nashaziamlia.org

Асьветна-адукацыйны, грамадазнаўчы сайт для беларусаў: аналіз, прагноз, сілы, інтарэсы, сьветагляды, ідэі, ідэалогіі, праграмы, мэты.

Запісы

“ЕСССР”: Разбураючы нацыянальную адданасьць, ЕўраЗьвяз зьнішчае свабоду, адказнасьць і дэмакратыю

30 чэрвеня, 2007 | 2 каментарыя

�СССР.JPG

Надышоў час зноў паглядзець ня толькі на ўсход, але і на захад. Гэты артыкул, нядаўна надрукаваны ў аўтарытэтным амерыканскім выданьні “The Washington Times“, належыць Полю Бельену (Paul Belien). Аўтар зьяўляецца рэдактарам Brussels Journal і адначасна супрацоўнікам Хадсанаўскага інстытута. Для нас сапраўды прыемным адкрыцьцём стала тое, што на Захадзе існуюць погляды на працэсы ў Еўрапе, аналагічныя нашым поглядам…

Рэдакцыя.

У канцы 1980-х пачаў развальвацца СССР, “імперыя зла” на мове Рональда Рэйгана. Але хутка Амерыка можа сутыкнуцца яшчэ з адной імперыяй зла. Заўтра [22 чэрвеня. – Рэд.] еўрапейскія палітыкі сустракаюцца ў Брусэлі, каб абмеркаваць пытаньне пра ўваскрэшаньне канстутыцыйнай дамовы, якую часта называюць еўрапейскай канстытуцыяй. Гэты пухлы том (у яго англійскай версіі боьш за 160.000 словаў) пакліканы пераўтварыць Еўпрапейскі Зьвяз (ЕЗ) у звышдзяржаву.

Роўна два гады таму гэтая канстытуцыя была адрынутая выбарцамі пад час рэферэндумаў у Нідэрландах і Францыі. Гэта стала сапраўдным ударам для Брусэля – сталіцы Бельгіі, штаб-кватэры Еўракамісіі й неафіцыйнага кіраўніка ЕЗ зь яго 54-тысячнай арміяй бюракратаў. Гэта сапраўднае царства чыноўнікаў, сфармаванае ў горшых цэнтралісцкіх і аўтарытарных традыцыях Францыі і Германіі.

Хутка пасьля правядзеньня рэферэндумаў стала відавочна, што еўрапейскія палітыкі маюць намер праігнараваць волю народу і працягнуць рэалізацыю сваіх планаў па будаўніцтве звышдзяржавы [вось дык дэмакраты. – Рэд.]. Апошнія шэсьць месяцаў канцлер Германіі Ангела Меркель актыўна складала так званую дамову з папраўкамі. Такім чынам, зьнікае неабходнасьць у правядзеньні рэфэрэндумаў, каб даць Брюсэлю новыя паўнамоцтвы. Але па сутнасьці, гэта ўсё тая ж канстытуцыя. Яна дае ЕЗ значную ўладу над краінамі-сябрамі, напрыклад, права пазбаўленьня юрыдычнага дзеяньня нацыянальных законаў і правядзеньня агульнай зьнешняй палітыкі.

Брытанцы заўсёды ставіліся да грандыёзных палітычных сьхемаў больш недаверліва, чым кантынентальная Заходняя Еўропа. Каб заручыцца падтрымкай Лондана для праштурхоўваньня дамовы Меркель, новы прэзідэнт Францыі Нікаля Сарказі прапанаваў Тоні Блэру пасаду першага прэзідэнта Еўропы. 27 чэрвеня Блэр пакідае пасаду прэм’ер-міністра Вялікабрытаніі і яму прыйдзецца шукаць новую працу.

Лідар брытанскіх “еўраськептыкаў” у Еўрапарламенце Найджал Фарадж (Nigel Farage) (еўраськептыкі выступаюць супраць цэнтралізацыі ўлады Брусэлем і адстойваюць нацыянальны суверэнітэт краін-сябраў ЕЗ) упэўнены ў тым, што Блэр гэтую прапанову прыме. Фарадж ужо абвінаваціў яго ў “перадачы ў чужую ўласнасьць нашай будучыні напярэдадні адыхода з пасады”. Аднак пакуль ня ясна, ці здолее Блэр паступіць “па-шродэрскі”. Былы канцлеп Германіі Герхард Шродэр у апошнія тыдні свайго знаходжаньня ва ўладзе заключыў сумніўнае газавае пагадненьне з Расеяй [так у аўтара. – Рэд.] і наўзамен атрымаў высокую пасаду ў расейскай газавай кампаніі адразу пасьля зыходу ў адстаўку. Калі Блэр “паступіць па-шродэрскі” і пагодзіцца паменшыць правы Вялікабрытаніі па галасаваньні ў рамках ЕЗ і па накладаньні вета на еўрапейскія заканадаўчыя акты наўзамен за ўласнае прасоўваньне, яшчэ не вядома, ці пагодзяцца англічане ўспрыняць гэта настолькі ж маўкліва, як немцы ўспрынялі паводзіны Шродэра, якія выклікаюць пагарду.

Калі Блэр адважыцца паставіць свой подпіс пад выпраўленым дакументам, папярэджвае Фарадж, дык “яго спадчына пераўтворыцца ў гранату з выдзернутай чакой”. У нумары Times за панядзелак Уільям Рыс-Мог (William ReesMogg) папярэджвае, што “любая дамова на грунце праекту спадарыні Меркель можа справакаваць фундаментальныя перамены ў брытанскай палітыцы”. Па яго словах, “калі ня нашыя палітыікі, дык брытанскі электарат можа палічыць, што яму лепш знаходзіцца як найдалей ад такой еўрапейскай федэрацыі, у якой дамінуе франка-германскі альянс”. Амброўз Эванс-Прычард (Ambrose EvansPritchard) заявіў у панядзелак на старонках Daily Telegraph: “Калі еўрапейскія палітычныя кіраўнікі здолеюць праштурхнуць зьлёгку замаскаваны рэмэйк той самай еўрапейскай канстытуцыі, ад якой адмовіліся французы і галандцы, дык я, напрыклад, пасьля шматгадовых ваганьняў зьлезу з плоту і ўступлю ў бойку за поўны выхад Вялікабрытаніі зь ЕўраЗьвязу”.

Брытанцы, і асабліва англічане, самыя заўзятыя еўраськептыкі сярод народаў Еўропы. Калі іх прымусяць рабіць выбар, дык падобна, што яны аддадуць перавагу брытанскаму суверэнітэту перад Еўразьвязам. Той-сёй лічыць такое стаўленьне ледзь не злачынным. На мінулым тыдні прэзідэнт Італіі Джорджа Напалітана (Giorgio Napolitano) сказаў, што “тыя, хто супраць ЕЗ, тэрарысты”. А яго калега, прэзідэнт Германіі Хорст Келер (Horst Kohler) называе тактыку еўраськептыкаў “папулісцкай дэмагагічнай кампаніяй”. Гэта гучала як італа-германскае абвінавачваньне ў адрас Вялікабрытаніі за тое, што яна не атрымала ўрокаў з Другой сусьветнай вайны. У ім абсалютна ігнаруецца той факт, што менавіта любоў Англіі да свабоды выратавала Еўропу ад дыктатараў, накшталт папярэднікаў Напалітана і Келера – Мусаліні і Гітлера. Дарэчы, апошні таксама марыў пра палітычнае аб’яднаньне Еўропы.

Свабода і дэмакратыя патрабуюць абмежаваньняў дзяржаўнай улады, у той час як наднацыянальныя аб’яднаньні па вызначэньні імкнуцца да неабмежаванасьці. Былы савецкі дысідэнт Уладзімір Букоўскі назваў Еўразьвяз – “ЕСССР”. Па яго словах, такая назва тлумачыцца тым, што і былы СССР, і ЕЗ маюць адну і тую ж мэту: разбурэньне нацый. “Еўрапейскі Зьвяз, як і Савецкі Саюз, нельга дэмантаваць”, – кажа ён. Калі ЕЗ па-сапраўднаму стане адзінай дзяржавай, дык яму наканавана пераўтварэньне ў імперыю зла, таму што еўрапейскай нацыі не існуе.

“Нацыянальная адданасьць – гэта форма добрасуседства. Гэта адданасьць агульнаму дому і тым людзям, якія яго пабудавалі”, – кажа кансерватыўны англійскі філосаф Роджэр Скратан (Roger Scruton). Без такой адданасьці не існуе свабоды, таму што “нацыянальная адданасьць дае людзям магчымасьць паважаць суверэнітэт і правы асобы”.

Імкнучыся разбурыць нацыянальную адданасьць, ЕЗ адначасова зьнішчае свабоду, адказнасьць і дэмакратыю. Еўракратыя накіраваная на зьнішчэньне ранейшай нацыянальнай адданасьці еўрапейскіх народаў і на стварэньне на яе месцы касмапалітычнай абыякавасьці.


Поль Бельен


2 каментарыя

  1. Сяргей кажа:

    Акрамя глабальных інтарэсаў манаполій (транснацыянальных карпарацый), якім патрэбны адкрытыя межы,
    да “эўрапейскай імпэрскасці” штурхае пагроза з боку аўтарытарных імпэрый (Кітая ды Расеі).

  2. Уладзімер Русаковіч кажа:

    Дадзены артыкул Поля Бельена быў апублікаваны ў “Вашынгтонскіх часох” 20 чэрвеня 2007 года (http://www.washingtontimes.com/news/2007/jun/20/the-eussr/ або http://www.washingtontimes.com/news/2007/jun/20/the-eussr/print/).
    ___
    Поль Бельен “Хутка пасьля правядзеньня рэферэндумаў стала відавочна, што еўрапейскія палітыкі маюць намер праігнараваць волю народу і працягнуць рэалізацыю сваіх планаў па будаўніцтве звышдзяржавы [вось дык дэмакраты. – Рэд.]. Апошнія шэсьць месяцаў канцлер Германіі Ангела Меркель актыўна складала так званую дамову з папраўкамі. Такім чынам, зьнікае неабходнасьць у правядзеньні рэфэрэндумаў, каб даць Брусэлю новыя паўнамоцтвы.”
    Цікава, што летась у сувязі з адмоваю на адзіным у Еўрапейскім Зьвязе усеграмадзянскім галасаваньні эйраў пагадзіцца якраз з вышэйзгаданаю “дамоваю з папраўкамі” Ангела Мэркель ужо напару з францускім прэзідэнтам Нікаля Сарказі “шкадавала пра” “дэмакратычнае рашэньне ірляндзкага народу” (Мікола Бугай. Брусэль у прастрацыі, прыхільнікі захаваньня нацыянальных сувэрэнітэтаў віватуюць // Наша Ніва. 19 чэрвеня 2008. Старонка 6. або http://www.nn.by/index.php?c=ar&i=17773).

Пакінуць каментар

  • Старонкі

  • Катэгорыі

  • Апошнія запісы

  • Архівы