nashaziamlia.org

Асьветна-адукацыйны, грамадазнаўчы сайт для беларусаў: аналіз, прагноз, сілы, інтарэсы, сьветагляды, ідэі, ідэалогіі, праграмы, мэты.

Запісы

Патрабаваньне волжскімі татарамі незалежнасьці гучыць усё грамчэй

21 верасня, 2008 | 2 каментарыя

Та�а��.JPG

У разьвіцьцё тэмы, за якой мы сочым апошнія дні, падаем тэкст звароту да татарскага народу Старшыні татарскай Партыі нацыянальнай незалежнасьці “Іцьціфак” Фаўзіі Байрамавай (паводле azatlyk-vatan.blogspot.com) 

Рэдакцыя.

 

ЗВАРОТ ДА ТАТАРСКАЙ НАЦЫІ З НАГОДЫ ДНЮ ПАМЯЦІ, ГАДАВІНЫ ЎЗЯЦЬЦЯ КАЗАНІ

Дарагія суайчыньнікі!

Самая вялікая трагедыя ў гісторыі татарскага народу – гэта падзеньне Казані, якое пацягнула за сабой зьнікненьне татарскай дзяржаўнасьці й шматвяковае рабства татарскага народу.  15 кастрычніка 1552 года стала жалобнай датай адліку заняволеньня ня толькі асобна ўзятага народу, але і цэлага татарскага кантынента Еўразія [!? – Рэд.]. Цэлыя 456 год татарскі народ быў вымушаны жыць пад ботам каланізатара і агрэсара. На жаль, гэта прымусовае суіснаваньне працягваецца і да гэтага часу.

Не зважаючы на тое, што нашы продкі на працягу ўсёй гісторыі гераічна змагаліся за аднаўленьне татарскай дзяржаўнасьці, пасьля падзеньня Казані была заваяваная Астрахань, затым палі Сібірскае і Крымскае ханствы. Сёньня ўсе гэтыя землі абвешчаныя “спрадвечна рускімі”. А вялікі татарскі народ, які на працягу гісторыі меў мноства розных дзяржаваў, валодаў разьлеглымі тэрыторыямі ад Каўказу да Ціхага акіяна, сёньня мае марны лёс, ня маючы сваёй незалежнай дзяржавы. З-за таго, што ў яго няма ўласнай дзяржавы і правапарадку, татарскі народ, дзе б ён ні быў, нават на сваіх гістарычных землях, вымушаны падпарадкоўвацца законам і парадкам іншых народаў.

Няхай ня ўводзіць у зман адносны “суверэнітэт” рэспублікі Татарстан і татарскі каларыт Казані. Татарстан – гэта не незалежная дзяржава, а Казань – не татарскі горад, таму што тут пануюць расейскія законы. А пра такія некалі спрадвечныя татарскія землі, як Астрахань, Сібір, Крым, і казаць няма чаго. Яны даўно ўжо безнадзейна абруселі. Калі мы ня будзем змагацца за незалежнасьць і права на сваю шчасьлівую будучыню – нас, татар Ідэль-Урала, чакае такі ж лёс. Таму што расейскія законы забараняюць навучаньне ў школах на роднай мове, у многіх рэгіёнах у школах уведзены асновы праваслаўя, ідзе пагалоска пра скасаваньне нацыянальных рэспублік і ўнітарызацыю расейскай дзяржавы.

Пасьля ўзяцьця Казані Расейская імперыя [імперыякратыя. – Рэд.] паставіла перад сабой адну адзіную мэту – русіфікаваць і пахрысьціць усе народы імперыі, у першую чаргу татар. Але імперыя аніяк не магла да канца падпарадкаваць татар. Нават зьнішчыўшы дзяржаву, яна ня здолела зьнішчыць мову і рэлігію татар, а галоўнае – яна ня здолела зламаць дух супраціву, які дапамог татарам выжыць як нацыі. У ХХІ стагоддзі Расейская імперыя, сабраўшы ўсе апошнія сілы, зноў накінулася на татар, паставіўшы перад сабой мэту зьнішчыць нас як нацыю. Па ўсёй Расеі зачыняюцца татарскія школы [а ў нас, у Беларусі, паўсюль зачыняюцца беларускія школы… – Рэд.], а ў тых, што засталіся, татарская мова не выкладаецца; Расейскія турмы перапоўнены мусульманамі-татарамі; нашы суайчыньнікі вымушаны жыць у радыяцыйных зонах [каля 15% беларусаў таксама вымушаны жыць у радыяцыйных зонах, а ўсе іншыя – спажываць ежу з дадаткам радыёнуклідаў… – Рэд.]; у татарскага народу ў гэтай краіне няма ніякіх правоў [і ў беларусаў у Беларусі няма ніякіх правоў… – Рэд.]. У такіх умовах у нас застаецца толькі два выйсьця – узьняць народ на барацьбу за незалежнасьць і, пабудаваўшы ўласную татарскую дзяржаву, пачаць жыць па сваіх законах, альбо ператварыцца ў рускіх і спыніць існаваньне як самастойная нацыя. Мы, татары, павінны абраць першы шлях – гэта барацьба, жыцьцё і перамога! Праўда на нашым баку!

Татарскі народ, грунтуючыся на вызвольнай барацьбе, якая працягваецца 456 гадоў і забрала жыцьці мільёнаў татарскіх шахідаў; на Дэкларацыі аб Дзяржаўным Суверэнітэце, прынятай 30 жніўня 1990 года парламентам Рэспублікі Татарстан і падмацаванай вынікамі народнага рэферэндуму 1992 года, з а я ў л я е  аб сваім праве на самавызначэньне і абвяшчэньні незалежнай татарскай дзяржавы!

Міжнародная супольнасьць, якая прызнала дзяржаўную незалежнасьць Косава, і Расейская Федэрацыя, якая прызнала Абхазію і Паўднёвую Асецію, павінны прызнаць незалежнасьць Рэспублікі Татарстан! Татарскі народ мае поўнае права жыць у сваёй, незалежнай дзяржаве! Татары, дзе б яны ні жылі, павінны выступіць са зваротам аб прызнаньні дзяржаўнай незалежнасьці Татарстана!

Дарагія суайчыньнікі!

Зробім 15 кастрычніка – Дзень Памяці, дзень узяцьця Казані, пачаткам вызвольнай барацьбы за незалежнасьць! Дзе б ні жылі татары, у гэты смутны дзень, у дзень страты незалежнасьці, выйдзем на вуліцы і абвесьцім барацьбу за аднаўленьне страчанай дзяржаўнасьці! Пакажам наша адзінства і сілу духу! Мы ёсьць, мы не зламаныя і мы хочам быць незалежнымі!  

15 кастрычніка – дзень страты татарскай дзяржаўнасьці, 15 кастрычніка – дзень пачатку вызвольнай барацьбы за незалежную татарскую дзяржаву!

Мы павінны адзначыць гэты дзень ня плачам і скрухай, а грамагалосымі патрабаваньнямі незалежнасьці! Мы смуткавалі на працягу чатырох стагоддзяў, прыйшоў час выцерці сьлёзы, паўстаць з каленяў і пачаць патрабаваць свае правы!

Правы – права на свабоду, права татарскай нацыі на самавызначэньне, на адраджэньне незалежнай татарскай дзяржавы!

Хай будзе так, іншаллах!

Няхай гэтыя словы, нібы словы малітвы, дасягнуць душаў нашых дзядоў і бацькоў, якія склалі галовы пры абароне Казані ў барацьбе за незалежнасьць!

Хай гэтыя словы натхняюць татарскі народ на барацьбу за незалежнасьць, за Казань, на новыя перамогі!

Няхай жыве незалежны Татарстан, свабодны татарскі народ!

 

Фаўзія Байрамава,

Пісьменьніца, кандыдат гістарычных навук, Старшыня татарскай Партыі нацыянальнай незалежнасьці “Іцьціфак”, Сябра выканкаму Сусьветнага Кангрэсу татар.

15 верасьня 2008 г.

2 каментарыя

  1. Я бы по ебалу тебе за такой пост дал. Но я боюсь.

  2. Рэдакцыя кажа:

    Мы вырашылі пакінуць гэты “каментар”, каб нашы чытачы добра ўяўлялі, хто нам супрацьстаіць…

Пакінуць каментар

  • Старонкі

  • Катэгорыі

  • Апошнія запісы

  • Архівы