьціць такога мерапрыемства, таму сьпяшаюся ў Наваградак. Перш-наперш зайшоў да старога сябры Стася Станкевіча. Той падзяліўся непрыемнымі навінамі: «Барыс, калі ты паехаў у Баранавічы, кожнага настаўніка выклікалі ў КДБ і пыталіся, чым ты займаўся ў Вільні. Зямля гарыць пад тваімі нагамі, уцякай хутчэй!»

Мне стала не да Купалы з Коласам і я хуценька вярнуўся ў Баранавічы, сабраў рэчы першай неабходнасьці й паехаў у Вільню. Пасяліўся там у таго самага Кавалевіча.

Але ў вялікім горадзе трэба прапісацца. Думаю, ну хто мне лепш дапаможа, чым мой сябра-калега па ўніверсітэце Друтас — бурмістар Вільні? Аднак яго на месцы не аказалася, зьехаў у камандзіроўку.

Не пражыў у Вільні й тыдня, як пачалася вайна. Ізноў уцёкі… Тры дні пехатой ішоў да Баранавічаў. Але горад ужо быў ахоплены полымем…

Разам зь цяжарнай жонкай вырашылі ісьці да яе бацькоў у Лебедзева пад Маладзечнам.

Дайшлі Сталовічаў, схаваліся ў гумне. А па вуліцах ідуць нямецкія жаўнеры й сякуць кулямётамі направа і налева. У гэтым гумне праседзелі тры дні й тры ночы, баяліся вылезьці: днём непакояць немцы, а ноччу — савецкія войскі.

Усё ж нам удалося дабрацца да Лебедзева, дзе я адразу схаваўся на печы. За саветамі я быў даволі высокім чыноўнікам і, паводле нямецкай палітыкі, падлягаў расстрэлу. Зь печы мяне «выцягнуў» тагачасны школьны інспектар Вінцэнт Гадлеўскі. Спачатку я працаваў у невялікай школе ў Лебедзеве. Потым мы з маладзечанскім школьным інспектарам Яворскім паехалі ў Менск, у генеральны сакратарыят, каб абгаварыць перспектыву адкрыцьця ў Маладзечне настаўніцкай семінарыі. За школьную справу ў камісарыяце адказваў Сівіца, яго заступнік — беларус Яўхім Скурат.

Яворскі падсунуў гэтаму Сівіцу пяць кіло сала, і той адразу ўсё падпісаў. Мы вярнуліся ў Маладзечна шчасьлівыя, знайшлі будынак пад семінарыю, адкрылі друкарню. У семінарыю запісаліся трыста чалавек.

Пра гэта даведаўся акруговы камісар, у якога мы не атрымалі дазволу, і страшэнна раззлаваўся, зачыніў друкарню, бегаў і крычаў: «Дзе гэты Кіт? Я яго арыштую!» Я ізноў у Менск да Сівіцы, разьбірацца, што такое робіцца. Той, каб не падымаць пылу, накіраваў мяне дырэктарстваваць у пастаўскую семінарыю. Бурмістрам Паставаў быў яшчэ адзін мой вучань, Адам Дасюкевіч, які рабіў для маёй працы, для вучняў усё, што было ў яго сілах. Яго, бядаку, замардавалі немцы… Семінарыя месьцілася ў колішнім прыгожым будынку польскай гімназіі. Мае вучні былі папросту апантаныя беларускасьцю, гэта быў узор патрыятызму!

Пасьля вайны яны залажылі Партыю Беларускіх Патрыётаў, за што ўсе разам былі высланыя ў Сібір… Я ня меў права прымаць на вучобу ані палякаў, ані расейцаў, аднак мне было шкада бедных дзетак, і я, нібыта беларусаў, запісваў іх у сваю семінарыю.

У 1943 г. я ў трэці раз у жыцьці трапіў у турму.

Гэтым разам мяне выратаваў толькі цуд. Я вяртаўся ў Паставы зь Лебедзева. Вёз з сабою пакункі з харчамі, што насьцярожыла немцаў — можа, нейкі сьпекулянт? Пачалі правяраць кішэні, а ў іх — поўна нямецкіх прапускоў. Гэта была мая найвялікшая памылка, якая амаль мяне не загубіла. Аўтаматычна я падпаў пад самае жудаснае падазрэньне — у сувязі з партызанамі. Трыццаць дзён я праседзеў у склепе глыбоцкай турмы, трыццаць начэй 25 чалавек, падазроных у сувязях з партызанамі, расстрэльвалі, а я заставаўся ў шчасьлівай пяцёрцы… Як я потым даведаўся, за мяне стараўся беларускі актыў. Празь месяц мяне ў ланцугох прывезьлі ў галоўную цэнтралю гестапа ў Вялейцы. А ў гэтым горадзе працаваў у адміністрацыі мой вучань Кастусь Касяк, брат Івана і Лявона Касякоў. Менавіта ягонымі намаганьнямі я вырваўся з пасткі сьмерці. Яго потым таксама замардавалі, толькі саветы, павесіўшы хлопца [у 1944 г.] на шыбеніцы на цэнтральнай плошчы Вялейкі.

Я вярнуўся ў Маладзечна, дзе нам удалося залажыць Гандлёва-тэхнічны інстытут. Інстытутам ён быў фактычна, а афіцыйна называўся школай. Калі я адправіў у Менск праграму, па якой мы навучалі юнакоў, у камісарыяце схапіліся за галовы: гэта вышэйшая навучальная ўстанова — сьпешна зачыніць! Немцы ня бачылі ў беларусах паўнавартаснай нацыі, яны лічылі, што ім будзе дастаткова ўмець чытаць вулічныя шыльды. Але я пасьпеў раздаць вучням прыгожыя дыпломы, якія вельмі прыдаліся ім у жыцьці.

Пасьля Другога Ўсебеларускага Кангрэсу, удзельнікам якога я таксама быў, з жонкай і сынам Уладзімерам назаўсёды пакінулі Беларусь. Як я ўжо згадваў, у Варшаве Ханяўка ледзь не падпісаў нам сьмяротны прысуд — выратаваў нас мой шчыры сябра, вялікі беларус Мікола Шчорс. Букатка ў Берліне таксама паклапаціўся, каб з паперамі ўсё было нармальна. Паехалі ў Вену, тады яшчэ некранутую вайной. Пражылі ў спакоі толькі тыдзень — аўстрыйскую сталіцу таксама пачалі зьнішчаць бомбамі… Пехатой дайшлі да Зальцбургу, у якім хаваліся ад бамбёжак у гарах. Выходзім аднойчы са сховішчаў, глядзім — а ад нашага гатэлю застаўся толькі пыл…

Рызыкнуў вярнуцца ў Вену за сваімі рэчамі, калі бліз сталіцы ўжо стаялі войскі Чырвонай Арміі. Вяртаўся ў Зальцбург цягніком, які вёз параненых нямецкіх жаўнераў, схаваўшыся ў гармоніку паміж вагонамі.

Пераехаўшы пазьней у Нямеччыну, настаўнічаў у польскай і ўкраінскай гімназіях, у якіх праз мае рукі прайшло шмат беларусаў.

Хацеў пасяліцца ў беларускім лагеры ў Рэгенсбургу, аднак Франц Кушаль адмовіў мне ў пражываньні. Ён чамусьці адразу мяне неўзьлюбіў. Напэўна, за тое, што я сімпатызаваў Астроўскаму і не хаваў гэтага. Я ніколі ў сваім жыцьці не належаў ні да якой партыі, не ўступаў ані ў БЦР, ані ў БНР — я быў вышэй за палітыку! Мне было агідна і балюча бачыць, як маральна зьнічтожвалі Астроўскага. Зьнічтожвалі тыя людзі, якія ўчора кляліся яму ў вечнай адданасьці.

Разам зь Вітаўтам Рамуком я студыяваў медыцыну ва ўніверсітэце імя Людвіга Максімільяна ў Мюнхене. Я заўсёды марыў стаць лекарам, аднак у 1948 г. перада мной паўстала дылема: ці здабыць дыплом медыка, ці пераехаць на сталае месца жыхарства ў ЗША. Я выбраў другое, распачаўшы новы перыяд у сваім жыцьці…

Я выбраў Саўт-Рывэр, бо тут жылі мае знаёмыя. Але тая частка беларусаў, якая прыехала ў Саўт-Рывэр да мяне, не была актыўнай, нацыянальна-арыентаванай. Я ж выпісаў зь Нямеччыны каля 300 нашых сем’яў, якія і стварылі ў Саўт-Рывэры сапраўдны цэнтар беларускасьці ў ЗША.

Прычым у горадзе жылі як «крывічы», так і «зарубежнікі».

Першай маёй амерыканскай працай была фармацэўтычная фабрыка, на якой я кантраляваў гатовую прадукцыю. У Лос-Анджэлесе, куды я пераехаў праз два гады, спачатку працаваў звычайным чорнарабочым на фабрыцы тэлевізараў. Потым мяне прынялі на фармацэўтычную фабрыку, якая сьпецыялізавалася на вітамінах. Мая праца была вельмі адказная — я падпісваў паперы на мільён даляраў. Пазьней мне даверылі працу ў эксьперыментальным аддзеле. На адной польскай вечарыне мне пашчасьціла пазнаёміцца са знакамітым польскім вучоным, былым прафесарам Варшаўскай палітэхнікі, Густавам Макшыцкім. Ён рэкамендаваў мяне ў фірму North American Aviation Inc.: так пачалася мая шматгадовая праца ў галіне астранаўтыкі, у якой я стаўся адным зь піянераў. Першай і самай значнай маёй навуковай працай стала распрацоўка метадаў выкарыстаньня плаўкага вадароду як паліва для касьмічных ракет.

Тая кніга на гэтую тэму і па сёньня — «Біблія» для маладых дасьледчыкаў. Пазьней, пераехаўшы ў Вашынгтон, я зьмяніў шмат адказных прац у чатырох амерыканскіх міністэрствах, аднак усе яны датычылі праектаў па астранаўтыцы. Як матэматык браў удзел і ў эпахальным праекце палёту на Месяц. Акрамя таго, мне часта давяралі апекавацца дэлегацыямі савецкіх вучоных, якія прыляталі зь візітамі ў ЗША.

На адным зь міжнародных кангрэсаў астранаўтыкі пазнаёміўся зь Пётрам Клімуком і Ўладзімерам Кавалёнкам — яны цудоўна размаўлялі па-беларуску.

Хачу падкрэсьліць, што і абодва мае сыны дабіліся ў прафесійнай дзейнасьці значных посьпехаў. Старэйшы, Уладзімер, займае высокі пост у NASA, малодшы, Віктар,— першакласны хірург-стаматолаг.

У 1972 г. я выйшаў на пенсію зь дзяржаўнай працы і лёс накіраваў мяне бліжэй да Радзімы, у Нямеччыну.

Тут я стаўся прафесарам еўрапейскага аддзелу Мэрылэндскага ўніверсітэту, выкладаў матэматыку на 40(!) вайсковых базах. На пенсію выйшаў у 83 гады. Я ганаруся тым, што вывучыў ня толькі каля тысячы беларусаў, але і зь дзясятак тысяч амерыканцаў.

У1983г. абараніў доктарскую дысертацыю ў Рэгенсбурскім універсітэце. Працу, над якой я сядзеў доўгія пяць гадоў, прысьвяціў найвыдатнейшаму матэматыку, майму настаўніку ў Віленскім універсітэце Антонію Зыгмунду. Вялікую дапамогу аказала мая сяброўка Тамара Казевіч, якая пераклала дысертацыю з ангельскай на нямецкую мову. Мая з Тамарай праца была прызнана найлепшай у тым годзе ў Рэгенсбурскім універсітэце.

Скончыўшы настаўніцкую дзейнасьць, я сканцэнтраваўся на беларускіх справах. Два разы адведваў Радзіму, клапаціўся аб стварэньні Нацыянальнага ўніверсітэту, навязваў кантакты з сусьветнымі фундацыямі, каб тыя аказалі фінансавую дапамогу. Аднак са зьменай на Беларусі ўлады ўсё заціхла… Разам з калегамі заклаў Акадэмію навук Еўразіі, членамі якой сталі многія мае знакамітыя суайчыньнікі.

Не пералічыць, колькі беларусаў гасьціла ў маёй маленькай франкфурцкай кватэры, колькі сотняў кіламетраў мы нахадзілі зь імі, гуляючы па старажытным Франкфурце. Але калі б не Тамара, усіх гэтых спатканьняў не было б. Пасьля выхаду на пенсію я планаваў пераехаць на Гавайскія выспы, аднак сяброўка жыцьця мяне стрымала. Можа, так яно і лепш?

=

 

3. Гутарка па тэлефоне, якую запісала з Барысам Кітом на 107-м годдзе яго жыцьця журналістка «Народнай волі» Раіса Унукава (узята адсюль: https://nn.by/?c=ar&i=204211).

«Я рады, што займаўся навукай, што прынёс шмат карысьці чалавецтву»: апошняе інтэрв’ю Барыса Кіта

«Ну, якія ў вас навіны?»

— «Аніякіх. Праўда, днямі Амерыка (Кіт мае амерыканскае грамадзянства) турбавалася, ці жывы яшчэ, бо я атрымліваю амерыканскую пенсію. Дык вось, трэба будзе цяпер даказваць, што жыву. — сьмяецца.

Барыс Кіт паскардзіўся, што апошнім часам у яго кепскі настрой:

“Кепскі… Вельмі кепскі… У маёй сяброўкі Тамары вялікія непрыемнасьці: днямі яе здароўе значна пагоршылася… Яна ўжо даўно хварэе на рак, але раней заўсёды часта прыходзіла да мяне. А цяпер… Цяпер не выходзіць ужо з хаты. Праз нейкі месяц ёй будзе ўжо 80. Дый Ірына, сястра міласэрнасьці, якая была ў мяне амаль штодня, цяпер знаходзіцца на рэабілітацыі пасьля перанесенай нядаўна аперацыі… І ад малодшага сына, які там, у Амерыцы, няма ніякай весткі. Што з ім? Дзе ён? Усё гэта не дае мне спакою. І я зараз страшэнна змучаны…”

— Чым вы занятыя?

— Заняты думкамі, — адказвае ён. — Сяджу вось у вазку ці ляжу ў ложку і ўспамінаю сваё жыцьцё… Думаю пра тое, што зрабіў шмат дабра і для навукі, і для людзей. Успомнілася сёньня, як я быў старшынём першага сходу — гістарычнага сходу ў Вашынгтоне, на якім адбылося паяднаньне СССР і Амерыкі ў ракетнай галіне. Гэта была першая двухбаковая сустрэча. 1960 год. У Амерыку прыехала група савецкіх акадэмікаў і міністраў. Паколькі я добра ведаў рускую мову і меў на той час вялікі досьвед у ракетнай справе, мяне і прызначылі кіраўніком гэтай групы. Успамінаю, што на гэтай сустрэчы не было ніякай палітыкі — толькі навука. Атмасьфера была надзвычай дружалюбная… І я вельмі ганаруся, што распачаў гэтую справу, якая працягваецца і па сёньняшні дзень. А вынікам тых перамоў стаў запуск у 1972 годзе савецка-амерыканскай сістэмы «Саюз—Апалон».

Я рады, што большую частку жыцьця займаўся навукай, што прынёс шмат карысьці чалавецтву… Я дасьледаваў неверагодна цікавыя рэчы ў галіне астранаўтыкі. Асабліва ганаруся тым, што ўдзельнічаў у распрацоўцы вадкага вадароду, які стаў асноўным ракетным палівам, дзякуючы чаму зрабілася магчымым падарожжа на Месяц… На працягу 25 гадоў я працаваў у галіне касьмічных дасьледаваньняў у Амерыцы, напісаў першы ў гісторыі касманаўтыкі падручнік па паліве для ракетных сістэм, які быў станоўча ацэнены ва ўсім сьвеце. І я быў заўсёдным дэлегатам усіх міжнародных кангрэсаў па астранаўтыцы, дзе выступаў з дакладамі і паведамленьнямі.

***

 

(https://www.svaboda.org/a/29014979.html)

Пра Сп. Барыса распавядаецца ў кнігах Лідзіі Савік «Вяртаньне» і «Космас беларуса» і Галіны Войцік «Барыс Кіт». У беларускіх часопісах друкавалася кніга Васіля Быкава «Аповеды Барыса Кіта, запісаныя Васілём Быкавым улетку 2001 году ў Франкфурце-на-Майне». У Менску таксама выйшла кніга «Грамадзянін сьвету» з успамінамі пра Барыса Кіта, напісаная ягонымі вучнямі і сябрамі.

 

На заключэньне цытата: (https://www.svaboda.org/a/29014979.html)

«Беларусам ХХІ стагодзьдзя я жадаю не забыць сваёй беларускасьці і рабіць дзеля яе тое, што магчыма. — Вельмі шмат беларусаў здрадзілі Беларусі, кінулі яе, а я ня здрадзіў, я працаваў на беларускую справу. Я рабіў усё правільна, Бог гэта бачыў і зрабіў так, што я не памёр дасюль».

Настойліва раім маладым беларусам-вялікалітвінам прыслухацца да мудрасьці Вялікага Беларуса!

 

14 каментарыяў

  1. Павел Біч кажа:

    Дзякую Рэдакцыі за карысны і змястоўны матэрыял пра Б. Кіта. Адыходзяць ў іншы свет апошніе волаты духа- В.Быкаў, Н.Гілевіч, Г. Бураўкін і інш. А хто ім на замену? Я нешта не бачу Новых. Цяпер не па тэме. Сп. Астроўскі на ФБ разгарэлася спрэчка між назвамі “літвіны” і “літоўцы”. Мне здаецца гэта не дробязь – намечаецца яшчэ адзін раскол ў нашым грамадстве, на гэта раз між каталікамі і пратэстантамі. Калі вы гэты матэрыял прачыталі, то напішыце свае мненне.

  2. Яўген Мурашка кажа:

    Беларуская зямля страціла свайго слыннага сына.
    Я і мая сям’я, страцілі вернага сябра і аднадумца.
    На працягу пэўнага часу, я дамагаўся, ад гарадзенскага губернатара Шапіры ( са згоды Пана Б.Кіта), каб перавезці помнік Пану Б.Кіту (вялікі валун, 11 тон, з барыльефам Пана Барыса Кіта)у Наваградак, музэй Пана Барыса. Але усё было дарэмна, помнік і дасюль стаіць у Старых Дарогах, пры сядзібе-музеі Пана Анатоля Белага (зямля яму пухам) Можа, па сыходу Пана Барыса, дазвол будзе атрыманы і знойдуцца неабыякавыя людзі, якія перавязуць яго і усталюць на месца, якое належыць яму па праву. Двойчы, мы прапаноўвалі Пану Барысу, пераехаць, з інтэрнату, жыць у нашу сям’ю, але ён адмовіўся. Але у яго, на гэта былі, сур’ёзныя падставы.
    Светлая яму памяць.
    Зямля яму пухам.

  3. Павел Біч кажа:

    Жамойты скралі у нас усю нашую гісторыю і з усіх бакоў забарыкадіраваліся новай назвай літвіны/літоўцы. Пры гэтым літвінамі іх пачалі называць палякі, а літоўцамі – расейцы. У такой сітуацыі варта разабрацца, а як называўся сам наш народ ў сярэдневеччы. Аказваецца дзяржава называлася Вялікае Княства Літоўскае, а не ВКЛітвінскае. таксама словам “літоўскае”названы своды нашых законаў – Статуты. Таму я схіляюся да думкі што нам трэба адмаўляцца ад назвы літвіны і пераходзіць на назву літоўцы. (як даўно нам рэкамендаваў сп. Мікола Lit Lit). Таксама літоўцамі рэкамендаваў называцца наш геній М.Багдановіч,у сваёй “Пагоні” і таксама нас называў літоўцамі іншы наш геній К. Каліноўскі.

  4. Павел Біч кажа:

    Папердні каментар пісаў ў спешке і напісаў недакладнасць, а менавіта – што жамойты скралі нашу гісторыю. Яны не скралі, яны падабралі яе на сметніку ў якой швырнула яе наша эліта (та яе частка) што адмовілася і ад назвы Літва і ад усей нашай спадчыны. Падабраць згубленая гэта не кража. А цяпер наша эліта пачынае скуліць і абражаць жамойтаў.

  5. Павел Біч кажа:

    Pavel Bich П. Паліна, давайце пераходзіць на прагматычны падыход. Палякі наўрадці будуць атматываць назад і называць жамойтаў жамойтамі, а нас літвінамі. Не пачнуць нас яны называць і літвінамі, таму што ужо больш за сто гадоў так яны называюць жамойтаў, а мы з імі розные народы, асабліва цяпер калі мы пераутварыліся ў “белых рускіх”. А вось называць нас літоўцамі яны змогуць – жамойты застаюцца літвінамі, а мы становімся літоўцамі. Падумайце і парайцеся са сваімі знаёмымі.

  6. Siarhiej кажа:

    Нажаль, мала такіх людзей, як Барыс Кіт. Вечная память!

  7. мінак кажа:

    Барыс Кіт — гэта абраннік. Вельмі шкадую, што не быў з ім знаёмы, бо такія людзі нябы асвечываюць іншых і перадаюць людзям Боскі святы дух. Ён быў Настаўнік і хоць жыў у жудаснаю эпоху, ніколі не браў у свае рукі зброю. Вечная памяць!

  8. Павел Біч кажа:

    Падобна на тое што сайт сп. Астроўскага памірае. Я думаў што і Рэдакцыя і яе сталые чытачы выскажуцца па спрэчцы літоўцы vs літвіны.

  9. Павел Біч кажа:

    Падобна на тое што сайт сп. Астроўскага памірае. Я думаў што і Рэдакцыя і яе сталые чытачы выскажуцца па спрэчцы літоўцы vs літвіны.

  10. мінак кажа:

    Павел! Не псуйце свае нервы, гісторыю скрасьці нельга, яе можна фальсіфікаваць. Але ўжо пачалася новая гістарычная эпоха, дзе маленькія нацыі кшталту Летувы, Латвіі і Эстоніі, таксама Малдовы і некаторых іншых зьнікнуць на працягу 30-50 бліжэйшых год. Захавацца такім народам можна было толькі ў цывілізацыях кшталту савецкай. Але і савецкая цывілізацыя ня мела перспектыў, бо не стварала стымулаў да моцных, хцівых, пасіанарных людзей да багацця і ўлады. Фактычна пасіанарную энергетыку пакалення,што нарадзілася пасля вайны, савецкія ўладары нейтралізавалі ўсеагульнай п’янкай. Прыкладна з 1970 года па 1985 год гістарычны шанцы савецкай цывілізацыі былі прапіты. Нехапіла тэорыі, новых ідэй і задумак.
    Што датычыць сайта, то гэта сайт для абраннікаў, для тэарэтыкаў, ідыёлагаў і філосафаў, маргіналаў, паэтаў… Упэўнены, што пэўныя службы праглядаюць яго і іншы раз бяруць на ўзбраенне некаторыя ідэі і думкі… Бо сустракаў гэтыя думкі і ідэі потым у выступах дзяржаўных асоб. Калі ж мы свае думкі прытрымлівалі пры сябе, то потым яны і не гучалі з вуснаў уладных кол.

  11. Яўген Мурашка кажа:

    Разьвітаньне з слынным сынам Белаурусі, Панам Б.Кітам.
    https://charter97.org/ru/news/2018/2/15/279740/

  12. Павел Біч кажа:

    Да развала РП палякі называлі нас літвінамі, а жамойтаў -жамойтамі. У канцы 19 ст. пасля таго як нашые дурні адраджэнцы адмовіліся ад свайго імені Літва і літоўцы, жамойты падабралі гэтыя назвы, а палякі пад уплывам расейцаў прыдумалі для нас назву яшчэ больш агідную чым расейцы – бялорусіны. (Нагадаю, русінамі называюць нейкае украінскае племя, якое праславілася тым што ў пылу змагання за нацыянальную незалежнасць рабіла стаўку не на Кіеў. а на Маскву, чым параджала адпаведн…
    Еще

  13. Павел Біч кажа:

    Не змог увесь камент ператашчыць на дадзены сайт. са сваёй стр. ФБ .У нас ў асяроддзі літвінаў працягваецца спрэчка як правільна называцца – літвінамі, ці літоўцамі. Хачу падключыць да гэтай спрэчкі чытачоў сайта, але нешта у меня гэта не атрымліваецца.

  14. Павел Біч кажа:

    Да развала РП палякі называлі нас літвінамі, а жамойтаў -жамойтамі. У канцы 19 ст. пасля таго як нашые дурні адраджэнцы адмовіліся ад свайго імені Літва і літоўцы, жамойты падабралі гэтыя назвы, а палякі пад уплывам расейцаў прыдумалі для нас назву яшчэ больш агідную чым расейцы – бялорусіны. (Нагадаю, русінамі называюць нейкае украінскае племя, якое праславілася тым што ў пылу змагання за нацыянальную незалежнасць рабіла стаўку не на Кіеў. а на Маскву, чым параджала адпаведную реакцыю аўстравенграў).Усё 20 ст палякам было не да нас – яны будавалі сваю нацыю і краіну. Але вось ужо чвэрць стагоддзя яны называюцы нас “белымі рускімі” не разумеюць што тым накідваюць і нам і сабе узаемную ненавісць, пры тым яны вельмі не хочуць бачыць адразу за Бугам Расею, што назіраецца зараз і усе іх спробы зрабіць з нас сяброў тухнуць.У нас ужо шмат людзей разумеюць прыніжальнасць і ганебнасць назвы “беларус” і пабралі нікі “літвін”. Але палякі працягваюць літвінамі называць жамойтаўі наўрадці палякі пачнуць адматываць назад і называць жамойтаў жамойтамі, а нас літвінамі. Тады ім застаецца толькі пачаць называць нас той назвай якой мы называліся самі, яшчэ да польскага уплыва- Літвой і літоўцамі. Прапаную браць нікі “літовец” замест”літвін” каб дапамагчы палякам і сабе вярнуць гістарычную справедлівасць.

Пакінуць каментар

  • Старонкі

  • Катэгорыі

  • Апошнія запісы

  • Архівы