nashaziamlia.org

Асьветна-адукацыйны, грамадазнаўчы сайт для беларусаў: аналіз, прагноз, сілы, інтарэсы, сьветагляды, ідэі, ідэалогіі, праграмы, мэты.

Запісы

“Чеснейшие ребята” і зусім не “ідыёты”, а некаторыя ўжо за кратамі ці ў бягах

жнівень 25, 2010 | 2 каментарыя

Рэдакцыя

Тое, што посткамуністычная бюракратыя ў Беларусі на чале з Лу-кам – г.зв. цяперцы – з’яўляецца вытворнай ад расейскай імпербюракратыі, думаем, сёньня мала каму трэба даводзіць. У перакладзе на больш універсальную паліталагічную мову можна сказаць, што ў Беларусі вось ужо 17-ы год пануе класічны каланіяльны рэжым на чале з прарасейскім беларусафобскім дыктатарам Лу-кам. Перыядычна мы вяртаемся да тэмы ўласьцівасьцяў гэтага рэжаму і яго злачыннай сувязі (залежнасьці) з расейскай імперыякратыяй. Думаем, што пасьля апісаньня некаторых асьпектаў грамадска-палітычнай сітуацыі ў сёньняшняй Расеі й стану яе ўлады, якія былі зроблены раней, зноў настаў час, каб пра гэта пагаварыць.

1.

Каланіяльнае паходжаньне рэжыму цяперцаў у Беларусі было відавочным для добрых аналітыкаў яшчэ ў 1994 годзе. Сьведчылі пра гэта і рыторыка галоўнага “акторы” ў час выбарчай кампаніі, і выразныя прыкметы яго непасрэднай падтрымкі (палітычнай, інфармацыйнай, фінансавай, кадравай) з боку Масквы яшчэ ў той час. Гэта мы ўжо некалькі разоў абмяркоўвалі, а паўтараем толькі таму, што некаторыя “беларускія” апазіцыянеры (у асноўным зь ліберальнага лагеру), нягледзячы на відавочныя факты, яшчэ шмат гадоў пасьля выбараў 1994 года працягвалі распускаць міф пра “асаблівы палітычны талент Лу-кі”, які, маўляў, дазволіў яму “самастойна прабіцца” ў прэзідэнты Беларусі. Здаецца, мы ўжо таксама казалі, што прыйшлі да высновы, што распаўсюдам гэтага недарэчнага міфа лібералы хацелі б адцягнуць увагу беларусаў ад сапраўдных палітычных механізмаў, якія вызначалі надзвычай цяжкія для нашага народу наступствы падзеяў 16-гадовай даўніны.

Справа ў тым, што многія палітыкі, зьвязаныя з падзеямі вакол 1994 года, на сёньня ўжо пайшлі ў адстаўку і пачалі пісаць мемуары. Дык вось, і прадстаўнікі адміністрацыі Ельцына, і іх калегі з адміністрацыі Клінтана ў адзін голас у сваіх мемуарах успамінаюць, што ў пачатку 1990-х уся палітыка Расеі цалкам адбывалася пад дыктоўку… ЗША! Гэтая тэма яшчэ патрабуе сваіх пільных дасьледнікаў, але гіпотэзу пра тое, штоЛу-ка мог быць навязаны нам не без удзелу самых галоўных “змагароў за свабоду і дэмакратыю” – амерыканцаў – мы ня маем права хаваць ад нашых чытачоў.

Наступныя падзеі як унутры Беларусі, так і вакол яе толькі працягвалі пацьвярджаць меркаваньне аб каланіяльным характары цалкам залежнага ад расейскай імперыякратыі лукашысцкага рэжыму.

Кожны аб’ектыўны чалавек можа бачыць, што ўнутры Беларусі вось ужо 17-ы год мы назіраем: татальны ЭТНАЦЫД – г.зн. вынішчэньне мовы нашага народа, усіх праяў культуры, нацыянальнай гістарычнай памяці, сімвалаў і г.д., якія яднаюць народ у адзіны арганізм (да ведама: этнацыд – адна з форм забойства народа; вядзе да такіх жа вынікаў – поўнага зьнішчэньня народа – як і генацыд); ціхі ГЕНАЦЫД – нават па афіцыйных дадзеных пад уладай цяперцаў кожны год вымірае 0,5-0,6% беларускага народу (рэальна напэўна яшчэ больш); ДЫСКРЫМІНАЦЫЮ беларусаў ва ўсіх сьферах грамадскага жыцьця, куды могуць дацягнуцца цяперцы; ЗАХОП уласнасьці беларускага народу і перадача яе ў рукі чужынцаў – у асноўным расейцам; РАЗБУРЭНЬНЕ ДЭМАКРАТЫЧНЫХ АСНОЎ БЕЛАРУСКАЙ ДЗЯРЖАВЫ; зьнішчэньне агульнай культуры, забруджаньне вонкавага асяроддзя і г.д.

Адначасна кожны назіральнік бачыць, што Лу-ка разам зь цяперцамі працягвае праводзіць такую палітыку, якая вядзе да ўцягваньня Беларусі ў расейскую імперыю, набліжаючы нас да магчымасьці поўнай страты суверэнітэту – “Саюзная дзяржава”, Агульная паветраная прастора,  АДКБ (гл. фота ўнізе: з апошняй сустрэчы ў рамках АДКБ у Арменіі),  Агульная мытная прастора, агульныя вайсковыя вучэньні з Расеяй, скіраваныя супраць НАТА і г.д.


Адказваеш на пытаньне: каму выгадна такая вонкавая палітыка Лу-кі? – і адразу выходзіш на лялькавода-заказчыка.

І ўсё ж, нягледзячы на відавочнае, некаторыя да нядаўняга часу працягвалі казаць пра асаблівыя здольнасьці Лу-кі (маўляў, гаворыць пра інтэграцыю, а мы ўсё яшчэ незалежныя), адводзячы віну ад расейскай імперыякратыі й яе тайных саюзьнікаў.

І тут прыйшоў чарговы забойны аргумент. На гэты раз, што асабліва важна, непасрэдна з самой Расеі. У пачатку жніўня г.г. некаторыя расейскія СМІ, набліжаныя да ўладаў, паведамілі, што за час прэзідэнцтва Лу-кі “агульны кошт расейскай эканамічнай дапамогі Беларусі склаў  каля 50 млрд. даляраў”! (http://rus.ruvr.ru/2010/08/03/14419611.html). Гэтую інфармацыю адразу падхапілі розныя палітыкі – як расейскія (http://charter97.org/ru/news/2010/8/12/31298/; http://www.echo.msk.ru/programs/klinch/696432-echo/), так і беларускія (http://www.newsru.com/world/12jul2010/lukaout.html). Так што на сёньня яна зьяўляецца ўжо агульнавядомай.

Элементарная логіка (больш элементарнай увогуле не бывае) падказвае, што дапамагаюць (і тым больш такімі сумамі) толькі… сваім. Значыць, усе гэтыя гады́, нягледзячы на ўсе сьпектаклі са сварамі, якія нам дэманстравалі па “яшчыку”, Лу-ка быў для Масквы сваім чалавекам на пасадзе прэзідэнта Беларусі. І яна яго ня толькі палітычна падтрымлівала ў крытычныя моманты, што было цяжка схаваць (1994 г., 1996 г., 2001 г., 2006 г.), а і сапраўды па-ціхаму, але стабільна і шчодра, фінансавала (нагадаем, што нават перад апошнімі прэзідэнцкімі выбарамі ў 2006 г. Лукашэнка быў некалькі разоў прыняты прэзідэнтам РФ Пуціным, узнагароджаны ордэнам Дружбы патрыярхам РПЦ МП Алексіем, а за два тыдні да выбараў Менск наведаў на той час прэм’ер РФ Міхаіл Фрадкоў, які перадаў «прывітаньне ад Пуціна» – гл.  http://www.svaboda.org/content/article/2137338.html).

Тое, што ўзаемадачыненьні паміж Лу-кам і Масквой пачалі набываць нейкія іншыя адценьні пасьля таго, як у 2000 годзе прэзідэнтам Расеі стаў Пуцін (а не Лу-ка, які на гэта разьлічваў, зацята разбураючы асновы беларускай дзяржаўнасьці пад лозунгам “інтэграцыі”), і пасьля лета 2002 года, калі Пуцін адкрыта “запрапанаваў” Беларусі “ўваходзіць у Расею… губерніямі” – ёсьць усяго толькі пэўным дадатковым асьпектам, які амаль не ўплывае на стратэгічную палітычную сітуацыю, апісаную вышэй.

Таму мы раім нашым чытачам ня толькі надзейна зафіксаваць у памяці інфармацыю пра “50-мільярдную дапамогу рэжыму Лу-кі”, а і задацца пытаньнем: а за што расейская імперыякратыя спансіравала Луку і яго беларусафобскі рэжым?!

Наша версія адказу на гэтае пытаньне такая: за ўсё тое разбурэньне, тыя злачынствы – этнацыд, генацыд, дыскрымінацыю, захоп нашай уласнасьці і да т.п. – якія цяперцы на чале з Лу-кам рабілі ў Беларусі ўсе гады свайго татальнага панаваньня.

Таму гэтыя дастаткова вялікія грошы мы ацэньваем не як факт дапамогі “брацкаму беларускаму народу”, а як… меру і памеры чарговага імперскага злачынства.

2.

Для таго, каб ня толькі казаць агульныя словы, а і заўсёды мець магчымасьць падаць канкрэтныя прыклады, у нас на сайце заведзена рубрыка “Фіксуем варварства ўладаў”.

Час папоўніць яе новымі зьвесткамі – сьведчаньнямі таго, што цяперцы разам з Лу-кам свой беларусафобскі запал прытармажваць і ня думаюць, нягледзячы нават на набліжэньне выбараў.

Так, 8 красавіка г.г. Лу-ка сустракаўся з губернатарам Маскоўскай вобласьці Расеі Барысам Громавым. У час гэтай сустрэчы як звычайна абмяркоўвалі розныя гаспадарчыя, эканамічныя пытаньні. Асноўны пасыл быў скіраваны на абмеркаваньне таго, як павялічыць таваразварот і розныя формы іншага супрацоўніцтва паміж Беларусьсю і Маскоўскай вобласьцю (гл. http://news.tut.by/politics/166558.html; усё гэта можна было б ацэньваць няблага, калі гаворка йшла не пра “супрацоўніцтва” зь імперыяй…).

І тут раптам на фоне занудлівай, афіцыйнай абстаноўкі, ні з таго, ні зь сяго Лу-ка адчыбучвае наступнае:  “Той-сёй нядаўна спрабаваў распусьціць нейкія недарэчныя чуткі пра тое, што ў нас нібыта ўціскаецца руская мова … Гэта абсурд! Руская мова – гэта наша мова. 15 гадоў я ўвесь час паўтараю: толькі ідыёт у гэтай краіне можа адмовіцца ад рускай мовы … Відаць, нейкаму трэба штучна накаліць абстаноўку”.

Калі б у любой іншай краіне такое сказаў любы іншы прэзідэнт, сустрэча тут жа была б спынена, а калегі “прэзідэнта” прадпрынялі высілкі для выкліку санітараў. Але мы, на жаль, жывем у лукашысцай РБ. Таму для асабліва затурканых беларусафобскай прапагандай цяперцаў нагадаем: пасьля развалу Савецкага Саюзу ва ўсіх (!) 14 рэспубліках (Расея ня лічыцца) мова карэннага народу была абвешчана дзяржаўнай і пачалася праца па забесьпячэньні яе такога статусу ня толькі па законе, а і на практыцы.

Зыходзячы з гэтага, давайце падлічым, колькі на думку Лу-кі на тэрыторыі былога СС аказалася “ідыётаў”. Краіны Прыбалтыкі (10 мільёнаў) + Україна (50 мільёнаў) + краіны Закаўказьзя (20 мільёнаў) + краіны Сярэдняй Азіі (50 мільёнаў) = больш за 120 мільёнаў чалавек.

Такім чынам, маем 120 мільёнаў “ідыётаў” на аднаго “неідыёта” – Лу-ку.

Нейкая дзіўная прапорцыя? На самай справе, нічога дзіўнага тут няма. Проста прапорцыю трэба паставіць з галавы на ногі й усё з адным “Неідыётам” стане на свае месцы…

(У наступным матэрыяле, які рыхтуецца, у якасьці дадатка да гэтага артыкула, мы прывядзем некаторыя дадатковыя прыклады беларусафобскай, этнацыднай палітыкі цяперцаў за пошнія гады).

3.

Нягледзячы на адданасьць крамлёўскім гаспадарам, нягледзечы на працяг жорскай этнацыднай палітыкі ў Беларусі, сёньня расейскай імперыякратыі ад Лу-кі трэба значна больш – ім трэба поўная інкарпарацыя Вялікай Літвы-Беларусі (ды яшчэ часткамі – губернямі) у склад паганай расейскай імперыі.

Аднак цяпер і да Лу-кі дайшло, што захаваньне хоць якой незалежнасьці Беларусі – гэта адзіны спосаб для яго і яго сыноў захаваць ня толькі ўладу, а і… уласныя жыцьці.

Таму на сёньня ў пытаньні стаўленьня да беларускай незалежнасьці Лу-ка і кіраўнікі Крамля маюць супацьлеглыя пазіцыі. Цяпер суверэнітэт перастаў быць “ерундой”, як некалі пра яго казаў наш Вялікі Кормчы (зьвяртаем увагу: у стаўленьні да этнацыду – ціхага забойства беларускага народа – у іх па-ранейшаму поўнае супадзеньне поглядаў).

Аднак і Масква сьпяшаецца. Пасьля развалу “Саюзу” прайшло ўжо амаль 20 гадоў, але ніхто не жадае зь ёй мець дачыненьне па ўласнай волі, а тым больш аб’ядноўвацца (а імперыякратыя на гэта вельмі разьлічвала, ёй гэта вельмі патрэбна, каб апраўдаць неабходнасьць існаваньня “Великой Росссии”). Калі расейскай імперыякратыі й удаецца “далучыць” нейкія тэрыторыі, гэта, як і стагоддзі таму, адбываецца толькі з дапамогай ваеннай сілы (Паўднёвая Асеція, Абхазія).

У выніку Лу-ка і МядведПуты пасварыліся – і, выглядае, сур’ёзна (гл. выразістыя фота ўнізе; яшчэ нядаўна здавалася, што глыбокія “непаразуменьні” ёсьць у Лу-кі толькі асабіста з Пуціным – не сышліся характарамі; аднак зьявіліся чуткі, што і зь Мядзьведзевым у Лу-кі паўсталі істотныя праблемы). Некалькі нафтавых і газавых войнаў, канфлікты вакол паставак малака і шэрагу іншых спажывецкіх тавараў, складанасьці з АДКБ і Мытным саюзам, розныя пазіцыі па Паўднёвай Асетыі і Абхазіі – гэта няпоўны сьпіс падстаў да незадаволенасьці расейскай імперыякратыі сваёй марыянеткай (больш поўны сьпіс глядзі, напрыклад, тут: http://www.svaboda.org/content/transcript/2074835.html). Усе, напэўна, бачылі таксама супрацьлеглае стаўленьне Лу-кі й расейскіх улад да нядаўніх падзей у Кіргызстане і да былога прэзідэнта гэтай цэнтральнаазіяцкай краіны – Бакіева. Пазьнейшае зьяўленьне Саакашвілі на беларускім тэлебачаньні – таксама неардынарная зьява таго ж парадку…

У расейскай імперыякратыі лопнула цярпеньне. Жырыноўскі быў першым, хто яшчэ ў красавіку г.г. перадаў Лу-ку выразную чорную метку ад крамлян (гл. тут: http://naviny.by/rubrics/politic/2010/04/21/ic_articles_112_167527/).

Затым у ліпені-жніўні расейскі тэлеканал НТВ паказаў тры часткі тыпова прапагандысцкага фільма, скіраванага супраць Лу-кі “Хросны бацька -1, 2, 3” (http://www.svaboda.org/content/article/2100989.html; http://www.svaboda.org/content/article/2128142.html).

Гэтыя фільмы тут жа падтрымалі два такія, здавалася б, супрацьлеглыя расейскія публічныя людзі, як Жырыноўскі й Сванідзэ (відаць, іх усё ж аб’ядноўвае нешта больш моцнае, чым палітычныя погляды), і асудзілі Зюганаў ды Праханаў. У Беларусі гэтыя фільмы асудзіў спадар Рубінаў, а падтрымала ўся беларуская апазіцыя.

Мы таксама, натуральна, у цэлым станоўча ацэньваем з’яўленьне і паказ гэтых фільмаў, але хочам адзначыць некаторыя нюансы.

Па-першае, фільмы аказаліся ў цэлым слабаватыя. Прапаганда, скіраваная на масавага гледача, павінна быць больш простай (“тапорнай”), зразумелай і адназначнай. У такога роду фільмах не павінна быць нічога такога, што трэба самастойна параўноваць, дадумваць. Па-другое, фільмы яўна разьлічаны на расейскага гледача і на тую частку цяперцаў у Беларусі, якая гатовая служыць любому гаспараду, і таму заўсёды трымае нос па ветру, каб своечасова здаць новаму гаспадару гаспадара папярэдняга. Трэцяе: у сувязі з апошнім некаторыя моманты ў фільме для беларусаў выглядаюць, як мінімум, недарэчнымі, выдаючы імперскі менталітэт яго стваральнікаў (напрыклад, падача Саакашвілі, як выключна негатыўнай персоны; зь якой такой нагоды дэмакратычна абранага прэзідэнта сувярэннай Грузіі менавіта так павінен успрымаць і беларус?). Чацьвёртае, фільм з-за адключэньня канала НТВ у Беларусі абсалютная большасьць нашых грамадзян так і не паглядзела, а праз пэўны час пра яго існаваньне яны і цалкам забылі.

У сувязі з усім пералічаным, у адрозьненьне ад аптымістычных выказваньняў некаторых афіцыйных “беларускіх” “апазіцыянераў”, мы ня лічым, што фільм “Хросны Бацька” стане істотным чыньнікам адхіленьня Лу-кі ад улады.

А калі паставіць пытаньне шырэй? Напрыклад, так: як можа паўплываць уся гэтая вайна на магчымы вынік надыходзячых выбараў у Беларусі?

Адказваем. Пагаршэньне адносін паміж Лу-кам і крамлянамі не прывяло да спыненьня этнацыду ці да тармажэньне далейшага працэсу “інтэграцыі”. Лу-ка пагадненьне аб Мытным саюзе падпісаў (гэта адбылося ўжо нават пасьля паказу “Хроснага Бацькі”). Гэта значыць, што ў Лу-кі ці то нейкія залежнасьці ад Масквы, як у тыповай марыянеткі, настолькі моцныя, ад якіх ён аніяк адмовіцца ня можа, ці то ён сам па сваёй натуры ёсьць абсалютны беларусаненавісьнік. У любым выпадку ціск расейскай імперыякратыі на Лу-ку прызначаны хутчэй толькі для таго, каб выкарыстаць перыяд яго перадвыбарчага аслабленьня і прымусіць зрабіць чарговыя крокі ў кірунку ўцягваньня Беларусі ў склад расейскай імперыі.

(Паколькі апошняе пытаньне вельмі важнае, мы на яго паспрабуем адказаць больш поўна ў бліжэйшых нашых матэрыялах).

4.

А як рыхтуецца сам Лу-ка да выбараў?

Адзін з метадаў, які ён выкарыстоўвае, Лу-ка, несумніўна, пазычыў у небезьвядомага тав. Сталіна. Той рабіў перыядычную замену свайго асяроддзя і Лу-ка перыядычна “ператрахівае” сваю вертыкаль.

Хаця пра істотныя кадравыя замены на Гарадзеншчыне і паведамлялася (гл., напрыклад, тут: http://www.svaboda.org/content/article/2051497.html), мы лічым, што апазіцыйнымі СМІ недастатковую ўвагу зьвярнулі на гэтыя падзеі.

Таму нагадваем.  26 студзеня “губернатар” Гарадзеншчыны і сябра Савету Рэспублікі сп. Уладзімір Саўчанка быў вызвалены з пасады старшыні гарадзенскага аблвыканкаму, дзе ён працаваў ад 29 сакавіка 2001 году. Перад гэтым у сваёй заяве на імя Лу-кі ён прасіў перавесьці яго на працу «зь меншым аб’ёмам задач». Пасьля гэтага былы кіраўнік Гарадзеншчыны перабраўся ў Менск. Хадзілі чуткі, што супраць Саўчанкі распачата крымінальная справа, а сам ён хаваецца ад перасьледу ці знаходзіцца пад хатнім арыштам. У прыватнасьці, Саўчанка не зьявіўся на паседжаньне суду ў справе Мікалая Аўтуховіча ў якасьці пацярпелага.

Пасьля адстаўкі “губернатара” пракуратура і КДБ распачалі некалькі крымінальных спраў супраць чыноўнікаў вертыкалі высокага рангу.

Пад сьледствам знаходзіцца Аркадзь Карпуць – былы старшыня Гарадзенскага выканкаму. Былы кіраўнік абласной гарадзенскай міліцыі Генадзь Хацько зьнік пасьля таго, як супраць яго распачалі крымінальную справу. Ягоны намесьнік знаходзіцца пад вартай і таксама абвінавачваецца ў злоўжываньні службовым становішчам. Былога галоўнага архітэктара Гародні абвінавацілі ў незаконным атрыманьні зямельнага надзелу пад будаўніцтва катэджа. Ён зьехаў у Расею і там раптоўна памёр. Пад крымінальны перасьлед трапіў і былы кіраўнік фінансавага ўпраўленьня горада Вячаслаў Жураўскі. Быў звольнены кіраўнік абласной Дзяржаўтаінспекцыі, а таксама іншыя кіраўнікі аддзелаў гарадзенскага ўпраўленьня ўнутраных спраў. Да крымінальнай адказнасьці былі прыцягнутыя кіраўнікі выканкамаў, фінансавых ведамстваў у раённых цэнтрах Гарадзеншчыны. Пасьля прэзідэнцкай праверкі пад больш пільную ўвагу трапілі прадстаўнікі Дзяржкантролю

Карацей, Лу-ка напружвае сваю “вертыкаль” – рыхтуецца да выбараў…




2 каментарыя

  1. Siarhiej кажа:

    “ціск расейскай імперыякратыі на Лу-ку прызначаны хутчэй толькі для таго, каб выкарыстаць перыяд яго перадвыбарчага аслабленьня і прымусіць зрабіць чарговыя крокі ў кірунку ўцягваньня Беларусі ў склад расейскай імперыі.”

    Абсалютна так!

    “ў пачатку 1990-х уся палітыка Расеі цалкам адбывалася пад дыктоўку… ЗША!”

    А вось гэта спрэчнае сцверджанне! Так званы “камунізм” прайграў спаборніцтва так званаму “капіталізму” і гэта прымусіла пайсці на рэформы. Першым крокам быў дазвол “кааператываў”.

  2. Паважанае спадарства, калі ласка, задайце сабе пытанне: Чаму у нас Лу-ка і чаму ў нас фашысцка-дыктатарскі рэжым? Чаму у нас такое казнакрадства? І чаму такое адбываецца ва ўсіх былых савецкіх рэспубліках?
    Адказ толькі адзін: мы – сфера ўплыву Расеі, належым да фактычна прызнаных калоній Расеі, якія будуюць палітычную сістэму ў сваіх краінах пад дыктоўку Крамля.
    Сёння Расея груба ўмешваецца ва ўнутраныя справы ўсіх гэтых краінаў. Любая спроба весці сваю палітыку аб’яўляецца вайною супраць Расеі і рускіх. Напрыклад, Маніфест БНФ аб абароне інтарэсаў беларускага народа, кампаніяй “Гавары праўду” аб’яўлены бядой для народа. http://www.belaruspartisan.org/bp-forte/?page=100&backPage=13&news=66365&newsPage=0.
    Нам вырашылі памяняць “бацьку”, таму што вось гэтая кампанія – гл. https://nashaziamlia.org/2010/08/17/3524/ – вырашыла кіраваць Еўропай з дапамогай нафты і газу, стаўшы адзіным гаспадаром над усімі нафта-газа-рэсурсамі. Шродарска-пуцінская змова дзейнічае. Халодная вайна працягваецца. Мэта гэтай вайны, цытую: “Во всех цивилизованных странах мира существует надэтническая модель государства, где не нация, а гражданин, его жизнь и интересы – превыше всего” – так сказана тут http://www.belaruspartisan.org/bp-forte/?page=100&backPage=13&news=66365&newsPage=0.
    Ды хлусіць кампанія “Гавары праўду” пра грамадзяніна. Не грамадзянін вышэй за ўсё, а чыноўнікі, алігархі, “кашалькі”, іх амбіцыі, іх багацце, іх раскоша. Нават жыццё іх сабак вышэй за жыццё рабочага і калгасніка.
    Гэта сказана не нейкім выпадковым чалавекам. Гэта сказана спецслужбамі: “… у нас нет политической борьбы, у нас есть борьба спецслужб…” – так сказаў палкоўнік КГБ Валерый Костка вось тут http://www.belaruspartisan.org/bp-forte/?page=100&backPage=6&news=66335&newsPage=0
    Дык каму служаць спецслужбы? “КГБ превратили в “охранку”. У нас спецслужбы в первую очередь защищают интересы государства и тех, кто им руководит, а защита обычного гражданина стоит на последнем месте”, – працягвае размову сп. Костка тут жа – http://www.belaruspartisan.org/bp-forte/?page=100&backPage=6&news=66335&newsPage=0
    Дык якія кадры ў беларускім КДБ? “В рапорте я написал, что не согласен с политикой изгнания из органов военной контрразведки национальных кадров. В КГБ оставляли кого угодно – украинцев, татар, русских (я ничего против них не имею), но НЕ БЕЛОПУСОВ. Посмотрите, кто был и есть на ключевых должностях в КГБ: Урал Рамдракович Латыпов, Фарид Масхутович Канцеров, украинцы Жадобин, Зайцев”. Гэта не я кажу, а палкоўнік КДБ сп. В. Костка (http://www.belaruspartisan.org/bp-forte/?page=100&backPage=6&news=66335&newsPage=0).
    Што тут можа быць не зразумелага? Дзве банды вядуць разборкі. Беларусы настолькі беспраўная нацыя, што нават не можа мець сваіх інтарэсаў. Так лічаць гэтыя бандыты. І ўсё гэта яны хочуць уцюхаць беларусам як высшую ступень дэмакратыі. Гэта ёсць самая гнюсная, самая жорсткая, самая антычалавечная аперацыя супраць беларускага народа. І гэта акцыя праводзіцца рукамі Някляева, Процька, Федута, Бухвостава, Шарамета, Лебедзька, Раманчука, Саннікава і чальцамі іх арганізацыяў. На вялікі жаль, і некаторыя вядомыя, паважаныя, але недальнебачныя ў палітыцы беларусы даюць выкарыстоўваюць сваё імя ў антыбеларускіх гульнях.
    Акупацыя Беларусі вядзецца не толькі па лініі КДБ-ФСБ, а і так: “Точно известно, что председатель комитета по труду и социальной политике Псковского областного Собрания депутатов Александр Христофоров намерен завершить политическую карьеру в области. С 1996 по 1998 год он занимал должность заместителя губернатора Псковской области. С 2005 по 2010 год возглавлял региональное отделение Либерал-демократической партии России. А теперь на Псковщине активно обсуждается слух, что Христофоров переезжает на работу в Витебск” (чытайце тут: http://www.belaruspartisan.org/bp-forte/?page=100&backPage=13&news=66404&newsPage=0)
    А яшчэ і вось так: “На днях белорусские СМИ отрапортовали, что около 20 тысяч россиян за последние годы обратились к Александру Лукашенко с просьбой принять их в белорусское гражданство”, хаця “Президент Дмитрий Медведев не принял в гражданство Российской Федерации ни одного белоруса” http://www.belaruspartisan.org/bp-forte/?page=100&backPage=13&news=66407&newsPage=0

Пакінуць каментар

  • Старонкі

  • Катэгорыі

  • Апошнія запісы

  • Архівы