Алесь Астроўскі
3.3. Мэты грамадства і магчымасьці дэмакратыі
3.3.1. Праявы руху грамадства ў кірунку прагрэсіўнай мэты.
Галоўная мэта грамадства фармулюецца на першы погляд лёгка – гэта неабмежаванае ПРАГРЭСІЎНАЕ разьвіцьцё грамадства ва ўсіх яго сьферах і праявах. Мэта грамадства – гэта і вышэйшай грамадская каштоўнасьць, і значная частка яго аб’ектыўнага інтарэсу.
Мэта грамадства, накіраванае на ягонае разьвіцьцё, натуральна ня можа адбыцца без захаваньня грамадства ў часе. Гэтая другая мэта (захавацца) – ёсьць базавая ўмова. У выніку атрымліваецца, што агульная мэта грамадства складаецца нібы з дзьвюх мэтаў: захавацца і разьвіцца.
Вышэй, істотней дадзенах мэтаў могуць быць толькі мэты агульналюдскай цывілізацыі й Сусьвету.
Рэалізацыя мэтаў грамадства зьвязана з дзьвюма групамі рысаў грамадства. Гэта, у адпаведнасьці з вышэй адзначаным, тыя рысы, якія забясьпечваюць самазахаваньне грамадства ў часе, яго ўстойлівасьць да вонкавых і ўнутраных разбуральных узьдзеяньняў, і тыя, што забясьпечваюць уласна прагрэсіўнае разьвіцьцё.
Устойлівасьць грамадства абумоўлена дастаткова высокім узроўнем яго дыскрэтнасьці (дыскрэтнасьць – зьява адасобленасьці, аддзеленасьці ад асяродзьдзя), абумоўленым найперш нутраным адзінствам, цэласнасьцю.
Дыскрэтаванасьць і цэласнасьць не даюць грамадству распусьціцца ў асяродзьдзі іншых грамадстваў, не даюць зьнікнуць (памерці).
Дыскрэтнасьць грамадства праяўляецца ня толькі ў яго ўнутранай зьяднанасьці а таксама ў адрозьненьнях ад іншых грамадстваў, у яго своасаблівасьці, выдзеленасьці на агульным фоне іншых. Такая выдзеленасьць можа выяўляцца ў самых розных асьпектах – у культуры, мове, гістарычным досьведзе, менталітэце, генафондзе грамадства, у вонкавым выглядзе і рысах твару людзей, а таксама ў кліматычных, экалягічных, прыродных, геаграфічных і іншых асаблівасьцях тэрыторыі дзяржавы, у межах якой дадзенае грамадства пражывае і да якой адаптаванае. Мае значэньне ўсё, калі ў адказ на заяву звонку: «У нас…», – можна сказаць: «А затое ў нас»…
У дадзеным месцы трэба зрабіць адну прынцыповую заўвагу.
Сёньня распаўсюджаны меркаваньні, што, маўляў, адрозьненьні паміж грамадствамі (народамі) цяпер сьціраюцца і праз пэўны час павінны зьнікнуць. Гэта – прынцыповая ідэалагічная памылка, калі ня болей таго – наўмысны падман. Адрозьненьні не зьнікнуць ніколі, таму што ня могуць зьнікнуць. Гэта філасофская ісьціна. Але гэта яшчэ ня ўсё. Галоўнае, што адрозьненьні паміж грамадствамі (народамі) – ёсьць адна з ключавых умоў прагрэсу агульналюдскай цывілізацыі! Без іх чалавецтва ўвогуле ня будзе разьвівацца.
Таму кожны, хто клапоціцца пра захаваньне асаблівасьцяў, адметнасьцяў, пэўнай адасобленасьці (дыскрэтнасьці) любых грамадстваў (народаў), у тым ліку свайго, выступае з пазіцый адстойваньня ня толькі права на існаваньне ўласнага грамадства (народа), а і права на прагрэс усёй агульналюдскай цывілізацыі! Як кажуць, з усімі вынікаючымі адсюль наступствамі…
У сваю чаргу захаваньне адзінства, цэласнасьці грамадства залежыць, па меньшай меры, ад дзьвюх іншых рысаў яго арганізацыі – ад моцы сувязі паміж уладай ды грамадствам і ад ступені ўнутрыграмадскай зьяднанасьці на грунце альтруізму.
Сувязь паміж грамадствам і ўладай у сваю чаргу залежыць ад таго, на колькі грамадства ўспрымаецца ўладамі як іх асабістая каштоўнасьць, і ад таго, якая ступень суб’ектнасьці самаго грамадства у адносінах да ўлады (суб’ектнасьць – мера актыўнасьці стаўленьня да абставін; сітуацыя, калі не абставіны кіруюць табой, як аб’ектам, а ты кіруеш імі, як суб’ект, сам вызначаеш кірунак свайго руху ў будучыню). Натуральна, што ўсё пералічанае павінна быць на дастаткова высокім узроўні.
У сваю чаргу альтруістычнасьць грамадства – гэта гатоўнасьць грамадзян ахвяраваць часткай сваіх інтарэсаў дзеля інтарэсаў і каштоўнасьцяў усяго грамадства. Гэтае пачуцьцё разьвіваецца на аснове ўспрыняцьця свайго грамадства (народу) нечым адрозным, адметным на фоне іншых грамадставаў, і ў той жа час нечым блізкім, родным самаму чалавеку. З-за пералічанага грамадства ўспрымаецца настолькі вартасным, што ў яго прадстаўнікоў узьнікае патэнцыял гатоўнасьці да ахвяраваньня, які й ёсьць альтруізм.
Дарэчы, варта ведаць, што тое, што альтруістам вяртаецца наўзамен, поўнасьцю акупае такое патэнцыйнае ахвяраванье. Гэта і радасьць (а не зайздрасьць) за посьпехі ўсіх іншых прадстаўнікоў «майго грамадства-народу» (суседзяў, знаёмых, сяброў, блізкіх і далёкіх суродзічаў, бізнесоўцаў, навукоўцаў, фермераў, улады і г.д.), і гэта вельмі стваральнае паўнавартаснае пачуцьцё сапраўднага, адказнага гаспадара ўсяго, што належыць да «майго народу, майго грамадства» і што знаходзіцца на тэрыторыі, «дзе жыве мой народ». Альтруістычнасьць грамадзянаў найчасьцей праяўляецца ў форме патрыятызму і нацыяналізму (натуральна, у памяркоўных памерах і цывілізаваных формах).
Калі пералічаныя рысы (дыскрэтнасьць, цэласнасьць і ўсе іншыя, зьвязаныя зь імі) будуць на дастаткова высокім узроўні, грамадства-народ можа не баяцца сваёй «сьмерці» і можна пачаць клапаціцца пра тое, як далей палепшыць сваё жыцьцё.
Да рысаў, якія характарызуюць наяўнасьць уласна грамадскага прагрэсу, належаць тыя, якія забясьпечваюць матэрыяльны і гуманістычны прагрэс.
Матэрыяльнае разьвіцьцё забясьпечваецца вытворчай дыферэнцыяцыяй, якая праяўляецца ў росце сьпецыялізаванасьці, прафесійнасьці ў самых розных сьферах вытворчай дзейнасьці чалавека і грамадства. Сюды ўваходзіць ня толькі прамысловасьць і сельская гаспадарка, а і адукацыя (вытворчасьць адукаваных людзей, сьпецыялістаў), медыцына (вытворчасьць аздароўленых ці не захварэлых людзей), гандаль (вытворчасьць сувязяў паміж пакупнікамі й таваравытворцамі), дзяржаўнае кіраўніцтва (вытворчасьць эфектыўных кіраўнічых сігналаў у межах дзяржавы) і г.д. Рост функцыянальных магчымасьцяў у розных вытворчых сьферах грамадскага жыцьця заканамерна выклікае рост матэрыяльных магчымасьцяў усяго грамадства ў цэлым.
Заканамерным наступствам зьявы ўнутранай дыферэнцаванасьці зьяўляецца зьява інтэграцыі (умацаваньня адзінства, цэласнасьці) усёй вытворчай сьферы грамадства. Гэта натуральна, бо чым больш дыферэнцаваныя кампаненты, тым большае значэньне маюць моцныя сувязі паміж імі. Дарэчы, узаемадзеяньне дыферэнцыяцыі ды інтэграцыі ёсьць тэхналогіяй любога прагрэсу (хоць біялагічнага, хоць тэхналагічнага ці гуманістычнага).
У сваю чаргу, гуманістычны прагрэс павінен праяўляць сябе ў двух кірунках. Першы зь іх – гэта нарастаньне гарманізаванасьці адносін паміж чалавекам рознымі сацыяльнымі групамі (ад сямьі да класаў) і грамадствам. Павінна прысутнічаць адчуваньне, што нарастае нутраная ўладкаванасьць усіх форм адносін паміж людзьмі на ўсіх узроўнях грамадскай арганізацыі. Другі кірунак гуманістычнага прагрэсу – гэта нарастаньне ступені павернутасьці ўлады і грамадства тварам да праблем асобнага чалавека (практычна тое ж, што мы раней называлі цывілізаванасьцю). Асноўнае ж, што павінна назірацца ў працэсе гуманістычнага і цывілізыйнага прагрэсу, – гэта рост магчымасьці чалавека максімальна раскрыць свой жыцьцёвы патэнцыял.
Калі ўсё апісанае абагуліць, атрымліваецца, што ў цэлым вышэйшая мэта грамадства (народа) выяўляе сябе ў сталым росьце ўзроўню матэрыяльных магчымасьцяў й унутранай маральна-этычнай (гуманістычнай) уладкаванасьці грамадства.
3.3.2. Дэмакратыя на шляху разьвіцьця ўлады і яе ўдзелу ў рэалізацыі мэтаў грамадства.
Паколькі ўлада мае дачыненьне практычна да ўсіх умоў стабільнасьці й прагрэсу грамадства, трэба адмыслова прыгледзецца да яе самой. У першую чаргу, да працэсаў яе ўзьнікненьня і эвалюцыі.
Асноўныя этапы ўзьнікненьня ўладнай функцыі ў грамадстве і яе далейшага разьвіцьця (у тым ліку з удзелам дэмакратыі) сьхематычна паказаны на малюнку 3.5.
Мал. 3.5. Этапы эвалюцыі ўладнай функцыі ў рэалізацыі мэтаў грамадства. Тлумачэньне ў тэксьце. Пазначана: С – сістэма І узроўню; С1, С2, Сn – дыферэнцыяцыя сістэмаў І узроўню, яны становяцца кампанентамі сістэмы больш высокага ІІ ўзроўню ; К – кіраўнік сістэмы ІІ ўзроўню; НЭ – нацыянальная эліта – вышэйшая маральная эліта грамадства; + станоўчая для сістэмы ўзаемадзеяньне; – адмоўнае для сістэмы ўзьдзеяньне; 1, 2, 3, 4, 5, 6 – этапы разьвіцьця грамадства і ўладнай функцыі ў ім.
Давайце прыгледземся да іх.
Этап 1. Гэта ў значнай ступені гіпатэтычны стан, калі сістэма І узроўню (у дадзеным выпадку: чалавек, сямья, род, племя) адна і ўзаемадзейнічае з асяродзем на прынцыпах поўнай свабоды.
Пры гэтым сістэма паскарае энтрапію ў сваім асяродзьдзі й выкарыстоўвае атрыманую энэргію на антыэнтрапійныя працэсы – падвышэньне структураванасьці, арганізаванасьці – унутры сябе. Асяродзьдзе для сістэмы – крыніца рэсурсаў. У значнай ступені асяродзьдзе і рэсурсы – гэта адно і тое ж. Пры такіх узаемаадносінах з асяродзьдзем сістэма заўсёды суб’ект, а тое – заўсёды аб’ект. Прычына менавіта такога падзелу роляў паміж сістэмай і асяродзьдзем у тым, што сістэма мае якасна больш высокі ўзровень арганізаванасьці (у дадзеным выпадку гэта чалавек зь яго здольнасьцю да абстрактнага мысьленьня на фоне ўсяго жывога і нежывога сьвету). Пры гэтым нутраныя сувязі паміж яе элементамі (унутры чалавека, сямьі й г.д.) мацней, чым сувязі паміж элементамі асяродзьдзя ці паміж элементамі сістэмы і элементамі асяродзьдзя. Аб’ект (асяродзьдзе) можа паўплываць на зьвязанага зь ім суб’екта (сістэму) толькі праз дэфіцыт чаго-небудзь неабходнага сістэме, што можа наступіць. Але тады сістэма можа перамясьціца ў іншае месца, зноў набыўшы сабе асяродзьдзе з падыходзячымі для яе ўласьцівасьцямі.
Магчымасьць сістэмы-суб’екта выкарыстоўваць рэсурсы асяродзьдзя на сваё канструяваньне заканамерна вядзе да множаньня сістэмы.
Этап 2. Сістэмаў стала шмат.
Яны спрабуюць узаемадзейнічаць з асяродзьдзем на папярэдніх прынцыпах (поўнай ідывідуальнай свабоды), але ў выніку заканамерна ўступаюць у канкурэнцыю паміж сабой за рэсурсы (усе ж – людзі, семьі, плямёны і г.д. – усе суб’екты). Цяпер проста жыць, як раней, рэалізуючы сябе ў вонкавым асяродзьдзі, сістэмы І ўзроўню аб’ектыўна ня могуць. Не было раней адмоўнага ўзьдзеяньня на суб’екта-сістэму, а цяпер адзін суб’ект адмоўна ўзьдзейнічае на другі. Цяпер больш інтэнсіўна разбураецца адносна абмежаванае асяродзьдзе. Цяпер вялікая колькасьць рэсурсаў бессэнсоўна (?) павінна губляцца як на адмоўнае ўзьдзеяньне на іншыя сістэмы, так і на супрацьдзеяньне такім узьдзеяньням. Больш таго, можа стацца, што сістэмам ужо няма куды перамясьціцца, каб аказацца ў лепшых умовах (вакол усё занята).
Адным са спосабаў аслабленьня адмоўнага ўзьдзеяньня з боку іншых сістэм становіцца ўтварэньне ўнутраных межаў (агароджаў, платоў), якія аддзяляюць частку агульнага асяродзьдзя ад астатняга асяродзьдзя. Гэтыя межы асабліва хутка паўстаюць у тых месцах, дзе найбольш верагодны кантакт зь іншай сістэмай. Унутры сваіх нутраных межаў сістэма найбольш пачувае сябе ў праве бараніць дадзены фрагмент асяродзьдзя ад выкарыстаньня іншай сістэмай – усталёўвае права «прыватнай уласнасьці». Нягледзячы на гэта частка вонкавага асяродзьдзя ўсё роўна застаецца агульнай – дарогі, рэкі, моры, паветра, горы, пустыні, запаведнікі, нацыянальныя паркі й г.д.
Дарэчы, праблема: якую частку грамадскай просторы пакінуць у агульным карыстаньні (а дакладней, у распараджэньні тых, хто выступае ад імя грамадскай улады), а якую перадаць у прыватную ўласнасьць людзям (ці іх дэмаграфічным і вытворчым групам), – зьяўляецца адной з прынцыповых праблем у стратэгіі ўладкаваньня сацыяльна-эканамічных адносін у грамадстве.
Этап 3. Пераходны стан паміж сістэмамі І ўзроўню і сістэмай больш высокага ІІ узроўню.
Гэта значна лепшы стан, чым папярэдні. Сістэмы «дамаўляюцца» выкарыстоўваць рэсурсы асяродзьдзя «па агульных правілах» – у тым ліку па агульных правілах усталёўваць нутраныя межы. Агульныя правілы карыстаньня асяродзьдзем – гэта узаемныя абавязацельствы-абмежаваньні. Відавочная карысьць ад такой дамоўленасьці ў захаваньні для сябе (эканоміі) рэсурсаў, якія б пайшлі на канкурэнцыю-барацьбу (напад на іншыя сістэмы й абарону ад іх). «Агульныя правілы» карыстаньня агульным асяродзьдзем і карысьць ад іх – гэта першы інтэгратыўны механізм па аб’яднаньню сістэм ніжэйшага ўзроўня ў сістэму больш высокага ўзроўню. Вонкавыя межы гэтай пераходнай сістэмы там, куды распаўсюджваюцца дадзеныя агульныя правілы і дзе яны перастаюць дзейнічаць. Дарэчы, там, на перыферыі, яны (вонкавыя межы) й пачынаюць рэальна паўставаць (у той ці іншай форме).
Такім чынам, пераходны да сістэмы ІІ узроўню стан ужо ўключае ў сябе: сістэмы І ўзроўню + часткі асяродзьдзя, аддзеленыя прыватнымі межамі + агульнае вонкавае асяродзьдзе + вонкавая мяжа.
З сацыялагічных пазіцый новая пераходная сістэма – гэта протаграмадства.
Але пры гэтым кампаненты сістэмы аб’ектыўна апынаюцца ва ўмовах, калі ў іх узьнікае спакуса парушыць агульныя правілы (малюнак 3.5), каб атрымаць асабістую карысьць, – аказацца нібы ва ўмовах «першароднасьці», калі ёсьць «толькі ты і асяродзьдзе для цябе» (вярнуцца ў стан 1)… Пры парушэньні агульных абмяжоўваючых правілаў парушальнік караецца ўсімі іншымі сістэмамі. На іх баку агульныя дамоўленасьці і патэнцыйныя магчымасьці аб’яднацца з мэтай прымусіць парушальніка падпарадкавацца агульным правілам-дамоўленасьцям.
Этап 4. Зьяўленьне ўлады.
У выніку далейшага росту і ўскладненьня сістэмы абвастраецца магчымасьць парушэньня «агульных правілаў». Гэта закамерна ставіць пытаньне пра тое, каб нейкая сістэма (чалавек, род, група) пачала сьпецыялізавацца ў кірунку кантролю выкананьня агульных правілаў, пачала ўсё больш браць на сябе функцыю кантралёра-кіраўніка. Так узьнікае адзін з першых сьпецыялізаваных кампанетаў грамадскай сістэмы – кіраўнік, які займае больш высокі падузровень у сістэме – кіраўнічы (пры гэтым усе іншыя кампаненты сістэмы апынаюцца адносна яго на базавым падузроўні).
Усё гэта значыць, што цяпер (са зьяўленьнем кампанента са сьпецыялізаванымі кіраўнічымі функцыямі – кіраўніка, надзеленага ўладай) паўстала паўнавартасная сістэма больш высокага ўзроўню (сістэма ІІ узроўню), дзе былыя сістэмы набылі ўласьцівасьці кампанентаў новай, большай сістэмы. З сацыялагічных пазіцый, адбылося ўзьнікненьне дзяржавы.
Такім чынам, грамадства (са сваёй тэрыторыяй) + улада = дзяржава.
Роля кіраўніка дзяржавы – ствараць законы «ў імя агульнай карысьці» новай аб’яднанай сістэмы і кантраляваць іх выкананьне. Законы гэтыя датычаць як правілаў узаемадзеяньня дадзенай дзяржавы зь іншымі дзяржавамі (законы, накіраваныя вонкі), так і правілаў нутранога карыстаньня. Апошнія, у сваю чаргу, павінны ўключаюць:
– правілы карыстаньня агульным асяроддзем (кантроль нутранога асяродзьдзя – г.зн. усяго таго, што аб’яўляецца агульнадзяржаўным, агульнаграмадскім – цішыня, чысьціня, спакой, а таксама зямля, паветра, дарогі, лясы, вадаёмы, грамадскія пабудовы, пад’езды дамоў, грамадскі транспарт і г.д.);
– правілы ўстаноўкі межаў прыватнасьці (унутры гэтых межаў частка вонкавага асяроддзя лічыцца прыватнай уласнасьцю сістэмы І узроўню, і яе карыстаньне рэгулюецца прыватнымі правіламі сістэмы І узроўню – у сваіх прыватных межах яны адносна аўтаномныя);
– правілы ўзаемадзеяньня кампанентаў базавага падузроўню дзяржавы (грамадства) паміж сабой (правілы ўзаемадачыненьняў паміж людзьмі, семьямі, працоўнымі калектывамі, сацыяльнымі групамі, класамі);
– правілы ўзаемадзеяньня паміж кіраўнічым кампанентам дзяржавы (уладай) і кампанентамі яе базавага падузроўню (грамадства).
Пасьля зьяўленьня дзяржавы ўсе кампаненты новай сістэмы (былыя самастойныя сістэмы), уключаючы кіраўніка, апынаюцца яшчэ ў лепшых умовах, чым на этапе 3. Для ўласнага прагрэсу яны цяпер маюць магчымасьць больш інтэнсіўна сьпецыялізавацца, прафесіяналізавацца, што яны і робяць. Такая дыферэнцыяцыя несумненна спрыяе росквіту дзяржавы.
Пры гэтым асобныя грамадскія кампаненты дзяржавы захоўваюць (ня могуць не захоўваць) шмат рысаў аднолькавасьці, агульнасьці (паходжаньне, агульныя лёс, культура, факт знаходжаньня ў адной дзяржаве і г.д.), неабходныя для разьвіцьця альтруістычных пачуцьцяў у грамадзян. Гэтыя аднолькавасьці асабліва добра бачны на фоне іншых дзяржаў, якія таксама дыферэнцуюцца. Пачуцьці альтруізму (патрыятычнае і нацыянальнае), як ужо пісалася, – адна з асноваў устойлівасьці сістэмы да вонкавых узьдзеяньняў.
Усталёўваюцца надзейныя вонкавыя межы новай сістэмы ІІ узроўню (дзяржавы). Яны там, куды распаўсюджваецца ўлада кіраўніцтва. Калі з-за гэтых межаў узьнікае пагроза, ён абавязаны арганізаваць грамадства-дзяржаву на яе неўтралізацыю.
Ва ўсёй значнасьці сваёй ролі кіраўнік псіхалагічна пачынае ўсё больш успрымаць сябе суб’ектам адносна базавага падузроўню сістэмы – г.зн. грамадства. І ў сувязі з гэтым цяпер у кіраўніка стала існуе спакуса пакарыстацца сваімі ўладнымі паўнамоцтвамі ня толькі «на карысьць усёй дзяржавы», а і на сваю асабістую карысьць (малюнак 3.5). Цяпер ужо яго ўвесь час можа спакушаць жаданьне вярнуца ў папярэдні «райскі» стан, калі ён быў адзіным суб’ектам у аб’ектным асяродзьдзі (ужо гаварылася, што гэта ідылія – толькі гіпатэтычны стан, якога практычна ніколі не было. Але, што цікава, «успамін пра яго» ёсьць! Зусім па Марксу-Фрэйду – «успамін пра райскую будучыню пры камунізме», якога ніколі не было і ня можа быць…). Такім чынам, кіраўніку можа вельмі захацецца пакарыстацца ўсім грамадствам, нібы аб’ектным асяродзьдзем (вярнуцца ў стан 1), але такая яго магчымая дзейнасьць аб’ектыўна будзе разбуральнай, праэнтрапійнай у адносінах да грамадства і дзяржавы…
Бачачы гэты прыроджаны парок кожнай улады, ёсьць людзі, якія спрабуюць адмовіцца ад любой улады. Гэта анархісты. Пры гэтым прапагандысцкі яны малююць стан поўнай свабоды. Лёзунгі: «Ніякай улады!», «Улада – гэта рабства!», «Свабода – маці анархіі!» [нядаўна ў Гародні зьявіліся налепкі: “Закрыць міністэрствы, адкрыць межы”. – Рэд.]. Іх часткова можна, а калі-некалі нават хочацца зразумець… Аднак, па-першае, дзяржаўная ўлада – гэта адна з ключавых умоў прагрэсу грамадства. Без яе сучаснае грамадства проста ня можа існаваць. А, па-другое, заклікаючы вярнуцца ў стан 1, анархісты рэальна могуць вяруць грамадства толькі ў стан 2, дзе замест свабоды і ў дадатак да поўнай анархіі чалавек атрымае жорсткую дыктатуру ахлакратыі, дзікую канкурэнцыю, якая, як вядома, у сацыяльных сістэмах людзей (!) праяўляецца ў форме войнаў, забойстваў і г.д., а затым заканамернае вяртаньне да дыктатуры. Таму наш шлях – не адмена ўлады, а праца над тым, каб улада была адэкватная задачам, якія перад ёй стаяць.
У завяршэньні дадзенага раздзелу трэба дадаць, што на гэтым этапе разьвіцьця дзяржавы ёсьць толькі вонкавыя механізмы стрымліваньня кіраўніка на шляху яго канчатковага пераўтварэньня ў паразіта.
Калі ён усё ж даводзіў сваю краіну «да ручкі» (з-за таго, што ён кепскі кіраўнік і вялікі паразіт), яе проста разбіралі па частках ці паглыналі суседнія дзяржавы, кіраўнікі якіх аказваліся больш стрыманымі, адказнымі, дальнабачнымі. Многія князі й каралі гэта ўсьведамлялі, а тых, хто не ўсьведамляў небясьпекі ўласнай разбэшчанасьці, вынішчаў «натуральны адбор». Праўда, часта разам з грамадствам …
Этап 5. Адбываецца новы прагрэсіўны крок у дасканаленьні ўладнай функцыі дзяржавы – узьнікае дэмакратыя.
Па меры таго, як дасягае пэўнага ўзроўню дыферэнцыяцыя й інтэграцыя кампанентаў грамадства, а таксама па меры таго, як дасягае пэўнага ўзроўню грамадскія альтруістычнасьць (нарастае пачуцьцё нацыянальнай прыналежнасьці) і суб’ектнасьць (зьяўляецца агульнае разуменьне таго, што тыя, хто кіруюць дзяржавай, а ні трохі ня лепшыя адносна шмат каго з тых, хто функцыянуе на яе базавым падузроўні) разьвіваецца магчымасьць кантролю ўлады з боку грамадства.
У выніку на пэўным этапе (з часоў старажытнай Грэцыі) зьяўляецца кантроль над уладай кіраўнічага падузроўню дзяржавы з боку грамадства (базавага падузроўню дзяржавы). Аднаўленьне гэтай падзеі на новым гістарычным этапе адпавядае часам Вялікай французкай рэвалюцыі (канец XVIII ст.).
Такім чынам, кантроль, які адбываўся дзякуючы вонкавай прысутнасьці іншых дзяржаў (вонкавы кантроль), пераўтвараецца ва ўнутрыдзяржаўны самакантроль. Пры гэтым кампаненты сістэмы базавага падузроўню дзяржавы ствараюць зваротныя сувязі на кіраўніка, каб перыядычна правяраць, ці адпавядае яго рэальная дзейнасьць адведзенай яму ролі. У выніку перыядычна маса кампанетаў базавага падузроўню сістэмы становіцца суб’ектам адносна ўлады – разглядаючы яе кіраўнічую роль, як аб’ект. Гэта і ёсьць дэмакратычны этап і на шляху разьвіцьця грамадства (ды ўладнай функцыі ў ім), і на шляху зьдзяйсьненьня аб’ектыўнай грамадскай мэты.
Дарэчы, адсюль дэмакратыю сапраўды можна вызначыць як такую форму арганізацыі грамадства, калі базавы падузровень грамадства перыядычна кантралюе кіраўнічы падузровень. Суб’ект і аб’ект мяняюцца месцамі. Узаемазалежнасьць выяўляецца ў зьвязанай з часам форме перыядычнасьці. Гэтую заканамернасьць можна назваць хваляй суб’ектнасьці (гл. малюнак 3.6), характэрнай для стану дэмакратыі.
Несумненная заслуга дэмакратыі ў тым, што яна яшчэ больш робіць уладу адэкватнай інтарэсам грамадства, спрыяючы яго далейшаму прагрэсу. Дэмакратыя пераўтвараецца ў інструмант рэалізацыі галоўнай мэты грамадства (у частцы захаваньня стабільнасьці ўмоў грамадскага жыцьця), які зьдзяйсьняецца праз перыядычны кантроль улады. Дэмакратыя – гэта адзін з чарговых і неабходных этапаў на шляху рэалізацыі грамадскай мэты.
Мал. 3.6. Наяўнасьць «хвалі зьмены суб’ектнасьці» ва ўмовах дэмакратыі й яе адсутнасьць пры дыктатуры ці манархіі. Пазначана: K – кіраўнік сістэмы, C – кампанент сістэмы базавага падузроўня; t – час.
У завяршэньні дадзенага раздзела яшчэ раз з’акцэнтуем увагу на тым, чаму кантроль грамадствам кіраўнічага падузроўню дзяржавы адбываецца лепш у краінах з рынкавай эканомікай (а сучасныя сапраўдныя дэмакратыя ўсе такія). Прыватная ўласнасьць разьвівае актыўнасьць, ініцыятыўнасьць людзей (абагулена – іх суб’ектнасьць). У такіх грамадствах вялікая доля самастойных людзей, людзей–гаспадароў. У выніку ўсё грамадства з рынкавай эканомікай зьяўляецца больш суб’ектным. А гэта – адна з ключавых уласьцівасьцяў, неабходных для эфектыўнага кантролю кіраўнічай бюракратыі. Атрымліваецца, што так – праз асаблівасьці псіхічнага стану грамадства – зьвязаны паміж сабой дэмакратыя і рынкавая эканоміка, якія ўзаемна падтрымліваюць адна адну.
Несумненна, што ў кантролі дзяржаўнай бюракратыі мае сваю адмысловую ролю і вялікі капітал – фінансавая алігархія.
3.3.3. Абмежаваньні й недахопы сучаснай практычнай дэмакратыі.
Але і дадзены (5-ы) этап разьвіцьця функцыі грамадскай улады мае свае прынцыпавыя недахопы.
Галоўны недахоп ў тым, што ва «ўлады» яшчэ захоўваецца магчымасьць (а значыць, прысутнічае і спакуса) вярнуць грамадства ў больш прымітыўны стан і гэтым стварыць перавагу сабе. Гэта асабліва рэальна зрабіць у краінах: з недастатковым узроўнем дыферэнцыяцыі й інтэграцыя вытворчай сьферы (прычына – слабое разьвіцьцё эканомікі), са слаба разьвітай суб’ектнасьцю (адна з прычынаў – малая доля прыватнай уласнасьці), з недастатковай альтруістычнасьцю грамадства (адна з прычынаў – папярэдняя штучна праводзімая палітыка дэнацыяналізацыі), з малым досьведам дэмакратычнага жыцьця (“юнае” ў дэмакратычным сэнсе грамадства). На гэтым фоне ўлады, якія маюць аб’ектыўная “схільнасьці” да дэградацыі, могуць зноў пачаць больш клапаціцца пра свае асабістыя мэты, чым пра мэты грамадства.
Гэта настолькі верагодна, што на справе, каб увесь час не апынацца ў проігрышы, лепш нават папярэдне закладаць закон-умову, што любое дзяржаўнае кіраўніцтва мае сталую тэндэнцыю да бюракратызацыі й пераўтарэньня ў дэгенераваную паразітычную групу.
У выглядзе дэмакратыі чалавецтва вынайшла механізм, каб пазьбегчы глыбокай дэградацыі сацыяльнай сістэмы ў выніку такіх падзеяў. Таму што, калі дэмакратыя сапраўдная, кіраўнік сістэмы ня можа быць горшым за той узровень разуменьня мэтаў грамадства-дзяржавы, які ў сярэднім ёсьць у грамадстве. Таму практычная дэмакратыя не дапускае дэградацыі дзяржаўнага кіраўніцтва ніжэй таго ўзроўню, якім у сярэднім зьяўляецца само… У дадзенай ахоўнай ролі – галоўнае станоўчае значэньне сапраўднай дэмакратыі, як агульнацывілізацыйнай (універсальнай) каштоўнасьці.
Але варта паўтараць зноў і зноў, што гэтыя (ахоўныя) магчымасьці дэмакратыі не зьяўляюцца неабмежаванымі. Бюракратыя, узброеная дыктатурай і тэхналёгіямі чорнай прапаганды, можа разбурыць дэмакратычныя механізмы. Бар’ер дэмакратыі, якая ахоўвае грамадства, можа быць прадаўлены, і грамадства можа быць вернута ў прымітыўны, дадэмакратычны стан.
Другі аб’ектыўны недахоп дадзенага этапу грамадскай эвалюцыі заключаецца ў тым, што ў ацэнцы эфектыўнасьці рэалізацыі кіраўнічай функцыі базавы ўзровень грамадства можа абапірацца толькі на пазіцыі колькасьці. У час выбараў грамадства, абіраючы з шэрагу прэтэндэнтаў каго-небудзь аднаго, па–сутнасьці карыстаецца сярэднестатыстычным узроўнем разуменьня грамадзянамі крытэраў такога кіраўніка – усё можа вырашацца толькі большасьцю галасоў. А большасьць далёка не заўсёды бачыць лепшае рашэньне. Акрамя таго, большасьцю можна маніпуляваць. Аб’ектыўна лепш бы абапірацца на пазіцыі якасьці, але механізма для гэтага няма. Таму, з другога боку, сучасная рэальная дэмакратыя аб’ектыўна мае нібы столь, якая абмяжоўвае магчымасьці грамадскага прагрэсу.
Значная колькасьць сучасных дэмакратыяў без вонкавай падтрымкі магла б альбо перакуліцца ў дыктатару (найноўная гісторыя Беларусі таму яскравейшы прыклад), альбо вырадзіцца ў сітуацыю, калі адна група паразітычнай бюракратыі ад імя грамадства канкуруе за ўладу з другой групай… такой жа бюракратыі. Пры гэтым яны перыядычна мяняюцца месцамі – сітуацыя псеўдакантролю ўлады грамадствам ва ўмовах псеўдадэмакратыі.
Дадатковай праявай дэградацыі ўладнай функцыі ў дзяржаве, у якой, здавалася б, пануе разьвітая дэмакратыя, зьяўляецца шырока распаўсюджаная па сьвеце зьява карупцыі (праўда, апошняя зьява непасрэдна да праблем дэмакратыі мае адносна малае дачыненьне).
Натуральна, што пры ўсіх пералічаных варыянтах дэградацыі дзяржаўнага кіраўніцтва ўмовы рэалізацыі сапраўдных інтарэсаў грамадства істотна пагаршаюцца.
3.3.4. Пра патэнцыяльныя магчымасьці будучай дэмакратыі (прадстаў-леньне гіпотэзы пра 6-ы этап эвалюцыі грамадскай улады).
Улічваючы агульны кірунак разьвіцьця ўладнай функцыі ў дзяржаве, можна спрагназаваць, што ў будучыні ўлада павінна стаць яшчэ больш адпавядаючай свайму прызначэньню (служэньне аб’ектўным інтарэсам, мэтам грамадства-народа).
Для гэтага дзяржаўныя чыноўнікі павінны аказацца ў такой сітуацыі, калі яны ні пра што іншае проста думаць ня могуць (і ня хочуць), акрамя як пра максімальную эфектыўнасьць рэалізацыі сваёй кіраўнічай функцыі – забесьпячэньне прагрэсу грамадскага. Для гэтага трэба максімальна пазбавіць прадстаўнікоў дзяржаўнай улады магчымасьці выкарыстоўваць яе дзеля самазабесьпячэньня ўласнага жыцьця.
Гэта можа адбыцца ў выніку зьдзяйсьненьня некаторых прынцыповых пераўтварэньняў у грамадстве (гл. малюнак 3.7).
Мал. 3.7. Этапы эвалюцыі форм дэмакратыі ў рэалізацыі мэтаў грамадства: дадэмакратычны, сучасны дэмакратычны, будучая навуковая дэмакратыя (у апошнім выпадку атрымалася сітуацыя, якая нагадвае карбель, дзе ўлады – гэта капітан, а нацыянальная эліта – лоцман).
Па-першае, павінен адбыцца істотны пералом у сьведамасьці дзяржаўных служачых. На працу ў кіраўнічыя структуры дзяржавы павінны прымацца толькі тыя, хто мае альтруістычнае жаданьне служыць свайму грамадству (народу). Выяўленьне падобных асобаў можна праводзіць як на падставе псіхалагічнага тэставаньня, так і на падставе дакладнага аналізу жыцьцёвага шляху, які б рабіла незаангажаваная грамадская камісія. Натуральна, што пры першых даказаных адзнаках карумпаванасьці, чыноўнік павінен у тэрміновым парадку пазбаўляцца сваёй пасады. Для правядзеньня антыкарупцыйных мерапрыемстваў павінны быць арганізаваны некалькі незалежных службаў (мінімум дзьве), працуючых на канкурэнтнай аснове.
Па-другое, павінен адбыцца істотны пад’ём ўзроўню агульнай суб’ектнасьці грамадства, яго цэласнасьці, альтруістычнасьці (дарэчы, грамадства з высокім узроўнем разьвіцьця дадзеных рысаў завецца нацыяй). Названыя якасьці грамадства і вышэй названыя ўласьцівасьці служачых дзяржаўнага апарату павінны забясьпечыць адносны зрух улады са свайго кіраўнічага падузроўню ўглыб грамадства («ня над грамадствам, а разам з грамадствам, унутры яго»). Там, у цэнтры грамадства, улада павінна заняць сваю будучую натуральную нішу.
Па-трэцяе, сучасная дзяржаўная ўлада павінна быць расшчэплена на дзьве: уладу сілы (ці формы) і вышэйшую ўладу – уладу маралі (зьместу). Улада сілы, як і раней, павінна абірацца грамадствам на дэмакратычных пачатках для выкананьня сваёй арганізуючай функцыі (і ў выбарах атрымліваць легітымнасьць для сваёй «сілавой» дзейнасьці па арганізацыі агульнаграмадскага жыцьця). Але дадаткова над ёй павінен быць створаны падузровень маральна-этычнай улады (якая б адказвала за зьмест грамадскага разьвіцьця – за разьвіцьцё грамадства ў адпаведнасьці зь яго мэтай і з улікам гуманістычных прынцыпаў). Гэтая дадатковая ўлада аб’ектыўна павінна аказацца ў сітуацыі, калі яна пазбаўлена якой бы та ні было магчымасьці мець матэрыяльныя карысьці ад сваёй улады (гл. малюнак 3.7). І гэта ўлада павінна быць вышэйшай.
Такой функцыі можа адпавядаць толькі нацыянальная эліта, самаарганізаваная з прадстаўнікоў, якія маюць найбольшыя заслугі перад сваім грамадствам. У склад такой элітарнай групы маглі б увайсьці прадстаўнікі навуковай інтэлігенцыі, нацыянальнага бізнэса, творчай эліты, грамадска-палітычных дзеячаў, вядомых сваімі заслугамі перад уласным грамадствам, але якія ўжо адышлі ад актыўнай палітычнай дзейнасьці. Самаарганізаваная група нацыянальнай эліты магла б вывучаць (Навука на першым месцы) прынцыповыя пытаньні арганізацыі грамадскага жыцьця і перыядычна прадстаўляць сваё аўтарытэтнае меркаваньне грамадству (менавіта з пазіцый сваёй вышэйшай маральнай улады), напрыклад, непасрэдна перад выбарамі.
Такім чынам, грамадства магло б атрымаць дадатковае апірышча для прыняцьця якасных рашэньняў, як адносна свайго лёсу, так і адносна дзейнасьці кантралюемай грамадствам фізічна-сілавой (патэнцыйна немаральнай) улады…
Прапануемую форму больш дасканалага дзяржанага кіраваньня папярэдне можна назваць навуковай нацыянал-дэмакратыяй (паколькі ўсе будучыя пераўтварэньні ў ідэяле павіны быць заснаванымі на дасягненьнях навукі. Гл. малюнак 3.7). Будучы этап дасканаленьня ўнутрыграмадскіх палітычных механізмаў ідэялягічна адпавядае ўніверсальнай нацыянальнай ідэялёгіі, але на ўзроўні аднаго грамадства.
Прадчуваньне ўтварэньня нечага падобнага мне пашчасьціла атрымаць ў час майго знаходжаньня ў… ЗША. Там адбываюцца неверагодныя для нас падзеі ў сацыяльнай сьферы: ідзе моцная барацьба з курэньнем (у абсалютнай большасьці публічных месцаў проста забаронен паліць пад прэтэкстам, што гэта шкодзіць тым, хто не паліць); барацьба з публічным прыняцьцём алкагольных напояў (калі ў вашай руцэ на вуліцы ўбачаць, напрыклад, бутэльку з півам, вас чакае штраф); уся агульнадаступная, публічная інфармацыйная сьфера пазбаўлена дэманстрацыі інтымных бакоў жыцьця чалавека, і г.д. Калі я паспрабаваў высьвятляць, якім чынам прымаліся рашэньні пра такі кірунак сацыяльнай палітыкі (былі рэферэндумы ці якім-небудзь іншым чынам пыталіся ў грамадства), аказалася, што нічога падобнага не было. Амерыканская эліта самастойна прыняла падобныя рашэньні, разумеючы іх аб’ектыўна станоўчы характар, і фактычна явачным парадкам, там-сям, нават, гвалтоўна, навязвае грамадству яго ўласны прагрэс (іначай, накідае грамадству яго мэту)…
Дарэчы, ня ведаю, выпадковасьць гэта ці не, але прапануемы 6-ы этап эвалюцыі ўладнай функцыі ў грамадстве (гл. малюнак 3.5) таксама фармальна нагадвае нібы асноўныя філа- і антагенетычныя заканамернасьці разьвіцьця нярвовай сістэмы чалавека (таксама кіраўнічай сістэмы ў нашым целе). І там, і тут адбываецца нібы пагружэньне кіраўнічага падузроўню (нярвовай сістэмы і дзяржаўнай улады) як самай галоўнай часткі сістэмы, углыб (адпаведна, у цела арганізма і ў грамадства). Акрамя таго, далейшае разьвіцьцё і там, і там зьвязана з нарастаньнем новых, больш высокаарганізаваных структур над папярэднімі (так, кара галаўнога мозга разьвіваецца над яго падкоркавымі аддзеламі, а прапануемая ўлада нацыянальнай эліты таксама павінна разьмясьціцца над сучаснай «сілавой» уладай).
Такім чынам, ключавымі момантамі ў падвышэньні ўзроўня эфектыўнасьці выкарыстаньня дэмакратыі, як механізма агульнаграмадскага прагрэсу, зьяўляюцца:
– прыём на службу ў дзяржаўны аппарат толькі тых людзей, якія альтруістычна настроены ў адносінах да свайго грамадства;
– падвышэньне палітычнай эфектыўнасьці грамадства (за кошт спрыяньня росту яго суб’ектнасьці, альтруістычнасьці, цэласнасьці і г.д.);
– расшчапленьне дзяржаўнай улады на дзьве – уладу “сілы” (сёньняшняя формы дзяржаўнай улады) і ўладу маралі (уладу нацыянальнай эліты, якая павінна зьявіцца ў будучыні ў дадатак да сёньняшняй “сілавой улады”).
Несумненна, карыснае значэньне дадаткова могуць мець:
– падвышэньне эфектыўнасьці “правільнай” партыі;
– заканадаўчае замацаваньне за ўладай абавязку падвышаць узровень суб’ектнасьці, альтруістычнасьці, цэласнасьці грамадства і ўзровень грамадскіх ведаў аб яго аб’ектыўных мэтах;
– зьяўленьне новых навуковых распрацовак у сьферы дзяржаўнага будаўніцтва;
– іншае.
3.3.5. Магчымасьці розных формаў дэмакратыі ў дасягненьні мэтаў грамадства.
У якой ступені розныя формы дзяржаўнай ўлады ўплываюць на пералічаныя ў раздзеле 3.3.1 праявы грамадскай устойлівасьці й прагрэсу?
Трэба адзначыць, што розныя дыктатарскія і таталітарныя рэжымы па–рознаму ўплываюць на названыя ўласьцівасьці ў падуладных ім грамадствах. Усё залежыць ад асаблівасьцяў характараў такіх недэмакратычных кіраўнікоў, ад абранай імі ідэялёгіі й ад гістарычнай і палітычнай сітуацыі, у якой яны «правілі» (ці правяць).
Значна больш адназначна можна адказаць на дадзенае пытаньне ў адносінах да сучасных (класічных) дэмакратый заходняга ўзору, як і спрагназаваць, што па шэрагу параметраў будучая навуковая дэмакратыя здольна пераўзысьці іх.
У сьціслым выглядзе адказы на пытаньне, пастаўленае ў пачатку раздзела, пададзены ў табліцы 3.3.
З дадзенай табліцы вынікае, што ўсе пералічаныя вышэй праявы грамадскага жыцьця, якія ўплываюць на ўстойлівасьць і прагрэс грамадства (маючы ўнутраныя механізмы для свайго самаразьвіцьця), істотна залежаць ад адной са сьпецыфічных сьфераў грамадскага жыцьця – ад характару ўлады. Пры гэтым бачна, што недэмакратычныя рэжымы сапраўды па-рознаму ўплываюць на прагрэсіўныя рысы грамадскага жыцьця, але ў большасьці – негатыўна.
У сваю чаргу дэмакратычная ўлада мае істотна больш стабільны, станоўчы ўплыў.
Але самую лепшую персьпектыву дэманструе навуковая дэмакратыя. Яна ў першую чаргу павінна палешыць рысы цэласнасьці грамадства і ўмовы для максімальнага раскрыцьця чалавекам свайго жыцьцёвага прызначэньня.
3.4. Персьпектывы перамогі практычнай дэмакратыі ў барацьбе зь бюракратызмам і дыктатурай
3.4.1. Кірункі дзейнасьці антыдэмакратычнай улады
Нагадаем, што на малюнку 3.4 былі сімбалічна паказаны дзьве групы праблем, якія могуць паўстаць перад сапраўднай дэмакратычнай партыяй. Адну зь іх – праблемы магчымасьці дасканаленьня сучасных «класічных» дэмакратый заходняга ўзору – мы абмеркавалі вышэй. Таму цяпер сканцэнтруем сваю ўвагу на праблемах пераходу ад розных форм недэмакратыі да дэмакратыі (на мал. 3.4 пазначаны лічбай 1). З пазіцый сучаснай беларускай рэчаіснасьці менавіта апошняя група праблем па вядомых прычынах зьяўляецца найбольш актуальнай для нас.
У абставінах, падобных нашым, першачарговай задачай зьяўляецца неабходнастьць вывучэньня антыдэмакратычных дзеяньняў улады. Толькі прааналізаваўшы апошнія, можна распрацаваць эфектыўныя тэхналёгіі для ўкараненьня дэмакратыі.
Калі стаць на пазіцыі бюракратызму і дыктатуры, можна ўбачыць, што пагроза іх інтарэсам можа ісьці ад чатырох асноўных кампанентаў грамадства, якое эвалюцыянуе ў кірунку стварэньня дэмакратычных механізмаў кантролю дзяржаўнай улады.
Унутры дзяржавы паўнаўладзьдзю бюракратыі можа пагражаць сіла, якая ёсьць у самім грамадстве; веды і ўменьні, якія ёсьць у апазіцыі (грамадзянскай ці палітычнай); істотную пагрозу нясе сувязь паміж грамадствам і апазіцыяй (такая сувязь можа надаць грамадскай сіле небясьпечны для ўлады кірунак); і, натуральна, пагрозу для бюракратычнай улады нясуць дэмакратычныя працэдуры (у першую чаргу выбары), якія рана ці позна могуць «скінуць» паразітычную ўладу зь яе занадта ўтульнага месца.
Адсюль, можна ўбачыць, што паразітычна-бюракратычная ўлада імкнецца неўтралізаваць усе падобныя небясьпекі для яе, закансерваваць грамадства ў стане – асяроддзі для яе.
Для гэтага заганная паразітныя ўлада імкнецца:
1. Аслабіць грамадства.
2. Перарваць сувязі паміж грамадствам і апазіцыяй.
3. Аслабіць апазіцыю.
4. Фальсіфікаваць (імітаваць) выбарчыя працэдуры (гл. малюнак 3.8).
Мал. 3.8. Кірункі дэструктыўных дзеяньняў паразітычнай-бюракратычнай улады, каб перашкодзіць надыходу дэмакратыі. Пазначана: 1 – узьдзеяньне на грамадства для яго дэзарганізацыі, аслабленьня; 2 – разрыў сувязяў паміж продэмакратычнай апазіцыяй і грамадствам; 3 – узьдзеяньне на апазіцыю для яе аслабленьня; 4 – фальсіфікацыя, імітацыя выбараў.
Але падобную дзенасьць лепш разглядаць на прыкладзе канкрэтнай сітуацыі – у дадзеным выпадку, канешне ж, нашай, беларускай (будзе адмыслова разгледжана далей).
3.4.2. Барацьба за дэмакратыю абстрактную ці канкрэтную?
Неабходнасьць пераходу да кантрэтных праблем дэмакратыі ў канкрэтнай краіне заканамерна паўстае ў працэсе пошуку адказу на яшчэ адно, здавалася б, чыста тэарэтычнае пытаньне.
Так, калі мы аналізуем словы дэмас і крэацыя, можна зьвярнуць увагу ня толькі на другое, але і на першае слова. Такі падыход заканамерна вядзе да неабходнасьці паставіць пытаньне: дэмакратыя для абстрактнага грамадства, грамадства ўвогуле ці для канкрэтнага грамадства-народу?
Натуральна, што для канкрэтнага…
А калі рэальная дэмакратыя можа быць толькі ў форме дэмакратыі канкрэтнага народу, тады паўстаюць пытаньні пра тое:
– Ці могуць быць у дэмакратыі нацыянальныя асаблівасьці? Ці яна павінна існаваць толькі ва ўніверсальных, стандартных формах?
– Калі ёсьць разуменьне і жаданьне ўкараняць дэмакратыю, лепш рабіць гэта з улікам нацыянальных традыцый, асаблівасьцяў псіхікі прадстаўнікоў дадзенага грамадства–народу, індывідуальных і сямейных каштоўнасьцяў? Ці, наадварот, дэмакратыю трэба ўкараняць, як суму абстрактных каштоўнасьцяў?
– Ці трэба ўлічваць канкрэтную гістарычную і палітычную сітуацыю ў краіне, у якой адбываецца змаганьне за дэмакратыю? Ці, наадварот, укараняючы яе, ісьці па шляху жорскай арыентацыі на пэўныя стандартныя сьхемы?
Адказваючы на гэтыя пытаньні, можна сьмела сьцьвердзіць: няма ўніверсальнай дэмакратыі для, напрыклад, канкрэтнай Беларусі! У нас мае шанцы перамагчы толькі беларуская дэмакратыя, у якой ёсьць пэўныя ўніверсальныя рысы…
Абсалютная безвыніковасьць змаганьня за «демократию вообще», якую вось ўжо шмат гадоў вядуць «демократы вообще», пакідае за мяжой неабходнасьці што-небудзь яшчэ даказваць… [страта чарговых 5 гадоў у такім “змаганьні” робіць дадзеную тэзу аксіёмай. – Рэд.]
Дэмакратыя – гэта сума амерыканскай, нямецкай, брытанскай, польскай і г.д. дэмакратый, а ў будучыні – украінстай, беларускай, татарскай, рускай, якутскай, грузінскай, чачэнскай, кітайскай і г.д. дэмакратый (гл. малюнак 3.9).
Мал. 3.9. Сучасная дэмакратыя як агульнацывілізацыйная каштоўнасьць – гэта сума агульных прынцыпаў дэмакратыі й усіх асаблівасьцяў нацыянальных дэмакратыяў, якія ёсьць і якія будуць усталяваны ў адпаведных краінах (сьветлае на шэрым фоне).
Варта зыходзіць з гэтага факта, як аксіёмы.
Іншае разуменьне дэмакратыі (як паказвае, у прыватнасьці, і беларуская палітычная рэчаіснасьць) вядзе да даго, што рэзка зьніжаецца эфектыўнасьць яе ўкараненьня ў краіне, як, дарэчы, распаўсюджаньне ў сьвеце і эвалюцыйнае дасканаленьне («демократия вообще» нават на Беларусі не праходзіць) [зьвярніце ўвагу, гэта тэза была сфармуляваная і распаўсюджаная 5 гадоў таму. – Рэд.].
Зыходзячы з гэтага, спачатку трэба вывучыць гістарычныя, культурныя, псіхалагічныя, эканамічныя, палітычныя і г.д. асаблівасьці, напрыклад, беларускай рэчаіснасьці, а ўжо затым – змагацца за ўкараненьне беларускай дэмакратыі…
Толькі так можна паспрыяць пашырэньню гэтай прагрэсіўнай формы ўлады ў сьвеце.