nashaziamlia.org

Асьветна-адукацыйны, грамадазнаўчы сайт для беларусаў: аналіз, прагноз, сілы, інтарэсы, сьветагляды, ідэі, ідэалогіі, праграмы, мэты.

Запісы

Угледземся ў туман вакол адной авіякатастрофы (частка 3: стаўленьне да аварыі розных бакоў)

1 мая, 2010 | Каментары (1)

Рэдакцыя

10. Пасьля выкладаньня фактаў і розных меркаваньняў, час падаць зьвесткі пра стаўленьне да аварыі розных бакоў. Пачнем з афіцыйнай пазіцыі Польшчы, якую павінен прадстаўляць прэм’ер-міністар Польшчы Дональд Туск (гл. фота зьлева) і пра чаканы выступ якога мы пісалі ў канцы папярэдняй часткі гэтага матэрыяла. Нагадаем, 28 красавіка ён павінен быў абвясьціць першыя зьвесткі аб выніках рассьледаваньня авіякатастрофы, якая адбылася 2,5 тыдня да таго. Туск выступіў, спраўдзіўшы наш прагноз і нават пераўзышоў яго.

Вось інфармацыя пад загалоўкам “Без сенсацый” (узятая адсюль: http://www.expert.ru/articles/2010/04/28/without_sensation?esr=4):

“Прэм’ер Польшчы Дональд Туск агучыў у Варшаве інфармацыю аб ходзе рассьледаваньня катастрофы прэзідэнцкага самалёта пад Смаленскам. Ён запэўніў польскае грамадства, што Расея вядзе работу аператыўна, дакладна і адкрыта. Тым самым ён спыніў спробы партыі Качыньскіх абвінаваціць Маскву ў датычнасьці да гібелі прэзідэнта Польшчы (гл. фота Яраслава Качыньскага ўверсе справа).

«Зь першых гадзін катастрофы мы знаходзімся ў сталым кантакце з расейцамі», – адзначыў Туск. Па яго словах, адбылося некалькі сустрэч з прэзідэнтам РФ Дзьмітрыем Мядзведзевым (у Кракаве) і прэм’ер-міністрам РФ Уладзімірам Пуціным. «Няма ніякіх падставаў казаць аб тым, што расейскі бок якім-небудзь чынам ўскладняе сьледства”, – запэўніў ён. Туск падкрэсліў, што Эдмунд Кліх, афіцыйны прадстаўнік польскіх уладаў у Маскве, «мае поўны доступ да матэрыялаў сьледства».

Як прызнаўся прэм’ер-міністр, ён не чакае сенсацый ад расшыфроўкі запісаў «чорных скрыняў». Але Туск не сказаў, што вядома асабіста яму… ” (канец цытаваньня).

Прыкладна той жа зьмест падало й іншае выданьне (www.delfi.ua/news/daily/foreign/tusk-rasskazal-kak-idet-delo-o-krushenii-tu-154.d?id=935113):

“Прэм’ер Польшчы Дональд Туск на прэс-канферэнцыі распавёў аб тым, як ідзе рассьледаваньне авіякатастрофы пад Смаленскам, у якой загінуў Прэзідэнт Польшчы Лех Качыньскі.

Туск высока ацаніў працу расейскіх эксьпертаў і адзначыў, што рассьледаваньне праходзіць абсалютна празрыста. “Рассьледаваньне выклікае вельмі шмат эмоцый. Уся супольнасьць і я таксама зь вялікім нецярпеньнем чакаем вынікаў рассьледаваньня. Але ключавым у гэтай справе з’яўляецца дакладнасьць і адпаведнасьць усім міжнародным працэдурам. Залішняя хуткасьць замест дакладнасьці можа прывесьці да сумных наступстваў і пашкодзіць рассьледаваньню”, – заявіў Туск.

Зараз – і гэта пацьвердзіў прэм’ер Туск – дакументы, ноўтбукі і мабільны тэлефон прэзідэнта Качыньскага знаходзяцца ў польскага боку.

Дональд Туск адзначыў: расейцы робяць нават больш, чым павінна быць па ўсіх міжнародных правілах. “Расейскі бок выконвае ўсе абавязальніцтвы, якія выцякаюць зь міжнароднай чыкагскай канвенцыі і нават, па нашай ацэнцы, у многіх сітуацыях гатовыя выйсьці за рамкі міжнародных пагадненьняў, калі гэтага чакае польскі бок“, – падкрэсьліў прэм’ер Польшчы.

Пра прычыны катастрофы Туск нічога не сказаў, прычым, некалькі разоў ён адзначыў, што пакуль ня будуць расшыфраваныя ўсе паказчыкі, казаць што-небудзь няправільна. І прывёў прыклад: каб дакладна ўсталяваць час сутыкненьня зь зямлёй – 07:41 (па Кіеве) – давялося дасьледваць больш за два тыдні.

Цяпер дакладна вядома толькі тое, што да сутыкненьня з зямлёй усё сістэмы самалёта працавалі спраўна. “Сёньня зь вялікай доляй дакладнасьці можна сказаць, што прычынай катастрофы ня стала аварыя ці выбух на борце самалёта“, – паведаміў Дональд Туск.

Прэм’ера Польшчы ня раз спыталі: як хутка скончыцца рассьледаваньне? Ён адказаў, што нават сьпецыялісты не гатовыя адказаць на гэтае пытаньне. Любыя часовыя рамкі ставіць тут няправільна. Куды важней дакладна разабрацца ў прычынах трагедыі “(канец цытаваньня).

Такім чынам, Дональд Туск не паўтарыў расейскую версію прычын авіякатастрофы (віна пілота ў тумане), пабаяўшыся ўзяць адказнаць за яе. І, ухіляючыся ад магчымых праблем у будучыні, пераключыў усю ўвагу на працэс сьледства. Маўляў, яно ідзе добра (як жа яно ідзе добра, калі прайшло ўжо цэлых тры тыдні пасьля аварыі, а прэм’ер-міністар Польшчы на прэсавай канферэцыі, якая прызначалася для таго, каб абвясьціць першыя вынікі рассьледаваньня, баіцца нават слова сказаць па заранёў аб’яўленай тэме?).

Атрымліваецца, Туск, як палітык, усяго толькі пераадрасаваў “мяч” на поле Пуціна.

Усё гэта, як і многае ранейшае, вельмі сімптаматычна…

11.

Расейскія імперыялісты занятыя цынічнай, блюзьнерскай прапагандай, што ня менш сімптаматычна.

Для паўнаты карціны ў гэтай сітуацыі варта ў чарговы раз паказаць і расейскі імперскі твар. У якасьці прыкладу падаем ніжэй артыкул пад назвай “Качыньскага забілі КГБ, Туск і лібералы. У Польшчы пачалася самая брудная прэзідэнцкая кампанія”. Паглядзіце, як прапагандысты расейскіх імперастаў проста пырскаюць атрутай (паводле www.slon.ru/blogs/samorukov/post/365156):

“Падчас тыднёвай жалобы, абвешчанай пасьля катастрофы пад Смаленскам, палякі імкнуліся пазьбягаць тэмы датэрміновых прэзідэнцкіх выбараў, прызначаных на канец чэрвеня. Усе выказвалі надзею, што трагедыя аб’яднае палякаў, дапаможа пераадолець дробныя палітычныя рознагалосьсі, а перадвыбарчая кампанія пройдзе ціха і чыста, у атмасьферы нацыянальнага яднаньня і павагі да памяці загінулых.

Натуральна, гэтыя надзеі аказаліся марнымі. Выбары ў атмасьферы яднаньня праводзіць нязручна. Асабліва нязручна тым, каму трэба даганяць фаварыта гонкі. Таму перадвыбарчая кампанія яшчэ не пасьпела як сьлед пачацца, а бруд ўжо цячэ ракой. І выглядае гэта ўсё асабліва непрывабна, таму што цэнтральнай тэмай выбараў сталі сьпекуляцыі на памяці загінулых.

Тое, што Яраслаў Качыньскі і яго “Права і справядлівасьць” будуць да апошняга біцца за прэзідэнцкі пост, стала зразумелым яшчэ падчас жалобы. Пахаваньне Леха Качыньскага на Кракаўскім Вавэле сярод найбольш выбітных палякаў выдатна ілюстравала маштабы амбіцый прыхільнікаў нябожчыка. Але пахаваньне стала толькі пачаткам. 26 красавіка Яраслаў Качыньскі афіцыйна заявіў, што балатуецца ў прэзідэнты «дзеля дабра Польшчы», і ў той самы вечар, не губляючы часу, запусьціў магутную прапагандысцкую кампанію супраць сваіх галоўных канкурэнтаў – кандыдата ў прэзідэнты Браніслава Камароўскага, прэм’ера Дональда Туска й іх партыі «Грамадзянская платформа».

Увечары 26 красавіка, у самы прайм-тайм – з паловы дзевятай да дзесяці вечара – найбуйнейшы дзяржаўны тэлеканал Польшчы TVP1 прадэманстраваў фенаменальны па сваёй прадузятасьці дакументальны фільм. Ён павінен быў ясна растлумачыць польскім выбаршчыкам, што ды як было са смаленскай трагедыяй і за каго цяпер трэба галасаваць дзеля выратаваньня нацыі. Вядомыя расейскія журналісты накшталт Мамантава або Хінштэйна павінны звольніцца з прафесіі, азнаёміўшыся з майстэрствам польскіх калег.

Фільм пад назвай «Салідарныя 2010» можа служыць узорам прапагандысцкай дакументалістыкі (паглядзець яго можна тут: http://www.youtube.com/results?search_query=%22Solidarni+2010%22&aq=f; многія рэчы будуць зразумелыя нават тым, хто польскай мовы ня ведае). Аўтары фільма не вымаўляюць ані слова. Яны проста сабралі нарэзку з выказваньняў людзей, якія прыйшлі разьвітацца зь Лехам і Марыяй Качыньскімі да прэзідэнцкага палацу ў Варшаве. Увогуле, памаліцца перад труной нябожчыка прэзідэнта прыехалі дзясяткі тысяч палякаў, але аўтары фільма чамусьці ўвесь час паказваюць паўтара дзесятка адных і тых жа асобаў, якія ім асабліва спадабаліся. І гэтыя паўтара дзесятка чалавек падаюцца гледачам як голас польскага народу – голас каталіцка-Божы, які глаголець ісьціну аб трагедыі пад Смаленскам, аб загінулых, пра вінаватых і, вядома, аб будучых прэзідэнцкіх выбарах.

Выступы простых палякаў ўсё расстаўляюць па месцах. Вось малады чалавек са сьлязьмі на вачах і ў голасе распавядае, як сталыя насьмешкі ліберальных СМІ над нябожчыкам Качыньскім і польскім патрыятызмам прымусілі яго саромецца сваёй нацыянальнасьці. Выязджаючы за мяжу, ён саромеўся гаварыць па-польску – пераходзіў на чужую англійскую. І толькі трагічная гібель прэзідэнта вярнула яму пачуцьцё нацыянальнага гонару. А вось заплаканыя бабулі заклікаюць праклёны на галовы тых вырадкаў, якія адважыліся пратэставаць супраць пахаваньня Качыньскага на Вавэле. Нават Вайдзе дасталося: хто ён такі, каб вякаць супраць вавэльскага пахаваньня вялікага патрыёта Качыньскага.

Апантанасьць смуткам па загінулым прэзідэнце не замінае героям фільма шукаць ворагаў Польшчы, якія нагрэлі рукі на трагедыі. У цэлым, гэтаму і прысьвечаны фільм. Ворагі, як звычайна, аказваюцца ўнутранымі і зьнешнімі. Гледачам тлумачаць, што, ведаючы тысячагадовую гісторыю польска-расейскіх дачыненьняў, недарэчна думаць, што Масква не прыклала руку да гэтай катастрофы. У КДБ вялізны досьвед у арганізацыі такіх няшчасных выпадкаў. Там працуюць сапраўдныя прафесіяналы, таму праўду ў Польшчы ніколі не даведаюцца. Рассьледаваньне ўжо ўзялі ў свае рукі кадэбэшнікі, усе доказы пахавалі, чорныя скрыні падмянілі, польскіх сьледчых купілі ці запалохалі. Бо Качыньскі быў самым страшным ворагам Крамля ў Еўропе. Каб яго прыбраць, Пуцін быў на ўсё гатовы.

Аднак у адзіночку з Качыньскім не справілася б нават КДБ. Зьнешнім ворагам дапамагала пятая калона ў Польшчы. А менавіта прэм’ер Туск, яго партыя, зьвязаныя зь ім кланы алігархаў і ліберальныя СМІ. Яны імкнуліся зьнішчыць само паняцьце польскага патрыятызму, увасабленьнем якога быў прэзідэнт Качыньскі, і такім чынам ператварыць палякаў з ганарлівай і свабодалюбівай нацыі ў паслухмянае быдла, якім лёгка маніпуляваць. Урад «Грамадзянскай платформы» і асабіста Туск вымусілі Качыньскага ляцець ў нязручны час, запіхнулі ў стары самалёт, зладзілі яшчэ бог ведае якія падкопы, каб выслужыцца перад Крамлём. Цяпер Туск таксама замешаны ў гэтым забойстве, і Масква зможа ператварыць яго ў паслухмяную марыянетку.

Асаблівую ўвагу ў фільме надалі праклёнам ў адрас польскіх ліберальных СМІ. Мабыць, Яраслаў, у якога зь імі дачыньні вельмі цяжкія, асабіста папрасіў аб гэтым аўтараў фільма. Простыя палякі абураныя: як яны маглі так бессаромна крытыкаваць прэзідэнта? Пастаянна сьмяяліся зь яго, зьдзекваліся, абражалі. Называлі «Качорам» (“селезень” па-польску). А, між тым, ён быў адукаваны юрыст, прафесар, каталік, патрыёт. Праклятыя СМІ штучна стварылі вобраз прэзідэнта Качыньскага як чалавека састарэлага, неадукаванага вяскоўца. А, між тым, у асобе Качыньскага яны высьмейвалі сьвятое пачуцьцё польскага патрыятызму. Цяпер гэтыя прадажныя журналісты крывадушна льюць сьлёзы і хочуць прымазацца да нацыянальнага смутку. Яшчэ б – жалоба ёсьць выгаднай іх заказчыкам з «Грамадзянскай платформы». Няхай палякі правядуць два месяцы ў смутку, а потым прыйдуць і ціха прагаласуюць за адзінага пазасталага кандыдата ў прэзідэнты, як у Беларусі.

Але сапраўдныя палякі не дадуць сабой маніпуляваць. Трагедыя пад Смаленскам зноў абудзіла іх нацыянальную самасьвядомасьць. Яны прыйшлі разьвітацца з прэзідэнтам і праклінаюць саміх сябе за тое, што маўчалі, калі ворагі аплёўвалі іх прэзідэнта, калі сьмяяліся з патрыятызму, над нацыянальнымі каштоўнасьцямі. Яны не разумелі, што адзіным народным заступнікам, сапраўдным патрыётам быў прэзідэнт Качыньскі. Цяпер нацыя прачнулася і больш не дасьць зь сябе рабіць дурня. Яны ведаюць, за каго галасаваць, каб выратаваць Польшчу.

Даглядзець фільм да канца няпроста: гледачу ўпарта ўбіваюць у галаву адно і тое ж. Ворагі ўнутры і звонку, айчына ў небясьпецы. Уражаньне пасьля прагляду застаецца агідлівае. Такі паўтарыгадзінны безупынны разгул ханжаства, невуцтва і экзальтаванага смутку. Людзі дэманстратыўна галосяць, памінаюць бога і пасылаюць праклёны на галовы міфічным ворагаў.

Аўтары фільма старанна павышуквалі й сабралі самыя паганыя стэрэатыпы польскага нацыяналізму. Ім нецікава паказваць палякаў, якія памятаюць, якім бяздарным прэзідэнтам быў Качыньскі, памятаюць, як ім было сорамна за такога кіраўніка дзяржавы. Не даюць слова тым, каму надакучыла ў соты раз калупацца ў гістарычных комплексах. Тым палякам, якія хочуць стаць паўнавартаснай еўрапейскай нацыяй, а не глухой правінцыяй, вечна пакрыўджанай на ўсіх суседзяў. І, тым больш, тым, хто дзякаваў рускім за дапамогу і казаў, што гэтая трагедыя павінна разбурыць недавер паміж Расеяй і Польшчай.

Таму што ўсё гэта – зь перадвыбарнай праграмы Браніслава Камароўскага, а Яраславу Качыньскаму, каб выйграць, трэба абапірацца на зусім іншыя тэзісы”.

(канец цытаваньня).

Што тут скажаш? Калі цынізм даходзіць да абсалюта, нічога акрамя агіды ў прыстойных людзей не ўзьнікае. Замест адказаў на пытаньні пра сапраўдныя прычыны катастрофы – макабрычныя жарцікі з прыкладна такім кантэкстам: “Забілі нейкага “качора”. Падумаеш, бяда. Ха-ха”.

Але няхай і гэты дакумент застаецца. На памяць. Думаем, прыйдзе час, мы яго яшчэ ўзгадаем з карысьцю як для агульналюдскай, так і нашай беларускай справы…

На гэтым фоне, каб змыць непрыемнае ўражаньне ад папярэдняга матэрыяла, прапануем пазнаёміцца зь некаторымі развагамі  прыстойнага паляка, які глядзіць на справу з зусім іншых пазіцый. Каб лепш успрыняць іх, варта пазнаёміцца са спадарожнікавай мапай ваколіц Смаленска і яго аэрадрома (паглядзець можна вось тут: http://www.wikimapia.org/#lat=54.8278621&lon=32.0705509&z=15&l=28&m=b), а таксама зь некаторымі іншымі ўдакладняючымі ілюстрацыямі, якія пададзены ніжэй.

12.

Філіп Станкевіч. “Сцэнар магчымага забойства” (пададзеная ніжэй частка ўзята з матэрыяла, які цалкам можна пачытаць тут: http://filipstankiewicz.salon24.pl/171706,to-mogl-byc-zamach-najwieksze-watpliwosci).

“З той “дадатковай навігацыяй” магло быць так:

7 красавіка прылятае ў Смаленск нейкая шышка, так што ёсьць падстава, каб зьявіліся ў Смаленску, напрыклад, два мабільныя партатыўныя радыямаякі (гл. фота ўверсе), якія ў такі час нібы ёсьць вельмі патрэбнымі, бо вядома: важная персона. Таксама магчыма, што хтосьці мог пачаць пытацца пра гэты дзіўны аўтамабіль зь дзіўнай антэнай, таму можна даваць тлумачэньні пра шышку, каб супакоіць яго. Пасьля “выкарыстаньня” мабільныя маякі зьнікнуць з аэрапорта, але ня так цалкам, таму што адзін зь іх хаваецца ў бліжэйшы лес ці гай. З 7-га па 10-е красавіка ёсьць тры дні на такую ўстаноўку і каліброўку радыёмаякоў побач з аэрапортам (у кустах-лесе), каб пасьля выключэньня бліжэйшага стацыянарнага радыёмаяка і ўключэньня мабільнага, новая-віртуальная пасадачная паласа ссунулася на 70 метраў налева і каля 1000 метраў “наперад” [ад сапраўднай], што акурат выдатна складаецца: бо тады пачатак віртуальнай пасадачнай дарожкі аэрапорта знаходзіцца на пару дзесяткаў метраў ніжэй вяршыні лясістага ўзгорка, прама над пустым долам. Апошні мае глыбіню 60 метраў і даўжыню каля кіламетра (гл. малюнак уверсе). Ціхае і аддаленае месца. Ідэальнае для такіх інсцэніровак: польскі самалёт проста ўразаецца ва ўзгорак (крыху ніжэй вяршыні або ў самую яго верхавіну). У найгоршым выпадку, калі пілот акажацца асам, то і так уваліць у дрэвы, якія растуць на горцы.

10 красавіка, калі польскі экіпаж паведамляе, што набліжаецца да аэрапорта, кантралёр палётаў падае яму належным чынам “падпраўлены” атмасьферны ціск, зьмераны на ўзроўні ўзлётна-пасадачнай паласы. Так скарэгаваны, каб паказьнікі бараметрычнага высатамера ТУ-154 у спалучэньні зь выявай віртуальнага аэрапорта накіравалі самалёт на “прызямленьне” проста ў сьхіл горкі. Адначасна вежа інфармуе, што пажадана прызямліцца ў Маскве, каб пілот не сумняваўся ў шчыльнасьць туману (пра туман будзе ніжэй) і быў адразу настроены на кіраваньне самалётам толькі й выключна на падставе сігналаў ад радыёмаяка і ўказаньняў падманутага высатамера.

І ўсё б прайшло па плане, калі б не адна дробязь: людскі чыньнік – пілот быў прафесіяналам больш высокага класу, чым меркавалася арганізатарамі. У апошні момант ён зарыентаваўся ў сітуацыі й рэзка пацягнуў самалёт уверх. У яго атрымалася нават праляцець па-над ўсім пакрытым лесам пагоркам, адзінае што зрэзваючы галіны на верхавінах дрэваў. На жаль, ТУ-154 – гэта машына, якая не прызначана для такога роду манеўраў падчас заходу на пасадку (тым больш з апушчаным шасі й адкрытымі закрылкамі). Праз пару сотняў метраў “косячага палёту” самалёт падае нязначна і ўразаецца левым крылом у вялікая дрэва [на самой справе ў некалькі дрэваў, што бачна на здымку. – Рэд.].

Удар у левае крыло зьмяніў траекторыю палёту і ўключыў запальнікі сьпецыяльных бомб, усталяваных у самалёце. Дэтанацыя адбылася ў паветры, таму на здымку са спадарожніка карціна не выглядае пераканаўчай: самалёт рассыпаўся па навакольлі, як быццам нехта кінуў жменю кавалкаў лега на дыванік. Мусіла быць інакш: выбухоўка павінна была ўзарвацца больш-менш праз паўсекунды пасьля сутыкненьня зь зямлёй. Тады б верагодныя сьведкі апавядалі б: самалёт ляцеў над далінай, пілот не заўважыў пагорка, бо быў туман, проста ўрэзаўся ў сьхіл / верхавіну  дрэва, а затым выбухнуў. Дакладна так, як гэта робяць самалёты ў амерыканскіх фільмах, калі яны сутыкнуліся зь нейкай гарой.

Гэты сцэнар тлумачыць многія іншыя дзіўныя зьявы:

1. Крывавае месіва і змасакраваныя парэшткі замест трупаў і параненых;

2. Сьмяротнасьць 100%-ая – пры запланаванай аперацыі сьведкі зьяўляюцца непажаданымі (у рэальных аналагічных выпадках усё ёсьць наадварот);

3. Дзіўны манеўр наступнага самалёта, які падышоў да пасадкі – вежа ўжо перадала яму правільны атмасьферны ціск, таму вышыню наступны самалёт уяўляў добра, але вежа яшчэ не пасьпела пераключыць працу радыёмаяка – з таго левага-мабільнага на правільны-стацыянарны;

4. Чатыры стрэлы, чутныя на аматарскім відэа, якое было зьнята праз пару хвілін пасьля катастрофы. Навошта тыя стрэлы? – параненых пасажыраў / членаў экіпажу, якія цудам ацалелі, трэба было… на жаль.. дабіць;

5. Інфармацыя, што тры чалавекі выжылі ў катастрофе – гэтую інфармацыю хутка адмянілі. Як яна зьявілася? Напрыклад так: два супрацоўнікі аэрапорта або выпадковыя сьведкі прыбеглі на месца здарэньня. Адзін зь іх дастаў тэлефон і пазваніў па аварыйным нумары 112, каб выклікаць службу экстранай дапамогі. Магчыма, потым здолеў зрабіць яшчэ адзін званок, напрыклад, да вядомага журналіста? Інфармацыя выйшла на паверхню і тады трэба было яе адкручваць назад;

6. Інфармацыя пра два дадатковыя і неапазнаныя целы, да якіх не падыходзіць ніводная ДНК са сьпісу ахвяр трагедыі. Як такое магчыма? А можа, было так: гэтыя два выпадковыя сведкі (гл. пункт № 5) трэба было тэрмінова ліквідаваць. Умовы не дазвалялі на іншае рашэньне, акрамя іх забойства, зьнявечаньня трупаў і падкіданьня іх да парэшткаў пасажыраў;

7. Паказаньні мантажыста TVP – казаў, што “польскі самалёт кружыў над аэрапортам дзьве гадзіны да пасадкі”. Гэта ня быў польскі самалёт, але нейкі іншы. Добра, але чаму так доўга кружыў? Вырабляў туман і дакладна: нізкія дажджавыя хмары (гл. Вікіпэдыю і два слова: ёднае срэбра, пасеў хмар);

8. Неадкладнае арыштаваньне кіраўніка палётаў – вельмі дзіўны ход, паколькі адразу было павядомлена, што аварыя – гэта віна пілота і дрэннага надвор’я. Усё паказвае на тое, што гэта быў ня проста арышт, але, напрыклад, выдаленьне “кантралёра” з публічнай сьферы, каб яго ніхто не турбаваў пытаньнямі;

9. Намаўленьне, што пілот кепска ведаў русую мову і ўжо цалкам “не кумекаў” у расейскіх лічбачках. Навошта тое было? А для таго, каб падрыхтаваць глебу на выпадак адкрыцьця польскімі авіяцыйнымі эксьпертамі / пракурорамі, што высатамер на самалёце меў няверную настройку значэньняў атмасьфернага ціску;

10. Дзіўная інфармацыя ў Polsat News, што Віктар Батэр ведаў аб катастрофе 16 хвілін да катастрофы! Як гэта магчыма? Відавочна, што ўборка месца аварыі працягвалася каля 20 хвілін.

11. Інфармацыя (падавалася толькі ў першы дзень у рэляцыях са Смаленска), што польскі самалёт зрэзаў крылом антэну радыёмаяка. Навошта пазьней ад гэтага адмовіліся? Таму што гэта якраз ня зрэзаў, антэна стаіць да гэтага часу, што бачна на фота Amielina.  Добра, але адкуль гэтая ідэя пра зрэзваньне антэны? Таму што стацыянарны радыёмаяк быў адключаны ці сьпецыяльна пашкоджаны (хутчэй, апошняе), таму паводзілі сябе так, як быццам бы былі пазбаўленыя антэны.  Такім чынам, была гэта першая думка: не працуе, паколькі антэну скасілі палякі.

І, нарэшце, пададзены сцэнар тлумачыць таксама ўсе арганізацыйныя нібы-памылкі, а менавіта:

а) арганізатары не былі першымі на месцы падзеньня самалёта і не абкружылі тэрыторыю. Як гэта патлумачыць? Ім спатрэбіўся некаторы час, каб дабрацца ад першапачатковага месца засады;

б) не адпаведная “пратаколу” ліквідацыя сьведак – тых (верагодна іх было двое), якія першымі былі на месцы катастрофы. Арганізатары мусілі дзейнічаць хутка, не было часу на цэрыгеліі. Зацягнуць трупы ў машыну? Занадта далёка, а тэрыторыя падмоклая;

в) як гэта магчыма, што хтосьці запісаў відэа і затым скінуў яго на YouTube?! Гэта ўжо зусім скандал неверагодны! Не было часу, каб абставіць тэрыторыю – былі значна больш пільныя справы. Такія, як ліквідацыя сьведак і дабіцьцё пасажыраў / экіпажу;

г) чаму стралялі (непажаданы шум), а не, напрыклад, задушылі? Час прысьпешваў, лічылася кожная секунда, трэба было рызыкнуць, што хтосьці пачуе;

е) дзіўны манеўр наступнага самалёта. Тут зноў не хапіла часу. На гэты раз, каб пераключыцца з мабільнага радыёмаяка на маяк стацыянарны;

е) месца падзеньня самалёта. У непасрэднай блізкасьці ад будынкаў, аэрапорта, на падмоклай тэрыторыі, непадалёк ад галоўнай дарогі. Гэта ўсе паказвае на аматаршчызну арганізатараў “трагічный падзеі”.

Каментары (1)

  1. Siarhiej кажа:

    Польшча – сябра NATO. Забойства кіраўніцтва краіны – акт агрэсіі, напад на краіну. Агрэсія супраць аднаго з сяброў NATO – прывядзе да вайны супраць агрэсара.

Пакінуць каментар

  • Старонкі

  • Катэгорыі

  • Апошнія запісы

  • Архівы