Рэдакцыя.
Такім чынам, многія крупінкі-пазлы (вядома, ня ўсе), патэбныя для таго, каб пачаць складаць больш-менш праўдзівую мазаіку, датычную каронавіруснай пандэміі, сабраныя (гл. 1-ю частку). Будзем прыступаць да зборкі гэтай мазаікі… Але перад тым, як адкрыць поўны тэкст 2-й часткі, які выстаўлены ніжэй, для зыходнай актывізацыі інтэлекту прапануем паспрабаваць адгадаць, дзеля чаго ў пачатку данай часткі артыкула стаіць гравюра, якую вы бачыце. Якую зьяву, датычную інфекцыі, яна сімбалізуе?
А цяпер давайце ставіць пытаньні ў правільнай пасьлядоўнасьці і спрабаваць там, дзе гэта магчыма, на іх адказваць.
1. Адкуль і як зьявіўся вірус COVID-19, які выклікаў сёньняшнюю пандэмію?
Намі выяўлены наступныя меркаваньні па гэтым пытаньні:
– вірус узьнік у выніку натуральнага працэсу муціраваньня аднаго з продкавых, адносна яго, штамаў-відаў каронавіруса (так выказаліся усе госьці “Эха Масквы”: Міхаіл Гельфанд, Ільля Калманоўскі, Канстантын Севярынаў);
– вірус быў штучна створаны ва Уханьскай вірусалагічнай лабараторыі і з-за халатнасьці, як мінімум, аднаго зь кітайскіх навукоўцаў выпадкова выйшаў за яе сьцены (Людміла Феонава, Уладзімір Квачкоў);
– вірус быў штучна створаны ў адным з расейскіх ваенных мікрабіялагічных Інстытутаў (пад Навасібірскам), апрабаваны спачатку ў Расеі, а затым наўмысна распаўсюджаны ў Кітаі (гэтую версію ад імя нейкага “Ігара” – гл. вось тут: https://www.youtube.com/watch?v=qjxgGRm6fEs (час 39:45-45:30) – агучыў Аляксандр Сотнік).
– Валер Салавей – гл. тут: https://www.youtube.com/watch?v=qjxgGRm6fEs (час 57:30) – выдаў больш агульную, але па сутнасьці ня менш зьмястоўную інфармацыю: “Вірус несумненна мае прыкметы штучнай мадыфікацыі. Сьпецслужбы шукаюць таго, хто гэта зрабіў”.
Здаецца, выказаны ўсе патэнцыйна рэалістычныя версіі. Якая зь іх верная?
На жаль, пакуль мы ня маем рэсурсаў, каб пераканаўча назваць праўдзівую (у каго ёсьць нейкая дадатковая інфармацыя ці дастаткова пераканаўчыя аргументы, можа выказацца ў каментарах больш канкрэтна). Таму ў дачыненьні да данага пытаньня будзе зроблена наступнае: мы занясем і гэтую частку матэрыялу ў рубрыку “праверым прагноз”, каб у час, калі сітуацыя з адказам на данае пытаньне прасьвятліцца, мець магчымасьць, як мінімум, знайсьці гэты матэрыял і ўпісаць верны адказ у выглядзе каментара.
У якасьці дадатковых наступстваў пытаньня хочам зьвярнуць увагу ня толькі на яго важнасьць (для большасьці звычайных людзей) для лепшага ўяўленьня пра сучасную рэчаіснасьць, але і на тое, што яно паказальна стала прадметам спрэчак пэўных сіл, якія знаходзяцца па розныя бакі ад нейкіх нябачных ліній падзелу глабальнага сьвету. Гэта ў чарговы раз, як мінімум, пацьвярджае наяўнасьць такіх сіл з адпаведнымі падзеламі паміж імі.
Зь іншага, чыста ўтылітарнага боку (у сэнсе прагнозу што да захаваньня такіх каштоўнасьцяў, як здароўе і жыцьцё), данае пытаньне і не такое важнае. Таму ідзем далей.
2. Чым адрозьніваецца даны вірус ад, напрыклад, віруса грыпа па механізмах свайго патагеннага ўзьдзеяньня на арганізм чалавека?
Паспрабуем адказаць на гэтае пытаньне ў дастаткова даступнай для большасьці нашых чытачоў форме.
Каронавірус COVID-19 ў генетычным сэнсе не зьяўляецца блізкім сваяком вядомага віруса грыпа. Але паколькі адзін і другі выклікаюць блізкія пашкоджаньні ў арганізме чалавека (патагенэз) ды блізкую сімптаматыку, іх варта ўзяць у пару для параўнаньня. Бо пра адзін вірус (грып) людзям з жыцьцёвага досьведу ў цэлым вядома. На гэта і варта наслойваць веды пра іншы.
Вірус грыпа трапляе ў арганізм чалавека (найчасьцей у час эпідэмій) з паветра. Дакладней так: хворы чалавек кашляе-чыхае і дробныя кропелькі вадкасьці, у якіх утрымліваюцца целы вірусу, трапляюць у паверта, а адтуль удыхваюцца здаровымі людзьмі. Целы вірусу грыпа асядаюць на эпітэліі іх дыхальных шляхоў, злучаюцца на паверхні эпітэліяльных клетак з адпаведнымі рэцэптарамі і шляхам мікрафагацытозу трапляюць унутр клетак (адбылося заражэньне). Там яны пераключаюць функцыянаваньне клеткі на свае паразітныя інтарэсы – пачынаюць множыцца. Затым разбураюць клеткі, у якіх яны былі, выходзяць і засяляюць іншыя. У арганізме чалавека працэс такога віруснага зладзейства-разбурэньня правакуе сітуацыю так званага цытакінавага (інтэрлейкінавага) шторму, які суправаджаецца выпрацоўкай пірагенаў (рэчываў, якія праз узьдзеяньне на цэнтр тэрмарэгуляцыі падвышаюць тэмпературу) і таксінаў. У чалавека пры гэтым (звычайна праз некалькі гадзін – суткі пасьля заражэньня) пачынаецца азноб, ліхарадка, узьнікаюць прыкметы інтаксікацыі, кашаль (спачатку сухі). Звычайна праз некалькі сутак пасьля заражэньня з-за таго, што імунная сістэма распазнае інтруза, пачынае выпрацоўваць антыцелы – ва ўсё большай колькасьці. З дапамогай апошніх ды іншых кампанентаў імуннай сістэмы арганізм перамагае вірусную інфекцыю і цалкам ад яе пазбаўляецца. У выніку названых санагенетычных падзей наступае ачуньваньне. Больш за тое, на большы ці меншы час (звычайна месяцы – гады) у чалавека застаецца набыты імунітэт, з-за якога ён у выпадку паўторнай сустрэчы з даным штамам віруса грыпа (удыханьні яго вірыёнаў), як правіла, не хварэе.
Вядома, даны варыянт падзей адбываецца са здаровымі людзьмі, у якіх існуе і працуе паўнавартасная імунная сістэма. Сітуацыя, у параўнаньні з апісанай, можа зьмяніцца ў горшы бок з-за далучэньня другаснай інфекцыі (як правіла, бактэрыяльнай), якая можа перавесьці вірусны трахеіт-бранхіт у бактэрыяльны, а то і ў пнеўманію. Таксама сітуацыя можа набыць больш песімістычны характар, калі імунная сістэма чалавека з-за той ці іншай прычыны (напрыклад, першасны альбо другасны імунадэфіцыт, старэчы ўзрост з наяўнасьцю шматлікіх цяжкіх хвароб) ня зможа спрацаваць дастаткова эфектыўна (па даным з ЗША, узроставая група людзей, старэйшых за 65 гадоў, дае 89%-ны унёсак у агульную колькасьць сьмерцяў, зьвязаных з грыпам – https://ru.wikipedia.org/wiki/%D0%93%D1%80%D0%B8%D0%BF%D0%BF). Тады магчыма, што банальны грып нават забівае чалавека – становіцца непасрэднай прычынай яго сьмерці. Доказам апошняга зьяўляецца факт, што ў час цяжкіх грыпавых эпідэмій агульная сьмяротнасьць істотна падвышаецца…
Цяпер пра каронавірус COVID-19. На сёньня вядома, што гэтыя арганізмы (з нагоды: вірусы – гэта жывыя арганізмы) таксама трапляюць у паветра ад хворых людзей праз кашаль-чыханьне (гл. малюнак зьлева ўверсе). Далей ім, каб заразіць здаровых людзей “трэба” трапіць на любую сьлізевую паверхню – у поласьць рота (а затым і далей па страўнікава-кішэчным тракце), носа, дыхальных шляхоў, кан’юнктыву вока. Але лічыцца, што, у адрозьненьне ад грыпу, каронавірус часьцей трапляе ў арганізм чалавека праз рот (хаця непасрэднае трапленьне на эпітэлій дыхальных шляхоў таксама не выключана). Механізм выглядае так: хворыя людзі накашлялі ці якім-небудзь іншым чынам нанесьлі вірыёны на дзьвярныя ручкі, кнопкі ліфта ці апарата для здыму грошай, перылы і на т.п., а здаровыя людзі, дакрануўшыся да гэтых прадметаў голымі рукамі, перанесьлі гэтыя часьцінкі сабе на рукі. Затым гэтымі рукамі дакрануліся да свайго твару, вачэй, носа ці да ежы і такім чынам забясьпечылі трапленьне каронавіруса ўнутр свайго арганізма. Адзначаецца, што каронавірус часьцей (але не заўсёды) спачатку засяляе кішэчнік, дзе ён зьвязваецца з ангіятэнзінавымі рэцэптарамі, прысутнымі на паверхні клетак. Затым праз усё той жа механізм мікрапінацытозу трапляе ў клетку (гл. малюнак у сярэдзіне), дзе зноў робіць тое ж, што і вірус грыпа. Па меры разьвіцьця інфекцыі ўнутры арганізма чалавека (якая часьцей, у адрозьненьне ад грыпа, спачатку можа працякаць амаль бесьсімптомна больш працяглы час – нават некалькі дзён) вірусныя часьцінкі разносяцца па крыві і трапляюць на эпітэлій дыхальных шляхоў. Але, у адрозьненьне ад вірусу грыпа, тут яны больш “любяць” засяляць ня столькі верхнія дыхальныя шляхі (трахею, буйныя бронхі), колькі дробныя бронхі і нават альвеалы. Унутры апошніх з-за разбурэньня эпітэліяльных клетак можа разьвівацца апісаны раней цытакінавы шторм з разьвіцьцём запаленьня, якое суправаджаецца запаўненьнем альвеал ацёчнай вадкасьцю. Тыя перастаюць выконвацю сваю газаабменную функцыю. Калі такая зьява пачынае закранаць тысячы і тысячы альвеал, разьвіваецца ачаговая вірусная пнеўманія (гл. малюнак унізе; асяродкі пашкоджаньня лёгкіх там паказаны пераважна аранжавым колерам) – прычына пагаршэньня газаабменнай функцыі лёгкіх ды зьяўленьня іншых сімптомаў хваробы (тэмпература, праявы інтаксікацыі). Галоўнае, што чалавек пры гэтым пачынае адчуваць “недахоп паветра”. Яго дыханьне становіцца больш частым, чалавек інтуітыўна пачынае прымаць позы, якія дапамагаюць дыханьню. Вядома, у такой сітуацыі істотна пагаршаецца сон.
Як і ў выпадку з грыпам, імунная сістэма – наш галоўны абаронца ад паразітаў (вірусаў, бактэрый, грыбоў, пратыстаў, глістоў) – увесь гэты час ня сьпіць. Яна выяўляе прысутнасьць і гэтага інтруза, з часам пачынае выпрацоўваць усё большыя і большыя партыі антыцел. З дапамогай апошніх ды іншых імуналагічных механізмаў усе вірусныя часьцінкі інактывуюцца, а ў чалавека наступае ачуньваньне.
Аднак так, як апісана, адбываецца не заўсёды. Пры каронавірускай інфекцыі (як, дарэчы, і пры іншых інфекцыях) вельмі частымі бываюць выпадкі бесьсімптомнага працяканьня хваробы альбо зь вельмі слабымі сімптомамі. Адной з прычын апошняга можа быць тое, што чалавек мае вельмі моцную імунную сістэму альбо адносна нядаўна “пазнаёміўся” зь нейкім каронавірусам, які па будове сваіх антыгеннаў быў вельмі блізкі да COVID-19. Вядома, што як і ў выпадку з грыпам, можа быць супрацьлеглая сітуацыя, абумоўленая тым, што імунная сістэма чалавека можа аказацца ў аслабленым стане. З-за гэтага яна можа не пасьпець стварыць дастатковую для наступлення фазы санагенэзу канцэнтрацыю антыцелаў, да таго як разбуральная дзейнасьць каронавірусу пяройдзе ў сваім маштабе праз пэўную якасную мяжу – напрыклад, газаабменная функцыя лёгкіх можа стаць пашкоджанай настолькі, што будзе ня ў стане забясьпечыць крывю чалавека дастатковай колькасьцю кіслароду нават, калі той проста ляжыць у ложку. У гэтым выпадку, натуральна, патрэбна дапамога лекараў, у т.л. рэаніматараў. Апошнія (натуральна, на фоне дадатковага медыкаментознага лекаваньня) спачатку апранаюць на хворых кіслародныя маскі і сочаць за імі. Калі гэтага пачынае не хапаць, пераводзяць пацыентаў на апарат ШВЛ (штучнай вентыляцыі лёгкіх). Калі ж і гэтага не хапае – на ЭКМА (выкарыстоўваюць апарат экстракарпаральнай трансмембраннай аксігенацыі крыві – штучныя лёгкія). Такім чынам падтрымліваецца працяг жыцьцядзейнасьці арганізма, у час чаго ўсе чакаюць, што імунная сістэма (так-так, увесь час яна!) нарэшце падыме канцэнтрацыю антыцел да ўзроўню, калі пачнуць уключацца санагенетычныя механізмы. Калі апошняе адбудзеца, чалавек вяртаецца да жыцьця. Калі ж каронавірус перавысіць сваёй разбуральнай дзейнасьцю пэўны парог, чалавек памірае.
Такая вось дыялектыка… Спадзяемся, што цяпер яна для вас зразумелая.
І таму… працягваем далей.
3. Наколькі больш небясьпечным для людзей можа быць новы каронавірус у праўнаньні з вірусам грыпа? Як гэта вызначыць?
Важным філасофскім абагульненьнем (дарэчы, недзе ўжо абнародаваным на нашым сайце) зьяўляецца прынцып: прадказаць індывідуальную будучыню можна толькі ў верагоднасных катэгорыях. Перакладзем: кожнага чалавека найперш цікавіць яго асабісты лёс і будучыня яго блізкіх. Аднак прадказаць такое ў абсалютных лічбах ці выказваньнях з катэгарычным зьместам (напрыклад, “ты 100%-на ў гэтым годзе памрэш/выжывеш”) немагчыма (цыганкам-гадалкам мы ня верым – яны проста выцягваюць грошы у лахоў). Затое будучыню можна справабаваць прадказваць у адсотках. Такі падыход часта зьяўляецца дастаткова карэктным. Хаця апошняе ня ўсіх задавальняе, але, калі мы ўсур’ёз імкнемся казаць праўду пра будучыню, то яна такая – верагоднасная. З іншага боку, разумных людзей, якія здольны асэнсаваць адзначанае, цікавяць якраз максімальна абгрунтаваныя адносныя лічбы.
Дык вось, возьмем сярэднестатыстычнага беларуса (такога, натуральна, не існуе; будзем гэта ўлічваць, але ў нас на пачатак іншага выйсьця няма). Які лёс яго чакае ў будучай эпідэміі COVID-19, калі яна ахопіць усю Беларусь?
Адказ на такое пытаньне вызначаецца спалучэньнем двух параметраў, якія характарызуюць уласьцівасьці галоўнага ўдзельніка любой эпідэміі – гэта кантагіознасьць (заразнасьць) і лятальнасьць (паміральнасьць). Дэшыфруем: першае азначае верагоднасьць перадачы адпаведнай інфекцыі ад хворага чалавека здаровым людзям (інакш, колькі здаровых людзей, якія жывуць звычайным жыцьцём, у сярэднім здольны заразіць адзін сярэднестатыстычны хворы, які таксама жыве звычайным жыцьцём); другое азначае сярэднестатыстычную верагоднасьць памерці сярэднестатыстычнаму чалавеку, калі ён ужо атрымае ў свой арганізм адпаведную інфекцыю.
Яшчэ раз зьвяртаем увагу, гаворка ідзе пра абстрактнага беларуса, якога не існуе, але нам для пачатку без яго не абысьціся (гэта першае), а таксама, што ацэнка верагоднаснай будучыні абумоўлена спалучэньнем названых параметраў (гэта другое).
Самым трывожным для нас у прагнастычным плане была б сітуацыя, калі б нам рэальна пагражала эпідэмія з максімальнымі значэньнямі даных параметраў – калі б вельмі высокая кантагіёзнасьць спалучалася б з вельмі вялікай лятальнасьцю. Тады, як кажуць, трэба было б тэрмінова прыступаць да… сушкі дошак. На шчасьце, вірусныя эпідэміі, якія стваралі блізкія да такой сітуацыі, пакуль застаюцца ў… далёкай мінушчыне (напрыклад, чорная воспа). Сёньня ж нават эпідэмія віруса Эбола ня здольна выклікаць аналагічных эмоцый, хаця лятальнасьць ад яе ня меншая, чым пры распаўсюдзе ранейшых асабліва небясьпечных інфекцый. Прычына – вельмі нізкая кантагіёзнасьць (трэба ўступіць у непасрэдны кантакт з выдзяленьнямі хворага ці памерлага, каб заразіцца вірусам Эбола).
З вірусам COVID-19 сітуацыя – мяркуючы па даступнай інфармацыі – супрацьлеглая. Яго кантагіёзнасьць (калі верыць інфармацыі, прысутнай у СМІ – тут мы зноў выйсьця ня маем, акрамя як верыць той інфармацыі, якая падаецца) сапраўды высокая – блізкая да такой у грыпа і натуральнай воспы (праўда меншая, чым у вятранкі). Затое лятальнасьць ад гэтага віруса пакуль характарызуецца як трохі большая, чым у звычайнага грыпа, але ў цэлым даволі малая (зноў, калі верыць інфармацыі, прысутнай у СМІ).
У выніку атрымліваецца наступны прагноз: сярэднестатыстычнаму беларусу даведзецца перажыць эпідэмію, якая верагодна будзе некалькі больш цяжкай (дакладней пакуль сказаць немагчыма), чым эпідэмія звычайнага грыпу.
Так што прагнозная будучыня пакуль выглядае трохі больш небясьпечнай, чым пры эпідэміі звычайнага грыпа, але напэўна непараўнальна менш небясьпечнай, чым тое, што перажылі нашы дзяды і прадзеы ў 1920 годзе падчас эпідэміі “гішпанкі”.
Далей мы паспрабуем больш падрабязна прааналізаваць праблему лятальнасьці ад COVID-19 і адначасна ўдакладнім даны прагноз.
4. Якія меры індывідуальнай прафілактыкі ў час эпідэміі могуць быць карыснымі?
Абагуліўшы апісанае й іншую даступную інфармацыю, прапануем наступныя стэрэатыпы паводзін для тых, хто баіцца заразіцца на COVID-19 (па пунктах):
– заходзіце ў кватэру з вуліцы, здымаеце вонкавую вопратку, абутак і адразу ідзёце ў ванавы пакой, дзе з мылам дастаткова працягла (рэкамендуецца ня менш за 20 секунд) мыеце рукі і абмываеце твар;
– перад выхадам на вуліцу апранаеце марлевую павязку-маску (можна зшыць дзьве разам); у левай кішэні ў вас ляжыць яшчэ 2-3 маскі, якія вы апаранаеце праз кожную чарговую гадзіну знаходжаньня ў горадзе, а выкарыстаную кладзёце ў правую кішэню; па вяртаньні дахаты, усе маскі мыеце і старанна апрацоўваеце добра нагрэтым прасам;
– рукапажацьці, а тым больш абдымкі адмяняюцца;
– у час размовы са знаёмымі на двары стаім на адлегласьці ня меншай за 2 метры;
– увесь час сочыце за сваімі рукамі, каб яны не краналі вачэй, рота, носа ці іх ваколіц;
– пазьбягайце грамадскага транспарту і натоўпаў;
– людзі пенсійнага ўзросту, якія знаходзяцца на поўнай пенсіі, увогуле са сваіх кватэр не рызыкуюць выходзіць; ежу, лекі ім прыносяць альбо дзеці ды іншыя сваякі, альбо суседзі.
Гэтых мер у абсалютнай большасьці выпадкаў можа аказацца цалкам дастаткова, каб істотна паменшыць захворваемасьць па прычыне рэзкага зьніжэньня верагоднасьці заразіцца. Гэта ў індывідуальным плане.
Акрамя таго, зыходзячы з пазіцыі агульнаграмадскіх інтарэсаў, мусім таксама зьвярнуць увагу, што хаця даныя меры эпідэмію ня спыняць, яны дазволяць істотна паменшыць вышыню і тэмпы нарастаньня хвалі захварэлых людзей. Апошняе можа мець вельмі істотнае значэньне для таго, каб ўсім тым, у каго будзе цяжкі варыянт працяканьня каронавірускай інфекцыі, хапіла месца і абсталяваньня ў аддзяленьнях інтэнсіўнай тэрапіі нашых шпіталяў.
З іншага боку, мусім адзначыць, што не баяцца захварэць могуць толькі тыя людзі, якія альбо ўжо перахварэлі інфекцыяй COVID-19, альбо якім была ўведзена адпаведная добрая вакцына (па самых аптымістычных прагнозах, апошняя можа зьявіцца ў канцы гэтага году). Так што для некаторых хутчэй перахварэць можа аказацца ня горшым варыянтам.
Такая вось, зноў, дыялектыка…
(каму апісанага паказалася мала, можаце яшчэ паслухаць прафесара Салаўя – гл. тут: https://www.youtube.com/watch?v=PE4fSl54aLg)
5. Што рабіць, калі ўсё ж захварэлі?
Самае галоўнае – не лічыць, што ўсё прапала. Стрэс безнадзейнасьці, нагнаны чалавекам самым на сябе, зьяўляецца магутным чыньнікам, які дэпрэсуе функцыю імуннай сістэмы. А гэта галоўны наш выратавальнік, для функцыянаваньня якога павінны быць створаны аптымальныя ўмовы. Таму кажам самі сабе: “я абавязкова перажыву гэтую непрыемнасьць і ачуняю!”
Затым ствараем сабе ў хаце цёплую, добразычліва-прыемную абстаноўку, бярэм у рукі кнігу, якую даўно марылі прачытаць (што-небудзь рамантычнае ці фантастычнае, ці аптымістычна-павучальнае, проста карыснае), і чытаем. Альбо не чытаем – глядзім тэлек ці лазім па Сеціве (але апошняе ня больш, чым пару гадзін на дзень).
Ведаем, што этыятропных лекаў супраць каронавірусаў (т.б. такіх, якія накіраваны непасрэдна на зьнішчэньне самаго ўзбуджальніка інфекцыйнай хваробы) сёньня не існуе. Таму выкарыстоўваем толькі лекі, якія палягчаюць наш агульны стан, самапачуцьцё, а таксама – вітаміны, мікраэлементы.
Не аб’ядаемся, каб заўсёды было свабодна дыхаць. Акуратна перажываем ноч за ноччу. Сочым за тым, як нарастае пагаршэньне агульнага стану, калі такое працягвае адбывацца (ацэньваем агульнае самапачуцьцё, апетыт, мераем тэмпературу, ацэньваем санлівасьць, якасьць сну, кашаль, яго характар, ацэньваем свабоду дыханьня). З радасьцю адзначаем выхад на плата (калі стан перастае пагаршацца), а тым больш, калі ён паляпшаецца.
Не сьпяшаем хвалявацца, калі зьяўляецца лёгкая адышка. Але калі адышка становіцца сапраўды відавочнай і псіхічна праблемнай, выклікаем “Хуткую”. Мужна рыхтуем сябе да псіхічных непрыемнасьцяў быцьця ў шпіталі пад кіслароднай маскай і ў акружэньні чужых людзей…
–
А цяпер давайце пяройдзем ад індывідуальных асьпектаў праблемы да больш агульнаграмадскіх.
6. Як колькасна дакладна вымерыць кантагіёзнасьць і сьмяротнасьць ад COVID-19?
Вышэй мы ўзгадвалі меркаваньне, што заразнасьць новай каронавіруснай інфекцыяй трохі большая ад той, якая характэрна для большасьці штамаў віруса грыпа (https://eadaily.com/ru/news/2020/03/16/videnskab-pochemu-koronavirus-opasnee-grippa). Аднак аб’ектыўных зьвестак па гэтым параметры падаецца мала.
У якасьці дадатковага прыкладу, які можа быць адносным арыентырам для атрыманьня аб’ектыўных зьвестак па праблеме, зьяўляецца выпадак з круізным суднам Diamond Princess («Бриллиантовая принцесса» – гл. фота).
Там яшчэ ў канцы студзеня 2020 году пачалася эпідэмія COVID-19 і цэлы круізны лайнер, які падышоў да берагоў Японіі, на два тыдні быў ператвораны ў ізаляваную мікрапапуляцыю (сыход на бераг быў забаронены), дзе ўсе маглі першапачаткова перакантактаваць адзін з адным і толькі пазьней былі ізаляваны ў сваіх каютах. Вядомыя вынікі гэтага эксьперыменту (на 26 лютага 2020 году) наступныя: з 4061 чалавека, закрытых на пароме, захварэла 705 (https://ru.wikipedia.org/wiki/Diamond_Princess). Дзелім лічнік на назоўнік і атрымліваем прыблізны паказчык заразнасьці. Ён аказваецца значна меншым за 70% – усяго толькі каля 20% (705*100/4061=17,4%).
Гэта з аднаго боку супакойвае і абнадзейвае, але з другога – прадбачым аргументы, што выпадак з Diamond Princess быў не ідэальным. Ня ўсім турыстам вірус меў магчымасьць трапіць у арганізм.
Затое другі параметр, узяты з сітуацыі вакол парома – сьмяротнасьць – мае большыя шанцы быць дастаткова аб’ектыўным. З 705 чалавек, у якіх быў пацьверджаны факт інфекаваньня, памерлі толькі… трое (даныя на 23 лютага – https://www.rbc.ru/rbcfreenews/5e5272379a794730ceca070d) . Гэта склала 0,43 % (3*100 / 703 = 0,425).
Іншы варыянт ацэнкі сьмяротнасьці ад COVID-19 прапануе нам Еўразьвяз на той момант, калі ў Італіі было зарэгістравана ўжо больш за 11.000 памерлых “ад каронавірусу” (гл. табліцу зьлева; дапрацавана намі, узята адсюль – https://www.scmp.com/news/china/science/article/3074131/coronavirus-highly-sensitive-high-temperatures-dont-bank-summer)
Большасьці людзей напэўна кідаецца ў вочы самая вялікая лічба – 11,4%, якая апісвае даны параметр у Італіі. Але давайце прымусім сябе зьвярнуць увагу на гэты ж паказчык у Нямеччыне. А тут ён аказваецца меншым за 1% – у 12 разоў (!) меншым.
Пагадзіцеся, нават калі ў Італіі медыцына горшая, чым ў Нямеччыне (хаця па такім параметры, як сярэдняя працягласьць жыцьця, гэтага ня скажаш!), яна ня можа быць на парадак горшай.
Яўная маніпуляцыя зь лічбамі – падстаўляем у лічнік дробу больш-менш сапраўдныя лічбы памерлых, а ў назоўнік большую ці істотна меншую колькасьць захварэлых (улічваем далёка ня ўсіх). У выніку атрымліваем альбо бліжэй да таго, што ёсьць (Нямеччына, Diamond Princess – менш 1%), альбо бліжэй да таго, што камусьці трэба (Італія)…
Гэтую праблему нарэшце заўважылі і журналісты афіцыйных Еўразьвязаўскіх СМДІ, якія таксама ўжо пачалі казаць пра “асаблівасьці падліку сьмяротнасьці ад каронавірусу ў розных краінах Еўразьвязу”. З аднаго боку – гэта цырк, ды яшчэ цырк з працягам (бо тлумачэньні даных асаблівасьцяў выглядаюць асобным камічным нумарам). А з другога боку, варта зьвярнуць увагу (пакуль, бо гэты факт мы абмяркуем пазьней) на тое, што той жа Еўраньюс чамусьці ўпарта прапагандуе пераважна “італьянскую сітуацыю” й італьянскую ж інтэрпрэтацыю небясьпекі ад каронавірусу (чаму!?).
Што ж, тады давайце зьвернем увагу на той факт, што Еўраньюс апошнія тыдні літаральна штодзённа паведамляе, што ў Італіі “ад каронавірусу памерлі чарговыя некалькі сотняў чалавек”, а агульная лічба памерлых там ужо пераваліла праз знакавую лічбу ў 10.000 чалавек.
Звычайнага чалавека падобны маштаб наступстваў эпідэміі, вядома ж, уражвае. Але давайце параўнаем гэты маштаб з афіцыйнай сярэднястатыстычнай сьмяротнасьцю ў Італіі. Вось простыя разьлікі – 60.500.000 / 83 / 365 = 1997 – якія паказваюць нейкую лічбу, практычна роўную 2000 адзінак. Што гэта такое? А гэта столькі ў сярэднім (!) за адзін дзень памірае людзей у Італіі ў адпаведнасьці зь яе базавымі дэмаграфічнымі данымі (60,5 мільёнаў насельніцтва; 83 гады сярэдняй працягласьці жыцьця).
Вы гэта ўсьвядомілі? Калі так, то добра. А цяпер праверка. Задаем пытаньне: 400-600 чалавек, якія абвяшчаюцца памерлымі ў Італіі “ад каронавірусу” за суткі, улічваюцца італьянскімі медыцынскімі статыстыкамі ў якасьці дадатку да гэтых “стандартных” 2000 памерлых, ці ўключаюцца ў іх склад?
Адказ на гэтае пытаньне змог бы істотна прасьвятліць сітуацыю. Давайце яго пашукаем…
А вось чарговы падыход да аналізу.
Вядома, што ў час веснавых эпідэмій (у т.л. звычайных грыпозных) сярэдняя сьмяротнасьць павялічваецца. У выніку яна, будучы адкладзенай на графіку часу, будзе выглядаць ня роўнай лініяй, а насіць, як кажуць, хвалевы характар. Таму, тым, хто жадае адкрыць для сябе “асаблівую сьмяротнасьць” новай каронавіруснай інфекцыі, варта ўзяць даныя з гэтай хваляй у Італіі ў час апошняй вялікай эпідэміі грыпу і хваляй сьмяротнасьці ў нашы дні, наслаіць іх і з дапамогай сучаснага статыстычнага аналізу паспрабаваць атрымаць выражаны колькасна адказ на пытаньне: у якой ступені сёньняшняя каронавірусная інфекцыя больш страшная за інфекцыю звычайнага грыпа.
Але і ў гэтым выпадку застанецца, як мінімум, яшчэ адна “загагуліна”. Для таго, каб яе зразумець, зьвернемся да вядомай дзіцячай казкі пра дзеда і рэпку (гл. малюнак).
Нагадаем, пасадзіў дзед рэпку. І вырасла яна вялікая-прывялікая (відаць, пасадзіў на месца былой прыбіральні). Восеньню, калі трэба было хаваць рэпку ў склеп, дзед ня змог выцягнуць яе зь зямлі (пра рыдлёўку, відаць, забыў). Пасьлядоўна далучаліся дапамагаць дзеду і бабка, і унучка, і Жучка, і кошка. Не маглі выцягнуць. Але, калі прыбегла мышка (на малюнку паказана стрэлкай) і “дапамагла”, то рэпку выцягнулі.
У дзіцячым садку пасьля прачытаньня казкі дзецям звычайна задаюць пытаньне: хто ж выцягнуў рэпку. І дзеткі адказваюць, што… ўсе разам.
А цяпер сачыце ўважліва. У шпіталь, у рэанімацыйнае аддзяленьне трапіў чалавек – мужчына ва ўзросьце 85 гадоў. Дадаткова ён меў ішэмічную хваробу сэрца, істотную надвагу, цукровы дыябет ІІ тыпу, яшчэ тое-сёе і быў інфекаваны COVID-19, з-за чаго меў тэмпературу і выразную адышку. Дадаткова мужчына апынуўся ў вельмі стрэсагеннай для яго сітуацыі. Яму станавілася ўсё гор і горш, і ён… памёр.
Шкада, вядома, асабліва сваякам. Асабліва, калі чалавек быў добры. Але мы не пра гэта. Што напісана будзе ў гісторыі хваробы, ад чаго мужчына памёр?
А напісана будзе (у сучаснай Еўропе), што… ад каронавірусу. І факт гэты будзе ўнесены ў статыстыку. Але ж гэта тое самае, што дзеткам сказаць, што рэпку выцягнула… адна мышка. Дзецям мы такога не дазваляем. А самі для нейкіх мэт (для якіх? для каго?) робім. Дзіўна ўсё гэта выглядае. Праўда?
–
(далейшае абмеркаваньне ў заключнай частцы)
>> будзе некалькі больш цяжкай (дакладней пакуль сказаць немагчыма), чым эпідэмія звычайнага грыпу.
Сярэдняя сьмяротнасьць у Гішпаніі на сакавік: мінулыя гады ~1200 агулам па краіне і 5 чалавек у дзень у ад грыпу. Цяперака сьмяротнасьць у сакавіку гэтага году ~1800 (падчас эпідэміі), то бок у (1800-1200) / 5 = 140 разоў большая чым ад грыпу (а гэта на два парадкі!).
>> Diamond Princess: Дзелім лічнік на назоўнік і атрымліваем прыблізны паказчык заразнасьці. Ён аказваецца значна меншым за 70% – усяго толькі каля 20% (705*100/4061=17,4%).
Невядома, ў якіх умовах паміж сабою знаходзіліся пасажыры, а хутчэй за ўсё паміж імі самімі кантакты былі абмежаваныя да мінімума таксама.
>> У шпіталь, у рэанімацыйнае аддзяленьне трапіў чалавек – мужчына ва ўзросьце 85 гадоў.
Праблема ў тым, што ў рэанімацыю трапляюць і маладыя, прычым бяз нейкіх хваробаў. І раптоўна паміраюць таксама. Такія выпадкі ёсьць у Італіі, у Гішпаніі. Таксама ў Францыі, Партугаліі, ЗША.
P.S. Можна было б усё валіць на своеасаблівую Італію, але Гішпанія дэманструе тую ж дынаміку.
Памылка ў разліках па Гішпаніі: 1100 альбо 1200 (у розныя папярэднія гады), то бок у 120-140 разоў больш чым ад грыпа
https://swprs.org/на-ковид-19/
Раю пачытаць.