nashaziamlia.org

Асьветна-адукацыйны, грамадазнаўчы сайт для беларусаў: аналіз, прагноз, сілы, інтарэсы, сьветагляды, ідэі, ідэалогіі, праграмы, мэты.

Запісы

Прымус да “дэмакратыі” з дапамогай пугі (Частка 1: вынікаў няма)

Кастрычнік 12, 2008 | Каментары (1)

Алесь Астроўскі, Барыс Керзач

12 паÑ�Ñ�абаванÑ�нÑ�Ñ�.JPG 

Усім напэўна ўбіўся глыбока ў вушы выраз, які апошнім часам у адпаведнасьці зь вядомымі  законамі PR-тэхналогіі старанна накідвала сьвету салодкая парачка Пуцін-Мядзьведзеў – “Прымус да міру”. Так яны казалі пра Грузію, на якую нядаўна напалі ўсёй сваёй вайсковай армадай. Шмат гадоў (больш 10) аналагічны прымус, толькі ўжо да “дэмакратыі”, практыкуе Захад у адносінах да Беларусі. Паколькі ў гэтай гісторыі цяпер, у канцы 2008 году, зьявіліся новыя істотныя павароты, мы можам страціць дакументальныя сьведчаньні ранейшага шматгадовага (і безвыніковага) прымусу Захадам рэжыму Лукашэнкі “да дэмакратыі”. Гэтага не павінна адбыцца. Магчыма, наперадзе ў нас размовы з заходнімі “дэмакратамі” ці што-небудзь аналагічнае, дзе дакладныя факты пра іх папярэднюю дзейнасьць будуць вельмі дарэчы. Дый наша навучаньне на ўласнай гісторыі мае немалое значэньне…

 

“Апошняя дыктатура Еўропы” раздражняла ня толькі сваіх грамадзянаў. Можна ўявіць, як маглі напачатку адчуваць сябе еўрапейцы (дый амерыканцы), калі ў самым цэнтры геаграфічнай Еўропы яны мелі квітнеючую дыктатуру, якая самастойна і не зьбіралася канаць, а толькі ўсё мацнела і дасьпявала. А яны нічога не маглі зрабіць. Гэтае пачуцьцё напэўна ў нечым нагадвала тое, што адчувалі і самі беларусы ў сярэдзіне 1990-х, але напэўна было менш інтэнсіўным. На адным з этапаў зьнявагі Лукашэнкам “дэмакратыі” (дэмакратыі, у ліберальным разуменьні гэтага паняцьця – г.зн., усяго толькі як дакладнай выбарчай працэдуры) Захад ня вытрамыў і вырашыў накласьці санкцыі.

Гэтыя “санкцыі” выявілі сябе ў некалькіх дзеяньнях:

– быў складзены сьпіс дзяржаўных чыноўнікаў, якім з-за іх “антыдэмакратычных паводзін” быў забаронены ўезд у краіны ЕЗ і ЗША;

– былі вылучаны патрабаваньні да рэжыму, якія ён павінен быў выканаць. Маўляў, толькі пасьля гэтага заходнія палітыкі пачнуць зь ім супрацоўнічаць;

– і, нарэшце, адносна нядаўна былі накладзены фінансавыя абмежаваньні на некаторыя беларускія нафтаперапрацоўчыя прадпрыемствы (праўда, перад гэтым пачаўся пошук актываў “беларускіх” чыноўнікаў у заходніх банках).

Варта дадаць, што ўвядзеньне санкцый адбывалася на фоне ўзрастаньня фінансаваньня Захадам “змаганьня за дэмакратыю ў Беларусі”, у т.л. фінансаваньня апазіцыі. Вось з гэтага, бадай што, і варта пачаць фіксацыю некаторых момантаў узаемаадносін лукашэнкаўскага рэжыму і Захаду прыкладна апошніх 10 гадоў.

 

1. Сродкі на “змаганьне за дэмакратыю ў Беларусі”.

Мы не працуем у КГБ і не супрацоўнічаем зь ім. Таму зьвесткі пра фінансаваньне “барацьбы за дэмакратыю ў Беларусі” можам узяць толькі з адкрытых крыніц (у асноўным гэта сайт радыё “Свабода”). Вось некаторыя зьвесткі з нашага архіву, якія варта мець на ўвазе.

2002 г.

Інфармацыя радыё “Свабода” ад 12 ліпеня. “Акт у падтрымку дэмакратыі ў Беларусі прадугледжвае выдзяленьне амаль 50 мільёнаў даляраў, каб паспрабаваць узмацніць наша ўзьдзеяньне на дэмакратызацыю Беларусі. Гэта адбудзецца празь некалькі тыдняў і, я думаю, праз пэўны час гэта стане законам. Мы ня можам толькі гаварыць пра дэмакратыю, мы павінныя ўкладаць у гэта грошы”.

2003 г.

Інфармацыя радыё “Свабода” ад 11 красавіка. “Фінансавая дапамога Беларусі праз USAID (праграма Дзярждэпартамэнту ЗША) за апошнія 5 гадоў увесь час зьмяншалася – ад 12,5 мільёнаў даляраў у 1999 годзе да 10 мільёнаў у 2003 годзе. Заплянаваная на пачатку году дапамога ў 8 мільёнаў на 2004 была б самай маленькай, калі параўнаць дапамогу іншым краінам былога СССР. Калі “Акт аб дэмакратыі ў Беларусі” будзе прыняты Кангрэсам ЗША, Беларусі будзе выдзелена 40 мільёнаў даляраў дапамогі ў год”.

2004 г.

Інфармацыя з www.svaboda.org/articlesfeatures/politics/2006/12/23b06053-49c0-4397-9cc8-49b674f6d9b5.html. “Акт аб дэмакратыі для Беларусі быў прыняты Кангрэсам ЗША у кастрычніку 2004 году”.

2005 г.

Інфармацыя БелаПАН ад 16 траўня. “Рашэньне аб дадатковым фінансаваньні разьвіцьця дэмакратыі ў Беларусі стала законам. 11 траўня прэзыдэнт ЗША Джордж Буш падпісаў дапаўненьне да бюджэту на 2006 год, згодна зь якім на падтрымку праграмаў па разьвіцьці дэмакратыі ў Беларусі дадаткова выдзяляецца 5 мільёнаў даляраў”.

Інфармацыя з www.svaboda.org/articlesfeatures/politics/2005/7/0BEF3CF5-5BD5-416FB795-A728D31B7B9F.html ад 13 ліпеня. “Эўразьвяз мусіць скарэктаваць існуючыя правілы фінансаваньня. Размова ідзе пра стварэньне адмысловага фонду для дэмакратычных пераўтварэньняў у Беларусі. … У якасьці сумы штогадовай эўрапейскай падтрымкі Ганс-Георг Вік называе лічбу – 14,2 мільёнаў эўра ў год”.

Інфармацыя з www.svaboda.org/articlesfeatures/politics/2005/8/F2B7E243-A760-4187-9DE3-6ED9E2D7F029.html ад 11 жніўня. “Вядучыя эўрапейскія палітыкі і дыпляматы разглядаюць пытаньне больш актыўнага ўмяшаньня Эўрапейскага Зьвязу ў беларускую палітычную сытуацыю. … Як перадае радыё “Deutsche Welle”, цяпер эўрапейскія дыпляматы ўсё больш актыўна разглядаюць магчымасьці адкрытага фінансаваньня апазыцыйных беларускіх партыяў з тым, каб тыя маглі б на роўных канкураваць з праўрадавымі арганізацыямі”.

2006 г.

Інфармацыя радыё “Свабода” ад 8 лютага. “Агенцтва “Асашыэйтэд Прэс” падае заяву Дэніела Фрыда, зробленую ў Вашынгтоне 7 лютага, у якой гаворыцца, што амэрыканскі Кангрэс выдаткаваў больш чым 21 мільён даляраў на разьвіцьцё дэмакратыі ў Беларусі”.

Інфармацыя радыё “Свабода” ад 20 красавіка. “Амбасадар Боўг: “Беларусь атрымала праз праекты ТАСІS каля 10 мільёнаў эўра””.

Інфармацыя з www.svaboda.org/articlesfeatures/politics/2006/12/23b06053-49c0-4397-9cc8-49b674f6d9b5.html ад 9 сьнежня. “Палата прадстаўнікоў Кангрэсу ЗША прагаласавала за працяг яшчэ на два гады тэрміну дзеяньня “Акта аб дэмакратыі для Беларусі”, які прадугледжвае падтрымку дэмакратычных працэсаў у Беларусі, а таксама эканамічныя санкцыі супраць беларускіх уладаў за парушэньні правоў чалавека. … Дакумэнт прадугледжвае выдаткаваньне з фэдэральнага бюджэту ЗША 27,5 млн. даляраў на падтрымку дэмакратычных працэсаў у Беларусі”.

Магчыма, тое-сёе мы і прапусьцілі, але і з таго, што ёсьць, бачна: Захад за апошняе 10-годдзе выдзяліў на “барацьбу за дэмакратыю ў Беларусі” дзесяткі мільёнаў даляраў. У параўнаньні з эканамічнай падтрымкай рэжыму Лукашэнкі з боку Расеі, якая штогод складала некалькі мільярдаў даляраў (!), гэта сума не такая і вялікая. Мы таксама разумеем, што большая частка гэтых грошай апазіцыі не трапіла – была разабраная яшчэ да мяжы зь Беларусьсю (што зробіш: “хозяин – барин”), але ўсё ж некалькі мільёнаў зялёных лідары цяперашняй апазіцыі напэўна атрымалі…

Такім чынам, такія-сякія сродкі былі. Эх, калі б іх ды сапраўды пусьціць на добрую справу…

 

2. Неўяздныя на “цывілізаваны” Захад.

Пасьля прэзідэнцкай выбарчай кампаніі 2006 году быў складзены Сьпіс чыноўнікаў РБ, адказных за ўдзел у фальсыфікацыях вынікаў прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі, якім быў забаронены ўезд на тэрыторыю Эўразьвязу і ЗША (гл. www.svaboda.org/articlesfeatures/politics/2006/04/a47e902f-b7a6-45a9-9887-3db966d2d701.html).

Вось гэты сьпіс:

1. Аляксандр Лукашэнка, прэзыдэнт РБ.

2. Генадзь Нявыглас, кіраўнік Адміністрацыі прэзыдэнта.

3. Натальля Пяткевіч, намесьнік кіраўніка Адміністрацыі прэзыдэнта.

4. Анатоль Рубінаў, намесьнік кіраўніка Адміністрацыі прэзыдэнта.

5. Алег Праляскоўскі, начальнік ідэалягічнай управы Адміністрацыі прэзыдэнта.

6. Аляксандр Радзькоў, міністар адукацыі.

7. Уладзімер Русакевіч, міністар інфармацыі.

8. Віктар Галаванаў, міністар юстыцыі.

9. Аляксандр Зімоўскі, старшыня Белтэлерадыёкампаніі.

10. Улазімер Канаплёў, сьпікер Палаты прадстаўнікоў.

11. Мікалай Чаргінец, дэпутат Савета Рэспублікі.

12. Сяргей Касьцян, дэпутат Палаты прадстаўнікоў.

13. Міхаіл Орда, дэпутат Палаты прадстаўнікоў.

14. Мікалай Лазавік, сакратар ЦВК.

15. Пётар Міклашэвіч, Генэральны пракурор.

16. Алег Сьліжэўскі, начальнік управы грамадзкіх аб’яднаньняў Міністэрства юстыцыі.

17. Аляксандр Харытон, галоўны спэцыяліст управы грамадзкіх аб’яднаньняў Міністэрства юстыцыі.

18. Яўген Сьмірноў, намесьнік старшыні Вышэйшага гаспадарчага суду.

19. Надзея Рэўцкая, судзьдзя Маскоўскага суду Менску.

20. Мікалай Трубнікаў – судзьдзя Партызанскага суда Менску.

21. Мікалай Купрыянаў – намесьнік генэральнага пракурора.

22. Сьцяпан Сухарэнка – старшыня КДБ.

23. Васіль Дземянцей – намесьнік старшыні КДБ.

24. Леанід Козік – старшыня Фэдэрацыі прафсаюзаў Беларусі.

25. Аляксандар Каляда – кіраўнік Берасьцейскай абласной выбарчай камісіі.

26. Мікалай Усаў – кіраўнік Гомельскай абласной выбарчай камісіі.

27. Леанід Лучына – кіраўнік Гарадзенскай абласной выбарчай камісіі.

28. Тацьцяна Краўчанка – кіраўніца Менскай гарадзкой выбарчай камісіі.

29. Уладзімер Курловіч – кіраўнік Менскай абласной выбарчай камісіі.

30. Мікалай Мяцеліца – кіраўнік Магілеўскай абласной выбарчай камісіі.

31. Міхаіл Пішчулёнак – кіраўнік Віцебскай абласной выбарчай камісіі.

 

У час складаньня гэтага сьпісу шмат размоў было пра тое, што ён складзены менавіта для абмежаваньня свабоды цяперскага начальства РБ, а, маўляў, для простых грамадзянаў Беларусі павінны быць створаны ўмовы для свабоднага наведваньня імі заходніх краін.

Як пазьней паказала практыка, усё на справе было зроблена з дакладнасьцю наадварот.

Для звычайных грамадзянаў Беларусі былі выстаўлены такія кошты візаў (дарэчы, істотна большыя, чым нават для грамадзянаў Расеі), якія для многіх сталі дадатковым істотным абмежаваньнем для паездкі на Захад. Дайшло да таго, што Мілінкевіч мусіў сказаць Меркель, што “Цяперашнія візавыя кошты — гэта кшталту Бэрлінскага муру” (гл. www.svaboda.org/content/Article/1200993.html). 

У гэты ж час многія чыноўнікі з вышэй прыведзенага сьпісу маглі свабодна наведваць той жа Еўразьвяз. Так, напрыклад, Зімоўскі (№9 у сьпісе) у час дзеяньня “санкцый” быў у Партугаліі (гл. www.svaboda.org/articlesfeatures/politics/2006/7/29258116-FECB-479F-A5FF-5173129FD79B.html; www.svaboda.org/articlesfeatures/politics/2006/7/E6CF14E7-9381-405D-8E81-1FC78EC36387.html), Козік (№ 24) быў у Швайцарыі (www.svaboda.org/articlesfeatures/politics/2006/5/9C299C85-D399-41BE-9CA0-AF9CEEB82BDB.html), а Сьліжэўскі (№16) – у Аўстрыі (www.svaboda.org/content/Article/1200057.html). І езьдзілі яны туды за “дзяржаўны” кошт.

Такія вось аказаліся рэаліі й у гэтым асьпекце…

 

3. Фінансавыя санкцыі.

Яны датычылі як пэўных асобаў, так і асобных прадпрыемстваў. 

Так, у 2006 годзе Міністэрства фінансаў ЗША загадала заблякаваць знойдзеныя ў ЗША любыя фінансавыя актывы або маёмасьць, якія належаць кіраўніку Беларусі Аляксандру Лукашэнку, а таксама забараніла грамадзянам ЗША мець любыя бізнэс-дачыненьні з Лукашэнкам. Апрача яго ў сьпіс чыноўнікаў, маёмасьць і фінансавыя актывы якіх павінны быць імгненна заблякаваныя, увайшлі міністар юстыцыі Віктар Галаванаў, старшыня Белдзяржтэлерадыёкампаніі Аляксандар Зімоўскі, кіраўнік аховы прэзыдэнта Віктар Лукашэнка, міністар унутраных справаў Уладзімер Навумаў, камандзір СОБРу Дзьмітры Паўлічэнка, намесьніца кіраўніка Адміністрацыі прэзыдэнта Натальля Пяткевіч, старшыня КДБ Сьцяпан Сухарэнка, старшыня Савету бясьпекі Віктар Шэйман і старшыня Цэнтравыбаркаму Лідзія Ярмошына (гл. www.svaboda.org/articlesfeatures/politics/2006/6/B36149E0-EB54-4FCA-9B04-BD98F29A4319.html)

У канцы 2007 году ЗША замарозілі на рахунках прадстаўніцтваў “Белнафтахіма” больш за 1 млрд. долараў, якія назапашваліся для рэалізацыі беларускіх планаў у Венесуэле. У пачатку г.г. ЗША зачынілі свой рынак для беларускіх прадпрыемстваў нафтахіміі, забараніўшы зьдзелкі з ўсімі прадпрыемствамі сістэмы канцэрна. Да такіх адносяцца беларускія НПЗ, “Беларускалій” і г.д. (гл. pahonia.org/str/2008-03/207.htm).

Гэтыя санкцыі таксама посьпеху ня мелі: пра актывы Лу-кі й яго галоўных цяперцаў за мяжой беларускаму грамадству нічога вядома ня стала, а беларускія прадпрыемствы нафтахіміі як працавалі, так і працягвалі працаваць (што, дарэчы, добра).

 

4. Патрабаваньні “дэмакратызацыі”.

Гэты кірунак “санкцый” мы лічым найбольш інфарматыўным, паколькі ён выкрывае сутнасьць сёньняшняга Захаду, а праз гэта і тлумачыць асноўныя прычыны яго безвыніковай палітыкі ў адносінах да Беларусі й беларускага народу. 

Патрабаваньні “дэмакратызацыі” з боку заходніх структур у бок рэжыму Лукашэнкі гучалі даўно на розных міжнародных форумах. Своеасаблівае падсумаваньне адбылося яшчэ ў лістападзе 2005 года. Тады, на 51-й штогадовай сэсіі ПА НАТО ў Капэнгагене, парлямэнтары НАТО выказалі да афіцыйнага Менску тыя ж патрабаваньні, што і парлямэнтары АБСЭ, Рады Эўропы, Эўрапарлямэнту: забесьпячэньне свабоды і празрыстасьці выбарчага працэсу, аднаўленьне дэмакратыі і прававых нормаў у Беларусі, гарантаваньне незалежнасьці судовай улады, неадкладнае вызваленьне з-пад арышту палітзьняволеных, паскарэньне расьсьледаваньня палітычных зьнікненьняў (www.svaboda.org/articlesfeatures/politics/2005/11/0cae2951-1d3a-4da4-b9c3-23c598869f09.html).

У лістападзе 2006 году, пасьля правалу выбарчай кампаніі, Еўразьвяз вылучыў цэлую групу выгадных эканамічных і гуманітарных прапаноў у адрас беларускага грамадства наўзамен за выкананьне ўладамі шэрагу “дэмакратычных” патрабаваньняў (www.svaboda.org/content/Article/1292985.html).  Усё было названа Новай стратэгіяй Еўразьвязу ў адносінах да Беларусі.

Пачнем з таго, што прапанаваў Еўразьвяз:

1. Спрасьціць візавы рэжым паміж краінамі ЭЗ і Беларусьсю;
2. Пашырыць памежнае супрацоўніцтва;
3. Павялічыць фінансавую дапамогу;
4. Аказаць дапамогу ў правядзеньні рэформаў;
5. Палепшыць сістэму аховы здароўя і адукацыі;
6. Дапамагчы рэфармаваць прававую і судовую сыстэмы з мэтай забесьпячэньня роўных правоў для ўсіх;
7. Палепшыць стан навакольнага асяродзьдзя: якасьць вады, перапрацоўку выкідаў;
8. Падтрымаць праграмы ліквідацыі наступстваў Чарнобыльскай катастрофы.

Наўзамен улады Беларусі павінны выканаць 12 знакамітых Патрабаваньняў:
1. Паважаць права народу Беларусі выбіраць сваіх лідэраў дэмакратычным шляхам – іх права чуць усе меркаваньні і бачыць усіх кандыдатаў на выбары; права апазыцыйных кандыдатаў і груп падтрымкі праводзіць кампаніі без уціску, судовага перасьледу або турэмнага зьняволеньня; незалежнае назіраньне за выбарамі, у тым ліку з боку беларускіх няўрадавых арганізацыяў; права волевыяўленьня і права на справядлівы падлік галасоў;

2. Паважаць права народу Беларусі на незалежную інфармацыю, і выказвацца вольна, напрыклад, дазваляючы журналістам працаваць без прыгнёту або судовага перасьледу, не зачыняючы газэт і не перашкаджаючы іх распаўсюджваньню;

3. Паважаць правы недзяржаўных арганізацый, як жыцьцёва важнай часткі здаровай дэмакратыі – больш не ускладняць іх легальнае існаваньне, не прыгнятаць і не перасьледваць сябраў грамадзкіх арганізацый, і дазваляць ім атрымоўваць міжнародную дапамогу;

4. Вызваліць усіх палітычных зьняволеных – сябраў палітычных апазыцыйных партый, сябраў НДА і простых грамадзян, арыштаваных пад час мірных дэманстрацый і мітынгаў;

5. Належным чынам і незалежна расьсьледаваць або перагледзець выпадкі са зьнікненьнем людзей;

6. Забясьпечыць права беларусаў на незалежную і бесстаронную судовую сістэму – з судзьдзямі, незалежнымі ад палітычнага ціску, без самаўпраўнасьці і галаслоўнага крымінальнага судовага перасьледваньня або палітычна-матываванага судовага прысуду, як зьняволеньне ў турму грамадзян, якія мірна выказваюць свае погляды;

7. Спыніць адвольныя арышты і затрыманьні, дрэннае абыходжаньне з людзьмі;

8. Паважаць правы і свабоды тых беларускіх грамадзян, якія належаць да нацыянальных меншасьцяў;

9. Паважаць правы беларусаў як працаўнікоў – іх права ўступаць у прафсаюзы і права прафсаюзаў працаваць на абарону праў людзей;

10. Паважаць правы беларусаў як прадпрымальнікаў ажыцьцяўляць дзейнасьць без празьмернага ўмяшаньня улад;

11. Далучыцца да адмены сьмяротнага пакараньня ўсьлед за іншымі народамі Эўропы;

12. Выкарыстаць падтрымку, якую АБСЭ, ЭС і іншыя арганізацыі прапаноўваюць Беларусі для дапамогі ў выкананьні правоў сваіх грамадзян.

 

Дадзеныя Патрабаваньні бачны таксама на ілюстрацыі да гэтага артыкула (гл. фота ўверсе). Фота зроблена ў 2007 годзе ў час адзначэньня ў Менску 25 Сакавіка (на транспаранце, які трымаюць хлопцы, няма 12-га пункту).

“Аб’яднаныя апазіцыйныя сілы” спадзяваліся выкарыстаць гэтыя Патрабаваньні ЕЗ як прыладу для палітычнай барацьбы (прыведзеная ілюстрацыя пра гэта сьведчыць).

Чаму беларускае грамадства аніяк на ўсё гэта не адрэагавала?

Тлумачым. Усё вельмі проста. Абсалютная большасьць Патрабаваньняў зьяўляюцца праекцыяй псеўда-ліберальнага сьветагляду на беларускую рэчаіснасьць, а таму зьяўляюцца штучнымі што да яе (як штучнымі раней успрымаліся розныя рашэньні ЦК КПСС), не адпавядаючымі сапраўдным спадзевам людзей.

Ну, вось, напрыклад, паглядзіце, як ацэньваем мы – сябры рэдакцыі сайта – тыя праблемы, якія сапраўды істотныя для беларускага народу і ўсіх беларускіх грамадзян. Гэтыя праблемы ў рэйтынгавай форме адлюстраваныя, напрыклад, у Д прынцыпе 80 Беларускай дактрыны, якую мы паступова фармуем. Вось яны:

1. Небясьпеку страты беларускай дзяржаўнасьці й шантаж гэтым нашага народу і эліты. Наша дзяржава – гэта стратэгічны найкаштоўны інструмант, з дапамогай якога наш беларускі народ можа захаваць сябе ў часе і зьдзейсьніць сваю гістарычную місію;
2.  Генацыд. Толькі па афіцыйных лічбах сьмяротнасьць у Беларусі перавышае нараджальнасьць на 50.000 чалавек у год. Цяперскае “кіраваньне” да 2011 года прывядзе да выміраньня да 1 мільёна чалавек!;
3. Этнацыд. У Беларусі цяпер чорныя сілы шырокім фронтам праводзяць татальную этнацыдную палітыку, зьнішчаецца ўсё сьвятое для нас – беларусаў – наша мова, гістарычная памяць, нацыянальныя сімвалы, беларуская культура, наш сьветагляд, фальклор, пачуцьцё нацыянальнай годнасьці, пачуцьцё гаспадара на ўласнай зямлі г.д. і да т.п.;
4. Дыскрымінацыя беларусаў на іх роднай зямлі. Беларусы, якія любяць сваю краіну і свой народ, якія жадаюць ахвярна служыць ім, не дапускаюцца ні на якія кіроўныя пасады, нават самыя мізэрныя. Яны вымушаны жыць ва ўмовах сталага недахопу матэрыяльных рэсурсаў для сябе і сваіх сем’яў, ва ўмовах адсутнасьці маральнай падтрымкі;
5. Захоп матэрыяльных каштоўнасьцяў, якія зьяўляюцца ўласнасьцю беларускага народу. Цяперцы, каб выжыць, паціху распрадаюць нашыя землі, трубаправоды, прадпрыемствы, жыльлё, крамы і г.д.;
6. Захоп нашай інфармацыйнай прасторы інфармацыйнай прасторай расейскай імперыі, якая прапагандуе каштоўнасьці й апісвае сьвет, зыходзячы толькі з пазіцыі інтарэсаў расейскай імперыякратыі;
7. Забруджваньне нашай зямлі, вады, паветра самымі рознымі адкідамі;
8. Разбурэньне беларускай дэмакратыі па ўсіх кірунках (зьнішчаецца свабода СМІ, разбураецца выбарчая працэдура, уціскаюцца правы чалавека, апазіцыя кіруецца сьпецслужбамі й г.д.).

Ну, што, параўналі? Вось якія праблемы важныя для беларускага народу і якія “нашы праблемы” накідае нам Захад (супаў толькі 8-ы пункт з апошняга пераліку – гэта ня больш, чым 10-я частка). Атрымліваецца: ні ўлада, ні Захад ня толькі ня здольныя вырашыць нашы праблемы, але нават і назваць іх!

Эх, як кажуць, наколькі далёкімі былі яны ад народу…

У заключэньні варта задаць толькі адно відавочна рытарычнае пытаньне: Ці варта зьдзіўляцца, што “санкцыі” супраць “апошняй дыктатуры Еўропы”, пра якія вышэй была гаворка, не далі аніякага выніку?!

 

Каментары (1)

  1. Siarhiej кажа:

    1. Выкананне 8-га пункту можа стварыць магчымасці для выканання пунктаў 1 – 7.
    2. Найбольш важная праблема выкладзена ў п.3.

Пакінуць каментар

  • Старонкі

  • Катэгорыі

  • Апошнія запісы

  • Архівы