nashaziamlia.org

Асьветна-адукацыйны, грамадазнаўчы сайт для беларусаў: аналіз, прагноз, сілы, інтарэсы, сьветагляды, ідэі, ідэалогіі, праграмы, мэты.

Запісы

УКРАІНСКІЯ РАСКЛАДЫ (+ каментар рэдакцыі)

9 верасня, 2007 | Каментары (1)

Сяргей Высоцкі

���о�к�1.JPG

Ледакол Украіна

Так адбывалася ў ХХ стагоддзі, што менавіта Украіна некалькі разоў была першай на шляху здабыцця нацыянальнай незалежнай дзяржаўнасці і станавілася авангардам барацьбы з маскоўскай імперыяй.

У 1991 г. фактычна жалезная воля ўкраінцаў здабыць незалежную дзяржаву канчаткова пахавала мары аб рэанімацыі СССР.

У 2004 г. украінскі народ здзейсніў яшчэ адзін вялікі крок у сваім нацыянальным загартаванні, у сваёй нацыянальнай салідарнасці. Памаранчавая Рэвалюцыя паказала ўсяму свету, што Ўкраіна – вялікая дзяржава з вялікім народам.

Беларусь у значнай меры дзякуючы братняй Украіне здолела зрабіць істотныя крокі да ўласнай Незалежнасці.

Украінцам за сваю веру і сваю прагу Свабоды даводзілася плаціць па поўнай. Так заўжды і бывае. За ўсё трэба плаціць. А першаму – па двайным кошце.

Сваім непрадбачаным для многіх і амаль цудоўным нацыянальным адраджэннем Украіна напужала вельмі многіх. Найперш рух Украіны да незалежнасці стаўся косткай у горле для імперскага рэваншу Расеі. Таму на сваю агентуру, на падтрымку Украінскай праваслаўная царквы Маскоўскага патрыярхату, на подкуп многіх вядучых палітыкаў Крэмль кінуў проста шалёныя сродкі. І менавіта эканамічная экспансія сталася асноўнай формай умяшальніцтва Расеі ва ўнутраныя справы Ўкраіны.

З іншага боку, мы бачым украй няшчырую пазіцыю Захада, і найперш “старой” Еўропы. Штучнае і адмысловае зацягванне працэсу еўраінтэграцыі Ўкраіны, адсутнасць канкрэтных эканамічных праграм падтрымкі (кшталту плана Маршала для Еўропы пасля вайны) узмацняе прарасейскія сілы. Некаторыя палітыкі лічаць, што міжнародныя мафіёзныя структуры таксама перапужаныя паўстаннем у Еўропе новай, магутнай, нацыянальнай дзяржавы.

Гэта аўтаматычна пагаршае пазіцыі заходнееўрапейскіх дзяржаў ва Ўкраіне. Аднак пра гэта ва Ўкраіне лічаць за лепшае публічна не гаварыць…

Акром вельмі моцнага эканамічнага пранікнення Расеі вялікая частка эканомікі ўжо кантралюецца міжнароднымі карпарацыямі, ценявым бізнесам. Цяжка сказаць, ці прайшла ўжо Ўкраіна стадыю дзікага капіталізму. Праблема гэтая не толькі эканамічная, але і палітычная.

Відавочна, што цяперашняя алігархічная сістэма ўжо не задавальняе саміх украінцаў. Дарэчы, гэта было адным з мабілізуючых фактараў Памаранчавай Рэвалюцыі. Украінцы жадалі пазбавіцца ад Кучмы і “кучмізму”, ад пануючай алігархічна-наменклатурнай сістэмы. Аднак Юшчанка і ягоная каманда не здолелі правесці неабходныя рэформы, дыскрэдытавалі сябе карупцыйнымі скандаламі. Праз два гады пасля рэвалюцыі амаль усе палітыкі-патрыёты былі адсунутыя. Цяпер у грамадстве значнай мерай пануе расчараванне і апатыя.

Выбарчы расклад

Напярэдадні рэваншу В.Януковіча ўкраінская прэса дала інфармацыю аб падтрымцы ягонага блоку “Рэгіёны Ўкраіны” з Расеі на некалькі мільярдаў даляраў. Нельга забываць, што ўвесь касцяк блоку Януковіча – гэта алігархі, у асноўным праславутага “данецкага клану”. Напрыклад, сумарны капітал Р.Ахметава (галоўнага фінансіста Януковіча) ацэньваецца ў межах дзесяці мільярдаў даляраў. Сам Януковіч сябруе з Пуціным і мае стабільную патрымку з Масквы.

Што да прэзідэнта Юшчанкі, дык паступова губляючы ініцыятыву, не праявіўшы палітычнай волі пасля паразы “сініх”, ён у другой палове 2006 г. не толькі страціў падтрымку народу, але і сам стаў на край палітычнай пагібелі. Неабходна адзначыць, што ў камандзе Юшчанкі паступова атабарыліся людзі, якія не былі актывам рэвалюцыі, – авантурысты, інтрыганы ды іншая падобныя публіка. У большасці гэта нават не ўкраінцы.

Склад партыі “Наша Ўкраіна” таксама вызначаецца алігархамі, толькі ўжо “памаранчавымі”. Асяроддзе Юшчанкі паступова прыбрала “губернатараў”-патрыётаў, такіх як В.Чырваній, Я.Жаўцяк, многіх іншых. Пры гэтым названыя асобы прадстаўлялі Ўкраінскую Народную Партыю (УНП) – найбуйнейшую нацыянальна-дэмакратычную сілу ва Ўкраіне. А сама УНП, без якой не было б і Памаранчавай Рэвалюцыі, адкінутая на палітычныя задворкі. Гэтак сама, а то і яшчэ больш брутальна былі адкінутыя Кангрэс Украінскіх Нацыяналістаў (КУН), УНА-УНСО ды іншыя нацыянальна-патрыятычныя сілы.

Агульна сярод пераможцаў за гэтыя гады адбыўся раскол па лініі ўлада – патрыёты.

Падыйшоўшы да мяжы, калі ўжо адступаць не было куды, каманда Юшчанкі нечакана змяніла тактыку ды пачала адчайную барацьбу з “Рэгіёнамі Ўкраіны” В.Януковіча. Вынікам гэтай барацьбы сталіся пазачарговыя выбары, прызначаныя на 30 верасьня г.г.

Зразумеўшы складанасць свайго становішча, “Наша Ўкраіна” стварыла мегаблок, куды ўвайшла большасць дэмакратычных партый.

Трэба адзначыць, што такі кампраміс з алігархамі ў многіх нацыянальна-дэмакратычных арганізацыях выклікае непрыняццё. Шэраг вядомых грамадскіх дзеячаў адмовіліся браць удзел у выбарах. Людзі не жадаюць сваім аўтарытэтам прыкрываць бездарнасць і манкурства прэзідэнцкага блоку, які ўжо даўно паспеў здаць усіх патрыётаў.

Патрыёты

Пасля далучэння УНП да мегаблоку адмовіўся ад удзелу ў выбарах папулярны ў народе і ва УНП В.Чырваній. Я.Жаўцяк зусім выйшаў з партыі. Адмовіўся ад свайго месца ў спісе М.Ратушны. Такім чынам, навідавоку раскол у буйнейшай і самай прынцыповай нацыянальна-дэмакратычнай партыі ва Ўкраіне.

На прыкладзе УНП добра відаць, наколькі драматычная і складаная сітуацыя ва ўкраінскім грамадстве. На жаль, дэмаралізаваны ўнутраным канфліктам Кангрэс Украінскіх Нацыяналістаў. Не будзе браць удзелу ў выбарах і УНА-УНСО.

Асобная гісторыя з грамадзянскай кампаніяй “Пара”. Менавіта пад сцягі “Пары” ў часе рэвалюцыйных падзей станавілася моладзь са ўсёй Украіны. Аднак вынікам барацьбы скарыстаўся спец па грантах ды фінансавы махляр В.Каськіў. У свой час толькі праз яго ішлі амерыканскія сродкі. Усе патрыёты-украінцы, на чале якіх усім вядомыя лідэры рэвалюцыі А.Юсаў, В.Залатароў, паступова былі адсунутыя. А пан Каськіў развязаў цэлы палітаўкцыён, гандлюючы і з “Нашай Украінай”, і з “Партыяй Рэгіёнаў”. Урэшце, “Пара” раскалолася і цяпер малазаўважальная ў палітычным працэсе. Сам Каськіў сёньня мільянер і здолеў купіць сабе прахадное месца ў блоку “Наша Ўкраіна”.

Прэтэнзіі патрыётаў да “Нашай Украіны” канешне абаснаваныя, выцякаюць з агульнага адыходу Юшчанкі ды ягоных паплечнікаў ад нацыянальна-дэмакратычнага курсу [г.зн., выкарыстаў украінскіх дэмакратаў, а затым “кінуў” іх; з гэтым усё зразумела; невядома толькі, пад уплывам каго. – Рэд.]. Усё часцей шэраг аналітыкаў кажа пра патаемныя перамовы паміж “Нашай Украінай” і “Партыяй Рэгіёнаў”. Натуральна, што кампраміс з алігархамі – гэта нешта іншае, чым тое, чаго чакае ўкраінскі народ.

У гэтай сітуацыі адзінай, асобнай ад мегаблоку нацыянальнай сілай, сталася аб’яднанне “Свабода” А.Цягнібока. Украінская “Свабода”, у адрозненне ад Беларускай Партыі Свабоды (БПС), з’яўляецца класічнай радыкальнай нацыяналістычнай партыяй. Цягнібок нярэдка гаворыць не толькі аб маскоўскай пагрозе, але і аб “татальным скупліванні габрэйскімі канторамі ўкраінскай уласнасці”. Цягнібок ды ягоныя саюзнікі патрабуюць, каб у парламенце і ва ўрадзе Ўкраіны большасць складалі ўкраінцы [тут няма нічога радыкальнага і “нацыяналістычнага”; такое патрабаваньне вынікае з разуменьня сутнасьці дэмакратыі. – Рэд.]. На фоне расчаравання народу ў палітыцы як прэзідэнта, так і прэм’ера, многія грамадзяне схіляюцца галасаваць за нацыяналістаў [напэўна, у такім разе супраць украінскага аб’яднаньня “Свабода” будзе выкарыстана ўзгодненая фальсіфікацыя з боку ўкраінскіх бюракартаў і алігархаў. – Рэд.].

Ходзяць размовы, што пасля выбараў з розных нацыянальных сілаў, што не патрапілі ў мегаблок “Наша Ўкраіна – Народная Салідарнасць”, будзе створана новая правая партыя…

Яшчэ раз пра Беларускі Нацыянальны Цэнтр

У свой час, калі яшчэ грымелі фанфары рэвалюцыі і пераможцы былі разам, мне даводзілася размаўляць з украінскімі палітыкамі. Я казаў, што калі не пачнуцца кардынальныя перамены, не будуць праведзеныя рэформы – чакайце рэваншу. Тое самае і пра Беларускі Нацыянальны Цэнтр: “здадзіце – паскорыце сваю паразу”. На жаль, усё так і адбылося.

Цэнтр праіснаваў чатыры (!) месяцы. Пры гэтым увесь гэты час была штодзённая апантаная барацьба за яго існаванне. Супраць нас ужывалася ўсё – і шантаж, і пагрозы, і сталыя інтрыгі. Расейская і “беларуская” амбасады рабілі сталы ціск на кіраўніцтва УНП. (Былі нават сустрэчы кіраўнікоў УНП з “беларускім” паслом). Нашыя спробы апеляваць да ўкраінскіх уладаў былі дарэмныя [нагадаем, што ўдзел беларусаў у Памаранчавай рэвалюцыі быў больш чым відавочны. – Рэд.]. Украінская МЗС мела свой рахунак інтарэсаў да Лукашэнкі. МЗС Украіны “наязджаў” на кіраўніцтва УНП. Маўляў, “як маглі”, “як пасмелі”, “не вашая справа лезці ў міждзяржаўныя тэмы”. Урэшце былі істотна паднятыя кошты на арэнду, а затым і памяшканне ў нас забралі…

Маладая ўкраінская дэмакратыя не вытрымала. Гэта быў паказнік. Калі ў такіх аспектах бярэ верх жлобскі прагматызм, з часам губляецца і здаровы сэнс. У гісторыі ўжо былі і “прагматыкі” Мюнхена, і “прагматыкі” Ялты, і “прагматыкі” Рыгі…

Паказальна і іншае. У цэнтры Менску існуюць штабы “легальнай апазіцыі” і нават незарэгістраваных арганізацый. Але рэжыму да іх няма ніякай справы. А Цэнтр, адчынены сапраўднай Народна-дэмакратычнай апазіцыяй, “забамбілі” нават у Кіеве… Чаму такія розныя падыходы?!

Гісторыя з Цэнтрам паказала, што Ўкраіна яшчэ не стала ў поўнай меры самастойнай, яшчэ чакае сваю сапраўды ўкраінскую ўладу.

Мне могуць запярэчыць: вунь афіцыйная “аб’яднаная апазіцыя” з Беларусі праводзіць свае форумы ў Кіеве ды Чэрнігаве пад пратэктаратам заходніх фондаў.

Але патлумачце мне, пры чым тут інтарэсы нашых народаў?..

Палітычная атмасфера

Той, хто крыху сачыў за падзеямі ва Ўкраіне, мусіць ведаць, як у 2006 г. “Партыя Рэгіёнаў” прыйшла да ўлады. Дэпутаты камуністы, а потым і “памаранчавыя” сацыялісты В.Мароза, атрымалі фантастычныя рэсурсы ад “сініх”. Мусіравалася лічба ў 12 млн. даляраў за аднаго дэпутата. І хоць “памаранчавых” было больш, урад сфармаваў Януковіч. Гаварыць пра законнасць і справядлівасць у гэтай гісторыі не даводзіцца.

Увесь народ ведаў, што ідзе брутальны дзерыбан, і, тым не менш, ніхто нічога не змог зрабіць. Палітычная карупцыя, брудныя алігархічныя гульні, паўсюдны гешэфт і г.д. сталі нормай украінскай палітыкі.

Правыя палітыкі кажуць, што “Украіна стала полем бою расейскіх і заходніх карпарацый”. Такім чынам, маючы ў адрозненне ад Беларусі культурную ды інфармацыйную незалежнасць, у палітычнай сферы Ўкраіна яшчэ ў пошуку.

Цяжка спрагназаваць, якія вынікі дадуць гэтыя выбары. Аднак вельмі шмат палітолагаў мяркуюць, што кардынальна нічога не зменіцца.

Досвед Украіны павінен быць ацэнены беларускімі патрыётамі-дэмакратамі. Пасля сыходу цяперашняга рэжыму ў нашай дзяржаве, нельга дапусціць, каб Беларусь сталася разменнай манетай у сварах розных барыг. Пераадольваючы адзін анахранізм, камуністычна-каланіяльны, нельга кідацца ў другі – ліберальна-алігархічны. (Які так па душы нашым абвешчаным “лібералам”). З часу адхілення рэжыму неабходна жорстка вытрымліваць планку цывілізацыйных еўрапейскіх норм у рэформах. Адбудоўваць свой сярэдні клас, а не кланы мільянераў. А для гэтага ўладу трэба браць патрыётам [беларускім зьмястоўным дэмакратам. – Рэд.], а не прадстаўнікам “абщедемократического” лагера.

Сяргей Высоцкі, з Кіева.

Пачатак верасня 2007 г.

Ад рэдакцыі:

Мы ў рэдакцыі таксама лічым дадзены артыкул надзвычай важным і вельмі ўдалым.

Галоўнае, у ім паказана, як ва Украіне г.зв. «памаранчавыя» выкарысталі г.зв. «нацыяналістаў» (якія былі, падкрэсьлім, галоўнай сілай рэвалюцыйных падзей 2004-05 гг.) і кінулі іх. Паўтарылася тое самае, што было, ёсьць і плануецца зрабіць у Беларусі.

Вось і накоплівацца статыстычная база з надзейных фактаў найноўшай гісторыі, на падставе якіх можна будзе рабіць прынцыповыя высновы адносна нашай будучай палітычнай тактыкі.

Але ёсьць у артыкуле і некалькі нязначных недахопаў.

Так, там няма ні слова пра Юлю? А яе, між тым, ва Украіне і вакол яе стала ды моцна піяраць. Хто яна такая? Што гэта за феномен? Ці расейскія імперцы і заходнія фінансавыя алігархі заранёў падлічылі, што жанчына ва Ўкраіне ніколі не стане прэзідэнтам (прынамсі, у бліжэйшы час), таму яна лічыцца імі палітычна бясьпечнай і выкарыстоўваецца для дасягненьня важнай (для іх) ролі – адцягваньня на сябе часткі «нацыяналістычнага электарату», расколу яго і, тым самым, неўтралізацыю магчымасьці прыходу да ўлады ва Ўкраіне сапраўднага нацыянальнага прэзідэнта? Ці зь ёй могуць быць пэўныя патаемныя дамоўленасьці?

Апошняя версія таксама мае права на існаваньне, паколькі Юлю ня толькі піяраць. Па чутках (!), яна і алігарх, і неўкраінка…

Другі ньюанс – гэта палітычнае пазіцыяваньне сп-ра Цягнібока. Па аб’ектыўных адзнаках, якія ўзгадваюцца ў артыкуле, ён не «скрайне правы», а тыповы цэнтрыст, які разьмешчаны паміж скрайнасьцямі. У скрайне левую і скрайне правую пазіцыі грамадства (для мэт паразітаваньня) звычайна цягнуць галоўныя соцыяпаразітныя сілы нашага часу – прыўладная бюракратыя і фінансавая алігархія.

Пры гэтым бюракратыя (яна цягне грамадства ўлева – «усё народнае, усё агульнае») чатыры галоўныя віды зброі, якія ўвогуле могуць апынуцца ў руках соцыяпаразітаў, выкарыстоўвае ў наступнай прыярытэтнасьці: фізічная сіла – (гэта найпершы іх сродак; №1); інфармацыйная дэзарыентацыя грамадства на грунце псеўда-навуковай ідэалогіі – 2; касмапалітычная дэструкцыя нацыянальнага грамадства з дапамогай дэмаграфічнага фактара – 3; грошы – 4.

Фінансавая алігархія (яна цягне грамадства ўправа – «усё прыватнае») галоўнымі сродкамі для падпарадкаваньня народу сваім паразітным мэтам, як правіла, абірае спачатку грошы – 1, затым дэзарыентацыю грамадства – 2, дэмаграфічны фактар – 3; фізічную сілу – 4. Такім чынам, паміж дадзенымі паразітнымі сіламі адрозьненьняў ня шмат (памятаеце: «усё куплю, – сказала злата; усё вазьму, – сказаў булат»). Дэструкцыя грамадства фінансавай алігархіяй з дапамогай «злата» (пра гэта ў артыкуле Сяргея больш чым дастаткова) выглядае проста… больш цывільна, чым пры дапамозе нахабнай вайсковай сілы.

Дык вось, чыста геаметрычна разьмясьціўшыся паміж скрайнасьцямі, сп-р Цягнібок пападае ў цэнтр! Г.зн., што ён тыповы цэнтрыст (а не «скрайне правы»)!  

Дадзеныя семантычныя заўвагі (гаворка пра словы, тэрміны, якімі мы карыстаемся ў апісаньні рэчаіснасьці, у нашых спрэчках) маюць ня толькі выключна тэарэтычнае значэньне.

Справа у тым, што калі мы пераходзім на семантычныя прынцыпы нашых ворагаў (бязвольна ці па недасьведчанасьці), якія яны імкнуцца патаемна нам навязаць, мы заранёў пападаем у ПАЛІТЫЧНА ПРОІГРЫШНУЮ пазіцыю. Г.зн, што калі мы на такіх людзей, як Цягнібок, будзем казаць, што яны «скрайне правыя», ці што яны – «нацыяналісты», лічыце, што мы ўжо прайгралі нашым апанентам з соцыя-паразітных лагераў.

Таму, гледзячы па тым, што сказана пра сп-ра Цягнібока ў артыкуле, яго самога і яго пазіцыю варта называць ТЫПОВА ЦЭНТРЫСЦКАЙ (скіраванай на падвышэньне ўзроўню гуманістычнай арганізацыі ўкраінскага грамадства, на яго гарманічны, сістэмны гуманістычны прагрэс; дарэчы, гэта практычна магчыма зрабіць толькі з цэнтрысцкіх пазіцый) і ЗЬМЯСТОЎНА-ДЭМАКРАТЫЧНАЙ  (нагадаем, дэмакратыя – гэта клопат пра рэалізацыю аб’ектыўных інтарэсаў народу; канкрэтнага народу! у дадзеным выпадку – украінскага! Давайце не паддавацца хаця б на псеўда-ліберальныя выверты, што «дэмакратыя – гэта працэдура»; клапоціцца чалавек пра свой народ, жадае яму дабра – ДЭМАКРАТ!).

Пералічанае не азначае, што зьмястоўныя дэмакраты схільныя поўнасьцю ігнараваць інтарэсы мяньшыняў. Не! Такія ўяўленьні навязаны ворагамі свабоды, самастойнасьці, незалежнасьці народаў! Гэта азначае, што інтарэсы розных мігрантаў, прадстаўнікоў нацыянальных, рэлігійных і сексуальных меншасьцяў маюць права быць улічаны толькі пасьля таго, як ва Украіне, ці ў Беларусі будуць улічаны інтарэсы карэннага народу – найперш у асьпектах эканамічнай, культурнай, палітычнай, ідэалагічнай, дэмаграфічнай і г.д. БЯСЬПЕКІ й СПРАВЯДЛІВАСЬЦІ…  

Дарэчы, многія з дадзеных пытаньняў ужо разгледжаныя на нашым сайце ў адпаведных артыкулах і зафіксаваныя ў дакладных дактрынальных прынцыпах.

 

 

Каментары (1)

  1. Siarhiej кажа:

    Вельмі цікавы артыкул. Навогул не хапае зразумелых аналітычных артыкулаў пра Украіну.

Пакінуць каментар

  • Старонкі

  • Катэгорыі

  • Апошнія запісы

  • Архівы