nashaziamlia.org

Асьветна-адукацыйны, грамадазнаўчы сайт для беларусаў: аналіз, прагноз, сілы, інтарэсы, сьветагляды, ідэі, ідэалогіі, праграмы, мэты.

Запісы

Спыніць вынішчэньне беларускай мовы : Зварот да Лукашэнкі, да кіраўнікоў заканадаўчай і выканаўчай улады, да ўсіх грамадзян Беларусі

25 чэрвеня, 2009 | 6 каментарыяў

Васіль Якавенка (каардынатар; гл. фота) і яшчэ больш за 200 сяброў і прыхільнікаў грамадзянскай ініцыятывы “Інстытут нацыянальнай памяці”

d092d0b0d181d196d0bbd18c-d0afd0bad0b0d0b2d0b5d0bdd0bad0b0

Нядаўна да цяперашніх ўладаў Беларусі быў дасланы зварот, сэнс якога выказаны ў загалоўку, а поўны тэкст падаецца ніжэй. Гэты зварот быў надрукаваны ў газеце “Наша слова” №24 (915) за 17 чэрвеня 2009 г., а таксама “Нашай нівай” (гл. http://www.nn.by/index.php?c=ar&i=27179), сайтам “Пагоні” (http://pagonia.org/index.php?option=com_content&task=view&id=31105&Itemid=20). Пэўную інфармацыю аб падзеі падало і радыё “Свабода” (http://www.svaboda.org/content/article/1753194.html). Мы заўсёды гатовыя падтрымаць падобныя ініцыятывы, а іх арганізатарам з прыемнасьцю выказаць падзяку. Ніжэй падаем тэкст звароту і наш кароткі каментар да яго.

Рэдакцыя.


“Да кіраўніка краіны  Аляксандра Лукашэнкі, да кіраўнікоў заканадаўчай і выканаўчай галін улады, Барыса Батуры, Уладзіміра Андрэйчанкі Сяргея Сідорскага, міністраў і ўсіх грамадзян Беларусі.

Ад грамадзянскай ініцыятывы «Інстытут нацыянальнай памяці»

ЗВАРОТ

На пачатку 2009 года Арганізацыя Аб’яднаных Нацый па пытаннях адукацыі, навукі і культуры – ЮНЕСКА аднесла мову беларусаў да моў, якія апынуліся пад пагрозай поўнага знікнення. Спецыялісты ЮНЕСКА склалі свайго роду Чырвоную Кнігу – атлас «Мовы свету ў небяспецы», куды трапіла і беларуская мова.

Выміранне моў на нашай планеце – вядомая і сумная гісторыя. Знікалі яны, як правіла, разам з народамі ў выніку правядзення палітыкі генацыду з боку рознага роду захопнікаў. У сучасным свеце мовы нярэдка аказваюцца ў палоне масавай культуры, працэсаў глабалізацыі, інтэнсіўнай міграцыі насельніцтва. І ёсць нямала прыкладаў, калі разам з мовай знікае нацыя і дзяржава.

У выступленнях палітыкаў нашай краіны неаднойчы сцвярджалася, што найбольшым дасягненнем Беларусі апошняга часу з’яўляецца пабудова незалежнай дзяржавы. Пра самастойную і незалежную нацыянальную дзяржаву, якая б займала пачэснае месца сярод іншых народаў, марылі акурат лепшыя сыны Беларусі, змагары за яе шчасце. Яны разумелі неабходнасць развіцця і падтрымкі беларускай мовы і культуры, без чаго немагчыма паўнацэннае самавызначэнне народа і яго суверэнітэт.

Беларусь з’яўляецца адзінай у свеце краінай, якая не мае вышэйшай адукацыі на мове тытульнай нацыі, рэдкія чыноўнікі карыстаюцца ёю ў сваёй штодзённай практыцы. І гэта ў той час, калі ў асноўным законе – Канстытуцыі краіны ясна запісана, што беларуская мова – мова дзяржаўная. Занядбанне ж роднай мовы – ці то адбываецца яно з блаславення ўлад, ці неяк стыхійна – падрывае асновы бяспекі дзяржавы.

Прыняты ў 2008 годзе Закон “Аб правілах беларускай арфаграфіі і пунктуацыі” засведчыў пра клопат некаторых уладных устаноў аб функцыянаванні роднай мовы, але ён будзе нічога не варты, калі дзяржава і ўсе грамадзяне не спыняць працэс свядомай дэбеларусізацыі жыцця. У яго спыненні зарука не толькі ўсіх далейшых поспехаў суверэннай краіны, але і аснова выжывання нашай супольнасці – беларускага народа.

Таму мы з трывогай у сэрцы звяртаемся да кожнага беларуса: “Шаноўны, што ты можаш зрабіць, каб жыла і развівалася ў кожнай сям’і і ў роднай краіне дзяржаўная беларуская мова?

Найперш мы звяртаемся да гаранта Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь; дазвольце, Аляксандр Рыгоравіч, паставіць перад Вамі пытанні.

Яшчэ ў памяці многіх змест Вашай гутаркі з карэспандэнтам Брытанскага інфармацыйнага агенцтва “Рэйтар на пачатку 2007 года, калі Вы акрэслілі наяўнасць знешняй небяспекі для Беларусі. Але ж беспрэцэдэнтны факт занясення беларускай мовы ў атлас выміраючых моў – востры сігнал акурат пра небяспеку для суверэнітэту нашай краіны знутры. Бо, калі знікае мова, страчваюцца і духоўныя арыенціры, народ перараджаецца, краіна больш не адпавядае сваёй назве, гібее і гіне.

Мы спадзяемся на Ваша разуменне і зацікаўленасць прадметам размовы. Мы спадзяемся, што Вы не дапусціце знікнення Беларусі з палітычнай карты свету, і адсюль пытанне:

– Ці не паставілі б Вы перад дзяржаўнымі службамі задачу распрацаваць больш год- ную нацыянальную палітыку дзеля захавання і развіцця духоўных набыткаў народа?
Калі на тое, нам было б прыемна ўсведамляць, што Вы, якога шмат хто лічыць актыўным і дзейсным палітыкам у гаспадаранні, эканоміцы, можаце яскрава сябе паказаць і ў галіне нацыянальнай культуры, якая цяпер у стане глыбокага крызісу, таму:

– Ці не маглі б Вы падаць асабісты прыклад – вярнуцца да практыкі ўжывання роднай мовы ў дні ўсенародных урачыстасцяў і ў дакладах па найбольш важных праблемах нацыянальнага жыцця?

Наша родная мова яшчэ не згублена, бо захоўваюцца яе карані ў народзе, яшчэ жывая, так бы мовіць, грыбніца, гатовая прыняць шчыры клопат і ласку ад дзяржавы, каб адрадзіцца, ачысціцца і пайсці ў рост. Але ж, не сакрэт, шмат хто баіцца размаўляць на роднай мове, асабліва ў дзяржаўных структурах, таму:

– Ці не знялі б Вы ганебнае таўро ненадзейнага чалавека, альбо яшчэ горш “апазіцыянера” з тых грамадзян, якія ведаюць беларускую мову і з задавальненнем карысталіся б ёю, калі б не баяліся, што іх залічаць у ворагі афіцыйнага курсу?

У гэтай жа сувязі:

– Ці не паставілі б Вы перад дыпламатычным корпусам і супрацоўнікамі афіцыйных сродкаў масавай інфармацыі задачу: выглядаць больш карэктна і весці размову па-беларуску, асабліва калі замежныя дыпламаты ці госці краіны звяртаюцца да іх на беларускай мове?

І тут жа, калі на тое будзе Ваша ласка:

– Ці не парэкамендавалі б Вы арганізацыі БРСМ, дзейнасць якой фінансуецца дзяржавай, больш актыўна выхоўваць патрыётаў нацыянальнай культуры, вывучаць несфальсіфікаваную гісторыю Беларусі, шанаваць і ўжываць у сваім асяродку дзяржаўную беларускую мову? Гэта б садзейнічала пераадоленню сярод пэўнай часткі моладзі нацыянальнага нігілізму.

 

Мы звяртаемся да заканадаўчай улады – кіраўнікоў Савета Рэспублікі і Палаты прадстаўнікоў – Барыса Батуры і Уладзіміра Андрэйчанкі, да членаў і дэпутатаў гэтых устаноў:

– Паважаныя, ці не наважыліся б Вы рыхтаваць і прымаць законы на дзвюх дзяржаўных мовах, як гэта робіцца ва ўсіх краінах, у якіх дзве дзяржаўныя мовы? Тым самым Вы ліквідавалі б поўную дыскрымінацыю дзяржаўнай беларускай мовы ў заканадаўчай сферы.

І яшчэ, калі пойдзе на добры лад:

– Ці не палічылі б Вы за свой гонар прыняць дапаўненне да Закона аб дзяржаўнай службе, унёсшы ў яго патрабаванне, каб усе дзяржаўныя служачыя ведалі абедзве дзяржаўныя мовы, як гэта мае месца ва ўсіх краінах.

 

Цяпер мы звяртаемся да Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь і асабіста кіраўніка ўрада Сяргея Сідорскага:

– Сяргей Сяргеевіч, пагадзіцеся, што ацэнка экспертамі ЮНЕСКА стану нашай мовы з’яўляецца прысудам ураду і кіруючым ўладам краіны на розных узроўнях. То ці не наспеў час прыняць стратэгічна важныя для краіны і нацыі рашэнні аб сістэмнай беларускамоўнай адукацыі і пераўтварэнні ў бліжэйшы час пакуль хоць аднаго з універсітэтаў у нацыянальны па духу і мове навучання альбо адкрыцці новага паўнавартаснага беларускага універсітэта, чым паслаблялася б вастрыня дыскрымінацыі карэннага насельніцтва, якое складае звыш 80 працэнтаў ад агульнай колькасці жыхароў краіны? Вам напэўна вядома, што кіраўнікі Мінадукацыі не бачаць неабходнасці ў сістэмнай беларускамоўнай асвеце, якая пачынаецца з дзіцячых садоў і заканчваецца універсітэтамі. Такі ход падзей задавальняе міністэрскіх касмапалітаў і русіфікатараў, пры якіх, дарэчы, моцна ўпаў прэстыж запалоханага, загнанага безліччу справаздачных папер настаўніка; але ж беларускаму ўраду ў падобным выпадку зробіць гонар іншая, па-сапраўднаму нацыянальная палітыка.

Як на нашу думку, наспеў час вярнуць значна скарочаныя гадзіны на выкладанне беларускай гісторыі, мовы і літаратуры, аднавіць практыку большага матэрыяльнага заахвочвання настаўнікаў роднай мовы і літаратуры. 
З другога боку, дзяржаўных службоўцаў чакае зусім закінутае поле нацыянальнай рупнасці па прапагандзе лепшых узораў беларускай мастацкай літаратуры, арганізацыі іх перакладу на іншыя мовы свету, шчыры клопат пра спадчыну, адраджэнне парушанай і занядбанай тапаніміі, узяцце пад прававую ахову помнікаў фальклору, як і перавыданне ды прапаганда сярод студэнтаў і школьнікаў яскравых помнікаў літаратуры і мовы.

Нарэшце, мы чакаем, што Вамі, кіраўніком урада, будзе зняты перакос у дачыненні да пісьменніцкіх саюзаў і што будуць адчынены дзверы дзяржаўных выдавецтваў, часопісаў, газет, радыё і тэлебачання для літаратараў з Саюза беларускіх пісьменнікаў, нароўні з тымі, хто карыстаецца падтрымкай дзяржаўных структур і ўсё гэта мае. У пісьменніцкай арганізацыі, створанай у 1934 годзе, свае шматгадовыя традыцыі, сусветна прызнаныя майстры, таленавітыя сучасныя пісьменнікі, якія сумленна працуюць у імя славы роднай зямлі. Адлучаць іх ад удзелу ў грамадскім жыцці, не даваць ім магчымасці сустракацца з вучнямі і студэнтамі (што робіцца, да прыкладу, па распараджэнні Міністра адукацыі Аляксандра Радзькова), замоўчваць іхнія творчыя дасягненні па меншай меры неразумна і стратна. Ад выпраўлення становішча тут значна выйграе міжнародны аўтарытэт, унутраная дзяржаўная палітыка, нацыянальная культура, літаратура, духоўнае жыццё грамадства.


Мы звяртаемся да кіраўнікоў міністэрстваў адукацыі, інфармацыі і культуры, да іх працаўнікоў у цэнтры і на месцах з заклікам усвядоміць сваю адказнасць за тое, што беларуская мова трапіла ў лік моў, якім пагражае знікненне. Нельга не прызнаць аблудным і трагікамічным становішча, калі адзін з высокіх чыноўнікаў супакойвае грамадзян такім чынам: “Не бойцеся, беларуская мова не знікне, бо мы заўважылі тэндэнцыю. Чым больш прыціскаем, тым больш жадаючых вучыцца па-беларуску!” Хіба ёсць яшчэ ў свеце дзяржава, дзеячы ад адукацыі ў якой так бесцырымонна, адкрыта і беспакарана прызнавалі б свой уціск тытульнай нацыі?

 

Мы заклікаем міністраў інфармацыі і культуры Рэспублікі Беларусь выправіць перакосы з ужываннем моў у дзяржаўным перыядычным друку, кнігадрукаванні і кніжным гандлі, на тэлебачанні і радыё, у тэатрах і на канцэртных пляцоўках, у вытворчасці кінафільмаў, а таксама ў рэкламнай сферы.

 

Мы звяртаемся да прадстаўнікоў нацыянальных меншасцей у Беларусі, рускіх, палякаў, украінцаў, яўрэяў, татараў, паставіцца з разуменнем і павагай да нашай трывогі аб мове і нашых прапаноў – так, як са шчырай павагай, цікавасцю і любоўю мы ставімся да іншых моў і нацыянальных культур, якім, як і беларускай, належыць жыць, развівацца, ўзбагачаючы свет сваёй разнастайнасцю, шматколернасцю, спрыяючы абнаўленню духоўных каштоўнасцей, у чым сакрэт устойлівага развіцця цывілізацыі.

Ад рашэння пазначаных тут пытанняў, безумоўна, выйгралі б усе, да каго мы звяртаемся, і выйграў бы кіраўнік незалежнай краіны, з прыходам якога да ўлады па нейкім дзіўным непаразуменні пачаўся новы этап дыскрымінацыі беларускай мовы, багаты склад якой, годнасць і прыгажосць прызнаны далёка ў свеце.

На нашай гаротнай зямлі адвыклі ад клопату пра свае нацыянальныя каштоўнасці, духоўныя скарбы – на тое былі пэўныя і зусім няпростыя гістарычныя прычыны, – народ сам сабе не належаў. Але ж цяпер дазвольце спадзявацца, што наш Зварот знойдзе водгук у вашых сэрцах і душах.

З павагай 
Сябры і прыхільнікі грамадзянскай ініцыятывы
“Інстытут нацыянальнай памяці”

Каардынатар
Васіль Якавенка

3 чэрвеня 2009 г.

Кантактны тэлефон: 776 77 13 маб. МТС
е-mail: yakavenka@list.ruГэты e-mail абаронены ад спам-ботаў. Для яго прагляду ў вашым браўзэры павінна быць уключаная падтрымка Java-script

 

Тэкст таксама падпісалі:

Пятро Нікіценка, эканаміст, акадэмік НАН Беларусі, Іван Гайшун, матэматык, акадэмік НАН Беларусі, Яўген Бабосаў, філосаф, акадэмік НАН Беларусі, Радзім Гарэцкі, геолаг, акадэмік НАН Беларусі, Генадзь Лыч, эканаміст, акадэмік НАН Беларусі, Аляксандр Вайтовіч, фізік, акадэмік, экс‑прэзідэнт НАН, экс‑старшыня савету рэспублікі, Міхаіл Касцюк, акадэмік НАН Беларусі, Міхаіл Дрынеўскі, Народны артыст Беларусі, кіраўнік Нацыянальнага акадэмічнага Народнага хору імя І.Цітовіча, прафесар, Леанід Яўменаў, доктар філасофскіх навук, член‑карэспандэнт НАН Беларусі, Міхаіл Казінец, Народны артыст Беларусі, прафесар, Валянціна Гаявая, Народная артыстка Беларусі, Аляксандр Булыка, член‑карэспандэнт НАН Беларусі, прафесар у галіне мовазнаўства, Міхась Мушынскі, член‑карэспандэнт НАН Беларусі, прафесар, Уладзімір Шакуцін, старшыня праўлення Беларускага грамадскага аб’яднання былых вязняў фашызму «Лёс», Георгій Штыхаў, доктар гістарычных навук, прафесар, Мікалай Крукоўскі, доктар філасофскіх навук, прафесар, Захар Шыбека, доктар гістарычных навук, Васіль Бернік, доктар фізіка‑матэматычных навук, прафесар, Сцяпан Лаўшук, доктар філалагічных навук, член‑карэспандэнт НАН, прафесар, Уладзімір Гніламёдаў, пісьменнік, доктар філалагічных навук, акадэмік, Леў Гумілеўскі, Народны мастак Беларусі, скульптар, Васіль Шаранговіч, Народны мастак Беларусі, прафесар, Віктар Скорабагатаў, мастацкі кіраўнік творчага калектыву «Беларуская Капэла», Уладзімір Конан, доктар філасофскіх навук, Арлен Кашкурэвіч, Народны мастак Беларусі, Уладзімір Стальмашонак,Народны мастак Беларусі, Леанід Шчамялёў, Народны мастак Беларусі, Зінаіда Бандарэнка, Народная артыстка Беларусі, Рыгор Барадулін, Народны паэт Беларусі, Ядвіга Грыгаровіч, доктарка педагагічных навук, прафесарка, Міхась Міцкевіч, доктар тэхнічных навук, Эдуард Збароўскі, доктар медыцынскіх навук, прафесар, Арсень Ліс, доктар філалагічных навук, Уладзімір Гілеп, былы намеснік міністра культуры, Васіль Коўшар, аграном, кандыдат сельскагаспадарчых навук, Генадзь Бураўкін, паэт, дыпламат, Валеры Мазынскі, тэатральны дзеяч, рэжысёр, Васіль Якавенка, пісьменнік, Анатоль Казлоў, пісьменнік, Раіса Баравікова, пісьменніца, Алег Трусаў, старшыня Таварыства беларускай мовы, Таццяна Кім, інжынер, Віталь Міклашэўскі, інжынер, Мікола Бамбіза, эканаміст, Міхаіл Малько, фізік, Мікалай Савіцкі, прафесар інфарматыкі, Аляксей Рагуля, прафесар культуралогіі, Яўген Сахута, доктар мастацтвазнаўства, прафесар, Станіслаў Лісоўскі, інжынер, Надзея Малаковіч, настаўніца, Уладзімір Якімовіч, вадзіцель, Аляксей Фралоў, музыкант, Аляксандра Руская, выхавацелька дзіцячага саду, Яраслаў Мальдзіс, дызайнер, Ілья Копыл, пенсіянер, Лета Юстыновіч, пенсіянерка, Сафія Дземідовіч, бібліятэкарка, Іван Макавецкі, кандыдат тэхнічных навук, Ала Крыцкая, доктарка‑стаматолаг, Ларыса Шаўчэнка, інжынер, Уладзімір Джэйгалс, інжынер, Сяргей Занкевіч, бухгалтар, Надзея Мініна, студэнтка, Уладзімір Азёма, інжынер, Васіль Касінец, афіцэр запасу, Алег Шагулін, радыёінжынер, Яўген Рамяніца, студэнт, Ян Квяцінскі, студэнт, Ганна Вус, студэнтка, Марына Шацінская, студэнтка, Яўген Ганязоўскі, студэнт, Віктар Сянько, рабочы, Павал Севярынец,сустаршыня аргкамітэту Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі, Юрый Карэтнікаў, лідэр ініцыятывы Правы альянс, Сяргей Салаш, грамадскі лідэр з Барысава, Антон Астаповіч, старшыня Таварыства аховы помнікаў, Людміла Карэтнікава, інжынер НВА «Інтэграл», Андрэй Паротнікаў, юрыст, Ягор Купа, студэнт, Дзмітрый Міцкевіч, студэнт, Алесь Шарафановіч, інжынер, Ігар Чапіга, студэнт, Кастусь Краўчанка, чыгуначнік, Наталля Апаровіч, студэнтка, Сяргей Марцулевіч, студэнт, Таццяна Кузьміч, студэнтка, Аляксандр Кундра, студэнт, Алена Кузьміч, студэнтка, Юрый Акінчыц, службовец, Алена Гайко, студэнтка, Ірына Фурман, студэнтка, Юрый Макарэвіч, студэнт, Ірына Уласавец, студэнтка, Вольга Дуброўка, студэнтка, Наталля Урбан, студэнтка, Вольга Уласавец, цырульніца, Андрэй Беліч, студэнт, Ірына Лысова, студэнтка, Святлана Кударэнка, студэнтка, Іна Казлоўская, студэнтка, Вольга Ясюкевіч, студэнтка, Ірына Гудойць, студэнтка, Вераніка Навіцкая, студэнтка, Юлія Мазай, студэнтка, Віктар Казлоў, электразваршчык, Юрый Губарэвіч, намеснік старшыні Руху за Свабоду, Ларыса Сімаковіч, кампазітарка, Валянціна Лемцюгова, доктар філалагічных навук, прафесарка, Алег Залётнеў, кампазітар, Алесь Лозка, старшыня Таварыства беларускай школы, Аляксандр Талстыка, прадпрымальнік, Аляксандр Макаеў, прадпрымальнік, Ігар Свіркоў, начальнік цэху, Эдуард Сарока, доктар філасофскіх навук, Святлана Снапкоўская, доктарка гістарычных навук, прафесарка, Георгій Латушка, протаіерэй, настаяцель Свята‑Пятра‑Паўлаўскага сабору ў Мінску, Сергій Гардун, протаіерэй, дацэнт Мінскай духоўнай акадэміі, Леанід Левін, архітэктар, Заслужаны архітэктар Беларусі, Ірына Бохан, юрыстка, Галіна Дзягілева, артыстка, Дзмітры Бабіцкі, эканаміст, Алег Гаеўскі, інжынер‑электронік, Павал Біч, кандыдат тэхнічных навук, Уладзіслаў Абухоўскі, геадэзіст ды іншыя — усяго 203 подпісы.

 

Ад рэдакцыі:

Хочам дадаткова выказаць некалькі зьвестак, вядомых нам, і свае некаторыя думкі.

1. Некалькі месяцаў таму Анатоль Белы запрапанаваў нам падумаць, як арганізаваць акцыю, шляхам якой беларускія патрыёты маглі б зьвярнуцца ў міжнародныя структуры с просьбай дапамагчы спынаць этнацыд, які вось ужо 15 апошніх гадоў адбываецца ў Беларусі. Пакуль мы думалі, як правесьці падобную акцыю (бо ідэя нам падалася слушнай), ён адначасова запрапанаваў зрабіць тое самае Васілю Якавенка. Той склаў тэкст, сабраў подпісы і акцыя адбылася.

2. Натуральна, мы ўдзячныя сп. Васілю за ініцыятыву і выкананую працу. Любыя падобныя дзеяньні – у інтарэсах беларускага народу. Але, на нашу думку, мы б зрабілі трошкі інакш. Па-першае, мы б імкнуліся сабраць подпісы ня толькі сярод жыхароў Менска, а з усёй Беларусі. Па-другое, мы б не зьвярталіся да непасрэдных этнацыдчыкаў (у адпаведнасьці з нашай дактрынай, пасьля прыходу да ўлады беларускіх дэмакратычных сіл тых чакае суд і пакараньне за зьдзейсьненыя злачынствы). Мы б скіравалі свой зварот да міжнародных структур. У такім звароце больш сэнсу. Мы б дамагліся альбо розгаласу, альбо дапамогі, альбо, пры адсутнасьці якой бы ні было дапамогі, канчаткова зразумелі б, што на “цывілізаваны Захад” разьлічваць бессэнсоўна (апошні варыянт карысьці ад акцыі найбольш верагодны).

3. Аднак, ініцыятыва Васіля Якавенкі не перакрэсьліла гэтыя планы. Калі на працягу года кіраўніцтва Беларусі, як напісаў Станіслаў Суднік, “не пачуе гэты крык народа”, мы можам вярнуцца да тых планаў, якія былі ў нашай рэдакцыі. Тады іх выкананьне будзе другой часткай ініцыятывы Анатоля Белага і Васіля Якавенкі.

 


6 каментарыяў

  1. Мы б скіравалі свой зварот да міжнародных структур. У такім звароце больш сэнсу. Мы б дамагліся альбо розгаласу, альбо дапамогі,— Я так і раблю.Толькі канкрэтныя дзеяньні.
    Звароты – гэта хiба гэта УСЁ на што здольна беларуская інтэлігэнцыя! Смешна і сумна.
    Спадары ! Рабіце так я .
    Для прыкладу. Я першы на Беларусі.хто запатрабаваў судовы працэс на Беларускай мове. Пакуль я быў дэпутатам трымалася Мова у Першамайскім раёне Менску.
    У выступе на Нарадзе АБСЭ менавіта я гаварыў аб этнацыдзе.
    Паслухалі прадстаўнікі 53 краінаў .
    Хутка будзе артыкул на гэтую тэму ў казахстанскай газеце.

    Спадары ! Памятайце, што
    1. Рэферэндум 1995 даў АДНОЛЬКАВЫЯ правы для мовы.
    2.Канстытуцыя мае юрыдычнае прамое дзеяньне, то бок , на падставе Канстытуцыі можна звяртацца ў суд аб дыскрымінацыі.
    Хто звяртаўся?
    Звароты… імпатэнты…

  2. Siarhiej кажа:

    “Занядбанне ж роднай мовы – падрывае асновы бяспекі дзяржавы.” – Вельмі слушна!
    Але адрасаваць Зварот да мафіёзнай вертыкалі і правадыра безсэнсоўна.

  3. Згодная з усімі спадарамі, бо ў кожнага ёсць рацыянальнае зерне. Лічу, што трэба сабраць нейкі сход, канферэнцыю ці яшчэ нешта падобнае тых, хто разумее каштоўнасць беларускай мовы для беларускага народа. “Занядбанне ж роднай мовы – падрывае асновы бяспекі дзяржавы” – гэта сапраўды слушна. Я бы дадала, што не толькі дзяржавы, але ўсёй беларускай нацыі, вядзе да дэградацыі народа, да знікнення зямлі беларусаў, маёмасці. Беларуская мова стаіць на абароне інтарэсаў беларускага народа, а ўсялякая іншая, як дзяржаўная, разбурае гэтую абарону. Па гэтай прычыне у нас не можа быць ніякай іншай дзяржаўнай мовы, акрамя беларускай. У нас ніколі ў Беларусі не было тэрыторый кампактнага пражывання рускіх. Рускія былі ў нас ў якасці каланізатараў і ператварылі беларускі народ ў сваіх рабоў. Дык няўжо мы павінны за гэта ўслаўляць сваіх каланізатараў і іх мову. Акрамя таго руская мова вельмі недасканалая і ўтварылася ад беларускай мовы ў вельмі пашкоджаным выглядзе. Для павялічэння інтэлектуальнага патэнцыяла краіны вельмі важна на якой мове вучыцца размаўляць дзіця, самы лепшы варыянт – на больш дасканалай мове.
    Беларуская мова з’яўляецца мовай-прамаці славянскіх моваў. Яна ўтварылася ад пратамовы. Беларуская мова – гэта гістарычная каштоўнасць, якая патрабуе асобага статусу. Радзіма праславянскай мовы – беларускае Палессе. Беларускі народ і міжнародная супольнасць, наогул, не ведаюць аб гэтых рэчах. Беларуская мова – гэта наш гонар, як і баявая каменная сякера, васьміканцовая зорка, дуда і шмат яшчэ чаго. Але каб ўсё гэта пачало працаваць на імідж беларускага народа нам трэба вельмі шмат яшчэ працаваць. За нас гэта ніхто рабіць не будзе, тым больш бандзюгі пры уладзе.
    Што нам трэба рабіць? Стварыць групу дабраахвотаў, якія б займаліся толькі праблемай беларускай мовы. У яе павінны увайсці навукоўцы, асветнікі, піяршчыкі, юрысты.
    1. Навукоўцы, павінны даць навуковы матэрыял, які б даказаў:
    -гістарычную каштоўнасць беларускай мовы;
    -дасканаласць беларускай мовы і яе уплыў на развіццё інтэлекта;
    -палітычна-сацыяльную значымасць мовы для народа;
    -сувязь мовы з пратамовай.
    2. Справа асветнікаў – давесці навуковыя даныя да як мага большай аўдыторыі: праз беларускамоўныя сайты, праз выданні шматлікай літаратуры, праз правядзенне святаў прысвечаных ведам, пісьмовасці, асветнікам, праз навуковыя канферэнцыі.
    3. Арганізаваць групу піяршчыкаў, якія б сталі распрацоўваць брэнды для беларускай прадукцыі, рэкламу беларускай мовы, прайз-лісты і г.д.
    4. Група юрыстаў, вядома ж, магла б адстаіваць беларускую мову праз закон, як унутры краіны, так і за мяжой.
    Безумоўна, што гэтую працу павінен арганізаваць чалавек, які мае арганізатарскія здольнасці і разумее важнасць гэтай працы. У Беларускім дэмакратычным руху не хапае людзей для ўсёй працы. Але хачу сказаць, што людзі, якія будуць займацца гэтай справай атрымаюць вялікае творчае задавальнне, увойдуць ў гісторыю, як нацыянальна-патрыятычная эліта, будуць паважанымі, набудуць добраякасныя прафесійныя веды, могуць зрабіць гістарычныя адкрыцці, стаць навукоўцамі і натуральна, што калі ў Беларусі да улады прыйдзе нацыянальная эліта, яны прадоўжаць сваю працу ў адпаведных дзяржаўных установаў і атрымаюць узнагароды.

  4. abdul кажа:

    Usialakija zvaroty… mižnarodnyja arhanizacyi (pakažecie adnu jakaja dbaje pra biełaruskuju movu)… Iluzii, iluzii… Na maju dumku nijakija zvaroty da ŭsialakich mižnarodnych arhanizacyjaŭ tut nie pamohuć. Albo samyja abaronim, albo nie… Raspaviadu pra adnu nia vielmi daŭniuju historyju. Jość u Rasieji taki nacyjanał-balšavik Edźka Limonaŭ. Adnaho razu niedzie u pieršaj pałovie 90-ch Edźka ładziŭ u Miensku źjezd usialakaj nabrydzi nakštałt Российское Национальное Единство i da ich padobnych kab abmierkavać spradviečnaje dy nieparušnaje rasiejska-biełaruskaje braterstva i jak toje braterstva uzmacniać. Z takoj nahody sabralisia biełaruskija chłopcy (vidać nie zdahadalisia z pryčyny svajoj prastaty źviarnucca da jakoj kolek mižnarodnaj arhanizacyji), pryjšli tudy dzie taja nabrydź sabrałasia dy ŭsich adtul pavynosili. Edźka uciok praz fortku u prybiralni. Ciapier Edzik dosyć znany rasiejski dziejač, ale padobnych imprezaŭ na Biełarusi jon bolej zdajecca nia ładziŭ. I mižnarodnyja arhanizacyi mahli zajmacca inšymi šmatlikimi prablemami.

  5. Patriet кажа:

    Як я асабіста лічу,…..зьвяртацца да гэтай хеўры калябарантаў з просьбамі такога кшталту проста ганебна…..Што гэта за просьбы? Гэтае кодла аніякіх дзеяньняў у адказ не распачне,гэтае зразумела нават дурню. За іх здрадніцкімі сьпінамі стаіць усе тая ж шавіністычная крамлеўская мафія, праўда толькі колер зьменены. Учора яны былі “вождямі мірового пролетаріата” і вынішчалі ўсе наша гвалтам і куляй, а сеньня яны празадэнты ды міністры рф, і зьнішчаюць нас рукамі гэтых вырадкаў – “тутэйшых манкуртаў”. Якія просьбы? Трэба патрабаваньні, жорсткія і прамаленейныя.
    А так ……сьмех.

  6. Анонимус кажа:

    Большего бреда я в своей жизни не слышал

Пакінуць каментар

  • Старонкі

  • Катэгорыі

  • Апошнія запісы

  • Архівы