Імануэль Кант
Дадаткі (І і ІІ)
І. Пра несуладнасьць маралі і палітыкі, у сэнсе вечнага міру
Мараль ужо сама па сабе ёсьць практыкай з аб’ектыўным значэньнем, яе сымбаль катэгарычна прадпісваючых законаў, паводле якіх мы маем дзеяць, і выразны несустык бывае тады, калі мы, прызнаўшы ўжо за гэтым паняткам абавязку аўтарытэт, яшчэ хочам сказаць, што ўсё-такі не ў стане яго выконваць. Бо тады гэты панятак сам выпадае з маралі (ultra posse nemo obligatur); у гэтым сэнсе ня можа быць спрэчкі палітыкі як практыкуючай навукі аб праве з маральлю як такой, але тэарэтычнай (у гэтым сэнсе ня можа быць спрэчкі практыкі з тэорыяй: бо ж пад гэтай апошняй трэба было б разумець агульную тэорыю разумнасьці, гэта значыць тэорыю максімаў, выбіраць найбольш прыдатныя дзеля яго разьлічаных на выгаду намераў сродкі, гэта значыць адмаўляць, што мараль наогул існуе).
Палітыка кажа: “Будзьце разумныя як зьмеі”, мараль (як абмежавальная ўмова) дадае: “і без фальшу як галубы”. Калі абедзьве опцыі ня могуць утрымлівацца ў адной запаведзі, то насамрэч ёсьць сітуацыя спрэчкі палітыкі і маралі; калі аднак тое і тое паядноўваецца, то панятак пра процілеглае абсурдны, і пытаньне, як вырашыць тую спрэчку, нават не дазваляе сябе сфармуляваць як задачу. Хоць пасыл “сумленнасьць лепшая палітыка” зьмяшчае тэорыю, якой практыка, на жаль, вельмі часта супярэчыць: так, гэтаксама тэарэтычны пасыл “сумленнасьць лепш за любую палітыку” бясконца вышэй за любы закід, больш за тое, ён ёсьць неадпрэчнай умовай гэтага апошняга. Канцавы бог маралі не саступае Юпітэру (канцавому богу гвалту), бо гэты ўсё яшчэ знаходзіцца пад лёсам; гэта значыць розум недастаткова прасьветлены, каб усьвядоміць шэраг папярэдне абумоўленых чыньнікаў, якія дазваляюць папярэдне і з гарантыяй абвесьціць шчасьлівы сыход альбо няпосьпех людзкіх пачынаньняў паводле механізма прыроды (хоць і зычаць яго сабе). Але што трэба рабіць, каб застацца на каляінах абавязку (паводле рэгулямінаў мудрасьці), – дзеля гэтага нам тут даволі выразна высьвечваецца ўсё да канчэльнай мэты.
І вось тут практык (якому мараль гэта адно тэорыя) засноўвае сваю бязьлітасную водпаведзь нашай дабрасардэчнай надзеі (нават пры дапушчэньні мусовасьці і магчымасьці), і засноўвае яе, уласна кажучы, на тым, што ён сьцьвярджае, што бачыць з натуры чалавека: той ніколі не захоча таго, што трэба, каб спраўдзіць тую вядучую да вечнага міру мэту.
Праўда, хаценьня паасобных людзей жыць паводле законнай Канстытуцыі і прынцыпаў свабоды (дыстрыбутыўнае адзінства волі ўсіх) дзеля гэтай мэты недастаткова, але што ўсе разам хочуць гэтага стану (калектыўная еднасьць аб’яднанай волі), – гэтае разрашэньне цяжкай задачы будзе яшчэ неабходным, каб стаўся маналіт грамадзянскай супольнасьціі, і, паколькі праз гэтую рознасьць партыкулярнага хаценьня ўсіх мусіць далучыцца яшчэ адзін злучальны чыньнік гэтага, каб выкшталтаваць волю супольнасьці, чаго ніхто з усёй грамады ня можа, то ў выкананьні той ідэі (на практыцы) нельга разьлічваць на іншы другі пачатак праўнага стану, акрамя ўсталяванага сілай, з прымусу якой потым засноўваецца грамадзкае права; праўда, яно потым (бо ж і без гэтага на маральную сьвядомасьць заканадаўца паўплываць можна толькі мала, – пасьля таго, як здарыцца аб’яднаньне выпадковага натоўпу ў народ, ён адно перадасьць яму права выкшталтаваць шляхам агульнага волевыяўленьня сваю агульную волю) нават у папярэднім разглядзе змушае чакаць вялікіх адхіленьняў ад той ідэі (тэорыі).
І тады гэта значыць: у каго ў руках улада, той ня дасьць народу дыктаваць сабе законы. Дзяржава, якая знаходзіцца ў валоданьні і не падлягае зьнешнім законам, не будзе ў агледзінах спосабу, як яна мае шукаць права ў дачыненьні да іншых дзяржаваў, рабіць сябе залежнай ад свайго судзейскага корпуса, і нават частка сьвету, калі яна адчувае сябе вышэй за іншую, няхай сабе тая і не займае ёй дарогу, не пакіне нескарыстаным сродак узмацніць сваю ўладу рабаўніцтвам альбо і наогул падпарадкаваньнем яе; вось так і разьбягаюцца ў нішто ўсе накіды тэорыі дзяржаўнага, нацыянальнага і міжнароднага права, прападаюць як бескантэнтныя невыканальныя ідэалы, а вось насуперак ім практыка, заснаваная на эмпірычных прынцыпах людскай натуры, якія яна не лічыць занадта нізкімі, адно і магла б мець надзею з спосабу, як разьвіваюцца працэсы ў сьвеце, здабыць навучаньне сваім максімам, надзейную глебу для будынка дзяржаўнай разумнасьці.
Праўда, калі няма свабоды і ўгрунтаванага на ёй маральнага закона, а ўсё, што здараецца і можа здарыцца, ёсьць адно толькі механізмам прыроды, то палітыка (як мастацтва выкарыстоўваць яго дзеля кіраваньня людзьмі) гэта ўся практычная мудрасьць, а панятак права гэта думка без кантэнту. Але калі яго наяўнасьць падасца неабходным паяднаць з палітыкай, нават падвысіць яго наогул да статусу абмежавальнай умовы гэтай апошняй, то трэба дапускаць сумяшчальнасьць аднаго і другога. Я хай сабе і магу ўявіць сабе маральнага палітыка, г.зн. некага, хто прымае прынцыпы дзяржаўнага розуму такімі, што яны могуць суіснаваць з маральлю, але не палітычнага мараліста, які так вырабляе сваю мараль, як знаходзіць яе дастасоўнай сабе выгода дзяржаўнага мужа.
Маральны палітык возьме сабе за прынцып: калі ва ўладкаваньні дзяржавы альбо ў стасунках паміж дзяржавамі адбыліся збоі, якія нельга было прадухіліць, то гэта абавязак, найперш для кіраўнікоў дзяржаваў – думаць у тым накірунку, як яны могуць быць як мага хутчэй выпраўленыя, і як іх можна зрабіць адпаведнымі натуральнаму праву так, як гэта ў выглядзе ўзора стаіць у нас перад вачыма з ідэі розуму, – няхай нават коштам гэтага была ахвяра іхняга эгаізма. Паколькі разрыў повязі дзяржаўнага і міжнароднага яднаньня яшчэ да таго, як на іх месца можа заступіць лепшая канстытуцыя, супярэчыць усёй, у гэтым адзінай з маральлю, дзяржаўнай мудрасьці, то было б, праўда, не зусім складна патрабаваць неадкладнага і зацятага скасаваньня такога збоя, але што прынамсі максіма неабходнасьці такой папраўкі мае быць зьмястоўным складнікам сьветагляду ўладара, каб заставацца ў сталым набліжэньні да мэты (набліжэньні паводле законаў права найлепшай канстытуцыі), – гэта вось можа быць ад яго запатрабавана. Дзяржава можа кіравацца ўжо па-рэспубліканску, калі ён яшчэ паводле дзейнай Канстытуцыі валодае дэспатычнай уладай, пакуль народ паступова не пранікнецца ўплывам самой ідэі аўтарытэту закона (каб як ён меў сілу фізічнага закона), а потым рупліва не будзе прыведзены да ўласнага заканадаўства (якое з самага пачатку заснавана на праве). Калі праз калаварот спароджанай дрэннай канстытуцыяй рэвалюцыі няпраўным шляхам была б заваяваная больш адэкватная праву канстытуцыя, то і тады нельга было б лічыць дазволеным весьці народ назад у старыя парадкі, хоць у часе рэвалюцыі кожны, хто пакажа сябе гвалтоўным альбо падступным, па праву мог бы быць падвергнуты пакараньню як зачынальнік смуты. Але што да зьнешніх сувязяў дзяржаваў, то ад дзяржавы нельга патрабаваць, каб яно адмяніла сваю, хай сабе і дэспатычную, канстытуцыю (якая, аднак, больш моцная, што да зьнешніх ворагаў), пакуль існуе пагроза імгненнага паглынаньня іншымі дзяржавамі; пры такім стане спраў мусіць быць дазволеная затрымка выкананьня да наступнай зручнай магчымасьці ў часе.
Такім чынам, вось, бадай што, мадэль на ўсе часы: як толькі дэспаты-маралісты (слабыя ў сэнсе выкананьня) шматкроць парушаюць дзяржаўную мудрасьць (пасьпешлівымі альбо паказушнымі санкцыямі), дык няхай тады досьвед паступова вяртае іх пры гэтым іхнім хібленьні ў дачыненьні да прыроды на лепшыя каляіны; а вось палітыкі-маралісты, прыхарошваючы чужыя праву дзяржаўныя прынцыпы, сыходзяць з падставы няздольнасьці людскай прыроды да дабра і паводле ідэі, прадпісанай розумам, як ім мага робяць немагчымым паляпшэньне і ўвекавечваюць парушэньні права.
Замест практыкі, якой фанабэрацца гэтыя дзяржаўныя голавы, яны абыходзяцца практыкамі, трымаючы адно ў глуздах, здаць народ і, калі магчыма, нават цэлы сьвет сваёй гаварыльняй у такт з маючымі ўладу (каб не прамінуць сваю карысьць); зусім як прыватныя юрысты (ад рамясла, не ад заканадаўства), калі яны раптам неяк пачынаюць лунаць у палітыцы. Бо ж гэта не іхні занятак – разумнічаць над заканадаўствам; яны маюць выконваць існыя загады права, і тады ім будзе лепшая любая наяўная праўная канстытуцыя, а калі яна будзе памяняная больш высокім узроўнем улады, тады якраз гэтая наступная, як гэта і належыць пры такім механічным парадку. Але калі гэты спрыт умець сядзець на ўсіх сёдлах зусім затуманіць ім розум і спадмане, што могуць меркаваць пра прынцыпы дзяржаўнай канстытуцыі увогуле паводле праўных паняткаў (між тым, a priori, не эмпірычна), калі яны на ўвесь рот заявяць, што ведаюць людзей (чаго і варта якраз чакаць, бо абыходзяцца шмат з кім), насамрэч аднак ня ведаючы чалавека і што зь ім можа быць зроблена (для чаго патрэбен больш высокі ровень антрапалагічнага назіраньня), і вось узброеныя гэтымі паняткамі бяруцца, як прадпісвае розум, за дзяржаўнае і міжнароднае права, – тады яны гэты звышкрок ня могуць зрабіць іначай, акрамя як з духам траўматызма, выконваючы свае звычайныя паводзіны (кшталту механізма, дзеючага паводле дэспатычна зададзеных неадпрэчных законаў) там, дзе паняткі розуму маюць на ўвазе абгрунтаваны адно паводле прынцыпаў свабоды прымус, дзякуючы якому найперш і магчымая прыхільная праву дзяржаўная канстытуцыя. А вось меркаваны практык, праходзячы міма той ідэі, эмпірычна, дзеючы з досьведу, мяркуе, што можа вырашыць гэтую задачу так, як былі ўладкаваныя найлепш да гэтага вывераныя, праўда, большай часткай супярэчлівыя ў сэнсе права дзяржаўныя канстытуцыі. Максімы, якімі ён тут паслугоўваецца (адно вось ці агучвае), выходзяць прыкладна на наступныя сафістычныя максімы.
1. Fac et excusa. Выкарыстоўвай зручную нагоду для самачыннага захопу (альбо права дзяржавы над сваім народам, альбо над суседнім); апраўданьне можна шмат лягчэй і прыгажэй выкласьці пасьля чына і прыхарошыць гвалт (пераважна ў першым выпадку, калі вышэйшая ўлада ўнутры краіны адразу і ёсьць і заканадаўчым верхавенствам, якога трэба слухацца, не пераймаючыся гульнямі розуму); як быццам перад гэтым хацеў думаць пра пераканаўчыя падставы, а на контрдовады хацеў бы лепш спачатку пачакаць. Сама гэтая дзёрзкасьць надае нейкую бачнасьць унутранай перакананасьці ў правамоцнасьці чыну, а бог bonus euentus апасьля найлепшы адвакат.
2. Si fecisti, nega. Што сам парушыў, прыкладам, каб прывесьці свой народ да адчаю і такім чынам да бунту, гэта адпрэчвай, што гэта твая віна; сьцьвярджай, што гэта з-за папярочнасьці падданых. Альбо, калі зваяваў суседні народ, віна прыроды чалавека, які, калі не апярэдзіць іншага ў прымяненьні гвалту, напэўна можа разьлічваць, што той апярэдзіць яго сам і падаб’е пад сябе.
3. Divide et impera. Гэта наступнае: калі ў твайго народа пэўныя прывілеяваныя ўладары, якія адно выбралі цябе сваім вадаром (primus inter pares), то адасобі іх адзін ад аднаго, адлучы ад народа: дапамагай гэтаму апошняму, дэкларуючы большыя свабоды, і тады ўсё будзе залежаць ад тваёй безумоўнай волі. Альбо калі гэта зьнешнія дзяржавы, то ўзбуджэньне непаразуменьня паміж імі даволі пэўны сродак, каб іх пад шырмай дапамогі слабейшаму па чарзе аднаго за адным сабе падпарадкаваць.
Пры дапамозе гэтых палітычных максімаў, праўда што, нікога і не абыходзяць, бо яны ўвогуле агульнавядомыя. Гэтаксама ня сьлед зь імі саромецца, як быццам несправядлівасьць аж вось як калола вочы. Таму што з той прычыны, што вялікія ўладары не пераймаюцца меркаваньнямі натоўпу, а саромеюцца толькі адзін перад адным, і не адкрытасьць дзеі, а прынцыпы могуць увесьці іх у сорам (бо ва ўспрыманьні маральнасьці максімаў яны ўсе знаходзяцца ў згодзе), – тады ім заўсёды застаецца палітычны гонар, на які яны могуць разьлічваць напэўна, а менавіта гонар павелічэньня сваёй улады, якім бы шляхам ён ні быў прыдбаны.
* * *
З усіх зьмяіных зьвіваў немаральнай тэорыі разумнасьці дзеля таго, як усталяваць стан міру спаміж людзьмі з ваяўнічага і агрэсіўнага натуральнага стану чалавека, ясна бачна прынамсі вось што: людзі ў сваіх прыватных зносінах, як і ў грамадзкіх, гэтаксама мала могуць пазьбегнуць панятку права і не наважваюцца прылюдна заснаваць палітыку адно на нейкім наборы разумовых прыёмаў, адначасова абвясьціўшы поўную паслухмянасьць грамадзкаму праву (што найперш кідаецца ў вочы ў міжнародным праве), а вось жа аказваюць яму ўвесь належны гонар, знаходзячы сотні ўловак і маскіровак, каб вырыфмоўваць хітразольнаму гвалту аўтарытэт, маўляў ён ёсьць крыніцай і повязьзю ўсяго права. Каб пакласьці канец сафістыцы (калі не прыўкрашанай ім несправядлівасьці) і змусіць фальшывых прадстаўнікоў магутных гэтай зямлі да прызнаньня, што не праву, а гвалту на карысьць якога яны прамаўляюць і пад які яны, як быццам маючы права нешта некаму загадваць самі, інтаніруюць свае словы, – каб гэта адбылося, было б добра адкінуць асьляпляльнасьць абгорткі, за якой хаваюць ад сябе й іншых сэнс таго, што адбываецца, знайсьці і сьцьвердзіць найвышэйшы прынцып, ад якога сыходзіць намер вечнага міру: што ўсё злое, што ў яго на шляху, сыходзіць ад таго, што палітычны мараліст распачынае вось тут, дзе маральны палітык танна давяршае і, падпарадкоўваючы прынцыпы мэце, (г.зн. запрагаючы коней ззаду карэты), запабягае ўласнаму намеру прывесьці да згоды палітыку і мараль.
Каб прывесьці практычную філасофію да згоды з самой сабой, неабходна перад усім вырашыць пытаньне, ці трэба, на карысьць вырашэньня задач практычнага розуму, рабіць пачатак з матэрыяльнага прынцыпа практычнага розуму, мэты (як прадмета сваволі), альбо з фармальнага, г.зн. таго (выстаўленага адно на свабоду зьнешніх стасункаў), паводле якога агучваецца: дзейнічай так, каб ты мог хацець, каб твая максіма стала ўсеагульным законам (мэта можа быць якой заўгодна).
Без сумніву апошні прынцып мусіць ісьці паперадзе; таму што зь якасьці праўнага прынцыпа мае безумоўную абавязковасьць, у той час як першы, адно пры прадпасылцы эмпірычных умоваў пастаўленай мэты, а менавіта яе выкананьня, ён мае прымушальны характар і, калі б гэтая мэта (прыкладам, вечны мір) была хай сабе абавязкам, то гэты абавязак сам мусіў бы быць выведзены з фармальнага прынцыпа максімаў: дзейнічаць зьнешне (äußerlich). А вось першы прынцып, прынцып палітычнага мараліста (праблема дзяржаўнага, нацыянальнага, міжнароднага грамадзянскага права) – гэта адно задача уменьня (problema technicum), другі ж, насупраць, як прынцып маральнага палітыка, якому гэтая задача на маральнасьць (problema morale) адрозная ад першай як неба ад зямлі, і мэтай вырашэння якой ёсьць асягнуць вечны мір, які жадаюць не толькі як фізічнае дабро, але і як стан, вынікаючы з прызнаньня абавязка.
Дзеля разрашэньня першага, а менавіта праблемы дзяржаўнай разумнасьці, патрабуецца шмат ведаў прыроды, каб выкарыстоўваць яе механізм для задуманай мэты, і ўсё такі ўсё гэта неяк перабывае ў няпэўнасьці перад відовішчам свайго выніку, што да вечнага міра; варта ўзяць тут той ці іншы з трох разьдзелаў грамадзкага права. Няпэўна, ці лепш, каб трымаць народ у паслушэнстве і адначасова ў квітненьні, дзейнічаць строга, альбо праз вабячае славалюбства, альбо праз верхавенства аднаго правіцеля, альбо праз аб’яднаньне некалькіх галоўных, а можа хіба адно невялікай вымовай па службе, ці нарэшце шляхам дыктату ўнутры краіны на доўгі час. З усіх відаў урадоўства (дзяржаўнага кіраваньня) (за выняткам сапраўдна-рэспубліканскага, які, аднак, можа прыйсьці на розум адно маральнаму палітыку) ў гісторыі ёсьць прыклады супрацьлегласьцяў.
Яшчэ больш няпэўнае збудаванае пераважна на статутах міністэрыяльных планаў нацыянальнае права, якое насамрэч ёсьць адно словам бяз зьместу і засноўваецца на дамовах, якія ўжо ў акце іхняга заключэньня ўтрымліваюць прыхаваную клаўзулу іхняга скасаваньня.
Насупраць, вырашэньне другой праблемы, а менавіта праблемы дзяржаўнай мудрасьці, так сказаць, напрошваецца само сабой, яно зразумелае наскрозь кожнаму і робіць залішняй любую штучнасьць, ведучы прама да мэты; але згадаўшы разумнасьць, не дабівацца яе пасьпешліва пры дапамозе сілы, а набліжацца да яе несупынна ў згодзе з спрыяльнымі абставінамі.
І тут найперш йдзецца пра наступнае: “Імкнецеся перад усім да імперыі чыстага практычнага розуму і ягонай справядлівасьці, тады вашая мэта (дабрачыннасьць вечнага міру) вам стане асягальнай сама па сабе”. Таму што мараль мае ў сабе тое своеасаблівае, а менавіта з гледзішча яе прынцыпаў грамадзкага права (тут у дачыненьні да пазнавальнай a priori палітыкі), што, чым менш яна ставіць у залежнасьць ад паводзінаў пастаўленую мэту, чаканы фізічны альбо маральны набытак, тым больш яна якраз зь ёю ўвогуле стасуецца; а гэта таму, што менавіта ўсеагульная, дадзеная a priori воля (у народзе, альбо ў дачыненьні спасярод адзін аднаго розных народаў) з’яўляецца тым, што адзінае вызначае, што спасярод людзей ёсьць праўным; але гэтае зьяднаньне волі ўсіх, калі толькі дзейнічаць пасьлядоўна, гэтаксама і ў дачыненьні да механізму прыроды, можа адначасова быць прычынай асягненьня пастаўленага за мэту дзеяньня і забясьпечыць панятку права эфект.
Так, да прыкладу, базавым узорам маральнай палітыкі ёсьць, што народ павінен аб’ядноўвацца ў дзяржаву паводле безальтэрнатыўных праўных паняткаў свабоды і роўнасьці, і гэты прынцып заснаваны не на разумнасьці, а на абавязку. І вось хай сабе палітычныя маралісты як заўгодна многа разумнічаюць наконт прыроднага механізму пераходнага да грамадзтва тлуму людзей, які (гэты механізм) забірае сілу азначаных прынцыпаў і прывядзе да недасягненьня пастаўленай мэты, альбо хай сабе яны спрабуюць на прыкладах дрэнна ўладкаваных канстытуцый старога і новага часу (прыкладам, праз дэмакратыі альбо прадстаўнічую сістэму) даказаць слушнасьць свайго сьцьверджаньня, – яны ня вартыя таго, каб іх слухаць, найперш таму, што такая згубная тэорыя бадай што сама па сабе спрычыньвае тое зло, якое яна прадказвае і паводле якой чалавек разам з іншымі жывымі машынамі кінуты ў клас, складнікі якога могуць адно ўсьведамляць, што яны несвабодныя, каб тым самым зрабіць сябе ва ўласным меркаваньні ўжо найбольш вартымі жалю ад усіх стварэньняў сьвету.
Прынцып, які гучыць крыху знарок і які набыў афарыстычны ўжытак, але які ёсьць слушным: fiat iustitia, pereat mundus, што значыць “няхай уладарыць справядлівасьць, а махляры сьвету няхай праз яе ўладарства згінуць” – гэта праўны базісны прынцып, які адрэзвае ўсе перадвызначаныя злохітрасьцю альбо гвалтам крывыя дарогі; адно што яго нельга разумець няправільна, скажам, як дазвол выкарыстоўваць яго ў якасьці дазволу прымяненьня свайго права з найбольшай строгасьцю (што супярэчыла б этычнаму абавязку), а вось жа як абавязак тых, хто валодае ўладай, зь няміласьці альбо з спачуваньня не забіраць і не памяншаць у нікога ягонае права адносна іншых; для чаго патрэбная найперш сфармуляваная ў чыста праўных прынцыпах унутраная канстытуцыя дзяржавы, а потым, аднак, і агульная канстытуцыя аб’яднаньня зь іншымі суседнімі альбо нават аддаленымі дзяржавамі ў еднасьць (аналагічную адзінай дзяржаве), якая ёсьць заканадаўчым балансам іхніх супярэчнасьцяў.
Гэты прынцып ня можа быць іншым, як: палітычныя максімы мусяць сыходзіць не з іхняга чаканага як наступства выкананьня дабрабыту і шчасьлівасьці кожнай дзяржавы, такім чынам не з мэты, якую робіць сваім аб’ектам кожная з дзяржаваў (ад жаданьня) як найвышэйшага (але эмпірычнага) прынцыпа дзяржаўнай мудрасьці, а ад чыстага панятку праўнага абавязка (ад мусовасьці, прынцып якой a priori зададзены чыстым розумам), якія ні былі б фізічныя наступствы гэтага. Сьвет аніяк не загіне з-за таго, што злых людзей стане менш. Маральнае зло мае тую неаддзяляльную ад яго прыроды якасьць, што ў сваіх намерах (найперш у стасунках да іншадумцаў) дзее насуперак сабе і самаразбуральна і такім вось чынам саступае дабру, хай сабе адно толькі павольным поступам.
* * *
Такім чынам, аб’ектыўна (у тэорыі) ня можа быць спрэчкі паміж маральлю і палітыкай. А вось суб’ектыўна (у эгаістычнай прывязанасьці чалавека, якая аднак, паколькі не загрунтаваная на максімах розуму, ня можа яшчэ быць названая практыкай), яна заўсёды застанецца і хай сабе застаецца, бо служыць асялком дабрачыннасьці, сапраўдная мужнасьць якой (паводле базавага прынцыпу tu ne cede malis, sed contra audentior ito) палягае ў існым выпадку ня толькі гэтаксама ў тым, каб сьцьвердзіцца насуперак таму злому і стратнаму, што тут мусова будзе прыняць на сябе, але і паглядзець у вочы і закляйміць злахітрасьць злога прынцыпа, шмат больш небясьпечнага і здрадлівага, але гуляючага ў розум, тыцкаючага ў люстэрка на слабасьці людскай натуры як апраўданьне ўсіх перагібаў.
Насамрэч палітычны мараліст можа сказаць: правіцель і народ, альбо народ і народ ня робяць адзін аднаму несправядлівасьці, гвалтоўна альбо падступна варагуючы адзін з адным, і ці чыняць яны ўвогуле несправядлівасьць у тым, што адмаўляюць усялякую павагу праўнаму панятку, які адзіны мог бы забясьпечыць мір назаўсёды. Таму што адзін парушыў свой абавязак адносна другога, які настроены да яго гэтаксама здрадліва, – дык гэта якраз зусім справядліва ў дачыненьні да абодвух, што яны такія маюць трэньні адзін з адным, але так, што ад гэтай расы ўсё яшчэ застаецца даволі, каб не спыняць гэтую гульню да найаддаленых часоў, і каб пазьнейшыя нашчадкі маглі калісь разглядаць гэта як засьцерагальны прыклад. Наканаванасьць у сьветабегу тут апраўданая; таму што маральны прынцып у чалавеку ніколі не згасае, а прагматычна заняты зацятай працай дзеля выкананьня паводле таго прынцыпу розум пастаянна прырастае дзякуючы сталаму прагрэсу культуры, але з ёю прырастае і віна гэтых перагібаў. Адно тварэньне выдае на немагчымасьць апраўданьня аніякай Тэадысеяй таго, што менавіта такі род сапсаваных істотаў увогуле меў быць на зямлі, (калі мы дапусьцім, што гісторыя з людскім родам ніколі больш не зможа быць папраўленай); але гэты пункт меркаваньня для нас збыт высокі, каб мы маглі падкласьці пад яго нашыя паняткі (мудрасьці) найвышэйшай недасяжнай нашаму дасьледаваньню ўлады ў тэарэтычнай версіі.
Мы неадпрэчна будзем гнаныя да такіх адчайных высноваў, калі не дапусьцім, што чыста праўныя прынцыпы маюць аб’ектыўную рэальнасьць, г.зн. яны дазваляюць сябе вывесьці; і з гэтага пункту гледзішча трэба дзеяць з боку народа ў дзяржаве, і надалей з боку дзяржаваў адна адносна другой; і хай сабе эмпірычная палітыка супраць гэтага запярэчыць, што ёй заўгодна. Такім чынам, сапраўдная палітыка не можа зрабіць ні кроку, ня будучы ўхваленай перад гэтым маральлю, і хоць палітыка дзеля самой сябе гэта цяжкае мастацтва, то аб’яднаньне яе з маральлю гэта ніякае не мастацтва, бо яно разрубвае напалам вузел, які ня можа развязаць, як толькі яны ўваходзяць у супярэчнасьць, – права мусова трымаць для чалавека ў стане сьвятыні, няхай сабе гэта вымагае ад пануючай улады аж вось якіх ахвяраў. Тут няма месца палавіністасьці, і выдумваць сярэднюю (спаміж правам і карысьцю) рэч прагматычна абумоўленага права, а вось жа ўся палітыка павінная схіліць калені перад першым і затое можа адно спадзявацца, што хай сабе павольна, але асягне прыступкі, дзе будзе зьзяць стабільным бляскам.
II. Пра суладнасьць палітыкі і маралі паводле трансцэндэнтальнага вызначэньня грамадзкага права
Калі я абстрагуюся ад усёй матэрыі грамадзкага права (паводле ўсіх эмпірычна зададзеных стасункаў людзей у дзяржаве альбо і дзяржаваў спасярод саміх сябе), як звычайна думаюць гэта сабе настаўнікі права, то мне застаецца яшчэ форма публічнасьці, магчымасьць якой утрымлівае ў сабе кожны праўны, бо безь яе як такой не было б ніякай справядлівасьці (якая можа мысьліцца толькі як прылюдная (ö f f e n t l i ch k u n d b a r)), а тым самым і ніякае права, якое спараджаецца толькі ёю.
Гэтаю здольнасьцю да публічнасьці мае валодаць кожны праўны запыт, і яна можа такім чынам, бо зусім лёгка можна скласьці сабе меркаваньне, ці яна адбываецца ў назіраным выпадку, г.зн. ці яе можна спалучыць з базавымі прынцыпамі дзеяча ці не, даць зусім лёгка ўжывальны, прысутны a priori ў розуме крытэрый дзеля неадкладнага распазнаньня ў апошнім выпадку фальшывасьці (проціпраўнасьці) задуманага запыту. Пасьля такога абстрагаваньня ад усяго эмпірычнага, што ўтрымлівае ў сабе панятак дзяржаўнага і міжнароднага права (тое ёсьць злом людскай натуры, што робіць прымус неабходным), трансцэндэнтальнай формулай грамадзкага права можна назваць наступны прынцып: “Усе дзеяньні, суадносныя з правам іншых людзей, максіма якіх не сумяшчальная з публічнасьцю, ёсьць няслушнымі (unrecht; няпраўнымі)”.
Гэты прынцып трэба разглядаць не проста як этычны (прыналежны да навукі пра дабрачыннасьць), але і як юрыдычны (які тычыцца правоў чалавека). Таму што максіма, якую я ня маю права агучыць, не перашкодзіўшы тым самым свайму ўласнаму намеру, які мусіць быць схаваны цалкам, каб быць удалым, і да якога я не магу публічна вызнаць прыналежнасьць, не правакуючы тым самым неадпрэчны супраціў усіх супраць майго прынцыпа, можа атрымаць гэтую неадпрэчную і ўсеагульную, зразумелую a priori апрацоўку на адпорнасьць усіх супраць мяне ні ад чаго іншага, акрамя несправядлівасьці, якою кожны ёй, гэтай максіме, пагражае.
Далей, гэта чысты негатыў, г.зн. служыць толькі для таго, каб пасяродкам яго распазнаць, што ёсьць няпраўным у адносінах да іншых. Як аксіёма, яно недаказальна-пэўнае і, больш за тое, лёгка прымяняльнае, як гэта можна бачыць з наступных прыкладаў грамадзкага права.
1. Што да дзяржаўнага права (ius civitatis), менавіта да ўнутранага, дык у ім паўстае пытаньне, якое многія лічаць цяжкім, і якое зусім лёгка разрашаецца трансцэндэнтным прынцыпам публічнасьці: “Ці бунт ёсьць для народа праўным сродкам, каб скінуць гнятучую ўладу гэтак званага тырана (non titulo, sed exercitio talis)? Правам народа нанесеная шкода, і яму (тырану) не ўчынілі няпраўны чын тым, што ссадзілі з трона; у гэтым няма аніякага сумніву. Тым ня меньш з боку падданых скрайне няпраўна шукаць сваё права такім чынам, і яны гэтаксама мала могуць жаліцца на несправядлівасьць, калі прайграюць у гэтым закалоце і ў выніку мусяць зьведаць найжорсткае пакараньне.
Тут можна выразумліваць многа за і супраць, калі хочацца выштукаваць гэта шляхам дагматычнай дэдукцыі праўных падставаў; адно толькі трансцэндэнтальны прынцып публічнасьці грамадзкага права можа зэканоміць для сябе гэтую шырыню разгляду. Паводле яго народ сам пытае сябе пры ўладкаваньні грамадзянскай дамовы, ці ён хіба дапускае магчымасьць публічна аб’явіць максіму знарочнасьці прынагоднага забурэньня. Лёгка ўсьвядоміць, што калі пры заснаваньні дзяржаўнай канстытуцыі хочуць зрабіць умовай прымяненьне супраць вярхоўнага кіраўніка ў пэўных верагодных выпадках сілы, то народ мусіць бадай што абмежаваць сябе ў гэтым нейкай уладай праўнага кшталту. Тады гэта не быў бы вярхоўны кіраўнік, альбо, калі б абодва бакі зрабілі ўмовай дзяржаўнага ўладкаваньня, то зусім ніхто ня мог бы быць тым, што складала б намер народа. Такім чынам, няпраўнасьць бунту адкрываецца яскрава дзякуючы таму, што максіма яго тым, што яго бок бяруць публічна, унемажлівіла б свой уласны намер. Бо ж яе трэба было б непазьбежна ўтойваць. А вось апошняе дык якраз было б без патрэбы вярхоўнаму кіраўніку дзяржавы. Ён можа свабодна выказацца, што пакарае любы бунт праз сьмерць яго завадатараў; і няхай сабе яны непарушна вераць у тое, што ён першы перакрочыў фундаментальны закон; бо калі ён усьведамляе, што мае непераадольную вярхоўную ўладу, (што павінна быць прынятым як такое ў любой грамадзянскай канстытуцыі, таму што той, у каго недастаткова ўлады, каб абараніць у народзе кожнага ад іншага, не мае і права яму загадваць), то ён не ўправе клапаціцца аб тым, каб праз абвяшчэньне сваёй максімы прадухіліць свой уласны намер; з чым таксама надта добра суадносіцца, што калі б народу ўдаўся бунт, той вярхоўны кіраўнік меў бы вярнуцца на месца падданага і мусіў бы ня толькі не распачынаць нейкай спробы звароту да ўлады, але і не баяцца, што яго за колішняе кіраваньне дзяржавай прыцягнуць да адказнасьці.
2. Што да міжнароднага права.
Пра міжнароднае права можа йсьціся толькі пры ўмове нейкага праўнага стану (г.зн. той зьнешняй умовы, пры якой чалавеку насамрэч можа выпасьці нейкае права). Бо яно, як грамадзкае права, утрымлівае публікацыю агульнай волі, якая вызначае кожнаму ягонае ўжо ў самім панятку, і гэты status iuridicus мусіць вынікаць зь нейкай дамовы, і ён якраз ня можа быць заснаваны (падобна таму, з чаго вынікае дзяржава) на прымусовых законах, але можа быць прынамсі статусам доўнатэрміновай свабоднай асацыяцыі, як названы раней статус федэральнасьці многіх дзяржаваў таму што без нейкага праўнага стану, які зьвязвае розныя (фізічныя альбо маральныя) дзейснай сувязьзю, між тым у натуральным стане, ня можа быць іншага права, акрамя прыватнага.
Тут улучаецца яшчэ супярэчнасьць палітыкі і маралі (калі разглядаць гэтую апошнюю яе навуку аб праве), дзе затым лёгка знаходзіць прымяненьне той крытэр публічнасьці максімаў, але толькі так: што дамова зьвязвае дзяржавы адно з намерам захоўвацца спасярод свайго кола супраць іншых дзяржаваў у міры, але ні ў якім выпадку не дзеля набыткаў.
Цяпер сюды ўлучаюцца наступныя выпадкі антыноміі паміж палітыкай і маральлю, з чым адначасова зьвязанае і іх разрашэньне.
a) “Калі адна з гэтых дзяржаваў нешта паабяцала іншай: няхай гэта будзе ўздапаможаньне, альбо адшкадаваньне пэўных земляў, альбо субсідыі і да таго падобнае, паўстае пытаньне, ці яна ў выпадку, вырашальным для лёсу дзяржавы, які мае на ўвазе датрыманьне слова, можа праз гэта пазбавіцца ад таго эфекту, што схоча ведаць сябе разгляданай у двух асобах, найперш як суверэн, бо ні перад кім не адказвае ў сваёй краіне, а потым зноў-такі як проста найвышэйшы дзяржаўны службовец, які павінен даваць дзяржаве справаздачу, бо канец справы можа выпасьці так, што тое, да чаго ён абавязвае сябе ў першай якасьці, – ад таго ён вызвалены ў другой”. – Але калі цяпер дзяржава (альбо яе кіраўнік) агучыў бы гэтую сваю максіму, то натуральна альбо любы іншы пачаў бы яго пазьбягаць, альбо аб’яднаўся б зь іншымі, каб мець адпорнасьць супраць яго амбіцый, што даказвае, што палітыка з усёй яе хітрасьцяй на гэтай лініі (адкрытасьці) сама прадухіліла б сваю мэту, – тым самым тая максіма мусіць быць няслушнай.
b) “Калі выклікае заклапочанасьць разрослая да жахлівай велічы суседняя дзяржава: ці можна дапусьціць, што яна захоча, бо можа, прыгнятаць, і ці дае гэта менш магутным права на (аб’яднаны) напад на гэтую дзяржаву, у тым ліку і без папярэдняй абразы?”- Дзяржава, якая хацела б тут пазітыўна агучыць сваю максіму, адно толькі больш пэўна і хутка спрычыніла б бяду. Таму што большая дзяржава апярэдзіла б меншую і, што да аб’яднаньня апошніх, то гэта адно слабая пустая ўнутры палка супраць таго, хто ведае, як скарыстацца з прынцыпа diuide et impera. – такім чынам, гэтая максіма дзяржаўнай мудрасьці, будучы аб’яўленай публічна, [таксама прадухіліла б сваю мэту. – Рэд.]
c) “Калі меншая дзяржава разлучае сваімі дзеяньнямі еднасьць большай, якой гэтая еднасьць жыцьцёва неабходная, ці ня ўправе гэтая апошняя дзяржава падпарадкоўваць яе сабе і прыядноўваць да сваёй?”- Лёгка бачна, што больш вялікая дзяржава не мусіць заўчасна агучваць такую максіму, таму што альбо заўчасна аб’яднаюцца малыя дзяржавы, альбо ў спрэчку за гэтую здабычу ўступяць больш магутныя; тут яна праз сваю адкрытасьць сама зробіць сябе недзеяздольнай; знак таго, што яна несправядлівая і што гэта можа быць так з высокай ступеньню верагоднасьці; таму што малы аб’ект несправядлівасьці не замінае ў велічы зьдзейсьненай на ім несправядлівасьці.
3. Што да міжнароднага грамадзянскага права, то я абыйду яго тут маўчаньнем; таму што, з-за аналогіі гэтага прадмета з міжнародным правам, ягоныя максімы лёгка падаюцца і паддаюцца аналізу.
* * *
Вось жа тут на прынцыпе неспалучальнасьці максімаў міжнароднага права і публічнасьці маем добрую прыкмету несупадзеньня палітыкі і маралі (як навукі аб праве). І вось цяпер ёсьць патрэба ў павучаньні, якая ж умова, пры якой максімы будуць спалучацца з правам народаў? Бо заключыць наадварот нельга: што той, хто мае вырашальную вярхоўную ўладу, ня мае права прыхоўваць свае максімы.
Умовай магчымасьці міжнароднага права ўвогуле ёсьць: што перад усім існуе праўны стан. Бо безь яго няма грамадзкага права, але ўсё права, якое можна вымысьліць сабе акрамя яго (у натуральным стане), ёсьць адно толькі прыватным правам. Мы бачылі раней, што федэратыўны стан дзяржаваў, які мае наўвазе адно выдаленьне вайны, ёсьць адзіным праўным станам, зь якім свабода дзеля спраўджаньня гэтага намеру і злучае дзяржавы. Такім чынам, адпаведнасьць палітыкі і маралі магчымая толькі ў федэратыўным задзіночаньні (якое, такім чынам, зададзенае a priori і неабходнае паводле праўных прынцыпаў), і ўся дзяржаўная мудрасьць мае праўнай базай заснаваньне гэтага першага, у яго як мага вялікім аб’ёме, безь якой мэты ўсе хітраспляценьні розуму ёсьць рэччу, адваротнай мудрасьці, і прыхаванай несправядлівасьцю.
А ў гэтай псеўдапалітыцы ёсьць, у сваю чаргу, собская казуістыка, нягледзечы на самую лепшую езуіцкую школу – reseruatio mentalis; у складаньні грамадзкіх дамоваў такімі выразамі, якія пры нагодзе можна трактаваць на ўласную выгаду так, як заўгодна (прыкладам, розьніцу des status quo de fait und de droit); з прабабілізму вымысьліваць злыя намеры іншых альбо зь верагоднасьці іхняй магчымай перавагі рабіць праўнай падставай руйнаваньня іншых мірных дзяржаваў; – Нарэшце, peccatum philosophicum (peccatillum, bagatelle). Лічыць лёгка даравальнай дробязьзю паглынаньне маленькай дзяржавы, калі праз гэта выйграе шмат большая і стане, верагодна, найлепшай у сьвеце мегадзяржавай.
Паперадзе тут ідзе двухязыкасьць палітыкі з гледзішча на мараль, што дазваляе ёй выкарыстоўваць адну альбо іншую яе галіну ў адпаведнасьці з сваім намерам.
Абедзьве рэчы, любоў да чалавека і павага да правоў чалавека, ёсьць абавязковымі; аднак той абавязак абумоўлены, а гэты безумоўны, найменш прадпісваючы абавязак, і павінен быць найперш цалкам пэўным, што ня будзе мець выпадкаў перакрочваньня яго той, хто хоча аддацца салодкаму адчуваньню таго, што дзее добра. У стасунку з маральлю ў першым сэнсе (як этыкай) палітыка лёгка згаджаецца, каб правы чалавека далі сваю самую высокую цану: але з маральлю ў іншым значэньні (у якасьці навукі аб праве), перад якой яна мусіла б схіліць калені, яна знаходзіць сэнсоўным зусім не практыкаваць дамову, а найлепш адпрэчыць ёй усялякую рэальнасьць, а ўсе абавязкі вытлумачыць як выключна адно акты прыхільнасьці; гэтая падступная хітрасьць сьвятлабоязнай палітыкі магла б аднак лёгка быць прадухіленай філасофіяй дзякуючы публікацыі тых яе максімаў, каб яна адно толькі хацела наважыцца даць філосафу радасьць зрабіць набыткам публікі максімы собскія. З гэтым намерам я прапаную іншы трансцэндэнтальны сьцьвярджальны прынцып грамадзкага права, і формула яго была б: “Усе максімы, якія вымагаюць вынясеньню на людзі (публікацыі), (каб не прамінуць сваю мэту), адначасова адпавядаюць і праву, і палітыцы”.
Таму што калі яны могуць асягнуць сваёй мэты толькі праз публікацыю, то яны мусяць адпавядаць агульнай мэце публікі (шчасьлівасьці), быць сугучнай якой (зрабіць яе, публіку, задаволенай сваім станам) ёсьць, уласна кажучы, задачай палітыкі. Але калі гэтая мэта павінная быць асягальнай адно праз публікацыю, г.зн. праз выдаленьне ўсялякага недаверу да максімаў, то і яны мусяць быць у суладнасьці з правам публікі; бо ў гэтым “толькі” магчымае аб’яднаньне мэтаў усіх.
Далейшае выкладаньне і абмеркаваньне гэтага прынцыпа я мушу вынесьці на другую нагоду. З воддалі ўсіх эмпірычных умоваў (навукі пра шчасьлівасьць) як матэрыі закона і чыстага зважаньня на форму агульнай заканамернасьці можна бачыць адно, што гэта трансцэндэнтальная формула.
* * *
Калі існуе абавязак, калі адначасова ёсьць у наяўнасьці абгрунтаванае спадзяваньне зьдзейсьніць стан грамадзкага права, хай сабе і ў абсягу часу, набліжаным да бясконцасьці, то вечны мір, які сьледуе за няправільна названымі да гэтага мірнымі дамовамі (уласна кажучы, дык замірэньнямі, паўзамі ў выкарыстаньні зброі), гэта не пустая ідэя, а задача, якая вырашаецца паступова, і ён пастаянна (таму што час, за якія ўдаецца роўны поступ, спадзяемся, будзе ўсё больш і больш кароткі) набліжаецца.
Кароткі слоўнік тэрмінаў
Hospitalität f адкрытасьць да наведаньня, магчымасьць быць наведваным
Hostilität f варожасьць
Läsion f пашкоджаньне, псаваньне, зьнішчэньне; скасаваньне
Maxime f максіма
öffentlich публічны, грамадзкі
Publikation f вынясеньне на людзі, адданьне на розгалас, публікацыя
Recht n права
rechtlich праўны
Staatsrecht n дзяржаўнае права
Unrecht n няпраўе
Völkerrecht n міжнароднае права
Weltbürgerrecht n міжнароднае грамадзянскае права
Vorsehung f правідзеньне; наканаваньне, божая воля
Вялікі дзякуй сп. Я. Бяласіну за такую працу. Вельмі карысная праца.