nashaziamlia.org

Асьветна-адукацыйны, грамадазнаўчы сайт для беларусаў: аналіз, прагноз, сілы, інтарэсы, сьветагляды, ідэі, ідэалогіі, праграмы, мэты.

Запісы

Пра што распавялі “выбары” ў палатку?

6 кастрычніка, 2008 | 4 каментарыя

А.Астроўскі, В.Хромаў, Б.Керзач

��ба�� 2008.JPG

Толькі што адбылыя нібы-выбары ў палатку Лукашэнкі далі шмат чарговых фактаў, на падставе якіх можна ўдасканаліць нашы веды пра беларускую і ваколбеларускую грамадска-палітычную рэчаіснасьць. Тут выразна выявілі свае ўласьцівасьці тры стратэгічныя аб’екты: “аб’яднаная дэмакратычная апазіцыя” (першы), Захад (другі), Лукашэнка і яго рэжым (трэці). З гэтай нагоды было б нерацыянальна даденую падзею не прааналізаваць.

Сітуацыя выбараў у палатку нясе ў сабе ў значнай ступені прыкметы таго, што мы называем “эфектам крука ў лесе”. Аднак ёсьць істотнае адрозьненьне – у класічнай сітуацыі данага эфекту “крук” у “лесе” зьяўляецца нечакана. Выбары ж у “палатку” – рэч заранёў спланаваная, вядомая і казаць пра яе нечаканасьць не выпадае. Таму ў якасьці стратэгічнай прылады для аналізу сітуацыі, ці зыходным фонам для яе акрэсьленьня, мы абярэм тое, што зьяўляецца адзіна сэнсоўным у нашай канкрэтнай беларускай сітуацыі й тое, што даўно прапагандуе наш сайт – Аб’ектыўныя Інтарэсы Нашага Беларускага Народу.

1. Прылада для аналізу палітычнай сітуцыі – беларускія інтарэсы.

Гэтыя інтарэсы патрабуюць, каб беларуская дзяржава (у больш вузкім сэнсе – ўлады ў Беларусі) была скіраваная на стварэньне аптымальных умоў для жыцьця і прагрэсіўнага разьвіцьця беларускага народу ў нашым няпростым сьвеце.

Але дзяржаўную ўладу, як мы ўсе ведаем, у нашай Беларусі захапіла група асоб, якія кіруюцца камбінацыяй сваіх суб’ектыўных прымітыўна-жлобскіх інтарэсаў з пасыламі расейскай імперыякратыі (уплыў апошняй у дадзенай камбінацыі вядучы). Аб’ектыўныя ж інтарэсы беларускага народу аніяк не ўлічваюцца. Гэта патрабуе як мага хутчэйшай замены прыўладнай прымітыўна-паразітнай групы (дарэчы, яе мы завем цяперцамі – г.зн. людзьмі з абмежаваным сьветаглядам, якія здольны ўсьведамляць рэчаіснасьць толькі ў часова-прасторавым абшары памерам “тут і цяпер”) на прадстаўнікоў сапраўднай нацыянальнай эліты.

Любая выбарчая сітуацыя, а тым больш выбары ў парламент, аб’ектыўна спрыяе аслабленьню таталітарнага рэжыму, адкрывае доступ да масаў (бо ўладам пажадана прызнаньне іх легітымнасьці, як грамадствам, так і міжнароднай супольнасьцю). Нашае ж грамадства – гэта тая сіла, без якой немагчыма вырашыць ніводную стратэгічна-палітычную праблему ў Беларусі. У час выбараў у апазіцыі зьяўляецца шанец на доступ да гэтай сілы, ня выкарыстаць які яна проста ня мае права – тады яна ўвогуле не апазіцыя. Кожная ж паразітная ўлада ведае гэта й імкнецца такі доступ максімальна абмежаваць. Што да апошняга, дык, забягаючы наперад, адзначым, што Лукашэнка разам са сваімі цяперцамі за гады свайго панаваньня давялі выбарчую працэдуру (і кадрава, і тэхналагічна, і заканадаўча) да амаль ідэальнай імітацыі, да цыркавага фокусу. Гэта дазволіла Лукашэнку напярэдадні выбараў заяўляць у вочы заходнім назіральнікам (пра наглядальнікаў ад СНД мы нават ня кажам), што яны ўбачаць ледзь не ідэальныя, супердэмакратычная выбары.

Такім чынам, перад апазіцыяй стаялі дзьве задачы, пра якія яна ведала задоўга да выбараў: з аднаго боку, ёй трэба было максімальна шырока выйсьці на грамадства са сваёй інфармацыяй, а з другога – выкрыць і заблакаваць тыя механізмы, якія выкарыстоўваліся рэжымам для яго легітымізацыі (прынамсі, тую частку гэтых механізмаў, якая залежала ад паводзінаў апазіцыі). Гэта – як дзьве сасны, у якіх трэба было пастарацца не заблукаць (вядомае прымаўка кажа пра тры сасны).

Мы, у рэдакцыі, часова адклалі нашу ідэалагічную працу і вырашылі паставіць сябе ў становішча тых, хто павінен быў разабрацца зь сітуацыяй дзьвюх названых палітычных соснаў, каб запрапанаваць аптымальную сьхему паводзінаў. Якой жа павінна была быць аб’ектыўная (якая выцякае з рэальнага раскладу абставінаў і сілаў) стратэгія паводзінаў пасьлядоўных абаронцаў нацыянальнай ідэі ў даных абствінах?

Умовы задачы былі такімі: з аднаго боку, нам варта выкарыстаць доступ да грамадства, каб сказаць яму нешта самае важнае пра цяперашнюю грамадска-палітычную сітуацыю і пра тое, як зь яе выйсьці (а нам дык ужо ёсьць што сказаць), а з другога боку – мы нізавошта не павінны спрыяць легітымізацыі рэжыму, удзельнічаючы ў выбарах ва ўмовах іх татальнай фальсіфікацыі.

Канкрэтная праграма дзеяньняў у выніку атрымалася даволі простай:

1. Яшчэ да выбараў мы б галосна запатрабавалі б ад Лукашэнкі даць нам магчымасьць выступіць у СМІ (найперш – па тэлебачаньні) з дакладным прадстаўленьнем свайго бачаньня сёньняшняй сітуацыі й персьпектыўнай будучыні Беларусі пры нашай уладзе (дарэчы, гэта самая істотная рэч, пра якую мы ўвесь час ня толькі гаворым, а і над якой працуем).

2. Адначасова мы б запатрабавалі ад Лукашэнкі адмяніць датэрміновае галасаваньне (1); зрабіць празрыстымі выбарчыя скрыні (2); запатрабавалі б поўнага доступу прадстаўнікам апазіцыі да ўліку выбарчай яўкі, сачэньня за працэсам укіданьня бюлетэняў у скрыні й апытаньня выбарцаў пасьля галасаваньня – г.зв. exit polls (3); запатрабавалі б абавязковага ўключэньня нашых прадстаўнікоў ва ўчастковыя камісіі (якія мы абярэм), а таксама ва ўсе акруговыя, абласныя і Цэнтральную выбарчыя камісіі (4). Мы таксама запатрабавалі б магчымасьці для нашых назіральнікаў рэальна сачыць за падлікам галасоў (быць за сьпінамі сябраў камісіі непасрэдна ў час сартыроўкі й падліку бюлетэняў), права задаваць пытаньні па кожным бюлетэні і права праглядаць стосы раскладзеных бюлетэняў (5); і, нарэшце, запатрабавалі б абавязковай выдачы на рукі заверанай кіраўнікамі камісіі копіі пратакола падліку галасоў на ўчастках (6). Натуральна, што па ўсіх гэтых пунктах заканадаўчыя органы краіны павінны былі б прыняць адмысловы дадатак да Закону аб выбарах, каб ні міліцыя, ні кіраўнікі камісій, ні ніхто іншы не маглі далей сваволіць (на вусныя абяцаньні прадстаўнікоў рэжыму, як паказвае практыка, разьлічваць нельга).

3. Калі б даны план ўлады не прынялі, мы б заранёў аб’явілі, што выбары будзем байкатаваць (усе, хто належыць да сапраўднай апазіцыі, прычым, байкатаваць абавязкова і татальна) і заклічам да таго ж народ (бо без гэтых зьмен псеўда-выбары выбарамі не зьяўляюцца – толькі фарсам, фокусам ці чым-небудзь яшчэ накшталт гэтага). Канчатковае рашэньне аб байкоце прымалася б у залежнасьці ад выкананьня/невыкананьня ўладамі нашых патрабаваньняў, а час пачатку байкоту, які б выявіўся ў выхадзе ўсіх нашых прадстаўнікоў з выбараў, супадаў бы з часам завяршэньня разносу нашых агітацыйных матэрыялаў па паштовых скрынях.

Такім чынам, нармальная беларуская апазіцыя (калі б яна была) не заблыталася б у названых вышэй дзьвюх палітычных соснах, а магла б, выкарыстоўваючы спрыяльныя чыньнікі кампаніі, хай сабе і псеўда-выбарчай, дасягнуць абодвух патрэбных сабе і народу станоўчых палітычных вынікаў:

– было б і масава паінфармавана грамадства;

– і кампанія байкоту аніяк не паспрыяла б легітымізацыі рэжыму.

Але самае галоўнае, што пры такім сцэнары, пры ўмове яго дакладнага выкананьня, беларуская апазіцыя праявіла б сябе, як суб’ектная палітычая сіла – гэта значыць, даказала б, што яна як такая сіла, па-першае, ёсьць, а, па-другое, што яна мае права прадстаўляць інтарэсы беларускага грамадства.

Зыходзячы з пададзенага, давайце паглядзім, як на самой справе паводзілі сябе на беларускім палітычным полі асноўныя на сёньня палітычныя сілы.

2. “Аб’яднаная” “беларуская” “дэмакратычная” “апазіцыя”.

Усе нашы папярэднія дасьледваньні выказваньняў і паводзінаў “беларускай” апазіцыі, асабліва прадстаўленай у такім створы Захаду, як АДС, паказвалі на тое, што ў нас, у Беларусі, сапраўднай беларускай дэмакратычнай апазіцыі, ну, проста няма (на дзьвюкосьсі ў падзагалоўку вы, напэўна, увагу зьвярнулі).

Больш за тое, у г.зв. АДС няма ніводнай дэмакратычнай партыі – г.зн. партыі, якая б зыходзіла ў сваёй дзейнасьці выключна з аб’ектыўных інтарэсаў беларусаў і беларускага народу – адзінага законнага гаспадара беларускай дзяржавы! Тут аб’ядналіся тыя, хто адразу аб’явіў сябе альбо правадніком інтарэсаў тых ці іншых соцыяпаразітных сіл (напрыклад, глабалісцкай фінансавай алігархіі – АГП, ці безнацыянальнай кампартыйнай бюракратыі – ПКБ), альбо тыя, хто зьяўляецца прадстаўніком толькі часткі беларускага грамадства (сацыялісты), хто зьяўляецца прадстаўніком увогуле невядома каго (найверагодней, сьпецслужб), як група Навасяда, ці тыя, хто вырадзіўся ў чарговую бюракратычную пустышку ў выніку працэсаў унутранага бюракратычнага выраджэньня і агентурнай дзейнасьці сьпецслужбаў (БНФ).

Таму мы заранёў прагназавалі, што, як і заўсёды, усіх тых, хто яшчэ на нешта спадзяваўся, чакае чарговае горкае расчараваньне (нас – не чакала, бо мы ўжо даўно ўсё сфармулявалі; гл. Беларускую дактрыну).

Аднак у беларускай апазіцыі ўнутры партый ёсьць розныя групы, а тым больш розныя асобы. І таму, натуральна, дзеяньні розных апазіцыйных груп, як унутры АДС, так і за іх межамі, у рознай ступені адыходзілі ад/набліжаліся да відавочнага сцэнару, які, як мы вышэй паказалі, элементарна склалі б сапраўдныя беларускія дэмакраты.

Да пададзенай намі вышэй стратэгіі на пэўным этапе кампаніі бліжэй за ўсё падышла Партыя БНФ Баршчэўскага. Невядома, што больш паспрыяла таму, што арганізацыя намацала і спрабавала зьдзейсьніць аналагічнае рашэньне (праўда, падкрэсьлім, не перад кампаніяй, а пад час яе) – ці то інтэлект і аўтарытэт Баршчэўскага, ці тое, што Вячорку і Івашкевіча Лукашэнка выкінуў з кампаніі (дарэчы, фрустрацыя амбіцый апошніх – істотны чыньнік у межах ПБНФ, ён прывёў Вячорку зь Івашкевічам у час псеўда-выбарчай кампаніі да недарэчнай акцыі на Кастрычніцкай плошчы). Але ў дадзеным выпадку больш варта зьвярнуць увагу на тое, што добрую стратэгію ПБНФ так і не змагла практычна і поўнасьцю зрэалізаваць. У партыі пачаўся бунт 15 кандыдатаў, якія заявілі, што пойдуць “да канца” нягледзячы на рашэньне сойму аб байкоце з 23 верасьня (?!). Пасьлядоўна ўсё выканаў, прыгожа зьняўшыся, практычна толькі адзін сябра партыі – рэдактар “Нашага слова” Станіслаў Суднік, які пры гэтым адкрыта заявіў, што тыя, хто не зьняліся – людзі “зялёныя” і маюць тэндэнцыю ўвогуле стаць “чырвона-зялёнымі” (праўда, мы ня ведаем, ці пасьпеў ён распаўсюдзіць свае ўлёткі)…

Усе іншыя апазіцыйныя сілы, як у г.зв. АДС, так і за яе межамі (улучна з ПБНФ на заключным этапе кампаніі), у дзьвюх палітычных соснах заблыталіся. Гэтыя “сосны”, даўно гадаваныя беларусафобскім рэжымам, лёгка раскалолі ўсю беларускую апазіцыю на дзьве групы – тых, хто за байкот, і тых, хто за тое, каб “ісьць да канца”. Такія ўжо ў апазіцыі “інтэлектуалы”. На пару з лукавым ужо 15-ы год зьнішчаюць Беларусь…

З двух скрайніх выбараў, якія засталіся пасьля адкіданьня аптымальнага, найбольш ганаровы, вядома – байкот. Хто быў за яго?

Найперш, Пазьняк зь яго КХП, а таксама БПС, МФ і, увага, вядомая “Хартыя”, якая па пэўных зьвестках кантралюе значную частку фінансаваньня аб’яднанцаў і адначасна… корчыць зь сябе радыкалаў (флеш-мобы там усялякія і да т.п.).

З Пазьняком усё зразумела: усе кампаніі, дзе ён удзельнічае персанальна (прэзідэнцкія выбары 1994, 1999, 2001 і 2006 гг.), ён у выбарах удзельнічае; усе парламенцкія выбары, дзе, здавалася б, магла ўдзельнічаць яго КХП (2000, 2004, 2008 гг.), ён і яго партыя байкатуе…

Акрамя таго, што даная сітуацыя шмат гаворыць пра даўно вядомыя асабістыя рысы характару Пазьняка (пра іх прынята маўчаць, мы абавязаліся не маўчаць), яна яшчэ аб’ектыўна гаворыць і пра тое, што КХП на чале з Пазьняком хутчэй за ўсё асабліва няма чаго сказаць людзям пра будучую Беларусь у канструктыўным плане. Крытыка расейскага імперыялізму і яго своеасаблівай праявы ў Беларусі – лукашызму – гэта ўсё выдатна. Практычна ўсе палажэньні Пазьняка ў гэтым плане наша рэдакцыя падзяляе, што засьведчана яго шматлікімі артыкуламі, якія да нядаўняй пары рэгулярна выстаўляліся на нашым сайце. Аднак наша ідэалогія ў гэтым кірунку больш прасунутая, дыферэнцаваная: ва ўсёй расейскай імперскай плыні мы выдзяляем асобна, напрыклад, расейскую імперыякратыю і рускі народ. Віна перад іншымі шматлікімі народаму сьвету, у т.л. і перад беларускім, – за імі абодвума, але віна істотна розная. Акрамя таго, мы не хаваем свайго крытычнага стаўленьня да сёньняшняга дэградаванага Захаду. Мы дакладна тлумачым, чаму нам нельга безаглядна ўлазіць у яго – Захад знаходзіцца на стадыі ліберастычнага напаўраспаду, таму што там уладараць таксама вельмі непрыглядныя соцыяпаразітныя сілы – фінансавая алігархія і сіянакратыя. А вось гэты кірунак крытыкі ў Пазьняка практычна адсутнічае (прысутнічае толькі ўзгадваньне негатыўнай ролі Нямеччыны і пана Віка; але гэта прыватнасьці). Пра канструктыўную частку мы ўжо казалі. Таму, хутчэй за ўсё, камбінацыя адсутнасьці канструктыўнай праграмы КХП з эгаізмам Пазьняка тлумачыць усю парадаксальнасьць паводзінаў КХП у адносінах да выбараў: тут удзельнічаю, тут байкатую, тут удзельнічаю, тут зноў байкатую, а тут зноў удзельнічаю… Пры гэтым на альтэрнатыўныя ў адносінах да адной і той жа сітуацыі паводзіны кожны раз знаходзяцца “важкія аргументы”…

Самым цікавым у групе байкатантаў зьяўляюцца паводзіны “Хартыі”, якая адразу пасьля КХП вуснамі небезвядомага Бандарэнкі таксама гучна заявіла аб неабходнасьці байкоту. Грошы ў іх ёсьць, але прыстойных людзей няма. Таму актыўную ролю ў выбарчай кампаніі яны толькі і маглі праявіць у форме актыўнай агітацыі за байкот, перапяваючы пры гэтым аргументацыю Пазьняка. Але ўвесь час нас не пакідала думка, што грамагалосны байкот “Хартыі” меў сваёй стратэгічнай мэтай зашуміць, зацерці выразную байкотную пазіцыю КХП, якая на фоне ўдзелу ў “выбарах да канца” выглядала маральна сапраўды больш прыстойнай (што да “Хартыі”, дык паняцьці маральнасьці, прыстойнасьці тут нават у самым зародкавым выглядзе ніколі не існавалі…).

БПС і Маладому Фронту правесьці складаную гульню (ажыцьцявіць той сцэнар, які мы падалі вышэй) у даных абставінах пакуль наўрад ці было магчыма. Таму іх заявы аб байкоце выбараў у дадазеных абставінах варта таксама прызнаць дастаткова значнай палітычнай акцыяй.

Праўда, у адносінах да тых, хто вырашыў “ісьці да канца”, заранёў ведаючы пра ўсе механізмы фальсіфікацый, таксама можна наскрэсьці пэўныя апраўданьні. Тут трэба сказаць пра тры стымулы-спакусы.

Першы зь іх – гэта ўрачыстае абяцаньне Лукашэнкі зрабіць выбары абсалютна цывілізаванымі.

Другі – гэта ўкінутая ў асяроддзе апазіцыі чутка, што на гэты раз Лу-ка пусьціць (дакладней, прызначыць) у “палатку” некалькі чалавек з апазіцыі для таго, каб аблегчыць Захаду легітымізацыю і “палаткі”, і ўсяго ягонага рэжыму з далейшай мэтай наладжваньня супрацоўніцтва з Захадам. Пазьнейшае сачэньне за інфармацыяй дазволіла выявіць, што гэтая чутка была ўкінутая ў апазіцыю праз некаторыя СМІ, разьмешчаныя на захад ад Беларусі, а таксама спароджана намёкамі прадстаўнікоў цяперскага рэжыму ў час напаўпатаемных перамоваў з прастаўнікамі Захаду напярэдадні псеўда-выбарчай кампаніі (дарэчы, наша рэдакцыя ўжо ня раз інфармавала нашых чытачоў, што спосаб кіраваньня паводзінамі “беларускай апазіцыі” з боку рэжыму праз укіданьне чутак ёсьць адным з найвыніковейшых).

Думка, што менавіта ў мяне атрымаецца трапіць ў “палатку” і стаць часткай сістэмнай (!) апазіцыі з усімі вынікаючымі наступствамі – паездкі на Захад; інтэрвю, дзе табе дэманструюць, што цябе слухаюць і ты камусьці цікавы; магчымасьці індывідуальнай палітычнай гульні й індывідуальнага атрыманьня рэсурсаў на “барацьбу за дэмакратыю ў Беларусі” – усё гэта не магло не казытаць прыемна душкі многіх амбітных асобаў у апазіцыі, адарваных ад сапраўдных інтарэсаў беларускага народу…

Трэцім “стымулам” былі настойлівыя парады заходніх структураў у бок “беларускай апазіцыі” ўдзельнічаць у выбарах да канца. Дарэчы, такога адкрытага накіроўваньня апазіцыі ў заранёў правальны бок яшчэ не было! Але многія ў апазіцыі не маглі не прыслухацца да такіх “парадаў” па вядомых “грантаўскіх” прычынах. У выніку, байкотныя настроі, якія першапачаткова пераважвалі ў “аб’яднанай апазіцыі” (у пачатку кампаніі гаворка літаральна ішла пра тое, што засталося высьветліць толькі, калі ўсе павінны зьняцца), паступова пад канец псеўда-выбарчай кампаніі сышлі на нішто.

У гэтай тэндэнцыі заўважальным быў толькі казус зь некалькімі сябрамі АГП, якія ішлі па Менску і зьняліся з-за таго, што ім не дазволілі надрукаваць іх агульную выбарчую праграму ў “Народнай волі”. Усім іншым сваім сябрам кіраўніцтва АГП параіла ісьці да канца.

У выніку “да канца” ад усіх “аб’яднаных дэмакратычных сілаў” у псеўда-выбарчай кампаніі працягвала ўдзельнічаць рэкордная колькасьць апазіцыянераў – аж 70 чалавек.

Цікава было назіраць, як некаторыя з дадзеных апазіцыйных “аптымістаў” настолькі паверылі ў сваю выбітнасьць і будучую абранасьць, што пачалі выдаваць нават абсалютна аптымістычныя прагнозы што да сваіх персонаў (у час кампаніі цыркулявалі нават імёны апазіцыянераў, якіх Лукашэнка нібыта вырашыў прыняць у “палатку”). Яскравы прыклад такіх паноў-апазіцыянераў – небезвядомы Раманчук. Ён жа прэтэндэнт на будучага г.зв. ЭКа (эканамічнага кілера), які рыхтуецца для беларускага народу ліберальным Захадам (у свой час мы падрабязна патлумачым нашым чытачам, хто такія ЭКі). Дык вось, Раманчук на поўным сур’ёзе заяўляў, што яго на яго акрузе падтрымлівае ня менш за 70-75% выбаршчыкаў (!).

Новым элементам апошняй псеўда-выбарчаў кампаніі была таксама практычна поўная адсутнасьць… агітацыі. У абсалютнай большасьці са 110 акругаў у паштовыя скрыні выбаршчыкаў ня трапіла ніводнай улёткі – ні ад праўладнага, ні ад апазіцыйнага кандыдата. Людзям прапанавалася рабіць свой выбар ці то на падставе асаблівасьцяў ухмылкі кадыдата, якую яны маглі бачыць толькі на каляровых рэкламках, наляпаных на тумбах для абвестак, ці то на пастве двух-трох слоў, напісаных там жа. Ніякай праграмы, ніякіх абавязальніцтваў. Толькі халтура і халява. І калі такія паводзіны праўладных кандыдатаў можна было патлумачыць тым, што яны ведалі, што Лукашэнка іх прызначае, дык аналагічныя ганебныя паводзіны апазіцыйных кандыдатаў, відаць, трэба тлумачыць разьлікам на тое ж (?!)…

Пасьля “выбараў” уся гэтая “аптымістычная” апазіцыйная лянота апынулася, калі не ў г**не, дык, як мінімум, у шоку (табліцу з данымі, хто прайшоў, а хто – не, гл. ніжэй пад тэкстам; падаем яе, каб краіна ведала сваіх “герояў”; безальтэрнатыўныя акругі з праўладнымі кандыдатамі не паказаны).

Магчымасьць гэтага іх будучага стану яны, натуральна, пачалі прадчуваць па меры набліжэньня дню галасаваньня і па меры таго, як улады, усё больш і больш па ходу кампаніі, адыходзілі ад сваіх ранейшых абяцаньняў што да “дэмакратычнасьці” выбараў. Таму на 28 верасьня, дзень выбараў, аб’яднанцы аб’явілі аб падрыхтоўцы… акцыі пратэсту. Кіраўніцтва АДС заклікала грамадства выйсьці ўвечары на Кастрычніцкую плошчу ў Менску, каб выказаць свой пратэст супраць фальсіфікацыі выбараў і запатрабаваць… новых выбараў!

Усё, гэта ўжо поўны канец. Удумайцеся, дзе павінны быць мазгі аб’яднанцаў, каб яны маглі прыняць такое рашэньне? Каб ярчэй убачыць парадоксы, возьмем на дапамогу логіку:

– як вы можаце ўвогуле казаць пра фальсіфікацыю канчатковых вынікаў выбараў і заклікаць да пратэсту, калі вы ня можаце ведаць, ці будуць яны сфальсіфікаваныя, бо вынікі стануць вядомыя толькі праз некалькі дзён?!

– калі вы заранёў рыхтуецеся пратэставаць супраць вынікаў выбараў, пра якія вы ведаеце, што яны будуць сфальсіфікаваныя, тады чаму вы працягваеце ўдзельнічаць у гэтых “выбарах”?! Удзел у выбарах з адначасовым заклікам да новых выбараў – гэта ўжо нейкая шыза!

– калі ж вы ўсур’ёз намерваецеся пратэставаць супраць умоваў выбараў, якія вядуць да іх заканамернай татальнай фальсіфікацыі, тады чаму вы не зьняліся заранёў і не заклікалі беларускі народ да байкоту гэтых псеўда-выбараў?!

Але інтэлектуальная непаўнавартасьць кіраўніцтва “аб’яднаных дэмсілаў” – гэта яшчэ ня ўсё. У час самой акцыі праявілася ўжо даўно заўважаная намі значна горшая рыса аб’яднанцаў – сьхільнасьць падстаўляць людзей. Прызначаюць акцыю, заклікаюць людзей, а самі на яе… не прыходзяць (так, як і 25 сакавіка сёлета). Такім чынам, гэтая тэндэнцыя становіцца заканамернасьцю. Ганебнай заканамернасьцю, прама скажам. Ня дзіва, што на плошчу выходзіць з кожным разам усё менш народу…

І апошні істотны нюанс. У парламенцкіх псеўда-выбарах праявілі сябе абодва кандыдаты ў беларускія прэзідэнты – Мілінкевіч і Казулін. Тое, што выбары ў “палатку” – гэта ня іхны ўзровень, мы зразумець можам. Гаворка пра іншае. Ні адзін, ні другі ня ўнесьлі ў кампанію ніякай канструктыўнай прапановы, якая хаця б аддалена нагадвала тое, што вышэй запрапанавалі мы. Іх удзел у псеўда-выбарах выявіўся ў тым, што, напрыклад, Казулін агітаваў за сваю дачку, якая ў час кампаніі апусьціла яго да ўзроўню ўласнага дарадцы, а Мілінкевіч агітаваў за адваката Казуліна – Рынкевіча. Хітры такі кампраміс (паглядзім, у што ён ператворыцца праз пару гадоў). У выніку нашы кандыдаты ў прэзідэнты праваліліся ў такой жа ступені ганебна, як і ўсе іншыя кандыдаты ад апазіцыі…

3. Цяперскі рэжым на чале з Лукашэнкам і яго падтрымка расейскай імперыякратыяй (прадстаўляў Барадзін) і ўсім СНД.

Усе яшчэ напэўна памятаюць пра абяцаньне Лукашэнкі, якое ён даў перад выбарамі, правесьці ўзорныя выбары, а таксама пра абяцаньне стварыць умовы поўнай адкрытасьці для назіральнікаў.

На гэты раз назіральнікі ад АБСЕ сапраўды былі. Дый пачатак кампаніі даваў пэўныя аптымістычныя сігналы. Напрыклад, была зарэгістраваная значна большая доля апазіцыйных кандыдатаў пасьля этапу вылучэньня (у параўнаньні з палаткавымі выбарамі 2004 года), выступы кандыдатаў былі пракручаны па тэлебачаньні двойчы.

Але пазьней усё паступова перайшло на старую сьхему. Усё ж многія прэтэндэнты ў кандыдаты былі неўтралізаваныя яшчэ да рэгістрацыі. Былі перашкоды і ў час агітацыі. Але самае галоўнае – было захавана 5-дзённае папярэдняе галасаньне, на якое, як толькі яно пачалося, пачаўся знаёмы загон паднявольных людзей. Агульны паказьнік “папярэдне прагаласавалых” дасягнуў 26%, што больш, чым у 2004 годзе (лічбы па абласьцях гл. на малюнку ўверсе). Калі стала вядома, што нават міжнародным назіральнікам (ня кажучы ўжо пра назіральнікаў ад кандыдата) ня будзе дазволена непасрэдна назіраць за падлікам галасоў, стала зразумелым: рыхтуецца чарговае фальсіфікацыя, а хто будзе “абраным”, зноў будзе вырашаць не народ, а толькі Лукашэнка.

Усе апазіцыянеры затаіліся ў чаканьні выніку ў патаемным спадзеве: а раптам сярод “абраных” буду і я. І яны ж на выпадак уласнага нетраплянья, але трапляньня іншых, рыхтавалі для “абраных” шчасьліўчыкаў таўро “агент рэжыму”.

Вынік ведаюць усе: ніводны з апазіцыянераў у палатку ня трапіў (табліцу з данымі, хто прайшоў, а хто – не, гл. ніжэй тэксту). У чарговы раз правалілся ўсе “апазіцыянеры” (многія лічаць гэта палітычнай памылкай Лукашэнкі; мы таксама; але ён настолькі сябе ўпэўнена адчувае, ці вырашыў прадэманстраваць гэта, што адкінуў усялякія тонкасьці й аддаў перавагу поўнай стэрыльнасьці “палаткі”).

“Усё чыста”, – казаў і разводзіў рукамі Лукашэнка пасьля выбараў (гл. фота ўверсе). І дадаваў: “Такая ў нас апазіцыя, народ ёй не давярае”.

Застаецца сабраць толькі тыя вынікі з кампаніі, якія засталіся. Вось галоўныя косткі з выбарчага стала аля-Лукашэнка:

– ён, як звычайны параноік, не выносіць ніякай апазіцыі сабе, таму з кожным разам доля апазіцыянераў у “палатцы” ўвесь час памяншаецца (гістарычны экскурс з аналізам складу ВС РБ, а затым “палаткі”, пачынаючы з 1990 году і да нашых дзён, кожны можа зрабіць самастойна). Цяпер Лукашэнка дасягнуў ідэалу – “палатка” будзе цалкам стэрыльнай. Цяпер там ня будзе нават Абрамавай і Кучынскага (пра тое, што гэта дасьць самому Лукашэнку, размова патрэбна асобная). Рэжым працягвае кансалідавацца вакол Лукашэнкі – у выніку паступовай антыселекцыі вакол яго зьбіраюцца ўсё больш беспрынцыпныя, крывадушныя, цынічныя, недальнабачныя і… фармальна адданыя яму (падкрэсьлім, фармальна адданыя) асобы.

– усе выбары пры цяперашнім рэжыме ператвораны ў абсалютны фарс, фокус, імітацыю. Лукашэнка дасягнуў гэтага з дапамогай асоб, якіх ён уцягнуў у дадзенае дзяржаўнае злачынства (адна зь іх паказана на фота ўверсе), а таксама з дапамогай тэхналогіі фальсіфікацыі выбараў, якія адбываюцца “ў поўнай адпаведнасьці з унутраным заканадаўствам”. У час гэтай кампаніі выразным доказам падмены бюлетэняў у скрынях для датэрміновага галасаваньня сталі факты зьмены адбітка ад пячаткі на гэтых скрынях пасьля ночы з суботы на нядзелю, што было зафіксавана з дапамогай здымкаў, зробленых мабільнікам. А тое, што ў пратаколы ўчастковых камісій могуць быць упісаны любыя лічбы (бюлэтэні ня трэба нават падлічваць), было даказана знаходжаньнем такіх “пратаколаў”, дзе былі подпісы ўсіх сябраў камісіі, але не было… ніякіх лічбаў.

– выбарчы фарс, які ўвесь час паўтараецца, вядзе да апатыі выбаршчыкаў. Вельмі верагодна, што агульная яўка “на галасаваньне” сапраўды была недзе на мяжы 50%. Відаць, “палатнікам” прыйдзецца прымаць закон аб адмене абавязковай яўкі ў 50%.

– вакол Лукашэнкі ўвесь крытычны час круціліся агенты крэмлядзяў, найбольш мазоліў вочы Барадзін, які напэўна быў прыстаўлены для нагляду і маральнай падтрымкі (Барадзіну дык што). Мы ўбачылі таксама вынікі “кантролю” за ходам галасаваньня з боку прадстаўнікоў СНД. Апошнія цалкам падтрымалі рэжым, нахабна заяўляючы ў тэлевізійную камеру, што яны не знайшлі някіх парушэньняў (усё гэта варта запомніць). Таксама мы бачылі, як лісьлівілі перад Лукашэнкам і яго служкамі (напрыклад, Чаргінцом) прадстаўнікі Захаду – больш дакладна, прадстаўнікі Францыі й Нямеччыны.

Вось і пяройдзем да аналізу паводзінаў апошніх.

4. Роля Захаду ў выбарчых гульнях цяперскага рэжыму Лукашэнкі.

Адразу адзначым, правальнасьць гэтай ролі цяпер павінна стаць відавочнай усім бесстаронным аналітыкам (са свайго боку, мы даўно сфармулявалі адпаведныя прынцыпы Беларускай дактрыны, з-за чаго ў нас расчараваньня з гэтай нагоды няма).

Па-першае, прадстаўнікі Захаду (усе!) сапраўды штурхалі беларускую апазіцыю ісьці ў выбарах да канца.

Па-другое, яны памылкова (як аказалася) разьлічвалі, што Лукашэнка дазволіць ім рэальна паназіраць за выбарамі й прапусьціць у “палатку” хаця б некалькі пажаданых для іх асоб (пра намёкі на гэта з боку некаторых заходнікаў адкрыта сказаў Лукашэнка; на яго твары пры гэтым была садыстычная асалода, што гэтыя спадзевы ён абламаў).

Па-трэцяе, гэта лісьлівасьць заходнікаў перад Лукашэнкам і яго паслугачамі (ня горшая, чым у мясцовых начальнічкаў), ды яшчэ на вачах усяго беларускага народу. Агіда…

І пасьля ўсяго гэтага так атрымаць па мардасах – ні вам ніякага рэальнага назіраньня, ні вам ніводнага “апазіцыянера” ў “палатцы”…

Ня будзем хаваць, мы ўсе ў рэдакцыі атрымалі вялікае задавальненьне ад таго, як Лу-ка павучыў жыцьцю ўсіх гэтых прадстаўнікоў “цывілізаванага”, “дэмакратычнага” Захаду…

Але паглядзіце, што адбылося ў цэлым:

– спачатку авансы Лукашэнкі ў бок Захаду і з Захаду ў бок Лу-кі;

– затым Лукашэнка “кідае” заходнікаў; да заходнікаў нарэшце “навука” даходзіць і АБСЕ мяняе сваю пазіцыю з гатовасьці прызнаць выбары на іх непрызнаньне (у выніку, пачало здавацца, што Захад нарэшце ўбачыў рэчаіснасьць, усё зразумеў і зрабіў высновы са сваіх папярэднік памылак);

– але затым зноў пачаліся дзівосы – пачалі паступаць шматлікія заявы, і з боку прадстаўнікоў ЗША, і з боку прадстаўнікоў Еўразьвязу, што, маўляў, непрызнаньне выбараў у Беларусі зусім не азначае, што Захад хоча спыніць свае стасункі зь Беларусьсю. Зусім не, ён будзе… пашыраць супрацоўніцтва.

І тут пачынае высьвечвацца самае галоўнае. Аказваецца, Захад штурхаў “беларускую” апазіцыю ісьці ў выбарах да канца не з-за таго, што раптам паверыў у станоўчыя зьмены ў характары і сьветаглядзе Лукашэнкі. Зусім не. Прычыны “авансавага атымізму” Захаду нашмат глыбей, нашмат сур’ёзьней і знаходзяцца ў іншым месцы. Ён проста разьлічваў стварыць прыгожы прэтэкст, каб пайсьці на саступкі рэжыму пад словаблуддзе пра тое, што, маўляў, “рэжым Лукашэнкі паступова дэмакратызуецца”. Так яму было прасьцей. А галоўнае – гэта не дэмакратызацыя рэжыму, галоўным было здацца рэжыму, “зьблізіцца” зь ім…

Лу-ка ня стаў аблягчаць задачу заходнікам. “Нічога страшнага”, – сказалі заходнікі, і ўсё роўна “ідуць на збліжэньне”. Хутка, відаць, убачым, як на каленках папаўзуць…

А прычына такіх дзівосаў, хутчэй за ўсё, у тым глыбокім крызісе, у якім апынулася сёньня ўся заходняя цывілізацыя. Ёй, аказваецца, “не да жыру, быць бы жыву”. У іх там усё раптам стала надзвычай сур’ёзна: усё горш справы ў Аўганістане; захрасьлі ў Іраку; фінансавы крызіс у ЗША; працягвае хуткімі тэмпамі ўзмацняцца Кітай; на нафце і газе нечакана хутка ўзьнялася расейская імперыя і прынялася за сваю старую агрэсіўную палітыку (як быццам бы заходнікаў ніхто пра гэта не папярэджваў); надзвычай хісткае становішча “памаранчавых” ва Украіне; нарэшце, вайна ў Грузіі (а вось і вайна). А тут яшчэ і Беларусь вось-вось будзе захоплена расейскай імперыяй (як быццам бы і пра гэта іх ніхто не папярэджваў)…

Вось чаму Захад раптам пачаў імкнуцца да супрацоўніцтва з дыктатарскім рэжымам, гатовы ісьці на любыя саступкі, улучна са здачай рэжыму ўсёй сваёй апазіцыі! Гэта крок адчаю перад канчатковым правалам усёй сваёй палітыкі.

Але тут – стоп. Што гэта за такое?!!

А ну-ка, давайце ўспомнім, куды пайшлі 14 гадоў (!!!) змаганьня Захаду з “дыктатарскім рэжымам Лукашэнкі”, за якія можна было тры такіх рэжымы заваліць?

Прадстаўнікі Захаду фарматавалі беларускую апазіцыю з тых кадраў, якія яны самі адбіралі ў поўнай адпаведнасьці зь іх уяўленьнямі і жаданьнямі. Яны ж выдзялялі на “барацьбу за дэмакратыю ў Беларусі” дзесяткі мільёнаў, калі ня сотні, даляраў і еўра (пры ўсім тым сотні прыстойных, патрыятычна настроеных людзей, якіх цяперцы выкідалі з працы, заходнікі абзывалі “нацыяналістамі” і пакідалі без усялякай падтрымкі). Заходнікі ж накідвалі апазіцыі тую ідэалогію, тактыку, усе іншыя ўяўленьні, якія жадалі (але і яны ж пакідалі без адказу любыя заўвагі людзей, якія казалі ім пра памылкі, складасьць сітуацыі, пра тое, што дзейнасьць Захаду не прывядзе да станоўчых вынікаў).

І вось наступае час, калі мы мусім мець вынік. А яго ня проста няма. Сітуацыя значна горшая, чым 14 гадоў таму… Акрамя таго, нельга ж назваць вынікам імкненьне да збліжэньня з рэжымам, амаль да цалаваньня яго ў зад, калі зыходнай мэтай было аб’ялена змаганьне з дыктатарскім рэжымам Лукашэнкі, за дэмакратыю ў Беларусі.

Дык вось, паважаныя паны-заходнікі. Наступае час сказаць, што ў Беларусі вы разам са сваімі ліберастычнымі “каштоўнасьцямі” і падыходамі (як вас шмат разоў і папярэджвалі, у т.л. некаторыя з нас) атрымалі тое, што заслугоўваеце – поўны правал.

Мы разумеем. Час памяняўся. Захад адступае і правальваецца сёньня паўсюль і шмат у чым – у палітыцы і эканоміцы, на Ўсходзе і ў саміх ЗША.

Але хто ў гэтым вінаваты, як ня вы самі?

А, можа, хаця б у сувязі з гэтым час паслухаць людзей, якія ведаюць і прычыны ўсіх гэтых паразаў, як і тое, што трэба рабіць, каб выбрацца з крызісу?…

Усяго лепшага, сябры, калегі і панове.

А Беларусь – наша зямля – жыве і будзе жыць! Як і наш народ!

P.S. У сувязі з правалам “аб’яднанай апазіцыяй” чарговай палітычнай кампаніі радыё “Свабода” зьвярнулася да сваіх інтэрнэт-чытачоў з просьбай даць парады апазіцыі (гл. http://www.svaboda.org/content/Article/1293029.html?spec=1#relatedInfoContainer). Ад імя рэдакцыі парада была дадзена такая (як ня дзіва, яе не заблакавалі):

“Спосаб вырашэньня “беларускай праблемы” ўжо даўно запрапанаваны рэдакцыяй “Нашайзямлі.орг”. Гл., напрыклад, тут:
– НАША ГАЛОЎНАЯ ПРАБЛЕМА – ЭТНАЦЫД, НАША МЭТА – БЕЛАРУСКАЯ ДЗЯРЖАВА! (Ч.8) (nashaziamlia.org/2006/04/11/30);
– Галоўныя таямніцы Кангрэсу “Аб’яднаных Дэмакратычных Сілаў” (nashaziamlia.org/2007/05/30/692);
– Да чарговага зьезду БНФ : Публічнай прэзентацыі Пераможнай праграмы – 4 гады! (nashaziamlia.org/2007/11/18/1061);
– Яшчэ раз пра тое, як бессэнсоўнае змаганьне за беларускую школу ператварыць у выніковае (частка 2) (/nashaziamlia.org/2008/09/07/1525).
– Як я быў грамадскім рэдактарам Радыё “Свабода” (nashaziamlia.org/2008/05/03/1332)
.

��ба�� 11.GIF

4 каментарыя

  1. Актывіст кажа:

    Цалкам не пагаджусь з тым, як вы ацанілі стаўленне КХП БНФ да захаду. Афіцыйна партыя неаднойчы выступала супраць незразумелых і недальнабачных паводзін еўрабюракратыі. Пра гэта можна пачытаць на іх афіцыйным сайце. У кожным блоку навін яны крытыкуюць палітыку Брусэля. Самы апошні прыклад:

    “23 верасьня 2008 г. Чэшская газэта “Mlada Fronta Dnes” публікуе артыкул пад тытулам “Захад лічыў бессэнсоўнай вайну з Гітлерам за Чэхаславакію”. Артыкул прысьвечаны 70-м угодкам абвяшчэньня ў Чэхаславакіі мабілізацыі арміі ў сувязі з пагрозай акупацыі з боку гітлерскай Нямеччыны. Гісторык Ян Б. Ухлірж распавядае, што чэхаславацкая армія была вельмі добра падрыхтавана і ўзброена для абарончай вайны, мела выдатныя абарончыя збудаваньні. І галоўнае, народ і войска гатовыя былі ваяваць і абараняцца. Гісторык мяркуе, што нават без якой-кольвечы зьнешняй падтрымкі нацыянальная армія магла эфэктыўна ваяваць супраць гітлерцаў на працягу месяца. Роўна столькі было патрэбна часу, каб правесьці мабілізацыю арміі Францыі, хаўрусьніцы Чэхаславакіі. Але Захад у чарговы раз адкупіўся (чужым, не сваім) ад лютага агрэсара, спадзяючыся, што агрэсар спыніцца. Заходнія дэмакраты ў Мюнхене аддалі Гітлеру спачатку Судэцкую вобласьць Чэхаславакіі, а потым той захапіў усю краіну. А ўжо праз паўтара гады найсучасьнейшае ўзбраеньне і тэхніка, захопленыя немцамі ў чэхаславацкай арміі, эфэктыўна выкарыстоўваліся падчас бліц-крыгу ў Бэльгіі, Нідэрляндах і Францыі.
    Наш камэнтар: Нічаму не навучыліся ЗАХОДНЕЭЎРАПЕЙСКІЯ ПАЛІТЫЧНЫЯ ЭЛІТЫ. У іх нібыта памяць адбіла. Яны гатовыя здаць цэлыя народы і краіны ў палон маскоўска-фашыстоўскаму агрэсару. Але мюнхенскі подлы варыянт не паўсюль праходзіць. Грузінскі народ, грузінская армія і палітычнае кіраўніцтва невялікай краіны не чакалі літасьці ад агрэсара, ня слухалі дэмагагічныя размовы салянаў і бэнітаў. Калі грузіны даведаліся, што каля парогу іхнага нацыянальнага дома сабралася 100-тысячная маскоўская армія, яны пачалі змагацца. Расейскае начальства ўсіх узроўняў не чакала такога эфэктыўнага адлупу. Яны зьбіраліся прайсьці танкавымі калёнамі праз усю Грузію і захапіць Тбілісі. Ды ўсё правалілася. Бо таго, хто змагаецца, вымушаны былі падтрымаць нават тыя, хто не зьбіраўся падтрымліваць Грузію. Вялікая лекцыя беларускаму народу.”
    http://pbpf.org/art.php?art=1612&cat=7&lang=be

  2. Siarhiej кажа:

    1. У асяроддзі дэмакратаў цяжка адрозніць проста дурняў, якія “ідуць да канца” ад агентаў, якія робяць тое ж.
    2. Рашучая пазіцыя “Захаду” можа прымусіць Луку здаць Беларусь крэмлядзям. Пры гэтым ён страціць уладу,
    але можа захаваць свае мільярды. Гэта ўзмоцніць Маскву, чаго “Захад” ня хоча, і таму гульня працягваецца.
    3. Прыкладна 6500 выбарчых ўчасткаў “абслугоўвалі” прыкладна 65 тысяч крымінальнікаў, таму што крадзёж галасоў
    выбарцаў гэта крымінальнае злачыннства. У Лукі няма недахопу ў кадрах.
    4. Я сам трошкі “хадзіў па хатах” і не адчуў што народ паразумнеў. Адчуў толькі нейкую абыякавасць і злосць на ўсіх,
    уключна ўлады.
    5. Некаторыя сябры ПБНФ зняліся 23 верасня.
    З аналізам у гэтым артыкуле можна пагадзіцца.

  3. Вельмі добры аналіз сітуацыі ў Беларусі. Добра ўбачыўшы гульні зацікаўленых бакоў вакол Беларусі і разгортуючыся тэатр палітычных гульняў, можна спланаваць адпор, калі не ворагам, дык, дакладна, недобразычліўцам беларусаў. Але ў першую чаргу, трэба зразумець, што кожны народ клапоціцца пра сябе і абараняе свае інтарэсы. А вось інтарэсы беларусаў абараняць няма каму. Ды і з якой нагоды нехта будзе абараняць інтарэсы беларусаў? Хіба ж беларусы некаму за гэта заплацілі? Ці беларусы маюць вес ў фінансава-эканамічнай сферы свету? Гэтага няма. І тады выглядае так, што беларусы хочуць жыць на халяву, а халяўшчыкам дапамагаць ніхто не будзе. Амаль што за 20 гадоў беларусы яшчэ не усвядомілі нават вельмі простых рэчаў, што яны беларусы, што ім трэба клапаціцца аб сваім дабрабыту супольна, што ім трэба змагацца за сваё беларускае, а не за нейкае інтэрнацыянальнае, жыдоўска-бальшавіцкае, кэдэбіска-камуністычнае, сіяніска-імперыялістычнае ці наогул псіхічна не нармалёвае. Беларусы настолькі хочуць халявы, што нават тое, што валіцца з неба не ўстане падняць, выкарыставаць свае шансы. Напрыклад: здабыткі гісторыі. беларускай мовы. генетычных даследванняў, шматлікіх гістарычных мясцін, інтэлекту нацыі, склаўшагася на працягу многіх вякоў. Халяўшчыкам Бог нічога не дае. Толькі вялікай працай можна ўсё здабыць.

  4. Алесь кажа:

    Паважаная спадарыня, Галіна.
    Чачэнцы на нашых вачах змагаліся за сваю свабоду так, што загінуў кожны чацьверты зь мільёна чалавек.
    Але Захад і на іх не зьвярнуў ніякай увагі.
    У гэтым сэнсе я згодны з вамі, што на Захад ня трэба звяртаць увагі, а больш імкнуцца арганізоўвацца самім беларусам. Захад жа будзе рабіць толькі тое, што яму выгадна.

Пакінуць каментар

  • Старонкі

  • Катэгорыі

  • Апошнія запісы

  • Архівы