nashaziamlia.org

Асьветна-адукацыйны, грамадазнаўчы сайт для беларусаў: аналіз, прагноз, сілы, інтарэсы, сьветагляды, ідэі, ідэалогіі, праграмы, мэты.

Запісы

Што такое культура?

12 лютага, 2010 | 8 каментарыяў

Павал Біч (кандыдат тэхнічных навук)

d091d196d187-2Падаем чарговы артыкул нашага цяпер ужо сталага аўтара (гл. іншыя артыкула Паўла Біча на сайце). На гэты раз ён на фоне крытычнага стаўленьня да выказваньняў вядомага філосафа Валянціна Акудовіча (гл.фота 2), які, аказаваецца, як і Ўладзімір Мацкевіч (фота 4), прапануе беларусам стаць “рускамоўнай нацыяй” (цяпер будзем ведаць пра абодвух, разам зь Сямёнам Букчыным, фота 3, якога П.Біч крытыкаваў раней…), падае цікавую і важкую аргументацыю на карысьць нашай мовы, культуры, гістарычнай памяці. Мяркуем, артыкул будзе карысным усім прыстойным беларусам. Найбольш істотнае мы, як сайт ідэалагічны, дазволілі сабе выдзяліць тоўстым шрыфтам, а асноўныя нашы каментары пакінулі пасьля артыкула.

Рэдакцыя.


Паняцьце культуры набыло вялікае значэньне ў ХХ стагоддзі. Яшчэ большае значэньне яно набывае ў стагоддзі ХХІ. Многія лічаць, што наша стагоддзе будзе стагоддзем войнаў розных культур, ці, як яшчэ кажуць – цывілізацый.

Звузім пытаньне да сьпецыфічна беларускай праблематыкі й адштурхнемся ад кнігі нашага філосафа Валянціна Акудовіча «Код адсутнасьці», якая зьявілася пару гадоў таму. Так, В.Акудовіч (у далейшым «В.А.») мае даволі распаўсюджанае разуменьне культуры. Ён мала або зусім не ўлічвае тое, што складовай часткай культуры зьяўляюцца нацыянальныя звычаі. Няўлік апошніх спарадзіў яго прапанову вырашэньня беларускай сітуацыі: нацыянальнае пакідаецца для маленькай купкі інтэлігентаў, а ўвесь астатні народ канчаткова дэнацыяналізуецца і стварае нейкую грамадзянскую супольнасьць на грунце цяперашняга яго стану г.зн. з рускай культурай і мовай. Ён знаходзіць прэцэдэнт падобнага ў краінах Лацінскай Амерыкі, дзе пануе крэольская культура нашчадкаў выхадцаў зь Гішпаніі й Партугаліі, а культура карэнных жыхароў індзейцаў, зьведзена да ўзроўню этнаграфіі, а яны самі гібеюць у даволі жалосным становішчы. В.А. наўрад ці дапускае думку, што большасьць беларускага народу апынецца ў сваёй краіне ў становішчы індзейцаў. Ён неяк хутка забыў, што народ без сваёй інтэлігенцыі даволі хутка апынаецца ў рабскім становішчы, бо толькі інтэлігенцыя надае нацыям духоўную і псіхічную сілу.

Натуральна, у лясы беларусаў не загоняць. Будзе ўсё абстаўлена па-сучаснаму. А менавіта: нам, як людзям зь непаўнавартаснай псіхікай, пазбаўленым волі, будзе (пасля таго, як наша прамысловасьць цалкам «ляжа»гэты працэс ужо пайшоў) скінута з усёй Еўропы самая брудная, нецікавая, нізкааплатная праца – перапрацоўка адкідаў, абслугоўваньне сховішчаў, боен, магільнікаў, звалак, вытворчасьць нізкагатунковых мяса, малака, бульбы, абслугоўваньне ўсялякіх камунікацый зь Еўропы ў Расію зь іх гатэлямі і бардэлямі, вайсковых гарадкоў з ракетамі ды рускім войскам, падпарадкаваным Брусэлю, і з мясцовым «беларускім», падпарадкаваным Маскве, і да т.п. Амбітная частка насельніцтва пакіне Беларусь (і ўжо пакідае), а тыя, хто здолеюць стаць «крэоламі», стануць выконваць волю ўсялякіх міжнародных карпарацый. Зь Беларусі акрамя таго будзе пастаўляцца танная працоўная сіла і прастытуткі. Калі мы вытрымаем канкурэнцыю зь іншымі адсталымі народамі, нам, магчыма, дазволяць зборку такіх-сякіх машын і прыбораў. Прайдзісьветы з усяго Сьвету, для якіх нажыва – гэта «ўсё», а свая і любая культура – «нішто», знойдуць у нас самыя спрыяльныя ўмовы для жыцьця і размнажэньня. Плыні эмігрантаў з краін Азіі й Афрыкі будуць імкнуцца да нас – у краіну, дзе ня трэба падстройвацца пад мясцовую культуру. І гэта адбудзецца незалежна ад таго, ці будзем мы ў складзе Расіі або ў ЕС.

Такія наступствы падзелу культуры: інтэлігенцыі – ліцьвінска-беларуская, астатняму народу – руская.

Якімі ж аргументамі В.А. апраўдвае такі падзел? Іх некалькі. Гэта нізкая нацыянальная самасьвядомасьць беларусаў, няўдача чарговай спробы беларусізацыі ў наш час, выбух камунікацый ды насоўваньне глабалізацыі.

Нізкую нацыянальную сьвядомасьць беларусаў і ў наш час, і заўжды, ён абгрунтоўвае гістарычна – маўляў, раз яе амаль не было ў мінулым, дык адкуль ёй узяцца цяпер, і як яна можа ўзнікнуць у будучыні. Тых нашых мысьляроў, якія адчувалі наша адрозненьне ад іншых суседніх народаў і спрабавалі яго ўмацаваць – дамагаліся аўтаноміі, незалежнасьці, разьвівалі сваю культуру – ён называе “міфатворцамі”, прычым, як гэта бачна з кантэксту, тэрмін «міф» ён разумее, як нешта блізкае да падману (“віленскі адвакат прыдумаў «міф» пра Беларусь, чым увёў у зман і нацыянал-камуністаў і адраджэнцаў нашага часу”).

Заўважым, што з навуковага пункту гледжаньня паняцьце «міф» адценьня падману ня мае. Адным з дасягненьняў сучаснай філасофскай думкі ёсьць разуменьне таго, што ўвесь свет, у тым ліку і фізічны, зьяўляецца [у нашым уяўленьні] збольшага нашай канструкцыяй й інтэрпрэтацыяй, г.зн., груба кажучы – прыдуманым. Што тычыцца гісторыі, то яна не часткова, а пераважна зьяўляецца такой. І інтэрпрэтацыя нашай гісторыі, напрыклад, тым жа адвакатам Багушэвічам, нічым ня горшая за інтэрпрэтацыю гісторыі Літвы-Беларусі, зробленую расійскімі гісторыкамі. Бо нездарма ж першае, што рабілі расейцы, захопліваючы нашыя гарадыяны зьнішчалі архівы, каб потым без праблем скласьці патрэбную ім інтэрпрэтацыю [гістарычных падзей].

Культуру ў вузкім сэнсе (без тэхналогіяў, навукі ды матэрыяльнага) можна лічыць складзенай з мастацтва, мовы і звычаяў. Паводле В.А., мастацтва нам разьвіваць позна, бо выбух камунікацыяў [маўляў] нясе сьмерць ўсяму мастацтву. Ён піша, што цяпер ён – В.А. – дзякуючы тэлебачаньню ды інтэрнэту, ведае пра кітайскую сьцяну і пра любоўныя прыгоды Біла Клінтана больш, чым пра Кастрычніцкую плошчу ў Мінску і амуры свайго бліжэйшага сябра. Прастора, патрэбная для нацыянальнай культуры, цяпер зьнішчана, мастацтва ператвараецца ў інфармацыю і, значыць, памірае заяўляе ён.

Хай тэарэтыкі мастацтва нам скажуць, чым мастацтва будзе заўсёды адрозьнівацца ад інфармацыі, я тут не сьпецыяліст. Але можна нагадаць, што з тых часоў, як у чалавека разьвілася мысьленьне, памяць і ўяўленьне, ён стаў свабодна падарожнічаць ў прасторы і часе. Напрыклад, дзікун, пару разоў убачыўшы цудоўныя лугі суседняга племені, мог, закрыўшы вочы, «бачыць» гэтыя лугі і ведаць пра іх больш, чым аб перажываньнях жонкі, што сьпіць побач зь ім. Тэхніка проста пашырыла і палегчыла ўяўленьні чалавека, але прынцыпова новага нічога не дадала.

Тое ж тычыцца і глабалізацыі. Пра тое, што можа прынесьці глабалізацыя параненаму псіхічна, пазбаўленаму нацыянальнага стрыжня беларускаму народу, пісалася ў пачатку. Дзікуны у межах сваёй даліны таксама ведалі, што такое глабалізацыя, калі абменьваліся з суседзямі таварамі й паслугамі – гэта значыць, пераразмяркоўвалі працу. Калі ж адно племя падпарадкоўвала іншае, то першае, што рабілі пераможцы, гэта забаранялі мясцовых багоў (бо ў тыя часы фактычна яны вызначалі звычаі), чым падаўлялі волю да супраціву з боку пераможаных, а затым прымушалі іх выконваць брудную і цяжкую працу. Калі Літва-Беларусь была заваяваная Расеяй, мы таксама спазналі глабалізацыю, толькі ў межах Расіі, а менавіта – ператварыліся ў адсталы сялянскі край.

Аб мове пісалася шмат. Па многіх прыкметах народ хоча, але з-за адпаведнай палітыкі ня можа загаварыць на беларускай мове. Мова – гэта акуляры, праз якія мы глядзім на сьвет. І акуляры гэтыя могуць быць толькі нацыянальнымі. Тое, што НКВД зьнішчала настаўнікаў беларускай мовы ня менш зацята, чым паліцаяў, “шкоднікаў” ды іншых «ворагаў народу», кажа пра многае. «Мова ня проста распавядае пра сьвет, адлюстроўвае сьвет, апісвае сьвет. Хутчэй, мова стварае сусьветы, і ў гэтым стварэньні яе сіла. Мова стварае, скажае, нясе, раскрывае, хавае, дазваляе, душыць, узбагачае і панявольвае. Мова ў наш час стала напаўбогам» (К. Уілбер).

Больш глыбіннае, чым мова, больш пранікальнае ва ўсе поры жыцця – тое, што зьмяніць значна цяжэй – гэта нацыянальныя звычаі. Мастацтва народаў – гэта іх ярка размаляваная візітоўка, і калі вам яе не сунуць стала пад нос, то мастацтва іншых народаў ёсьць цалкам прымальным. Напрыклад, тая ж Францыя, пра якую В.А. напісаў, што яна заўтра будзе такой, якая сёньня ёсьць Беларусь, яшчэ ў 60-я гады мінулага стагоддзя паставіла заслон амерыканскаму кіно, як разбуральніку французскай культуры. У цяперашняй Беларусі прыярытэт аддадзены рускай культуры на шкоду сваёй.

У малых дозах мастацтва іншых народаў ёсьць дапушчальным. Музыкі ўсіх краін граюць творы Венскіх класікаў і не адчуваюць сябе непаўнавартаснымі. Усе людзі чытаюць кнігі аўтараў іншых народаў і не дэнацыяналізуюцца. Але адна справа захапляцца Моцартам, і зусім іншая – стала жыць сярод немцаў. Адна справа захапляцца псіхалагізмам Дастаеўскага, і зусім іншая – жыць сярод рускіх. Звычаі – гэта: як працаваць раўнамерна або з аўраламі, як ставіцца да начальніка. Звычаі – гэта колькі сядзець за абедзеным сталом, пра што размаўляць за ім, што есьці, колькі й што піць. Звычаі – гэта што лічыць сьмешным, і што не. Звычаі – гэта як часта трэба хадзіць у госьці і як доўга быць у гасьцях. Звычаі – гэта калі ты вельмі шчасьлівы, то пры гэтым трэба цалаваць ўсіх вакол, ці ня ўсіх. Звычаі – гэта колькі і аб чым гаварыць, сустрэўшы на вуліцы знаёмага. Звычаі – гэта ўсё жыцьцё з раніцы і да ночы. Звычаі гэта спосаб абароны і нападу.

Пісьменьнік Уладзімір Арлоў прыводзіць сьмешны выпадак, як рускае кампанейства і рэзкі падзел імі людзей на «сваіх» і «чужых» аднойчы «вылезлі бокам» для нярускіх. Стаяла чарга ў кафэ за малочным парасём ў перапынку нейкага форуму пісьменьнікаў – усім хацелася паспытаць гэтую легендарную страву. На «бяду» наперадзе апынуўся рускі, які згодна з вышэйвыкладзенымі рысамі характару прапусціў наперад сябе ўсю рускую дэлегацыю. У выніку ўкраінцы, беларусы, татары, летувісы не паспрабавалі гэтае стравы...

Звычаі ні добрыя, ні дрэнныя. Не займі рускі чаргу на сваіх знаёмых, ён зь іх пункту гледжаньня зрабіў бы, вядома, дрэнна. З пункту гледжаньня ж “якога-небудзь шведа» ўсё было б наадварот.

Асабліва бурную рэакцыю выклікаюць чужыя звычаі ў адносінах мужчын і жанчын. Што тут лічыць прыстойным, а што недапушчальным і абразьлівым? Менавіта яны сталі рухаючай сілай тых нашчадкаў выхадцаў з мусульманскіх краін, што нарадзіліся ў Англіі й асвоілі ангельскую культуру і мову, якія рыхтавалі тэракты ў метро ў Лондане. А мусульманскія забурэньні ў Парыжы? А чачэнскі Супраціў? А забойствы адпачываючых дзяўчат зь Еўропы на пляжах Азіі? Без перабольшаньня можна сказаць, што супрацьстаяньне мусульманскай і хрысьціянскай цывілізацый, напружаньне вакол Ізраіля маюць «падкладкай» розныя звычаі ў адносінах полаў, дакладней – жанчыну. Калі эканамісты і матэрыялісты за ўсім гэтым бачаць толькі нафту і газ, то гэта ІХ інтэрпрэтацыя. Гэтыя цывілізацыі варагавалі задоўга да «адкрыцьця» нафты і газу. Што ім цяпер перашкаджае ўзаемавыгадна гандляваць? Еўрапейцы са сваёй «Свабодай» шкадуюць мусульманскіх жанчын, а тыя ім адказваюць, што лепш быць чацьвертай жонкай Ахмеда, чым адзінай – багатага Джона, або «простага і добрага» Івана.

Жорсткасьць, праяўленая расейцамі падчас «Патопу» XVII стагоддзя ў адносінах да нас (суседзяў і вельмі блізкамоўных), абумоўлівалася тым, што ў нас былі больш еўрапейскія, нярускія звычаі (адпаведна і дзяржаўнае ўладкаваньне). В.А, напісаўшы, што паміж намі і рускімі бездань, вядома, меў на ўвазе звычаі. (Часам звычаі называюць менталітэтам, што недакладна, бо ментальнасьць, строга кажучы, зьвязваюць з працай розуму, які, зрэшты, таксама шмат у чым нацыянальны). Чалавек сярод чужых звычаяў «задыхаецца», «знаходзіцца не ў сваёй талерцы» і вымушаны або мяняць свае звычаі, або з’язджаць дадому. Пагроза чужых звычаяў знайшла адлюстраваньне ў фальклоры. Напрыклад: «Тата, тата, чорт лезе у хату – абы не маскаль”. Або – «што добра рускаму, то немцу сьмерць». «У гасьцях добра, а дома лепш».

Заўважым, што ў гасьцях і пры гасьцях здушвальны ўплыў чужых звычаяў не пасьпявае праявіцца – і тыя, хто прымае, і госьці жывуць у нейкай эйфарыі ад навізны адзін аднаго, са скуры вон лезуць, каб спадабацца адзін аднаму.

Няцяжка даць інтэрпрэтацыю гісторыі, паклаўшы ў яе падставу барацьбу звычаяў розных народаў. Так, верхнія слаі грамадстваў (каралі, прэзідэнты, паслы, дыпламаты) ня могуць зразумець «справядлівых» прапаноў іншага боку, канчаткова сварацца, а затым гоняць адзін супраць аднаго арміі простых людзей, каб даказаць правільнасьць свайго погляду на сьвет (грамадскага ўладкаваньня, ўлады над тэрыторыямі), заснаванага на звычаях свайго народу. У пачатку вайны сумленныя ідэёлагі зьбіраюцца прынесьці іншаму боку только нешта добрае, нібыта ўласьцівае толькі ім.

Напрыклад, рускія сацыялісты-бальшавікі абяцалі вызваліць ўвесь сьвет ад эксплуатацыі, а нямецкія нацыянал-сацыялісты – ад прыгнёту буйнога прыватнага капіталу (у краінах Захаду) і ад прыгнёту бальшавікоў – у СССР. Але аказваецца, што народы Захаду не жадаюць заціскаць сваіх капіталістаў, бо гэта ёсьць адмаўленьне іх Свабоды, якая стала іх звычаем, а рускія не жадаюць разьвітвацца з уладай бальшавікоў, якая ім нагадвае ўладу бацькі, барына, цара-бацюшкі, што ўвайшло ў іх звычай. Ва ўлётках, якія скідвалі зь нямецкіх самалётаў у 1941 годзе, было напісана тое ж самае, што ў газетах часоў Перабудовы, але ідэі першых прынятыя не былі, таму, што іх сыпалі немцы.

Кожная нацыя павінна ня толькі дасьпець да разуменьня «правільнага», але і быць упэўненай, што гэта «правільнае» не прынясе ёй «сьмерць» ў выглядзе чужых звычаяў.

Калі ж войны бушуюць, тады «нацыянальнае» ўжо выходзіць на першы план. «Забі немца» піша касмапаліт еўрапеец І. Эрэнбург, «абаронім Еўропу ад азіятчыны» – паўтарае за ім сацыяліст Гебельс. Усім – і расейцам, і немцам – гэта вельмі зразумела, бо закранае іх сутнасьць – нацыянальнае.

Вядома, у канкрэтнай гісторыі народы не выступаюць як адзінае цэлае, мае значэньне і сацыяльнае. Войска Ілжэдзьмітрыя, якое несла вызваленьне рускім баярам ад іх халопства, утрымлівала 1,5 года ў Маскве партыя Раманавых. Прагрэсіўную ролю Напалеона цалкам маглі зразумець будучыя дзекабрысты і адпаведна дзейнічаць прыкладна так, як наша шляхта. Супраць «азіятчыны» змагаліся ўласаўцы і паліцаі. А у Расеі цяпер ёсьць дэмакраты, якія ратуюць за Свабоду еўрапейскага ўзору.

Але чым больш дэмакратычным і сацыяльна аднастайным будзе грамадства ў будучыні, чым больш вольнага часу будзе ў людзей, чым больш яны будуць сутыкацца з іншымі тыпамі культур, тым усё большае значэньне будзе набываць нацыянальнае. Праяваў расавай і нацыянальнай нецярпімасьці, тэрору на іх глебе становіцца ў сьвеце ўсё больш.

Грамадзянскія войны таксама няцяжка інтэрпрэтаваць з пазіцый розных звычаяў, на якія арыентуюцца (але па якіх яшчэ не абавязкова жывуць) розныя групы людзей. Напрыклад, падчас апошняй вайны ў нас частка насельніцтва лічыла узорам еўрапейскія звычаі жыцьця, а частка – расейскія. Пасьля перамогі апошніх, першым давялося масава пакідаць Радзіму (няважна, што тады тлумачылася ўсе палітыкай).

Не улічыўшы, што ў паняцьце культуры ўваходзяць нацыянальныя звычаі, В.А. прыйшоў да цалкам марксісцкай высновы, што вектары інтарэсаў простых і адукаваных людзей аднаго народу не супадаюць. Гэта пазіцыя да таго ж яшчэ і рамантыкаў з часоў Ж. Руссо. Простыя (у яго кнізе – гэта яго бацькі) заклапочаныя толькі завозам дроваў на зіму і пасадкай вясной бульбы (ён называе гэта анталагічным(!) клопатам), а другія (адукаваныя і ён сам) – экзістэнцыйным (!) пошукам сябе. Чым яшчэ раз пацьвердзіў лукашэнкаўскае пра “чарку i шкварку”. Так бы мовіць, замацаваў пастулат пра супрацьстаяньне Хама і Пана. Раней ён абгрунтоўваўся гербамі, шляхецтвам, багацьцем, а цяпер – узроўнем адукацыі. У першых – толькі школа, а ў В.А., напэўна, навуковая ступень!

Маючы пашкоджаную культуру (напаўзадушанае мастацтва, мову і звычаі), наша інтэлігенцыя спрабуе кампенсаваць гэтую непаўнавартасьць адукацыяй, хоць яна, асабліва ва ўмовах дыктатуры (досьвед СССР), ня робіць людзей ні свабоднымі, ні шчасьлівымі, ні багатымі. Васіль Быкаў лічыў вучоных адной з самых забітых праслоек грамадства, называў іх вартымі жалю.

Патлумачу, да чаго ўсе ідзе. Супраць нас гадоў 400 вялася гарачая вайна, на якой дзейнічаў прынцып “Свабодная Радзіма альбо Сьмерць”, а апошнія 200 гадоў супраць нас вядзецца халодная вайна, на якой дзейнічае (для патрыётаў) прынцып “Свабодная Радзіма альбо Кар’ера”.

Студэнтам паўстанцам 1863 года, рызыкуючым жыцьцём, казалі: “Здабудем Радзіму і Свабоду – скончыце свае ўніверсітэты”. Нашым студэнтам з плошчы Каліноўскага 2006 года, выключаным з ВНУ, намаўлялася іншае, а менавіта: “Ні ў якім разе нельга перапыняць адукацыю, едзьце давучвацца за мяжу”. Нашы Паны-апазіцыянеры з-за іх пакланеньня перад адукацыяй адсунулі Радзіму і Свабоду кудысьці назад. Яны не сказалі маладым людзям, што вы патрэбныя менавіта тут і цяпер, у бліжэйшыя гады, калі вырашаецца лёс Беларусі; яны не сказалі ім – ідзіце ў народ, папрацуйце зь ім побач, прасьвяціце яго (хаджэньне ў народ – неабходны этап ўсіх нацыянальна-вызвольных рухаў); яны не сказалі ім – вашыя ўніверсітэты нікуды ад вас не падзенуцца, вашыя замежныя дыпломы гэты рэжым ніколі не прызнае, а вы, зацягнутыя ў віхуру жыцьця, напэўна ня вернецеся «Дамоў». Арганізуючы масавая ўцёкі апазіцыйна настроеных маладых людзей за мяжу, сп.Мілінкевіч дзейнічаў заадно з КГБ, якое вырашыла – навошта забіваць, масава саджаць за краты, калі можна проста выціснуць непажаданы элемент з краіны. Да нашых «сердабольных» паноў-апазіцыянераў неяк не даходзіць, што так яны могуць застацца ня толькі «без сярэдняга афіцэрскага складу», але і ўвогуле бяз «войска»; бо намаўляючы ад’язджаючым, што адукацыя (кар’ера) вышэй за Радзіму і Свабоду, яны тое ж самае намаўляюць і пазасталым.

Ну, на самой справе, калі ад’язджаючыя дзеля Адукацыі кінулі Радзіму, то чаму б тым, хто застаўся, каб не выляцець з навучальнай установы, не перастаць хадзіць на мітынгі? А тым, хто ўжо скончыў адукацыю (г.зн. большасьці народу), чаму б не сядзець ціха, каб не пазбавіцца працы і сродкаў для аплаты адукацыі ўжо сваіх дзяцей? Касьцяк рэвалюцыйных партый Расеі складалі выключаныя студэнты. Калі б тады правадыры партый адпраўлялі ўсіх выключаных з ВНУ за мяжу давучвацца, то рэвалюцыі ў Расеі не было б. Такім чынам, разуменьне культуры без нацыянальных звычаяў ў нашых канкрэтных умовах замацоўвае наяўнае становішча ў нашай краіне.

Падзел культуры на мастацтва, мову і звычаі дазваляе па новаму зірнуць на гісторыю і сучаснасьць. На самой справе, у хрысьціянскую эпоху ў Еўропе было фактычна адно мастацтва і адна мова адукаваных (латынь), але войны ішлі, таму што існавалі розныя стылі жыцьця, г.зн. звычаі. Марксісцка-Акудовічаўскае – нацыі ўзьніклі з падзеньнем рэлігійнасьці й з узьнікненьнем капіталізму – церпіць крах, бо падмурак культуры – гэта нацыянальныя звычаі, якія існавалі й будуць існаваць заўсёды, прынамсі да таго часу, пакуль зямля не пераўтворыцца ў ідэальную плоскасьць, аднолькава асьветленую сонцам і з цалкам аднолькавымі умовам жыцьця чалавека. Звычаі, вядома ж, будуць зьмяняцца, але заўсёды заставацца рознымі ў розных народаў.

Згодна з сучаснай філасофіяй, кожны рэальны фенамен праяўляе сябе (і ўкаранёны) ў чатырох асьпектах: унутранае індывідуальнае (суб’ектыўнае), зьнешняе індывідуальнае (аб’ектыўнае), унутранае калектыўнае (міжасабовае), зьнешняе калектыўнае (межаб’ектыўнае). Першае праяўляецца ў Сьвядомасьці; другое – у эмпірычнай навуцы; трэцяе – у культуры, палітыцы; чацьвёртае – у структурах, сацыялогіі, эканоміцы.

«Ніводны асьпект феномена нельга зьвесці да іншых без гвалтоўнага разрыву, скажэньня і адкіданьня. У іх зусім розныя мовы, розныя тыпы ісьціны, розная фенаменалогія. Існуе кола – сацыяльная сістэма аказвае моцны ўплыў на культурны сьветагляд, які будзе ўплываць на індывідуальную сьвядомасьць, якая ў сваю чаргу будзе адбівацца на фізіялогіі мозгу. І мы можам рухацца па гэтым коле ў любым кірунку. Усе яны ўзаемазьвязаныя і ўзаемна вызначаюць адзін аднаго. Усе яны выступаюць у якасьці прычын і наступстваў адзін да аднаго ў бясконцай паслядоўнасьці канцэнтрычных сьфер кантэкстаў ўнутры кантэкстаў» (К. Уілбер).

Нацыянальнае зь яго ядром – звычаямі, так сама як і мова, і мастацтва – гэта сьфера ўнутранага калектыўнага. Грамадска-вытворчыя адносіны – гэта сьфера зьнешняга калектыўнага. Сьвядомасьць, псіхічнае зь іх шматлікімі лініямі разьвіцьця – гэта сьфера ўнутранага індывідуальнага. Зьнешні выгляд, манеры, целасклад, гены – гэта сьфера зьнешняга індывідуальнага; на яе моцна ўплывае клімат, ежа, склад глебы, вады і г.д. Таму накідваньне народу чужых мастацтва, мовы і звычаяў адбіваецца на псіхіцы (ва ўсіх заняволеных нацый ёсьць нешта агульнае ў псіхіцы) і вядзе да тых ці іншых фізіялагічных паталогіяў; яно ж (праз псіхіку) прыводзіць да недарэчнасьцяў у эканоміцы, да няздольнасьці супрацьстаяць агрэсіі суседзяў (напрыклад, у нас – у нафта-газавым канфлікце з Расеяй) і элементарна дамаўляцца (з той жа Расеяй).

Аб рэлігіі.

Рэлігія – гэта зьява ўнутранага калектыўнага, гэта значыць, культуры. У асьпекце ж унутранага індывідуальнага гэта ёсьць асаблівы стан псіхікі, які завецца духоўнасьцю. Узровень духоўнасьці праяўляецца ў паводзінах і нават у вонкавым выглядзе вернікаў (зьнешняе індывідуальнае). І, нарэшце, рэлігія ўплывае на зьнешняе аб’ектыўнае, гэта значыць, сацыялогію, эканоміку (прыгадаем кнігу М. Вэбера аб тым, што капіталізм нарадзіўся з духу пратэстантызму). Нягледзячы на тое, што рэлігіі кажуць пра Вечнае, яны, маючы Форму, малазаўважальна, але моцна зьвязаныя з нацыянальнымі звычаямі. Ні ў Талмудзе, ні ў Каране, ні ў Бібліі вы ня знойдзеце нічога няправільнага або зьняважлівага адносна іншых народаў [з гэтай тэзай аўтара, асабліва адносна Талмуда, можна вельмі моцна паспрачацца. – Рэд.], але людзі розных рэлігій ваююць адзін з адным! [тут важней тое, што ваююць адзін з адным народы адной рэлігіі; самы нядаўні прыклад – рускія з грузінамі. – Рэд.] Гэта і зразумела, бо за кожнай Формай той ці іншай рэлігіі стаяць і адчуваюцца нацыянальныя звычаі, якія, калі яны чужыя, як было адзначана раней, сьмяротныя для народаў. Той, хто не любіць звычаі-характар паўночных еўрапейцаў, наўрад ці стане пратэстантам, а той, хто ня любіць характар рускіх, наўрад ці запішацца ў РПЦ [гэта калі ў чалавека будзе магчымасьць зрабіць сьвядомы выбар. – Рэд.]. У каталіцтве праглядаецца «душа» раманскіх народаў, а крышнаіты нават апранаюцца на індыйскі манер. Французскія камуністы так пранікаліся духам бальшавізму, што пасьля сваіх партсходаў сьпявалі рускія песьні.

В.А. сьцьвярджае, што вектары нацыянальнага і рэлігійнага процілеглыя. Але калі ўзроўні Сьвядомасьці ўявіць як розныя паверхі 10-павярховага будынка, то чаму Буддзе для прыёму ежы можна спусьціцца з 10-га на першы, дзе размяшчаюцца інтарэсы цела-ежы, а маладым вернікам нельга спусьціцца з 6-га паверха на чацьвёрты, дзе сярод іншага размяшчаецца нацыянальнае?

Аб хрысьціянскіх каштоўнасьцях ў палітыцы.

Калі пад хрысціянскімі каштоўнасьцямі разумець Запаветы, то яны па ўкаранёнасьці, фундаментальнасьці саступаюць нацыянальнаму, асабліва звычаям. (Хрысьціянам іх «не забі» не перашкаджала ўсю гісторыі рэзаць адзін аднаго). Калі ж пад гэтымі каштоўнасьцямі разумець нейкія этапы росту духоўнасьці, то ёсьць усе падставы меркаваць, што пры ўціску нацыянальнага гэты рост будзе абцяжарвацца. Бо на духоўную лінію развіцьця сьвядомасьці ўплываюць ўсе іншыя лініі развіцьця сьвядомасьці. Гэта лініі міжасабовых адносін, эмацыйнага, кагнітыўнага, сексуальнага, фізічнага разьвіцьця… Уздым па гэтых лініях зьвязаны са знакамітым прынцыпам – «неабходна, але не дастаткова».

Напрыклад, як лінія фізічнага развіцьця ўплывае на кагнітыўную (пазнавальную) лінію? Вельмі проста: пакуль чалавек не павялічыць пэўную масу костак і мяса (або яму ня споўніцца столькі-та гадоў) зразумець, што 2 + 2 = 4, ён ня зможа (гэта неабходная ўмова). Але адных костак і мяса недастаткова для пазнаньня арыфметыкі, таму папярэдне (яшчэ неабходныя ўмовы) самасьць чалавека павінна вылучыць сваё цела з навакольнага яго сьвету, затым аддзяліць розум ад пачуцьцяў і жаданьняў, і, нарэшце, спазнаць колькасьць – г.зн. лік (гэта ўжо дастатковая ўмова).

Сувязь нацыянальнага з рэлігійным можна патлумачыць і на наступнай аналогіі. Нявырашанае нацыянальнае гэта стрэмка ў назе. І пакуль яна там, бегчы уверх да Бога па прыступках з назвамі «каштоўнасьці» цяжка і балюча.

Класьці ж гэтыя прыступкі-«каштоўнасьці» ў аснову палітыкі й тым больш яе тактыкі (як гэта спрабуе БХД) – гэта значыць канчаткова заблытаць і сябе, й іншых.

Рэлігія – гэта ня “опіюм для народу“, як лічыў Маркс. Рэлігія – гэта тэлескоп, які дазваляе бачыць зоркі, але перашкаджае бачыць, што ў чалавека пад нагамі

 

Ад рэдакцыі:

За выключэньнем асьпекта, зьвязанага з адукацыяй моладзі (які падаўся нам спрэчным), мы лічым падазены вышэй артыкул яшчэ адным выбітным творам паважанага спадара Паўла Біча. У ім аўтар са свайго ракурсу (для многіх новага) даводзіць значэньне беларускай мовы і культуры для паўнавартаснай будучыні беларускага народу, падкрэсьліваючы пры гэтым значэньне такога элемента культуры, як нацыянальныя звычаі, нацыянальны менталітэт.

Многія чытачы напэўна заўважылі, што аргументацыя аўтара грунтуецца на сістэмным падыходзе, які заўсёды сьведчыць – усё з усім зьвязана. Таму выпадзеньне любога элемента сістэмы, якой аб’ектыўна ёсьць беларускі народ (у т.л. такіх элементаў, як мова, культура, звычаі, традыцыі, фальклор, гісторыя і г.д., якія для некаторых падаюцца “малаістотнымі”), ня можа адбыцца без трагічных наступстваў для лёсу самога народу. І ня важна, усьвядамляе большасьць людзей гэтыя наступствы, прадбачыць іх, ці не.

Аўтар паказвае, што нашу нацыю і яе суб’ектную сьвядомасьць, нягледзячы на значную шкоду, нанесеную нашай мове найперш расейскім імперыялізмам, бароніць беларуская культура і найперш такія яе элементы, як звычаі й нацыянальны менталітэт.

Аднак людзям з гуманітарнай адукацыяй цяжка ўспрыняць, што ёсьць яшчэ адзін, больш глыбінны пласт у сістэме беларускі народ. Гэта – генафонд. Сьцьвяржаем: гэта абсалютна аб’ектыўны і вельмі ўстойлівы фрагмент рэчаіснасьці, недаацэнка якога зьвязана ўсяго толькі з недастатковай адукацыяй.

Асаблівасьці нашага беларускага генафонду ў значнай ступені абумоўліваюць (натуральна, у комплексе з нашым папярэднім гістарычным лёсам) асаблівасьці нашай нацыянальнай культуры (звычаяў, фальклёру, менталітэту) і нават мовы. У такой ступені, як мы, беларусы, падобныя вонкава (гл. фото 5 у пачатку артыкула), у такой жа ступені мы падобныя і псіхічна. Гэта – вынік агульнасьці нашага генафонду. Больш за тое, адсюль атрымліваецца, што наш генафонд “вырашаў”, што павінна захавацца ў нашай культуры, а што – не, і як мусіць гучаць наша мова.

Тое, што беларускі генафонд – гэта наша найвялікшая каштоўнасьць, кепска бачаць нашы людзі, але выдатна ведаюць сацыяльныя паразіты. Таму, каб скарыць ці зьнішчыць народ – галоўную перашкоду ў іх заўсёдных злачынных планах па ператварэньні народаў у біямасу рабоў, яны імкнуцца ня толькі зьнішчыць нацыянальныя мовы, культуры, гістарычную памяць, а і рубіць пад корань – разбурыць, замяніць, зьнішчыць сьпецыфічныя генафонды народаў. Дасягаюць яны гэта праз выкарыстаньне дэмаграфічнай зброі. Апошняя ўключае ціхі генацыд – выміраньне народу, што назіраецца, напрыклад, у нас цяпер, і адначаснае масавае перасяленьне на тэрыторую аўтахтоннага народу чужынцаў.

Усё гэта ёсьць грандыёзным ЗЛАЧЫНСТВАМ, усё гэта ёсьць па сутнасьці НАЦЫСЦКІЯ ТЭХНАЛОГІІ!

Мы пра гэта крычым мы ва ўсё горла. Але, на жаль, нас гуманітарыі, інтэлігенцыя па-ранейшаму ня чуюць…

І яшчэ.

Акудовіч, Мацкевіч, Катлярчук, Букчын – усе гэтыя людзі, калі перыядычна рабіць абагульненьні, маюць надта ўжо падобныя ідэі, пазіцыі ў стаўленьні да нашага народу. Хутчэй за ўсё, вытокі гэтага падабенства тыя ж самыя, што і вытокі рускамоўнасьці ЕГУ і Дойча вэле, пераходу на рускую мову Хартыі й Шведскага радыё.

Ці не падаецца вам, нашы паважаныя чытачы, што накопліваецца даволі шмат прыкмет, што “цывілізаваны Захад” неяк ужо занадта пасьлядоўна імкнецца падсабіць расейскай імперыякратыі ў накіданьні беларускаму народу рускай імперскай мовы?..

 

8 каментарыяў

  1. Я думаю, што на гэтым сайце дастаткова аналітычнага матэрыялу, які паказвае будучыню нашага народа, калі мы не будзем нічога самі рабіць, каб парушыць планы ўсіх паразітаў свету па захопу нашай краіны. Гэта пытанне вельмі сур’ёзнае. Шматлікія нам прапануюць змірыцца з гэтым станам і нават добраахвотна накінуць на сябе ярмо рабства. Нельга рабіць выбар паміж рабствам і свабодай. Абіраць патрэбна толькі свабоду: для сябе і сваіх дзяцей. Нельга свабоду рабіць міфам, як камунізм. Свабода павінна быць рэальным жыццём. Свабода – гэта ёсць грунт для захавання фізічнага і псіхічнага здароў’я. Шлях да свабоды трэба пракладываць сёння тысячамі сцяжынак кожнага чалавека.
    Ці вядуць нацыянальныя каштоўнасці да свабоды? Нацыянальныя каштоўнасці – гэта і ёсць абярэг нашай свабоды, гэта ёсць абярэг нашага духоўнага і фізічнага здароў’я. Лічыце вы так ці не. Колькі б беларускі чыноўнік не трындзеў на рускай мове, ён будзе ўсяго толькі шаўка перад крамлёўскімі панамі, а загаворыць па-ангельскаму, то будзе шаўкай перад ангельскай каралевай. Нам увесь час ўбіваюць ў галаву, што беларусы – гэта “не сфарміраваная нацыя”, што ў нас адсутнічае воля да з’яднання, карацей – усе атрыбуты непаўнавартаснага народа.
    Усё гэта хлусня!
    Хто такія беларусы, вы ўбачыце на гэтым сайце.
    Пытанне адносна ведаў: сёння без ведаў няма шляху да свабоды. Малаадукаваная ўлада і практычна, такая ж апазыцыя, не выведуць нацыю з рабства. Эпоха камуністычнага рабства закончылася 20 гадоў таму, але эпоха росквіту не наступіла нідзе на прасторах былога соцлагеру. Чаму? Малаадукаванасць. Чытаць і пісаць – гэта яшчэ не веды. З чым малаадукаваная моладзь пойдзе ў народ? Расказваць народу аб правах гомікаў і пра свята сурка ў Канадзе? Ды народ ім проста плюне ў твар. З народам трэба ўзяцца за рукі і спяваць Каляду ці Купалле, зажынаць жыта ці рабіць засеўкі, тады народ пойдзе за інтэлігенцыяй. Магчыма ўлада і не прызнае замежныя дыпломы, але веды не адбярэ, калі яны ўжо ў галаве. Дыпломы не для таго, каб станавіцца начальнікамі, а для таго, каб мець веды і выкарыстаць іх так, каб не карміць бяздзельнікаў-начальнікаў.
    Наша праграма заключаецца ў тым, каб здабыць свабоду ў неверагодных умовах. Але трэба ведаць гарантыі гэтай свабоды і падмурак, на якім трымаецца свабода. Калі раскласці гарантыі і падмурак, на якіх трымаецца свабода, то атрымаецца вялікі спіс складовых. І адна з гэтых складовых – гэта веды. Безумоўна, што нацыянальныя каштоўнасці – гэта таксама адна з складовых.
    Якія б закіды і хто б не рабіў, мы павінны верыць навуцы, а не нейкім асобам.
    Акудовіч думае не пра беларусаў, у яго відавочна іншы інтарэс.
    Ды што яго слухаць? Слухайце сваё сэрца.

  2. abdul кажа:

    Pavał Bič na zakančeńnie svajho artykuła napisaŭ:
    “Нявырашанае нацыянальнае – гэта стрэмка ў назе. І пакуль яна там, бегчы уверх да Бога па прыступках з назвамі «каштоўнасьці» цяжка і балюча.”
    “Рэлігія – гэта тэлескоп, які дазваляе бачыць зоркі, але перашкаджае бачыць, што ў чалавека пад нагамі…”

    Redakcyja najbolš istotnyja, na dumku Redakcyi, idei artykuła paznačyła toŭstym šryftam, u tym liku i hetyja słovy aŭtara. Miarkuju, što Redakcyja całkam pahadžajecca z hetymi słovami aŭtara. Mušu zaŭvažyć, što aŭtar artykuła i Redakcyja tut vielmi a vielmi pamylajucca.

    Pieršaje:
    Niapraŭda što niavyrašanaje nacyjanalnaje (albo jašče jakoje kolek) praškadžaje iści da BOHA i što pierš treba vyrašyć hetaje samaje niavyrašanaje a ŭžo tady možna j da BOHA paviartacca. Usio jakraz naadvarot. Pierš treba paviarnucca da BOHA, a ŭžo tady niešta vyrašać ŭ hetym žyćci. Bo tolki padparadkoŭvajučysia voli BOŽAJ narod moža vyrašyć svaje prablemy.

    Druhoje:
    Relihija Isłam, viera ŭ BOHA Adzinaha, Haspadara a Tvorcu usiaho čaho isnaha, heta j teleskop, i mikraskop, i naohuł univiersalnyja akulary. A kali viery takoj čałaviek nia maje, to jon jak ślapy.

  3. Юрась кажа:

    Згодны з аўтарам на 100% !

  4. олег кажа:

    Интересно, а с учётом провозглашения главной ценностью народа Беларуси Свободы можно написать на русской мове? Калі ж можна, так я ныдрукую сваі думкі хатя б на трасянце. Паколькі ў школе нашу родную мову не навучал. Так вось, цудоўны артыкул надрукавал сп. Біч. І я у каментрыях не лічу магчымым абмеркаваць артыкул. А вось артыкул редакцыі абмеркавць маю намер. Па рассейскі. Як бы зраблю некій тэст на свядомасць рэдакцыі. Ребята, я с большим уважением отношусь к Вам и Вашему труду на благо моей Родины – Беларуси. Всё-таки 700 лет мои предки здесь жили и дальше будут жить. И считаю Вас вполне вменяемыми и добрыми людьми. Почему же тогда Вы держите меня и других грамотных людей за идиотов? Или вы думаете, что Вашу дремучую неграмотность никто не заметит и всё “и так сойдёт”? Это где же Вы вычитали, что у беларусов есть “ГЕНОФОНД”? У народа Беларуси есть геном. Как и у любой другой популяции (народа). Например, у ирландцев. Да, геном беларуса отличается от генома русского или украинца и почти идентичен геному поляка. И при чём здесь влияние генома на мову, культуру или менталитет? Ради такой благородной цели, как возрождение народа и сохранение Державы совершенно не годится притягивать сомнительные аргументы и вопить во всё горло – о своей недоученности. Никакого влияния геном беларуса на его мову и культуру не оказывает! Генетика – наука о геноме человека – МЕДИЦИНСКАЯ НАУКА! Зарубите себе это на носу и не суйте свой гуманитарный нос туда, где ничегошеньки не понимаете. Особенность генома беларуса – заболевание под названием “синдром Жильбера”. Этот синдром Жильбера обнаружен в процессе реализации программы ООН “Геном человека” у 30% жителей Беларуси. Спадар П.Бич тоже носитель этого синдрома. И я. Так где здесь генетическая зависимость принадлежности к этносу и обладание культурным наследием этого этноса? Мордой и об стол. Да за столько лет існавання нашага этносу мы столькі народу перемололі ў беларусаў-літвінаў, что ня хвалюйціся. Ўсё будзе добра. Вам бы Любви побольше!

  5. Рэдакцыя кажа:

    Спадару Алегу.
    1) Наш рэдактар 30 гадоў выкладае на кафедры медыцынскай біялогіі з агульнай генетыкай, мае ступень доктара медыцыны й выдатна адрозьнівае такія паняцьці, як “геном”, “генатып”, “генафонд”, “генетычная інфармацыя”, “генетычны код”.
    Вы – сп-р Алег – тыповы хамаваты маскальчык. Калі не, назавіце вашую ступень у біялогіі ці медыцыне і прывядзіце вашае разуменьне пададзеных паняцьцяў.
    2) Вашае нахабнае слоўнае плявузганьне пакуль адмыслова пакідаем, як прыклад яшчэ аднаго варыянту нападу на наш сайт і нашых аўтараў…

  6. олег кажа:

    Назовите имя, фамилию. С удовольствием обменяюсь мнением со специалистом об итогах выполненной программы ООН “Геном человека”. И зачем, скажите на милость, вам мои звания и заслуги в медицине? Или вы думаете, я не понимаю, что Синдром Жильбера вызвается дефектом фермента глюкуронилтрансферазы, участвующей в конъюгации непрямого билирубина и глюкуроновой кислоты с образованием моно- и ди-глюкуронилбилирубина, является одним из наиболее частых наследственных нарушений обмена веществ у беларуской популяции? Мои познания в генетике можно обсуждать только со специалистом. Вы же притянули особенности генома человека к обоснованию особенностей национальной культуры, мовы и даже менталитета беларуской нации! А это – полная бредячина. Да ещё и пишите: что-то там генофонд “вырашаў” (то есть решил, разрешил) пра мову. Ничего генофонд не решает насчёт мовы. Мова, менталитет, культура – это из другой области. А вот я и указал на вопиющую безграмотность не сайта, а автора комментария к статье Павла Бича, моего друга. Я не собирался нападать на сайт. Я нападаю на автора комментария к статье П. Бича. Этот уважаемый автор заслуживает выговора от редакции сайта за своё неуёмное стремление самоутвердится за счёт читателей и за игнорирование замечаний редактора – доктора медицины! И я не тыповы хамаваты маскальчык. Я тыповы беларус! Мои предки 700 лет живут в Беларуси, и мне 56 лет. За свои слова я отвечаю. Кстати, для автора комментария, фамилия моей бабушки – Позьняк. Из Гродненской области! Да, я плохо валодаю пісьмовай мовай, так это моя (и других беларусов) беда. А размаўляю я па-беларускі вельмі добра! Что вообще такое – этот коммнтарий к статье П. Бича и ответ на мои замечания? Это – НЕНАВИСТЬ! А с ненавистью ничего построить, создать нельзя. Только разрушить. А требуется нам, беларусам, только ЛЮБОВЬ к человеку как Божьему творению. Чего и желаю уважаемому сайту. А ещё извиниться предо мной и поблагодарить за конструктивную критику. Хотя я вряд ли этого дождусь …..

  7. Рэдакцыя кажа:

    “Алегу” – “беларусу”.
    Як мы і чакалі, вы да нашых парад не прыслухаліся.
    Больш мы вам вашу лухту на нашым сайце несьці не дазволім. У нас і ў нашых чытачоў такое чытаць ні часу, ні сэнсу няма.
    Да пабачэньня…

  8. олег кажа:

    То есть писать сюда нельзя? Лично мне?

Пакінуць каментар

  • Старонкі

  • Катэгорыі

  • Апошнія запісы

  • Архівы