nashaziamlia.org

Асьветна-адукацыйны, грамадазнаўчы сайт для беларусаў: аналіз, прагноз, сілы, інтарэсы, сьветагляды, ідэі, ідэалогіі, праграмы, мэты.

Запісы

Алесь Астроўскі: Беларускі народ мусіць яднацца вакол адзінай мэты

29 жніўня, 2020 | 13 каментарыяў

Інтэрвю для радыё “Рацыя” (слухаць тут – https://www.racyja.com/hramadstva/ales-astrouski-belaruski-narod-musi/)

 

 

РР: Беларусы цягам апошняга тыдня паказалі сваю салідарнасьць. Выйшлі. У абсалютна неспадзяваны спосаб паказалі прыхільнасьць да нацыянальных каштоўнасьцяў. Супраць дыктатуры. Але найважнейшым матывам выхаду стаў гвалт, несувымерны з нармальным разуменьнем грамадзяніна – мірнага чалавека, які жыве ў цэнтры Еўропы.


Алесь Астроўскі:
Усё так, усё так, вядома. Тут склаліся шэраг розных чыньнікаў. З аднаго боку, назапасіўся за 26 гадоў унутры многіх людзей пратэст – такая хранічная зьнявага чалавека, што Беларусь прадстаўляе такі прэзідэнт, і ўсе думаюць, што беларусы такія. І куды не сунься – кажуць: “ой паглядзіце, які ў вас прэзідэнт.” Ён ці сьмешны, ці жорсткі. Але зусім неадэкватны, не ўпісваецца ў нормы. Кагосьці абурыў 80%-ы вынік, кагосьці абурыла тое, што вы кажаце – гвалт. У суме гэта ўсё назапасілася. Ну, ясна, была значная арганізацыйная дзейнасьць штабу Ціханоўскай, якая паспрыяла таму, што ўсё большая і большая колькасьць людзей пачала выходзіць на вуліцы. Чым больш выходзяць, тым большая колькасьць людзей дазваляюць сабе таксама выявіць пратэст.

 

РР: Ці гэта значыць, што апошні тыдзень, калі людзі выйшлі зь бел-чырвона-белай сімволікай – ня зь белай – не задаволілі спадзяваньняў, стратэгічных задумаў, якія былі ў кампаніі Бабарыкі, Цапкалы, Ціханоўскіх?

Можна не сумнявацца, што ўсе тры названыя вамі асобы, гэта прарасейскія агенты, якія павінны былі стаць Лукашэнкам 2. То бок, мусілі праводзіць такую ж прарасейскую палітыку, але быць значна менш “страпцівымі”, чым Лукашэнка, на дадзеным гістарычным этапе. І значна больш прыхільнымі да гібрыднага аншлюсу, які па недарэчнасьці завецца “интеграцией”. Гэта былі галоўныя планы. І вось вы сапраўды заўважылі самую важную асаблівасьць, якая адбылася за апошнія два тыдні. Спачатку кампанія праходзіла пад лапцямі-тапцямі, калі вы памятаеце, так пачыналася. Мы зрабілі ўсё магчымае ў інфармацыйнай прасторы, каб гэты варыянт, дзе беларуская рэвалюцыя абразьліва называлася б “лапатнай”, быў спынены. Пасьля гэтага з Масквы прыйшлі вядомыя белыя стужачкі, белыя балёнікі, якія Пуцін называў “презервативами”. А апошні тыдзень убачылі рэзкія зьмены. Усе пратэстныя акцыі, фактычна рэвалюцыйныя, адбываюцца пад беларускай нацыянальнай сімволікай. Гэта якасна зьмяніла сітуацыю. Настолькі якасна, што я проста адчуваю, што і ў штабе Ціханоўскай, і ў Расеі, і ў Еўразьвязе трапілі ў стан прастрацыі. Яны былі нават псіхічна не падрыхтаваны да таго, што ўсё гэта адбудзецца. Вось зьвярніце ўвагу: яны даўно лічылі, што Лукашэнка зьнішчыў усё нацыянальнае, усё патрыятычнае. Самыя галоўныя ворагі для яго заўсёды былі… “сьвядомыя”. То бок, тыя людзі, якія ўсьведамляюць адказнасьць за лёс свайго народу, за лёс сваёй Бацькаўшчыны, за лёс сваёй дзяржавы. І лічаць каштоўнасьці дзяржавы, народу, нацыі, зямлі сваёй – асабістымі каштоўнасьцямі. Таму яны й змагаюцца. Гэта самыя лепшыя людзі нашага народу. Ды й у кожнага народу так. І яны, аказваецца, зьяўляюцца галоўнымі ворагамі Лукашэнкі. Ён увесь час – дваццаць шэсьць гадоў – “душыў”, зьнішчаў, выганяў за межы Беларусі, выкідаў з працы, не даваў рабіць кар’еры менавіта такім людзям, у якіх у душы былі гэтыя пачуцьці.

Ну й усе злодзеі вакол паціралі рукі. Маўляў, Лука выпальвае беларускую зямлю, робіць яе нічыйнай, а потым мы гэтага чалавека, які не разумее, што робіць, адкінем, а самі прыйдзем і захопім вашы заводы, вашу зямлю і гэтак далей. А затым будзем казаць, што “ўсё гэта зрабіў Лукашэнка – ня мы”. І тут раптам, і тыя, хто на Захадзе, і тыя, хто ў Расеі, і ў штабе Ціханоўскай, прадстаўнікі Расеі, усе гэтыя “кансультанты”, раптам убачылі, што той праект, што яны планавалі, пад гэтымі белымі стужачкамі, набывае абсалютна нацыянальную адметнасьць. І патрабаваньні на вуліцах – у сотняў тысячаў чалавек у Менску, дзясяткаў тысячаў чалавек у Гародні, ну, мы ж гэтаму ўсе сьведкі – адбываюцца пад беларускай сімволікай. Выходзяць людзі, якія з глыбіні душы адчуваюць патрабаваньне: каб Беларусь была нармальнай, беларускай дзяржавай. Каб ёю кіравалі нармальныя беларускія, патрыятычныя людзі, арганізоўваючы гэтае жыццё, уладкоўваючы яго. Людзі, якім можна было давяраць. Таму што яны, відавочна, – шчырыя, сумленныя. Такія людзі ёсьць.

Вось гэтае пачуцьцё, з глыбіні душы, магчыма, да гэтага часу яшчэ не сфармуляванае, але яно праяўляе сябе ў выглядзе гэтай якаснай зьмены. І менавіта гэтая якасная зьмена ўсяго фармату, ілюстратыўнага, фармату ў выглядзе малюнка, які мусіць Еўразьвяз паказваць на сваім тэлебачаньні, маскоўскія каналы мусяць паказваць па сваім тэлебачаньні, гэта стала нечаканасьцю для тых, хто паціраў рукі, разьлічваў, што яны захопяць тут ўсё: і зямлю, і нашыя заводы, і фабрыкі, зробяць беларусаў нейкімі абстрактнымі грамадзянамі незразумела чаго. Ну, фактычна рабамі на ўласнай зямлі. Для іх гэта прастрацыя, для іх праблема. І мы бачым, што апошні тыдзень, менавіта з-за гэтага, я лічу, адбылася затрымка тых падзеяў, якія адбываюцца.

 

РР: Ёсьць пратэстны патэнцыял, але ён ня мае ідэалагічнай афарбоўкі. Зьяўляюцца некаторыя цэнтры сілы, так бы мовіць, камітэт, круглыя сталы, прапановы нейкіх планаў выхаду ад антыкрызавых менеджараў. Але людзі не бяруць ані першае, ані другое, ані трэцяе.

Як толькі чуеце: не “беларускі народ”, не “беларуская зямля”, не “беларуская ўлада”, а “грамадства”, “Лукашэнка”, “вертыкаль” ці нешта аналагічнае, то чалавек, які карыстаецца такім дыскурсам, нават не ўяўляе, пра што гаворыць. Ці да чаго імкнецца ў адпаведнасьці з законамі прыроды, законамі сьвету, сацыяльнага разьвіцьця, законамі натуральнай сацыяльнай справядлівасьці. У такііх людзей няма ўяўленьняў, што Беларусь павінна быць беларускай, дэмакратычнай, дзяржавай, што ёю павінны кіраваць лепшыя беларусы. Чаму? А таму, што ім не за гэта плацяць. Але ж людзі інтуітыўна адчуваюць, што кіраўнічыя нейкія сігналы ім патрэбны ад сапраўдных патрыётаў. Разумееце, ад сапраўдных, шчырых, якім можна давяраць. Людзі цяпер у такім стане, што яны ведаюць, у цэлым, у прынцыпе, што яны хочуць, але яны ня ведаюць, на каго канкрэтна арыентавацца. І сапраўды, у гэтым плане – дэфіцыт.

Мала таго, ну паглядзіце, уся сітуацыя, якая адбываецца ў Беларусі, такі своеасаблівы навуковы эксьперымент. У навуцы, для таго, каб даведацца, як функцыянуюць органы, сістэмы, часта робіцца нейкае эксьперыментальнае ўзьдзеяньне, а потым арганізм павінен неяк адказваць на гэта ўзьдзеяньне – тым ці іншым чынам – сваімі хімічнымі зьменамі, фізіялагічнымі рэакцыямі, марфалагічнымі зьменамі. І тады мы даведаемся, на грунце якіх заканамернасьцяў жыве арганізм. Вось з беларускім грамадствам і з тымі сіламі, якія акружаюць Беларусь, у дазеным выпадку, адбываецца тое самае. Зьвярніце ўвагу, у Беларусі адбываюцца рэвалюцыйныя зьмены, а той, хто нам казаў увесь час (дзясяткі гадоў) пра “правы чалавека”, што, маўляў, гэта галоўная праблема, права на жыццё, права на свабоду (трындзелі з Захаду так званыя лібералы), на самай справе – кудысьці зьніклі. У самы адказны момант, калі варта заявіць, ад імя Еўразьвязу, што ў Беларусі парушаюцца правы чалавека – права на справядлівыя выбары, права на свабоду слова. Чаму б ім не ўключыцца ў працэс, чымсьці дапамагчы, выявіць сапраўдных лідараў, дапамагчы арганізавацца, вывезьці людзей за мяжу і арганізаваць там нейкія канферэнцыі. Дапамагчы скласьці праграму. Ніякай падобнай дзейнасьці мы не назіраем…

 

РР: І існуе ж Рады Бясьпекі, якая мусіць дбаць пра гэта.

Мала таго, што існуе Рада Бясьпекі, якая павінна ўзбудзіцца. Існуе Будапешцкі мемарандум з 1994 года, дзе адказнасьць па захаваньні незалежнасьці і тэрытарыяльнай цэльнасьці Беларусі бралі на сябе ЗША, Вялікабрытанія, Расея. Далучылася да іх і Францыя. Штосьці яны не ўзбуджаюцца выконваць свае абавязкі, якія бралі.

Больш за тое, усё, што мы назіраем з боку тых памочнікаў, гэтак званых, з Захаду – было бачна даўно. Я упершыню зьвярнуў увагу 20 гадоў таму, што ў дыскурсе, які ішоў з Захаду, паняцьце “Беларусь” практычна зьнікла, абсалютна зьнікла паняцце “беларускі народ”… Якія хочаш абстракцыі: “грамадства”, “сацыяльныя працэсы”, “дзяржаўныя механізмы”, “дзяржаўныя органы”, “прэзідэнт”, “міністры”. Гэта ёсьць. А тое, што ў Беларусі жыве беларускі народ, што гэта ён зьяўляецца гаспадаром на сваёй зямлі, гаспадаром свайго лёсу, і, узначалены сваёй патрыятычнай нацыянальнай элітай, зьяўляецца галоўным суб’ектам у Беларусі – ані слова. І вось да гэтага часу сказаць, што паўстаў беларускі народ, нягледзячы на рэпрэсіі, і што яму варта дапамагчы – мы гэтага ня бачым і ня чуем.

Гэты феномен павінен быць улічаны людзьмі, якія ўсё яшчэ разьлічвалі на “дэмакратычны Захад”. Аказваецца, што там ёсьць свае мілеры, дзерыпаскі, сечыны, які паціраюць рукі. Вось яны разьлічваюць, што Беларусь гатовая для таго, каб яны чарговыя прыбавілі мільярды да сваіх мільярдаў. На Захадзе цікаўнасьць да Беларусі пакуль абумоўлена найперш гэтым. І калі ім там здаецца, што гэтая перспектыва сьвеціць, то яны гатовыя і дапамагаць, і змагацца за зьмену ўлады, і за дэмакратычны працэс. А калі ня сьвеціць – калі тая ж Ціханоўская ці такія людзі, як я, заяўляюць, што ў Беларусі, у прынцыпе, жывуць беларусы, і што мы павінны застацца незалежнай краінай, быць гаспадарамі на сваёй зямлі – то мы перастаем цікавіць Захад. Вось што высьвятляецца. І таму ўжо Пуцін дазваляе сабе ўсе гэтыя злачынствы. Што над чачэнскім народам, што з агрэсіяй супраць Грузіі, што з агрэсіяй супраць Украіны. То цяпер пагражае анэксіяй Беларусі. І гэта ўсё абумоўлена тым, што ў яго ёсьць памочнічкі на Захадзе, якія робяць выгляд, што яны нічога не заўважаюць.

 

РР: Спадару Алесю, праз гэтую цемру цяжка бачыць тое сьвятло, якое чакаюць беларусы. Што ім рабіць у гэтай сітуацыі? Калі сілавы блок пад кіраўніцтвам Лукашэнкі не дае людзям выказвацца на мірных сходах, пачынаюцца хапуны. Цяпер занепадае рух працоўных. Якое выйсьце?

Тут хутчэй за ўсё ня цемра, тут наадварот занадта шмат сьветла стала… Раптам былі аблокі, аблокі, а затым разышліся і яркае сонейка… Усе дэзарыентаваныя. Многія даўно ўжо такой радасьці ня бачылі, каб столькі вакол аказалася прыхільнікаў – людзей з тымі ж думкамі, з тымі ж марамі, што і ў іх. Усе зноў родныя, блізкія. І нас дзясяткі тысячаў у Гародні і сотні тысячаў па ўсёй Беларусі. Гэта такая радасьць, такія эмоцыі… Але як больш дасьведчаны чалавек, я разумею, што тут трэба сябе троху стрымліваць і думаць больш рацыянальна.

Ужо адбываецца шэраг працэсаў, каб спыніць гэтую прабеларускую, пранацыянальную накіраванасьць пратэстных акцыяў. Каб пакалоць нас, каб адвесьці ў нейкі бок. Што трэба рабіць у такой сітуацыі?

Па-першае. Ну, беларусы ня будуць выходзіць кожны дзень. Тым больш, у працоўны час. Беларусы дазваляюць сабе выходзіць у вольны час, вольны ад працы. Я проста ўяўляю, што ў кожную нядзелю, як у Гародні, у дзьве гадзіны, мы ўсё роўна ўпарта зьбіраемся – выходзім і дэманструем свае пратэстныя настроі.

Але што мы пры гэтым прапануем? Ну, ясна, што выбары мы ўсе не прызнаем, Лукашэнка – не прэзідэнт, яго легітымнасьць у значнай ступені зьніжана. Але мы не забываем, што існуе небясьпека для нашай дзяржавы. Ну, вядома, ня з боку Польшчы, пра што кажа Лукашэнка і яго прапагандысты. Асноўная небясьпека застаецца за Расеяй. Там самы галоўны для нашай краіны вораг на сёньняшні дзень. Таму нельга рабіць памылак. Усе нашыя акцыі павінны быць выключна мірнымі. Не паддавацца на ніякія правакацыі. Увесь сьвет убачыў, наколькі пратэсты беларусаў адрозьніваюцца ад пратэстаў той жа БЛМ у ЗША. Тыя суправаджаюцца пагромамі, падпаламі з крадзяжамі, з гвалтаваньнямі, забойствамі. І гэта цягнецца ўжо шмат часу. Нашы пратэсты выключна канструктыўныя. Мы пратэстуем, часта голасна, але не паддаемся на ніякія правакацыі. Каб была не пабіта аніводная шыбы, не перагорнута аніводная сьметніца. Гэта могуць рабіць толькі правакатары. Калі б’юць шыбы, то правакатараў адразу трэба здаваць у міліцыю. Бо яны жадалі б нам прыпісаць гэта. Каб у іх была зачэпка прымяніць нейкую сілу. На самай справе ніякай зачэпкі няма, калі свабодны чалавек, у свабодны ад працы час, у выходны дзень выходзіць і выказвае сваю пазіцыю. Ён не вінаваты, што вакол яго дзясяткі, ці сотні тысячаў людзей сабраліся з такой жа самай пазіцыяй.

Сэнс гэтага пратэсту: патрабаваньне нармальных, дэмакратычных выбараў. Каб на гэтых выбарах усе, хто жадае, прапанавалі людзям праграмны вобраз будучай беларускай дзяржавы. Што яны прапануюць людзям зрабіць, каб зьмянілася ў лепшы бок для людзей. І гэтыя праграмы, натуральна, будуць розныя. Некаторыя будуць казаць, што патрэбныя шчыльныя сувязі з Расеяй. Некаторыя будуць казаць, што трэба цалкам адвярнуцца ад Расеі, і зрабіць шчыльныя сувязі з Захадам – уступаць у Еўразвяз. Я, напрыклад, прыхільнік таго, што Беларусь мусіць быць другой Швайцарыяй. І мы павінны мець роўныя карысныя добрасуседскія стасункі і з Расеяй, і з Захадам. І сачыць за тым, каб яны заставаліся роўнымі і з Захадам, і з Расеяй. У той жа час былі самастойныя і ганаровыя, як швайцарцы. І з дабрабытам, як швайцарцы. І з бясьпекай, як швайцарцы. І ўсе нам зайздросьцяць, як швайцарцам. Толькі, паколькі мы не горная краіна, а амаль раўніна – то яшчэ і больш.

Акрамя таго, мы знаходзімся ў геаграфічным цэнтры Еўропы. У нас такія перавагі, ну, проста не сказаць. Для таго, каб да гэтага дайсьці, патрэбны нармальныя выбары, з нармальнай канкурэнцыяй праграм, а не грошай ці штабоў з піяршчынай рознай. Усё на рацыянальнай аснове. Вось гэта мы патрабуем. Не адхіляемся ні на якія там “Далоў Луку”, напрыклад, нават. Не адхіляемся на “адкліканьне дэпутатаў парламанту”. Парламант у крытычны час, як вы памятаеце, напрыклад, ва Украіне застаўся ключавой апорай дзяржаўнасьці. Застаецца ў нас Рада міністраў – легітымны орган пры ўсіх абставінах, нават калі Лукашэнка кудысьці ўцячэ. Гэтыя органы дзяржаўнай улады – легальныя, афіцыйныя, пры ўсіх выпадках, асабліва ў пераходны перыяд павінны заставацца.

Канцэнтруемся толькі на адным – патрабуем нармальных выбараў, рацыянальных. З канкурэнцыяй праграмаў, а не грошай.

І ў пераходны перыяд думаем пра тое, як гэтыя выбары арганізаваць. Я лічу, што гэтыя выбары могуць быць арганізаваны па ўзоры разьвязаньня крызіснай сітуацыі ў Польшчы 40 гадоў таму. Тады, як многія памятаюць, была аналагічная абсалютна сітуацыя. Вайсковае становішча ўвёў Ярузэльскі. З Польшчай на мяжы ў нашых лясах гарадзенскіх стаялі так званыя партызаны. Гэта мала хто ведае далей на ўсход (я памятаю, на ФПК паехаў і масквічам расказваў, хто такія партызаны савецкія. Гэта службоўцы ў вайсковай форме зь пілёткамі й з валасамі да плечаў). І як вы памятаеце, Ярузэльскі арганізаваў круглы стол усіх аўтарытэтных палітычных сілаў, дзеля агульнанацыянальных інтарэсаў Польшчы. Яны прынялі рашэньне праводзіць нармальныя выбары. Вось у нас абсалютна аналагічная сітуацыя. Я думаю, патрабаваць ад Лукашэнкі, патрабаваць ад штабу Ціханоўскай арганізацыі круглага стала з удзелам усіх аўтарытэтных асобаў Беларусі, якія распісваюць гэтыя выбары. Якія падпісываюцца, што гэта самая галоўная мэта. І калі ўсё гэта адбываецца, мы гэты крызісны стан – з усёй небясьпекай, з правакацыямі, чуткамі, якія зараз лётаюць паўсюль, з гэтымі цітушкамі, якія перыядычна зьяўляюцца – пакідаем у гісторыі й пераходзім у іншую, канструктыўную плынь.

Уся энэргія пратэсту тады ператворыцца ў канструктыўную плынь, якая павядзе нас у сьветлую будучыню.

 

 

 

 

13 каментарыяў

  1. VladIv кажа:

    Вялікі дзякуй спадару Алесю! Адпавядае ўсім маім думкам.

  2. мінак кажа:

    ” А апошні тыдзень убачылі рэзкія зьмены. Усе пратэстныя акцыі, фактычна рэвалюцыйныя, адбываюцца пад беларускай нацыянальнай сімволікай. Гэта якасна зьмяніла сітуацыю. Настолькі якасна, што я проста адчуваю, што і ў штабе Ціханоўскай, і ў Расеі, і ў Еўразьвязе трапілі ў стан прастрацыі. Яны былі нават псіхічна не падрыхтаваны да таго, што ўсё гэта адбудзецца.”

    Аналіз вельмі добры і стварае пазітыў. Дзякуй! Я таксама лічу, што бел-чырвона-белая сімволіка прыпыніла аншлюс. Але вораг ”хітёр і коварен”, таму трэба быць пільнымі і мужнымі.

  3. Siarhiej кажа:

    3% з вертыкаллю і сілавікамі пры падрымке Абнулёнага і яго агентуры не сядзе ні за якія “круглыя” сталы. Ніякіх ілюзій! Нас чакае беднасць, хваля эміграцыі, рэпрэсіі, працяг этнацыду, магчыма знікненне краіны і этнасу. Гэта надоўга, пакуль РФ не разваліцца. Выратаваць можа эфектыўнае ўмяшанне ліберальна-дэмакратычнага Захаду, але пакуль маем толькі “глыбокую занепакоенасць”. Хваля салідарнасці беларусаў была і для мяне нечаканай, яна зблытала планы дыктатараў, і калі яна будзе нарастаць … Вельмі важна падтрымка суседзей – Украіны, Польшчы, Летувы без “кансультацый” з Бруселем.
    Раю Сп. Астроўскаму азнаёміцца з “Тэорыяй Гульняў”.

    • Алесь Астроўскі кажа:

      Лу-ка “не сядзе ні за якія “круглыя” сталы”.

      Вось і пабачым, ці адрозьніваецца “мірны” Лукашэнка ад генерала Яразельскага, які ўвёў вайсковае становішча, каб не дапусьціць уваходу войскаў СС у Польшчу, а затым дзеля “рацыі стану” сеў за кроуглы стол з апазіцыяй.

      • Adaš кажа:

        «Ярузэльскі арганізаваў круглы стол усіх аўтарытэтных палітычных сілаў, дзеля агульнанацыянальных інтарэсаў Польшчы. Яны прынялі рашэньне праводзіць нармальныя выбары. Вось у нас абсалютна аналагічная сітуацыя.» «пабачым, ці адрозьніваецца “мірны” Лукашэнка ад генерала Яразельскага, які ўвёў вайсковае становішча, каб не дапусьціць уваходу войскаў СС у Польшчу, а затым дзеля “рацыі стану” сеў за кроуглы стол з апазіцыяй.»

        Прайшоў час (больш за 3 месяцы) ад гэтага прагнозу.

        Што бачым? Аніякіх „круглых сталоў“ з боку Лукашэнка так і няма аніблізка!

        Бо, сытуацыя ў нас аніяк не аналягічная тае польскае сытуацыі. У адрозьненьне ад польскага Ярузэльскага, у нашага Лукашэнкі цалкам адсутнічае матывацыя „агульнанацыянальных інтарэсаў Беларусі“!
        Зь ім няма пра што дамаўляцца!
        Ды-й паважаны с.п. Валерыя Шчукіна яшчэ ў далёкім 1996, у дні канстытуцыйнага крызіса, з трыбуны вечаровага паседжаньня Вярхоўнага Савета эмацыйна заклікаў: „А что с ним договариваться! Всё равно обманет!“
        Як у ваду глядзел! 🙁

  4. мінак кажа:

    Siarhiej кажа:”не сядзе ні за якія “круглыя” сталы. Ніякіх ілюзій! Нас чакае беднасць, хваля эміграцыі, рэпрэсіі, працяг этнацыду, магчыма знікненне краіны і этнасу…”

    З кім сядаць за ”круглыя сталы”?
    ”Бабарыкі, Цапкалы, Ціханоўскіх? Можна не сумнявацца, што ўсе тры названыя вамі асобы, гэта прарасейскія агенты.”

    Чаму нас чакае ”беднасьць…?
    ”З 1994 года па сёнішні 2020 год ВВП Беларусі ўдвоіўся! ( па сведчанню Глаз’ева).
    Трэба захоўваць стабільнасьць у дзяржаве і адначасова ствараць дзьве-тры дзяржаўныя партыіі, павялічываць понамоцтвы Нацыянальнага Сходу, таксама прэм’ер-міністра, ствараць грамадскую супольнасьць… Наіўныя разважанні, што ”Захад нам паможа”, што замяніўшы ”дыктатара” на ліберальную і чэсную хатняю гаспадыню Свету, мы хутка апынемся ў заможнай, багатай, дэмакратчынай дзяржаве — гэта ці дзіцячыя мроіі ці тролі агентаў алігархату.

    Зараз пэўныя сілы(куклаводы і каардынатары) пачнуць абмяжовываць бел-чырвона-белую сімволіку дэманстрантаў, таксама будуць запалохваць сілавікоў, уладных кіраўнікоў, магчымы нават гучные знішчэння уплывовых і знакавых уладных асоб… Вораг не адступіў, ён толькі перагрупаваўся… ”Калі запылаюць дзяржаўныя будынкі, будуць забітыя… тады РФ ”дапаможа” сілавымі структурамі” (ВВП).
    А потым праз год ці поўгода можна правесьці і рэферэндум аб ”больш цеснай інтэграцыі брацкіх народаў”!

    Што тут неяснага?! Якія тут ”Тэорыі Гульняў”. Мы гэтую ”тэорыю” праходзілі на практыцы ў 1772 годзе ў Гародне!

    • Siarhiej кажа:

      У 1772 г. Тэорыі Гульняў не было, яе распрацавалі 1980-х. Калі б была і яе ведалі, дык ВКЛ, магчыма, існавала б і сёння.

  5. Павел Бич кажа:

    Сп. Астроўскі выдае пажадае за реальнае..Ён піша што пратэстоўцы паказалі прыхільнасць да нацыянальных каштоўнасцяў. Так ён лічыць таму што яны трымалі ў руках бчб сцягі. Але сцяг гэта усяшго лішь знак пратэста супраць рэжыма.Гэта сімвал які легка паддаецца сімуляцыі. (пасля здушэння цяперашніх пратэстаў бчб сцягсробяць дзяржаўным) Трэба паслухаць што пратэстоўцы кажуць і што напісана на іх плакатах. А там “Ухаді”, і “мы супраць хлусні (на Выбарах) і гвалту (пра разгоне мірных пратэстаў”). Што тут Нацыянальнага? А затым сп. Астроўскі піша што яны супраць Дыктатуры. Дыктатуры спрэс бываюць нацяналістычнымі – пры Гітлере. Франка. Пуціне… Яны ныцяналістчныя аж да нацызму таму у нас не Дыктатура.. Пераскочыць нацыянальнае адраджэнне каб патым бароцца са сваім кепскім рэжымам яшчэ анікому не удавалася. І тут я стаўлю сваю старую “кружэлку” – беларускасць праз свой прыніжальны характар выхаваць ўлюдзях Нацыянальнае не здатнае. Будзем чакаць развалу РФ, (трэцця спроба). Але якшто русіфікацыя і асіміляцыя будзе працягвацца, то наша краіны будзе Вандэяй адкуль усе мракабесныя сілы Расеі будуць выходзіць каб душыць свабоду ў Маскве,. С.Пецербургу і г.д..

  6. Яўген Мурашкаz кажа:

    Я, Яўген Мурашка, заяўляю аб наступным:
    Уся адказнасьць, за трагічныя падзеі пад час выбарчага фарсу, ляжыць не толькі на А.Лукашэнку і сілавых ведамствах, але і на С.Ціханоўскай і яе “штабу”
    Я абвінавачваю іх у датычнасьці да – забоўстваў, катаваньняў, знікненьняў (98 чалавек) згвалтаваньняў, прыніжэньняў, зломанных лёсаў і пераследаў.
    Я абвінавачваю С.Ціханоўскую, якая, дэ-юрэ, з’яўляецца прыватнай асобай , у саудзеле у гэтых злачынствах. Яе цынізм не мае межаў. Яе разумовая абмежаваннасьць не дазволіла ёй асэнсаваць, што менавіта гэта яна заклікала грамадства, 9-га прыняць удзел у акцыі пратэсту, хаця вынікі выбараў яшчэ не былі вядомы, і тым самым падставіла людзей пад крывавыя наступствы. І нават пазьней, у яе не узнікла жаданьне выбачыцца за гэта прававое бязмежжа.
    А самаутворанная КР, не з’яўляецца легітымным прадстаўніком народа і не мае права выступаць ад яго імя., бо беларускае грамадства не давала ім такіх паўнамоцтваў..
    Папярэджваю аб крымінальнай адказнасьці, па прыкметах дзяржаўнай здрады і пагрозе нацыянальнай бяспекі, за спрыяньне рэйдарскаму захопу Беларусі і страты незалежнасьці, праз намер запрашэньня, да удзелу у вырашэньні унутранных спраў суверэннай дзяржавы, прадстаўнікоў патэнцыяльнага ворага.
    Звяртаюся да усіх, хто далучыўся ці спрыяе дзейнасьці гэтага варожага для беларускага грамадства утварэньня, аб датычнасьці і саўдзелу у справе знішчэньня незалежнай Беларусі. Заклікаю іх усіх да цьвярозага і асэнсаваннага погляду і свайго месца у адбываючыхся падзеях
    Бо трагічныя наступствы, якія могуць мець месца, (праз дзейнасьць гэтага нелегітымнага утварэньня, якім з’яўляецца КР) лягуць і на ваша сумленьне. Папярэджваю палітычнае кіраўніцтва Расеі аб не дапушчальнасьці усялякай вайсковай прысутнасьці на беларускай зямлі. Ніякі АДКБ ці “Пратакол аб намерах аб стварэньні Саюзнай дзяржавы” не дае юрыдчнага, тым больш маральнага права, для выкарыстаньня узброенных сіл Расеі ці іншай замежнай дзяржавы, на тэрыторыі незалежнай Беларусі. Тым больш праз запрашэньне прыватных асоб, якімі з’яўляецца грамадзянін А.Лукашэнка з 1996 года, С.Ціханоўская, ці самаутворанная КР. У цяперашні час, ужо становіцца непрыстойным звяртаньне па дапамогу, да міжнароднай супольнасьці. Неведама сколькі кіламетраў паперы, пайшло на гэтыя “звароты” Безсэнсоўна, бо паняцьце “правы нацыі, народа” ім невядома, ім бліжэй “правы чалавека, дэмакратыя, выбары, правы вычварэнцаў ну і т.д. Ім не зразумела, што Беларусь, гэта як тая плаціна якая стрымлівае брудны “сель” з Усходу. Не вытрымае Беларусь будзеце па вушы у дзярме. Во будзе “весела”
    Расея – рукі прэч ад Беларусі!
    Я.Мурашка,
    старшыня ЗБН
    30.08.20.

    • Siarhiej кажа:

      У злачынствах трэба абвінавачываць ОМОН, Караева, 3%. Тое што Ціханоўская нечакана для сябе ўблыталася ў выбары-лохатрон, не з’яўляецца злачынствам. Самаўтвораная КР, у якую ўвайшлі і якую падтрымліваюць шмат прыстойных людзей, З’ЯЎЛЯЕЦЦА прадстаўніком народа, больш легітымным чым 3%.

  7. Ігнат кажа:

    Дзякую, вельмі слушна.

  8. мінак кажа:

    Паўлу Бічу і Яўгену Мурашка — дзякуй! Тут і каментаваць няма чаго, можна толькі цытыраваць. З вашаго дазволу паспрабую скарыстаць Вашы думкі ў будучых тэкстах. Дзякуй!

  9. Галіна Арцеменка кажа:

    Ўсё – адбылося абуджэнне беларускага народу, вяртання назад не будзе. Народ паспрабаваў смак свабоды і ад гэтага смаку ён п’янее. Нават, калі Лу-ке, удасца утрымацца, то гэта будзе нядоўга. Ніякія бабарыкі і Расея не утрымаюць беларускі народ. Акрамя таго, беларусы сталі каталізатарам на постсавецкай прасторы, ў тым ліку і Расеі. Расеяне пішуць – беларусы, міленькіе, перамажыце, бо вы для нас прыклад. Беларусы паказалі такую шляхетнасць у змаганні, што увесь свет проста анямеў. Нават, адыёзныя крамлёўскія прапагандысты не ведаюць за што зачапіцца. Яны спрабавалі натравіць адну частку людзей на другую, не атрымалася, ні па якіх прызнаках, бо у нас традыцыі суперскія. Яны ніяк не разумеюць – ці мы на Усход, ці на Захад. А мы ні на Усход, ні на Захад – мы ў 21 стагоддзе – мы да Кібернетычнай мадэлі дзяржавы, мы цэнтр Еўропы, у нас ведычная культура, мы ёсць Дажджбогавы ўнукі, мы ліцьвіны, мы нашчадкі шляхты, рымскіх патрыцыяў. Народ пайшоў за праўду, за справядлівасць, супраць бяззаконня. Гэта не народ кажа ідзем біць, ламаць, граміць, а Лу-ка правакуе на пагромы, гэта Лу-ка кажа пракурорам парушаць закон…Беларусам удалося раскрыць ўсю мярзоту ў Беларусі, Расеі і па ўсяму свету. Як жа яны адсвечваюць сваёй мярзотнай душой? Але наперадзе у нас такая неспадзеўка для ўсіх… о-го-го…Ёсць за што змагацца… Гэй, ліцьвіны – Бог нам радзіць!

Пакінуць каментар

  • Старонкі

  • Катэгорыі

  • Апошнія запісы

  • Архівы