Узята з kavkazcenter.com/russ/content/2008/12/21/62937.shtml (у РФ і РБ усе сайты КаўказЦэнтру адкрываюцца толькі праз проксі-сервер)
20 сьнежня г.г. на пашыранай сесіі Мілі Меджліса (Парламента) Татарскага народу была прынята Дэкларацыя аб незалежнасьці Татарстана, тэкст якой падаецца ніжэй. Якія-небудзь дадатковыя каментары беларусам-літвінам, думаем, не патрэбныя.
Рэдакцыя.
ДЭКЛАРАЦЫЯ аб НЕЗАЛЕЖНАСЬЦІ ТАТАРСТАНА
Вось ужо 456 гадоў татары знаходзяцца пад прыгнётам самага жахлівага ўціску – рускага каланіялізму. За гэты час зьмянілася шмат уладароў Расеі ў асобах цароў, імператараў, першых сакратароў, прэзідэнтаў.
Ня раз зьмяняўся таксама грамадскі лад: феадалізм, капіталізм, сацыялізм ды інш.
Нязьменным заставалася толькі адно: палітыка гвалтоўнага хрышчэньня, русіфікацыя, нялюдская эксплуатацыя, фізічнае зьнішчэньне татар шляхам сталага і мэтанакіраванага генацыду.
Калі ў пачатку 18 стагоддзя, у адпаведнасьці зь перапісам, зробленым Пятром І, рускіх і татар было прыкладна па 5 з паловай мільёнаў чалавек, дык на канец 20 стагоддзя рускіх стала 120 мільёнаў чалавек, а колькасьць татар засталася тая ж – 5 з паловай мільёнаў чалавек.
Напачатку 1990-х гадоў татары, даведзеныя да апошняй мяжы, падняліся на барацьбу з рускім каланіялізмам і прынялі Дэкларацыю аб дзяржаўным суверэнітэце, правялі рэферэндум пры ўдзеле замежных назіральнікаў, у выніку якога 61,4% насельніцтва Татарстана выказаліся за дзяржаўны суверэнітэт рэспублікі.
Апроч таго, Татарстан адмовіўся ўдзельнічаць у рэферэндуме па зацьверджаньні цяперашняй канстытуцыі Расейскай Федэрацыі (РФ) і не падпісаў федэральнай дамовы, чым заявіў пра яе нелегітымнасьць.
Якіх-небудзь дамоваў паміж Татарстанам і РФ аб яго ўлучэньні ў скалад апошняй не існуе.
Першы прэзідэнт РФ Б.Ельцын пагадзіўся з тым, каб татары ўзялі столькі незалежнасьці, колькі яны здольны зрэалізаваць. Аднак, гэтая згода, як заўсёды, аказалася чарговай хітрасьцю рускіх каланізатараў, накіраванай на падман і выйгрыш часу.
У той час, калі РФ была вымушана зьмірыцца з выхадам з-пад яе панаваньня 14 яе калоній, яна катэгарычна адмовілася прызнаваць незалежнасьць Татарстана і зьдзейсьніла яшчэ больш жорскія захады па зьнішчэньні элементарных правоў яго народу, у тым ліку мець свой абраны орган – мясцовы заканадаўчы сход – і ўласнага прэзідэнта рэспублікі. Яны заменены прызначаемым Крамлём намесьнікам і яго адміністрацыяй.
Больш за тое, Крэмль забараніў татарам мець свой алфавіт, гвалтоўна накінуўшы ім непрыдатную для іх мовы кірыліцу, а сёньня забараняе навучаць татарскіх дзяцей на іх роднай мове.
Мусульман-татар за адмову маліцца пад кантролем, па сутнасьці, прызначаных каланіяльнай адміністрацыяй мулаў і нават за адзін факт наяўнасьці ў іх дамах мусульманскіх кніг, жостка перасьледуюць, паддаюць катаваньням і кідаюць на шмат гадоў у вязьніцы.
Адбываецца бязьлітаснае рабаўніцтва натуральных рэсурсаў Татарстана. 85% прыбытку ад продажы нафты задарма адбірае Крамль, пазбаўляючы саміх татар важных сродкаў для існаваньня.
Усё гэта адбываецца на фоне цынічнага і крывадушнага прызнаньня РФ незалежнасьці грузінскіх рэспублік Абхазія і Паўднёвая Асеція.
Зададзім пытаньне: чым жа адрозьніваюцца правы татарскага народу – калоніі рускіх – ад правоў народаў названых рэспублік? Нічым. Праўда ў тым, што Расея фактычна зноў закабаліла і гэтыя народы, зрабіўшы іх сваімі падданымі.
Такім чынам, татарам больш нельга разьлічваць на добрую волю рускіх каланізатараў, маючы дарэмныя спадзевы на сваю дэкаланізацыю і атрыманьне незалежнасьці.
Выяўляючы волю татарскага народу і ў імя яго ратаваньня ад поўнага зьнішчэньня, Мілі Меджліс Татарскага народу:
1. Падтрымлівае Дэкларацыю аб дзяржаўным суверэнітэце – незалежнасьці – Татарстана ад 30 жніўня 1990 года і заяўляе аб нелегітымнасьці яго гвалтоўнага ўключэньня ў склад Расейскай Федэрацыі.
2. Зьвяртаецца з просьбай да ўсіх дзяржаваў сьвету і Арганізацыі Аб’яднаных Нацый прызнаць незалежнасьць Татарстана.
3. Для абароны інтарэсаў татарскага народу зацьвярджае склад ураду ў выгнаньні.
4. Заклікае ўсіх татар, якія жывуць за мяжой, арганізаваць масавыя кампаніі ў падтрымку незалежнасьці Татарстана перад урадамі сваіх краін і грамадскасьцю.
20 сьнежня 2008 г.