nashaziamlia.org

Асьветна-адукацыйны, грамадазнаўчы сайт для беларусаў: аналіз, прагноз, сілы, інтарэсы, сьветагляды, ідэі, ідэалогіі, праграмы, мэты.

Запісы

Аляксандр Рар: “Развал Расеі? Які жах!”

25 красавіка, 2008 | 2 каментарыя

Ра� �.GIF

У працяг двух папярэдніх артыкулаў падаем інтэрвю Аляксандра Рара (узятае адсюль  www.inosmi.ru/press/240772.html; намі скарочанае). Гэты чалавек цікавы тым, што ён часта выступае ў розных залежных і “незалежных” СМІ, праводзячы інтарэсы Нямеччыны і… расейскай імперыі. Акрамя таго, ён нярэдка выдае такое, што проста нельга прапусьціць.     Аляксандр Рар нарадзіўся ў 1959 годзе. 1977-85 гг. – навуковы супрацоўнік праекта “Расейская эліта” ў Федэральным інстытуце ўсходнееўрапейскіх і міжнародных дасьледваньняў (ФРН). 1982-94 гг. – навуковы супрацоўнік Радыё “Свабодная Еўропа”/ Радыё “Свабода”. З 1995 г. – Дырэктар праграмы Цэнтра Расеі й краін СНД Нямецкага таварыста вонкавай палітыкі. Сталы ўдзельнік “Пецярбургскага дыялога” і дыскусійнага клуба “Валдай”. У 2003 годзе ўзнагароджаны вышэйшай узнагародай ФРН за ўнёсак у разьвіцьцё нямецка-расейскіх адносін.    Варта таксама ўлічыць, што пытаньні задавалі расейцы, многія зь якіх кантужаныя расейскай імперскай прапагандай, а многія, несумніўна, канкрэтныя ФСБшнікі, якія падыгрывалі свайму агенту і ўскосна прапагандавалі “Вялікую РаССею”.

Рэдакцыя.

 

Tokar: Як прагназуеце нямецка-расейскія і нямецка-амерыканскія адносіны ў 10-гадовай персьпектыве? Уяўляюць цікавасьць прынцыпы пабудовы вонкавай палітыкі Нямеччыны.

Рар: Еўропа ня можа стаць сапраўднай моцнай Еўропай без Расеі. Калі ЕЗ уцяміць, што зьвязка з Расеяй яму патрэбная для ўласнага выжываньня, працэс інтэграцыі [ЕЗ + РФ. – Рэд.] пойдзе іншымі тэмпамі. Нямеччына стане той краінай, якая будзе лабіраваць расейскі саюз з ЕЗ-Еўропай. На сёньня многім еўрапейцам саюз з Расеяй падаецца непатрэбным, небясьпечным, непапулярным. Ім хутчэй хочацца ўмацаваць сьвяшчэнны саюз з Амерыкай, які мацаваў Захад на працягу апошніх дзесяцігоддзяў.

 

Сідараў: Няўжо вы ўсур’ёз лічыце, што і ў 21 стагоддзі АЎТАРЫТАРНАЯ дзяржава такой моцы, як наша, мае права на існаваньне?

– Паважаны сп.Сідараў. Прабачце, але я ня думаю, што Расея небясьпечная аўтарытарная дзяржава [! – Рэд.]. Праўда, пры Пуціне маятнік адхіліўся занадта моцна ў бок палітыкі ўмацаваньня правапарадку. Але пагадзіцеся: Расея не СССР. Межы адчыненыя, расейцы большыя капіталісты, чым мы, еўрапейцы, у Расеі ўздым. Праўда, няма дэмакратыі. У 1990-я ўсё было наадварот. Можа, Расеі трэба было ў 1980-я гады выбірацца з загнілага камунізму кітайскім шляхам. Тады 1990-я лічыліся б аўтарытарнымі гадамі разьвіцьця Расеі, а ў ХХІ стагоддзі пачалася б асьцярожная лібералізацыя. Расею ня варта сьпісваць.

 

U_berg: Чаму заходняе асьветніцтва ніяк ня можа ўстрымацца ад сваёй маніі ўсіх і ўся павучаць. Што гэта? Манія вялікасьці альбо комплекс непаўнавартасьці?

– Думаю, што Захад прайшоў такі пасьпяховы для сябе шлях разьвіцьця пасьля страшэзных разбурэньняў Другой сусьветнай вайны, што ён бачыць сваю цывілізацыю як адзіна верную, справядлівую, свабодалюбную. На Захадзе лічаць, што галоўная мэта чалавецтва – свабода і жыцьцёвы камфорт. У Захада сёньня адчуваньне, што ЗША і ЕЗ – рай на зямлі. Павучаючы іншых, Захад бароніцца сам. Яму патрэбныя суседзі, якія падзяляюць заходнееўрапейскія каштоўнасьці. На Захадзе лічаць, што дэмакратычныя краіны адна з адной не ваююць. Таму патрэбная дэмакратыя ва ўсім сьвеце.

 

Urgen: На сёньня ўсе мы сталі сьведкамі таго, як Расея ўсё больш і больш актыўна ўдзельнічае ў міжнароднай палітыцы. Часта яна прэтэндуе на ролю вядучага гульца і ставіць сябе ў адзін шэраг з такімі ўдзельнікамі міжнароднай палітыкі як ЗША, Вялікабрытанія, Нямеччына і да т.п. Ці не пасьпешнае такое імкненьне? Можа Расеі патрэбная самаізаляцыя, калі дзяржава больш за ўсё павернута да ўнутраных праблем і менш да вонкавага сьвету?

– Добрае пытаньне. Салжэніцын у 1990-я спрабаваў заклікаць Расею да разумнай самаізаляцыі. Рэальна для Расеі гэта немагчыма. Сыход Расеі з сусьветнай арэны нанясе расейскім інтарэсам непапраўны ўдар. Расея ня можа, як Нямеччына пасьля сваёй паразы ў 1945 годзе, на дзесяцігоддзі сысьці ў цень сусьветнай палітыкі. Нямеччыну, дарэчы, выратавала яе інтэграцыя з Захадам. Расея нідзе не інтэграваная. Яна нікім не абароненая.

 

Дзяніс: Як вы думаеце, калі Германія пачне зноў разумець і адстойваць СВАЕ інтарэсы, а не інтарэсы Вашынгтона і яго крыклівых марыянетак, накшталт Варшавы і Таліна? І як доўга будзе працягвацца гэты “трансатлантычны фецішызм” на шкоду здароваму сэнсу, выразьнікам якога зьяўляецца партыя ХДС/ХСС і выдавецкі дом “Springer”?   

– Дзяніс, вы садыст, б’еце нас па хворым месцы. Нямецкая эліта бачыць сваё існаваньне толькі ўнутры Захаду. Амерыка забясьпечвае нашу бясьпеку. Мы за гэта даем ёй карт-бланш на сусьветнай арэне. Германія ганарыцца сваёй рольлю аб’яднальніка Еўропы (разам з Францыяй). Яна сьлепа верыць, што маленькія дзяржавы Еўропы назаўсёды прымкнуць да вялікай ідэі аб’яднанай Еўропы, пра якую марылі на Захадзе з часоў Карла Вялікага. Разам мы мацней, але для таго, каб быць разам, трэба аддаваць частку свайго суверэнітэту агульнаму цэнтру.


Юры: Я шмат год жыву ў ЗША і ведаю, што аб’ектыўную інфармацыю пра мясцовыя падзеі лепш за ўсё здабываць з замежных крыніцаў. Які самы горшы прагноз для Амерыкі на бліжэйшыя 3-4 гады? Ці магчымае выкіданьне амерыканцаў зь Еўропы і НАТА? Ці магчымы распад краіны? Голад? Грамадзянская вайна?

– Амерыка будзе слабнуць, але не да такой ступені. Амерыканцы моцны народ. Лепшыя еўрапейцы ў свой час эмігравалі за акіян. Ад Амерыкі можна шмат станоўчага запазычыць. Шкада, што дзядзя Сэм ня хоча адмовіцца ад ролі сусьветнага жандара. На бліжэйшыя 20 гадоў я ня бачу моцнай зьмены ролі ЗША і сітуацыі ўнутры Амерыкі.

 

Сетнер: Ці ганараца немцы ў цэлым тым, што зьяўляюцца нейкім мостам паміж Захадам і Расеяй? Альбо ж падобнае партнэрства іх больш раздражняе (як гэта бачна па стаўленьні да былога канцлера). Бо часта, калі Германія кіруецца сваімі меркаваньнямі, якія адрозьніваюцца ад меркаваньняў “сусьветнай супольнасьці”, яе актыўна папракаюць у прадажнасьці Маскве.

– Вы дакладна адчуваеце настроі ў Германіі. Немцы хацелі б, але ім больна бьюць па пальцах, калі яны спрабуюць самастойна працягнуць руку Маскве. Тое, што я сказаў, датычыць старэйшага пакаленьня. Маладым у многім Расея да лямпачкі. Яны ня бачаць у Расеі нічога, што варта было б на Захадзе пераймаць. Многія расчараваліся ў тым, што расейскія эліты не палюбілі заходнюю дэмакратыю.

 

Tickman: Ці ёсьць у вас любімы навуковец-палітолаг, калі так, дык хто? Калі няма любімага, можа быць, ёсьць той, хто зрабіў на вас найбольшы ўплыў?

 На мяне вялікі ўплыў зрабіў мой бацька Глеб Аляксандравіч Рар і мой дзед Васіль Арэхаў. Яны абодва былі ўплывовымі дзеячамі рускай эміграцыі. Зь цяперашніх расейскіх палітолагаў я паважаю Сяргея Караганава больш за ўсіх. Па духу я, напэўна, блізкі да Салжэніцына, але таксама разумею гістарычную ролю Сахарава і Растраповіча для Расеі.

 

Максім: 1) Як вы ставіцеся да працэсу кітаізацыі Далёкага Ўсходу і Сібіры і наступнай анэксіі гэтых частак Расеі Кітаем? Станоўча, неўтральна альбо вы супраць? 2) Ці згодныя вы з цьверджаньнем, што многія сусьветныя праблемы ў сьферы экалогіі й эканомікі зьвязаныя з тым, што капіталізм у існасьці марнатраўны і заахвочвае бессэнсоўнае, варварскае спажываньне рэсурсаў? Ці ня варта вярнуцца да прымусовага сацыялістычнага аськетызму і жорсткага цэнтралізаванага разьмеркаваньня дабротаў? 3) Якая Расея ня будзе выклікаць непакою й страху ў Старой Еўропы? Ці ёсьць падзел РФ на рэгіёны і нацыянальныя рэспублікі адзіным гарантам таго, што рускіх перастануць баяцца?

– Дзякую за пытаньні. Кітай можа стаць самым вялікім выклікам для Расеі ў ХХІ стагоддзі. На жаль. Другое пытаньне яшчэ больш складанае. Заходні капіталізм, на мой погляд, набыў даўно сацыяльную афарбоўку і – што вельмі істотна – экалагічную. Левых краін у Еўропе сёньня няма. Расея адыходзіць ад сацыялізму надоўга. Трэцяе пытаньне: які жах. Пастараюся адказаць. Нямеччына ня хоча драбленьня Расеі. Навошта нам замест адной атамнай дзяржавы атрымаць 20-30? [тыповы адказ агента расейскага імперыялізму на Захадзе і зь яго тыповым “абгрунтаваньнем”; на справе, ці ж былі вялікія праблемы зь ядзернай зброяй, якая засталася ў Беларусі й Украіне пасьля распаду СССР? Наадварот: тэрыторыі, дзе было гэтае паскудства,  паменшыліся, а ядзерная мяжа аддалілася ад ЕЗ на ўсход на некалькі сотняў кіламетраў… – Рэд.]  

 

Сімон Кіладзэ: Што вы думаеце пра персьпектыву грузіна-абхазскага канфлікту? Ці магчымае разьвіцьцё сітуацыі па тайваньскаму шляху? Г.зн., “тайванізацыя Абхазіі”?

– А чаму не манакаізацыя праблемы? Французам ад гэтага кепска? Вядома, не. Давайце разам пераконваць Саакашвілі.

 

Уладзімір: Як у Еўропе ўвогуле і ў Нямеччыне – у прыватнасьці – бачацца персьпектывы сусьветнай эканомікі? Вядомыя нядаўнія выказваньні паважанага фінансіста Сораса пра самы вялікі крызіс у сьвеце з часоў Вялікай дэпрэсіі 1929-33 гг.  Ці каментуюцца ўсе гэтыя пытаньні ў Нямеччыне ў такой жа ступені бурліва, як і ў нас, у Расеі? Вядомае нядаўняе выказваньне Сарказі ў амерыканскім кангрэсе, што падзеньне курсу даляра выкліча эканамічную вайну паміж ЗША і Еўропай. Як у Нямеччыне ставяцца да такой пазіцыі Францыі? Ці ёсьць разуменьне таго, што Расея зь яе энэргарэсурсамі й Еўропа зь яе перадавымі тэхналогіямі – узаемадапаўняюць адна адну?

– Пакуль у Нямеччыне ўсё спакойна. Грошы ёсьць, урад раздае іх направа і налева. Экспарт Нямеччыны на вышыні. Жыцьцёвы ўзровень не зьніжаецца. І ў самым Еўразьвязе ўсё ня так кепска. Крызіс чакаецца не раней, чым праз 10 гадоў. Але праблемы тады будзе вырашаць наступны ўрад [? – Рэд.].

 

Аляксей: У сьвеце, які хутка мяняецца, вялікую перавагу мае той, хто можа дзейнічаць хутка і адназначна. Відавочна, што механізм, які закладзены ў кіраваньне вонкавай палітыкай ЕЗ, гэтага рабіць ня ў стане (кансэнсус па многіх пытаньнях ня будзе знойдзены ніколі, а між тым любая краіна ЕЗ можа блакаваць любы рух, калі ёй захочацца. Ці здолее ЕЗ у бліжэйшай будучыні (10 гадоў) памяняць механізм прыняцьця рашэньняў (напрыклад, выдаліць права вета).

– ЕЗ сутаргава спрабуе рэфармавацца знутры, каб стаць больш дзеяздольным. У наступным годзе прызначаецца прэзідэнт Еўропы, яму перадаюцца ўладныя функцыі. Будзе з наступнага году таксама стаяць на чале ЕЗ міністар замежных спраў. Гэтая пасада цяпер ствараецца.

 

Тацьцяна: 1) Як вы ставіцеся да Расеі й тэндэнцыяў у ёй? 2) Ці не здаецца вам, што ў заходніх СМІ ідзе антырасейская прапаганда? 3) Калі так, дык што б вы параілі расейцам для памяньшэньня русафобскага накалу на Захадзе?

– Расея аднаўляецца пасьля палітычнага краху ў канцы 1980-х і эканамічнага краху ў канцы 1990-х. Аднаўляецца з грымасай аўтарытарызму. Але альтэрнатыўнага шляху не было [быў! гэта падзел “Расеі” на нармальныя нацыянальныя дзяржавы. – Рэд.]. Пуціна рассудзіць гісторыя. У Еўропе яго ня любяць, лічаць дыктатарам. У Расеі народ стаіць за яго. Ён вярнуў стабільнасьць. Захад адмаўляецца разумець сучасную Расею. На Захадзе ёсьць вялікая крыўда на расейскую эліту за тое, што яна адмовілася ад ліберальнай мадэлі, запрапанавай ёй Захадам [а што б пры гэтай “мадэлі” рабіў галоўны суб’ект расейскай імперыі – расейская імперыякратыя? але ж і наіўнякі на Захадзеу, а Рар – агент расейкага імперыялізму. – Рэд.]. Адсюль усе канфлікты, непаразуменьні, паблажлівасьць і расчараваньне.

 

Вячаслаў: Вядома, што Нямеччына актыўна падтрымала незалежнасьць Косава. А што вы думаеце наконт таго, што ў вас зьявіцца сваё “Косава”. Турэцкі прэм’ер Эрдаган заклікаў нядаўна турак, якія жывуць у Нямеччыне, вычуць сваю мову і не забываць пра карані, г.зн. ніякай іх асіміляцыі чакаць не даводзіцца. І пабягуць тады немцы, як сербы з сваіх родных земляў, а Кёльнскі сабор, магчыма, прыйдзецца пераробліваць у мячэць у бліжэйшыя 50 гадоў! І ці няма ў вас адчуваньня, што амерыканцы ўсяляк жадаюць аслабіць Еўропу. Навошта ім гэта патрэбна – цалкам зразумела, а вось чаму гэта не разумеюць еўрапейскія палітыкі – скрайне дзіўна. Я хацеў бы пачуць вашае меркаваньне што да ўсяго гэтага!

– Наконт амерыканцаў – асобная размова. У мяне няма дакладнага бачаньня. Многае можа памяняцца, калі Буша зьменіць Абама. Наконт Косава: у нас, еўрапейцаў, гуманітарнае мысьленьне [штосьці ў адносінах да Беларусі й беларусаў гэтага не адчуваецца. – Рэд.].  Па заходнім СМІ мусолілі гадамі сюжэт пра злых крывасмокаў сербаў і албанцаў, якіх шкада і якіх ледзь не вырэзалі. У расейскіх СМІ ўсё падаецца наадварот.    Вы абсалютна правы наконт узьнікненьня ісламскіх анклаваў у Нямеччыне і Еўропе. Толькі поўны дурань ня бачыць гэтай небясьпекі. Ісламскае насельніцтва тут расьце і набывае палітычную вагу. У Кёльне радыкальна-ісламская партыя праводзіла ваенныя парады на мясцовым стадыёне. Частка горада Кёльна была аб’яўленая Халіфатам. Пакуль паліцыя спраўляецца з парушальнікамі закону. Главара ісламістаў выслалі назад у Турцыю. Але што можа адбыцца ў далейшым? [цікава заканчвае Рар – пытаньнем; а, між тым, гэта ўсё наступствы “ліберальнай мадэлі” разьвіцьця грамадства. – Рэд.] 

 

Аляксандр: Ці ёсьць падставы разглядаць палітыку ЗША і ЕЗ цяпер як “Крыжовыя паходы за дэмакратыю”? “Актыў” Захаду – крывавыя вікінгі, крыжовыя паходы, гвалтоўны каланіялізм, напады Напалеона, Першая сусьветная вайна, фашызм, В’етнам, Югаславія, Ірак, Аўганістан… Рабаўладаньне, інквізіцыя… “Дэмакратыя на крыві” і г.д.

– Навошта так жорстка. Усё гэта было. Можа, і ёсьць. Але на Захадзе жывецца і прыгожа і камфортна, як ніколі [за кошт чаго і каго? – Рэд.]. Чаму не ганарыцца сваёй мадэльлю?

 

Расеянін: Што для Нямечыны і для вас Еўразьвяз у цяперашнім выглядзе? Гэта дзяржава (федэрацыя альбо канфедэрацыя) альбо псеўдадзяржава, проста шырма, за якой краіны проста робяць свае справы?

– Вялікі саюз амаль усіх еўрапейцаў, выпакутаваны гісторыяй. У ЕЗ ўваходзяць краіны, якія вырашылі жыць мірна, ідучы за агульнымі правіламі. Вядома, многія туды бягуць, баяцца Расею ільбо Азію ў цэлым, спадзяюцца на вечную абарону Амерыкі.

 

Расеянін: Ня буду хаваць, ваш пункт гледжаньня нашмат больш добразычлівы да Расеі й таму нашмат больш імпануе расейцам і мне. Між тым, калі меркаваць па палітыцы ЕЗ, ён (ваш пункт гледжанья) не знаходзіць там разуменьня. Напрыклад, многія ў Еўропе пагадзіліся лічыць расейска-украінскія спрэчкі па коштах на газ у 2005-м і пазьней выкарыстаньнем г.зв. “энергетычнай зброі з боку Расеі”. Ваш пункт гледжаньня па данай тэматыцы тады адрозьніваўся рэдкай разумнасьцю ў ацэнках. Як вы мяркуеце, ці зьмяняецца цяпер становішча ў Еўропе? Г.зн. ці атрымлівае ваш погляд большы распаўсюд?

– Дзякую. Шчыра закрануты. Буду надалей працаваць ў гэтым духу. Праз некалькі тыдняў у Расеі выйдзе мая новая кніга “Расея дае газ”, якая добра прадаецца цяпер на нямецкай мове тут, у Германіі. Там ёсьць адказ на Вашае пытаньне. Многія ў Еўропе пачынаюць лепш думаць пра Расею, калі атрымліваюць больш інфармацыі. Праблема ў тым, што на Захадзе вельмі мала аб’ектыўнай інфармацыі пра Расею. У нас вельмі ўплывовыя праваабарончыя арганізацыі. У іх толькі негатыўны пункт гледжаньня на Расею. Сёньня яны вызначаюць тут мейнстрым.

 

Ashabad: Гэта маё стандартнае пытаньне да сьвядомых і паважаных мною еўрапейцаў. Якая Еўропа Вам больш падабаецца: ад Брэста да Брэста ці ад Брэста да Уладзівастока? Ці магчымая Еўропа ад Брэста да Ўладзівастока? Якая яна можа быць, дзе ў ёй месца Расеі?

– Ад Брэста да Брэста [такім чынам, абодвы выключылі Беларусь зь Еўропы. – Рэд.]. 500 мільёнаў жыхароў ЕЗ і 250 млн. жыхароў постсавецкай прасторы. Гэта моц. Прывабная цывілізацыя.

 

 Yyh: Скажыце, якія настроі ў эліты Германіі што да пытаньня будучыні НАТА? Падтрымка пашырэньня НАТА накіраваная, відавочна, супраць Расеі, чаго дамагаецца Германія?  

– Немцы ня хочуць варагаваць з Расеяй. У многіх старых немцаў комплекс віны. Германія будзе супраціўная пашырэньню НАТА на Украіну і Грузію. Яна паспрабуе пабудаваць агульную сьхему еўрапейскай бясьпекі разам з Расеяй. Вельмі, вельмі важна, каб візіт Дзьмітрыя Мядзьведзева 5 чэрвеня ў Германію быў бы ідэйна правільна падрыхтаваны.

 

Beцepoк: Якое грамадства будуецца ў Германіі? Каму канкрэтна Германія вінная 1600 млрд. еўра дзяржаўнай пазыкі? Хто гэтыя людзі й чаму пра іх ды іхную дзейнасьць з такімі вялікімі грошамі СВАБОДНАЯ і ДЭМАКРАТЫЧНАЯ прэса нічога не піша? Ці прымаюцца законы ў Германіі ў інтарэсах КАПІТАЛУ, бо звышбагатыя маюць магчымасьць ствараць структуры, якія фінансава й інфармацыйна ўзьдзейнічаюць на ключавыя кропкі ў структуры дзяржавы дзеля прыняцьця законаў, згодна зь якімі багатыя – узбагачаюцца, а бедныя – бяднеюць. Колькі часу такое разьвіцьцё будзе доўжыцца і чым яно скончыцца?

– Вы правыя. У Германіі грамадства ўсё больш становіцца несправядлівым. Але сацыяльнага выбуху ня будзе. Ёсьць непарушная стабільнасьць.

 

Ірына: Ня так даўно на “ИноСМИ” быў пераклад артыкула Гельмута Шмідта “Дарагія амерыканцы”, пад кожным словам якога асабіста я магла б падпісацца. Скажыце, калі ласка, чаму такія погляды ў нямецкай прэсе хутчэй выключэньне? Чаго больш не хапае сучаснай Германіі – свабоды слова ці свабоды думкі? Ведаю, штó і як казалі й паказвалі па нямецкім тэлебачаньні перад прэзідэнцкімі выбарамі ў Расеі. (Прыклад – тэматычны тыдзень на 3SAT). Такая колькасьць памыяў, вылітых на Расею, была б зразумелая з боку дзяржавы, якая з намі ў стане вайны. Не магу ўявіць нічога падобнага на расейскім тэлебачаньні ў бок Германіі. Ці вайна ў розумах яшчэ не скончылася?

– Ужо адказваў на пастаўленае пытаньне. Разумееце, Ірына, сярод шырокай германскай эліты што да Расеі, на жаль, увогуле такі негатыўны імідж, што далей няма куды. Расею напраўду лічаць агрэсарам. У тутэйшай публіцыстыцы Расею лічаць несвабоднай, аўтарытарнай краінай, падобнай да СССР. Тут абураюцца, што ў Расеі парламент кішэнны, што журналістаў забіваюць, што Украіну шантажуюць толькі за тое, што яна не жадае быць з Расеяй. Як памяняць сітуацыю? І ці магчыма ўвогуле? Можа, на Расею заўсёды так глядзелі. Пачытайце рэпартаж пра Расею, апублікаваны ў заходнім друку 100 гадоў таму!  

 

Надзея: “Дзякуй Вам за шчырае імкненьне быць максімальна аб’ектыўным і ўзважаным у сваіх адзнаках, што вельмі няпроста ў заходняй медыйнай прасторы, заражанай русафобіяй, як невылечнай інфекцыйнай хваробай, часта насуперак здароваму сэнсу і на шкоду нацыянальным інтарэсам сваіх народаў. Быць чалавекам, верным сабе і сямейнай традыцыі, у сьвеце, дзе разбураюцца звыклыя ўстоі й векавыя сэнсы – рэлігійныя, культурныя – чалавекам, які не разбурае бачныя і нябачныя (найтонкія і хрупкія) сувязі, прывязанасьць, сяброўства, любоў, які будуе масты даверу і ўзаемаразуменьня праз перашкоды канфрантацыйных стэрэатыпаў, якіх у Нямеччыне неабдымнае мноства, – гэта вельмі цяжка!   [але ўсё ж лягчэй, чым быць проста аб’ектыўным чалавекам. – Рэд.]   Назіраючы за Вамі ў час Вашых выступленьняў па нямецкім ТБ, чытаючы Вашы публікцыі, кожны раз пераконваюся, што шлях Ваш цярністы і, на жаль, будзе доўгім. Але гэта шлях высакародны і ў Расеі лічыцца за маральны подзьвіг! Бог Вам у дапамогу на гэтым шляху! А ўжо што вернецца, дык гэта з гарантыяй!

– Надзея, Вашыя словы падтрымкі для мяне вельмі значныя. У галовах людзей паўсюль рэзка пахіснутыя каштоўнасьці. Усё ставіцца пад сумнеў. Можа быць, сьвет для многіх захутка зьмяняецца. Мне здаецца, што яшчэ 10 гадоў таму мы на нашай ніве вялі больш стратэгічныя і асэнсаваныя дэбаты. Мы больш чыталі, мы больш імкнуліся зразумець адзін аднаго. Сёньня вакол нас адныя эгаісты і эгацэнтрысты. Галоўным рухавіком чагосьці ўласнае Я. Я! Не, я! Мне! Не, мне! – вось сутнасьць таго, як прымаюцца рашэньні, як робяцца кадравыя прызначэньні, як вырашаюцца палітычныя пытаньні. Сёньня сваё Я ў Германіі можна ўзьняць у СМІ праз крытыку Расеі. Калі будзе выгадна хваліць Расею, тады людзі будуць будаваць свае кар’еры на пазітыве. Каму трэба пасьля ўсяго гэтага прыйсьці ў сябе, раю раз у год езьдзіць да рускіх праваслаўных старцаў на гару Афон і супакойваць душу [а мы б параілі нашмат больш сэнсоўны варыянт: зьезьдзіць у Расею (а яшчэ лепш – пажыць у ёй), наведаць яе малыя і вялікія гарады, вёскі; гады 2-3 было б для большасьці немцаў цалкам дастаткова, каб сказаць так, як і мы: «Толькі незваротная дэзінтэграцыя гэтай паганай імперыі выратуе яе жыхароў, народы і ўвесь сьвет»… – Рэд.].

 

Ад рэдакцыі:

Дадзенае інтэрвю дазваляе ўбачыць, што ў поглядах сп-ра Рара, які досыць моцна распіяраны, на справе няма логікі, пасьлядоўнасьці (універсальнасьці), гуманізму.

Судзіце самі:

– у стаўленьні да мікраскапічнай імперыі, якой была Грузія, ён за “манакаізацыю Абхазіі” (форма знойдзеная якая?!), але як толькі гаворка заходзіць пра імаверны распад вялікай расейскай імперыі – “які жах!”;

– у Еўропе нарастае нацыянальна-рэлігійная праблема (з туркамі, мусульманамі), у Еўропе нарастае сацыяльная несправядлівасьць (усё гэта Рар прызнае), але ўсё роўна – “ліберальная Еўропа – гэта ўзор”;

– у Расеі аўтарытарызм, адыход ад прынцыпаў дэмакратыі, абмежаваньне свабодаў чалавека, свабоды СМІ й г.д. (усё гэта Рар зноў прызнае), але ўсё роўна – “Расея добрая, зь ёй трэба разьвіваць супрацоўніцтва, усіх трэба пераконваць, што Расея добрая” і г.д.

Такі эклектычны сьветагляд азначае толькі адно: чалавек не жадае ўладкоўваць сьвет на грунце ўніверсальных прынцыпаў, а служыць інтарэсам вузкай (звычайна паразітнай) сілы. Таму тое, што сп-р Рар ніякі не навуковец, а агент, у нас – без сумневу. Пытаньне толькі ў тым – ён у большай ступені агент фінансавай алігархіі Нямеччыны ці расейскай імперыякратыі, альбо тых і другіх разам? І яшчэ адно дробнае пытаньне: ён быў завербаваны тады, калі працаваў на Радыё “Свобода”, ці пасля таго?

Калі б усё ўзьнятае было вялікай праблемай, мы б сфармулявалі чарговы прынцып нашай Дактрыны, а так… раім проста прыняць да зьвесткі (на будучыню), хто такі Рар.

 

2 каментарыя

  1. Уладзімер Русаковіч кажа:

    Аляксандар Рар: “Амерыка будзе слабнуць”.
    З улікам пераходу амерыканскага флоту на ядравае паліва пачынаючы з гэтага 2008 года (для пачатку будуюць авіяносцы), што мае доўжыцца на працягу бліжэйшых 30 год, трэба чакаць узмацненьня вайсковай магутнасьці Амерыкі па прычыне дасягненьня незалежнасьці ад замежжа ў крыніцах паліва для флота.
    Таму варта чакаць якраз замацаваньня выключнай перавагі амерыканскага замежнага ўплыву без аглядкі нават на зладжаны супраціў некалькіх вялікіх дзяржаваў.

  2. Сяргей кажа:

    1. ШТАЗІ нікуды не знікла, яно працуе на Маскву.
    2. “..пры Пуціне маятнік адхіліўся занадта моцна ў бок палітыкі ўмацаваньня правапарадку.” –
    генацыд Чачні, ліквідацыя парламентарызму, здушэнне СМІ, абрабаванне народу чэкістамі…
    гэта па Рару – ўмацаваньня правапарадку.
    3. “Можа, Расеі трэба было ў 1980-я гады выбірацца з загнілага камунізму кітайскім шляхам.” –
    кітайскі шлях наперадзе, калі працавітыя кітайца заселяць Сібір. Тады будуць выбірацца з
    загнілага гэбізму.

Пакінуць каментар

  • Старонкі

  • Катэгорыі

  • Апошнія запісы

  • Архівы