nashaziamlia.org

Асьветна-адукацыйны, грамадазнаўчы сайт для беларусаў: аналіз, прагноз, сілы, інтарэсы, сьветагляды, ідэі, ідэалогіі, праграмы, мэты.

Запісы

Што беларусу да Кітая? (частка 5)

27 студзеня, 2008 | Каментары (1)

���ай �.JPG

У дадзены фрагмент тэмы мы сабралі матэрыялы, прысьвечаныя дэмаграфічнай і эканамічнай палітыцы Кітаю ў глабальным маштабе. Можна заўважыць, што кітайская імперыякратыя ў апошнія гады кардынальным чынам мяняе прынцыпы сваёй імперскай палітыкі, узбройваецца істотна большай агрэсіўнасьцю. Расея і ЗША ня ведаюць, што рабіць. Артыкулы самых розных па сваіх сьветаглядах асобаў з усёй відавочнасьцю сьведчаць пра гэта.

Рэдакцыя.

 

1. Новае ў глабальнай палітыцы і ў падзеле энергетычных рынкаў

НОВАЯ КІТАЙСКАЯ РЭВАЛЮЦЫЯ

Хамфры Хоўкслі (“The Financial Times”, Вялікабрытанія, 2006 г.; паводле http://inosmi.ru/translation/226627.html)

 

Нячаста, недзе раз у паўстагоддзі, на сьвеце божым зьяўляецца палітычная ідэя, якая прыцягвае ўвагу людзей. У пачатку ХХ стагоддзя такой ідэяй стаў марксізм: ён здолеў пратрымацца на грэбні хвалі амаль да канца стагоддзя, але ўрэшце справа скончылася правалам – абяцаньнямі сыты ня будзеш.

Нацысцкай ідэалогіі пашанцавала яшчэ менш – бо шлях да раю, які яна абяцала, пралягаў праз войны і неапісальныя пакуты іншых народаў. Такая ж эпітафія рана ці позна чакае і “Аль-Каіду” [але ж і параўнаньне. – Рэд.].

Але сёньня, пакуль ўвага міжнародных палітычных колаў прыкаваная да праблемы ісламскага фундаменталізму і падзеяў у Іраку, Заходняе паўшар’е становіцца “выпрабавальным палігонам” для іншай альтэрнатыўнай палітыка-эканамічнай канцэпцыі, здольнай у канчатковым выніку скласьці сур’ёзную канкурэнцыю заходняй ідэалогіі.

Кітай вылучыў слоган “сусьветнага ўзьлёту” і рэкламуе краінам Афрыкі ды Лацінскай Амерыкі сваю сістэму ў якасьці ўзорнай прылады пераадоленьня жабрацтва. Гэтая піяр-кампанія знаходзіць удзячных слухачоў сярод кіраўнікоў гэтых краін: яны ня могуць ня бачыць, што кітайская эканоміка расьце беспрэцэдэнтнымі тэмпамі, а іх уласная эканамічная палітыка, якая праводзіцца пад дыктоўку МВФ і пад патранажам гуманітарных арганізацый, вядзе толькі да застою [аказваецца, і тут МВФ даў застой. – Рэд.].  Сёньня кітайцы, якія яшчэ 20 гадоў таму марнелі ў жабрацтве, бяруць іпатэчныя крэдыты на пакупку дома, а бедакі ў іншых краінах ня могуць наскрэсьці грошай на новыя чаравікі.  

Так што абвастрэньне спрэчак аб перавазе “кітайскага шляху” непазьбежнае. Аднак вырашальнае значэньне будзе мець рэакцыя Амерыкі.

Усходнюю Азію Кітай мае права аб’явіць сваёй авансцэнай  [ніхто ня мае права аб’яўляць сваёй “авансцэнай”, “сьферай інтарэсаў” і г.д. ніякія дзяржавы, ніякія этнічныя тэрыторыі! гэта аксіёма для кожнай культурнай, цывілізаванай асобы, для кожнага чалавека-гуманіста; да іх аўтар артыкула, яўна, не належыць; разумеем, рэшткі брытанскага імперскага інстынкту… – Рэд.].

Афрыканскія дзяржавы гатовыя ўхапіцца за любыя новыя ідэі. Але Лацінская Амерыка – справа зусім іншая. Яшчэ ў 1823 г., калі цэлы шэраг гішпанскіх калоніяў на гэтым кантыненце заваяваў незалежнасьць, прэзідэнт ЗША Джэймс Манро распрацаваў дактрыну (названую яго імем), пакліканую не дапусьціць новай каланізацыі рэгіёну.

У адпаведнасьці з дактрынай Манро, народжанай небясьпекай, што Францыя, Гішпанія і Расея могуць аб’яднацца, каб вярнуць новыя незалежныя дзяржавы папярэднім гаспадарам, разглядалі любыя спробы еўрапейскіх краін узмацніць уплыў у Новым Сьвеце, як пагрозу “спакою ды бясьпецы” ЗША. Але пасьля таго, як небясьпека з боку Еўропы сышла на нішто, дактрына Манро засталася краекутным камянём амерыканскай вонкавай палітыкі. У гады Халоднай вайны яна ператварылася ў жорсткую барацьбу супраць савецкага ўплыву на Кубе, Гранадзе, у Чылі, Нікарагуа (сьпіс можна працягнуць).

Аднак сёньня, праз два-тры дзесяцігоддзі, лацінаамерыканскія выбарцы дэманструюць сьхільнасьць да падтрымкі левых лідэраў, ськептычна настроеных што да ЗША – ад Уга Чавеса ў Венесуэле да менш радыкальнага бразільскага прэзідэнта Луіса Інасіў Лула да Сілвы.

На думку некаторых амерыканскіх заканадаўцаў і дзяржаўных дзеячаў, спалучэньне такіх інгрэдыентаў, як беднае насельніцтва, левыя рухі й гіганцкая камуністычная дзяржава спараджае настолькі выбухованебясьпечную сумесь, што час ўжо зноў выцягваць дактрыну Манро і спыніць кітайскі ўплыў на кантыненце [а ў іншым сьвеце можна не спыняць?.. – Рэд.].

Варта разабрацца – і не марудзячы – з “прывідам Халоднай вайны”, які ўсё часьцей паўстае з магілы, каб Лацінская Амерыка не пераўтварылася ў новы “палігон” суперніцтва паміж Амерыкай, заклапочанай сваёй бясьпекай, і Кітаем, які ўсё больш упэўнена дзейнічае на міжнароднай арэне.

Амерыканскія аматары “тэорыі змовы” ўжо пачынаюць падаваць няспынны эканамічны рост у Кітаі, заніжаны курс юаня, скарачэньне працоўных месцаў у амерыканскай прамысловасьці з-за пераносу вытворчасьці ў “Паднябесную” [гэта кітайцы прыязджаюць у ЗША, дэмантуюць там прадпрыемствы і перавозяць да сябе?.. – Рэд.] і рост кітайскіх інвестыцыяў за мяжой, як элементы грандыёзнага плана “Сярэдзіннай імперыі” па захопу сусьветнага дамінаваньня.

Чаго рэальна здольны дасягнуць Кітай, можна толькі меркаваць. Амаль палова прамых кітайскіх інвестыцый прыпадае на Лацінскую Амерыку: у Пекіне заяўляюць, што праз 5 гадоў іх аб’ём дасягне 100 млрд. даляраў. Ужо падпісаныя дамоўленасьці з лацінаамерыканскімі краінамі аб стварэньні сумесных прадпрыемстваў у сталеліцейнай прамысловасьці, транспартнай і энэргетычных галінах: пашыраецца абмен ваеннымі дэлегацыямі.

Усё гэта, як можна меркаваць, не павінна выклікаць у Амерыкі заклапочанасьці – калі, вядма ж, не разглядаць гэтыя пытаньні ў кантэксьце захаваньня глыбокіх рознагалосьсяў зь Пекінам адносна сістэмы кіраваньня грамадствам [ага, усё ж такі ўсё зводзіцца да ідэалогіі!.. – Рэд.]:

– для ЗША галоўнае – выбарнасьць улады.

– Кітай ставіць на першае месца пераадоленьне беднасьці [дый толькі на словах ён – “Кітай” – такую мэту ставіць, усяго на словах! гэта бачна няўзброеным вокам; любой імперыякратыі напляваць на людзей (тым больш кітайскай), паколькі яна бачыць іх толькі як сродак дасягненьня сваіх імперскіх, соцыя-паразітных мэт. – Рэд.]

Урадам абедзьвюх краін неабходна прадпрыняць меры супраць узмацненьня нацыяналістычных тэндэнцый на ўнутрыпалітычнай сцэне  [правільная назва гэтых тэндэнцый не “нацыялістычныя”, а імперскія! недавучка ты брытанская… – Рэд.]. Яны павінныя, хаця б на нефармальным узроўні, прызнаць, што метад, які сёньня называюць “кітайскай мадэльлю” – пабудова рынкавых інстытутаў ва ўмовах жорскай дыктатуры – у свой час выкарыстоўваўлі й ЗША, спрыяючы стварэньню выніковай эканомікі на Тайвані, у Паўднёвай Карэі, у Чылі [кітайская імперыякратыя ніякія такія задачы перад сабой ня ставіць; яна ставіць імперскія задачы, дзе рост эканомікі – адзін з чыньнікаў, неабходных для дасягненьня пастаўленых імперскіх мэт. – Рэд.].  

Калі ж сітуацыя выйдзе з-пад кантролю і верх возьме гістэрыка ў духу Халоднай вайны, Амерыку чакае шмат непрыемных сюрпрызаў. Кітай – адзін з буйнейшых крэдытораў ЗША, а амерыканскі спажывецкі рынак залежыць ад кітайскіх тавараў.

Магчыма, мы зноў убачым дактрыну “ўзаемнага гарантаванага зьнішчэньня” ў дзеяньні, але спачатку будзе эканамічная катастрофа… [мы лічым так сама – катастрофа будзе; занадта шмат і на Захадзе тых, хто абсалютна эгаістычны, сквапны і косіць пад наіўняка – вось у гэтым галоўная прычына будучых трагедый. – Рэд.].

 

 

КІТАЙ НАСТУПАЕ НА ЗША З ПОЎДНЮ

Паводле інтэрнэт-выданьня “pravda.ru”, лістапад 2007 г.  

 

КНР праз свае нафтавыя кампаніі заключыў шэраг кантрактаў у Цэнтральнай Азіі, Афрыцы ды Лацінскай Амерыцы.

Пекін перасьледуе дзьве мэты.

Першая – вынікова скарыстаць назапашаную доларавую масу, разумеючы, што фінансавая сістэма Захаду трашчыць па швох, і сусьветная валюта (даляр) у персьпектыве заваліцца. Кітай лічыць неабходным своечасова “абмяняць” яе на матэрыяльны эквівалент, лепш за ўсё на нафту ды газ. Гэтым тлумачацца яго паводзіны ў Судане на тэрыторыі мяцежнага Дарфура, дзе Пекін, нягледзячы на крывавыя падзеі грамадзянскай вайны, укладае мільярды даляраў у багатыя нафтавыя палі. 

Другая мэта – максімальна асвоіць энэргарэсурсы іншых краін, захоўваючы свае недатыкальнымі. Мала хто ведае, што залежы нафты ды вугалю ў Кітаі даволі значныя, але яны не распрацоўваюцца, складаючы НЗ. Дакладна так жа пекінскія ўлады забараняюць рубіць уласны лес, аддаючы перавагу пакупцы яго афіцыйна альбо вывозячы кантрабандна зь Сібіры і Далёкага Усходу Расеі. Прасьцей езьдзіць па сьвеце і купляць за “фаньцікі” багацьці іншых. Прычым Пекін, для гарантыі, абірае тыя краіны і рэжымы, якія адкрыта супрацьстаяць яго патэнцыйнаму суперніку – Злучаным Штатам.

Класічным прыкладам эканамічнай палітыкі Кітая зьяўляюцца вынікі паседжаньня дзьвюхбаковай міждзяржаўнай Камісіі Венесуэлы і КНР, падчас якога было падпісана 11 пагадненьняў аб рэалізацыі супольных праектаў у паліўна-энэргетычным, прамысловым і сельскагаспадарчым сектарах.

Прыярытэтнае значэньне ў венесуэльска-кітайскіх эканамічных зносінах надаецца супрацоўніцтву ў буйных праектах на тэрыторыі Венесуэлы пры тэхнічным судзеяньні Кітая. Так, Венесуэльская дзяржаўная нафта-газавая карпарацыя PdVeza і Кітайская нацыянальная нафта-газавая карпарацыя падпісалі пагадненьне аб павелічэньні паставак венесуэльскай нафты ў КНР і ўдзелу кітайскай карпарацыі ў ацэнцы колькасьці запасаў нафты на буйнейшам у сьвеце нафтаносным пасе ракі Арынока.

Венесуэла плануе нарасьціць пастаўкі нафты ў Кітай да 2010 года з 300 тысяч да 1 мільёна бараляў у дзень (у цяперашні час з 3,2 млн. бараляў у дзень, якія здабываюцца ў краіне, амаль палова – 1,5 млн. – экспартуецца ў ЗША).

Пекін дамогся свайго і часткова забясьпечыў сябе ад магчымых ускладненьняў на Усходзе. Справа ў тым, што каля 12% нафтавага імпарту КНР прыпадае на Іран. І ў выпадку новай вайны ў Персідскай затоцы Кітай можа быць адрэзаны ад жыцьцёва важных рэсурсаў.  Калі ж будзе блакаваны Армузскі праліў (а гэта ўваходзіць у планы і Вашынгтона, і Тэгерана), Пекін, як і Еўропа, рызыкуюць страціць сваю блізкаўсходнюю нафту.

Супрацоўніцтва зь Венесуэлай дае шырокія персьпектывы Кітаю. Ён прыходзіць на паўднёваамерыканскі рынак, робіць сваю энэргетычную сістэму бясьпечнай і ў дадатак да ўсяго можа адціснуць Расею ды іншыя краіны на рынку ўзбраеньняў.

 

 

2. Расея пачынае звыкацца з рольлю малодшага партнэра Кітая

ЧАРГОВЫ ВЯЛІКІ ВІЗІТ ПУЦІНА

Аляксей Багаслоўскі (кастрычнік 2004 г.; паводле www.ari.ru/doc/?id=2222)

 

Тры гады таму Кітай у корані перагледзеў сваю энэргетычную палітыку.

У 1990-х краіна ўсяляк стрымлівала імпарт вадкага паліва. Верхам мараў дырэктара рэстаранчыка альбо маленькай фабрыкі быў мапед. Стрымліваўся і імпарт аўтамабіляў (300% пошліны), і мясцовая вытворчасьць. Цяпер Кітай вырашыў выйсьці ў лідэры сусьветнага аўтамабілебудаваньня. Колькасьць зробленых аўта пераваліла за мільён у год, і да Пекінскай алімпіяды пераваліць за 10 мільёнаў.

Кардынальныя перамены чакаюцца і ў газавай індустрыі. Амаль ад межаў з Казахстанам у цэнтар Кітаю пачалі будаваць магістральны газаправод. Справа ня проста ў гатовасьці КНР закупаць расейскі й казахскі газ.

Праз некалькі гадоў абваліцца заходняя манаполія на кантроль над будаўніцтвам трубаправодаў на постсавецкай прасторы. Казахстан адмаўляцца ад выгаднага кантракту ня будзе. Мы [Расея. – Рэд.] бярэм казахскі газ па 40 даляраў за тысячу кубоў, а прадаем за 100. Тыя ж рабаўнічыя ўмовы чакаюць Казахстан і пры пастаўках газу па амерыканскім газаправодзе Баку-Джэйхан. Трубаправод у Кітай дазволіць яму вырашыць пытаньні энэргазабесьпячэньня ўсходу сваёй краіны, забясьпечыць палівам галоўныя прамысловыя раёны, газафікаваць вёскі, інтэграваць Кіргізію ў сваю эканоміку [яшчэ адзін прыклад “інтэграцыі” на постсавецкай прасторы. – Рэд.], скончыць зь нераўнапраўнымі ўмовамі ў гандлі.

Кітай жа ў бліжэйшай будучыні будзе наўпрасткі, самастойна качаць нафту і газ з Казахстана, Туркменіі й Узьбекістана, выкупіць мясцовыя радовішчы ў заходніх кампаній і пакіне Газпрам толькі зь вялікім ямальскім носам.

А што Расея?  Гісторыя нашых планаў па будаўніцтву трубапровадаў на ўсходзе краіны годная вялікага рамана.

У Азіі мы маем чатырох патэнцыйных спажыўцоў нафты ды газу – уласнае насельніцтва (пра якое да наступу зімы і ўспамінаць нягожа), КНР, Японію і Паўднёвую Карэю. Першапачатковы праект у часы Гарбачова меў на ўвазе будаўніцтва газаправода ў Манчжурыю і далей морам, у абыход Кім Ір Сэна, у Паўднёвую Карэю. Амерыканцы заварушыліся і сарвалі праект.

У 1990-я альтэрнатывай стаў праект газаправода ў Японію. Газаправод павінен быў праходзіць побач з Транссібам. Там будаўніцтва таньней, там жа жыве большасьць расейскага насельніцтва Сібіры і Далёкага Усходу. Але бяда (для ЗША) – побач Кітай, і калі Японія пачне заніжаць цэны, перапрадаць газ КНР – пара пусьцякоў.

У канцы 1990-х Кітай пачаў праяўляць больш актыўны інтарэс да нашага газу. Узьнікла аж два праекты. Першы меў на ўвазе будаўніцтва газаправоду ў Кітай праз Іркуцкую вобласьць, Буратыю і Чыцінскую вобласьць. Праект дазваляў забясьпечыць газам палову Усходняй Сібіры, а, калі Кітай пачне гуляць з цэнамі, паэтапна перанакіраваць частку газу далей праз Амурскую вобласьць расейскім спажыўцам на Далёкім Усходзе, у Паўночную і Паўднёвую Карэі й, нарэшце, у Японію… На жаль, такі план Захаду таксама не спадбаўся.

Узьнік другі праект: праз вечную мерзлату, па Якуціі, далей уздоўж БАМу, у абыход Хабараўска, прама ў сопкі Сахаліна і далей у Японію. Праект, натуральна, даражэйшы. Затое наша насельнітцва застаецца без газу, Кітай – на бабах, Карэя ў разьлік не бярэцца, Японія дыктуе аб’ёмы і цэны пставак. Сума ўкладаньняў у мерзлату падалася Японіі завялікай, а дадатковыя 14-20 млрд. даляраў нашы алігархі дарыць Японіі не жадаюць. Тут і Чубайс зь японцамі пасварыўся. Па праеце Сахалін-3 ён планаваў пабудаваць на поўдні вострава электрастанцыю і гнаць у Японію электрычнасьць замест газу, каб мець дадатковы навар. Хітрыя японцы аддалі перавагу будаўнцтву электрастанцыі на сваім баку і вырашылі Чубайса ў долю ня браць. Тады расейскі бок гучна паведаміў, што газу ў нас практычна няма, што патрабуюцца дадатковыя геалагічныя вышукі. Калі каму патрэбны газ, хай сам шукае. Заходнія кампаніі сталі ўпірацца, яны даўно з-пад палы купілі даныя геолагавыведкі й укладываць сотні мільёнаў у выведку загадзя вывучаных тэрыторый не жадалі.

Вось такая абстаноўка. [Якое рашэньне павінная прыняць Расея з улікам актуальнай геапалітычнай абстаноўкі? – Рэд.]  Ад паставак адмаўляцца – грошы губляць; трубаправод цягнуць – Захад злаваць; час цягнуць – Казахстан у канкурэнты выйдзе; дачакацца, пакуль Кітай усе інвестыцыі сам на сябе возьме – ён тады ня толькі з Казахстана, яшчэ і з Туркменіі ды Узьбекістана газ і нафту пачне качаць.

Цэны на энэрганосьбіты растуць, прапановы пакупнікоў становяцца ўсё спакусьлівей. Цяжка Пуціну – і хочацца, і колецца, і дзядзька Сэм не веліць…

Летам грымнуў гром. Кітай і Казахстан афіцыйна аб’явілі пра пачатак будаўніцтва нафтаправоду, разьлічанага на перакачку 50 млн. тонаў нафты ў год. Прычым будаваць пачалі адразу з двух бакоў. Запланаваны аб’ём паставак – у 2 разы больш усёй здабычы нафты ў Азербайджане (Дарэчы, у гэтых умовах нафтаправод праз Каспій, які дазваляе качаць казахскую нафту для нафтаправода Баку-Джэйхан у Турцыю адразу стаў абаюдавострай зброяй. Пасьля яго будаўніцтва Кітай здолее і да бакінскай нафты дацягнуцца).  

У Расеі перапалох. Сібірскія кампаніі перастаюць залежаць ад расейскай трубы і, адпаведна, Крамля. Праз некалькі гадоў эканамічна выгадна стане гнаць нафту танкерамі па Іртышы і ў казахскую трубу закачваць [гл. адпаведны малюнак часткі 4. – Рэд.].

Заканчваецца манаполія Еўропы на расейскую нафту.

Японцаў таксама перасмыкнула – недарэчна яны сталі выглядаць са сваімі спадзевамі на дзядзьку Сэма [дакладней, на цётку Сіму… – Рэд.], які абяцаў ім эксклюзіўны доступ да багацьцяў Сібіры.

Але зусім кепска стала амерыканцам. Страціла сэнс уся сьхема іх панаваньня ў Сярэдней Азіі. Атрымліваецца, што заўтра іх ваенныя базы ва Узбекістане і войскі ў Аўганістане пачнуць берагчы рэгіён не для нафты для Заходняга сьвету, а дзеля шанхайскіх бензакалонак…

У Астане, сталіцы Казахстана, ЗША пачалі чарговы раўнд вялікай гульні супраць Назарбаева. Аднак, празаходняя апазіцыя там слабая. Патрэбны час і грошы на яе разьвіцьцё. Акрамя таго, масавая база для апазіцыі адсутнічае – узровень жыцьця ў Казахстане пераўзыйшоў сярэднерасейскі, эканоміка разьвіваецца нават хутчэй за Кітайскую, краіна поўная эканамічных бежанцаў з жабацкага, але празаходняга Узьбекістана.

Тут задумаўся Уладзімір Уладзіміравіч. Карціна, дык, цалкам зьмянілася…

Раней пастаўкі нафты ды газу з Расеі ў КНР перашкаджалі кантролю ЗША над пастаўкамі нафты праз Персідскую затоку. Цяпер – лепш пастаўкі праз падкантрольны Крэмль, чым праз незалежнага Назарбаева…

А Кітаю гэта толькі й трэба. Адной сярэднеазіяцкай нафты яму ўжо мала…

Дзеля аб’ектыўнасьці заўважым: зьмена сітуацыі патрэбная і Расеі – нельга залежыць толькі ад аднаго спажыўца – Заходняй Еўропы. Давялося дзейнічаць згодна са  здаровым сэнсам [паглядзім, куды гэты “здаровы сэнс” прывядзе Расею. – Рэд.].

Дарэчы, і кітайцы павялі сябе як “добры дзядзька”: і ідэю будаўніцтва сібірскага нафтаправода прынялі, і ідэю газаправода ўхвалілі, і крэдыты паабяцалі, і зрабілі выгляд, што вымушанасьць паездкі Пуціна ў КНР ва ўпор ня бачаць. Кітай таму і расьце, што не жадае мець усё і адразу ў адзін дзень ды яшчэ на халяву.

Хай ЗША пакуль у Іраку барахтаюцца, на Аўганістан выдаткоўваюцца, хай расейская армія развальваецца, а дэмаграфічны і кіраўнічы крызіс у Расеі паглыбляецца…

А КНР расьце, разьвіваецца і хаду падзеяў пакуль не прысьпяшае…

 

 

УСХОДНЯЯ ВЕРСІЯ НАТА І РОЛЯ РАСЕІ Ў ЁЙ

Інга Мантойфэль – галоўны рэдактар службы “Нямецкая хваля”, жнівень 2007 г.

 

Расея паступова ўцяляецца ў ролю малодшага партнэра Кітая.

У Кыргызстане адкрыўся саміт Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва (ШАС). Ён адбываецца на тле ваенных вучэньняў краін-удзельніц ШАС, якія пачаліся 9 жніўня на тэрыторыі Расеі ў Чэлябінскай вобласьці.

Гэта ня першыя манэўры, якія адбываюцца пад эгідай ШАС. І, тым ня менш, “антытэрарыстычныя” вучэньні пад назвай “Мірная місія – 2007” па шэрагу прычынаў маюць асаблівае значэньне.

Упершыню да вучэньняў ШАС прыцягнутыя войскі й тэхніка ўсіх краін-сяброў арганізацыі: Кітая, Расеі, Казахстана, Кіргізіі, Таджыкістана і Узбекістана. Акрамя таго, гэта самыя буйныя вайсковыя манеўры за 6-гадовую гісторыю ШАС: у іх прымаюць удзел 6500 ваеннаслужачых і 80 адзінак ваенна-паветранай тэхнікі. Кітай мае тут дамінуючую ролю.

Вучэньні праходзяць ня толькі ў Чэлябінкай вобласьці – зоне адказнасьці Прыволжска-Уральскай вайсковай акругі, але і побач з кітайскім горадам Урумчы – сталіцай Сіньцьзян-Уйгурскага аўтаномнага раёна.

1700 кітайскіх ваеннаслужачых дастаўленыя ў Расею па паветры і чыгунцы. Пекін упершыню выдзяліў такі буйныя кантынгент салдатаў, тэхнікі й зброі для манэўраў, якія адбываюцца на настолькі значнай адлегласьці ад кітайскай мяжы.

Сцэнары, якія разыгрываюцца на ваенных вучэньннях ШАС, не пакідаюць сумневу, што першую скрыпку ў іх арганізацыі грае менавіта Пекін. Два гады таму кітайскія ўлады пераканалі Крэмль абраць месцам правядзеньня манеўраў “Мірная місія – 2005” узьбярэжжа Жоўтага мора. Там адбылася вучэбная высадка сумеснага дэсанту.

Тады заходнія СМІ ўказалі, што вучэньні насілі яўна анты-тайваньскую накіраванасьць.

У гэтым годзе “антытэрарыстычныя” ваенныя вучэньні адбыліся ў кітайскай правінцыі, населенай уйгурамі, якія спавядаюць іслам. Вось ужо многія гады ўйгуры змагаюцца супраць акупацыі сваёй краіны. Уйгурская праблема – яшчэ адно хворае месца кітайскай палітыкі.

Як і два гады таму, сумесныя манеўры ШАС адбываюцца не па расейскім сцэнары, а па кітайскім. Масква ідзе насустрач любым жаданьням Пекіна. Пры гэтым відавочна, што манеўры, якія адбыліся – адзін са шматлікіх дробных стратэгічных крокаў Кітая па замацаваньні ролі вядучай дзяржавы Азіі.

Што да Расеі, дык яна блытае стратэгію з тактыкай: Крэмль паглыбляе ваеннае і палітычнае супрацоўніцтва зь Пекінам, імкнучыся дамагчыся аслабленьня ўплыву ЗША ў Цэнтральнай Азіі ў кароткатэрміновай персьпектыве.

Паводзіны Расеі, верагодна, тлумачацца тым, што сваімі галоўнымі супернікамі яна лічыць ЗША і Еўропу.

Пры гэтым Крэмль не заўважае відавочнага: у доўгатэрміновай персьпектыве дамінуючую ролю на еўразійскім кантыненце будуць мець не ЗША, а Кітай – краіна, якая ўсё настойлівей паглядае на Далёкі Усход і Сібір…

 

 

3. Апошнія “гістарычныя рашэньня Партыі й Ураду КНР” што да дэмаграфічнай палітыкі

КІТАЙ ЛІЧЫЦЬ, ШТО ВЫЙСЬЦЕ Ў ІМІГРАЦЫІ Й КАЛАНІЗАЦЫІ

Ніжэй пададзены шэраг матэрыялаў, якія былі выстаўленыя ў 2007 годзе на сайце kavkazcenter.com і адпавядаюць дадзенаму істотнейшаму асьпекту.

 

“Дэпутаты кітайскага Народнага сходу разгледзелі скрайне важны закон “Аб садзеяньні працаўладкаваньню”.

Унутры Кітая закон дазваляе Пекіну накіраваць мільённыя плыні мігрантаў з унутраных раёнаў КНР у эканамічна разьвітыя ўсходнія правінцыі. Так кітайскае кіраўніцтва, займаючыся мадэрнізацыяй вёскі, на час вывядзе зь яе найбольш актыўнае, але па-ранейшаму беднае насельніцтва.

Адначасова закон стварае механізм дапамогі з боку дзяржавы тым людзям, якія жадаюць знайсьці працу за мяжой. Такіх у Кітаі з кожным годам становіцца ўсё больш. Прычым, менавіта ў разьвітых правінцыях і ў асноўным сярод высокакваліфікаваных сьпецылістаў. Гаворка ідзе пра дзесяткі мільёнаў чалавек.

Да нядаўняга часу выезд з НКР быў ускладнёны бюракратычнымі працэдурамі. Новы закон спрасьціць гэтыя працэдуры і ператворыць улады ў манапаліста ў сьферы экспарту працоўнай сілы, так што Пекін здолее накіроўваць экспансію кітайцаў на патрэбныя рынкі працы [так цяпер будзе звацца выкарыстаньне дэмаграфічнай зброі супраць іншых пакуль свабодных народаў; як у свой час мангола-татары не здагадаліся так абгрунтаваць сваё іга?.. – Рэд.].

Кітайцы, выязджаючы са сваёй краіны, захоўваюць зь ёй моцныя сувязі. Раней гэтыя дыяспары ўзьнікалі стыхійна, цяпер гаворка ідзе пра мэтанакіраваную праграму з боку кіраўніцтва КНР па штучным стварэньні і падтрымцы дыяспар ва ўсім сьвеце.

Менавіта гэта, па задуме Пекіна, стане важнай складовай часткай стратэгіі ператварэньня Кітая ў вядучую сусьветную дзяржаву. Гаворка, па сутнасьці, ідзе пра ГЛАБАЛЬНУЮ СТРАТЭГІЮ КАЛАНІЗАЦЫІ патэнцыйна персьпектыўных для Кітая тэрыторый іншых краін.

Як лічаць сьпецылісты, асноўнымі мэтамі кітайскай каланізацыі зьяўляюцца Паўднёва-Усходняя Азія, Афрыка, расейскія Далёкі Усход і Сібір.  

Сярод цэнтральнаазіяцкіх краін найбольш персьпектыўным выглядая напаўпусты, але багаты прыроднымі рэсурсамі Казахстан[ён не “напаўпусты”, ён нармальны, больш-менш гарманічны, экалагічны. – Рэд.].

 

““Кітай можа стымуляваць выезд насельніцтва на працу ў іншыя краіны, спадзеючыся зьнізіць дэмаграфічны ціск”, – сказаў прэс-сакратар Нацыянальнай камісі па насельніцтву і планаваньню сям’і Кітая Юй Сюэцзюнь. “Планаваньне сям’і, вядома ж, не адзіны спосаб зьніжэньня колькасьці насельніцтва… У нас шмат сродкаў для раёнаў зь вялікім насельніцтвам, вялікім дэмаграфічным ціскам. Напрыклад, іміграцыя альбо экспарт працоўнай сілы”, – сказаў ён.

Нагадаем, колькасьць жыхароў Кітая складае больш 20% насельніцтва Зямлі”.

 

“У Расею з Кітайскай Народнай Рэспублікі гатовыя ўехаць 200 мільёнах кітайцаў. Пра гэта паведамляе агенцтва “Прэс-Лайн”, спасылаючыся на намесьніка дырэктара Міграцыйнай службы РФ Вячаслава Пастаўніна. Па яго словах, вялікая плынь кітайцаў можа быць зьвязаная з палітыкай Кітая па выцісканьні сваіх грамадзянаў з краіны.

“Ёсьць шэраг краін, якія вядуць палітыку па выцісканьні сваіх грамадзянаў у іншыя дзяржавы. Цяпер каля 200 мільёнаў кітайцаў гатовыя прыехаць у Расею на заробкі. Гэта на 56 мільёнаў больш усяго насельніцтва нашай краіны. Па нашых ацэнках, Расеі неабходна ўсяго адзін мільён легальных мігрантаў у год”, – паведаміў намесьнік дырэктара Федэральнай міграцыйнай службы РФ Вячаслаў Пастаўнін”.

 

Каментары (1)

  1. Siarhiej кажа:

    Цікавая сэрыя артыкулаў пра Кітай. Але ж няшмат людзей у якіх hobby – геапалітыка.
    Кітайскія мары могуць абламіцца па розных, нават непрадбачаных, прычынах. Напрыклад –
    забруджанасць асяроддзя можа спыніць прамысловы рост.

Пакінуць каментар

  • Старонкі

  • Катэгорыі

  • Апошнія запісы

  • Архівы